АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Біялогія 5 страница

Читайте также:
  1. I. Перевести текст. 1 страница
  2. I. Перевести текст. 10 страница
  3. I. Перевести текст. 11 страница
  4. I. Перевести текст. 2 страница
  5. I. Перевести текст. 3 страница
  6. I. Перевести текст. 4 страница
  7. I. Перевести текст. 5 страница
  8. I. Перевести текст. 6 страница
  9. I. Перевести текст. 7 страница
  10. I. Перевести текст. 8 страница
  11. I. Перевести текст. 9 страница
  12. Il pea.M em u ifJy uK/uu 1 страница

Той факт, што галоўная кніжка М.Каперніка была надрукавана пры канцы яго жыцця, хоць яе рукапіс быў у асноўным завершаны ў перыяд паміж 1529 і 1532 годам [72, c.163], зусім не выпадковы. Справа ў тым, што ён ясна ўсведамляў гіпатэтычнасць сваёй мадэлі і недастатковасць сваіх аргументаў на карысць геліяцэнтрычнага прынцыпу. Так, ён не мог уцямна растлумачыць уяўную адсутнасць змяшчэння становішча нерухомых зорак адносна рухомай Зямлі. Арыстархава тлумачэнне, паводле якога згаданы паралакс не назіраецца праз іх каласальную аддаленасць, было для яго непрымальным (“ён не мог адказаць на пытанне, навошта Бог пакінуў такую бездань паміж планетамі і зоркамі?” [78, c.444]). Такім чынам, Каперніка не задавальняла гіпатэтычнасць дасягнутых ім вынікаў, яго мэтай была распрацоўка тэорыі, якая тлумачыла б касмічныя рэаліі, працэсы, што адбываюцца ў самой касмічнай рэчаіснасці. Тым не менш пад уплывам сваіх сяброў (найперш Г.Рэтыкуса, прафесара матэматыкі ў Вітэмбергу) ён вырашыў усё-такі надрукаваць сваю працу.

Згаданыя ваганні Каперніка могуць разглядацца як сведчанне яго нерашучасці і ў канчатковым выніку як аргумент супраць прызнання яго вялікім рэвалюцыянерам у навуцы. Той факт, што некаторыя гісторыкі навукі аспрэчваюць рэвалюцыйны характар яго тэорыі, згадваўся вышэй (2.2). У якасці прыкладу адпаведнай пазіцыі можна прывесці погляды Х.Флорыса Когена. Х.Флорыс Коген лічыць, што рэнесансавая навука ўвогуле была скіраваная ў мінулае, маючы на мэце аднаўленне страчаных антычных ведаў. Усякая інавацыя была ў гэтых умовах не больш, чым міжвольным пабочным эфектам [58, с.63]. Тэорыя Каперніка разглядаецца ім як яскравае выяўленне дадзенай заканамернасці. Ён мяркуе, што галоўная праца Каперніка, як і яе рэцэпцыя ў другой палове ХVI cтагоддзя, не выходзіць за межы ўласцівай рэнесансавай эпосе схемы “аднаўленне-з-узбагачэннем” антычнай інтэлектуальнай спадчыны [58, с.76]. Х.Флорыс Коген падкрэслівае ўнутраную супярэчлівасць згаданай працы: калі ў першай з шасці яе кніжак дэкларуецца рэалістычны касмалагічны прынцып, дык у астатніх, на яго думку, назіраецца магутны і вырашальны ўплыў Клаўдзія Пталемея [58, с.77].

У сувязі з тэзай пра супярэчлівасць найважнейшага твора Каперніка неабходна спыніцца і на прадмове да яго. У ёй даводзіцца, што геліяцэнтрычная мадэль павінна разглядацца як чыста матэматычная гіпотэза, якая не прэтэндуе на статус праўдзівай карціны рэальнасці. Наяўнасць такой прадмовы нярэдка тлумачылася жаданнем М.Каперніка прадухіліць магчымыя праблемы і складанасці ва ўзаемадачыненнях з царкоўнымі ўладамі. Магчыма, такое жаданне сапраўды было падставай (ці належала да падстаў) для яе напісання. Кіраваўся ім, аднак, не сам Капернік, а лютэранскі тэолаг А.Асіандэр, які быў яе аўтарам, хоць і не ўказаў гэтага, пакінуўшы свой “твор” ананімным. Справа ў тым, што ён, адгукнуўшыся на просьбу Г.Рэтыкуса, назіраў за тым, як друкавалася кніжка Каперніка, і вырашыў такім досыць нечаканым і неэтычным (нічога не паведаміўшы пра свой намер аўтару) чынам узяць у ім больш актыўны ўдзел [72, с.163].

Супраць тэзы пра рэвалюцыйны характар каперніканскай тэорыі могуць быць прыведзеныя і іншыя аргументы. У якасці такога аргумента можа фігураваць, напрыклад, той момант, што ідэя геляцэнтрызму не была на гэты час новай, што яна была выказаная яшчэ ў Антычнасці Арыстархам з Самаса, ад якога Капернік яе і пераняў. Пры такім падыходзе, дарэчы, зварот Каперніка да гэтай ідэі цалкам упісваецца ў прапанаваную Х.Флорысам Когенам інтэрпрэтацыю рэнесансавай навукі ўвогуле і геліяцэнтрычнай каперніканскай тэорыі ў прыватнасці як рэстаўрацыйнай па сваёй існасці. На статус важкага аргумента ў кантэксце адмаўлення рэвалюцыйнай натуры дадзенай тэорыі можа прэтэндаваць таксама вядомы і бясспрэчны факт некрытычнага прыняцця знаным польскім астраномам пэўных дагматычных па сваёй сутнасці ўяўленняў антычна-сярэднявечнай касмалогіі. У першую чаргу гаворка павінна ісці ў дадзенай сувязі пра тое, што Капернік прытрымліваўся старой платанічнай догмы пра раўнамерны характар касмічнага руху і пра дасканалую – у форме акружнасці – яго траекторыю[39] [46, т.7, с.939; 72, c.166]. Гэта, зрэшты, змусіла яго ўскладніць сваю мадэль, ужываючы, як даводзіў Х.Флорыс Коген, метады і сродкі, блізкія да пталемееўскіх.

Нельга не прызнаць, што згаданыя аргументы, як і скептычная пазіцыя ў дачыненні да ўзроўню рэвалюцыйнасці каперніканскай мадэлі ўвогуле, падаюцца досыць важкімі і слушнымі. Разам з тым, аднак, яны не з’яўляюцца бездакорнымі. Так, тэзе, згодна з якой геліяцэнтрычны прынцып не належаў Каперніку, прапаноўваўся яшчэ ў Антычнасці і не быў новым, можна супрацьпаставіць указанне на непараўнальна больш высокую, чым у Антычнасці, ступень навуковай, матэматычнай яго распрацоўкі вялікім польскім астраномам [72, c.165]. А што да некрытычнага прыняцця ім ідэі дасканаласці касмічнага руху (як вечнага, нязменнага, раўнамернага руху з траекторыяй у форме акружнасці), дык аналагічны папрок можна зрабіць нават Г.Галілею [72, c.299], якому на гэтай падставе ніхто не адмаўляе ў праве лічыцца “бацькам сучаснай навукі”.

Незалежна ад таго, аднак, была каперніканская мадэль рэвалюцыйнай ці толькі перадрэвалюцыйнай, ёй належыць найістотнейшае месца ў падрыхтоўцы прыродазнаўства сучаснага тыпу. Гэта прызнае, зрэшты, і Х.Флорыс Коген: ён прылічвае характэрны для яе “двухсэнсоўны рэалізм” да тых фактараў, што найбольш паўплывалі на светапоглядныя пошукі, а праз іх і на навуковыя даследаванні, І.Кеплера і Г.Галілея [58, c.74]. Гэта азначае, аднак, што яна істотным чынам паўплывала на разгортванне Вялікай навуковай рэвалюцыі: Кеплер і Галілей належаць да кола самых актыўных яе ўдзельнікаў.

Дзеля адэкватнай гістарычнай ацэнкі каперніканскай касмалагічнай мадэлі неабходна ўлічваць і засведчаны гісторыяй навукі яе каласальны рэвалюцыйны патэнцыял. Найперш ён выявіўся ў светапоглядным плане. Нездарма І.Кант убачыў у Каперніку пачынальніка новага навуковага светапогляду, засяроджанага на назіральніку [53, c.28]. Згодна з гэтым светапоглядам фізічная рэальнасць павінна разглядацца на грунце і з улікам становішча таго, хто яе назірае. Кант быў перакананы, што без дадзенага рэвалюцыйнага светапогляднага прарыву, здзейсненага вялікім польскім астраномам на ўзроўні гіпотэзы, грунтоўныя законы руху нябесных аб’ектаў ніколі не былі б адкрытыя і не паўстала б упэўненасць у іх сапраўднасці [53, c.28].

Разам з тым, пазбавіўшы Зямлю цэнтральнага статусу ў Сусвеце, зрабіўшы яе ў астранамічным плане звычайнай планетай, Капернік (як раней Арыстарх) праблематызаваў традыцыйныя погляды на месца, якое займае ў космасе чалавек. Сапраўды, цэнтральнае становішча Зямлі надта пасавала да ўяўлення пра чалавека як вянца тварэння. (У гэты час чалавецтва было значна больш, чым у Антычнасці, падрыхтавана прыняць ідэю, што фізічны цэнтр Сусвету не супадае з яго месцазнаходжаннем. Дзейсныя сродкі для пераадолення магчымага псіхалагічнага дыскамфорту ў дадзенай сітуацыі давала антрапацэнтрычная рэнесансавая філасофія.)

Як будзе паказана ніжэй, геліяцэнтрычная мадэль мела істотны рэвалюцыйны патэнцыял і ва ўласна навуковым плане. Надзвычай красамоўным у дадзенай сувязі з’яўляецца той факт, што найбольш творчыя і дынамічныя навукоўцы XVI- XVII cт. прынялі менавіта яе. Зрабіўшы гэта, яны адчулі патрэбу ў грунтоўным пераасэнсаванні ўяўленняў пра рух увогуле, усвядомілі неабходнасць стварэння новай механікі як навуковага падмурку для новай астраноміі.

Засведчаныя з’яўленнем геліяцэнтрычнай мадэлі прэтэнзіі навукі на светапоглядную самастойнасць праграмавалі магчымасць канфлікту з царкоўнымі інстытуцыямі. У пратэстанцкім асяродку вучэнне Каперніка было сустрэта холадна (акрамя Англіі, дзе яно не толькі было добра прынята, але і папулярызавалася) [78, c.447]. У раманскіх каталіцкіх краінах яно спачатку не напаткала пярэчанняў, забаронаў ці пераследу. Але пасля таго як Д.Бруна ўлучыў геліяцэнтрычную мадэль у пантэістычны кантэкст сваёй філасофіі, зрабіўшы рашучы і важкі крок у напрамку выяўлення яе рэвалюцыйнага светапоглядага патэнцыялу, каталіцкае духавенства ўсвядоміла ўсю сур’ёзнасць сітуацыі. Прыхільнікі Каперніка былі абвінавачаныя ў ерасі, а яго галоўны твор быў уключаны ў спіс забароненых кніжак, дзе ён знаходзіўся да 1822 года [72, c.167].

Істотнае месца ў дэстабілізацыі і пераадоленні антычна-сярэднявечнай карціны свету належала таксама даследаванням выбітнага дацкага астранома Т.Браге (1546-1601). Ён не быў прыхільнікам каперніканскай гіпотэзы і прапанаваў сваю – кампрамісную паміж геацэнтычнай і геліяцэнтрычнаймадэль Сусвету. Цэнтральнае месца ў ёй займала нерухомая Зямля. Вакол яе мусілі рухацца Сонца і Месяц, а вакол Сонца, у сваю чаргу, астатнія планеты. У пратэстанцкіх краінах дадзеная мадэль была пэўны час досыць папулярнай [78, c.447]. У пэўнай ступені і яна паспрыяла пераадоленню арыстоцелеўска-пталемееўскай канцэпцыі (праз пэўную рэлятывізацыю паняцця касмічнага цэнтра, напрыклад).

У першую чаргу, аднак, заслугі Т.Браге былі звязаны з яго назіраннямі. У гэтым плане яму заўжды аддаецца належнае: дасягнутыя ім вынікі значна пераўзыходзілі па сваёй дакладнасці набыткі іншых астраномаў – як ягоных папярэднікаў, так і сучаснікаў. Неабходна адзначыць, што некаторыя з яго адкрыццяў непасрэдна (і пераканаўча) разбівалі традыцыйныя ўяўленні. Так, у 1572 г. ён на працягу месяца назіраў новую зорку (навукоўцы мяркуюць, што гэта быў выбух звышновай, які адбыўся ў сузор’і Касіяпеі). Браге ўважліва праверыў свае вымярэнні, параўнаў іх з вынікамі назіранняў іншых астраномаў – усё сведчыла пра тое, што новы аб’ект належаў да надмесячнага свету [78, c.454]. Догме пра вечную нязменнасць космасу быў нанесены, такім чынам, смяротны ўдар. (Аналагічная падзея адбылася, зрэшты, і ў 1604 г., калі новую зорку – выбух звышновай – маглі назіраць Г.Галілей і І.Кеплер.)

Што згаданая догма неапраўданая і зусім не адпавядае рэчаіснасці, ізноў пацвердзілася ў 1577 г. Увага астраномаў была прыцягнутая тады да каметы, што нагадала людзям пра сваё існаванне, з’явіўшыся на небе. Назіраючы за ёй, Браге зрабіў адназначную выснову, што яе рух адбываўся ў касмічнай прасторы. Такім чынам, высветлілася, што насуперак меркаванню Арыстоцеля, паводле якога каметы з’яўляюцца атмасфернымі з’явамі, яны не належаць да падмесячнага свету, а выступаюць як касмічныя аб’екты. Больш за тое, назіранні Т.Браге пераканаўча сведчылі пра тое, што траекторыя руху гэтых аб’ектаў праходзіць наўпрост праз цвёрдыя нябесныя сферы. Дадзеная вытанчаная інтэлектуальная вынаходка грэкаў таксама пазбаўлялася, значыцца, права на існаванне. У сувязі з гэтым паўставала новае важнае пытанне: якая сіла ўтрымлівае планеты на іх арбітах?

Назапашаны Т.Браге багаты эмпірычны матэрыял быў перададзены ім перад сваёй смерцю І.Кеплеру, які выконваў пэўны час абавязкі яго асістэнта. Геніяльны нямецкі навуковец выкарыстаў вынікі брагіянскіх назіранняў з максімальнай эфектыўнасцю. (Такім чынам, і ў гэтым плане тытанічная даследчая праца Т.Браге спрыяла разбурэнню антычна-сярэднявечнай карціны свету і ўсталяванню новага навуковага светабачання.)

І.Кеплер, хоць і супрацоўнічаў з Т.Браге, быў тым не менш перакананым каперніканцам: надта пасавала геліяцэнтрычная гіпотэза да яго светапогляду, да яго філасофскіх прынцыпаў. Як указвалася вышэй, ён стаіць ля вытокаў сучаснага разумення законаў прыроды як неабходнай, каўзальнай сувязі паміж феноменамі і аб’ектамі, якая можа быць перададзеная ў матэматычнай форме. Як вядома, у Кеплера дадзеная ідэя грунтавалася на яго перакананні ва ўпарадкаванай і гарманічнай будове Сусвету, якое, у сваю чаргу, сілкавалася яго філасофскімі (платанічнымі і неаплатанічнымі), а таксама рэлігійнымі (пратэстанцкімі) поглядамі. Крыніцай прыроднай гармоніі і парадку – у гэтым ён ніколькі не сумняваўся – з’яўляецца Бог. Праз адкрыццё законаў прыроды мы можам уведаць і зразумець боскі план, паводле якога Сусвет быў створаны.

Неабходна адзначыць, што згаданыя ідэі, не прывялі Кеплера да аднабаковага апрыярызму, да “навязвання” прыродзе перадзададзеных матэматычных канструкцый. Як указвалася вышэй, яго натурфіласофія характарызуецца прынцыповай адкрытасцю досведу і ў сваёй навуковай практыцы ён імкнуўся заўжды прытрымлівацца дадзенай пазіцыі. Паслядоўнасць, настойлівасць Кеплера, спалучаная з ягоным матэматычным геніем, прынесла бліскучыя вынікі. Шматгадовае карпатлівае вывучэнне арбіты Марса прывяло яго да высновы, што паводзіны чырвонай планеты супярэчаць і брагіянскай, і каперніканскай мадэлі. У выніку Кеплер паказаў, што арбіта Марса мае эліптычную форму. Больш за тое, ён высвятліў, што хуткасць планеты не з’яўляецца канстантнай: яна рухаецца хутчэй пры набліжэнні да Сонца і запавольвае свой рух пры аддаленні ад яго. Гэтыя даследчыя набыткі былі зафіксаваныя ў кніжцы з цалкам адэкватным загалоўкам – “Astranomia nova”, якая выйшла ў свет у 1609 годзе.

Праз некаторы час (дзякуючы ўласным назіранням і ўважліваму вывучэнню пакінутай Т.Браге спадчыны) Кеплер быў у стане даказаць, што паводзіны Марса – не выключэнне з правіла: іншыя планеты паводзяць сябе аналагічна. У выніку ён прыйшоў да фармулёўкі першага і другога[40] са сваіх законаў, якія азначалі радыкальны разрыў з моцным, глыбока ўкаранёным у філасофскай і навуковай культуры ўяўленнем пра “дасканаласць” касмічнага руху, звязанай з яго раўнамерным характарам і траекторыяй у выглядзе акружнасці.

Паводле адкрытага крыху пазней трэцяга закона квадраты перыядаў абарачэння дзвюх планет суадносяцца як узведзеныя ў трэцюю ступень іх сярэднія адлегласці ад Сонца (дакладней, паловы вялікай восі іх эліптычнай арбіты). Грунтам і стымулам для адкрыцця гэтага закона былі філасофска-эстэтычныя і рэлігійна-містычныя погляды Кеплера[41]. Тым не менш ён меў істотнае значэнне для даследчых практык, і наступныя пакаленні астраномаў эфектыўна выкарыстоўвалі той момант, што ён істотна спрашчае вылічэнне адлегласці ад Сонца да планет[42].

Памкненне да адэкватнага апісання планетарнага руху спалучалася ў Кеплера з нястомным пошукам яго прычын. (Гэта азначае, што ён імкнуўся дапоўніць распрацаваную ім кінематыку дынамічнай тэорыяй[43].) І ў гэтым выпадку яго ўяўленні пра сусветную душу і пра жывую натуру космасу не перашкаджалі наданню адпаведным даследаванням уласна навуковага характару. У іх выніку Кеплер наблізіўся да сфармуляваных у н’ютанаўскай дынаміцы ідэй і паняццяў. Абапіраючыся на прапанаванае англійскім навукоўцам У.Гілбертам (1544-1603) уяўленне пра Зямлю як гіганцкі магніт, ён паспрабаваў растлумачыць узаемадзеяенне касмічных аб’ектаў іх магнітнымі ўласцівасцямі. Іх паводзіны тлумачыліся, такім чынам, дзеяннем магнітных сіл прыцягнення паміж імі.

Кеплер быў шчырым вернікам. У маладосці ён нават планаваў звязаць сваё жыццё з евангелічнай тэалогіяй, хоць яго матэматычны геній і не дазволіў здзейсніцца гэтым планам [78, c.457-458]. Яго глыбокая рэлігійнасць спалучалася, аднак, з не менш глыбокім антыдагматызмам[44] (і прыхільнасцю да прынцыпу талерантнасці). Яго настрой думак не стасаваўся з догмамі, “якой бы канфесіі яны не належалі, што прывяло да рэпрэсій супраць яго як з боку каталіцкай, так і з боку пратэстанцкай царквы; Кеплера, аднак, нельга было змусіць да якіх-небудзь саступак царкве як інстытуцыі” [72, c.468].

Згаданая тэза гучыць, магчыма, як папрок другому геніяльнаму навукоўцу, з даследаваннямі якога звязаны пачатак і разгортванне Вялікай навуковай рэвалюцыі, – Г.Галілею. Як вядома, Галілей быў змушаны інквізіцыяй фармальна адцурацца ад каперніканскага вучэння, за перамогу якога ён нястомна змагаўся[45]. Тым не менш інквізітары не здолелі зрабіць з яго здрадніка навуцы і навуковым ідэалам. Шматлікія факты сведчаць пра тое, што пасля інквізіцыйнага працэсу вялікі італьянскі навуковец, нягледзячы на немалады ўзрост і хваробы, працягваў плённую навуковую дзейнасць, якая – ва ўмовах хатняга арышту і строгага нагляду! – мела міжнароднае вымярэнне, дасягаючы Францыі і Галандыі [72, c.298].

Акрамя драматычных выпрабаванняў грамадскага характару Галілею (як і Кеплеру) былі наканаваны не менш драматычныя калізіі ў індывідуальным духоўным жыцці, на ўзроўні навуковага пошуку. Праз іх трэба было прайсці, каб пераадолець схаластычныя догмы, якія напачатку дамінавалі і над яго розумам (як і над кеплераўскім мысленнем). Складаны, супярэчлівы працэс пераадолення дагматызаванай арыстоцелеўскай спадчыны, непаўторна індывідуальны ў выпадку кожнага з гэтых геніяльных навукоўцаў, з’яўляецца, безумоўна, грунтоўным момантам глабальнай навуковай рэвалюцыі, што разгортвалася ў дадзеную эпоху. Арыгінальнымі з’яўляюцца і вынікі іх творчых пошукаў, якія азначалі каласальны крок наперад у стварэнні асноў навукі сучаснага тыпу.

Сярод творчых набыткаў Галілея неабходна ў першую чаргу адзначыць яго метадалагічныя навацыі. Вышэй (2.2) ужо ішла гаворка пра найістотнейшыя рысы галілееўскай навукова-даследчай праграмы. Гісторыя навукі пераканаўча засведчыла яе плённы характар: у працэсе яе здзяйснення былі дасягнутыя істотныя даследчыя поспехі. Якія аспекты галілееўскай метадалогіі найбольш паспрыялі згаданым поспехам, вызначыць даволі няпроста, як няпроста сказаць наколькі паслядоўным быў сам навуковец у яе выкананні.

Тым не менш можна з пэўнасцю сцвярджаць, што, нягледзячы на магчымае дамінаванне ў яго пошуках матэматызаванага, тэарэтычнага спосабу даследавання прыроды, ён (як, зрэшты, і Н’ютан) арганічна спалучаў у сабе фізіка-тэарэтыка і фізіка-эксперыментатара[46], усведамляў істотнае значэнне эмпірычных даследаванняў і надаваў ім належную ўвагу. Пачуўшы, напрыклад, вясной 1609 г. пра прыстасаванне, якое крыху пазней (у 1611 г.) было названа тэлескопам, і пра прынцып яго будовы, ён літаральна за ноч стварыў падобны інструмент, які ў тры разы павялічваў аб’ект, што назіраўся пры яго дапамозе. Затым навуковец удасканаліў свой тэлескоп да ўзроўню, на якім ён даваў трыццаціразовае павелічэнне, што дазваляла яго эфектыўнае выкарыстанне для астранамічных назіранняў [78, c.465]. Галілей вітаў магчымасць узмацніць і дапоўніць ворганы пачуццяў тэхнічнымі сродкамі, каб зрабіць навуковыя назіранні больш эфектыўнымі. Ён надзвычай плённа выкарыстаў дадзеную магчымасць: за вельмі кароткі адрэзак часу ён зрабіў цэлы шэраг важных адкрыццяў (спадарожнікі Юпітэра, няроўны ландшафт Месяца, плямы на Сонцы, наяўнасць шматлікіх зорак, нябачных няўзброеным вокам, фазы Венеры).

Галілей ніколькі не сумняваўся, што найбольш натуральнае, простае і дакладнае тлумачэнне адкрытых ім прыродных з’яў дае каперніканская гіпотэза. Навуковец ясна ўсведамляў, аднак, што геліяцэнтрычнай касмалогіі бракавала на той час трывалага фізічнага падмурку і інтэнсіўна працаваў дзеля яго стварэння. У выніку гэтай напружанай даследчай працы ён істотна наблізіўся да навуковага (у сучасным сэнсе слова) разумення сутнасці механічнага руху. Пра гэта адназначна сведчыць той факт, што ім былі сфармуляваныя прынцып інерцыі і прынцып адноснасці, якія – у абагульненай форме – занялі грунтоўнае месца ў н’ютанаўскай фізіцы[47]. Істотнае значэнне яны мелі і ў тэарэтычных пошуках Галілея. Так, ён мог растлумачыць з іх дапамогай, чаму на Зямлі не назіраюцца эфекты, звязаныя з яе рухам, і адказаць, такім чынам, на асноўны аргумент фізічнага характару, што прыводзіўся прыхільнікамі геацэнтрызму.

Сярод істотных дасягненняў вялікага італьянскага навукоўца ў галіне механікі заўжды згадваюцца таксама адкрыцці, дзякуючы якім былі пераадоленыя традыцыйныя і не надта ўцямныя ўяўленні пра свабоднае падзенне фізічных аб’ектаў і пра рух кінутага цела. У першым выпадку Галілей дапусціў, што аб’екты падаюць роўнапаскорана і што велічыня паскарэння не залежыць пры гэтым ад іх вагі. Дадзенае дапушчэнне было праверана на шматлікіх эксперыментах, як гэтага патрабавала новая навуковая метадалогія. Надзвычай важна, што ў адпаведным галілееўскім эксперыментаванні спалучалася рэальнае і ўяўнае маніпуляванне фізічнымі аб’ектамі. Рэальная пазнавальная сітуацыя трансфармавалася пры гэтым у ідэальную, навуковец абстрагаваўся ад неістотных, пабочных момантаў, якія перашкаджалі разуменню сапраўднай існасці фізічнага працэсу (у дадзеным выпадку ў якасці такога моманту фігуравала супраціўленне паветра).

Найгрунтоўнейшае значэнне ў кантэксце станаўлення навукі сучаснага тыпу мае той факт, што Галілей разгледзеў унутраную тоеснасць вертыкальнага падзення фізічных аб’ектаў і іх руху па нахільнай плоскасці. Іх якасныя характарыстыкі ідэнтычныя, і адрозніваюцца яны толькі колькаснымі ўласцівасцямі: са змяншэннем вугла нахілу змяншаецца і паскарэнне. Навуковец адпрацаваў, такім чынам, на гэтым лакальным узроўні глабальную аперацыянальную схему сучаснай навукі. У згодзе з дадзенай схемай шукаецца істотная тоеснасць разнародных, на першы погляд, феноменаў; і калі гэты пошук паспяховы, дык адрозненні паміж імі выяўляюцца як чыста колькасныя. Адсюль вынікае грунтоўнае значэнне матэматыкі для прыродазнаўства, у якім Галілей ніколі не сумняваўся. Ён быў перакананы, што вялікая кніжка прыроды напісаная матэматычнай мовай, якой неабходна авалодаць, каб умець чытаць яе [58, c.116].

Калі давесці да лагічнага завяршэння аналіз руху па нахільнай плоскасці, дык выяўляецца, што пры ўмове роўнасці вугла нахілу нулю, роўным нулю будзе і паскарэнне. Цела ў такім выпадку рухаецца прамалінейна і раўнамерна па гарызантальнай паверхні (згодна з законам інерцыі, пра які гаворка пойдзе ніжэй). Дасягнуўшы яе краю, яно будзе рухацца па парабалічнай траекторыі, у якой, значыцца, будуць спалучацца свабоднае падзенне і прамалінейны раўнамерны рух. Менавіта ў згаданым спалучэнні Галілей убачыў сутнасць так званага змушанага руху (руху кінутага цела, руху снарада, выпушчанага гарматай і да т. п.). Ён паказаў, такім чынам, што дадзеная сутнасць зводзіцца да ўласцівасцяў, якія характарызуюць той рух, які традыцыйна лічыўся натуральным, і што ўвогуле няма ніякіх прынцыповых падстаў для вылучэння і ўзаемнага супрацьпастаўлення натуральнага і змушанага тыпаў механічнага руху.

Неабходна адзначыць, што творчасць Галілея атрымала надзвычай высокую ацэнку філосафаў і гісторыкаў навукі, а таксама выбітных дзеячоў сучаснага прыродазнаўства. Хоць і не ва ўсіх выпадках ён здолеў вызваліцца ад улады схаластычных уяўленняў [72, c.299], тым не менш менавіта ў ім традыцыйна бачыцца пачынальнік сучаснай навуковай метадалогіі, сучаснага матэматычнага прыродазнаўства і сучаснага падыходу да праблемы руху [30, c.7-9, 72, c.297].

Дзякуючы даследаванням І.Кеплера і Г.Галілея працэс матэматызацыі і механізацыі карціны прыроды набыў у найвышэйшай ступені інтэнсіўны характар. Дасканаленню і ўзбагачэнню механічна-матэматычнага светабачання паспрыялі пошукі і знаходкі іншых выбітных навукоўцаў ХVII cт. (у першую чаргу К.Гюйгенса (1629-1695) і П.Гасендзі (1592-1655)). У такіх умовах выразна акрэслілася неабходнасць сінтэзу ўсяго набытага на гэтым шляху ў адзіную звязную фундаментальную тэорыю. Як піша В.С.Сцёпін, у гісторыі фізікі мелі месца пазнавальныя сітуацыі, калі новая карціна свету паўставала ў двух альтэрнатыўных праектах, якія спаборнічалі паміж сабой. Менавіта такая сітуацыя паўстала пры ўзнікненні гістарычна першай (у кантэксце фізікі сучаснага тыпу) з іх – механічнай, альтэрнатыўныя версіі якой былі распрацаваныя Р.Дэкартам і І.Н’ютанам [85, c.704].

Картэзіянская механіка, больш ранняя ў храналагічным плане, доўгі час дамінавала ў навуцы, але ў канчатковым выніку – пасля доўгай і напружанай барацьбы – саступіла пальму першынства н’ютанаўскай. Тым не менш яна ў значнай ступені паспрыяла нараджэнню навукі сучаснага тыпу. Характэрнае для яе тлумачэнне фізічных працэсаў праз віхровы рух часцінак мае сёння, безумоўна, толькі гістарычны інтэрас. Яе строгі дэдуктыўны характар, аднак, яе высокапрафесійны, высокаякасны філасофскі грунт і паслядоўнае здзяйсненне ў ёй матэматычна-механічных прынцыпаў уразілі сучаснікаў Дэкарта і моцна паўплывалі на яго наступнікаў[48]. Яна самым істотным чынам спрыяла ўзмацненню духу навуковасці (у класічнай яе версіі) у пазнанні прыроды: “механістычная канцэпцыя Дэкарта выключала ўсякі анімізм, усякія акультныя якасці, усякі ўнутраны фіналізм (за выняткам псіхафізіялогіі), растлумачваючы ўсе змяненні ўзаемнымі ўздзеяннямі целаў адно на адно” [58, c.109].

Важнае месца ў картэзіянскай метадалагічнай праграме, а таму і ў картэзіянскай механіцы, займае ўяўленне пра законы прыроды, наяўнасць якіх Дэкарт звязваў з нязменнасцю боскай існасці. Менавіта з яе, на думку філосафа, вынікае найважнейшы з іх – закон захавання колькасці руху (імпульсу). Грунтуючыся на ім, а таксама на ўяўленні пра рух як пэўны, раўнапраўны са спакоем стан фізічных аб’ектаў, Дэкарт выразна і ў больш агульнай і абстрактнай форме, чым Галілей, сфармуляваў закон інерцыі. Гэта надзвычай важны з пункту далейшага развіцця механікі момант, бо гаворка ідзе пра палажэнне, якое належыць да найгрунтоўнейшых у яе сучасным тэарэтычным складзе.

Падсумоўваючы разгляд картэзіянскай фізікі, неабходна адзначыць яе неадназначны, амбівалентны характар. Дэкарт з усёй магчымай выразнасцю сфармуляваў механічна-матэматычны ідэал навуковага пазнання, які патрабуе звядзення “фізічных з’яў у механіцы да рухаў пад уздзеяннем ціску ці штуршка і да законаў захавання” [46, т.5, c.953]. Ён сам і яго прыхільнікі шчыра імкнуліся да паслядоўнага і поўнага здзяйснення дадзенага ідэалу. Тым не менш не зусім паслядоўная і стэрыльная ў гэтым плане н’ютанаўская фізіка была значна больш паспяховай у сваіх тлумачэннях і ў сваіх прадказаннях адносна будучага досведу. Таму яна атрымала цалкам заслужаную перамогу ў гэтым вялікім змаганні навуковых ідэй.

Такім чынам, першыя крокі ў пазнанні фізічнага Сусвету і працэсаў, што ў ім адбываюцца, былі зробленыя чалавецтвам у старажытнасці ў рамках практычна-міфалагічнага яго засваення. Магутнае і выніковае памкненне да рацыяналізацыі светапоглядных структур, у якіх згаданае пазнанне разгортваецца, назіраецца ў антычнай Грэцыі ва ўмовах поліснай дэмакратыі. Першай духоўнай формай, у якой увасобілася дадзенае памкненне, з’яўляецца натурфіласофія дасакратыкаў. Дасакратыкі распрацавалі, прааналізавалі і апрабавалі разнастайныя тэарэтычныя схемы, мадэлі і падыходы, надзвычай важныя для ўсяго далейшага развіцця фізікі і касмалогіі. Вяршыняй антычнай натурфіласофскай думкі (як і філасофскай думкі ўвогуле) з’яўляецца творчасць Платона і Арыстоцеля. Прынцыповыя аспекты арыстоцелеўскай фізікі і касмалогіі (геацэнтрызм, дуалістычны характар светабудовы, супрацьлегласць змушанага і натуральнага руху) дамінавалі ў навуковай культуры да эпохі Адраджэння. Тым не менш і ў Антычнасці (александрыйская матэматычная фізіка і астраномія), і ў Сярэднявеччы (у абсягу арабскай навукі і ў пэўных кірунках схаластычнай традыцыі) мелі месца спробы здзейсніць альтэрнатыўныя “якаснай” арыстоцелеўскай фізіцы падыходы ў пазнанні грунтоўных прыродных з’яў, падзей і працэсаў. Радыкальны і рашучы дэмантаж згаданай фізікі адбываецца, аднак, толькі ў выніку тытанічных намаганняў рэнесансавых філосафаў і навукоўцаў (Л.да Вінчы, М.Капернік, Т.Браге, Ф.Бэкан і інш.). Памкненне да абгрунтавання і ўдасканалення геліяцэнтрычнай мадэлі Сусвету (Г.Галілей, І.Кеплер) найістотнейшым чынам паспрыяла нараджэнню матэматычна-механістычнай тэарэтычнай канцэпцыі, гістарычна першай формы фізікі (і навукі ўвогуле) сучаснага тыпу. Апошняй значнай падзеяй у працэсе яго распрацоўкі і сцвярджэння быў канфлікт н’ютанаўскага і картэзіянскага яе варыянтаў. Перамогу ў гэтай велічнай бітве ідэй святкавалі Н’ютан і яго прыхільнікі, менавіта н’ютанаўсакая механіка атрымала статус першай вялікай, парадыгматычнай фізічнай (і навуковай увогуле) тэорыі ў сучасным сэнсе слова.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Як Вы лічыце, чаму атамізм не здолеў перамагчы ў барацьбе ідэй у антычнай культуры?

2. Каласальны поспех арыстоцелеўскай фізікі быў шмат у чым абумоўлены зрэалізаваным у ёй памкненнем да эмпірычнай відавочнасці, да апраўдання сваіх палажэнняў праз паўсядзённы досвед. Як паўплывала, на Ваш погляд, дадзенае памкненне на яе лёс у Новы час?

3. Якой з пазіцый, што выявіліся ў дыскусіі адносна рэвалюцыйнага статусу каперніканскай мадэлі, Вы аддаеце перавагу? Чаму?

4. Сярод гістарычных рэканструкцый тых падзей, што адбываліся вакол геліяцэнтрычнай гіпотэзы можна сустрэць і такую, паводле якой першым вялікім героем і пакутнікам у звязанай са згаданай гіпотэзай барацьбе навукі і рэлігіі “быў Галілей, навуковец, а не Бруна, маг… Гісторыя захавала імя Бруна таму, што менавіта ён павярнуў усю рымска-каталіцкую царкву супраць найвялікшай навуковай гіпотэзы новай навуковай рэвалюцыі і здолеў гэта зрабіць, не здзейсніўшы нічога значнага ў навуцы“ [78, c.450-451]. Наколькі справядлівыя, на Вашу думку, дадзеныя тут ацэнкі?

2.4. Гістарычнае станаўленне хіміі сучаснага тыпу

У прысвечаных гісторыі хіміі тэкстах падкрэсліваецца, як правіла[49], момант супрацьлегласці паміж прасякнутай духам навуковасці сучаснай хіміяй і данавуковай традыцыяй (ці лепш сказаць традыцыямі). Пры гэтым пачатак разгортвання навуковага хімічнага пазнання звязваецца з той або іншай выбітнай постаццю ці іх шэрагам, выбар якіх залежыць ад поглядаў і перакананняў адпаведнага гісторыка. Так, даводзіцца, напрыклад, што хімія ў той форме, у якой яна існавала да Р.Бойля, суадносіцца з сучаснай хіміяй, “як лепет дзіцяці з разумным маўленнем дарослага” [19, c.5]. Аўтар прысвечанага гісторыі хіміі артыкула Вікіпедыі таксама лічыць, што “раннія спробы растлумачыць прыроду матэрыі і яе пераўтварэнні былі няўдалымі. Не дасягнула поспеху ў тлумачэнні прыроды матэрыі і протанавука хіміі, алхімія…Хімія здзяйсняецца як сапраўдная навука тады, калі Антуан Лавуаз’е фармулюе закон захавання масы, які патрабуе карпатлівых вымярэнняў і назіранняў, скіраваных на колькасныя аспекты хімічных феноменаў” [47].

Як падаецца, пры такім падыходзе духоўныя феномены, што папярэднічалі сучаснай хімічнай навуцы ў аналізе матэрыі і яе пераўтварэнняў, разглядаюцца выключна праз прызму яе першынства і вяршэнства і таму паўстаюць у скажоным святле. У такім выпадку ў значнай ступені недаацэньваецца момант пераемнасці ў гістарычным развіцці хіміі, наяўнасць якога ніхто з яе гісторыкаў не адмаўляе. Наадварот, у адпаведных даследаваннях указваецца, што хімія сучаснага тыпу паўстала не на пустым месцы, што яе перадумовы выспявалі ў працэсе разгортвання як алхімічных, так і рамесніцкіх практык. Пры гэтым адзначаецца таксама, што хімічная навука абапіраецца на доўгую і багатую гістарычную традыцыю: першапачатковыя хімічныя веды чалавецтва набыло ўжо ў глыбокай старажытнасці. Гэтыя першапачатковыя набыткі былі звязаныя найперш з яго вялікім дасягненнем – з авалоданнем агнём[50], дзякуючы чаму першабытныя людзі маглі практычна задзейнічаць і тэарэтычна засвойваць працэсы пераўтварэння матэрыі. Істотнае прырашчэнне эмпірычных ведаў пра хімічныя феномены забяспечыла ўзнікненне і развіццё такіх галін рамеснай вытворчасці, як металургія і ганчарства. Спектр практычна-рамесных крыніц назапашвання хімічных ведаў увогуле ўражвае сваёй шырынёй і разнастайнасцю: выраб шкла і фарбаў, касметыкі і лекаў і г. д.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.008 сек.)