АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Лекцыя 8. Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі

Читайте также:
  1. Лекцыя 1. Палітыка як прадмет паліталогіі. Функцыі і метады паліталогіі

1. Палітычная партыя: паняцце, тыпы і роля ў механізме палітычнай улады.

2. Сутнасць і тыпы партыйных сістэм. Асаблівасці станаўлення партыйнай сістэмы ў Рэспубліке Беларусь.

3. Грамадскія арганізацыі і грамадскія рухі.

4. Дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў нацыянальных супольнасцей Беларусі

 

1. Палітычная партыя: паняцце, тыпы і роля ў механізме палітычнай улады

Тэрмін "партыя" (ад лац. partio – падзяляю) у перакладзе з лацінскай мовы абазначае частку якой-небудзь буйнай супольнасці. У палітычнай літаратуры сустракаюцца розныя пункты гледжання на пытанне ўзнікнення палітычных партый. Палітычныя партыі і палітычныя сістэмы ўяўляюць з сябе прадукт працяглага гістарычнага развіцця. Можна вылучыць тры этапы ў гісторыі развіцця палітычных партый: арыстакратычная групоўка, палітычны клуб, масавыя партыі. Першая масавая партыя ўзнікла ў 1861 г. – Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі. У 1902 г. была створана першая партыя Беларусі – Беларуская рэвалюцыйная партыя, пазней БСГ (Беларуская сацыялістычная грамада). Да яе ўтварэння спрычыніліся: В.Іваноўскі, І.Луцкевіч, А.Луцкевіч, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі, В.Ластоўскі і інш.

Даследчык Т.Салавей адзначае, што склаліся розныя падыходы да разумення сутнасці палітычных партый. Сярод асноўных вылучае:

- ідэалагічны накірунак, калі партыя разглядаецца як ідэйная супольнасць, саюз ідэйных аднадумцаў, якіх аб'ядноўваюць агульныя погляды, інтарэсы і перакананні;

- арганізацыйны падыход, які падкрэслівае перадусім арганізацыйна-структурны аспект дзейнасці партыі, вылучаюцца наступныя прыкметы партыі: наяўнасць структуры, працяглы тэрмін існавання і г.д.;

- функцыянальны падыход, які прадугледжвае даследаванне палітычных дзеянняў, ролі і задач партый у палітычным механізме, іх удзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

Усе гэтыя падыходы да вызначэння партыі адлюстроўваюць значныя для яе жыццядзейнасці моманты. На падставе гэтага найбольш шырока распаўсюджана наступнае паняцце партыі.

Палітычная партыя – гэта арганізаваная група аднадумцаў, якая прадстаўляе інтарэсы часткі народа і ставіць перад сабою мэту іх рэалізацыі шляхам заваёвы дзяржаўнай улады ці ўдзелу ў яе рэалізацыі.

Асноўнымі прыкметамі палітычных партый з'яўляюцца:

а) сувязь з пэўным класам, супольнасцю, групай – наяўнасць сацыяльнай базы;

б) валоданне пэўнай праграмай дзейнасці;

в) наяўнасць арганізацыйнай структуры (сяброўства, субардынацыя органаў, партыйны аппарат і г.д.);

г) устаноўка на дасягненне палітычнай улады і дзеянні па яе практычнаму ўвасабленню.

Спецыфіка партыі як палітычнага інстытута – гэта яўная барацьба за палітычную, дзяржаўную ўладу. Менавіта гэтым палітычная партыя і адрозніваецца ад іншых грамадскіх аб'яднанняў (грамадскіх арганізацый і рухаў), якія таксама актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці, але не дамагаюцца прамога кантролю над урадавай уладаю.

Месца і роля партыі ў палітычнай сістэме шмат у чым вызначаецца яе функцыямі. Функцыі адлюстроўваюць асноўныя задачы і накірункі дзейнасці палітычнай партыі, яе прызначэнне ў грамадстве.

Функцыі палітычных партый:

а) прадстаўніцтва сацыяльных інтарэсаў;

б) выпрацоўка праграмных мэтаў;

в) фарміраванне грамадскай думкі, палітычная адукацыя і палітычная сацыялізацыя грамадзян;

г) удзел у барацьбе за ўладу і яе рэалізацыя;

д) падрыхтоўка і вылучэнне кадраў.

У межах гэтых функцый магчыма вылучэнне больш прыватных, канкрэтных задач. Змест, формы і метады ажыццяўлення адных і тых жа функцый могуць адрознівацца ў партый розных тыпаў.

Тып партыі – гэта паняцце, якое адлюстроўвае найбольш істотныя прыкметы пэўнай групы палітычных партый. Палітолаг Т.Салавей называе розныя крытэрыі, якія могуць быць пакладзены ў аснову тыпалогіі: сацыяльная база, ідэалагічны воблік, прынцыпы арганізацыі, метады дзейнасці і інш.

Тыпы палітычных партый:

а) У адносінах да існуючага парадку, зместу мэтаў і задач – рэвалюцыйныя партыі (радыкальныя якасныя пераўтварэнні грамадства), рэфармісцкія (паляпшэнне грамадскага жыцця шляхам рэформ), кансерватыўныя (захаванне ўстойлівых форм грамадскага жыцця), рэакцыйныя партыі (аднаўленне папярэдніх парадкаў і структур).

б) У адпаведнасці з характарам членства, прынцыпамі арганізацыі партыі – кадравыя, масавыя, партыі выбаршчыкаў.

в) Згодна ідэалагічнай накіраванасці – кансерватыўныя, ліберальныя, камуністычныя партыі, якія абапіраюцца на розныя рэлігійныя і нацыянальныя дактрыны.

г) Згодна месца ў сістэме дзяржаўнай улады – правячыя і апазіцыйныя; па ўмовах дзейнасці – легальныя, напаловулегальныя і нелегальныя.

д) Згодна прыярытэту каштоўнасцей – левыя, правыя, цэнтрысцкія, ультралевыя, ультраправыя, экстрэмісцкія.

У левых партый прыярытэты: абшчынны спосаб жыццядзейнасці людзей, грамадская ўласнасць, сацыяльная роўнасць, сацыяльная справядлівасць.

У правых: індывідуалізм, свабода, правы чалавека, бізнес, канкурэнцыя, прыватная ўласнасць.

 

2. Сутнасць і тыпы партыйных сістэм. Асаблівасці станаўлення партыйнай сістэмы ў Рэспубліке Беларусь

У працэсе сваёй дзейнасці палітычныя партыі ўступаюць ў пэўныя адносіны паміж сабою, а таксама з дзяржаваю і іншымі палітычнымі інстытутамі. У гэтым узаемадзеянні яны ўтвараюць партыйную сістэму.

Партыйная сістэма – аб'яднанне ўзаемазвязаных паміж сабою партый, якія імкнуцца да атрымання, утрымання і рэалізацыі ўлады, ці інакш кажучы, – сукупнасць існуючых у краіне партый і прынцыпаў узаемаадносін паміж імі.

Тры тыпы сістэм:

- аднапартыйныя (таталітарныя і сацыялістычныя рэжымы);

- двухпартыйныя (Вялікабрытанія, ЗША);

- шматпартыйныя (Італія, Літва, Польшча, ФРГ).

Характар і асаблівасці партыйнай сістэмы той ці іншай краіны абумоўлены шматлікімі фактарамі – раскладам сацыяльна-класавых сіл, ступенню палітычнай саспеласці грамадства, узроўнем палітычнай свядомасці і культуры, гістрычнымі традыцыямі, нацыянальным складам, рэлігійнай сітуацыяй і інш. Істотнае ўздзеянне на фарміраванне партыйнай сістэмы аказвае існуючае заканадаўства і перадусім выбарчыя законы.

Як сведчыць вопыт палітычнага развіцця, найлепшай формай і ўмоваю дэмакратычнага развіцця грамадства з'яўляюцца шматпартыйныя (двухпартыйныя) сістэмы. Іх выразнай асаблівасцю з'яўляецца адсутнасць манаполіі на ўладу з боку адной партыі і існаванне рэальнай палітычнай апазіцыі.

Асаблівасці станаўлення партыйнай сістэмы ў Рэспубліке Беларусь

Працэс стварэння і дзейнасці палітычных партый у нашай краіне рэгламентуецца Канстытуцыяй (Арт. 4,5), Законам аб палітычных партыях, дэкрэтам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь №2 (1999г.). У 1991 г. у Беларусі было 15 партый, 1995 г. – 34, 1998 – 46 і 1000 грамадскіх аб'яднанняў, 2000 г. – 18 партый.

На сённяшні дзень у Беларусі дзейнічаюць наступныя палітычныя партыі: Аб'яднаная грамадзянская партыя, Аграрная партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Беларуская партыя жанчын "Надзея", Беларуская партыя працы, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная грамада", Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя "БЭЗ", Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя "БНФ", Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя Беларускага народнага фронта, Партыя камуністаў Беларуская, Партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды.

Як адзначае палітолаг Я.Сапёлкін, беларускае грамадства знаходзіцца на шляху фарміравання шматпартыйнасці, якая развіваецца вельмі супярэчліва і мае свае асаблівасці. Па-першае, у Беларусі ствараецца не толькі новая палітычная сістэма, але і новыя эканамічныя адносіны. У сацыяльнай структуры грамадства пераважаюць залежныя ад дзяржавы работнікі. Колькасць уласнікаў вельмі невялікая. Пакуль што ў краіне адсутнічае паўнавартасная база для шматпартыйнасці. Па-другое, па колькаснаму складу большасць беларускіх палітычных партый малалікія. Прычыны гэтага розныя: недавер насельніцтва, перашкоды з боку ўладаў, страх людзей і г.д. Па-трэцяе, фарміраванне палітычных партый прыйшлося ў нашай краіне на перыяд татальнага крызісу грамадства, калі яшчэ не былі выяўлены інтарэсы і запатрабаванні сацыяльных груп, утварэнне партый апярэдзіла псіхалагічную падрыхтаванасць насельніцтва да ўсведамлення і ўспрыняцця перамен. На сёняшні дзень пераважная колькасць насельніцтва не ведае, якія партыі існуюць у дзяржаве, хіба за выключэннем БНФ і камуністаў.

Пры ўсёй адноснай шматвобразнасці партыйна-палітычнай палітры сённяшняга беларускага грамадства можна вызначыць тры групы палітычных партый:

а) партыі правага накірунку – у асноўным неаліберальнай, антыкамуністычнай і нацыянальна-патрыятычнай накіраванасці. Яны ў асноўным ставяць сваёй праграмнай мэтай развіццё Беларусі па заходнееўрапейскаму ўзору, захаванне незалежнасці і суверэнітэту. Гэта: КХП "БНФ, партыя БНФ, АГП;

б) дэмакратычныя партыі цэнтрысцкага характару, якія выступаюць за сацыяльна-арыентаваную рыначную эканоміку, правядзенне рэформ пры моцнай сацыяльнай абароне насельніцтва з боку дзяржавы. Гэта: БСДП "Народная грамада", СДП народнай згоды і інш.;

в) партыі левага накірунку – камуністычнай, сацыялістычнай арыентаванасці: ПКБ, КПБ, РПТ і С і іншыя.

Нягледзячы на шматлікія перашкоды з боку афіцыйных уладаў, у Рэспубліке Беларусь паступова ідзе працэс станаўлення шматпартыйнасці.

Разам з партыямі істотную ролю ў жыцці грамадства іграюць грамадскія арганізацыі і рухі.

 

3. Грамадскія арганізацыі і грамадскія рухі

У наш час не ўсе інтарэсы людзей могуць быць рэалізаваны праз дзяржаўныя структуры і палітычныя партыі. Усё большую ролю ў рашэнні жыццёва значных праблем адыгрываюць сацыяльна-эканамічныя і сацыяльна-культурныя грамадскія арганізацыі.

Вопыт сведчыць, што найбольшую сацыяльную падтрымку сёння грамадзяне аказваюць грамадска-палітычным аб'яднанням і арганізацыям, а не палітычным партыям.

Грамадская арганізацыя – гэта добраахвотнае аб'яднанне грамадзян на аснове агульнасці інтарэсаў, маючае адносна ўстойлівую арганізацыйную структуру, фіксаванае асабістае ці калектыўнае сяброўства.

Грамадскі рух – сумесная дзейнасць грамадзян, якія імкнуцца да дасягнення пэўнай агульнай мэты, але не маюць акрэсленай арганізацыйнай структуры і фіксаванага сяброўства.

Асаблівасцю грамадскіх арганізацый і рухаў з'яўляецца тое, што ўдзельнічаючы ў палітычным жыцці, яны не імкнуцца авалодаць уладаю. Агульным для іх ёсць выкарыстоўванне розных спосабаў уплыву і ціску на ўладу.

Прычыны ўзнікнення грамадска-палітычных арганізацый і рухаў: хуткае змяненне палітычнай, эканамічнай сітуацыі ў краіне; рэалізацыя запатрабаванняў чалавека ў грамадска-палітычнай дзейнасці; павышэнне ўзроўня інфарміравання грамадства; павышэнне ўзроўня адукаванасці насельніцтва; глабалізацыя эканомікі; узнікненне міжэтнічных супярэчнасцей.

Зыходзячы з розных прычын узнікнення сучасных грамадска-палітычных арганізацый і рухаў, палітолаг Я. Сапёлкін сгрупаваў іх згодна трох асноўных прыкмет:

1) Арганізацыі непасрэднага ўплыву на палітычныя рашэнні пры дзяржаўных структурах: лабісты, групы ціску, якія аказваюць уздзеянні на дэпутатаў парламента.

2) Арганізацыі, для якіх палітычная дзейнасць не з'яўляецца асноўнай: прафсаюзы, пацыфісцкі рух, абаронцы навакольнага асяроддзя, саюзы прадпрыймальнікаў, спажывецкі рух і г.д.

3) Масавыя, стыхійныя рухі, якія маюць спантанную прыроду: несанкцыянаваныя мітынгі і дэманстрацыі, негатыўныя масавыя эмоцыі.

Характэрнымі рысамі грамадскіх рухаў сучаснасці з'яўляюцца: шматвобразнасць сацыяльнай базы, сацыяльных груп і іх інтарэсаў.

Тыпічным для ўдзельнікаў руху ёсць: адносна малады ўзрост, даволі высокі ўзровень адукацыі, крытычныя адносіны да існуючага парадку, накіраванасць на агульначалавечыя праблемы, арыентацыя супраць глабалізацыі.

На першым этапе мэтай грамадскіх рухаў часцяком з'яўляецца пратэст альбо крытыка дзеянняў урада. Іх дзейнасць мае неаднародны характар, уключае розныя сацыяльныя накірункі і адрозніваецца арганізацыйнай няўстойлівасцю. Невысокая культура арганізацыйнай работы і недастатковыя ўменні кансалідаваць удзельнікаў руху па-за экстрэмальнымі ўмовамі патрабуюць стварэнне ўстойлівых грамадскіх арганізацый.

Сучасныя грамадска-палітычныя і дэмакратычныя рухі бываюць:

а) у залежнасці ад мэтаў руху: антываенныя і антыядэрныя рухі, рухі недалучэння, выступленні супраць расавай і нацыянальнай дыскрымінацыі, праваабарончыя рухі, за ахову навакольнага асяроддзя;

б) згодна падыходаў і стылю дзейнасці: масавыя рухі, групавыя і элітныя, рэфарматарскія, рэвалюцыйныя, выкарыстоўваючыя гвалт, адмаўляючыя гвалт;

в) з улікам памераў руху: мясцовыя, рэгіянальныя, нацыянальныя, міжнародныя, глабальныя.

Грамадскія арганізацыі шматвобразныя па формах дзейнасці і арганізацыі. У наш час вылучаюць наступныя тыпы грамадскіх арганізацый:

- на грунце грамадска-палітычных інтарэсаў: праваабарончыя, міратворчыя, антываенныя, таварыствы сяброўства (дружбы);

- у залежнасці ад асаблівасцей полаўзроставых груп: маладзёжныя, ветэранскія, студэнцкія;

- на грунце эканамічных інтарэсаў: прафсаюзы, кааператыўныя арганізацыі, прадпрыймальніцкія саюзы;

- на сацыяльнай аснове: працоўных, сялян, буржуазіі, шляхецкія сходы;

- згодна творчых інтарэсаў: гісторыка-асветныя, навукова-тэхнічныя, саюзы пісьменнікаў, рухі вучоных, урачоў, юрыстаў;

- прыродаахоўныя: экалагічныя арганізацыі, аховы і аднаўлення гістарычных помнікаў.

Агульным для гэтых арганізацый і рухаў з'яўляецца тое, што яны даволі актыўна ўдзельнічаюць ў палітычным жыцці і прыкметна ўплываюць на палітыку дзяржавы. Грамадскія арганізацыі і рухі выконваюць функцыі: выяўлення і задавальнення інтарэсаў і запатрабаванняў; сацыяльнай інтэграцыі і мабілізацыі; сацыяльныя; рэпрэзантатыўная; мадэліравання новых грамадскіх структур.

Яны адначасова выступаюць як своеасаблівыя групы інтарэсаў і групы ціску (уздзеянне на інстытуты публічнай улады).

Формы і метады ціску на органы ўлады:

- непасрэднае вылучэнне сваіх кандыдатур у органы ўлады;

- падтрымка (фінансавая) на выбарах партый і кандыдатаў;

- удзел у распрацоўке заканадаўчых актаў;

- удзел у працы парламенцкіх камісій, экспертных груп і г.д.;

- арганізацыя прапагандысцкіх кампаній у СМІ, збор подпісаў;

- мітынгі, страйкі, пікеты, дэманстрацыі.

Асобая форма прадстаўніцтва і абароны групавых інтарэсаў – лабізм – гэта любыя законныя спосабы ўплыву (ціску) на дзяржаву з мэтай абароны асаблівых інтарэсаў.

У сучасным жыцці акрамя грамадскіх арганізацый існуюць культурна-творчыя арганізацыі (клубы самадзейнай песні, выканаўчыя музыкальныя групы і г.д.) і нефармальныя аб'яднанні на падставе шырокага кола мэтаў і інтарэсаў, з развіццём Інтэрнэта ствараюцца кампутарныя клубы і г.д.

У наш час назіраецца працэс памяншэння ўплыву палітычных партый на грамадскае жыццё і ўзрастае роля грамадска-палітычных арганізацый і рухаў.

 

4. Дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў нацыянальных супольнасцей Беларусі

У 1999 годзе адбылася перарэгістрацыя ўсіх грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку і нацыянальных, у сувязі з Дэкрэтам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь за № 2 ад 36.01.99г. “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў”. У 2004 годзе ў Беларусi дзейнiчалі 122 грамадскія арганiзацыi i iх саюзы, якiя прадстаўляюць 24 нацыянальныя супольнасці (дарэчы ў нашай дзяржаве стала жывуць 107,8 тыс. грамадзян iншых краiн). Сярод арганiзацый – 47 яўрэйскiх, 12 польскiх, 9 нямецкiх, па 8 рускiх i лiтоўскiх, па 5 азербайджанскiх, украiнскiх i татарскiх, 3 армянскiх, 4 цыганскiх, па 2 грэчаскiх і грузiнскіх. У Беларусi таксама былі і ёсць нацыянальныя арганiзацыі арабаў, афганцаў, башкiр, дагестанцаў, казахаў, карэйцаў, латышоў, малдаван, сiрыйцаў, туркаў, чувашоў, эстонцаў.

Зроблены аналіз міжнародных, рэспубліканскіх, рэгіянальных аб’яднанняў наступных супольнасцей: рускіх, татар, палякаў, украінцаў, літоўцаў, цыган, азербайджанцаў, грузін, афганцаў, яўрэяў, немцаў, карэйцаў, грэкаў, казахаў, дазваляе пракаменціраваць статуты і вызначыць, у асноўным, агульныя тэндэнцыі ў накірунках дзейнасці нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў у Беларусі.

Найбольш, 89,2% ад агульнай колькасці прааналізаванных, займаюцца захаваннем нацыянальных традыцый і прапагандай сваёй культуры, шляхам стварэння калектываў мастацкай самадзейнасці, правядзення канцэртаў, конкурсаў, фестывалей, выстаў і г.д. 78,4% – прадстаўляюць розныя інтарэсы сваіх сяброў (членаў) у дзяржаўных і іншых установах. 54,1% займаюцца (ці плануюць займацца) захаваннем і прапагандай помнікаў гісторыі і культуры свайго народа. 45,9% – паставілі перад сабою мэту нацыянальнага адраджэння і развіцця культуры, каб захаваць самастоеснасць і пазбегнуць асіміляцыі. 40,5% – збіраюцца адстойваць сацыяльныя і эканамічныя правы, абараняць і дапамагаць суайчыннікам. 37,8% – садзейнічаюць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці. 32,4% абараняюць нацыянальныя і грамадзянскія правы, годнасць. 29,7% займаюцца праблемай адраджэння і развіцця роднай мовы, 21,6% – дабрачыннай дапамогай і ўшанаваннем памяці славутых асоб сваёй нацыянальнасці, ахвяр Халакосту і г.д. 18,9% – спрыяюць грамадскай актыўнасці асобам сваёй нацыянальнасці, даюць магчымасць для самарэалізацыі, раскрыцця свайго творчага патэнцыялу. Такі ж працэнт грамадскіх аб’яднанняў займаецца асветніцкай і адукацыйнай дзейнасцю (стварэннем нацыянальных школ, класаў па вывучэнню роднай мовы і г.д.). 16,2% імкнуцца да стварэння сваіх нацыянальных цэнтраў, каардынацыі намаганняў у справе захавання нацыянальнай саматоеснасці. 16,2% спрыяюць вывучэнню ўласнай гісторыі, займаюцца навуковай і даследчыцкай дзейнасцю, 13,5% – выдавецкай дзейнасцю (газеты “Истоки”, “Głos znad Niemna”, часопіс “Мишпоха” і інш.). 5,4% садзейнічаюць грамадзянскай самасвядомасці. 5,4% выступаюць за інтэграцыю з іншымі краінамі, 5,4% выхоўваюць пачуццё сваёй уласнай нацыянальнай выключнасці. 2,7% імкнуцца змагацца з шавінізмам і нацыяналізмам і столькі ж плануюць, для выканання статутных мэтаў і задач, выкарыстоўваць актыўныя метады грамадскіх дзеянняў: мітынгі, маніфестацыі, масавыя акцыі і г.д.

Мэты і праграмныя накірункі дзейнасці, канкрэтная праца па іх рэалізацыі некаторых аб’яднанняў нацыянальных супольнасцей Беларусі дазваляе пабачыць іх грамадскае і культурнае жыццё.

Адным з першых у Беларусі было зарэгістравана аддзелам культуры Мінгарвыканкама ў лютым 1990 г. таварыства "Палонія". У тым жа годзе быў утвораны Саюз палякаў Беларусі (СПБ). Самае масавае нацыянальнае грамадскае аб’яднанне ставіць перад сабою мэты нацыянальнага адраджэння, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, грамадскай актыўнасці палякаў Беларусі, абароны іх нацыянальных і грамадзянскіх правоў, выяўлення патрэб і праблем, абуджэння грамадзянскай самасвядомасці польскага насельніцтва Беларусі ў грамадскім жыцці, супрацьдзеяння шавінізму і нацыяналізму, развіццю патрыятызму і інш. З самага пачатку члены Саюза паводзілі сябе вельмі актыўна. Яны пісалі петыцыі, выстаўлялі пікеты каля абл- і райвыканкамаў, настойлівалі на сваіх патрабаваннях. Іх намаганнямі ў Лідзе быў пастаўлены помнік А.Міцкевічу, у Вілейке – памятнік легіянерам Ю.Пілсудскага. Прыкладалісь намаганні аб’яднаць дэпутатаў–палякаў у Вярхоўным Савеце 12 склікання (іх было каля 30), але з гэтага нічога не атрымалася.

Саюз Палякаў на Беларусі быў перарэгістраваны 29 чэрвеня 1997 года Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У студзені 1998 года на тэрыторыі Беларусі меліся: Дамы Паляка (у якасці матэрыяльнай базы СПБ) у Гродна, Лідзе, Магілёве, Баранавічах, Браславе, Шчучыне, Ашмянах, в. Камелішкі Астравецкага раёна, г.п. Поразава, в. Вішнява Валожынскага раёна; польскія бібліятэкі ў Гродна, Лідзе, Ваўкавыску, Навагрудку, Ашмянах, в. Кемелішках, Мінске, Магілёве, Віцебске, Браславе, Шчучыне, Баранавічах, Поразаве, в. Вішнява.

У 1998 годзе грамадскае аб’яднанне мела структуры у 6 абласцях, 51 раёне, 150 вясковых мясцовасцях, налічвала каля 30 тысяч членаў. СПБ аб’ядноўваў 65 польскіх самадзейных калектываў (з іх 40 у Гродзенскай вобласці): хары, вакальныя групы, ансамблі спеваў і танцаў, танцавальныя калектывы, вакальна–інструментальныя ансамблі, фальклёрныя групы. У 1997 годзе быў заснаваны ў Гродна польскі тэатр (кіраўнік В.Сілкін). Вопратку для калектываў шылі за ўласны кошт, толькі ансамблю спеваў і танцу “Ютшэнка” г. Ваўкавыска пашыў фінансаваў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. У 1997–1998 гг. СПБ ініцыіраваў справу аб прызнанні ветэранамі вайны грамадзян Беларусі, якія служылі ў фарімараваннях Арміі Краёвай. Саюз палякаў неаднаразова звяртаўся ў Навагрудскі райвыканкам з прапановамі дапамогі ўладам у справе фінансавання пабудовы польскай школы ў Навагрудку.

Пад эгідай ГА СПБ дзейнічаюць больш дзесяці структур, у тым ліку: маладзёжныя, студэнцкія, польскае навуковае таварыства, Таварыства польскіх гісторыкаў, Таварыства медыцынскіх сясцёр і акушэраў, Таварыства народных майстроў, Таварыства польскіх мастакоў, Польскае таварыства ўрачоў на Гродзеншчыне, Таварыства жаўнераў Арміі Краёвай, Таварыства польскіх ветэранаў, Таварыства палякаў – ахвяр палітычных рэпрэсій, Спартыўны клуб ”Баторы”, Гандлёва– прамысловая палата, камітэты памяці А.Міцкевіча і Э.Ажэшка і інш. “Саюз польскага харцарства на Беларусі”, які дзейнічае пры СПБ, ставіць сваёй асноўнай задачай – выхаванне грамадзянскай пазіцыі ў маладога пакалення, пачуцця клопату і адказнасці за лёс сваёй дзяржавы – Беларусі. Пры СПБ таксама дзейнічае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Мацер школьная” (спецыялізіруецца на адукацыйных праграмах). ГА СПБ мае ўласны друкаваны орган – штотыднёвую газету “Głos znad Niemna”.

23 чэрвеня 1991 года на свяце Курбан–Байрам у Іуі, дзе прысутнічалі шматлікія пасланцы з усіх раёнаў і абласцей Беларусі, было вырашана стварыць рэспубліканскае згуртаванне татар–мусульман на Беларусі “Аль–Кітаб”.

Напрыканцы 1993 г. была створана і зарэгістравана палітычная партыя – Польскае дэмакратычнае аб’яднанне (ПДА). У яе дакументах былі вызначаны наступныя задачы партыі: дэмакратызацыя, рэфарміраванне грамадства; умацаванне незалежнасці Беларусі, стварэнне спрыяльных умоў жыцця насельніцтву, асабліва нацыянальным меншасцям, у тым ліку і палякам. У 1994 годзе ў барацьбу за пост прэзідэнта ўключаўся старшыня ПДА Э.Ахрэм, які не сабраў неабходную колькасць подпісаў грамадзян для сваёй рэгістрацыі ў якасці кандыдата. У ходзе перарэгістрацыі партый і грамадскіх аб’яднанняў у 1995 г. ПДА не стала перарэгістроўвацца і знікла з палітычнай арэны.

27 кастрычніка 1997 года ў Беларусі быў зарэгістраваны статут Кангрэса Палякаў. З статута бачна, што асноўнымі мэтамі гэтага нацыянальнага аб’яднання былі: каардынацыя дзейнасці і ўсялякае садзейнічанне развіццю арганізацый, якія павінны былі ўваходзіць у склад Кангрэса; абарона нацыянальных і грамадзянскіх правоў палякаў, якія жылі ў Рэспубліке Беларусь; нацыянальнае адраджэнне, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, садзейнічанне грамадскаму пад’ёму палякаў Беларусі; адраджэнне польскай мовы, польскамоўнай адукацыі; адраджэнне і развіццё польскай культуры і польскіх традыцый сярод палякаў Беларусі. Кангрэс палякаў ставіў перад сабой задачы: абуджэння грамадзянскай самасвядомасці польскага насельніцтва Рэспублікі Беларусь у грамадска–палітычным і эканамічным жыцці; выхавання патрыятызму і павагі да гісторыі і г.д. Такім чынам, можна адзначыць, што гэтае аб’яднанне ставіла перад сабою мэты актыўнага ўдзелу ў грамадска–палітычным жыцці нашай дзяржавы і як вынік - на 01.01.2004 г. Кангрэс Палякаў не значыцца ў спісе афіцыйна зарэгістраваных уладамі аб’яднанняў нацыянальных супольнасцей Беларусі.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на пачатак 2005 года органамі юстыцыі былі зарэгістраваны 8 грамадскіх аб'яднанняў, створаных польскай грамадскасцю Беларусі. У рэспубліцы на польскай мове выдаюцца 4 газеты і 2 часопіса, вядзецца выкладанне ў школах і спецыялізаваных класах. Згодна афіцыйных дадзеных у 2004 годзе на ўтрыманне школ і класаў з польскай мовай навучанне было выдаткавана 731,424 млн рублёў (335515, 59 даляраў ЗША).

У 2005 годзе польскую нацыянальную супольнасць у прадстаўнічых і заканадаўчых органах Беларусі прадстаўлялі 687 (21,6% ад агульнай колькасці) дэпутатаў мясцовых саветаў, па 2 – у Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі.

За грамадзянскія правы выступаюць грамадскія аб’яднанні немцаў “Айнтрахт” (г. Ліда), грэкаў “Пелапанэс”, азербайджанцаў “Хазар”, грузінаў “Іберыя”, цыган (г. Ашмяны).

ГА “Беларуская цыганская дыяспара” паставіла перад сабою мэты – дамагацца кампенсацыі ахвярам Халакоста, забяспячэнне сацыяльнага статуса і працаўладкавання ромскага насельніцтва, юрыдычнай абароны цыган і вырашэння праблем крымінальнай сітуацыі ў цыганскім асяродку і інш. Варта адзначыць, што падчас перапісу насельніцтва 1999 года 77,5% цыган назвалі сваёй нацыянальнай мовай цыганскую (гэта другая пазіцыя пасля беларусаў). У Мінску зарэгістраваны і дзейнічаюць 1 міжнароднае і 2 рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднання цыган, у г.п. Ашмяны – раённае. Згодна інфармацыі ГА “Беларуская цыганская дыяспара” тры прадстаўніка цыганскай нацыянальнасці вылучаліся ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. У снежні 2004 года выйшаў першы нумар інфармацыйнага бюлетэня ГА “Беларуская цыганская дыяспара” пад назвай “Романолав” (“Цыганскае слова”). У нашай дзяржаве добра вядомы ансамблі цыган (2004г.): “Джана Рома” з Ашмян, “Тэрнэ Бэрша” з Магілёва, “Гіля Ромэн” з Лельчыц і іншыя.

Найбуйнейшая этнічная група Беларусі прадстаўлена рускімі. У сацыяльна–палітычным і нацыянальным аспектах рускаму насельніцтву адкрыты шырокія магчымасці і перспектывы для рэалізацыі этнічных і моўна–культурных патрэб. Руская мова з’яўляецца другой дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь. У краіну паступае расійская прэса, выходзяць мясцовыя рускамоўныя выданні, існуюць тэатры, на рускай мове вядуцца праграмы радыё і тэлебачання, ажыццяўляецца навучанне ў школах і ВНУ. Зарэгістраваны і дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні, якія аб’ядноўваюць асоб рускай нацыянальнасці. Найбуйнейшае – “Рускае таварыства”, якое ставіць мэтай захаванне і прапаганду рускай культуры.

За інтэграцыю з іншымі дзяржавамі і выхаванне ўласнай нацыянальнай выключнасці выступаюць пра–славянскія і некаторыя рускія яб’яднанні, як афіцыйна зарэгістраваныя, так і не прайшоўшыя рэгістрацыю. Так, у статуце ГА “Паслы славянства” былі зафіксаваны наступныя задачы: інтэграцыя з Расіяй; распаўсюджванне праўдзівай інфармацыі аб славянскай культуры; падтрымка дзеячоў культуры, якія падвергліся нападу за абарону нацыянальнай (чытай рускай) культуры і г.д. Мэты і задачы Віцебскага ГА “Руская абшчына” яшчэ болей красамоўныя, якія добра бачны, як з выказванняў іх лідараў, так і з праграмных артыкулаў, якія былі надрукаваны ў газеце “Истоки”. Апошняя выдаецца на сродкі Віцебскага грамадскага аб’яднання “Руская абшчына”. Газета была зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь (Пасв. № 2092 ад 19.06.2003г.).

Лідар ВГА “Руская абшчына” А.У.Краўцоў на старонках газеты ў артыкуле “Мы ставим цель” размясціў праграмныя мэты рускіх абшчын: “...воспитание у русских, белорусов и украинцев чувства принадлежности к единому и неделимому русскому народу; воспитание русского патриотизма – каждый русский человек должен помнить, что его поле Куликово – та русская земля, на которой он живёт …пропаганда достижений нашей общерусской культуры; осознание подлинного величия русского народа как последнего оплота добра и справедливости, противостоящего мировому злу;...воспитание чувства ответственности у русских людей завсю Русскую землю и за каждого русского человека; …осознание происходящего геноцида людей русской национальности…”

Праявы нацыянальнага экстрэмізму заўважаліся і ў дзейнасці некаторых украінскіх аб’яднанняў. Кіраўніцтва грамадскага аб’яднання “Прасвіта Берасцейшчыны” імя Т.Шаўчэнкі, Украінскага грамадска-культурнага аб’яднання Брэсцкай вобласці, рэдакцый газет “Берасцейскі край” і “Голас Берасцейшчыны” неаднаразова бяздоказна абвінавачвалі ў надрукаваных матэрыялах Рэспубліку Беларусь у прымусовай асіміляцыі і дыскрымінацыі украінцаў, тым самым ствараючы падставы для ўзнікнення міжнацыянальнай напружанасці. Спецыялісты Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (КСРН) адзначалі, што з боку асобных украінскіх аб’яднанняў гучалі зняважлівыя выказванні наконт тытульнага этнасу-беларусаў, іх мовы, заклікі да перагляду дзяржаўных межаў.

Аб гэтым сведчаць наступныя факты. Так, у № 6 (6) за 1996 год газеты “Берасцейскі край” сцвярджалася, што ў Беларусі “вядзецца антыукраінская кампанія”. У № 1 (10) за 1997 год была выказана думка, што “тэрыторыя Брэсцкай вобласці незаконна ўвайшла ў склад БССР”. На старонках газеты адзначалася, што: “…у Беларусі пражывае звыш 1 млн. украінцаў”, “…Берасцейшчына – этнічна ўкраінская зямля” (№30 (39)), “…Берасцейшчына заселена этнічнымі ўкраінцамі” (№ 33 (42)), “…паўсюль у сельскай мясцовасці Брэсцкай вобласці людзі размаўляюць на ўкраінскай мове”, “…украінцы не могуць без праблемаў чытаць украінскую прэсу, нармальна вучыць дзяцей у ўкраінскіх школах” (№ 34 (43)), “…практычна з пасляваеннага часу да сёння ідзе метадычная паступовая работа па асіміляцыі народу ўкраінскай Берасцейшчыны” (№ 36 (45), 13.09.97г.). Ініцыятары ўкраінскага руху Брэсцкай вобласці заяўлялі аб пачатку складання “негатыўнага рэестру” тых асобаў, якія выказвалі ці выказваюць сваю нязгоду са спробамі ўкраінізацыі Берасцейшчыны. Гэта справа распачалася на старонках, створанага ў 1996 годзе, “Слоўніка Берасцейшчыны” (аўтар В.Леанюк). У ім Берасцейшчына названа “украінскім краем”, а на 6 старонцы змешчана наступнае: ”мы павінны знайсці і памятаць ненавіснікаў украінства палескага... у такім памеры ведаць як ведаем нацыянальных герояў, светлых патрыётаў”.

Дзіўным, калі не сказаць антыбеларускім, выглядае выступ кіраўніка Маларыцкага філіялу ГА “Прасвіта Берасцейшчыны” В.Харсюка на II Сусветным форуме ўкраінцаў. У сваёй прамове, сярод іншага, ён сцвярджаў: ”Наша беларуская дзяржава стараецца скрыць нацыянальную прыналежнасць палескага народу, варожа ставіцца да тых, хто дамагаецца засвядоміць палешукоў, што яны ёсць украінцы, а не якая-небудзь там невядомая мешаніна, мужыкі і гавораць па-маларыцкі, ці па-мясцоваму”. В.Харсюк звярнуўся наконт Берасцейшчыны да ўкраінскага кіраўніцтва, якое знаходзілася на форуме, з запытам - ”чаму яно, маўляў, не ведае дзе праўдзівая ўкраінская мяжа”.

Кіраўніцтва ГА “Прасвіта” на старонках газеты “Берасцейскі край” дазваляла сабе ні ў чым не апраўданыя выказванні ў бок беларусаў: “Спробы беларусізацыі края па сваёй маральнасці нічым не адрозніваюцца ад спробаў русіфікацыі і паланізацыі” (№ 37 (46), 20.09.97г.). Кіраўнік праўлення аб’яднання “Прасвіта” А.Пархач на сустрэчы з украінскімі дыпламатамі заявіў: “Беларускія вучоныя ігнаруюць навуковае абгрунтаванне вывучэння мовы палескага рэгіёну, безпадстаўна залічваючы гаворкі нашага люду да беларускай мовы” (№ 39 (48), 01.11.97г.). Ён жа на старонках газеты сцвярджаў, што “ідэя агульнага Беларускага Дома і Беларускай Дзяржавы – ідэалагічна штучная”. У той жа час, кіраўніцтва ГА “Прасвіта” у сваіх лістах да Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей адзначна трактавала гэтую ідэю “як вельмі добрую”. Не на карысць узаемаразумення і згоды наступныя выказванні: “хвароба беларускага песнякрадства не ведае дзяржаўных межаў”, “у песнях Берасцейшчыны немагчыма знайсці ніводнага сапраўднага беларускага слова” (№ 40 (49), 08.11.97г.). Дарэчы, варожа ставілася кіраўніцтва ГА “Прасвіта” і да сваіх, нязгодных у чымсці з імі. Напрыклад, да Беларускай асацыяцыі ўкраінцаў “Ватра”.

З 1995 года бярэ пачатак дзейнасць ГА “Цэнтр украінскай культуры “Січ” (перарэгістраваны ў 1999 г.) у г. Мінску. Кіраўнік – Логвін В.П.

Аб’яднанне было ўтворана з мэтай – садзейнічаць захаванню і развіццю ўкраінскай культуры, самаідэнтыфікацыі ўкраінскага этнаса ў Рэспубліке Беларусь, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай памяці, стварэнню ўмоў для нацыянальна–культурнага развіцця.

Пры цэнтры “Січ” дзейнічае хор украінскай песьні “Крыніца” (з 1998 г. мае званне народнага), да 2002 г. існаваў дзіцячы танцавальны ансамбль, да 2001 г. функцыяніравалі школа выхаднога дня і “Клуб сяброў Украіны”.

ГА “Цэнтр украінскай культуры “Січ” правёў у 1999, 2002 гг. V і VI рэспубліканскія фестывалі мастацтваў украінцаў Беларусі. Сябры цэнтра прымалі ўдзел у правядзенні года Т.Шаўчэнкі ў Беларусі і “Дзён Кіева” у 2002–2003 гг., ва ўсіх рэспубліканкіх фестывалях нацыянальных культур Беларусі, прычым хор “Крыніца” у 2000 г. атрымаў званне лаурэата.

У 1996 годзе быў ўтвораны ў г. Брэсце Украінскі навукова–педагагічны саюз Беларусі “Берагіня” (перарэгістраваны ў 1999 годзе 6 кастрычніка). Кіраўнік – Дарашко Л.С.

Мэта аб’яднання – яднанне педагагічных, навуковых і культурных дзеячоў Беларусі ў справе развіцця сістэмы ўкраінскай адукацыі, вывучэння ўкраінскай мовы, культуры, народнай творчасці і нацыянальных традыцый ураінцаў. Пры аб’яднанні дзейнічаюць: Украінскі студэнцкі эксперыментальны тэатр “Арт – Майдан”, турыстычны клуб “Энергія”.

Да найбольш значных мерапрыемстваў “Берагіні” за 1999–2004 гады варта аднесці: штогадовыя Шаўчэнкаўскія чытанні; правядзенне экскурсіі на Тарасаву гару (г. Канеў, 2000 г.); арганізацыя і правядзенне штогадовых турыстычных вандровак (Карпаты, Крым); штогадовыя тэатральныя вечары; падрыхтоўка і выданне вучэбных дапаможнікаў – Дорошко Л.С. Початковий курс украïнськоï мови. Фонетика.– Брест, 2000; Дорошко Л.С. Практичний курс украïнськоï мови (Лексика).–Брест, 2004.

3 мая 1994 г. у рэспубліцы дзейнічае Абшчына беларускіх літоўцаў. Acноўнымі мэтамі таварыства з’яўляюцца пашырэнне сувязяў паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці, культуры, нацыянальнай самасвядомасці, мовы і звычаяў сярод літоўскага насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

У вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці вялося будаўніцтва Літоўскага нацыянальнага культурнага цэнтра на сродкі Літвы. Заказчыкам будаўніцтва было Рэспубліканскае ГА “Беларуская абшчына літоўцаў”. У 1996 годзе было завершана будаўніцтва школы, 7 дамоў для настаўнікаў; 1997г.- пабудаваны інтэрнат на 70 месц, сталоўка, дзіцячы сад; 1998г. – кацельная, зроблена ацяпленне. У 2000 годзе было завершана будаўніцтва дома культуры.

У красавіку 1991 г. з мэтай адраджэння яўрэяў Рэспублікі Беларусь як нацыянальнай, так і культурнай супольнасці, іх кансалідацыі было cтворана Беларускае аб'яднанне яўрэйскіх арганізацый і абшчын (БАЯАА). У аб'яднанне увайшло звыш 135 арганізацый і суполак з 16 гарадоў краіны. За час свайго існавання аб’яднаннем адкрыты 14 нядзельных школ па вывучэнню мовы і культуры яўрэйскага народа, дзве агульнаадукацыйныя школы (у Мінску і Магілёве). Намаганнямі таварыства выдаецца 4 яўрэйскія газеты і спецыяльная газета для моладзі. Адкрыты яўрэйскі народны ўніверсітэт. У Мінску і Магілёве працуюць дзіцячыя садкі.

У Беларусі працуюць дабрачынныя цэнтры “Хэсэд–Рахамім” (Мінск), “Хэсэд–Раха” (Віцебск), “Хэсэд–Бація” (Гомель), “Хэсэд–Барух ”(Магілеў), а таксама асобныя группы міласэрнасці (Барысаў, Ліда, Мазыр, Орша, Рэчыца, Брэст і інш.). Першая группа міласэрнасці ў рэспубліке ўзнікла ў Мінскім гарадскім аб’яднанні яўрэйскай культуры ў 1989 годзе. Актывісты гэтай групы аказывалі дапамогу адзінокім яўрэям і ляжачым інвалідам усіх нацыянальнасцей, якія знаходзіліся ў Доме інвалідаў (Дражня). З дапамогаю Джойнта на аснове гэтай группы ў 1991г. была спачатку створана дабрачынная арганізацыя “Рахамім”, затым пераўтвораная ў лютым 1995 года ў цэнтр “Хэсэд–Рахамім” (дырэктар – С.Абрамава). Асноўная праца цэнтра робіцца добраахвотнікамі (валанцёрамі). Створана шырокая сетка патранажнай службы. Сярод накірункаў дзейнасці – пракат медыцынскага абсталявання, дапамога адзінокім у быту, прыбіранне кватэр, дагляд за хворымі, абеды на даму, паслугі цырульніка, дробны рамонт, медыцынскія кансультацыі ўрачоў – спецыялістаў, размеркаванне лекаў, праца клубаў і гурткоў па інтарэсах, вывучэнне традыцый, правядзенне святаў і інш.

Згодна інфармацыйнай даведкі аб Міжнародным грамадскім аб’яднанні дагестанцаў “Очаг” (старшыня праўлення Х.Г.Асадулаеў), аб’яднанне было зарэгістравана ў Рэспубліке Беларусь 5.09.2002 года (рэг. № 01125). У склад аб’яднання у Беларусі ўваходзіць каля 300 чалавек, сярод якіх прафесары, дацэнты, дактары навук (эканомікі, медыцыны), кандыдаты навук (філолаг і філосаф); прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – вядомыя мастакі і музыканты; спартсмены – прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіёны свету, Еўропы і Беларусі; дзяржаўныя служачыя, кіраўнікі прадпрыемстваў і бізнесмены.

Неабходна ведаць, што грамадскія аб’яднанні нацыянальных супольнасцей Беларусі не толькі спажыўцы з “кішэні” падаткаплацельшчыкаў альбо краін сваёй этнічнай радзімы. Яўрэйскія, польскія, нямецкія і іншыя аб’яднанні аказвалі неаднаразова гуманітарную дапамогу дзяржаўным установам, інтэрнатам Беларусі. Напрыклад, пасля правядзення фестывалю “Усходні слодыч” значныя сродкі былі пералічаны інтэрнатам Мінска, на пабудову Нацыянальнай бібліятэкі; грамадскае аб’яднанне немцаў з Бабруйска падаравала аргтэхніку савету па справах рэлігій і нацыянальнасцей Магілёўскага аблвыканкама і інш.

Неабходна адзначыць, што амаль усе мерапрыемствы, якія праводзіліся і праводзяцца грамадскімі аб’яднаннямі нацыянальных супольнасцей Беларусі ў асноўным культурна–асветніцкага накірунку.

Статуты значнай часткі грамадскіх аб’яднанняў падобныя з пункту гледжання мэт і задач. У асноўным яны плануюць культурна–асветніцкую дзейнасць, захаванне традыцый свайго народа, прапаганду культуры, вывучэнне гісторыі. Усё гэта павінна спрыяць адраджэнню і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці. Заканадаўства Беларусі паціху звяло грамадскія аб’яднанні да статусу клубаў па інтарэсах, дазваляючы ў статутах прадугледжваць і адстойваць інтарэсы толькі членаў аб’яднання, а не ўсіх асоб пэўнай нацыянальнасці.

Аб’яднанні маюць статус грамадскіх і, натуральна, гэта абавязвае іх займацца грамадскай дзейнасцю не толькі ў галіне мастацтва. Нягледзячы на тое, што не ва ўсіх статутах маюцца накірункі развіцця грамадзянскай актыўнасці, абароны нацыянальных і грамадзянскіх праў, абароны нацыянальнай годнасці і самасвядомасці і г.д., шэраг аб’яднанняў займаецца падобнай дзейнасцю. Так у сакавіку 2005 года ў Магілёве была створана Каардынацыйная Рада грамадскіх і нацыянальных аб’яднанняў, палітычных партый і прафсаюзных арганізацый горада. Мэтай яе стварэння была каардынацыя дзеянняў грамадскіх аб’яднанняў, выпрацоўка прапаноў для органаў дзяржаўнай улады, мясцовага самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый наконт развіцця сацыяльнай і грамадскай актыўнасці грамадзян. У склад бюро Рады ўвайшлі прадстаўнікі 7 грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Старшынёй Рады стаў У.Шэлектар, старшыня грамадскага аб’яднання “Магілёўская яўрэйская абшчына”.

Аналіз грамадска–палітычнага і культурна–асветніцкага жыцця Рэспублікі Беларусь дазваляе ўбачыць, што прадстаўнiкi нацыянальных супольнасцей адыгрываюць значную ролю ў дзейнасцi грамадскіх аб’яднанняў, уладных структур, навуковых, культурна–асветных устаноў Беларусi, аказваюць значны ўплыў на развiццё грамадскага i культурнага жыцця рэспублікі. Прадстаўнікі нацыянальных супольнасцей Беларусі займаюць высокія статусныя пазiцыi ў сацыяльнай структуры, эканомiцы, палiтыцы i культуры беларускага грамадства. Прычым, у пэўных выпадках яны адыгрываюць больш адчувальную ролю ў грамадска–палітычным і гаспадарчым жыцці Беларусі, нярэдка нават большую, чым карэннае насельніцтва. Можна сцвярджаць, што сярод нацыянальных супольнасцей найлепш палітычна і культурна арганізаваным з’яўляецца польскае, яўрэйскае, украінскае насельніцтва. Яно больш актыўна ўключаецца ў новыя грамадска–палітычныя працэсы. Латышскае, літоўскае, нямецкае, рускае, цыганскае насельніцтва больш пасіўна, часцяком актывізуючы працу пры ўмовах фінансавання з боку.

Дзякуючы эфектыўнай дзейнасці нацыянальных супольнасцей, іх грамадскіх аб’яднанняў, будзе забяспечана адна з галоўных умоў працякання натуральных працэсаў сацыяльных змен – заахвочванне рэгіянальных і нацыянальна–культурных аб’яднанняў, падтрымка нацыянальных дзяржаў і ўтварэнняў, нацыянальных культур і традыцый.

 

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.018 сек.)