АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Уводзіны

Читайте также:
  1. УВОДЗІНЫ
  2. Уводзіны

 

Прапануемы дапаможнік з’яўляецца першаю часткаю курса «Асновы археалогіі», які павінен сфарміраваць у студэнтаў-гісторыкаў уяўленне пра археалогію як састаўную і галоўную частку гістарычнай навукі, закліканай у першую чаргу аднаўляць дапісьмовы перыяд гісторыі чалавецтва і ў значнай ступені дапаўняць тыя перыяды і раздзелы гісторыі, дзе пісьмовых крыніц яўна недастаткова для рэканструкцыі гістарычнага мінулага. Для асвятлення гэтага курса выкарыстоўваюцца матэрыялы розных эпох, краін і рэгіёнаў, але пераважна еўрапейскіх. У нязначнай ступені, наколькі гэта неабходна, каб праілюстраваць тую ці іншую з’яву, дапасуецца матэрыял афраазіяцкага рэгіёна і Новага свету.

Прапануемы дапаможнік мае назву «Уводзіны у археалогію». Гэтая частка курса у нашых лекцыях займае прыкладна адну трэць часу. Яна знаёміць студэнта-першакурсніка, па сутнасці яшчэ учарашняга выпускніка школы, з новай для яго навукаю, пра якую ён мае самыя павярхоўныя веды, атрыманыя ім са школьных падручнікаў, тэлевізійных праграм і інтэрнета.

Уводзіны ў археалогію маюць за мэту азнаёміць студэнтаў з узнікненнем і станаўленнем самога паняцця «археалогія», з аб’ектам даследавання гэтай навукі – відамі археалагічных помнікаў. Паказаць, як гэтыя помнікі выяўляюцца, фіксуюцца, пераўтвараюцца ў археалагічныя і гістарычныя крыніцы, на падставе якіх затым ствараюцца навуковыя працы па гісторыі. Паказаць, якое месца займае археалогія у сумежжы іншых навук і яе узаемадзеянне з гэтымі навукамі. У дапаможніку звяртаецца ўвага на спецыфіку археалагічных помнікаў і крыніц, якія, у сапастаўленні з іншымі помнікамі і крыніцамі, маюць канчатковы рэсурс. Таму адзін з раздзелаў дапаможніка і прысвечаны пытанням аховы і захаванасці помнікаў археалогіі.

Выданняў з назваю «Введение в археалогию» і беларускамоўны варыянт «Уводзіны у археалогію» на сёння вядома ўжо сем. Гэта найперш «Введение в археалогию» С.А. Жэбелева у двух частках, што выйшла яшчэ ў 1923 годзе. Першая частка гэтага выдання прысвечана гісторыі археалогіі, яе нараджэнню ў антычную пару і першым крокам, як навукі, ужо ў Новы час. Асобны раздзел гэтай кнігі прысвечаны нават тэрміналогіі, у прыватнасці тлумачэнню паняцце «археалогія». Нададзена увага і метадалогіі археалогіі. Ёсць інфармацыя пра дзейнасць Археалагічнай камісіі, Археалагічныя з’езды, Таварыствы і выданні па археалогіі.

Другі том гэтых уводзінаў прысвечаны тэорыі і практыцы археалагічных ведаў. У гэтым томе ёсць такія цікавыя і па сёння раздзелы як «прадмет археалогіі», «выпадковыя знаходкі», «рабаўнічыя раскопкі» – у разуменні дня сённяшняга, гэта чорная археалогія, «навуковыя раскопкі» і самае галоўнае, «Ахова і захаванне помнікаў». Ёсць раздзелы прысвечаныя выяўленню і фіксацыі помнікаў археалогіі (апісанню, складанне плана і інш.), раздзелы, прысвечаныя ролі археалогіі сярод сумежных дысцыплін (гісторыі, этналогіі і інш.). Нават ёсць раздзел «практычная і тэарытычная археалогія», «патрыятычная», і «міжнародная» археалогія. Выданне С.А. Жебелева «Уводзіны у археалогію» і па сёння з’яўляецца лепшым у гэтым рэчышчы. [гл. Жебелев С.А. Введение в археалогию. Часть I и часть II. Петроград, 1923].

У 1940 г. выйшлі уводзіны ў археалогію А.У. Арцыхоўскага. У гэтым выданні ўласна ўводзінам адведзена толькі пару старонак. Асноўны ж аб’ём кнігі прысвечаны кароткаму агляду археалагічных культур ад ніжняга палеаліта і да археалогіі Масквы. У гэтай кнізе прысутнічаюць раздзелы па антычнай археалогіі, еўрапейскага і мусульманскага сярэднявечча. У 1941 г. выйшла другое выданне ўводзінаў у археалогіі А.У. Арцыхоўскага, прызначанае для студэнтаў-завочнікаў. А ў 1947 г. – трэцяе, перапрацаванае і дапоўненае [гл. Арцыховский А.В. Введение в археалогию. М., 1947]. Выданне і па сённе цікавае сваім зместам менавіта па антычнай археалогіі, гальштату і латэну, археалогіі сярэднявечча Заходняй Еўропы і Усходу.

У 1960 г. ў перакладзе з англійскай мовы на рускую выйшлі ўводзіны ў археалогію С.К. Дыкшыта. Прыблізна чацвёртая частка гэтага выдання прысвечана вызначэнню паняцця «археалогія» і раскопам. Астатняе – археалогіі каменнага, меднага, бронзавага і жалезнага вякоў Блізкага Усходу, Індыі і ў невялікай ступені культуры Крыта [гл. Дикшит С.К. Введение в археологию / пер. с англ. М.Б Граковой-Свиридовой. М., 1986]. Найбольшую цікавасць у гэтай кнізе на дзень сённяшні ўяўляе раздзел па гісторыі станаўлення паняцця «археалогія» і метадах палявых даследаванняў.

У 1996 г. у перакладзе на беларускую мову выйшлі ўводзіны ў археалогію Фэйгана Браена [гл. Фэйган Б. Уводзіны ў археалогію / пер. с англ. В. Мірончык, А. Сташкевіч; пад навук. рэд. С. Тарасава. – Мн., 1996]. Па сутнасці гэта скарочаны варыянт рускамоўнага выдання Фоган Б., Де Корс К. «Археология. В начале», якое выйшла ў свет ў 2007 г. у Маскве. Выданне досыць цікавае і карыснае. У ім ёсць раздзелы, прысвечаныя нараджэнню гэтай навукі, археалагічнаму пошуку і даследаванню. Ёсць раздзелы «жывая археалогія» і «эксперыментальная археалогія». Даволі карысным з’яўляецца змешчаны ў гэтай кнізе гласарый, дзе утрымліваюцца кароткія звесткі пра навуковыя паняцці, звязаныя з археалогіяй.

І нарэшце ў 2009 г. выйшла першае, уласна нацыянальнае выданне уводзінаў ў археалогію В.М. Ляўко [гл. Левко О.Н. Введение в археологию: пособие / Могилев: УО «МГУ им. А.А. Кулешова», 2009]. У выданні чатыры раздзелы: «Археология, ее место и значение в системе исторических наук, процедура научного исследования в археологии, понятийный аппарат науки, археологическая и историческая хронология и периодизация». Пытанні да экзаменаў і дадатак. Мы б узялі на сябе смеласць заўважыць, што гэтае выданне, ня гледзячы на яго малады узрост, усё ж саступае уводзінам у археалогію С.А. Жэбелева. Асобныя фармулёўкі ў гэтым выданні не вызначаюцца дакладнасцю, часам няма канкрэтных прыкладаў, да таго ж яно напісана цяжкай для успрыняцця студэнтам-першакурснікам моваю. Будзем расцэньваць гэтае выданне, як першую спробу такога кшталту ў Беларусі.

На нашу думку, уводная частка да агульнага курса па археалогіі добра пададзена, хаця і сцісла, у вучэбна-метадычным комплексу Д.У. Дука [гл. Дук Д.У. Археалогія: вучэб.-метад. Комплекс для студэнтаў спец. 1–21.03.01 Гісторыя». Наваполацк: ПДУ, 2009. – 756 с.].

З выданняў на гэту тэму на замежнай мове (польскай) мы б адзначылі уводзіны ў археалогію Д. Лавецкай [гл. Ławecka D. Wstęp do archeologіі. Warszawa; Kraków, 2003]. Але улічваючы, што дадзенага выдання няма нават і ў Нацыянальнай Бібліятэцы Беларусі, а таксама, што студэнты-першакурснікі наўрад ці валодаюць дасканала польскай мовай, каб дэталёва азнаёміцца з гэтым выданнем, абмяжуемся толькі канстатацыяй выхаду гэтага выдання ў свет.

Што новага ў прадстаўленых уводзінах у археалогію у нашым выданні? Прадстаўлены матэрыял тут падаецца на трох узроўнях: сусветныя дасягненні, еўрапейскія вынікі даследавання і мясцовы матэрыял, пераважна уласных палявых работ. Да таго ж тэкст дапаможніка адаптаваны для успрымання студэнтаў-першакурснікаў, утрымлівае рэкамедацыі для выкарыстання атрыманых ведаў па археалогіі у школьнай і пазакласнай працы настаўніка гісторыі.

Выказваем падзяку Т.С. Бубеньке, А.В. Вайцяховічу, М.Ф. Гурыну, Л.У. Дучыц, Э.М. Зайкоўскаму, Ю.А. Заяцу, М.М. Крывальцевічу, А.У. Кузняцову, М.І. Лашанову, М.І. Мініцкаму, М.А. Плавінскаму, П.А. Русаву, І.І. Салівон, Л.І. Цягака, М.М. Чарняўскаму, І.М. Язэпенка за кансультацыі у ходзе напісання дапаможніка.

 


Узнікненне і станаўленне паняцця «археалогія». Дэфініцыя гэтага паняцця сёння.

Само слова «археалогія» ўпершыню было ўжыта ў 380 г. да н.э. Платонам[1] у яго трактаце «Гіпій Старшы». Гэты трактат Платона, як і значная большасць яго твораў, пабудаваны ў выглядзе дыялога, які вядзецца паміж Сакратам[2] і Гіпіем[3]. Апошні неаднойчы бываў у Спарце і Сакрат распытвае яго пра гэтую дзяржаву і яе жыхарах. У прыватнасці, Сакрат пытаецца ў Гіпія, якія публічныя выступленні найбольш спадабаліся спартанцам? І той яму адказвае: «Пра радавод герояў і людзей, пра засяленне калоній, пра тое, як у даўнія часы засноўвалі гарады, адным словам», – працягвае Гіпій, – «яны з асаблівым задавальненнем слухаюць апавяданні пра далёкае мінулае, пра археалогію». З гэтага вынікае, што пад словам «археалогія» грэкі разумелі як «апавяданне пра старажытнасць» або як «аповесць пра мінулыя часы»[4]. Пішацца гэты тэрмін так «Archailogia». Ён складаецца з двух слоў, дзе першая частка archaios перакладаецца як старажытны, а другая частка – logos перакладаецца як слова, апавяданне, аповесць, навука. Апошняе ўласна дало падставы некаторым даследчыкам тлумачыць паняцце «археалогія» як «навука пра старажытнасць», што далёка не раскрывае сутнасці гэтага паняцця. Менавіта ў такім разуменні ўжывалі гэтае слова ў сваіх творах Дыянісій Галікарнаскі[5], Іосіф Флавій[6].


У Старажытным Рыме, у перыяд сярэднявечча і ў эпоху Адраджэння тэрмін «археалогія» не ўжываўся. Замест яго атрымаў распаўсюджванне тэрмін antiquitates – «старажытнасці».

Адраджэнне тэрміна «археалогія» адбылося ў 1767 г., калі нямецкі філосаў Хрыстафор Гейне пачаў чытаць у Гётынгенскім універсітэце курс лекцый пад назваю «Археалогія мастацтва старажытнасці, пераважна грэкаў і рымлян». Пасля гэтага тэрмін увайшоў у міжнародны ўжытак. Але спачатку ён распаўсюджваўся на гісторыю антычнага мастацтва і толькі затым на навуку, якая вывучала найдаўнейшыя пласты гісторыі шляхам даследавання помнікаў матэрыяльнай культуры. Апошняе разуменне гэтага тэрміна замацавалася ў навуковым свеце Заходняй Еўропы ў канцы XIX – пачатку XX ст.

На пачатку XIX ст. тэрмін «археалогія» быў знаёмы некаторым прадстаўнікам навуковага кола і Расійскай імперыі, куды на той час уваходзіла і Беларусь, па перакладных выданнях, у якіх гэты тэрмін сустракаўся, у прыватнасці ў кнізе І. Эшэнбурга «Ручная книга древней классической словесности, содержащая археологию…» і інш. А часопіс «Северный вестник», які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1804–1805 гг., меў нават спецыяльную рубрыку «Археология». У 1805 годзе ў Пецярбургу выходзіць «Атлас археологический Российской империи», выдадзены першым польскім археолагам, гісторыкам і пісьменнікам Янам Патоцкім.

У 1809-1810 гг. курс «археологии и истории изящных искусств» пачаў выкладацца ў Маскоўскім універсітэце. У 20-я гады XIX ст. тэрмінам «археалогія» карыстаўся даследчык беларускіх старадрукаў Канстанцін Калайдовіч, вядомы на той час гісторык і археограф, член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук. Цікава, што тэрмін «археалогія» раз-пораз сустракаўся і на старонках «Полярной звезды», якую выдавалі дзекабрысты. Да сярэдзіны XIX ст. слова «археалогія» становіцца добра знаёмым і ў літаратурных колах Расіі. Прыкладам таму хаця б нарыс М.Ю. Лермантава «Кавказец», напісаны ім у 1841 г., дзе мы сустракаем гэты тэрмін.

А ў сярэдзіне XIX ст. тэрмін «археалогія» быў вядомы ўжо і ў навуковых колах Беларусі. Сведкаю таму – дзейнасць у 1855-1865 гг. Віленскай археалагічнай камісіі, якую ўзначальваў Яўстафій Тышкевіч якая фіксавала і даследавала помнікі старажытнасці на тэрыторыі Беларусі і Літвы, выпускала навуковыя працы – «Записки Виленской археологической комиссии».

Праўда, выключна да канца XIX ст. не было выразнага ўяўлення, чым павінна была займацца археалогія, што, уласна кажучы, складала аб’ект яе ўвагі. Пад увагу тагачасных археолагаў траплялі і пісьмовыя крыніцы: летапісы, старадрукі, помнікі эпіграфікі. Дыскусія наконт таго, чым усё ж такі павінна займацца археалогія, вялася на трох археалагічных з’ездах Расіі, пачынаючы з 1869г. Нарэшце, на III археалагічным з’ездзе, які адбыўся ў 1874г. у Кіеве, была выказана думка, што аб’ектам даследавання археалогіі павінны быць рэчавыя помнікі, інакш гаворачы – помнікі матэрыяльнай культуры. Але пераадолець гэтыя хібы ўдалося не адразу, а паступова, бо нават і на IX археалагічным з’ездзе, які праходзіў у Вільні ў 1893г., у парадку дня работы з’езда значыліся пытанні не толькі археалагічныя, але і па гісторыі, геральдыцы, генеалогіі, мастацтву, гісторыі архітэктуры і інш.

На пачатку XX ст. тэрмін «археалогія» становіцца вядомым больш шырокай аудыторыі студэнтаў, дзякуючы таму, што ў некаторых губернскіх гарадах былі адчынены адзяленні Маскоўскага археалагічнага Істытута. Такія аддзяленні былі адчынены, напрыклад, у Смаленску і ў Віцебску ў 1911 годзе. Праўда, пры стварэнні археалагічных інстытутаў і іх адзяленняў зноў такі не абышлося без недарэчнасцяў, бо мэтаю гэтых інстытутаў з’яўлялася падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў архівах…

У першыя гады савецкай улады тэрмін «археалогія» ўжываўся рэдка. Прадстаўнікам новай улады ён падаваўся занадта старазапаветным. У перыяд кардынальнага абнаўлення свету займацца нейкай там архаікай лічылася па меншай меры дзівацтвам. Вывучаць жа матэрыяльную культуру – лічылася дапушчальным. А на Усерасійскай археолага-этнаграфічнай нарадзе 1932г. раздаваліся нават заклікі «разрушить археологию так, чтобы от неё не осталось камня на камне». Да гэтага часу ўжо былі зачынены археалагічныя інстытуты ў Маскве і Петраградзе, а таксама іх філіялы ў Смаленску і Віцебску. А галоўная археалагічная ўстанова набыла назву «Академия истории материальной культуры»*.

Тэрмін «археалогія» ўдалося рэанімаваць у савецкай навуцы з сярэдзіны 30-х гадоў XX ст. Паспрыялі гэтаму поспехі ў археалогіі, зробленыя навукоўцамі на тэрыторыі Сярэдняй Азіі, на Каўказе і ў Крыме, Ноўгарадзе. У 1936г. выйшаў першы том навуковага зборніка «Советской археологии». З 1957г. гэта назва перайшла да перыядычнага навуковага выдання. У 1938г. Інстытут гісторыі матэрыяльнай культуры АН Украіны быў пераназваны як Інстытут археалогіі. У Маскве гэта адбылося толькі ў 1959г. У тагачасных падручніках па археалогіі, складзеных А.У. Арцыхоўскім, археалогія вызначаецца як «гісторыя, узброеная рыдлёўкай». Эмацыянальнае, вобразнае па форме, але навуковае па зместу, гэтае вызначэнне не страціла свайго значэння і сёння. У тыя ж часы у Вялікай Савецкай Энцыклапедыі той жа навуковец дае і акадэмічную фармулёўку гэтай дысцыпліне «Археалогія – гэта навука, якая вывучае па рэчавых крыніцах гістарычнае мінулае чалавецтва шляхам раскопак». Магчыма, гэта фармулёўка не раскрывае ўсяго зместу паняцця «археалогія». Але бясспрэчна, што гэта самае лаканічнае па форме навуковае вызначэнне.

У 70-80-е гады мінулага стагоддзя французскі даследчык Жан-Клод Гардэн прапанаваў сваю фармулёўку паняцця «археалогія». Па яго словах, «археалогія – гэта сукупнасць даследаванняў, якія адносяцца да матэрыяльных аб’ектаў і якія разам з іншымі дадзенымі могуць асвятліць гісторыю і лад жыцця людзей мінулага (асобныя падзеі, штодзённы побыт, інстытуты, веравызнанні і г. д.)»

У падручніку па археалогіі, што выдаў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт пад рэдакцыяй акадэміка В.Л. Яніна ў 2006г., археалогія трактуеца як «галіна гістарычнай навукі, якая вывучае мінулае чалавецтва пераважна на падставе рэчавых гістарычных крыніц, альбо археалагічных помнікаў у шырокім сэнсе гэтага слова».

Даволі цікавае і своеасаблівае вызначэнне паняцця «археалогія» прыводзіць Брытанская Энцыклапедыя. Паводле яе «археалогія – гэта навука, або мастацтва; яна, у роўнай ступені як тое, так і другое, таму што абедзве яны дакранаюцца да матэрыяльных рэшткаў мінулага чалавецтва». Гэтае вызначэнне, як ніякае іншае, падводзіць нас да пытання, чаму аб’ектам увагі археалогіі з’яўляецца менавіта матэрыяльныя рэшткі мінулага, якое мы разгледзім у наступным раздзеле.

 

Літаратура

 

  1. Арциховский А.В. Введение в археологию. М.,1947.
  2. Арциховский А.В. Основы археологии. М.,1954.
  3. Формозов А.А. История термина «Археология» // Вопросы истории. 1975. №8. С.214-218.
  4. Моисеев А.В. Содержание понятия «Археология» // В сб.: История отечественной археологии: дореволюционное время. Материалы IV чтений по историографии археологии Евразии. Воронеж, 2004. С.16-24.
  5. Археология. Под ред. академика В.Л. Янина. М.: изд-во Московского университета, 2006.
  6. Петров Н.И. Археология. Спб.,2008.
  7. Крывальцэвіч М.М. Археалогія // Археалогія. Энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 2009.

 

Пытанні да самакантролю:

 

  1. Хто і калі ўпершыню ўжыў слова «археалогія»?
  2. Якое паняцце ўкладывалася ў сэнс гэтага тэрміна ў антычную пару і перыяд новага часу?
  3. Якое паняцце ўкладвалася ў змест тэрміна «археалогія» ў другой палове XX ст. і ўкладваецца сёння?

 

Віды археалагічных помнікаў

 

Узнікае пытанне, чаму трэба дакранацца, ці інакш гаворачы, вывучаць менавіта матэрыяльныя рэшткі, а не пісьмовыя крыніцы, як гэта робяць гісторыкі? І пры чым тут рыдлёўка ў звязу з гісторыяй, пра якую згадвае А. Арцыхоўскі?

Каб зразумець гэта, зноў кінем позірк у даўняе мінулае чалавецтва. Згадаем, што гісторыю чалавецтва ў навуцы прынята выводзіць ад часу вытворчасці першых прылад працы, а гэта прыкладна 1,5-2 млн. гадоў таму. А самыя раннія ў свеце ўзоры пісьмовых крыніц з’яўляюцца 5,5 тыс. гадоў таму. З гэтага выцякае, што амаль 99% гісторыі чалавецтва – гэта дапісьмовы перыяд (мал.1). Да таго ж раннія пісьмовыя крыніцы часам вельмі фрагментарныя па сваёй захаванасці і досыць сціплыя на інфармацыю. Акрамя таго, аднавіць, рэканструяваць гістарычнае мінулае толькі на падставе пісьмовых крыніц, захаваўшы пры гэтым аб’ектыўнасць, немагчыма, хаця б таму, што ствараліся пісьмовыя крыніцы суб’ектам – гэта значыць чалавекам, якім, па трапнаму выразу даследчыка старадаўніх рукапісаў А.А. Шахматава, «управляли политические страсти и мирские интересы».

І вось тут да месца ўспомніць работу крыміналіста, дэтэктыва. Што робіць крыміналіст, калі няма пісьмовых сведчанняў здарэння? Ён звяртаецца да рэчавых крыніц, якія могуць даць інфармацыю. Напрыклад: гільза патрона, неабачліва кінуты акурак, адарваны з вопраткі гузік і інш. Тое ж робяць і археолагі. Яны звяртаюцца да рэчаў, рэчавых крыніц, але натуральна старадаўніх, таму часам археолагаў называюць «дэтэктывамі мінуўшчыны».

У адрозненне ад рэчаў, якія аналізуе дэтэктыў, прадметы, што вывучае археолаг, рэдка калі ляжаць на паверхні зямлі. Як правіла яны схаваны ў яе нетрах, у пэўных месцах, якія ў навуцы прынята называць археалагічнымі помнікамі ці помнікамі археалогіі. Але што можна аднесці да помнікаў археалогіі і як яны выглядаюць?

Самую вялікую групу археалагічных помнікаў складаюць паселішчы, месцы, дзе ў мінулыя часы пражывалі людзі.

Паселішчы. Спецыялісты вылучаюць паселішчы ўмацаваныя і неўмацаваныя. Да ліку апошніх адносяцца паселішчы, якія не маюць штучных умацаванняў: валоў, ірвоў, сцен, утвораных наўмысна чалавекам, з мэтаю засцярогі, абароны свайго паселішча ад непрыяцеля. Да ліку першых можна аднесці стаянкі чалавека каменнага і бронзавага вякоў. Стаянкі – гэта месцы, дзе людзі пражывалі часова, займаючыся прысвойваючаю гаспадаркаю. Самая старажытная ў свеце стаянка першабытнага чалавека знаходзіцца ў Афрыцы на тэрыторыі Паўночнай Танзаніі ў Алдувайскай цясніне і датуецца перыядам ад 1,9 млн. гадоў таму да 120 тыс. гадоў таму. У Заходняй Еўропе самыя раннія стаянкі зафіксаваны ў Францыі каля сучасных паселішчаў Аббевіль, Сент-Ашэль, Шэль і інш., якія датуюцца перыядам ад 700-400 тыс. гадоў таму да 120 тыс. гадоў таму. У Беларусі ж самыя раннія стаянкі чалавека фіксуюцца каля вёсак Бердыж і Юравічы і датуюцца 27-23,430 тыс. гадоў таму. Усе вышэй згаданыя стаянкі адносяцца да эпохі палеаліту – старажытнага каменнага веку. Для перыяда мезаліту, сярэдняга каменнага веку, стаянкі – з’ява шырокавядомая. На Беларусі яны сустракаюцца паўсюдна. Яшчэ большае распаўсюджанне набываюць стаянкі ў пару неаліту – новага каменнага веку. А на некаторых з іх жыццё працягвалася і ў перыяд бронзавага веку.

Да ліку неўмацаваных паселішчаў адносяцца і селішчы – месцы, дзе людзі ў даўнія часы пражывалі больш ці менш стала і займаліся пераважна ўжо вытвараючаю гаспадаркаю: жывёлагадоўляю і земляробствам. Гэты тэрмін шырока ўжываецца ў старажытных летапісах у сэнсе сяло, вёска. На тэрыторыі Беларусі селішчы фіксуюцца спецыялістамі ўжо з перыяду бронзавага веку. Пашырэнне гэты тып паселішча набывае ў ранні жалезны век, асабліва ў 4-5 ст. н.э. Яшчэ большае распаўсюджанне яны набываюць у пару сярэднявечча. У Беларусі археолагамі ўлічана некалькі соцень селішчаў. Плошча селішчаў вагаецца ад некалькіх соцень квадратных метраў да некалькіх гектараў. Напрыклад, селішча размешчанае каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна, ахоплівае плошчу каля 30 га (!).

На мясцовасці помнікі такого кшталту анічым асаблівым не вылучаюцца, бо не маюць якісьці знешніх прыкмет. Таму выявіць іх без спецыяльных даследаванняў бадай што немагчыма. Адзначым, што селішчы перыяду сярэднявечча, як правіла, выяўляюцца спецыялістамі каля існуючых сёння вёсак, уздоўж рэк, на сухадолах. І калі гэта на сёння ворыўнае поле, дык прайшоўшы па ім, можна назбіраць жменю чарапкоў глінянага посуду.

Да ліку ўмацаваных паселішчаў агульнапрынята адносіць гарадзішчы – паселішчы, якія забяспечаны сістэмаю умацаванняў: валамі і равамі. Назва паходзіць ад праславянскага слова «городити» – агароджваць. У сэнсе «умацаванае пасяленне, гарадок». Слова «гарадзішча» сустракаецца ўжо ў 12 ст. на старонках «Аповесці мінулых часоў». Як форма ўзмацаваных паселішчаў, гарадзішчы ўзнікаюць ужо ў пару энеаліту – меднакаменнага веку. Самае старажытнае ў свеце ўмацаванае паселішча – Іерыхон – знаходзіцца на Блізкім Усходзе і датуецца сярэдзінай 4-га тысячагоддзя да н. э. На тэрыторыі Усходняй Еўропы самыя раннія ўмацаваныя паселішчы адзначаюцца на тэрыторыі Украіны ў носьбітаў трыпольскай археалагічнай культуры ў прамежку 3600-3150 гг. да н. э. Узнікненне ўмацаваных паселішчаў гісторыкі звязваюць з эпохаю патрыархату, калі ўзровень развіцця гаспадаркі стварыў магчымасці да назапашвання пэўных матэрыяльных каштоўнасцяў: жывёлы, збожжа, рамесных вырабаў і як вынік гэтага, неабходнасці бараніць гэтую маёмасць ад чужынцаў. На тэрыторыі Беларусі гарадзішчы з’яўляюцца ўжо напрыканцы бронзавага веку. Гэта гарадзішча Рацюнкі ў Браслаўскім раёне і гарадзішча Замошша ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці, гарадзішча Ліскі Рэчыцкага раёна і гарадзішча Ясенец Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Найбольшае распаўсюджанне гарадзішчы набываюць ў жалезным веку. Яны размешчаюцца на ўзвышаных месцах, каля вусця або ля сутоку малой і вялікай ракі. Размяшчаліся гарадзішчы паасобку і групамі па 3-5 і болей, што адлюстроўвала сацыяльную структуру развітага патрыярхату, дзе асноўнаю гаспадарчаю адзінкаю была вялікая сям’я з 40-60 або 50-75 чалавек, што пражывала на адным гарадзішчы. Некалькі такіх сем’яў складалі род, які меў пэўную жыццёвую прастору: пашавыя ўгоддзі, выганы, сенажаці, месцы для лоўлі рыбы і палявання, борці.

У залежнасці ад месца ўзвядзення ўсе гарадзішчы на Беларусі археолагі тыпалагічна падзяляюць на: узгоркавыя, мысавыя і балотныя. Так узгоркавыя гарадзішчы будавалі на ледавіковых халмах-астанцах, мысавыя – на высокіх берагах рэк і азёр, а балотныя ўзводзілі сярод поймавых нізін, балот і лясоў. Апошнія больш уласцівы для Беларускага Палесся і прызначаліся не для сталага пражывання, а як месца часовага сховішча ў час небяспекі, або як месца для захавання жывёлы, ці як сакральныя месцы. У перыяд сярэднявечча на месцы былых гарадзішчаў часта ўзнікалі гарады: Полацк, Віцебск, Мінск, Гродна, Слуцк, Клецк, Капыль і інш., замкі і сядзібы феадалаў. А форма паселішча атрымоўвала назву: дзяцінец – найлепш умацаваная частка горада, дзе пражываў князь са сваёй малодшай дружынай «княскімі дзяцьмі», двор або дварэц – феадальная сядзіба старэйшага княскага дружынніка – баярына, замак – абарончае збудаванне часоў Вялікага княства Літоўскага. Часам паняцце «гарадзішча» мае досыць шырокае значэнне. Ім могуць абазначаць усю ўмацаваную частку горада: і дзяцінец, і вакольны горад. Як форма паселішча некаторыя гарадзішчы праіснавалі амаль да канца 18 ст. На Беларусі спецыялістамі зафіксавана каля 1 тысячы гарадзішчаў розных часоў.

Наступную і даволі вялікую групу археалагічных помнікаў складаюць пахаванні – месцы, дзе людзі ў старадаўнія часы хавалі сваіх памерлых суродзічаў.

Пахаванні. Па абраду пахаванні падзяляюцца на трупаспаленні, або крэмацыю (з лацінскай мовы cremation – спаленне) і трупапалажэнне, або інгумацыю (з лацінскай мовы – in gumus, у зямлі або на зямлі).

Самыя старажытныя пахаванні чалавека прыпадаюць на перыяд мусцье – эпоху сярэдняга палеаліту (80-32 тыс. гг. таму). Яны выяўлены археолагамі ў Францыі, Крыме, Узбекістане, Іране і інш. Пахаванні, як вышэй адзначаныя паселішчы, бываюць са знешнімі прыкметамі – надмагільнымі збудаваннямі, і без знешніх прыкмет.

Найбольш старажытныя пахаванні са знешнімі прыкметамі – гэта так званыя мастабы, збудаванні з сырцовай цэглы, якія ўзводзілі паўзверх магілы. Яны ўзніклі яшчэ ў пару энеаліту на тэрыторыі Егіпту і знешне імітавалі жытло чалавека. А першыя надмагільныя збудаванні, складзеныя з каменю ў выглядзе ступенчатых скляпенняў, адзначаюцца спецыялістамі ў Ірландыі (грабніца Нью-Грэйндж), якую датуюць 2500 г.да н. э. У бронзавым веку узнікаюць надмагільныя збудаванні ў выглядзе пірамід. Найбольш славутая з іх – гэта піраміда Хеопса, вышыня якой 230,4 м.

У той жа час, у большасці краін свету ўзнікаюць надмагільныя збудаванні курганнага тыпу[7]. Курган – гэта зямляны насып паўсферычнай формы, аснова якога найчасцей мела абрысы круга, радзей авала ці эліпса[8]. Параметры курганоў могуць мець даволі шырокія межы. Так курганы, лясной паласы Усходняй Еўропы маюць вышыню ад 20 см да 2 м, дыяметр ад 2,2 да 18 м, зрэдку вышыню 3-5 м і дыяметр 20-25 м. Размешчаныя на пэўнай тэрыторыі курганы складаюць могільнік або некропаль – у перакладзе з грэчаскай мовы – «горад памерлых». Колькасць насыпаў у такім могільніку можа быць ад 2-3 да сотні і больш. Курганы стэпавага Прычарнамор’я ў 4 ст. да н.э. мелі вышыню ад 5 да 15 м і дыяметр у аснове 40-70 м. А адзін са скіфскіх курганаў пад назваю Чартамлык (у перакладзе з татарскай мовы «Пагорак попелу») меў вышыню 19,5 м і дыяметр у аснове 115-120 м.

На тэрыторыі Беларусі самыя раннія курганы ўзніклі ў сярэдзіне 3-га тысячагоддзяў да н. э. і адносяцца да сярэднедняпроўскай археалагічнай культуры. Яны зафіксаваны каля в. Ходасавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Бытавалі яны і ў пару жалезнага веку, вядомыя на помніках мілаградскай архалагічнай культуры, 7-3 ст. да н. э., напрыклад, адзначаны каля в. Дубай Столінскага раёна Брэстскай вобласці. Але значная большасць курганоў у Беларусі адносіцца да перыяду ад сярэдзіны 1-га тысячагоддзя н.э. (усходнелітоўскія курганы і доўгія курганы Паўночнай Беларусі) і да 13 ст. У этнічна-культурным вызначэнні курганы на Беларусі ў гэты час належалі балцкаму і славянскаму насельніцтву (крывічам, дрыгавічам, радзімічам – ці нашчадкам гэтых этнасаў). Сярод мясцовага насельніцтва курганы Беларусі маюць назвы: капцы – ад старажытналітоўскага kaрas – магіла; шведскія або французскія магілы; валатоўкі – па назве міфічнага народа – волатаў, дужых і вялікага росту людзей, якія нібыта пакінулі такія пахавальныя помнікі. Само ж слова курган – цюркскага паходжання і з’яўляецца на нашых землях адносна позна. Упершыню яно згадваецца пад 1546 г. у Актах судовых спраў: «… владыка Судомирский … вел нас от Скоморохова кургана к долине». Згадваецца гэтае слова і ў Актах Віленскай археаграфічнай камісіі пад 1582 г.: «… поле Подсаде … почавшы от речки Менки, против рог Кургана Великого, от Кургана просто трыбом до лозы» [Гл. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып.16. Мн., 1997. С. 238]. Да XV – сярэдзіны XVI стст. бытавала агульная, усходнеславянскага паходжання, назва «магіла», напрыклад: «[Ольга] нача болети. Призва сына своего Святослава, заповедав ему погрести с землёю равно, а могилы не сыпати, ни трызны творити» [Гл. Словарь древнерусского языка (XI-XIV вв.):В 10 т. Т.4. М., 1988. С. 555].

Прах нябожчыка пры курганным абрадзе пахавання маглі змяшчаць у насыпе кургана, на гарызонце або ў падкурганнай яме (мал. 2). Само пахаванне магло ўтрымліваць пахавальны інвентар: упрыгожанні, узбраенне, рэчы побыту, спецыяльна пакладзеныя нябожчыку для пазамагільнага «жыцця».

Часам сустракаюцца курганныя насыпы без аніякіх слядоў пахавання. Такія курганы ў навуцы атрымалі назву «кенатафы» (ад грэчаскага словазлучэння kenotaphion, пустая магіла). Кенатафы рабілі многія народы свету (старажытных Грэцыі, Рыма, Егіпта і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка, напрыклад, памерлага на чужыне, нельга было пахаваць на роднай зямлі. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць заспакаення. Кенатафы сустракаюцца пры раскопках старажытных могільнікаў і на тэрыторыі Беларусі. Менавіта такія «пустыя» курганы былі раскапаны ў свой час каля в. Тайманава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, в. Валасовічы Лепельскага раёна, в. Вітунічы і в. Бірулі Докшыцкага раёна, в. Забор’е Глыбокскага раёна, в. Кублішчына Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, в. Веляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобласці і інш.

Да спецыфічных формаў курганных насыпаў можна аднесці доўгія курганы, наўгародскія сопкі і каменныя курганы.

Доўгія курганы – гэта невысокія валападобныя земляныя насыпы даўжынёю ад 12-15 м да 40 м пры шырыні гэтых насыпаў 5-10 м і вышыні іх 1-2 м. Часам сустракаюцца і насыпы даўжынёю 50-120 м (!). Культура гэтых пахавальных помнікаў займала Полацка-Віцебскае Падзвінне, Смаленскае Падняпроўе, басейны р. Вялікай і Пскоўскага возера, часткова заходзіць у межы Паўднёвай Эстоніі і Латвію. Храналагічна ахоплівае перыяд другой паловы 1-га тысячагоддзя н. э. і адлюстроўвае прэс славянізацыі прыбалтыйска-фінскага насельніцтва.

Наўгародскія сопкі – гэта высокія са стромкімі схіламі насыпы, вершыня ў якіх мае пляскатую пляцоўку. Аснова ж гэтых курганоў абкладзена валуннымі каменнямі. Вышыня сопак ад 2-2,5 м пры дыяметры 12-14 м, да 10 м у вышыню пры дыяметры каля 40 м. У сярэднім жа вышыня наўгародскіх сопак да 5 м. Час бытавання такіх помнікаў прыпадае на 6-9 стст., але найбольш уласцівы яны для 8-9 стст. Асноўная частка сопак размешчана ў басейне рэк Вялікая і Заходняя Дзвіна. Належаць славянізаванаму заходнефінскаму насельніцтву.

Каменныя курганы складзены цалкам з камянёў або з камянёў і зямлі. Покрыва гэтых курганоў звычайна складзена з камянёў, якія шчыльна прыкладзены адзін да аднаго. Вышыня каменных курганоў як правіла ад 50 да 80 см, зрэдку 1-1,5 м, дыяметр іх у аснове ад 5 да 20 м. Арэал распаўсюджвання гэтых курганоў – паўночна-ўсходняя Польшча і прылеглая частка Літвы (Сувалкія), Верхняе і Сярэдняе Панямонне, сярэдняе цячэнне Заходняга Бугу. Час бытавання каменных курганоў – ад 2 да 13 ст. Належалі гэтыя пахаванні яцвягам.

Спецыфічную групу пахаванняў са знешнімі прыкметамі складаюць каменныя магілы і жальнікі. Апошнія ўяўляюць сабою грунтовыя пахаванні, абрысы якіх на паверхні акрэслены каменнямі ў выглядзе кола, авала ці чатырохкутніка. Час бытавання іх у асноўным прыпадае на 12–14 стст., а арэал распаўсюджвання – тэрыторыя Наўгародскай і Пскоўскай абласцей. Належаць гэтыя пахаванні славянізаваным балтам. Блізкія да іх па выгляду каменныя магілы займаюць тэрыторыю Верхняга Панямоння і бытуюць у асноўным у 13–14 стст. У канцы 13 – пач. 14 стст. у нагах пахаванага ставілі вялікія камяні. З канца 14 ст. ставілі колатыя палавінкі камянёў. У пачатку 15 ст. на камянях, пастаўленых у галаве пахаванага, высякалі крыж. У 16–17 стст. крыжы на гэтых камянях маюць разнастайныя формы. У этнічным плане гэтыя пахаванні належылі славянізаваным балтам.

Курганны абрад пахавання вядомы насельніцтву ўсіх кантынентаў, акрамя Аўстраліі. На тэрыторыі Беларусі ўлічана каля 6 тысяч курганных могільнікаў. Паколькі гэтая катэгорыя помнікаў мае свой адметны, спецыфічны рэльеф, яна адносна лёгка выяўляецца спецыялістамі пры палявых даследаваннях. З курганамі звязана нямала розных легендаў, паданняў, а часам і міфаў пра змешчаныя ў іх нетрах скарбы, што іншым разам мае для гэтых помнікаў негатыўныя наступствы. Нярэдка курганы становяцца аб’ектам увагі аматараў ад археалогіі, скарбашукальнікаў і «чорных археолагаў».

Курганы, відаць, былі настолькі папулярныя ў майстроў пэндзэля і слова, што знайшлі адлюстраванне ў меласе, жывапісе і літаратуры. Узяць хаця б карціны В. Васняцова і Я. Драздовіча, творы Артура Конандойла, Міхаіла Шолахава, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Анатоля Астрэйкі і інш. А як рэліктавая форма пахавання яны бытавалі сярод пэўнай часткі насельніцтва (напрыклад, рускіх стараабрадцаў) ўключана да пачатку 20 стагоддзя.

Да надмагільных збудаванняў можна аднесці і спецыфічнай формы пахавальныя скляпы. Адзін з іх у выглядзе піраміды захоўваецца на могілках каля Узды Мінскай вобласці. Але ўзведзены ў сярэдзіны 19 ст. гэты помнік мажліва ўжо аднесці не да археалогіі, а да помнікаў гісторыі і архітэктуры.

Другі від надмагільнага збудавання-склепа – гэта маўзалеі. Першы узор такога пахавання адносіцца яшчэ да IV ст. да н. э. і названы па імені малаазійскага цара Маўсола, які пачаў узводзіць пахавальны склеп для сябе яшчэ пры сваім жыцці. Гэта надмагільнае збудаванне лічылася адным з сямі цудаў свету і атрымала найменне Маўсалейіон (маўзалей). Для эпохі сярэднявечча найбольш вядомы маўзалей Цімура (Тамерлана) у Самаркандзе (Узбекістан), раскапаны археолагамі 16–21 чэрвеня 1941 г. Раскопкі грабніц парушылі экасістэму пахавання, у склеп пранікла вільгаць, пачаліся выпарэнні у выглядзе воблака. На другі дзень, пасля ускрыцця саркафага, дзе знаходзілася цела Цімура, пачалася вайна. Гэта парадзіла легенду пра «дух Тамерлана», які нібыта адпомсціў за свой неспакой. У нашы дні рэліктам такога віда пахавання з’яўляецца маўзалей Леніна на Краснай плошчы ў Маскве.

Пахаванні без знешніх прыкметаў – гэта грунтовыя пахаванні. У мацерыковым грунце рабілі невялікую яму, куды ссыпалі крэміраваны прах нябожчыка. Нярэдка такі прах змяшчалі ў гліняны посуд, часам спецыяльна прызначаны для такога абрада. Побач з такім пахаваннем маглі пакласці некаторыя рэчы: узбраенне, упрыгожванні і інш. Зверху насыпалі зямлю, не пакідаючы на паверхні аніякіх слядоў. Такі абрад пахавання бытаваў у некаторых народаў Заходняй Еўропы ў перыяд бронзавага і ранняга жалезнага веку. Вядомы ён і на Беларусі па некаторых помніках бронзавага веку – сярэднедняпроўскай археалагічнай культуры і па помніках жалезнага веку: зарубінецкай і вельбарскай археалагічнай культур. Часам, сярод грунтовых пахаванняў, сустракаюцца і пахаванні выкананыя па абраду інгумацыя. Нябожчыка змяшчалі ў яму авальнай або прамавугольнай формы дзе ён ляжаў ў скурчаным становішчы (на баку, з сагнутымі ў каленях нагамі). Такія пахаванні сустракаюцца і ў Беларусі, у прыватнасці на помніках сярэднедняпроўскай археалагічнай культуры. Сустракаюцца грунтовыя пахаванні з абрадам інгумацыі і ў балтскага племені аукштайтаў ў 5–6 ст. н. э. Выявіць грунтовыя пахаванні можна толькі спецыяльнымі даследаваннямі.

Да схаваных у зямных нетрах пахаванняў адносяцца і катакомбы. Гэта падземныя могілкі часоў Рымскай імперыі. Яны ўяўляюць сабою падземныя галерэі, нішы і камеры, якія высякалі ў скале. Узнікненне такіх пахаванняў звязваюць з раннімі хрысціянамі. На тэрыторыі Усходней Еўропы да такога тыпу пахавальных помнікаў можна аднесці пахаванні ў Кіева-Пячорскай Лаўры.

Да ліку схаваных пахаванняў можна ў пэўным сэнсе аднесці і пахаванні ў крыптах. Крыпта – гэта падземная капліца, якую рабілі ў храмах пад падлогаю. Яна ўяўляла сабою памяшканне з нішамі, куды змяшчалі пахаванні ў дамавінах. Такія крыпты археалагічна прасочаны ў час раскопак касцёла Фара Вітаўта ў Гродна 16 ст., у кляштары Брыгітак у Гродна 17 ст., у Дамініканскім кляштары 17 ст. у Мінску, у Віцебскай Свята-Духаўскай царкве 18 ст. і інш. Да нашага часу такая крыпта захоўваецца ў Нясвіжы ў Касцёле Божага цела 17 ст., дзе пахаваны прадстаўнікі роду Радзівілаў.

Трэцюю і даволі прадстаўнічую групу археалагічных помнікаў складаюць сакральныя помнікі.

Назва «сакральны» паходзіць ад лацінскага слова sacrum – святы, свяшчэнны, ахвярны. Да гэтай катэгорыі помнікаў адносяць свяцілішчы (капішчы), камяні з выявамі і надпісамі, каменныя крыжы, ідалы, ахвярнікі, рэшткі старажытных раннехрысціянскіх збудаванняў і інш.

Свяцілішчы – гэта месцы, дзе людзі ў старадаўнія часы пакланяліся багам. Такія месцы былі як наўмысне, штучна ўзведзены чалавекам, так і натуральна, прыроднага паходжання, але прыстасаванага людзьмі для сакральных мэтаў: таінстваў, ахвярапрынашэнняў, маленняў.

Самыя раннія свяцілішчы, якія мелі натуральнае, прыроднае паходжанне адзначаюцца спецыялістамі на помніках верхняга палеаліту. Гэта пячоры Альтаміра ў Іспаніі, Ля Мут, Ле-Камбарэль, Ляска ў Францыі, Капава пячора ў Расіі (на Урале). Тут, у гэтых пячорах, на іх сценах і скляпеннях даследчыкамі былі адкрыты выявы жывёлаў: маманта, насарога, бізона, каня, мядзведзя. Ёсць меркаванне, што іх прынеслі ў ахвяру духам, каб тыя спрыялі ўдаламу паляванню. У такім разе гэтыя пячоры могуць быць аднесены да самых ранніх у свеце свяцілішчаў.

Самыя раннія свяцілішчы штучнага паходжання, узведзеныя наўмысне чалавекам, фіксуюцца на тэрыторыі Турцыі на месцы неалітычнага паселішча Чатал-Гуюк. Па выгляду гэтыя свяцілішчы нагадвалі жытлы, але вызначаліся багаццем убрання.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя беларускім археолагам А.М. Ляўданскім была вылучана асобая група гарадзішчаў, якія ён назваў «гарадзішчы балотнага тыпу». Гэтыя гарадзішчы былі круглай формы і з маленькаю ўнутранаю пляцоўкаю. А.М. Ляўданскі прыйшоў да высновы, што гэта свяцілішчы, якія можна аднесці да жалезнага веку і перыяду ранняга сярэднявечча. Паўнейшымі даследчыкамі: В.В. Сядовым, Э.М. Зайкоўскім і інш., былі выяўлены ўласцівыя для гэтых помнікаў рысы: невялікія пагоркі прыроднага ці штучнага паходжання круглай ці авальнай формы, дыяметрам 14-30 м з прыпаднятым цэнтрам або ўпадзінай у сярэдзіне, размешчаныя па ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, па берагах рэк і азёр. Гэтыя помнікі па выгляду нагадваюць гарадзішчы ранняга жалезнага веку: часам нават маюць штучныя ўмацаванні. Але яны значна меншых памераў і на іх, як правіла, адсутнічаюць сляды жыцця і гаспадарчай дзейнасці чалавека. Пры раскопках такіх месцаў выяўляюць, як правіла, сляды набажэнстваў у выглядзе ахвярапрынашэнняў і рэшткі культавых збудаванняў, напрыклад, ахвярнікаў. У Беларусі да ліку археалагічна даследаваных свяцілішчаў адносяцца помнікі «Дзявочая гара», «Верхаўлянскае свяцілішча», «Крамянецкае свяцілішча», «Гудавіцкае свяцілішча», «Ходасавіцкае свяцілішча» і свяцілішча ў Тураве.

Да камянёў з выявамі можна аднесці камяні з выемкамі натуральнага і штучнага паходжання. Часам такія выемкі нагадваюць па абрысах талерку, паўцыліндр і інш. Да гэтай катэгорыі помнікаў адносяць і валуны з цалкам ці часткова выбітай выяваю слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі) альбо розных жывёл ці міфічных істот. Такія камяні прынята ў навуцы называць «следавікі». На думку некаторых навукоўцаў, культ камянёў з выемкамі і камянёў-следавікоў узнік у бронзавым веку і быў вядомы большасці народам свету. Да такіх камянёў у старажытныя часы (а зрэдку і да нашага часу) прыносілі ахвяры: дары прыроды, вырабы хатняй працы – рушнікі, дробныя грошы-манеты. У Беларусі зафіксавана звыш 70 такіх помнікаў. Сярод мясцовага люда пад назвамі: «Божы след (слядок)», «След Божай маці», «След Хрыста» і інш. Адзін з такіх камянёў ёсць каля в. Кудзінавічы ў Капыльскім раёне. Памеры каменю 2,3×2,6 м і вышынёю 0,8 м. На роўнай пляцоўцы камяню маецца адбітак чалавечай ступні. Больш ці менш выразна відаць адбіткі пальцаў нагі. Трохі ніжэй, пад гэтым следам, высечаны ў тэхніцы плоскага рэльефу крыж, збоку ад крыжа зроблена конусападобнае паглыбленне, у якім раз-пораз збіраецца вада, якую навакольныя жыхары лічаць святой і прыпісваюць ёй лекавыя якасці.

Цікавую катэгорыю камянёў з выявамі складаюць камяні са знакамі. На іх нанесены разнастайныя па форме і памерах крыжы, стрэлачкі, падковы, розныя малюнкі. Найчасцей распаўсюджаны валуны з выявай аднаго крыжа: в. Аляксінічы (Сенненскі р-н) і інш. Камяні з выявай 2-3 крыжоў зафіксаваны каля в. Шайцерава (Верхнедзвінскі р-н), Талькунцы (Воранаўскі р-н) і інш. Камяні з высечанымі на іх малюнкамі вядомы каля в. Ліпск (Докшыцкі р-н) і Шайбакі (Шчучынскі р-н). На першым выявы чалавека, на другім – галовы чалавека і каня, лука і стралы, а таксама крáты.

Адносна невялікую, але вельмі важную катэгорыю помнікаў археалогіі і эпіграфікі складаюць камяні з надпісамі. Самы славуты з іх – гэта Разетскі камень, выяўлены пры канцы XVIII ст. у час Егіпецкага паходу Напалеона. Высечаныя на гэтым камяні надпісы трыма алфавітамі: грэчаскім, іерогліфамі і дэматычным напісаннем (курсіўнае пісьмо свецкага ўжытку) далі ключ да разгадкі егіпетскіх іерогліфаў, паклалі пачатак цэлай навуцы – егіпталогіі. На Беларусі вядома больш за 30 камянёў з надпісамі. Найчасцей на іх высечаны імёны, хрысціянскія выразы. Найбольш вядомы Барысавы камяні, Рагвалодаў камень, Варацішын камень.

Некаторым чынам да помнікаў археалогіі можна аднесці і прыродныя валуны, з якімі звязаны розныя, часам фантастычныя паданні. Яны маюць спецыфічныя назвы: «Чортаў камень», «Камень кравец». З’яўленне такіх камянёў мясцовы люд звязвае з чортам, які нёс камень, каб разбіць Божы храм, з краўцамі (шаўцамі), які ў святы дзень працавалі і былі за гэта пакараны – пераўтвораны ў камяні. Адзін з такіх камянёў, расколаты на дзве часткі: адна памерамі 7×4×1,5 м, другая 5×3×2 м, захаваўся каля в. Камяное ў Уздзенскім раёне. Паводле мясцовага падання камень гэты «Пярун разбіў». На Беларусі «такіх» камянёў каля трох дзесяткаў.

Вельмі цікавымі помнікамі археалогі можна лічыць каменныя крыжы, якія заўсёды прывабліваюць увагу аматараў старасвечыны.Каменныя крыжы – гэта прадметы хрысціянскага культа, высечаныя з валуноў.

Каменныя крыжы. Зрэдку сюды адносяць і крыжападобныя язычніцкія ідалы. Такія помнікі вядомы ў шмат якіх краінах Еўропы. Па прызначэнню іх падзяляюць на памятныя, прыдарожныя, паклонныя і надмагільныя. Іх ставілі ля дарог(найчасцей на скрыжаванні), на месцах бітваў, водных пераправах, зямельных уладанняў, у гонар знамянальных падзей, на ўваходзе ў паселішча як абярог ад пошасці і нячысцікаў, на могілках. У Беларусі вядома больш за сотню каменных крыжоў. Па форме большасць з іх нагадвае лацінскі крыж, дзе ствол мае даўжыню каля 1,5 м, а перакладзіна 1 м, пры таўшчыні 20-50 см. На некаторых крыжах у перакрыжаванні высечаны крыжыкі рознай формы, трапляюцца надпісы, выявы чалавека і інш. Найбольш старажытнымі лічацца крыжы XVI ст. каля в. Сокарава Бешанковіцкага раёна, Вітунічы Докшыцкага, Вендараж Магілёўскага раёнаў. Да позніх узораў такіх помнікаў можна аднесці Стражаўскі крыж, на могілках каля в. Стражава Кіраўскага раёна. Ён высечаны з чырвонага граніту. Яго памеры 80×50×30 см. З вонкавага боку па ўсёй паверхні крыжа рэльефная выява чалавека ў доўгім кафтане, падперазанага поясам, у шапцы. Рукі сагнуты ў лакцях, далоні на поясе (звычайная постаць шляхціча), рысы твару выразныя. Па краях лопасцяў крыжа высячаны крыжыкі, з адваротнага боку ў сяродкрыжжы – крыж. На тарцовых паверхнях крыжа рэльефныя выявы жывёл, магчыма леапардаў. Крыж датуецца XVII-XVIII ст. Аналагі яму на тэрыторыі Усходняй Еўропы невядомыя.

Несумненна, вельмі важны від археалагічных помнікаў – гэта каменныя выявы. Важнасць іх у тым, што гэта ў большасці сваёй рэлікты паганства. Хрысціянскія святары нішчылі гэтыя выявы, таму да нашага часу іх захавалася вельмі мала. Да ліку каменных выяў найперш адносяць выявы ідалаў, скульптурныя выявы з антрапаморфнымі рысамі.

Найбольш старажытнымі ў Беларусі антрапаморфнымі выявамі, якія прынята лічыць ідаламі, з’яўляюцца фігуркі, знойдзеныя на паселішчы Асавец Бешанковіцкага раёна (позні неаліт і ранні бронзавы век). Адна з іх драўляная, астатнія – зааморфныя, касцяныя. Драўляныя фігуркі ідалаў несумненна бытавалі выключна да ранняга сярэднявечча, але вядомы нам толькі па раскопках Старой Ладагі, Ноўгарада Вялікага, Рыгі па раскопкам некаторых помнікаў Польшчы. Паводле «Аповесці мінулых часоў», драўляныя ідалы былі і ў Кіеве на княскім дворышчы. У Беларусі да нашага часу захаваліся толькі каменныя ідалы. Найбольш вядомы з іх – гэта Шклоўскі ідал, знойдзены ў 1963 г. каля г. Шклова, на беразе р. Серабранка, і Слонімскі, выяўлены каля г. Слоніма ў 1936 г. Каменныя ідалы былі выяўлены і каля в. Астрамечава Брэсцкага раёна, в. Грабаўцы і Залуззе Жабінскага раёна, у Лепелі і Ваўкавыску. Але найбольш адметным помнікам у гэтым рэчышчы язычніцкіх рэліктаў з’яўляецца Збруцкі каменны ідал, знойдзены ў XIX ст. у Прыкарпацці, каля ракі Збруч. Гэтая выява мае вышыню 2,7 м. У плане гэта чатырохкутны слуп, на кожнай грані якога трох’ярусныя аннтрапаморфныя выявы бостваў. На сёння гэта ўнікальны помнік захоўваецца ў Кракаўскім археалагічным музеі.

Да каменных выяў можна аднесці так званыя «каменныя бабы». Гэта антрапаморфныя выявы, пакінутыя цюркамоўнымі народамі, якія ў пару ранняга сярэднявечча насялялі стэпы Паўднёвай Украіны. У XX ст. некаторыя з мясцовых памешчыкаў прывезлі колькі такіх статуй у Беларусь для ўпрыгожвання сваіх паркаў. Напрыклад, у Прапойску (цяпер Слаўгарад) для палаца кн. Галіцына, у Гомелі каля палаца кн. Паскевіча і інш. Датуюцца гэтыя статуі XI-XIІІ ст. і могуць разглядацца як помнікі археалогіі. Але варта адзначыць, што яны ўжо пазбаўлены свайго натуральнага гістарычнага ландшафта. Несумненна, да гэтай катэгорыі адносяцца і гігантцкія антропаморфныя каменныя статуі з вострава Пасхі, каменныя выявы бостваў у Цэнтральнай Амерыцы, статуі Буды у краінах Індакітая.

Ахвярнікі (стараславянскае «трэбішча») – месца прынашэння дароў духам продкаў, багам, святым. Звычайна размяшчаліся на свяцілішчах (капішчах). У Беларусі такі помнік захаваўся ў Лагойскім раёне каля в. Крамянец, у лесе, дзе знаходзіцца старажытнае свяцілішча. Ён уяўляе сабою вялікі валун: даўжыня звыш 1 м, шырыня 70 см і вышыня 60 см. На амаль плоскай яго паверхні ёсць адпаліраваныя паглыбленні штучнага паходжання: тры авальныя і два круглыя, памерамі прыкладна ад 15 да 36 см у папярэднічку. Вакол каменя выбрукаваная малымі каменямі пляцоўка памерамі 2,8×3 м, арыентаваная па баках свету. Мясцовая назва помніка – Святы камень.

Вельмі цікавы сакральны помнік быў ускрыты археалагічнымі раскопкамі ў Тураве ў 2004 г. Гэта велізарны крыж памерамі 6,95×6,75 м, складзены з абпаленай цэглы-пальчаткі (цэглы, на паверхні якой рабілі барозны) памерамі 25-26×13-14×5-6 см і сырцовай цэглы памерамі 32-33×16-17×8-9 см, складзенай на восем пачаргова радоў ў вышыню. Датуецца гэты аб’ект па фармату цэглы XVI-XVII ст. Прызначэнне яго пакуль што не высветлена, магчыма, на думку даследчыка П.Ф. Лысенкі, абярэг.

Помнікі прамыслова-гаспадарчай дзейнасці і камунікацый. Наступнай катэгорыяй археалагічных помнікаў з’яўляюцца старадаўнія аб’екты прамыслова-гаспадарчай дзейнасці, камунікацыйныя сродкі і некаторыя аб’екты грамадскага прызначэння.

Да ліку першых можна аднесці старажытныя шахты па здабычы сыравіны: крэменю, золата, срэбра, медзі, волава і іншых металаў, солі. Рэшткаў майстэрняў па апрацоўцы сыравіны і вырабу прадуктаў хімічных промыслаў. Сюды можна аднесці рэшткі рудняў, паташняў, гут, смалакурняў. Да камунікацыйных сродкаў можна аднесці ўчасткі альбо рэшткі старадаўніх дарог і мастоў. Да помнікаў грамадскага прызначэння можна аднесці рэшткі старажытных вадаправодаў, амфітэатраў, тэрмаў, вядомых па раскопках антычных гарадоў. У Беларусі да гэтай катэгорыі помнікаў можна аднесці рэшткі старадаўніх дрэнажных збудаванняў, каналаў, вадзяных млыноў, рэшткі мануфактур і корчмаў.

Шахты па здабычу крэменю ўзніклі ў перыяд позняга неаліту і працягвалі бытаванне ў бронзавым веку. Яны вядомыя ў шмат якіх краінах Еўропы: Польшы, Англіі, Германіі, Даніі і інш.; вядомыя і ў Паўночнай Амерыцы. У Беларусі шахматы па здабычу крэменю маюцца ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці каля г. п. Краснасельскі і в. Карпаўцы. На паверхні крэйдавых распрацовак, пры зачыстцы іх бульдозерам, можна прасачыць цёмнаватыя плямы дыяметрам да 1,5 м – вусці гэтых шахтаў. Глыбіня саміх шахт часам дасягае 6–8 м.

Шахты па здабычы каляровых металаў і солі выяўлены і вывучаюцца ў шэрагу краінаў Заходняй Еўропы, найперш у Аўстрыі, дзе яны былі выяўлены яшчэ ў XVII ст. у мясцовасці Гальштат.

Рэшткі майстэрняў для апрацоўкі здабытага распрацоўкамі альбо паверхнасных збораў крэменю зафіксаваны даследчыкамі каля в. Котра на правым беразе Нёмана, Боркава Гара на р. Дзітва, а таксама каля шахтаў і ў саміх шахтах паблізу г. п. Краснасельскі. На паверхні іх можна заўважыць бадай што павялічанаю канцэнтрацыю адходаў крэмнеапрацоўчай вытворчасці. Больш поўнае ўяўленне пра іх можна атрымаць толькі шляхам раскопак.

Да майстэрняў хімічных промыслаў можна аднесці ямы для выпальвання вугаля, гуты, паташні, рудні і смалакурні. Ямы для выпальвання вугалю вядомыя па раскопках у Смаленскім Падняпроўі. Яны уяўлялі сабойю чатырохкутняй формы плошчаю ад 3 да 5 кв. м, выкапаныя на глыбіню 50-75 см. Падчас раскопак гэтых ям выяўляліся напластаванні драўніннага вугалю таўшчынёю 17 см. Датуюцца гэтыя аб’екты прамысловага прызначэння другой паловаю XIV – першай паловай XVI ст. [гл. Третьяков В.П. Ямы углежогов XIV – XVI вв. в Верхнем Поднепровье // КСИА. 1973. № 135. С. 116-119]. Гута – даўнейшая назва месца, дзе выраблялася шкло. На тэрыторыі Беларусі па пісьмовых крыніцах гуты ўпершыню згадваюцца з сярэдзіны XVI ст. Паташня – буда, прадпрыемства па вырабу паташу. Апошні ўяўляе сабою шчолачную соль, якую атрымоўвалі з расліннага попелу, неабходную для вырабу шкла, мыцця воўны, адбельвання тканін і інш. Паводле пісьмовых крыніцаў, паташні ў Беларусі былі вядомыя ўжо да XV ст. Рудня – памяшканне для выплаўкі жалеза з мясцовай балотнай руды. Яны вядомыя па археалагічных дадзеных з эпохі ранняга жалезнага веку, а па пісьмовых крыніцах з 1530 г. Смалакурня – смалярня, буда, прадпрыемства для гонкі смалы і шкіпінару. Па пісьмовых крыніцах яны фіксуюцца з 1565 г. Усе пералічаныя віды помнікаў, якія можна аднесці да помнікаў прамысловай дзейнасці, іншым разам фіксуюцца археолагамі ў ходзе палявых работ – разведак, але мэтанакіраваным даследваннем – раскопкам амаль не падвяргаліся, хаця для гісторыі ўзнікнення і развіцця хімічных промыслаў іх вывучэнне несумненна мае важнае значэнне.

Старажытныя сродкі камунікацыі: дарогі і масты ў асноўным вядомыя па даследваннях антычных помнікаў. Невялікі адрэзак такой дарогі, выбрукаванай з дробнага валуннага каменя, раскапаны расійскімі археолагамі на антычным паселішчы Горгіпій у Анапе Краснадарскага краю. А ў Вялікабрытаніі, на тэрыторыі Паўночнага Уэльса, ля г. Бершам, археалагічна, раскопкамі, быў выяўлены ўчастак рэйкавай гужавой дарогі. Рэйкі былі зроблены з дрэва, да таго ж папярэдне наўмысна абпаленыя, што ўласна і забяспечыла ім добрую захаванасць у вільготнай глебе. Датуецца гэтая самая ранняя ў свеце рэйкавая дарога XVII-XVII ст. На тэрыторыі Беларусі сухапутныя шляхі вядомы яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Яны злучалі цэнтры буйных княстваў. Як правіла ўздоўж такіх дарог узнікалі паселішчы: феадальныя двары, вёскі. Сведкаю таму фіксуемыя археолагамі скапленні курганоў XI-XIIІ стст., якія ланцужком цягнуцца ўздоўж некалі існаваўшай дарогі. Узорам адной з такіх курганных груп можа быць курганная група, размешчаная каля в. Васілінкі на сучасных вясковых могілках, якая налічвае яшчэ трыдцаць насыпаў, выцягнутых ланцужком уздоўж дарогі Слуцк-Мінск, на адлегласці 360 м ад яе. Зразумела, што старадаўнія дарогі не аднойчы абнаўляліся і таму вывучыць іх першапачатковы выгляд сёння ўжо немагчыма. Але ў некаторых месцах, часам у лесе, старажылы могуць вам паказаць участкі дарогі, без яўных слядоў нядаўняга выкарыстання, якія сярод мясцовага насельніцтва часам маюць назвы: «Альгердава дарога», «дарога Вітаўта», «дарога Стэфана Баторыя», «Екацярынінскі шлях» і інш. Не абавязкова, што гэтыя дарогі менавіта звязаны з гэтымі гістарычнымі асобамі. Але не выключана, што некаторыя з іх маюць даўнейшае паходжанне і таму могуць з’яўляцца аб’ектам увагі археолагаў.

Рэшткаў старадаўніх мастоў у Беларусі не захавалася, і гэта зразумела, таму што пераважная большасць з іх у эпоху сярэднявечча ўзводзілася з дрэва. Выключэннем бадай што будзе мост, які злучае Стары і Новы замак Гродна, узведзены з каменю ў XVII ст. і які функцыянуе і па сёння. Каналы – як сродкі камунікацыі вядомыя ў Беларусі з XVIIІ ст. Найперш гэта канал Агінскага, які злучыў басейны рэк Нёмана і Дняпра. Драўляныя гідратэхнічныя канструкцыі з таго часу не захаваліся. Канал аднаўляўся ў 1804 і 1926-1928 гг. У 2006 г. адбылося археалагічнае вывучэнне тэрыторыі, што прылягае да канала. У ходзе гэтых работ былі выяўлены помнікі археалогіі каменнага веку.

Старажытныя вадаправоды – акведукі, тэрмы і амфітэатры – атрыбут антычных гарадоў. У Беларусі самыя старадаўнія вадаправоды датуюцца не раней за сярэдзіну ХІХ ст. Што тычыцца дрэнажных і вадасцёкавых збудаванняў, дык яны фіксуюцца археолагамі ўжо ў XII ст. Але распаўсюджанне набылі ў XVII-ХІХ стст. і вядомыя па раскопках Полацка, Віцебска, Мінска і Слуцка.

Цікавымі аб’ектамі археалогіі з’яўляюцца і гарадскія сметнікі. Менавіта ў іх, на адносна невялікай плошчы канцэнтруюцца археалагічныя матэрыялы: выкінутыя рэчы, што выйшлі з ужытку, косткі жывёл і костачкі пладоў. Адзін з такіх сметнікаў археалагічна даследаваны на тэрыторыі Мірскага замка. Глыбіня ямы пад сметнік 2,7 м. Па знаходках рэчаў з гэтай ямы сметнік датуецца другой паловай XVI ст. Выграбныя ямы археалагічна зафіксаваны ў Віцебску, Мінску і Магілёве. Па-за межамі Беларусі такія помнікі вядомы ў Эстоніі, раскопкі г. Тарту, дзе яны датуюцца XIV-XV стст. А больш ранняга часу – на антычных паселішчах, у прыватнасці ў Херсанесе.

А ў Злучаных Штатах Амерыкі існуе нават спецыяльны раздзел археалогіі, які займаецца вывучэннем сучаснага гарадскога смецця. Так, у 1973 г. прафесар Уільям Ратжы і группа студэнтаў з універсітэта штата Арызона распрацавала і ажыццявіла спецыяльны праект па вывучэнню бытавых адкідаў з дамоў г. Таксан. З таго часу гэты праект набыў пашырэнне і цяпер ахоплівае шмат якія гарады ў ЗША і нават сталіцу суседняй дзяржавы – горад Мехіка. Навуковы аналіз смецця з гэтых гарадоў дае каштоўную інфармацыю па экалогіі і псіхалогіі паводзінаў чалавека ў нестандартных сітуацыях. Напрыклад, калі на рынку адчуваўся недахоп якога-небудзь віду ежы, людзі імкнуліся назапасіць яе у павышанай колькасці, што прыводзіла да псавання гэтых прадуктаў і затым – выкідванне іх на сметнік (успомніце пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя у нашай краіне!). Называецца гэты праект «гарбалогія» ад англійскага слова «garbage» – смецце.

Вадзяныя млыны і мануфактуры на тэрыторыі Беларусі фіксуюцца пісьмовымі крыніцамі XVII – XVIIІ стст. Рэшткі іх час ад часу выяўляліся некаторымі археолагамі, але раскопачныя работы на іх пакуль што не праводзіліся. Найбольш вядомыя мануфактуры таго часу – гэта мануфактуры ў Налібоках, Урэччы, Нясвіжы, Слуцку, Вішневе і інш. Раскопкі іх далі б канкрэтны і цікавы матэрыял па гісторыі, гэтых прадпрыемстваў.

Корчмы – грамадскія ўстановы шматфункцыянальнага прызначэння (але найперш месцы гандлю, харчавання і адпачынку). На славянскіх землях па пісьмовых крыніцах корчмы вядомыя ўжо з Х–ХІ стст. На тэрыторыі Беларусі пісьмовымі крыніцамі яны фіксуюцца з XVI ст. Да сярэдзіны XVIIІ ст. корчмы практычна былі ва ўсіх больш ці менш буйных паселішчах, а ў некаторых з іх нават і па некалькі. Археалагічнымі раскопкамі корчмы XVII–XVIIІ стст. вывучаліся пакуль што ў Віцебску і на асобных помніках Беларускага Панямоння. Вывучэнне іх на больш шырокім арэале – справа будучыні.

Асобную і цікавую катэгорыю археалагічных помнікаў складаюць скарбы (клады). Скарб, гэта прадметы, рэчы, схаваныя ў зямлі ці іншым патаемным для іншых асоб месцы з мэтаю захавання іх для далейшага выкарыстання альбо з мэтаю перасцярогі іх прысваення чужынцамі. Як правіла скарб закопвалі ў грунт на глыбіню 20-25 см. У рэдкіх выпадках – на глыбіню да 1 м і больш. У другім, нетыповым выпадку захавання скарба яго ўладальнік не меў думкі аб яго хуткім спажыванні. Іншымі месцамі захавання скарбаў маглі служыць тайнікі ў храмах, падпечча, падстрэшак і нават дупло старога дрэва.[9] Скарбам прыпісвалася чараўнічая сіла. На думку людзей таго часу, скарб мог самастойна «уходзіць» углыб зямлі, калі трапляўся на вочы чужому, альбо ператварацца ў друз ці попел, калі да яго дакраналіся рукі чужынца. Народная міфалогія парадзіла вобраз спецыяльнага боства, які ахоўвае скарбы. Так, у беларускай традыцыйнай міфалогіі ёсць вобраз маленькага бога Копшы, які ахоўвае закапаныя ў зямлю скарбы. Яго просяць указаць месца захавання скарба і дапамагчы адкапаць яго. У выпадку ўдачы яму дзякуюць і пакідаюць частку здабычы. Адкрываюцца патаемныя месцы скарбаў і тым, хто ў Купальскую ноч знаходзіць папараць-кветку.

Скарбы падзяляюцца на сакральныя (ватыўныя) і эканамічные. Апошнія падраздзяляюцца на рэчавыя, рэчава-грашовыя і грашовыя (манетныя). Манетныя скарбы – прэрагатыва ўвагі нумізматаў – навукоўцаў, што вывучаюць манеты. Рэчавыя скарбы вядомыя ўжо з эпохі каменнага веку. Яны ўяўлялі сабою наўмысне схаваныя ў невялікіх ямах крамянёвыя і каменныя прылады. У Беларусі яны выяўлены па помніках Охват на Заходняй Дзвіне, Янава на Дняпры, Лоша, Журавель на Сажы і Краснасельскі-7 у Панямонні. Вядомы рэчавыя скарбы і з эпохі бронзавага веку, праўда на суседняй тэрыторыі, на Украіне. Скарбы перыяду ранняга жалезнага веку зафіксаваны на помніку мілаградскай культуры, на гарадзішчы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Тут у чатырох ямах былі выяўлены скарбы: у адным жалезныя прылады працы (сярпы, матыка, сякера), у трох астатніх – упрыгожванні (бронзавыя бранзалеты, пáставыя каралі).

Скарбаў эпохі ранняга сярэднявечча, сярэдзіны І тыс. н.э. – першай паловы ІІ тыс. н.э. у Беларусі зафіксавана 42. Сярод іх ёсць рэчавыя, манетна-рэчавыя і манетныя. Дзве апошнія катэгорыі – пераважаюць. Найбольш вядомыя з гэтых скарбаў – гэта Дзягцянскі, Полацкі і Вішчынскі, адлюстраваныя ў цэлым шэрагу спецыяльных і абагульняючых публікацый. Манетныя скарбы больш позняга часу, асабліва XVII ст., з’ява ў навуцы досыць вядомая. Іх выяўлена куды больш.

Сакральныя або ватыўныя (ад лац. Votives – прысвечаны багам) скарбы у адрозненні ад звычайных, эканамічных скарбаў ахвяроўваліся бажаству для выканання нейкага жадання: пазбаўлення ад хваробы, засцярогі ад стыхійнага бедстваабо нападу ворага і інш. У некаторых народаў, напрыклад у германцаў, такія скарбы кідалі ў прыродныя вадаёмы. Частку рэчаў, што уваходзіла ў склад такога скарбу маглі свядома ламаць або пашкоджваць, каб прадухіліць іх паўторнае выкарыстанне людзьмі. У Беларусі ўзорам такога скарба на думку М.А. Плавінскага можа з’яўляцца скарб рэчаў знойдзеных коля в. Брылі, дзе сярод знаходак выяўлена 10-ць фрагментаў меча, наўмысне зламанага – рытуал так званага «забойства меча», вядомага ў краінах заходней Еўропы.

Скарбы з’яўляюцца важным археалагічным помнікам для вызначэння храналогіі бытавання асобных катэгорый рэчаў. Праўда, у адрозненне ад археалагічных матэрыялаў, якія здабыты планамернымі раскопкамі, выяўленне скарба – справа чыста выпадковая і ў гэтым яны вельмі блізкі да наступнага віда археалагічных помнікаў-выпадковых знаходак.

Выпадковыя знаходкі – гэта тыя знаходкі, якія былі выяўлены выпадкова, найчасцей пры земляных, будаўнічых, дарожных ці сельскагаспадарчых работах, або знойдзены выпадкова ў выніку аэрацыі – пранікненне ў глебу паветра, і як вынік разбурэнне паверхні паселішча, размыву яго дажджом або паводкаю, разбурэння пахавання, асушэння вадаёма-возера, несанкцыянаваных аматарскіх ці скарбашукальніцкіх, рабаўнічых раскопах, выпадковым альбо наўмысным пашкоджанні помніка археалогіі. Таксама гэта выпадкова выяўленыя у прыватных калекцыях ці выстаўленых на аўкцыён па продажу старадаўніх, антыкварных рэчаў. Як правіла, гэтыя знаходкі пазбаўлены стратыграфічнай прывязкі, комплекса. Нярэдка нават невядома дакладнае іх месца выяўлення. Але сярод выпадковых знаходак сустракаюцца досыць унікальныя рэчы, бывае нават, якія не маюць аналагаў сярод вывучаных раскопкамі помнікаў.

Да ліку такіх знаходак у Беларусі можна аднесці знаходку меча, выяўленага ў 1975 г. пры будаўніцтве вытворчых карпусоў ў Гродна, скарб залатых упрыгожанняў ІХ–Х стст., знойдзенага ў тым жа годзе на стадыёне ў Полацку на тэрыторыі колішняга Ніжняга замка пад час суботніка, комплекс зброі і рыштунку ХІІІ ст. з-пад Гродна, знойдзеных у грудзе зямлі, якая адарвалася ад берага і спаўзла амаль да ўрэзку вады, касцяныя і рагавыя вырабы эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага веку, сабраныя ў катлаванах-адстойніках пры здабычы азёрнага сапрапеля непадалёк ад в. Азярное ля возера Вячэра Любанскага раёна ў 1985–1992 гг. Меч, разнавагі, манеты – арабскія дырхемы, цэлыя і ў фрагментах, срэбныя ўпрыгожанні і кавалкі срэбнага дроту, знойдзеныя ў час абследавання месца пераправы войска Напалеона праз р. Бярэзіну ля в. Брылі ў 2004 г., якія датуюцца канцом ІХ ст., элементы засцерагальнага ўзбраення, знойдзеныя ў Нясвіжскім замку падчас разборкі пагарэлых драўляных канструкцый пасля пажару 2002 г., рэчавы комплекс з пахавання XІV ст., выяўлены ў 2003 г. ля в. Солы Смаргонскага раёна пры земляных работах для ўтылізацыі побытавых адкідаў, бронзавыя ўпрыгожанні VІ-VІІ ст. н. э. з Івацэвіцкага раёна, якія трапілі на інтэрнэт-форум у маі 2009 г. для іх продажу і інш. Пазбаўленыя гістарычнага кантэксту, яны не могуць з’яўляцца паўнавартаснымі гістарычнымі крыніцамі, але як ўзор матэрыяльнай культуры старажытнага часу, яны маюць пэўную каштоўнасць, могуць даносіць некаторым чынам інфармацыю пра тэхналогію вытворчасці, гандлёвыя і культурныя сувязі, стан развіцця грамадства і таму павінны брацца пад увагу навукоўцамі.

Такім чынам, паняцце «археалагічны помнік» досыць шырокае, храналагічна ахаплівае перыяд ад эпохі каменнага веку і амаль да пачатку новага часу і адлюстроўвае амаль усе аспекты жыцця, дзейнасці і рэлігійнай абраднасці чалавека, матэрыялізаваныя ў рэчах, якія пры іх вывучэнні ствараюць магчымасць для рэканструкцыі гістарычнага мінулага.

Некаторыя навукоўцы часам атаесамляюць паняцці «археалагічны помнік» і «археалагічная крыніца» [гл. Мартынов А.И. Археология. М.: Высшая школа, 2005. С. 15, 33, 43]. Між тым гэта не зусім так. Археалагічны помнік, сам па сабе, без элементарнага навуковага ўспрыняцця не можа яшчэ служыць крыніцаю ведаў. Уявіце, што гэты помнік сузірае вучань пачатковых класаў. Ці шмат яму «раскажа» помнік? «Гара, пагорак» – скажа ён гледзячы на гарадзішча або курган. Хто-ніхто з абывацеляў скажа вам, што гэта старажытнае паселішча («тут некалі людзі жылі»), або старадаўняе пахаванне – «могілкі французскія, шведскія» і г. д. Толькі пасля пэўнай навуковай (няхай нават першапачатковай) апрацоўкі, такі помнік становіцца ўжо археалагічнаю крыніцаю. Дзеля гэтага трэба зрабіць апісанне яго выгляду, прывесці яго параметры, вызначыць прызнычэнне і даць хаця б папярэднюю даціроўку. Далейшае вывучэнне такога помніка спецыяльнымі метадамі [гл. адпаведныя раздзелы дапаможніка] пераутварае археалагічныя крыніцы у гістарычныя, якія даносяць да нас інфармацыю пра час, этнас і штодзённае жыцё носьбітаў помніка ці групы помнікаў [гл. Клейн Л.С. Археологические источники. Учебное пособие. Л., из-во Ленинградского университета, 1978].

Найважнейшым помнікам і археалагічнаю крыніцаю з’яўляецца культурны пласт, пра які мэтазгодна расказаць у наступным раздзеле.

Пытанні для самакантролю

  1. Што такое археалагічны помнік?
  2. Якія з археалагічных помнікаў можна аднесці да паселішчаў?
  3. Якія з археалагічных помнікаў можна аднесці да пахаванняў?
  4. Якія віды пахаванняў вы можаце назваць?
  5. Якія з археалагічных помнікаў можна аднесці да ліку сакральных?
  6. Якія з археалагічных помнікаў можна аднесці да помнікаў прамыслова-гаспадарчай дзейнасці і грамадскага прызначэння?
  7. Што такое скарб? Якія віды скарбаў вы ведаеце?
  8. Што ўключае паняцце «выпадковыя знаходкі»?

 

Літаратура


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.023 сек.)