АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Дзіравы кацёл

Читайте также:
  1. Богарт у шафе
  2. Вялізная памылка цёткі Мардж
  3. Гары Потар і таемны пакой.
  4. Дыягон Алея
  5. Знікненне Тлустай Пані
  6. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).
  7. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.
  8. Савіная пошта
  9. Саратавальны капялюш

 

На працягу колькі дзён Гары абвыкаўся са сваім новым свабодным становішчам. Ён ніяк не мог уявіць, што можа прачынацца, калі пажадае і есці тое, што хоча. Хлопчык нават мог пайсці куды заўгодна, калі гэтае месца знаходзілася на Дыягон Алеі. Гэта даўжэзная брукаваная вуліца была набіта такой колькасцю самых найвыдатнейшых чарадзейных крам, што Гары нават і ў галаву не прыходзіла парушыць загад Фаджа і пайсці на шпацыр у маглаўскі свет.

Штораніцы Гары снедаў у Дзіравым катле, бо яму падабалася назіраць за іншымі наведвальнікамі: смешнымі маленькімі вядзьмаркамі з вёсак, што прыляталі па шопінг; чараўнікамі глыбокапажнага выгляду, што спрачаліся наконт чарговага артыкула з “Ператвораў сягоння”; дзікаватымі з выгляду ведзмакамі, хрыплымі гномамі і падобнай публікай. А аднойчы яму на вочы трапілася нешта, што падазрона нагадвала старую вядзьмарку, якая заказала сабе з-пад звязанага з тоўстай воўны шлема, талерку сырой печані.

Пасля сняданку Гары выходзіў на задні двор, даставаў сваю чароўную палачку, націскаў на трэцюю цагліну ля сметніка і адчыняў праход на Дыягон Алею.

Доўгія сонечныя дні хлопчык праводзіў за вывучэннем асартыменту разнастайных крам, ці седзячы пад яскравымі парасонамі вулічных кавярняў, дзе наведвальнікі дэманстравалі адно аднаму свае бягучыя набыткі (“гэта лунаскоп, хлопча – цяпер не трэба будзе губляць час з месяцовымі дыяграмамі, разумееш?”), ці абмяркоўвалі становішча з Сірыюсам Блэкам (“што датычыцца мяне, я не адпушчу анікога са сваіх дзетак шпацыраваць сам-насам, пакуль Блэка не вярнуць у Азкабан”). Гары не трэба было больш вучыць дамашнюю работу па начах, схаваўшыся пад коўдрай; ён меў магчымасць рабіць гэта седзячы пад сонцам на верандзе Салона Марозева, які належаў Фларыяну Фартэск’ю. Часам Гары, які ўжо амаль скончыў працу над сачыненнямі, дапамагаў сам гаспадар салону, які шмат чаго ведаў пра сярэднявечныя вядзьмаркаспаленні і кожныя паўгадзіны частаваў хлопчыка бясплатным марозівам.

Калі Гары, папоўніў у Грынгацкім банку свае запасы залатых Галеёнаў, срэбных сікеляў і бронзавых кнютаў, яму спатрэбілася шмат самавалодання, каб не страціць ўсё адразу. Ён стала нагадваў сабе, што яму яшчэ пяць гадоў вучыцца ў Хогвартсе і як ён будзе адчуваць сябе, пытаючыся грошай на новыя прылады і кнігі замоваў у Дурслі. Аднойчы ён амаль што не набыў сабе набор плявакаменчыкаў з чыстага золата (гэта чарадзейная гульня нагадвае звычайныя маглаўскія шарыкі, але гэтыя пстрыкалі суперніку ў твар вадкасцю з непрыемным пахам, калі гублялі сваю кропку). Таксама Гары не паддаўся спакусе, убачыўшы рухомую мадэль галактыкі ў вялізным крышталёвым шары, набыццё якой абяцала назаўжды пазбавіцца неабходнасці пасячаць урокі астраноміі. Але наймацнейшае выпрабаванне чакала Гары ў яго самай ўлюбёнай краме “Найякаснейшыя прылады для квідытча” напрыканцы першага тыдня побыту ў Дзіравым катле.

Зацікаўлены натоўпам, што згрудзіўся ў краме, Гары праціснуўся праз купу ўзбуджаных вядзьмарак і ведзьмакоў і заўважыў свежаўзведзены подыум, на якім убачыў самую выдатную мятлу ў сваім жыцці.

- Толькі што з’явілася... прататып...- распавядаў нейкі чараўнік з квадратным падбароддзем свайму суразмоўцы.

- Хіба гэта не самая хуткая мятла ў свеце, татачка?- піскнуў хлопчык маладзейшы за Гары, выкручваючыся з рукі свайго бацькі.

- Ірландская зборная дзеля ўдзелу ў чэмпіянаце свету замовіла сем гэткіх прыгажунь,- распавёў натоўпу гаспадар крамы,- А яны фаварыты сусветнага кубку!

Высокая вядзьмарка, што стаяла перад Гары, урэшце адыйшла і ён змог прачытаць анатацыю

 

ВОГНЕННАЯ СТРАЛА

 

Ультрасучасная спартовая мятла з палепшанай аэрадынамікай. Супертонкі тронак з ясеню, адпаліраваны на дыяментавым крузе. Кожная мятла мае індывідуальны нумар. Дзякуючы гэтаму кожны дубчык хваста падабраны індывідуальна, нашая мятла мае непераўзыйдзеную аэрадынамічную дасканаласць, непераўзыйдзены баланс і выразнасць арыентацыі. Вогненная страла з лёгкасцю разганяецца з 0 да 150 міль за гадзіну на працягу 10 секунд і забяспечана сістэмай абароны ад стопарных замоваў. Кошт па дамоўленасці.

 

Кошт па дамоўленнасці... Гары нават не хацеў думаць аб тым, колькі Галеёнаў спатрэбіцца аддаць за Вогненную стралу. Ён нічога не жадаў так моцна за ўсё сваё жыццё, як толькі гэтую мятлу. Але хлопчык памятаў, што не прайграў аніводнага матчу па квідытчу са сваім Німбусам 2000 і лічыў, што не трэба спусташаць свой рахунак у Грынгатсе, калі ўжо мае дастаткова добрую мятлу. Тым не менш, Гары, не пытаючыся пра кошт, штодня прыходзіў, каб паглядзець на Вогненную стралу.

Але ж былі таксама і неабходныя набыткі. Напачатку Гары зайшоў да аптэкара, каб папоўніць свае запасы інгрыдыентаў для стварэння зелляў. Заўважыў, што крыху падрос, і старая школьная вопратка стала закароткай, таму Гары наведаў краму мадам Малкін “Вопратка на любы выпадак” і набыў сабе новую. Важна было набыць новыя падручнікі, тым больш што ў праграме з’явіліся дзве новыя дысцыпліны: “Дагляданне за Магічнымі істотамі” і “Вяшчунста”.

Зазірнуўшы ў вітрыну кнігарні, Гары моцна здзівіўся. Замест стоса новенькіх кніг па замовах з залатым цісненнем, памерам з добрую тратуарную пліту ён заўважыў жалезную клетку, у якой месцілася каля сотні Пачварных кніг аб пачварах. Паўсюль ляталі адарваныя старонкі, бо кнігі адчасу кідаліся адно на адну, счапляліся ў бойках, ці стоячы ў баку агрэсіўна пстрыкалі.

Гары выцягнуў з кішэні спіс неабходных падручнікаў і ўпершыню за увесь час зірнуў у яго. “Пачварная кніга” была сярод абавязковых дзеля догляду за магічнымі істотамі. Толькі зараз хлопчык зразумеў словы Хагрыда, наконт таго, што Кніга яму шчэ спатрэбіцца і адчуў палёгку, бо дагэтуль лічыў, што палясоўшчык завёў сабе новага жахлівага гадаванца і цяпер яму была неабходна дапамога.

Калі Гары зайшоў усярэдзіну “Флорыш і Блотс”, да яго адразу падскочыў менеджар.

- Хогвартс?- нечакана выпаліў ён.

- Так,- адказаў хлопчык,- мне патрэбна...

- Адсунься,- з нецярплівасцю прамовіў менеджар і штурхануў Гары ўбок. Потым начапіў пару таўшчэзных пальчатак, схапіў грудкаваты кіёк і рушыў да клеткі з пачварнымі кнігамі.

- Чакайце,- супыніў яго Гары,- такі падручнік я ўжо маю.

- Няўжо?- на твары менеджара з’явіўся выраз невымоўнай удзячнасці,- Хвала Нябёсам, ці то мяне кусілі ўжо пяць разоў толькі за сёння...

У паветры адчуўся рэзкі трэск, гэта дзве пачварныя кнігі схапілі трэцюю і пачалі рваць яе напалам.

- А ну супыніліся! До!- закрычаў менеджар, стукаючы па кнігах кійком скрозь краты.- Хай мяне халера, калі я яшчэ займуся іх продажжу! Гэта ж сапраўдны вэрхал! Думаў горш за той выпадак, калі мы набылі за вялізныя грошы 200 асобнікаў “Нябачнай кнігі пра нябачнасць” і так і не знайшлі аніводнай, ужо не будзе... Чымсь яшчэ магу дапамагчы?

- Так,- адказаў Гары, зірнуўшы ў спіс,- мне патрэбна “Развуаляванне будучыні” Касандры Ваблацкай.

- А, будзеш вывучаць “Вяшчунства”?- спытаў менеджар і, зняўшы пальчаткі, павёў хлопчыка ў заднюю частку крамы, дзе быў аддзел з кнігамі пра вяшчунства. Невялічкая паліца была застаўлена кнігамі, такімі як “Прадказанне непрадказальнага: захавай сябе ад шакавання”ці “Удары лёсу: калі вы згубілі шчасце”.

- Вось, яна,- падняўшыся па лесвіцы да верхняй паліцы і зняўшы адтуль “Развуаляванне будучыні”, кнігу з чорнай вокладкай – вельмі добрае кіраўніцтва па ўсіх асноўных метадах варажбы – хірамантыя, крышталёвы шар, птушыныя вантробы...

Але Гары не слухаў. Яго вочы ўперыліся ў іншую кнігу, што была сярод выстаўленых на рэкламнай паліцы: “ Прадвеснікі смерці: што рабіць, калі ўбачыў благі канец ”.

- На тваім месцы, я б не чытаў,- прамовіў менеджар, прасачыўшы на што глядзіць хлопчык,- будзеш бачыць прыкметы смерці паўсюль, а гэтага дастаткова, каб і самому да смерці перапужацца.

Тым не менш, Гары працягваў глядзець на вокладку, дзе быў намаляваны чорны сабака з бліскучымі вачыма велічынёю з мядзведзя. Гэта яму штось нагадвала...

Менеджар, ціснуў Гары ў рукі “Развуаляванне будучыні”.

- Штось яшчэ?- спытаў ён.

- Так,- з цяжкасцю адарваўшы свае вочы ад сабакі і зірнуўшы ў спіс падручнікаў, прамовіў Гары,- Хм... “ Прамежкавыя ператварэнні ” і “ Стандартная кніга замоваў для трэцяга класа”.

Гары выйшаў з “Флорыш і Блотс” праз дзесяць хвілін, трымаючы новыя кнігі ў руках, і рушыў назад да Дзіравага катла, ледзь заўважаючы куды ісці і паспеўшы наштурхнуцца на колькі чалавек.

Ён падняўся па лесвіцы, зайшоў у свой пакой і перакуліў стос кніг на ложак. Пакуль яго не было ў пакоі, нехта прыбраўся: вокны былі адчынены і пакой залівалі сонечныя промні. Гары чуў, як па нябачнай з пакоя маглаўскай вуліцы едуць аўтобусы, а па Дыягон Алеі праходзіць такі ж нябачны, але шумны натоўп. Ён паглядзеў на сябе ў люстэрка ў ванным пакоі.

- Гэта не мог быць Прадвеснік смерці,- сказаў Гары свайму адлюстраванню.- Я быў запанікаваны, калі трапіў на плошчу Магноліа Крэсэнт. А сам хутчэй за ўсё бачыў бяздомнага сабаку...

Ён аўтаматычна падняў руку і прыгладзіў свае непаслухмянае валоссе.

- Цяпер ты вядзеш бойку ў якой прайграеш, любы мой,- хрыпла адказала хлопчыку люстэрка.

*

Мінулі дні, Гары пачаў уважліва сачыць за натоўпам, спрабуючы адшукаць у ім Рона ці Герміёну. Набліжаўся пачатак семестра, і на Дыягон Алее сям-там трапляліся вучні з Хогвартса. Ля “Найякаснейшых прылад для квідытча” Гары сустрэў Шымаса Фінігана і Дына Томаса, сваіх сувучняў па Грыфіндоры, якія з захапленнем глядзелі на Вогненую стралу; а на выхадзе з Флорыш і Блотс сутыкнуўся з Нэвілам Лонгботамам, безуважлівым круглатварым хлопцам. Гары не супыніўся паразмаўляць з ім, бо хлопец пэўна страціў свой спіс падручнікаў і цяпер меў непрыемную размову са сваёй суровага выгляду бабуляй. Гары спадзяваўся, што яна ніколі не даведаецца аб тым, што ён хаваўся за імем Нэвіла, калі ўцякаў ад Міністэрства магіі.

Гары прачнуўся ў апошні дзень вакацыяў, спадзяючыся, што магчыма будзе мець задавальненне ўбачыцца з Ронам і Герміёнай заўтра, ля Хогвартс Экспрэса. Ён падняўся, апрануўся і апошні раз пайшоў зірнуць на Вогненную стралу. Потым хлопец пачаў разважаць, дзе б з’есці свой абед і тут нехта паклікаў яго імя, Гары азірнуўся.

- Гары! Гары!

Яны ўсе разам сядзелі за столікамі на верандзе Салону Марозева Фларыяна Фартэск’ю, Рон – неверагодна зарабацініўшы, а Герміёна ўся збарвянелая ад адчайнага махання рукамі.

- Нарэшце!- прамовіў Рон і ўсміхнуўся, калі Гары прысеў.- Мы пайшлі ў Дзіравы кацёл, але там сказалі, што ты ўжо сышоў, потым зазірнулі ў Флорыш і Блотс, да мадам Малкін ды...

- Я набыў усё неабходнае яшчэ на мінулым тыдні,- растлумачыў Гары,- А адкуль вы ведаеце, што я жыву ў Дзіравым катле?

- Тата,- прастадушна адказаў Рон.

Містэр Візлі, што працаваў у Міністэрстве магіі, пэўна, ужо ведаў пра тое, што здарылася з цёткай Мардж.

- Ты сапраўды надзьмуў сваю цётку Гары?- вельмі сур’ёзным голасам спытала Герміёна

- Я не жадаў гэтага,- адказаў ён, а Рон са смеху пакаціўся з крэсла на зямлю.- Я згубіў кантроль над сабой.

- Тут няма анічога смешнага, Рон,- рэзка прамовіла дзяўчынка.- Я, шчыра кажучы, вельмі здзіўлена, што Гары не выкінулі са школы.

- Я таксама,- прызнаўся Гары.- і якое там выключаць, я вырашыў, што мяне наогул арыштуюць,- ён зірнуў на Рона,- Твой бацька ведае, чаму Фадж не зрабіў гэтага?

- Напэўна, таму што ты - гэта ты,- паціснуўшы плячыма адказаў Рон, усё яшчэ не супыніўшы да канца свой смех,- той самы Гары Потэр і гэдак далей. Я нават ўяўляць не хачу, што б міністэрства зрабіла са мной, калі б я надзьмуў цётку. Толькі ім прыйшлося доўга шукаць мяне пад зямлёю, таму што маці хутчэй за ўсё забіла б мяне. Але ты можаш запрасіць бацьку зайсці да цябе ўвечары. Мы сёння таксама застаемся ў Дзіравым катле! І на Кінг Крос ты можаш паехаць з намі! Герміёна таксама застаецца тут!

Герміёна, заззяўшы, хістнула галавой.

- Мама з татам прывезлі мяне сюды сёння з усімі Хогвартскімі рэчамі.

- Выдатна,- заўважыў Гары,- так, вы маеце ўсе новыя кнігі і іншае.

- Зірні на гэта,- сказаў Рон, выцягнуў са сваёй торбы тонкую і доўгую скрыначку і адчыніў,- навенечкая палачка, чатырнаццаць цаляў, вярбовая са стрыжнем з воласа з хваста аднарога. А яшчэ ў нас з сабой новыя падручнікі,- ён штурхнуў вялізную торбу пад сталом,- Як табе, дарэчы, “Пачварная кніга”? Прадавец ледзь не ўз’енчыў, калі даведаўся, што нам патрэбны дзве.

- А гэта што такое, Герміёна?- спытаўся Гары выявіўшы не адну, а тры таўсценныя торбы, побач з яе крэслам.

- Ну я ж запісалася на большую колькасць новых дысцыплінаў, -адказала дзяўчынка,- тут мае падручнікі па нумералогіі, доглядзе за магічнымі істотамі, вяшчунстве, вывучэнні старажытных рун і маглазнаўстве...

- За якім бесам табе маглазнаўства?- вылупіўшы вочы ўбок, прамовіў Гары,- Ты ж магланароджанная! Твая маці і бацька – маглы! Ты выключна ўсё ведаеш пра маглаў!

- Але будзе даволі цікава даведацца пра іх з чарадзейскага пункту гледжання,- спакойна адказала Герміёна.

- А ці плануеш ты есці ці спаць у гэтым годзе?- спытаўся Гары, Рон фыркнуў. Але Герміёна праігнаравала іх абодвух.

- А яшчэ я маю дзесяць Галеёнаў,- працягвала яна, праверыўшы свой кашэль,- Мой дзень нараджэння ў верасні і мама з татам загадзя далі мне грошы на падарунак.

- Як наконт выдатнай КНІГІ?- нявінным голасам прамовіў Рон.

- Не, не зараз,- спакойна адказала Герміёна,- Шчыра кажучы, я хачу набыць саву. Бо Гары мае Хэдвіг, ты – Эрал...

- Не я,- адказаў Рон,- Эрал, сямейная сава. А ўсё, што я маю, – гэта Скаберс,- ён выцягнуў свайго ўлюбёнага пацука з кішэні.- Яго трэба камусьці паказаць,- дадаў ён, кладучы Скаберса на стол,- Я лічу, што Ягіпет дрэнна на ім адбіўся.

Пацук быў худнейшым, чым калі-небудзь раней і ў яго апусціліся вусы.

- Там ёсць крама магічных істотаў,- паведаміў Гары, які за апошні час добра вывучыў Дыягон Алею.- Ты можаш паглядзець там, штось для Скаберса, а Герміёна набыць саву.

Яны расплаціліся за сваё марозіва і рушылі ўздоўж вуліцы да “Чарадзейскага звярынца”.

Усярэдзіне было не шмат вольнай прасторы, бо амаль кожная цаля была занята клеткамі. Крама была бруднай і вельмі шумнай, бо адусюль даносіліся віск, квохканне, балбатанне ці шыпенне. Вядзьмарка за прылаўкам кансультавала нейкіх чараўнікоў, як даглядаць падвойнахвостых трытонаў, а Гары, Рон і Герміёна чакалі, вывучаючы клеткі.

Пара пурпуровых жаб прагна глыталі вільгаць і піравалі дохлымі мухамі. Гіганцкая чарапаха з панцырам інкрустраваным дыяментамі блішчэла на сонцы ля вакна. Атрутныя памаранчавыя слімакі павольна паўзлі ўздоўж свайго рэзервуара, а тоўсты белы трус, моцна чмякаючы, ператвараўся на чорны шоўкавы цыліндр і назад. Потым ішлі коткі ўсіх колераў, шумлівыя клеткі з крумкачамі, кошыкі са смешнымі пухоўкамі, што гучна гулі. А на прылаўку стаяла вялізная клетка з чорнымі бліскучымі пацукамі, якія гулялі ў нешта, што нагадвала скокі праз скакалку, карыстаючыся пры гэтым уласнымі лысымі хвастамі.

Чараўнікі з падвойнахвостымі трытонамі адышлі, і Рон рушыў да прылаўка.

- Мой пацук,- прамовіў ён вядзьмарцы,- ён нешта хваравіта выглядае з тых пор, як мы павярнуліся з Ягіпту.

- Пакладзі яго на прылавак,- папрасіла вядзьмарка, выцягваючы акуляры ў цяжкай чорнай аправе са сваёй кішэні.

Рон выцягнуў Скаберса з унутраняй кішэні і паклаў на прылавак, ля клеткі з яго субраццямі, якія адразу ж скончылі гуляць і нават пабіліся.

Як і большасць з маёмасці Рона, Скаберс дастаўся яму з другіх рук (раней ён належыў яго старэйшаму брату Пэрсі) і быў троху патрапаны. А ў параўнанні з чорнымі пацукамі ўвогуле выглядаў асабліва журботна.

- Хм, прамовіла вядзьмарка, падымаючы Скаберса ўгору,- колькі год гэтаму пацуку?

- Нават ня ведаю, - адказаў Рон,- але вельмі стары, раней ён належыў майму брату.

- А якой сілаю ён валодае?- пільна разглядаючы Скаберса, спыталася прадаўшчыцца.

- Мм?- не зразумеў Рон. Па праўдзе кажучы Скаберс ніколі не дэманстраваў, хоць бы наймаленечкія магічныя здольнасці. Вочы вядзьмаркі варухнуліся спачатку на яго ірванае левае вуха, потым на пярэднюю лапу з адсутным пальцам, нарэшце яна гучна вохнула.

- Напэўна, ён трапіў у млын,- сказала яна.

- Ён ужо быў такім, калі Пэрсі аддаў мне яго,- абараняўся Рон.

- Звычайныя, шэрыя ці садавыя пацук жывуць не даўжэй за тры гады, ці накшталт таго,- прамовіла прадаўшчыца.- Калі зараз ты шукаеш штось больш трывалае, можаш абіраць аднаго з гэтых...

Яна паказала на чорных пацукоў, якія адразу ж прыняліся зноўку гуляцца адно з адным.

- Позеры,- прамармытаў Рон.

- Ну, а калі ты не жадаеш замены, можаш паспарабаваць гэты пацучыны тонік,- яна паварушыла пад прылаўкам і паклала перад хлопцам маленькую чырвоную бутэлечку.

- ДОБРА!- адказаў Рон.- Колькі гэта будзе... АЁЙКУ!

Рон быў вымушаны прыхіліцца, бо нешта вялізнае і памаранчавае скокнула з вяршыні самай верхняй клеткі, прызямлілася на яго галаву, адтуль на прылавак і па-вар’яцку зашыпела на Скаберса.

- НЕ, КРУКШАНС, НЕ!- завішчала вядзьмарка, але Скаберс праслізнуў між яе рук, як кавалак мыла прызямліўся на падлогу на ўсе чатыры лапы і даў драла ў напрамку дзвярэй.

- Скаберс!- закрычаў Рон, выбягаючы з крамы за сваім пацуком; Гары рушыў услед.

Ім спатрэбілася хвілін дзесяць, каб адшукаць Скаберса, што хаваўся за грудай мукулатуры ля “Найякаснейшых Прыладаў для квідытча”. Рон паклаў пакрытага дрыжыкамі пацука назад у кішэню і выпрастаўся, паціраючы галаву.

- Што гэта было?

- Не ведаю, - адказаў Гары,- альбо занадта вялікі кот, альбо маленечкі тыгр.

- А дзе Герміёна?

- Верагодна, засталася, каб набыць саву!

Яны рушылі назад у напрамку Чароўнага звярынца. З дзвярэй крамы ім насустрач выйшла Герміёна, але ў рукай яе была не клетка з савой. Яна заціснула ў іх вялізарнага рудога ката.

- Ты набыла гэту пачвару?- адкрыўшы рот спытаўся Рон.

- Але ж ён гэткі пышны, няўжо не?- ззяючы, адказала дзяўчынка.

Гэта ўсё справа густу, вырашыў Гары. Кот быў рудым, тоўстым і пухнатым, але быў крыху крывалап, а яго мыска была нейкай змрочнай і дзівавата сплясканай, нібы той з разбегу стукнуўся аб цагляную сцяну. Зараз, калі Скаберс быў паза вачыма, кот задаволена варкатаў на руках у Герміёны.

- Герміёна, ён жа ледзь не скальпаваў мяне,- заўважыў Рон.

- Ты ж не збіраўся гэтага рабіць, Крукшансік?- спыталася ў ката Герміёна

- А як наконт Скаберса?- не сунімаўся Рон, кажучы на камяк ў нагруднай кішэні.- Яму трэба супакоіцца і адпачыць! І як у яго гэта атрымаецца ў падобнай кампаніі?

- Нешта нагадвае мне, што ты забыўся пра свой пацучыны тонік,- адказала Герміёна, шпуляючы чырвоную бутэлечку ў рукі Рона.- І не хвалюйся. Крукшанс будзе спаць у маім пакоі, а Скаберс у вашым. Ці ж гэта праблема? Бедны Крукшансянятка, вядзьмарка паведаміла, што ён месціўся ў краме амаль што вечнасць: ніхто яго не набываў.

- Цікава чаму,- пасміхнуўся Рон, калі яны ўваходзілі ў Дзіравы Кацёл.

Увайшоўшы яны ўбачылі містэра Візлі, што сядзеў у бары, чытаючы Штодзённага вяшчуна.

- Гары!- падняўшы ўгору вочы і пасміхнуўшыся сказаў ён.- Як маешся?!

- Усё добра, дзякуй,- адказаў хлопчык, далучаючыся разам з Ронам, Герміёнай і ўсімі іх набыткамі да містэра Візлі.

Мужчына паклаў на стойку газету на старонцы якой, Гары заўважыў знаёмую выяву Сірыюса Блэка, што пазірала на яго.

- Ён дагэтуль не спайманы?- спытаўся хлопчык

- Ані,- адказаў містэр Візлі са змрочным поглядам.- Яны адцягнулі нас усіх ад асноўнай працы ў Міністэрстве, каб разам паспрабаваць знайсці яго. Але пакуль ніякай карысці.

- А ці не будзе ўзнагароды таму, хто спаймае яго?- спытаўся Рон.- Было б выдатна атрымаць яшчэ больш грошай...

- Не будзь блазням, Рон,- адказаў містэр Візлі, які зблізу выглядаў моцна напружаным,- Каб Блэка схапіў трынаццацігадовы вядзьмак?! Хто гэта зробіць, дык толькі азкабанскія ахоўнікі, паверце маім словам.

Тут у бар увайшла місіс Візлі нагружаная купаваннем, разам з ёй ішлі двайняты Фрэд і Джордж, што збіраліся вучыцца ў Хогвартсе ўжо пяты год. За імі рушылі Пэрсі, абраны старастам школы, і Джыні – самая малодшая з усіх і адзіная ў сям’і дачка.

Джыні, якая і раней моцна захаплялася Гары, цяпер здавалася мацней чым колісь збянтэжанай пры позірку на хлопца; магчыма таму, што той выратаваў яе жыццё падчас іх апошняга семестра ў Хогвартсе

- Прывітанне,- прамармытала дзяўчо, прайшоўшы міма Гары са счырванелым тварам, нават ня гледзячы на яго. Пэрсі ж наадварот афіцыйна, бы ён і Гары не былі знаёмы, працягнуў таму руку.

- Гары,- прамовіў ён,- як прыемна цябе ўбачыць!

- Вітаю, Пэрсі,- імкнучыся не засмяяца, сказаў Гары.

- Спадзяюся з табой ўсё балазе?- напышліва спытаўся Пэрсі, працягваючы паціскаць руку хлопчыку, як быццам вітаўся з самім мэрам.

- Усё вельмі выдатна, дзякуй...

- Гары!- адштурхнуўшы старэйшага брата локцем, пакланіўся Фрэд,- Як файна цябе зноў бачыць, дзядзька...

- Шыкоўна,- мовіў Джордж, пхнуўшы Фрэда ўбок і хапаючы руку Гары,- Невычарпальна пышна!

Пэрсі спахмурнеў.

- Ну ўсё, годзе,- сказала місіс Візлі.

- МАМА!- усклікнуў Фрэд, бы толькі што заўважыў яе і схапіўшы матулю за руку прамовіў.- Як жа, сапраўды найцудоўна бачыць цябе...

- Я кажу, годзе,- прамовіла жанчына, паклаўшы свае набыткі на вольнае крэсла.- Прывітанне, Гары, любы мой. Спадзяюся ты ўжо пачуў нашы неверагодныя навіны?- яна прадэманстравала навенечкі срэбны значык на грудзях Пэрсі.- Другі стараста школы ў нашай сям’і!

Яна здавалася перапоўненай гонарам.

- І апошні,- прамармытаў сабе пад нос Фрэд.

- Нават не сумняваюся. - заўважыла місіс Візлі,- І спадзяюся ім не прыйшо на галаву зрабіць вас дваіх прэфектамі.

- Прэфектамі?- усхамянуўся Джордж, з абурэннем гледзячы нават на саму гэту ідэю.- І згубіць апошняе задавальненне ад жыцця.

Джыні пасміхнулася.

- Мог бы падаваць сястры лепшы прыклад!- адрэзала маці.

- Джыні можа браць прыклад з іншых братоў, мам,- пагардліва заўважыў Пэрсі.- Пайду пераапрануся для вячэры...

Калі той знік з вачэй, Джордж з палёгкай уздыхнуў.

- Мы хацелі замураваць яго ў адной з пірамід,- падзяліўся ён з Гары,- але гэта заўважыла маці.

*

Вячэра адбылася найвыдатнейшай. Гаспадар катла Том, склаў разам тры сталы, за якімі селі сямёра Візлі, Гары і Герміёна. Кожны атрымаў па пяць найсмачнейшых страў.

- Як мы заўтра дабярэмся да Кінг Кросс, тат,- спытаўся Фрэд, падчас пажадлівага спажывання шакаладнага пудынгу.

- З Міністэрства дашлюць пару машын,- адказаў містэр Візлі.

Усе, хто знаходзіўся за сталом, здзіўленна зірнулі на яго.

- Навошта?- з зацікаўленнасцю спытаўся Пэрсі.

- Дык ўсё ж з-за цябе, Пэрсі,- сур’ёзным тонам заўважыў Джордж.- І на кожнай з машын будуць месціцца сцяжкі з літарамі СШ...

-... Сапраўдны Шляхцюк,- працягнуў Фрэд.

Усе, акрамя Пэрсі і місіс Візлі пырснулі ў свае пудынгі.

- А што на самой справе, тата?- спытаўся Пэрсі, не губляючы годнасці.

- Ну, як. Мы ж не маем уласнай,- адказаў містэр Візлі,- таму на працы, мне аказалі ласку...

Голас містэра Візлі быў спакойны і нязмушаны, але Гары заўважыў, што вушы яго счырванелі, як у Рона, калі той бывае моцна напружаным.

- Ну вось і добра, - хуценька прамовіла місіс Візлі,- Вы разумееце колькі рэчаў мае кожны з вас? І як бы вы з ўсім гэтым выглядалі б у маглаўскім метро? Між іншым, ці вы ўсе сабраліся?

- Рон пакуль не сабраў свае рэчы ў валізу,- найпакутлевым голасам прамовіў Пэрсі,- ён папросту скінуў іх на маім ложку.

- Табе лепш пайсці і запакавацца, Рон, раніцай у нас не будзе надта шмат часу,- выгаварыла яму місіс Візлі. Рон сувора глянуў на Пэрсі.

Пасля вячэры ўсе адчулі сытасць і санлівасць. Адно за адным усе разышліся па сваіх пакоях, каб яшчэ раз праверыць свае рэчы. Рон і Пэрсі былі суседзямі Гары. Ён толькі ўдакладніў, ці ўсё сабрана ў валізе, як пачуў раз’юшчаныя галасы з суседняга пакою і пайшоў паглядзець, што адбываецца.

Дзверы дванаццатага пакою былі прыадчыненыя.

- Менавіта тут на століку я яго і пакінуў, каб адпаліраваць...- крычаў Пэрсі.

- Я нават не дакранаўся да яго,- крычаў Рон у адказ.

- Што здарылася?- спытаў Гары.

- Знік мой значык школьнага старасты,- сказаў Пэрсі, азірнуўшыся на Гары.

- І пацучыны тонік Скаберса,- дадаў Рон, вытрахаючы змесціва сваёй валізы.- Я нават пачаў думаць, ці не забыўся я яго ў бары...

- Ты нікуды не пойдзеш, пакуль не знойдзеш мой значык,- зароў Пэрсі.

- Я пашукаю лекі Скаберса, бо ўжо ўпакаваны, - прамовіў Гары Рону і пайшоў уніз.

Гары быў на поўдарогі да бару, які цяпер быў пакрыты цемраю, калі пачуў яшчэ пару разлютаваных галасоў, што раздаваліся з гасцёўні. Праз імгненне ён пазнаў іх уладальнікаў, гэта былі містэр і місіс Візлі. Ён вагаўся і не жадаў, каб яны ведалі, што ён чуў іх лаянку, калі гук уласнага імя не прымусіў яго падыйсці да дзвярэй і прыслухацца.

-... ня мае сэнсу не казаць яму анічога,- з запалам казаў містэр Візлі,- Гары мае поўнае права ўсё ведаць. Я размаўляў з Фаджам на гэты конт, але ён лічыць, што з Гары трэ апекавацца, як з малым дзіцём. Але ж яму ўжо трынаццаць год і...

- Артур, праўда можа яго напалохаць!- пранізліва казала місіс Візлі.- Няўжо ты жадаеш адправіць Гары ў школу з гэткім навіслым грузам? Сапраўды кажу табе, ён шчаслівы пакуль ня ведае анічога!

- Я не жадаю, каб ён быў няшчасным, але жадаю, каб ён быў асцярожным!- запярэчыў містэр Візлі.- Ты ж ведаеш наколькі падобныя Гары і наш Рон, яны нават блукаючы разам, патрапілі ў Забаронены Лес! Але ж Гары не павінен рабіць анічога падобнага ў гэтым годзе! Калі я думаю, што магло здарыцца з ім у тую ноч, як ён збег з хаты... Калі б Начны Омнібус не падхапіў яго, гатовы біцца аб заклад, што калі б Міністэрства знайшло яго, ён быў бы ўжо мёртвым...

- Але ж не памёр і ўвогуле выдатна выглядае, так што...

- Адны кажуць, што Сірыюс Блэк – вар’ят, другія, не... У любым выпадку яму хапіла розуму, каб збегчы з Азкабана, што ў прынцыпу немагчыма. І ўжо месяц мінуў, а ніхто нічога не бачыў і нават на волас не наблізіўся да месца яго схованкі. Мяне не хвалюе тое, што Фадж рэгулярна паведамляе Штодзённаму Вяшчуну, мы не бліжэй да яго злову, чым да вынаходніцтва самазаклённай палачкі. Адзінае, у чым мы дакладна ўпэўнены, гэта ў тым, што Блэк пасля...

- Гары будзе добра ахоўвацца ў Хогвартсе.

- Мы лічылі, што і Азкабан добра ахоўваецца. А, калі Блэк змог вырвацца з Азкабана, ён можа пранікнуць і ў Хогвартс.

- Але ж дагэтуль ніхто не ўпэўнены, што Блэку патрэбны менавіта Гары...

Адчуўся нейкі грукат, хлопчык быў упэўнены, што містэр Візлі грукнуў кулаком па стале.

- Молі, колькі разоў я павінен казаць табе, што не пра ўсё паведамляюць ў газетах! Фадж не казаў ім пра гэта, але я ведаю, што ён хадзіў у Азкабан, адразу пасля таго як Блэк уцёк. Ахова паведаміла яму, што Сірыюс увесь час размаўляў у сне, і кожны раз казаў адно і тое ж: “Ён у Хогвартсе... ён у Хогвартсе”. Блэк – зшалелы і ён жадае забіць Гары. Ты спытаешся ў мяне чаму? Адкажу! Пэўна Сірыюс лічыць, што забойства Гары, павярне да ўлады яго гаспадара. Блэк страціў усё той ноччу, калі Гары перамог Сама Ведаеш Каго і ўсе дванаццаць год месцішча ў Азкабане разважаў пра гэта...

Запанавала цішыня. Гары памкнуўся да дзвярэй, адчайна спрабуючы пачуць больш.

- Добра, Артур, рабі тое, што лічыш правільным. Але й не забывайся аб Альбусе Дамблдоры. Я не думаю, што ў Хогвартсе штось можа пашкодзіць Гары, пакуль ён там кіруе. Спадзяюся ён пра ўсё ведае?

- Вядома ж не. Мы толькі загадалі яму размясціць вакол школы азкабанскую ахову. Ён не быў у захапленні ад гэтага, але пагадзіўся.

- Не быў у захапленні? Чаму яму не быць задаволеным з той думкі, што яны там, каб схапіць Блэка?

- Дамблдор, не любіць азкабанскую ахову,- з цяжкасцю ў голасе прамовіў містэр Візлі,- і шчыра кажучы, я таксама... Але ж, калі гаворка ідзе аб такім чараўніку як Блэк, тут патрэбна аб’яднаць свае намаганні і з тымі, каго лепш пазбягаць.

- Калі яны выратуюць Гары...

-... аніхто, нічога супраць іх не скажа,- стомлена прамовіў містэр Візлі.- Ужо запозна, нам трэба ісці...

Гары адчуў, як рухаюцца крэслы. Як мага цішэй ён паспяшаўся па калідоры ў бар і схаваўся. Грукнулі дзверы гасцёўні. А праз колькі секунд рыпаючыя прыступкі паведамілі хлопчыку, што містэр і місіс Візлі падымаюцца на другі паверх.

Бутэлечка з пацучыным тонікам ляжала пад столікам, дзе яны ранней сядзелі падчас вячэры. Гары пачакаў, пакуль не грукнуць дзверы пакою містэра і місіс Візлі, і паспяшаўся наверх разам з бутэлечкай.

Фрэд і Джордж стаіліся ў цені на лесвічным маршы і душыліся са смеху, слухаючы, як Пэрсі перакопвае іх з Ронам пакой у пошуках значыка.

- Ён у нас,- прашапатаў Гары Фрэд.- глядзі, як мы яго ўдасканалілі.

На значыку цяпер ззяў надпіс “ Шкодны стараста ”.

Гары натужна хмыкнуў, зайшоўшы аддаў Рону пацучыны тонік, потым зачыніўся ў сваім пакоі і заваліўся на ложык.

Так Сірыюсу Блэку патрэбны ён. Гэта ўсё тлумачыць. Фадж быў гэткім паблажлівым, таму што ўзрадаваўся, што Гары жывы. Ён загадаў Гары заставацца на Дыягон Алеі, дзе заўжды было шмат чараўнікоў, якія маглі сачыць за ім. І ён заўтра дасылае дзве машыны з Міністэрства, каб Візлі маглі назіраць за ім пакуль той не сядзе на цягнік.

Гары ляжаў, слухаючы воклічы ў суседнім пакоі і пытаўся сам у сябе, чаму яму больш не страшна. Сірыюс Блэк забіў адной замоваю трынаццаць чалавек; містэр і місіс Візлі пэўна вырашылі: Гары запанікуе, калі даведаецца праўду. Але ён сапраўды шчыра лічыў, што місіс Візлі мела рацыю, месца, дзе паблізу ёсць Альбус Дамблдор самае бяспечнае на зямлі. Нездарма людзі кажуць, што адзіны чалавек, які ніколі не баяўся Лорда Вальдэморта быў менавіта Дамблдор. Няўжо ж дырэктар спужаецца яго правай рукі?

А гэтыя ахоўнікі з Азкабану, пра якіх усе кажуць. Яны пужаюць значную большасць народу і калі іх размесцяць вакол ўсёй школы, шанцы Блэка будуць аніякімі.

У цэлым, Гары турбавала толькі адно, шанцы на наведванне ў гэтым годзе Хогсміда роўныя нулю. Ніхто б не дазволіў Гары пакінуць межы замка, пакуль Блэка ня схопяць. Да таго ж хлопчык падазраваў, што за кожным яго крокам будуць уважліва сачыць.

Ён пахмурна глядзеў на пакрытую цемраю столь. Няўжо яны лічаць, што Гары не ў стане сам пра сябе паклапаціцца? Ён ўжо тройчы перамагаў Лорда Вальдэморта, і быў не такі ўжо нягодны...

Нечакана ён прыпомніў выяву дзіўнага звера, які хаваўся ў цені на Магноліа Крэсэнт.

Што рабіць, калі ўбачыў благі канец...

- Я не жадаю быць забітым,- ўголас прамовіў Гары.

- Малайца,- сонна прамовіла яму ўласнае адлюстраванне.

 

— РАЗДЗЕЛ V —

 

Дэментар

 

Наступнай раніцай Том як заўжды разбудзіў Гары, бяззуба ўсміхаючыся і трымаючы ў руках кубак гарбаты. Гары апрануўся і ледзь пераканаў незадаволеную гэтым Хэдвіг, вярнуцца ў сваю клетку, калі Рон пастукаў у яго пакой. Ён нацягваў швэдар і быў раздражнёным.

- Вох, хутчэй бы трапіць на цягнік,- прамовіў Рон,- У Хогвартсе я нарэшце змагу пазбавіцца ад Пэрсі. Цяпер ён абвінавачвае мяне ў тым, што я закапаў гарбатай фота Пенелопы Клірвотар,- Рон скрывіў морду,- яго дзяўчыны. Яна схавала твар па-за рамкай, таму што яе нос запрышчавіў...

- Мне трэба сёе-тое табе сказаць,- пачаў Гары, але быў перапынены тупатам блізнятаў, якія падскочылі, каб павіншаваць Рона з тым, што той чарговы раз разлютаваў Пэрсі.

Яны спусціліся да сняданку. Містэр Візлі, нахмурыўшы брові, чытаў першую старонку Штодзённага Вяшчуна. Місіс Візлі распавядала Герміёне і Джэні, як варыла любоўнае зелле, калі была дзяўчынкай, ўсе тры гігікалі.

- Ты штось хацеў мне сказаць,- заўважыў Рон, калі яны прыселі за стол.

- Пасля,- прамармытаў Гары, а тым часам у гасцёўню ўварваўся Пэрсі.

У Гары так і не атрымалася паразмаўляць з Ронам, альбо Герміёнай падчас хаатычных збораў; усе былі занятыя перацягваннем сваіх рэчаў па вузкай лесвіцы Дзіравага катлу з другога паверху да дзвярэй. Клеткі Хэдвіг і малай вушастай савы Пэрсі, якую клікалі Гермес стаялі зверху, а побач з валізамі гучна шыпеў маленькі куфар.

- Усё добра, Крукшанс,- буркавала Герміёна з куфрам.- Я выпушчу цябе ў цягніку.

- Ты не зробіш гэта!- запратэставаў Рон.- Як наконт беднага Скаберса?

Ён паказаў на сваю нагрудную кішэню, дзе абаранкам скруціўся яго пацук.

Містэр Візлі, які звонку чакаў машыны з міністэрства, прасунуў галаву ў дзверы.

- Яны ўжо тут,- сказаў ён,- хадзем, Гары.

Разам яны прайшлі па невялічкім тратуары да першага з двух старамодных цёмна зялёных аўтамабіляў, у кожным з якіх за рулём сядзела па чараўніку-агенту, апранутых ў аксамітную вопратку смарагдавага колеру.

- Гары, паедзе з вамі,- прамовіў містэр Візлі аглядзеўшы вуліцу зправа і злева.

Хлопчык сеў на задняе сядзенне, а да яго неўзабаве далучыліся Герміёна, Рон, і нягледзячы на раздражненне Рона, яго брат Пэрсі.

У адрозненні ад Начнога Омнібуса, машыны Міністэрства магіі ехалі загладка. Самі яны выглядалі, як звычайныя аўтамабілі, але мелі асаблівасць працісквацца ў самыя невялічкія шчыліны між іншымі машынамі, чаго аніколі б не атрымалася ў службовага аўто дзядзькі Вернана. Калі яны прыехалі на Кінг Крос, у іх ў запасе было дваццаць хвілін; кіроўцы міністэрства згрудзілі іх рэчы на вазкі, якія самі ж даволі хутка адшукалі, развіталіся з містэрам Візлі, крануўшы свае капелюшы і пахіліўшыся, а потым ад’ехалі, незразумелым чынам скокнуўшы ў самы пачатак нерухомай чаргі машын ля светлафора.

Містэр Візлі суправаджаў Гары увесь шлях да станцыі, трымаючы хлопца за локаць.

- Адразу ж прапаную,- сказаў ён, азірнуўшыся па баках,- рухацца парамі, як шмат хто акрамя нас. Я пайду першым разам з Гары.

Містэр Візлі павольна пайшоў, штурхаючы гарын вазок між платформамі дзевяць і дзесяць і паглядаў на цягнік ІнтэрСіті 125, які толькі што падышоў да дзевятай платформы, быццам быў вельмі ім зацікаўлены. Потым шматзначна пазірнуў на Гары і быццам бы выпадкова знік за бар’ерам, хлопчык рушыў ўслед зрабіўшы ўсё па яго прыкладзе.

Праз імгненне, яны ўжо празлізнулі праз цэльнаметалічны бар’ер на платформу дзевяць і тры чвэрці, дзе ўбачылі Хогвартс Экспрэс. Гэта быў пунсовы цягнік з паравым рухавіком, які стаяў і пыхкаў дымам па-над платформай, забітай вядзьмаркамі і ведзьмакамі, што праваджалі сваіх дзяцей у школу.

Пэрсі і Джыні аб’явіліся следам за Гары і былі моцна стомленыя, таму што, напэўна, міналі бар’ер бегам.

- Аёй, Пенелопа тут!- сказаў Пэрсі, прыгладжваючы сваю фрэзуру і чырванеючы. Джыні ўхапіла позірк Гары і яны абодва былі вымушаны адвярнуцца, каб схаваць свой смех, калі Пэрсі выставіў свае грудзі, на якіх асляпляльна ззяў значык, і пачаў кружляць вакол дзяўчыны з доўгім хвалістым валоссем.

Пасля таго, як да іх далучыліся ўсе астатнія Візлі і Герміёна, Гары з Ронам рушылі ў канец цягніка, ўздоўж напоўненных навучэнцамі вагонаў, пакуль не знайшлі больш менш пусты. Яны загрузілі ў яго ўсе свае рэчы, паставілі клетку Хэдвіг і куфар Крукшанса ў багажную сетку і выйшлі, каб развітацца з містэрам і місіс Візлі.

Місіс Візлі перацалавала ўсех сваіх дзяцей, Герміёну і напрыканцы Гары. Той моцна вагаўся, але на самой справе быў вельмі рады, калі яна яшчэ і абняла яго.

- Беражы сябе, Гары, добра?- прамовіла яна, выпрастоўваючыся, яе вочы дзіўна заблішчэлі. Потым яна раскрыла сваю вялізную торбу.- Я зрабіла вам ўсім сэндвічаў у дарогу. Гэта твае, Рон... не, яны без без саланіны... Фрэд? Ты дзе, Фрэд? Вось ты, мой любы...

- Гары, - ціха прамовіў містэр Візлі,- адыйдзем на хвілінку.

Ён кіўнуў галавой ў бок слупа, і Гары рушыў ўслед за ім, пакінуўшы натоўп, што згрудзіўся вакол місіс Візлі.

- Я вінен пра нешта паведаміць табе, пакуль ты не з’ехаў,- напружана прамовіў ён.

- Усё, балазе, містэр Візлі,- сказаў Гары.- Я ўжо ўсё ведаю.

- Ведаеш? Адкуль ты можаш ведаць?

- Я... мммм... я выпадкова пачуў вашую з місіс Візлі размову ўчора ўвечары. Яе цяжка было не пачуць,- хлопчык хуценька дадаў.- Прабачце, калі ласка...

- Не разлічваў, што ты даведаешся пра усё гэткім чынам,- трывожна гледзячы, прамовіў містэр Візлі.

- Не... Але насамрэч, так нават лепш,- вы не парушылі слова, дадзенае Фаджу, і я пра ўсё ведаю.

- Табе, напэўна, вельмі боязна, хлопча...

- Ані,- шчыра прамовіў Гары, але адчуўшы недаверлівы погляд містэра Візлі дадаў,- Насамрэч, я не жадаю паказваць геройства, але ж ці можа Сірыюс Блэк быць страшнейшым за Вальдэморта?

Містэр Візлі ўздрыгануўся, пачуўшы гэтае імя, але перасіліў сябе.

- Гары, я ведаў, што ты зроблены са значна мацнейшага матэрыяла, чым лічыць Фадж, і я, безумоўна, рад, таму, што ты не баішся, але...

- Артур!- паклікала місіс Візлі, якая засталася чакаць ля цягніка.- Артур, ну што ты кешкаешся? Цягнік хутка адыходзіць!

- Ён ужо ідзе, Молі!- крыкнуў містэр Візлі, а потым зноў, павярнуўшыся да Гары, працягваў, зусім ціха і вельмі шпарка.- Слухай, я хачу, каб ты нешта паабяцаў мне...

-... што я буду добрым хлопчыкам і буду ўвесь час знаходзіцца ў Хогвартсе,- змрочна сказаў Гары.

- Не зусім,- прамовіў містэр Візлі, у гэты момант ён выглядаў сур’ёзней чым калі-небудзь за ўвесь час знаёмства з ім Гары.- Пакляніся мне, што ты не будзеш шукаць сустрэчы з Блэкам.

- Што?- вытарапіўся на яго Гары.

Адчуўся гучны свіст. Кандуктары пайшлі ўздоўж цягніка, зачыняючы дзверы.

- Паабяцай мне, Гары,- сказаў містэр Візлі, кажучы яшчэ хутчэй,- што б ні здарылася...

- Навошта мне, шукаць сустрэчы з тым, хто жадае мяне забіць?- абыякава прамовіў Гары.

- Паабяцай мне, што б ні здарылася...

- Артур, хутчэй!- закрычала місіс Візлі.

Пара ахутала вагоны і цягнік паволі пачаў рухацца. Гары пабег да дзвярэй вагона, Рон адсунуў іх і дапамог Гары ўскочыць. Яны высунуліся з вокнаў і махалі містэру і місіс Візлі на развітанне, ажно пакуль цягнік не заехаў за кут і тыя не зніклі з вачэй.

- Мне трэба пагаманіць з вамі сам-насам,- прамармытаў Гары Рону і Герміёне, калі цягнік набраў хуткасць.

- Джыні, пакінь нас,- папрасіў Рон.

- Ах, зразумела ж,- пакрыўджана прамовіла дзяўчо і адыйшла.

Гары, Рон і Герміёна рушылі па калідоры ў пошуках вольнага купэ, але ўсе яны былі занятыя, за выключэннем аднаго ў самым пачатку цягніка.

У купэ месціўся толькі адзін пасажыр, мужчына, што, седзячы, моцна спаў ля вакна. Сябры супыніліся ля ўваходу. Звычайна Хогвартс Экспрэс перавозіў толькі навучэнцаў, а дарослых ніхто ніразу не бачыў. За выключэннем вядзьмаркі, што гандлявала прысмакамі.

Незнаёмец быў апрануты ў значна патрапаную чараўніцкую вопратку, цыраваную ў колькіх месцах. І сам ён выглядаў даволі хваравіта і зняможана. Нягледзячы на яшчэ дастаткова малады ўзрост, яго светла-каштанавыя валасы сям-там месцілі сівізну.

- Цікава, хто ён такі,- прашыпеў Рон, калі яны, зачыніўшы дзверы, селі як мага далей ад вакна.

- Прафэсар Р. Дж. Люпін,- неадкладна прашапатала Герміёна.

- А ты ўжо адкуль ведаеш?

- Прачытала на яго валізе,- адказала Герміёна і паказала на багажную паліцу па-над галавой мужчыны, дзе месцілася маленькая зазношаная валіза, не разваленая толькі таму, што была моцна перавязаная почапкай. Вакол аднаго з куткоў валізы, паўсцёртымі літарамі было напісана “Прафэсар Р. Дж. Люпін”.

- Цікава, што ён будзе выкладаць?- спытаўся Рон, пазіраючы на абяскроўлены твар прафесара.

- Хіба не відавочна, - заўважыла Герміёна.- У школе толькі адно вакантнае месца, памятаеш? “Абарона ад Цёмных Мастацтваў”.

За той час пакуль Гары, Рон і Герміёна вучыліся, у іх змянілася ўжо два настаўнікі па Абароне ад цёмных мастацтваў, кожны з якіх навучаў роўна год. Былі нават чуткі, што гэтая пасада клятая.

- Спадзяюся, ён здатны на гэта,- з некаторым сумнівам прамовіў Рон.- выглядае ён так, бы яго можна забіць адным добрым праклёнам. Але ж...- ён развярнуўся да Гары.- Ты хацеў пра нешта пагаманіць з намі?

Гары паведаміў усё аб спрэчцы містэра ды місіс Візлі і аб тым, што яму паведамілі сам-насам. Калі ён нарэшце скончыў, Рон выглядаў бы аглушаны, а Герміёна заціснула рот рукамі, але потым нарэшце апусціла іх.

- Сірыюс Блэк збег, каб дабрацца да цябе? Ёечку, Гары... табе трэба быць вельмі-вельмі асцярожным. І не лезці ў сіло...

- Я ніколі не шукаю бяды,- разлютавана прамовіў Гары,- але што рабіць, калі бяда звычайна шукае мяне!

- Гары, якім жа ёлупам трэба быць, каб самому шукаць вар’ята, які жадае цябе забіць?- пагушкваючыся, прамовіў Рон.

Сябры ўспрынялі навіны, горш чым разлічваў Гары.Здавалася Рон з Герміёнай разам страшыліся Блэка больш, чым ён сам.

- Ніхто не ведае, якім чынам ён збег з Азкабана,- устрывожана прамовіў Рон.- Аніўкога раней гэта не атрымлівалася. Да таго ж ён быў вязнем, якога занадта моцна ахоўвалі.

- Але ж яны зловяць яго?- сур’ёзным голасам спыталася Герміёна.- То бок, яны ж далучылі да яго росшукаў нават маглаў...

- Што гэта за гукі?- раптоўна спытаўся Рон.

Аднекуль раздаваўся слабы бляшаны свіст. Яны азірнуліся навокал.

- Гэта з тваёй валізы, Гары,- сказаў Рон, падняўся і палез ў багаж. Праз імгненне ён выцягнуў з Гарынага адзення партатыўны брыдаскоп. Ён шалёна круціўся на далоні Рона і яскрава свяціўся.

- Брыдаскоп?- падняўшыся на ногі, каб лепш бачыць прамовіла Герміёна.

- Ага... але майце на ўвазе, што ён вельмі танны,- сказаў Рон,- і паводзіў сябе гэдак жа, калі я прывязваў яго да нагі Эрал, каб даслаць яго Гары.

- Ты рабіў штось благое ў гэты час?- пранікліва спыталася Герміёна.

- Ані! Папросту... Карацей, мне нельга было выкарыстоўваць Эрал, яна ня здольна для падарожжаў на падобныя адлегласці... але ж трэба было неяк перадаць яго Гары?

- Пакладзі яго назад,- параіў Гары, калі брыдаскоп засвістаў асабліва пранізліва,- ён можа яго абудзіць.

Хлопчык штурхнуў галавой у бок прафэсара Люпіна. Рон запхнуў прыладу ў адну з жахлівых шкарпэтак дзядзькі Вернана, якая значна патупіла гук і зачыніў валізу.

- Трэба будзе праверыць яго ў Хогсмідзе,- сядаючы на месца заўважыў Рон,- Фрэд з Джорджам казалі мне, што брыдаскопы прадаюцца ў краме “Чараўніцкія інструменты і матэрыялы Дэрвіша і Бэнша”.

- А ці ты шмат ведаеш пра Хогсмід,- зацікаўлена спыталася Герміёна,- бо я сама толькі чытала пра яго ў даведніку па немаглаўскіх паселішчах у Брытаніі...

- Лічу што так,- не задумваючыся, адказаў Рон,- але я хачу трапіць туды з іншай мэтай: каб нарэшце завітаць да “Мядовага Герцага”.

- А што гэта?- спыталася Герміёна.

- Кандытарская,- замроена адказаў Рон,- у якой маюцца ўсе слодычы свету: Перачныя шатанята – ад якіх дым з рота валіць... ці велізарныя шакаладныя яйкі, поўныя трускаўковага муса і ўзбітай смятанкі, ці цукровыя пер’і, якія можна смактаць у класе, робячы выгляд, што думаеш, пра што пісаць надалей...

- Але, ці няўжо сам Хогсмід для цябе менш цікавае месца?- папыталася перавесці тэму Герміёна.- У “Паселішчы ў гісторыі чараўніцтва” напісана, што ў 1612 годзе тамтэйшы шынок быў штаб-кватэраю гоблінскага паўстання, а Лямантуючая халупа лічыцца адным з самых небяспечных з зачараваных дамоў ува ўсёй Брытаніі...

-... і велізарныя шэрбетавыя шары, якія прымушаюць цябе падымацца на колькі цаляў у паветра, пакуль ты іх смактуеш,- працягваў Рон, папросту ігнаруючы тое, што расказвала Герміёна.

Дзяўчынка азірнулася на Гары.

- Ах, як будзе выдатна выбірацца адчасу са школьнага будынку і вывучаць Хогсмід.

- Пэўна так,- маркотна прамовіў Гары,- а як вернешся, будзеш расказваць мне, што ўбачыла.

- Ты гэта пра што?- спытаўся Рон.

- Таму што сам анікуды не пайду. Дурслі не падпісалі мой дазвол і Фадж адмовіўся.

Рон быў шакаваны.

- Табе не дазволена туды хадзіць? Але... анізашто... МакГонагал, ці хтось яшчэ дасі табе дазвол.

Гары шчыра засмяяўся. Прафесарка МакГонагал – Галава Дому Грыфіндор была самай суровай ў выкананні закону настаўніцай.

-... а яшчэ мы можам спытацца ў Фрэда з Джорджам, яны ведаюць усе патаемныя выхады з замку...

- Рон!- рэзка абарвала яго Герміёна.- Я лічу што Гары не трэба ўпотай знікаць са школы пакуль Блэк на волі...

- Так, я ўяўляю адказ прафесаркі МакГонагал, калі я ў яе спытаюся,- тужліва мовіў Гары.

- Пакуль мы з ім,- зухавата сказаў Рон Герміёне,- аніякі Блэк не асмеліцца...

- Вох, Рон, не гавары лухты,- гыркнула Герміёна.- Блэк забіў купу людзей пасярод ажыўленай вуліцы, дык няўжо ты лічыш, што ён будзе тужыцца падчас нападу на Гары, калі паблізу будзем мы з табой?

Кажучы гэта, яна пачала развязваць раменчыкі на куфру з Крукшансам.

- Не рабі гэтага!- закрычаў Рон, але было ўжо запозна. Крукшанс скокнуў вонкі, пацягнуўся, пазяхнуў і забраўся на калені да Рона. Камяк ў яго кішэні пачаў дрыжэць і хлопец злютавана адштурхнуў Крукшанса.

- А ну, вэк!

- Рон, не трэба!- раззлавалася Герміёна.

Рон ўжо збіраўся штось адказаць, але тут прафесар Люпін заварушыўся. Усе засцярожана зірнулі на яго, але прафесар толькі павярнуўся на іншы бок. Ён працягваў спаць, злёгку прыадкрыўшы вусны.

Тым часам Хогвартс Экспрэс мерна павярнуў на поўнач і пейзаж за вакном стаў больш дзікім і цёмным, а аблокі ў небе згусцелі. Вучні гойсалі сюды-туды па вагоне міма дзвярэй іх купэ. Крукшанс знайшоў сабе вольнае месца і сеў, звярнуўшы сплясканую мыску да Рона, утаропіўшы свае жоўтыя вочы на яго нагрудную кішэню.

А першай гадзіне ў дзверы пагрукала вядзьмарка, што гандлявала з вазка прысмакамі і ежай.

- Мо, нам разбудзіць яго?- абыякава спытаўся Рон, хістнуўшы галавою ў бок прафесара Люпіна.- Выглядае ён так, бы яму не пашкодзіла пад’есці.

Герміёна асцярожна наблізілася да прафесара Люпіна.

- Гэ-эй, містэр прафесар,- прамовіла яна.- Прабачце, містэр прафесар...

Той нават не варухнуўся.

- Не турбуйся, маё дзіця,- сказала ведзьма, выдаючы Гары вялізную груду шакаладных кацялкоў,- калі раптам ён згаладаецца, я буду наперадзе цягніка, разам з кіроўцам.

- Спадзяюся ён ўсё-такі спіць?- прашапатаў Рон, калі ведзьма зачыніла дзверы іх купе.- У тым сэнсе, а ці ён часам не памёр?

- Не, не, дыхае,- прашапатала Герміёна, беручы з Гарыных рук шакаладны кацялок.

Канечне, спячы прафесар быў не надта добрай кампаніяй, але ў яго наяўнасці ў купэ былі свае прывілеі. У сярэдзіне дня распачаўся дожджык і прыняўся размываць пагоркі за вакном, а ў калідоры адчуліся нечыя крокі. Дзверы адчыніліся і на парозе ўзніклі тры самых нялюбых Гары, Ронам і Герміёнай чалавекі: Драко Малфой і яго сябрукі Вінцэнт Крэйб і Грэгары Гойл.

Драко Малфой і Гары варагавалі з часоў іх сустрэчы ў першым для іх Хогвартс Экспрэсе. Малфой, які меў бледнаскуры, востры, яхідны твар, быў з Дому Слізэрына. Больш таго, ён, як і Гары ў Грыфіндоры, быў паляўнічым у слізэрынскай камандзе па квідытчу. Крэйб і Гойл здавалася былі народжаны толькі дзеля выканання яго загадаў. Абодва былі шырачэннымі і мускулістымі; Крэйб меў высокі рост, фрэзуру пад гаршок і вельмі тоўстую шыю; у Гойла было кароткае жорсткае валоссе і доўгія гарылападобныя рукі.

- А вы ж паглядзіце, хто тут?- як заўжды лянотна расцягваючы словы прамовіў Малфой, адчыніўшы дзверы іх купэ.- Гарунік з Ронікам.

Крэйб з Гойлам троліявата зарагаталі.

- Я чуў ў твайго бацькі нарэшце з’явілася крышачку золата, Візлі?- спытаўся Малфой.- Твая маці пэўна памёрла ад здзіўлення?

Рон усхамянуўся настолькі хутка, што перакуліў куфар Крукшанса на падлогу. Прафесар Люпін даў хропу.

- Хто гэта?- аўтаматычна адскочыўшы назад і убачыўшы Люпіна, спытаўся Малфой.

- Новы настаўнік,- адказаў Гары, таксама падымаючыся, каб пры неабходнасці дапамагчы Рону.- Што ты там гаварыў, Малфой?

Драко звузіў свае цмяныя вочы, ён не настолькі сшалеў, каб біцца пад носам настаўніка.

- Ходзьма,- пакрыўджана прамармытаў Малфой Крэйбу і Гойлу, і яны зніклі.

Гары з Ронам паселі на месца, Рон масіраваў касцяшкі пальцаў.

- У гэтым годзе я не збіраюся цярпець здзекі Малфоя з маёй сям’і,- раз’юшана прамовіў ён.- І папярэджваю, яшчэ адзін жарт на гэты конт, я схаплю яго галаву і...

Рон стукнуў у паветра кулаком.

- Рон,- шыкнула Герміёна паказваючы на Люпіна,- цішэй...

Але той працягваў моцна спаць.

Дождж узмацніўся. Калі цягнік паскорыўся, працягваючы ехаць на поўнач; вокны засціла суцэльная мігатлівая шэрань, паступова запаліліся бляклыя ліхтары, якія асвятлілі калідоры і багажныя паліцы. Цягнік грукатаў па рэльсах. За вокнамі лютавала залева, роў вецер, а прафесар Люпін працягваў спаць.

- Хутка будзем на месцы,- заўважыў Рон і, перахіліўшыся праз прафесара, паглядзеў у стаўшае чорным вакно.

Ён нават не паспеў дагаворыць, як цягнік пачаў запавольвацца.

- Супер,- сказаў Рон і паспрабаваў прайсці міма прафесара бліжэй да вакна, каб лепш разглядзець тое, што звонку,- Я моцна згаладаўся і жадаю святочнага банкетавання...

- Мы пакуль яшчэ не даехалі,- прамовіла Герміёна, пазіраючы на свой гадзіннік.

- А чаму мы тады супыняемся?

Цягнік тым часам сцішаў свой рух ўсё больш і больш. Шум поршняў знік, і вецер з дажджом за вакном сталі яшчэ гучнейшыя.

Гары, які быў бліжэй да дзвярэй падняўся і высунуўся ў калідор, дзе ўбачыў высунутыя з усіх купэ зацікаўленныя галовы пасажыраў.

Цягнік рэзка спыніўся поўнасцю і па ўсім калідоры адчулася бумканне багажу, што валіўся зверху. Потым без папярэджання цмяныя ліхтарыкі, асвятляўшы цягнік, згаслі і ўсё акунулася ў поўную цемру.

- Што здарылася?- Гары адчуў голас Рона за сваёй спіною.

- Ёйку!- усклікнула Герміёна.- Рон ты ступіў мне на нагу.

Гары навобмацак вярнуўся на сваё месца.

- Мо, якая аварыя?

- А халера яго ведае...

Нешта рыпнула і Гары убачыў цёмны сілуэт Рона, які працёр вакно і ўтаропіўся ў яго.

- Там нехта варушыцца,- адчуўся ронаў голас.- Здаецца нехта заходзіць ў вагон...

Тут дзверы купэ раптоўна адчыніліся, і нехта балюча ступіў Гары на нагу.

- Прашу прабачэння! Ці тут хто ведае што здарылася? Ёйку! Выбачце...

- Здароўку, Нэвіл!- прамовіў Гары і, навобмацак знайшоўшы Лонгботама, зацягнуў яго за мантыю ўсярэдзіну.

- Гары? Гэта ты? Што здарылася?

- Не маю разумення. Сядай...

Адчулася громкае шыпенне і лямант ад болю, Нэвіл паспрабаваў сесці на Крукшанса.

- Я збіраюся пайсці спытацца ў кіроўцы, што здарылася,- сказала Герміёна. Гары адчуў, як дзяўчынка прайшла міма яго, пачуў, як адчыняюцца дзверы…

- Хто тут?

- А тут хто?

- Джыні?

- Герміёна?

- Што ты тут робіш?

- Я шукала Рона...

- Заходзь і сядай...

- Сюды не атрымаецца!- паспешліва прамовіў Гары.- Тут я сяджу!

- Аёечку!- адчуўся голас Нэвіла.

- Ціха!- нечакана прамовіў хрыплы голас.

Праферар Люпін, здаецца, нарэшце прачнуўся. Гары адчуў рух ў яго кутку. Усе сціхлі.

Адчуўся мягкі, чыркаючы гук і дрыготкае святло заліло купэ. Здавалася, прафесар трымае жменю агеньчыкаў. Яны асвятлілі яго стомлены шэры твар з усхваляванымі і насцярожанымі вачыма.

- Заставайцеся на месцы,- прамовіў ён ужо знаёмым хрыплым голасам і падняўся на ногі, трымаючы жменю з агеньчыкамі перад сабою.

Але дзверы адчыніліся раней, чым ён дасягнуў іх.

У дзвярах стаяла, уздымаючыся да столі, асветленая дрыгокім полымям у руцэ Люпіна, фігура, захутаная ў плашч. Яе твар быў цалкам схаваны пад капотам. Гарыны вочы зірнулі ўніз і ад гэтага гледзішча ўсё ў яго ўлонні зжалася. Рука што выглядала з-пад плашчу была бліскучай, шэрай, склізкай і шалудзівай, нібы ў нябожчака, які доўга праляжаў у вадзе...

Руку было бачна толькі дзелю секунды. Істота, бы злавіўшы позірк Гары, схавала руку ў зморкі свайго чорнага плашчу.

Адразу ж істота зрабіла доўгі, павольны, шумлівы ўдых, бы імкнулася засмактаць значна больш за навакольнае паветра.

Моцны холад ахапіў прысутных. Гары адчуў, як подых затрымаўся ў яго грудзях. Холад.

Яго вочы закаціліся і ён перастаў штось бачыць. Хлопчык паглыбляўся ў гэты холад. Нешта пачало шумець у вушах быццам вада. Гучны гул, што ўзмацняўся, здавалася цягнуў яго ўніз...

Потым, недзе здалёк ён адчуў крык; жудасны, трывожлівы, умольваючы лямант. Гары збіраўся кінуцца да невядомага, але паспрабаваўшы паварушыць рукамі, ён зразумеў што не ў стане гэта зрабіць... густая белая смуга ахуталa яго звонку і ва ўлонні...

- Гары! Гары! Ты як?!

Нехта пляскаў яго па шчоках.

- Ш-што?

Гары расплюшчыў вочы. Над галавой блішчэлі ліхтары, а падлога дрыжэла – Хогвартс Экспрэс зноў рухаўся і быў заліты святлом. Гары ляжаў на падлоге. Рон і Герміёна стаялі перад ім на каленях, а за іх спінамі стаялі Нэвіл і прафесар Люпін. Гары адчуваў сябе вельмі хворым, а калі ён падняў руку, каб паправіць акуляры, хлопчык адчуў, што яго твар пакрыты халодным потам.

Рон з Герміёнай дапамаглі яму сесці на месца.

- З табой ўсё добра?- знервавана спытаўся Рон.

- Так,- прамовіў Гары, пазіраючы на дзверы купэ, істота ў плашчы знікла.- А куды яно знікла... Хто гэта быў? Хто крычаў?

- Ніхто не крычаў,- адказаў Рон, усё больш нервуючыся.

Гары агледзіў асветленае купэ. Джыні і Нэвіл, абодва збляднелыя сядзелі побач і глядзелі на яго.

- Але ж я чуў крык...

Гучны трэск прымусіў усіх падскочыць. Гэта прафесар Люпін разламаў вялізную шакаладную плітку на кавалачкі.

- Трымай,- сказаў ён і працягнуў Гары самы вялікі кавалак.- З’еш. Гэта табе дапаможа.

Гары ўзяў шакалад, але не стаў есці.

- Што гэта за істота?- спытаўся ён у Люпіна.

- Дэментар,- адказаў той, раздаючы шакалад астатнім прысутным.- Адзін з дэментароў Азкабана.

Дзеці паглядзелі на яго. Люпін змяў пустую абгортку ад шакалада і сунуў яе ў кішэню.

- Ешце. Гэта дапаможа вам,- паўтарыў прафесар,- а мне трэба паразмаўляць з кіроўцам. Прашу прабачэння...

Ён прайшоў міма Гары і знік ў калідоры.

- Ты ўпэўнены, што з табой ўсё добра?- спыталася Герміёна, трывожна пазіраючы на хлопчыка.

- Не надта разумею... што здарылася?- спытаўся ён, выціраючы з твара халодны пот.

- Ну... гэты... дэментар... ён стаяў і азіраўся. Насамрэч я не ведаю, бо не бачыла яго твара... а ты... ты...

- Я вырашыў, што ў цябе прыпадак, ці штосьці падобнае,- ўсё яшчэ напалохана сказаў Рон,- ты бы скамянеў, зваліўся на падлогу і пачаў торгацца...

- Прафесар Люпін прайшоў міма цябе да дэментара і выцягнуў сваю палачку,- працягнула Герміёна.- Ён сказаў ім: “Аніхто з іх не трымае пад сваёй вопраткай Сірыюса Блэка. Прэч!” Але дэментар не варушыўся, тады Люпін прамармытаў нешта і штось срэбнае вырвалася з яго палачкі на дэментара, ён развярнуўся і слізгануў вонкі...

- Гэта было жудасна,- прамовіў Нэвіл, вышэйшым чым звычайна голасам.- А ці вы адчулі, як адразу стала халодна, калі ён увайшоў?

- Я адчуваў сябе дзіўна,- сказаў, устрывожана варушачы плячыма, Рон,- Быццам ніколі не буду больш радасным...

Джыні, якая забілася ў куток і выглядала гэдак жа дрэнна, як і Гары, пачала ціха плакаць; Герміёна падыйшла і абняла яе, каб суцешыць.

- А ці ніхто больш з вас... не падаў са свайго месца?- нязграбна спытаўся Гары.

- Не, - адказаў Рон, устрывожана паглядаючы на Гары,- Джыні калацілася бы ашалелая, але...

Гары нічога не разумеў. Ён адчуваў слабасць і дрыжыкі, нібы пасля вельмі моцнага грыпу; а яшчэ яму было вельмі крыўдна. Чаму ён ледзь не загінуў, а з іншымі нічога не сталася?

Тым часам прафесар Люпін вярнуўся. Увайшоўшы, ён зрабіў невялічкую паўзу і, злёгку ўсміхаючыся, прамовіў:

- Між іншым, гэты шакалад не атручаны...

Гары адкусіў крышачку і да свайго здзіўлення адчуў, як цяплыня распаўсюджваецца па усяму целу ажно да пальцаў рук і ног.

- Праз дзесяць хвілін будзе Хогвартс,- паведаміў прафесар,- з табою ўсё добра, Гары?

Хлопчык нават не пытаўся, адкуль Люпін ведае яго імя.

- Так,- збянтэжана прамармытаў ён.

Потым увесь час ніхто з іх не размаўляў. Нарэшце цягнік спыніўся на станцыі Хогвартс і ля выхадаў пачалася вялізная таўканіна; вухкалі совы, мяўкалі коткі, а жаба Нэвіла гучна квакала з-пад яго капелюша. На невялічкай платформе было даволі марозна, дождж рухаўся ільдзяной заслонай.

- Першагодкі, вэк за мною!- адчуўся знаёмы голас. Гары, Рон і Герміёна абярнуліся і ўбачылі гіганцкі абрыс Хагрыда на іншым канцы платформы, той гнаў перапужаных пачаткоўцаў наперад дзеля традыцыйнага шляху праз возера.

- Гэй, як маецеся, вы трое?- крыкнуў Хагрыд сябрам праз галовы натоўпу. Яны памахалі яму ў адказ, але шанцу пагаманіць не атрымалася, бо вакол іх вялікая колькасць вучняў ішла прэч з платформы. Гары, Рон і Герміёна апошнімі трапілі на грубую земляную дарогу, дзе для астатніх вучняў стаяла не менш за сто карэтаў, якія, вырашыў Гары, цягнулі нябачныя коні, бо як толькі яны падняліся на адзін з экіпажаў і зачынілі дзверы, ён паехаў сам па сабе, падскокваючы і калыхаючыся ў агульнай працэсіі.

У карэце пахла цвіллю і саломай. Гары пасля шакаладу адчуваў сябе значна лепш, але быў яшчэ занадта слабы. Рон з Герміёнай збоч паглядалі на яго, быццам палохаючыся, каб той зноўку не зваліўся ў дрыготках.

Калі іх карэта праязджала велічную каваную браму, па баках ад якой былі каменныя калоны, што месцілі на сабе фігуры крылатых дзікаў, Гары заўважыў яшчэ дзве апранутыя ў плашчы з капотамі высачэзныя фігуры дэментараў, што стаялі на варце ля ўваходу. Адчуўшы хвалю хваравітага холаду, якая была гатова праглынуць яго зноў, Гары адкінуўся на грудкаватае сядзенне, зачыніў вочы і сядзеў гэдак, пакуль яны не праехалі праз браму. Карэта набрала хуткасць на доўгай сцежцы, якая спускалася да замку; Герміёна высунула галаву ў маленечкае акенца, назіраючы, як набліжаюцца шматлікія вежачкі і вежы. Тым часам іх карэта штурханулася на прыпынку і Рон з Герміёна выскачылі вонкі.

Не паспеў Гары выйці, як адчуў над вухам працяглы, узрадаваны голас:

- Ты знепрытомліваў, Потэр? Лонгботам не брэша? Ты сапраўды прытомнасць губляў?

Малфой лакцём адштурхнуў Герміёну ўбок, каб заблакаваць Гары шлях на прыступкі замку, яго твар ззяў радасцю, а кволыя вочы зламысна блішчэлі.

- Знікні, Малфой!- сціснуўшы сківіцы, прамовіў Рон.

- А ты часам не губляў прытомнасць, Візлі,- гучна спытаўся Драко.- Няўжо стары жахлівы дэментар не напужаў цябе, га?

- Маюцца праблемы?- спытаўся мягкі голас, гэта прафесар Люпін выйшаў з наступнай карэты.

- Вой, не... эээ...прафесар,- азірнуўшы цыраваную мантыю і старую валізу Люпіна нахабным поглядам, адказаў з лёгкім сарказмам ў голасе Малфой. Пасля чаго ўсміхнуўшыся Крэйбу і Гойлу, павёў сябрукоў уверх па замкавай лесвіцы.

Герміёна пхнула Рона ў спіну, каб той паспяшаўся і яны ўтраіх далучыліся да натоўпу, што цёк ўверх па лесвіцы праз гіганцкія дубовыя дзверы ўсярэдзіну пячорападобнага Вестыбюлю, што быў асветлены паходнямі і меў пышную мармуровую лесвіцу, якая вяла наверх.

Справа былі адчыненыя дзверы ў галоўную залу; Гары ўжо збіраўся ўвайсці ў іх, але толькі паспеў ўбачыць зачараваную столю, якая сёння была згодна з вонкавым надвор’ем чорнай і пахмурнай, як адчуўся голас:

- Потэр! Грэйнджар! Я жадаю бачыць вас абодвух!

Гары і Герміёна здзіўлена азірнуліся. Прафесарка МакГонагал, настаўнік па Ператварэннях і Галава Грыфіндору клікала іх па-над натоўпам. Прафесарка была вядзьмаркай суровага выгляду, што завязвала сваё валоссе ў тугі пук, а вострыя вочы хавала за квадратнымі акулярамі. Гары працісківаўся да яе з прадчуваннем, што прафесарка збіралася паведаміць яму, што ён зноў зрабіў нешта благое.

- Няма прычыны, каб выглядаць гэдак занепакоена... Я проста хачу паразмаўляць з вамі ў маім кабінеце,- паведаміла яна.- Візлі ты можаш ісці далей.

Рон бачыў, як прафесарка МакГонагал выцягнула Гары і Герміёну з гаманлівага натоўпу і павяла з Вестыбюлю ўверх па мармуровай лесвіцы, а потым уздоўж калідора.

Калі яны ўвайшлі ў яе кабінет, невялічкі пакой быў асветлены колькасцю гасцінных агеньчыкаў, прафесарка жэстам наказала Гары і Герміёне сесці. Сама яна абыйшла вакол стала, таксама прысела і рэзка спытала:

- Прафесар Люпін даслаў наперад саву, каб паведаміць, што з вамі здарылася блага ў цягніку, Потэр.

Перш, чым Гары паспеў штось адказаць ў дзверы мягка пастукалі, і ў кабінет увайшла мадам Помфры – галоўная лекарка.

Гары адчуў, што пачынае чырванець. Пэўна, ён зрабіў нешта зверхблагое, што страціў прытомнасць, альбо што там яшчэ, але ж не ён зладзіў гэтую мітусню.

- Са мной ўсё добра,- сказаў хлопец,- не трэба турбавацца...

- А, гэта ты?- прамовіла лекарка, праігнараваўшы яго словы, яна нахілілася да яго бліжэй і ўважліва паглядзела на Гары.- Зноў трапіў у нешта небяспечнае?

- Гэта быў дэментар,- паведаміла прафесарка МакГонагал.

Яны змрочна паглядзелі адна на адну, і мадам Помфры асуджальна пырхнула:

- Атачыць школу дэментарамі,- прамармытала яна, адштурхнуўшы яго валасы і памацаўшы лоб.- Ён не будзе апошняй ахвярай. Так, ён ўвесь схаладнелы. Жах поўны, яны і іх уплыў на людзей, якія яшчэ настолькі далікатныя...

- Я не далікатны,- сярдзіта сказаў Гары.

- Ты, канечне ж, не,- рассеяна прамармытала мадам Помфры, правяраючы яго пульс.

- Што вы яму параіце,- рашуча прамовіла МакГонагал,- Ложак? Можа, яму правесці ноч ў шпітальным крыле?

- Я ў парадку,- падскочыўшы, сказаў Гары. Адна толькі думка, што сказаў бы Малфой, калі б Гары трапіў у шпіталь была для яго пакутай.

- Перш-наперш, яму неабходна з’есці крышачку шакаладу,- мармытала мадам Помфры, якая зараз углядалася ў вочы хлопчыка.

- Я ўжо з’еў,- адказаў Гары.- Прафесар Люпін даў мне шакаладу. Дакладней, ён нам усім яго даў.

- Ён сам даў?- ухвальна прамовіла лекарка.- Нарэшце, мы атрымалі прафесара па Абароне ад цёмных мастацтваў, які ведае, як трэба рабіць сваю справу.

- Потэр, вы ўпэўнены, што з вамі ўсё добра?- рэзка спыталася МакГонагал.

- ТАК,- адказаў Гары.

- Выдатна. А зараз пачакайце, калі ласка ў калідоры, я хачу абмеркаваць з міс Грэйнджэр яе графік заняткаў. А потым мы з вамі разам спусцімся да банкетавання.

Гары выйшаў у калідор разам з мадам Помфры, якая адразу ж адправілася да сябе ў шпітальнае крыло, штось мармочучы сабе пад нос. Пачакаўшы колькі хвілінаў, ён ўбачыў вельмі шчаслівую Герміёну, якая выходзіла з кабінета МакГонагал. Крыху пазней выйшла і сама прафесарка, і яны ўтраіх адправіліся ў галоўную залу.

Цэлае мора навучэнцаў у востраканцовых капялюшах, стаяла ля даўжэзных сталоў сваіх дамоў, а навучэнскія твары, бы асвятляліся святлом, што мігцела тысяччу свечак, якія лёталі ў паветры па-над сталамі. Прафесар Флітвік, маленечкі вядзьмак з копай сівых валасоў на галаве, выносіў з залы трыножак з чорным капялюшам на ім.

- Шкада,- ціха прамовіла Герміёна.- Мы прапусцілі размеркаванне па Дамах.

На кожнага з новых навучэнцаў Хогвартса апраналі капялюш-размеркавальнік, які і выкрыківаў назву аднаго з чатырох Дамоў, які лепш для яго падыходзіць. Усяго Дамоў было чатыры, і яны атрымалі свае назвы згодна з прозвішчам чараўніка, які яго заснаваў: Грыфіндор, Рэйвенкло, Хафлпаф і Слізэрын. Прафесарка МакГонагал прайшла за настаўніцкі стол і заняла там вольнае месца, а Гары з Герміёнай як мага цішэй адправіліся ў іншы бок, да стала Грыфіндора. Калі яны праходзілі ўздоўж сцяны, людзі азіраліся на іх, а некаторыя паказвалі пальцам на Гары. Няўжо чутка, пра яго непрытомнасць перад дэментарам разнеслася па школе гэдак хутка?

Гары з Герміёнай селі паабапал Рона, які трымаў для іх месцы.

- Што там было?- шэптам спытаў ён у Гары.

Ён пачаў было штось шэптам тлумачыць Рону, але тут са свайго месца, для таго, каб сказаць прадмову, падняўся дырэктар, і хлопчык сціх.

Прафесар Дамблдор быў надта старым, але заўжды выглядаў вельмі энэргічным. Ён меў па калена даўжынёй срэбныя валасы і бораду, насіў акуляры ў фо


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.104 сек.)