АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа

Читайте также:
  1. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
  2. Геабатанічнае раянаванне Беларусі
  3. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г.
  4. Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.
  5. Каменны век на тэрыторыі Беларусі.
  6. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.
  7. НАЙБОЛЬШ ЗНАЧНЫЯ ДАТЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ
  8. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).
  9. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.
  10. Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.
  11. Першабытны лад і рэлігія на тэрыторыі Беларусі.
  12. Развіццё прамысловасці.

У эканоміцы Беларусі на пачатку 20 ст. па-ранейшаму галоўнай сферай заставалася сельская гаспадарка. Аграрная праблема была ў ліку найбольш вострых як у Беларусі, так і ў цэлым у Расійскай імперыі, пра што сведчыў моцны выбух сялянскага руху падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Усё гэта абумовіла правядзенне царскім урадам аграрнай рэформы, накіраванай на паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, павышэнне яе прадукцыйнасці, а таксама стварэнне ў вёсцы новай апоры царызму з ліку прадпрымальных заможных сялян. Указ аб правядзенні рэформы быў выдадзены 9 лістапада 1906 г. Паколькі яе галоўным ініцыятарам з’яўляўся кіраўнік царскага ўрада П.А. Сталыпін, яна атрымала назву сталыпінскай. Рэформа ўключала ў сябе наступныя накірункі:

- замацаванне за сялянамі права на выхад з абшчыны і пераход зямельных надзелаў, якія імі апрацоўваліся, у прыватную ўласнасць;

- наданне сялянам права аб’ядноўваць надзелы, якія імі апрацоўваліся ва ўмовах цераспалосіцы, у адзіным комплексе (водруб), або ўвогуле высяляцца з вёскі і фарміраваць асобную сядзібу з прылеглымі да яе сельскагаспадарчымі ўгоддзямі (хутар);

- арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё агратэхнікі, меліярацыі, распаўсюджанне сельскагаспадарчых машын і абсталявання, падрыхтоўку аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынараў, заахвочванне развіцця сельскагаспадарчай кааперацыі;

- матэрыяльная падтрымка заможнага сялянства ў набыцці зямлі, сельскагаспадарчых машын, увядзенні перадавых форм гаспадарання, у першую чаргу шляхам выдачы крэдытаў праз Сялянскі пазямельны банк;

- арганізацыя перасялення сялян на свабодныя землі Сібіры, Цэнтральнай Азіі і Далёкага Усходу з мэтай змяншэння сялянскага малазямелля ў еўрапейскай частцы імперыі;

- адмена для сялян абмежаванняў на свабодны выбар пастаяннага месца жыхарства, паступленне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Спецыфіка сітуацыі ў Беларусі складалася ў тым, што ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях абшчына на той час ужо не існавала, таму праблема фарміравання сялянскай прыватнай зямельнай уласнасці тут была неактуальнай. Рэформа праводзілася пераважна на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Блізкасць гэтых губерняў да тэрыторый з падворным землекарыстаннем, а таксама адносна высокі ўзровень развіцця рыначных адносін у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі абумовілі тут высокія тэмпы правядзення рэформы.

Правядзенне рэформы ажыццяўлялася губернскімі і павятовымі землеўпарадкавальнымі камісіямі. У некаторых месцах разбурэнне абшчыны адбывалася з дапамогай прымусовых сродкаў, што выклікала незадаволенасць сялянства. У цэлым у выхадзе з абшчыны былі зацікаўлены ў першую чаргу заможныя і бяднейшыя сяляне. Першыя – для таго, каб стварыць умовы для больш эфектыўнага вядзення гаспадаркі; другія – для таго, каб атрымаць магчымасць продажу сваіх невялікіх надзелаў і знайсці больш выгадныя для сябе ўмовы продажу рабочай сілы (у прамысловасці, гандлі і г.д.). Сярэдняе сялянства было пераважна непрыхільна настроена ў адносінах да рэформы і выступала за захаванне абшчыны.

Ажыццяўленне рэформы прыходзілася на 1906-1916 гг. За гэты перыяд яна прынесла наступныя вынікі:

1) Да 1915 г. 48% сялян Магілёўскай і Віцебскай губерняў пакінулі абшчыну і замацавалі свае зямельныя надзелы ў прыватную ўласнасць (для параўнання: у Расійскай імперыі ў цэлым – 22%).

2) Да 1916 г. на хутары ў беларускіх губернях перасялілася 12% сялян (у Расійскай імперыі ў цэлым – 10%).

3) На працягу 1906-1916 гг. актыўна праходзіў працэс продажу часткі памешчыцкіх зямель ва ўласнасць заможным сялянам, купцам і мяшчанам.

4) Да 1914 г. з беларускіх губерняў у Сібір і Цэнтральную Азію перасялілася каля 350 тыс. чалавек (з іх вярнулася каля 10%); паскорыўся працэс перасялення сялян у гарады Расійскай імперыі, а таксама ў краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі (за 1903-1913 гг. з беларускіх зямель за мяжу эмігравала каля 1,5 млн. чалавек, з якіх вярнулася на радзіму каля 600 тыс.).

5) Умацаванне капіталістычнай сістэмы гаспадарання ў памешчыцкіх зяельных уладаннях; узрастанне колькасці наёмных сельскагаспадарчых рабочых (да 1914 г. у сельскай гаспадарцы на аснове капіталістычнага найму працавала каля 200 тыс. рабочых).

6) Узмацненне сацыяльнага расслаення сярод сялянства. На пачатак Першай сусветнай вайны незаможнае сялянства складала каля 68% двароў, сярэдняе – 20%, заможнае – 12%.

7) Паскарэнне тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, паляпшэнне агратэхнікі, развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі, значнае павелічэнне колькасці сельскагаспадарчых спецыялістаў.

8) Развіццё таварна-грашовых рыначных сувязяў у сельскай гаспадарцы; рост сельскагаспадарчага экспарту. Умацоўваецца спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі на такіх галінах як бульбаводства, ільноводства, мяса-малочная жывёлагадоўля.

Сталыпінская аграрная рэформа была перарвана ў сувязі з Першай сусветнай вайной. Праведзеныя ў яе межах мерапрыемствы садзейнічалі развіццю рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Аднак дадзеныя працэсы не маглі карэнным чынам паскорыць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, галоўнымі прычынамі чаго з’яўляліся захаванне буйнога памешчыцкага землеўладання і сялянскае малазямелле. Таму рэформа толькі часткова зменшыла вастрыню аграрнай праблемы.

У прамысловасці Беларусі пасля працяглай эканамічнай дэпрэсіі 1904-1908 гг. адбываецца прамысловы ўздым 1909-1914 г. Сярэднегадовыя тэмпы росту прамысловай прадукцыі складалі 13,9%. Яго асноўнымі прычынамі з’яўляліся:

- сусветныя эканамічныя працэсы, звязаныя з выхадам сусветнай эканомікі з дэпрэсіі і пачаткам яе росту, што выклікала агульнае павелічэнне попыту на прамысловую прадукцыю;

- пашырэнне ўнутранага рынку, што было звязана з больш хуткім ў параўнанні з папярэднімі часамі ўцягваннем сельскай гаспадаркі ў таварна-грашовыя рыначныя адносіны ва ўмовах сталыпінскай аграрнай рэформы;

- падрыхтоўка царызму да буйной вайны, што садзейнічала росту капіталаўкладанняў і заказаў у прамысловасці.

Прамысловы ўздым выклікаў наступныя працэсы ў прамысловасці Беларусі:

1) Канцэнтрацыя вытворчасці: Адбываецца паскораны рост буйной фабрычна-заводскай прамысловасці. За перыяд 1900-1913 гг удзельная вага вырабленай на буйных прадпремствах прадукцыі ўзрасла з 33% да 46,5%. Сярод буйнейшых прадпрыемстваў, што ўзніклі ў пачатку 20 ст., можна назваць мінскую шпалерную фабрыку, абутковую фабрыку “Арол” у Мінску, шклозавод “Неман” у Лідскім павеце. Дынаміка суадносін буйной, дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці адлюстравана ў наступнай табліцы.

 

Прамысловыя прадпрыемствы Колькасць прадпрыемстваў Колькасць рабочых, тыс. чал. Валавая прадукцыя, млн. руб.
    1913, % да 1900     1913, % да 1900     1913, % да 1900
Буйная 799 (0,9%) 1282 (1,3%) 161,2 31,1 (17,7%) 54,9 (22,9%) 176,5 38,4 (33,0%) 88,3 (46,5%) 229,6
Дробная 7297 (8,6%) 7778 (7,8%) 106,6 14,8 (8,5%) 16,0 (6,7%) 108,1 10,7 (9,2%) 11,7 (6,2%) 110,0
Рамесна-саматужная 77050 (90,5%) 90763 (90,9%) 117,8 129,2 (73,8%) 168,8 (70,4%) 130,6 67,3 (57,8%) 89,8 (47,3%) 163,1
Усяго     117,2 175,1 239,7 136,9 119,4 189,8 163,1

 

2) Канцэнтрацыя капіталу: Адбываецца працэс стварэння новых прадпрыемстваў у выніку злучэння капіталаў розных уладальнікаў шляхам арганізацыі акцыянерных таварыстваў. У 1914 г. у Беларусі дзейнічалі 34 акцыянерныя прадпрыемствы, палова з якіх узнікла ў перыяд 1908 – 1914 гг. З 1900 да 1913 г. аб’ём вытворчасці на акцыянерных прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 разы. Адначасова з’яўляюцца манапалістычныя аб’яднанні – аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў пэўнай галіны вытворчасці для дасягнення кантролю над рынкамі сыравіны, збыту і цэнамі на прадукцыю. У Беларусі найбольш хутка працэсы манапалізацыі праходзілі ў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Да ліку буйнейшых манаполій належалі Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю, Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю і інш. Некаторыя з іх уваходзілі ва ўсерасійскія манапалістычныя групы.

3) Рост замежных інвестыцый: Замежны капітал (нямецкі, аўстрыйскі, французскі, бельгійскі, амерыканскі) стаў актыўна пранікаць у прамысловасць Беларусі, асабліва ў лесараспрацоўку. У 1913 г. яго ўдзельная вага ў валавой прадукцыі буйной прамысловасці складала 6,7%.

4) Узмацненне ролі ў прамысловай вытворчасці банкаўскага капіталу: Да 1914 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі аддзяленні Дзяржаўнага і 18 камерцыйных банкаў, з якіх найбольш буйнымі былі аддзяленні Руска-Азіяцкага, Азова-Данскога, Руска-Французскага, Віленскага камерцыйнага банкаў. Праз прыватныя банкірскія канторы, што выступалі ў ролі пасярэднікаў, ажыццяўляліся інвестыцыі банкаў у прамысловасць. Аб’ём банкаўскіх інвестыцый у эканоміку за 1902-1914 гг. узрос у 5,2 разы.

5) Рост рабочага класа ў прамысловасці (239,7 тыс. чалавек на 1913 г.); павелічэнне сярод яго долі кваліфікаваных рабочых; некаторае паляпшэнне матэрыяльнага становішча рабочых.

У структуры прамысловасці Беларусі найбольш хутка развіваліся і мелі перавагу галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны: харчовая, дрэваапрацоўчая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая.

У цэлым, нягледзячы на рост канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу, у прамысловасці Беларусі пераважала дробная і рамесна-саматужная вытворчасць, якая давала 53,5% усёй прамысловай прадукцыі (для параўнання: у Расійскай імперыі ў цэлым – 31,4%). У 1913 г. у Беларусі на душу насельніцтва прыпадала амаль у 2 разы менш прамысловай прадукцыі, чым у Расійскай імперыі. У структуры нацыянальнага даходу Беларусі на 1913 г. доля прамысловасці складала толькі 20,4%.

Развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі Беларусі абумовіла пашырэнне транспартнай сістэмы. Працягвалася чыгуначнае будаўніцтва. Самай вялікай чыгуначнай лініяй, пабудаванай на пачатку 20 ст., з’яўлялася лінія Балагое-Полацк-Маладзечна-Седлецк.

У гандлі Беларусі хутка павялічвалася роля аптовага і рознічнага таваразвароту, які выцясняў кірмашы і базары. Ішоў працэс канцэнтрацыі гандлёвага капіталу: у 1913 г. у Беларусі налічвалася 220 гандлёвых дамоў і акцыянерных таварыстваў. Узрастала значэнне банкаў у правядзенні гандлёвых аперацый. Пашыраліся знешнегандлёвыя сувязі: асноўнымі прадметамі экспарту выступалі лес, лён, мяса-малочная прадукцыя; імпарту – прадукты прамысловай вытворчасці.

Развіццё прамысловасці і гандлю абумовіла далейшы рост гарадоў. На пачатку 20 ст. у якасці буйнейшых гандлёва-прамысловых цэнтраў Беларусі вылучаліся Мінск і Віцебск. Аднак працэнт гарадскога насельніцтва за перыяд 1900-1913 г. вырас нязначна – з 14% да 16%.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. у эканоміцы беларускіх зямель назіраецца паскарэнне развіцця рыначных капіталістычных адносін; адбываецца канцэнтрацыя вытворчасці і капіталу. Істотны штуршок гэтаму дала сталыпінская аграрная рэформа. Аднак у цэлым Беларусь заставалася аграным краем. У сельскай гаспадарцы працягвалі захоўвацца элементы натуральнай гаспадаркі, пражыткі феадалізму, што стрымлівала працэс мадэрнізацыі. У прамысловасці пераважала дробная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Па ўзроўні эканамічнага развіцця Беларусь адставала як ад развітых краін Еўропы, так і найбольш перадавых эканамічных рэгіёнаў Расійскай імперыі.

 

15.4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг.

У перыяд 1907-1914 гг. галоўныя намаганні царскага ўрада былі накіраваныя на ўмацаванне палітычных пазіцый царызму, якія пахіснуліся падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. На тэрыторыі Беларусі можна вылучыць наступныя накірункі палітыкі царызму:

1) Правядзенне рэпрэсій у адносінах да “палітычна неблаганадзейных” асоб, закрыццё большасці апазіцыйных перыядычных выданняў, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый.

2) Узмацненне русіфікатарскай палітыкі ў сферы землеўладання (стварэнне асобных фондаў дзяржаўных зямель для ільготнага продажу рускім перасяленцам), адміністрацыі, адукацыі.

Ва ўмовах рэпрэсій царызму спынілася дзейнасць на тэрыторыі Беларусі усіх рэвалюцыйных палітычных партый. Таксама распусціліся кадэцкія арганізацыі. У той жа час адбываецца значны рост правых манархічных арганізацый. Разам з агульнаімперкімі ўзнікаюць мясцовыя манархічныя арганізацыі: “Крестьянин”, “Белорусское общество” і г.д. Шпарка развівалася сетка перыядычных выданняў манархісцкіх арганізацый, у межах якіх адбывалася прапаганда ідэй заходнерусізму і праводзілася актыўная агітацыя супраць палякаў, яўрэяў, каталіцкага касцёла, ліберальных і рэвалюцыйных арганізацый, а таксама беларускага нацыянальнага руху. Ліберальная апазіцыя ў Беларусі была прадстаўлена яўрэйскімі нацыянальнымі арганізацыямі, а таксама Краёвай партыяй Літвы і Беларусі, створанай у 1907 г. Дадзеная партыя абапіралася ў першую чаргу на польска-каталіцкую шляхту і каталіцкі касцёл; яна дамагалася скасавання дыскрымінацыйных законаў у адносінах да каталіцкага насельніцтва і выступала за наданне землям былога ВКЛ шырокага абласнога самакіравання.

У дзяржаўна-палітычнай сістэме Расійскай імперыі працягвала функцыянаваць Дзяржаўная дума. Пасля ўвядзення новага выбарчага заканадаўства 3 чэрвеня 1907 г. у ІІІ Дзяржаўнай думе (1907-1912) і ІV Дзяржаўнай думе (1912-1917) перавагу мелі правыя сілы; лібералы знаходзіліся ў меншасці, а левыя ўвогуле мелі нязначнае прадстаўніцтва. На выбарах у ІІІ і ІV Думу ў беларускіх губернях абсалютную большасць дэпутацкіх месцаў атрымалі кандыдаты ад правых сіл. Пры гэтым на выбарах 1907 і 1912 гг. у “Паўночна-Заходнім краі” саслоўнае прадстаўніцтва было дапоўнена нацыянальным – утвараліся “руская”, “польская” і “яўрэйская” курыі; пры гэтым усе праваслаўныя аўтаматычна залічваліся да рускіх, а католікі – да палякаў. Выбарчая сістэма была арганізавана такім чынам, каб забяспечыць перавагу “рускім”, якія галасавалі пераважана за манархістаў.

У выніку рэпрэсій царызму назіраецца заняпад рабочага руху. Пры гэтым рабочыя Беларусі амаль цалкам адыходзяць ад палітычнай барацьбы. Значна скарацілася колькасць сялянскіх выступленняў.

Разам з правядзеннем рэпрэсій царызм, імкнучыся пашырыць сацыяльную базу ў краі, праводзіў у гэты перыяд некаторыя рэформы ў накірунку грамадска-палітычнай лібералізацыі:

1) Дазвол пераходу з праваслаўя ў іншыя хрысціянскія веравызнанні, паводле закону аб верацярпімасці 1905 г. У адпаведнасці з гэтым адбываўся масавы пераход нашчадкаў былых уніятаў, гвалтоўна пераведзеных у праваслаўе, да каталіцызму.

2) Дазвол на адкрыццё школ з мовамі выкладання нацыянальных меншасцяў імперыі ў адпаведнасці з законам 1905 г. і скасаванне абмежаванняў на развіццё друку на мовах нацыянальных меншасцяў. Гэта прывяло да фарміравання на тэрыторыі Беларусі польскамоўных школ. Развіваўся польскамоўны друк: толькі ў Вільні ў 1914 г. налічвалася 28 польскамоўных перыядычных выданняў. У той жа час адкрыццё беларускамоўных школ забаранялася, паколькі беларусы афіцыйна не прызнаваліся самастойнай нацыяй. Аднак дазвалялася дзейнасць беларускамоўных перыядычных выданняў.

3) Земская рэформа 1911 г. у Віцебскай, Мінскай і Магілёўкай губернях. Паводле яе, у губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання – земствы. Земствы ўяўлялі з сябе выбарныя мясцовым насельніцтвам прадстаўнічыя органы – губернскія і павятовыя земскія сходы, якія прызначалі пастаянна дзеючыя выканаўчыя органы – земскія ўправы. У функцыі земстваў уваходзіла развіццё мясцовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін, культуры, адукацыі, аховы здароўя за кошт сродкаў, сабраных са спецыяльных мясцовых (земскіх) падаткаў. У той жа час земскія ўстановы знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутраных спраў, якія маглі прыпыніць выкананне любой пастановы земскіх устаноў. Выбары ў земствы былі шматступеньчатымі і няроўнымі, дзейнічаў маёмасны цэнз. У адрозненне ад расійскіх губерняў, дзе выбаршчыкі падзяляліся на саслоўныя курыі, у беларускіх губернях выбары ажыццяўляліся па нацыянальных курыях – “рускай” і “польскай”; пры гэтым маёмасны цэнз для выбаршчыкаў “рускай” курыі быў удвая ніжэйшы, што забяспечвала ім перавагу. У той жа час у Віленскай і Гродзенскай губернях земствы так і не былі ўведзены з-за перавагі католікаў ў структуры насельніцтва. Нягледзячы на недэмакратычны характар выбараў і абмежаваныя магчымасці, земствы адыгралі ў цэлым прыкметную ролю ў развіцці мясцовай эканомікі, адукацыі і аховы здароўя.

Пэўныя зрухі адбыліся і ў адукацыйнай палітыцы. Пачынаецца працэс паступовай замены царкоўнапрыходскіх школ 4-класнымі народнымі вучылішчамі; колькасць вучняў у іх за 1905-1914 гг. павялічваецца ў 3 разы і дасягае 305 тыс. Таксама павялічваецца колькасць сярэдніх навучальных устаноў – гімназій і рэальных вучылішчаў (з 28 у 1900 г. да 122 у 1914 г.). Аднак рэальны доступ да сярэдняй адукацыі з прычыны высокай платы за навучанне мелі толькі прадстаўнікі заможных слаёў насельніцтва. Востры недахоп спецыялістаў-педагогаў абумовіў адкрыццё ў 1909-1916 гг. новых настаўніцкіх семінарый у Рагачове, Оршы, Барысаве, Гомелі і Бабруйску, якія давалі няпоўную сярэднюю спецыяльную адукацыю, а таксама настаўніцкіх інстытутаў у Віцебску, Магілёве і Мінску, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Фарміравалася сістэма прафесійнага навучання, накіраванага на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых, якую забяспечвалі Горацкае рамеснае і Гомельскае тэхнічнае чыгуначнае вучылішчы, шэраг школ і класаў пры агульнаадукацыйных школах.

У пачатку 20 ст. працягвалася навуковае гістарычнае, археалагічнае, этнаграфічнае, лінгвістычнае вывучэнне беларускага краю, якім займалўся шэраг устаноў: Віцебская вучоная архіўная камісія, Смаленская вучоная архіўная камісія, Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, польскае Таварыства сяброў навукі ў Вільні, Таварыства вывучэння Беларускага краю ў Магілёве і г.д. Пры падтрымцы названых навуковых устаноў у пачатку 20 ст. былі створаны краязнаўчыя музеі ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Вялікі ўнёсак у развіццё беларускай навукі зрабілі ў гэты час гісторыкі М. Любаўскі, М. Доўнар-Запольскі, А. Сапуноў, І. Лапо, этнографы Е. Раманаў, М. Федароўскі, М. Нікіфароўскі, Я. Карскі, А. Сержпутоўскі.

Навуковыя даследаванні ў разглядаемы перыяд ажыццяўляліся і ў галінах прыродазнаўства. Значнай з’явай навуковага жыцця Беларусі ў пачатку 20 ст. стала дзейнасць Таварыства мінскіх урачоў. Першымі навуковымі ўстановамі прыродазнаўчага профілю сталі доследныя станцыіБеняконская сельскагаспадарчая ў Віленскай губерні (1910) і Мінская балотная (1913). У Мінску ў 1912-1916 гг. выдаваўся першы ў Расійскай імперыі часопіс па культуры балот – “ Болотоведение ”. Усяго ж у Беларусі з 1901 да 1917 г. выходзіла каля 20 прыродазнаўчых перыядычных выданняў. У той жа час развіццё навукі ў Беларусі замаруджвалася адсутнасцю тут вышэйшых навучальных устаноў.

Адзнакай грамадскага і культурнага стала развіццё друку і кнігадрукавання. У 1914 г. у беларускіх губернях выходзіла 109 перыядычных выданняў.

Такім чынам, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Беларусі ў 1907-1914 гг. характарызавалася умацаваннем пазіцый царызму, узмацненнем русіфікатарскай палітыкі і рэпрэсій у дачыненні рэвалюцыйнага руху. Аднак у той жа час адбываліся некаторыя мерапрыемствы, накіраваныя аб’ектыўна на мадэрнізацыю грамадска-палітычных і сацыяльна-культурных адносін у рэгіёне.

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 | 58 | 59 | 60 | 61 | 62 | 63 | 64 | 65 | 66 | 67 | 68 | 69 | 70 | 71 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.009 сек.)