АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Савецка-польская вайна 1919-1920 гг. Другое абвяшчэнне БССР. 17.1. Ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў 1918 г

Читайте также:
  1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
  2. В УСРР У 1919-1920 рр.
  3. Ввиду того, что транспортным средством является автобус, указать, что прибудет ровно в 09.00 или что-то другое не считается возможным. Примерная погрешность составляет 2-3 часа.
  4. Глава 4. Другое небо
  5. Другое возглавление.
  6. Другое имя
  7. Другое преимущество - бесплатная карта
  8. Задание 2. Выделение фрагмента рисунка инструментом Magic Wand (Волшебная палочка) с последующим его переносом на другое изображение.
  9. И многое другое. Все придет, только практикуя и творя во Славу Света, Любви и Гармонии. Совершая добрые дела и поступки.
  10. Как оформлять отдельный документ, входящий составной частью в другое издание
  11. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР.
  12. Мысль о том, что я вынуждена буду покинуть центр и переехать в другое место одна с детьми, без поддержки, страшила меня, заставляла сомневаться в своих силах.

17.1. Ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў 1918 г. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

У хуткім часе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Савецкі ўрад заключыў перамір’е з краінамі Чацвярнога саюзу і пачаў з імі мірныя перамовы. Перамовы паміж расійскімі і германскімі ўладамі адбываліся ў Брэсце. Да пачатку 1918 г. расійскае войска ў выніку масавага дэзерцірства і праведзенай савецкімі ўладамі частковай дэмабілізацыі амаль цалкам развалілася – на Заходнім фронце засталося не больш за 150 тыс. салдат. У гэтых умовах германскі бок імкнуўся заключыць мірны дагавор на максімальна выгадных для сябе ўмовах. У сярэдзіне лютага 1918 г. перамовы былі сарваны і баявыя дзеянні адноўлены. Германскае войска амаль без супраціўлення заняла ўсю Мінскую, частку Віцебскай і Магілёўскай губерняў да лініі Орша – Магілёў – Гомель. 3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй, з аднаго боку, і Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, з другога, быў заключаны Брэсцкі мірны дагавор. Паводле яго, тэрыторыі Польшчы, Літвы, Курляндыі і часткі Беларусі на захад ад лініі Дзвінск – Свянцяны – Ліда – Пружаны, перадаваліся Германіі і Аўстра-Венгрыі, якія павінны былі вызначыць іх будучыню ў адпаведнасці з пажаданнямі мясцовага насельніцтва. Прызнавалася незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі, якой перадаваліся тэрыторыі Брэсцкага, Пінскага, Рэчыцкага, Мазырскага і Гомельскага паветаў. Астатняя тэрыторыя, занятая германскімі войскамі да падпісання Брэсцкага міру, заставалася часова акупіраванай да часу выплаты вялікай кантрыбуцыі Расіяй.

Заходнебеларускія землі, уключаныя ў склад Обер-Оста, планавалася ўключыць у склад будучай Польскай дзяржавы. У той жа час прэтэнзіі на іх выказалі прадстаўнікі літоўскага нацыянальнага руху, якія абвясцілі 16 лютага 1918 г. незалежнасць Літоўскай Рэспублікі, якая была прызнана Германіяй 23 красавіка.

На тэрыторыі, часова акупіраванай германскімі ўладамі, была ўстаноўлена ўлада ваеннага камандавання. Галоўнай яе мэтай з’яўлялася максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю для патрэб вядзення вайны. Дзеянні германскіх улад выклікалі незадаволенасць значнай часткі насельніцтва і абумовілі сацыяльную нестабільнасць, асноўнымі адзнакамі якой з’яўляліся:

- шматлікія сялянскія выступленні, выкліканыя аднаўленнем памешчыцкага землеўладання і падаткова-рэквізіцыйнай палітыкай германскіх улад;

- актывізацыя рабочага руху; самай значнай яго праявай стала забастоўка гомельскіх чыгуначнікаў у ліпені 1918 г.;

- арганізацыя партызанскага руху, які ўзначальвалі пераважна бальшавікі і левыя эсэры.

Ва ўмовах германскай акупацыі была ажыццёўлена спроба ўтварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Падчас адступлення расійскіх войскаў з Мінска Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езда з дапамогай створанага Першага Мінскага беларускага палка паспрабаваў узяць уладу ў горадзе. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да беларускага народа з Першай Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі, вылучыў са свайго складу орган выканаўчай улады – Народны Сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам і абавязаўся склікаць Усебеларускі Устаноўчы сход. Германскія ўлады не прызналі дадзеных органаў улады, але не забаранілі іх дзейнасць.

Выканкам Рады Ўсебеларускага з’езда ў знак пратэсту супраць Брэсцкага міру 9 сакавіка 1918 г. выдае Другую Устаўную грамату, у якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) у этнаграфічных межах пражывання беларускага народа, а сам Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў дзеяч БСГ Ян Серада. Граматай зацвярджаўся статус Рады і Народнага сакратарыята БНР як часовых органаў улады да склікання Ўсебеларускага Ўстаноўчага сходу. У ёй таксама абвяшчаліся дэмакратычныя свабоды, культурная аўтаномія нацыянальных меншасцяў, сацыялізацыя зямлі, 8-гадзінны працоўны дзень. У склад Рады БНР былі ўведзены прадстаўнікі расійскіх і яўрэйскіх сацыялістычных партый, а таксама беларускіх нацыянальных дзеячоў з Вільні.

Сярод прадстаўнікоў БСГ у сакавіку 1918 г. набывала папулярнасць ідэя абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Гэта тлумачылася наступнымі фактарамі:

- крах спадзяванняў на ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці з дапамогай дэмакратычных сіл у Расіі;

- небяспека падзелу тэрыторыі Беларусі паміж некалькімі дзяржавамі.

25 сакавіка 1918 г. Рада БНР выдала Трэцюю Ўстаўную грамату, паводле якой абвяшчалася поўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах і змяшчалася патрабаванне перагляду ўмоў Брэсцкага міру.

Аднак дадзены акт не атрымаў міжнароднага прызнання (прызналі яго толькі Украіна і Літва). Германскія ўлады яго праігнаравалі. Абвяшчэнне незалежнасці выклікала крызіс ўнутры Рады БНР: супраць яго выступілі прадстаўнікі расійскіх і яўрэйскіх сацыялістычных партый, якія неўзабаве пакінулі Раду. У гэтых умовах правае крыло БСГ паспрабавала знайсці падтрымку ў германскіх улад; у склад Рады БНР былі ўведзены прадстаўнікі ліберальных і кансерватыўных арганізацый. Паводле іх ініцыятывы, Рада БНР у красавіку 1918 г. звярнулася да германскага імператара Вільгельма ІІ з падзякай за вызваленне Беларусі і з просьбай дапамагчы ва ўмацаванні дзяржаўнай незалежнасці краю ў саюзе з Германіяй.

Аднак германскія ўлады адмовіліся прызнаць БНР. Рада і ўрад БНР не атрымалі ніякай рэальнай улады. Іх роля была абмежавана стварэннем дарадчых устаноў пры павятовых ваенных камендатурах і ажыццяўленнем культурна-асветніцкай дзейнасці. На акупіраванай германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі ўзнікла больш за 160 беларускамоўных школ, Беларускі педагагічны інстытут у Мінску, таварыства драмы і камедыі, 14 друкаваных выданняў і г.д.

Паварот Рады БНР “управа” і цеснае супрацоўніцтва з германскімі ўладамі выклікалі яе ўнутраны крызіс. У якасці пратэсту Народны Сакратарыят на чале з Я. Варонкам падаў у адстаўку. Летам – восенню 1918 г. былі створаны два нетрывалыя ўрады БНР, якія не знаходзілі падтрымкі сярод большасці дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Адбыўся раскол БСГ, на месцы якой утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). БПСР з восені 1918 г. пераходзіць да актыўнай барацьбы з германскімі акупантамі, стварае падпольныя арганізацыі, аб’яднаныя ў Сувязь беларускага працоўнага сялянства.

Ва ўсходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Савецкай Расіі, адбываўся пераход да аўтарытарнай палітычнай сістэмы. Вясной – летам 1918 г. абвастрыліся супярэчнасці паміж кіруючымі партыямі бальшавікоў і левых эсэраў. У ліпені 1918 г. левыя эсэры паднялі паўстанне ў Маскве і некаторых іншых гарадах Расіі, але яны былі падаўлены бальшавікамі. Пасля гэтых падзей левыя эсэры былі выведзены з Савецкага ўрада і пачалася фарміравацца аднапартыйная дыктатура бальшавікоў. У ліпені 1918 г. была прынята Канстытуцыя Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі (РСФСР). Паводле яе, Саветы абвяшчаліся вышэйшымі органамі ўлады ў дзяржаве. Аднак, на практыцы ўсе асноўныя палітычныя рашэнні прымала кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і ствараемыя ім надзвычайныя органы. З Саветаў выключаліся амаль усе апаненты большавікоў. Адбывалася згортванне дэмакратычных свабод: зачыняліся апазіцыйныя перыядычныя выданні, пераследвалася дзейнасць апазіцыйных палітычных арганізацый, былі адноўлены прынцыпы адзінаначалля ў войску, адноўлена пакаранне смерцю і г.д. З восені 1918 г. бальшавіцкая ўлада абвясціла палітыку чырвонага тэрору ў адносінах да “ворагаў Савецкай улады” (расстрэлы, зняволенні, узяцце закладнікаў па палітычных матывах), у ажыцяўленні якой галоўную ролю адыгрывала ЧК.

На тэрыторыі Смаленскай, усходніх частак Віцебскай і Магілёўскай губерняў у красавіку 1918 г. была ўтворана Заходняя вобласць (з верасня 1918 г. – Заходняя камуна), якая была звычайнай адмінстрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. На чале створаных у ёй органаў улады знаходзіліся дзеячы былога Аблвыканкамзаха. Патрабаванні Белнацкома, беларускіх камуністычных і бежанскіх арганізацый аб аўтаноміі Беларусі ігнараваліся.

На працягу 1918 г. вызначыліся новыя накірункі ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы Савецкай улады:

1) Нацыяналізацыя ў прамысловасці (распаўюджвалася не толькі на буйную, але і на сярэднюю і часткова дробную).

2) Цэнтралізацыя кіравання эканомікай; галоўнымі органамі яе ажыццяўлення станавіліся саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы). Фактычна скасоўваліся рабочы кантроль і самакіраванне працоўных калектываў у прамысловасці і гандлі.

3) Увядзенне рэквізіцый сельскагаспадарчай прадукцыі ў сялян для забеспячэння патрэб войска ў грамадзянскай вайне; ствараліся харчовыя атрады з ліку вайскоўцаў і камітэты беднаты (камбеды) з ліку бяднейшага сялянства. Дзейнасць камбедаў выклікала масавую незадаволенасць сялянства; у некаторых паветах усходняй Беларусі летам 1918 г. адбыліся сялянскія паўстанні пад кіраўніцтвам левых эсэраў. Гэта абумовіла ліквідацыю камбедаў, аднак правядзенне рэквізіцый працягвалася. На канфіскаваных памешчыцкіх землях заахвочвалася стварэнне буйных дзяржаўных (дзяржгасы) і калектыўных (камуны, арцелі) гаспадарак.

У другой палове 1918 г. геапалітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі зноў стала змяняцца. У жніўні 1918 г. пасля выплаты Савецкай Расіяй часткі кантрыбуцыі германскія войскі адступілі на захад ад р. Бярэзіна. 3-9 лістапада 1918 г. у Германіі адбылася рэвалюцыя, якая прывяла да звяржэння манархіі. Новы германскі ўрад 11 лістапада 1918 г. заключыў перамір’е з краінамі Антанты, што прывяло да канца Першай сусветнай вайны. У дадзеных умовах урад РСФСР ануляваў Брэсцкі мір. Германскае войска паступова выводзілася з акупіраваных тэрыторый, якія займаліся расійскай Чырвонай арміяй. 10 снежня 1918 г. Чырвоная армія ўступіла ў Мінск. Да лютага 1919 г. бальшавіцкая ўлада была ўстаноўлена амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, акрамя зямель на захад ад лініі Вільня – Ліда – Слонім – Агінскі канал. Спробы Рады і новага ўрада (Рады народных міністраў) БНР на чале з А. Луцкевічам, а таксама расійскіх і яўрэйскіх левацэнтрысцкіх груповак атрымаць у гэтых умовах уладу або дамовіцца з бальшавікамі аб кааліцыі поспеху не мелі. У выніку Рада і ўрад БНР фактычна распаліся: частка іх дзеячоў засталася ў Мінску, разлічваючы на супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка пераехала ў Вільню, а потым у Гродна, дзе выступала за дзяржаўны саюз з Літвой, частка – эмігравала за межы Беларусі.

Такім чынам, у выніку ваенна-палітычных падзей 1918 г. была абвешчана першая незалежная беларуская нацыянальная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка. Аднак дэклараваная дзяржаўнасць не стала фактам. Прычынамі гэтага былі:

- адсутнасць масавай падтрымкі беларускага нацыянальнага руху сярод беларускага насельніцтва (сацыяльная база руху была вельмі вузкай);

- адсутнасць сур’ёзных вайсковых і матэрыяльных рэсурсаў беларускага нацыянальнага руху;

- складаная геапалітычная сітуацыя (падзел Беларусі паміж некалькімі дзяржавамі, адсутнасць зацікаўленасці ў беларускай дзяржаўнасці з боку буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў);

- непаслядоўнасць палітычнай дзейнасці і адсутнасць адзінства ў межах беларускага нацыянальнага руху.

17.2. Абвяшчэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР.

Пасля аднаўлення Савецкай улады на большай частцы тэрыторыі Беларусі бальшавіцкі ўрад у Маскве змяніў адносіны да беларускага нацыянальнага пытання. Ён пайшоў на стварэнне беларускай дзяржаўнасці, залежнай ад Савецкай Расіі, на чым настойвалі прадстаўнікі прабальшавіцкай часткі беларускага нацыянальнага руху. Дадзеныя змены былі абумоўлены наступнымі фактарамі:

- неабходнасць дэманстрацыі перад міжнароднай супольнасцю павагі да абвешчанага права нацый на самавызначэнне (пасля абвяшчэння БНР факт існавання беларускай нацыі бальшавіцкімі ўладамі адкрыта не адмаўляўся);

- імкненне да стварэння альтэрнатывы антыбальшавіцкай БНР;

- імкненне да стварэння буфернай дзяржавы паміж Савецкай Расіяй і Польскай рэспублікай, якая была створана ў лістападзе 1918 г. і выяўляла прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі.

У дадзеных умовах 30 снежня 1918 г. у Смаленску адбыўся І з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б), якая стала аўтаномнай адзінкай у складзе РКП(б). У кіраўніцтве КП(б)Б пераважалі былыя дзеячы Аблвыканкамзаха (А. Мяснікоў, М. Калмановіч, В. Кнорын), якія непрыхільна ставіліся да ідэі беларускай дзяржаўнасці. Аднак пад націскам Масквы яны выказаліся за пераўтварэнне Заходняй камуны ў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР).

1 студзеня 1919 г. было афіцыйна абвешчана утварэнне БССР у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага ўрада БССР, дзе былі вызначаны асноўныя палажэнні яе дзяржаўнага статусу. Тэрыторыя БССР ахоплівала Мінскую, Віцебскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Смаленскую, часткі Віленскай і Чарнігаўскай губерняў. Сталіцай станавіўся Смаленск, а з 5 студзеня 1919 г. – Мінск. На чале Часовага рабоча-сялянскага ўрада стаў лідэр беларускіх камуністаў Зміцер Жылуновіч; але ў цэлым ва ўрадзе пераважалі былыя дзеячы Аблвыканкамзаха.

Але ўжо 16 студзеня Цэнтральны камітэт РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а астатняй частцы БССР было дырэктыўна прапанавана стварыць сумесную дзяржаву з Савецкай Літвой, утворанай у снежні 1918 г. Гэта выклікала ўрадавы крызіс, у выніку якога ўрад БССР пакінулі 6 міністраў на чале з З.Жылуновічам. На чале ўрада стаў А.Ф. Мяснікоў.

2-3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў, на якім прысутнічала 230 дэлегатаў. На ім была прынята першая Канстытуцыя БССР. Паводле яе, вышэйшым органам улады ў БССР абвяшчаўся Усебеларускі з’езд Саветаў, а ў перыяд паміж з’ездамі – выбіраемы з’ездам Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК). Функцыі выканаўчай улады ўскладаліся на Вялікі прэзідыум, фарміруемы ЦВК. У канстытуцыі дэклараваліся грамадзянскія і палітычныя правы працоўнага народа. У той жа час пазбаўляліся выбарчых і некаторых іншых палітычных правоў прадстаўнікі былых эксплуататарскіх класаў. Выбары ў Саветы з’яўляліся непрапарцыянальнымі, шматступеньчатымі і адкрытымі. Фактычна органы ўлады БССР знаходзіліся ў залежнасці ад Масквы.

У ходзе з’езда быў сфарміраваны Вялікі прэзідыум, у які ўвайшлі пераважна былыя дзеячы Аблвыканкамзаха на чале з А. Мясніковым.

27 лютага 1919 г. на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК БССР і Літоўскай ССР была створана адзіная Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЛітБелССР) са сталіцай у Вільні. Структура ўлады ў ЛітБелССР была падобнай да той, што стваралася ў БССР. Аднак у якасці вышэйшага органа выканаўчай улады прадугледжваўся Савет народных камісараў (СНК). На чале ЦВК ЛітБелССР стаў К. Цыхоўскі, а СНК – В. Міцкявічус-Капсукас. Беларускіх камуністаў у складзе кіраўніцтва ЛітБелССР не было. ЛітБелССР уяўляла з сябе буферную дзяржаву ва ўмовах вайны з Польскай і Літоўскай рэспублікамі. Улады ЛітБелССР, таксама як і БССР фактычна падпарадкоўваліся кіраўніцтву РСФСР.

У канцы 1918 – пачатку 1919 гг. ва ўмовах абвастрэння эканамічнага крызісу і грамадзянскай вайны ў Расіі бальшавіцкія ўлады пачынаюць ажыццяўленне палітыкі “ ваеннага камунізму ”, якая прадугледжвала наступныя мерапрыемствы:

- увядзенне харчовай развёрсткі – прымусовай рэквізіцыі ў сялян сельскагаспадарчай прадукцыі для пакрыцця выдаткаў на войска;

- увядзенне дзяржаўнай манаполіі на гандаль;

- нацыяналізацыя амаль усёй прамысловасці, уключаючы дробную;

- устанаўленне жорсткай сістэмы размеркавання харчовых і прамысловых тавараў;

- увядзенне ўсеагульнай працоўнай павіннасці.

Характэрна тое, што канфіскаваныя на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі памешчыцкія землі не перадаваліся сялянам, а пераўтвараліся ў дзяржаўныя і калектыўныя гаспадаркі. Палітыка “ваеннага камунізму”, а таксама правядзенне мабілізацый у Чырвоную армію для ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Расіі выклікалі масавую незадаволенасць. У розных паветах адбыўся шэраг сялянскіх паўстанняў. Мелі месца хваляванні і ў Чырвонай арміі, самым значным сярод якіх было паўстанне салдат у Гомелі і Рэчыцы пад кіраўніцтвам М. Стракапытава ў сакавіку 1919 г. Падаўленне гэтых паўстанняў суправаджалася ўзмацненнем палітыкі чырвонага тэрору з боку бальшавіцкай улады.

Разам з тым дадзеныя акалічнасці абумовілі нетрываласць улады ў ЛітБелССР. Да восені 1919 г. амаль уся тэрыторыя ЛітБелССР была занята войскамі Польскай і Літоўскай рэспублік. Кіраўніцтва ЛітБел ССР і кампартыі Літвы і Беларусі перабраліся ў Смаленск. Фактычна дадзеная рэпубліка спыніла сваё існаванне.

Такім чынам, у 1919 г. адбылося фарміраванне беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР, а затым ЛітБелССР, у межах якіх утварыліся дзяржаўныя структуры, якія знаходзіліся ў аўтаномных адносінах да Савецкай Расіі. Разам з тым гэтыя формы дзяржаўнасці на той момант аказаліся нетрывалымі, што абумоўлівалі тыя ж фактары, якія не спрыялі ажыццяўленню дзяржаўнасці ў форме БНР, а таксама адсутнасць дакладнага размежавання паўнамоцтваў паміж уладамі новаўтвораных рэспублік і Расіі.

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 | 58 | 59 | 60 | 61 | 62 | 63 | 64 | 65 | 66 | 67 | 68 | 69 | 70 | 71 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.006 сек.)