АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Агульная характарыстыка. Iснаванне на тэрыторыi Беларусi шматлiкiх (часам недаўгавечных) дзяржаўных утварэнняў, якiя да таго ж ахоплiвалi толькi частку яе тэрыторыi (да 1939 г.)

Читайте также:
  1. Агульная характарыстыка
  2. Агульная характарыстыка
  3. Агульная характарыстыка
  4. Агульная характарыстыка
  5. Агульная характарыстыка
  6. Агульная характарыстыка
  7. Агульная характарыстыка
  8. Агульная характарыстыка
  9. Агульная характарыстыка
  10. Агульная характарыстыка і этапы развіцця
  11. Агульная характарыстыка. Класiфiкацыя

Iснаванне на тэрыторыi Беларусi шматлiкiх (часам недаўгавечных) дзяржаўных утварэнняў, якiя да таго ж ахоплiвалi толькi частку яе тэрыторыi (да 1939 г.), прадвызначыла характарыстыку заканадаўства навейшага часу Беларусi (з 1917 – 1918 гг.) як адну з найбольш складаных. Калi абмежавацца толькi агульнай характарыстыкай, то можна вызначыць наступныя (умоўныя) перыяды: 1) 1917 – 1920 гг. – перыяд дзейнасцi на тэрыторыi Беларусi кароткачасовых дзяржаўных i адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак; 2) 1921 – 1991 гг. – заканадаўства БССР (якое з 1939 г. уключала ўсю тэрыторыю рэспублiкi); 3) з жніўня–верасня 1991 г. – заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Першы перыяд – вынiк барацьбы суседнiх дзяржаў за тэрыторыю Беларусi. Для яго характарыстыкi можна было б прыняць вядомы выраз: найбольш яскравай рысай законнасцi гэтага часу з'яўляецца яе адсутнасць. Сапраўды, заходняя i цэнтральная часткi Беларусi знаходзi-лiся пад акупацыяй, тут дзейнiчалi законы ваеннага часу i распараджэннi акупацыйных улад. На ўсходзе Беларусi, дзе была ўстаноўлена ўлада Саветаў, таксама захоўвалася ваеннае становiшча, велiзарная колькасць дакументаў заканадаўчага характару выдавалася надзвычайнымi бальшавiцкiмi органамi – рэвалюцыйнымi камiтэтамi i вызначальную сiлу для вырашэння лёсаў тысяч людзей мелi распараджэннi камандзiраў i РВС армiй, палкоў, iншых вайсковых адзiнак Чырвонай армii.

Разам з тым у гэты ж перыяд разгарнулася заканатворчасць асобных дзяржаўных i адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак. Храналагiчна першай з iх з'яўляецца Заходняя вобласць (камуна). Створаная яшчэ ў першыя месяцы iснавання Часовага ўрада на ўсходзе Беларусi, гэтая адмiнiстрацыйная адзiнка ўрэшце зафiксавала асаблiвасцi сацыяльна-эканамiчнага, культурнага жыцця i адзiнства тэрыторыi беларускага рэгiёна. На яе тэрыторыi, як часткi Расiйскай Федэрацыi, дзейнiчалi заканадаўчыя дакументы, што прымалiся Усерасiйскiм з’ездам Саветаў, Вышэйшым Цэнтральным Выканаўчым Камiтэтам (ВЦВК), Саветам Народных Камiсараў (СНК) i iншымi дзяржаўнымi органамi РСФСР. Разам з тым Заходняя вобласць (камуна) мела свае распарадчыя i выканаўчыя органы: Абласны выканаўчы камiтэт Заходняй вобласцi i фронту (Аблвыканкамзах) i СНК. Важнейшыя рашэннi (напрыклад, аб зменах межаў вобласцi-камуны) прымалiся з’ездам Саветаў РСФСР.



У сакавiку 1918 г. другой Устаўной граматай была абвешчана Беларуская Народная Рэспублiка. Па сутнасцi, азначаны дакумент з’явiўся першай яе канстытуцыяй i замацаваў дзяржаўны лад i асноўныя правы грамадзян. 25 сакавiка трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася (упершыню ў гiсторыi Беларусi) незалежнасць Беларускай рэспублiкi. Устаўныя граматы, як i iншыя законы БНР (напрыклад, «Аб грамадзянстве» 14.12.1919 г.), з’яўляюцца спецыфiчнымi заканадаўчымi дакументамi. Дзейнасць iх нормаў абвяшчалася на тэрыторыi, якая не кантралявалася створанымi дзяржаўнымi органамi i для правядзення якiх у жыццё не iснавала пэўнага механiзма выканаўчай улады.

У сваю чаргу 1 студзеня 1919 г. Манiфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусi заявiў аб утварэннi Беларускай Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi. У Манiфесце ўжывалася некалькi назваў рэспублiкi. Спецыяльны пункт Манiфеста адмяняў усе законы i пастановы ўрада БНР, што фактычна з’яўлялася прызнаннем iснавання Беларускай Народнай Рэспублiкi з боку савецкiх улад. Прынятая ў лютым 1919 г. Канстытуцыя ССРБ не была дакладна распрацаванай i фактычна на тэрыторыi Беларусi дзейнiчалi законы РСФСР (юрыдычна яны былi ўведзены Пастановай Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусi 10.01.1919 г.). Аб «папяровым» характары нова-створанай рэспублiкi сведчыў i перагляд яе тэрыторыi на карысць РСФСР (студзень 1919 г.).

Апошнiм з iснаваўшых у адзначаны перыяд дзяржаўных утварэнняў на Беларусi з’яўляецца Лiтоўска-Беларуская ССР (ЛiтБел). На яе тэрыторыi побач з заканадаўчымi нормамi, прынятымi дзяржаўнымi органамi ЛiтБел (Саветам абароны, СНК i iнш. – аб усеагульнай працоўнай павiннасцi, раўнапраўi нацый i г. д.), працягвалi дзейнiчаць таксама законы Лiтоўскай i Беларускай савецкiх рэспублiк. Новыя заканадаўчыя акты распаўсюджвалiся на тэрыторыю ЛiтБел спецыяльнымi пастановамi. Разам з тым на працягу ўсяго гэтага перыяду (канец 1917 – 1920 г.) значная колькасць законапалажэнняў была выдадзена надзвычайнымi органамi (напрыклад, Мiнскiм губернскiм рэвалюцыйным камiтэтам).

‡агрузка...

Другi перыяд развiцця заканадаўства на тэрыторыi Беларусi ў навейшы час (1921 – 1991) таксама меў некалькi асобных этапаў: 1) этап заканадаўства БССР перыяду новай эканамiчнай палiтыкi; 2) афармленне адмiнiстрацыйна-загаднай, таталiтарнай дзяржавы ў БССР (1928 – 1939); 3) заканадаўства перыяду другой сусветнай вайны (1939 – 1945);
4) пасляваенны этап развiцця заканадаўства БССР (1945 – 1991).

Найперш трэба падкрэслiць, што, па сутнасцi, на працягу 1917 –
1920 гг. неакупiраваная тэрыторыя Беларусi заставалася часткай Расiйскай дзяржавы, пры гэтым выключныя паўнамоцтвы мелi кiруючыя органы Расiйскай кампартыi. Так, згодна з дырэктывай ЦК РКП(б) ад 1 чэрвеня 1919 г. ВЦВК Расiйскай Федэрацыi прыняў дэкрэт «Аб аб’яднаннi савец-кiх рэспублiк», у адпаведнасцi з якiм стваралiся адзiныя Узброеныя сiлы Расiйскай Федэрацыi. Другое абвяшчэнне ССРБ 31 лiпеня 1920 г. не змянiла становiшча. На III з’ездзе КПБ (22 – 25.11.1920 г.) падкрэслiвала-ся, што «Беларусь, з’яўляючыся Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкай, адначасова з’яўляецца састаўной часткай РСФСР». Унесеныя II Усебела-рускiм з’ездам Саветаў (снежань 1920 г.) папраўкi да Канстытуцыi ССРБ 1919 г. фактычна зафiксавалi яе аўтаномны статус у складзе РСФСР.

Рэальныя змены ў дзяржаўна-прававым становiшчы рэспублiкi адбылiся з 1921 г. БССР была прызнана сусветнай супольнасцю, устанавiла дыпламатычныя зносiны з iншымi дзяржавамi, падпiсала Саюзны дагавор 1922 г. З 1921 г. усе заканадаўчыя акты РСФСР, указы Прэзiдыума яго ЦВК i СНК, пастановы неаб’яднаных наркаматаў набывалi сiлу толькi тады, калi зацвярджалiся цэнтральнымi дзяржаўнымi органамi БССР. Канстытуцыя СССР 1924 г. замацавала раўнапраўнае становiшча ўсiх рэспублiк у яго складзе i новую заканадаўчую норму: законы, якiя прымаюцца рэспублiкамi, павiнны адпавядаць законам СССР, пры разыходжаннi перавагу маюць апошнiя. На пачатку 1920-х гг. былi прыняты ў якасцi законаў БССР грамадзянскi, крымiнальны, крымiнальна-працэсуальны кодэксы i кодэкс законаў аб працы РСФСР. Улiчваючы асаблiвасцi землекарыстання, быў распрацаваны асобны зямельны кодэкс БССР. Сацыяльна-эканамiчныя i палiтычныя змены, што адбывалiся на працягу 1921 – 1928 гг., замацавала Канстытуцыя БССР 1927 г. Яна ўпершыню размежавала функцыi заканадаўчай улады (з’езды Саветаў, ЦВК, яго Прэзiдыума) i выканаўчай (СНК, створаны ў 1920 г.). Аднак у наступным, на працягу 1930-х гадоў гэты прынцып не заўсёды вытрымлiваўся.

Другi этап азначанага перыяду (1928 – 1939 гг.) першапачаткова быў прадвызначаны не кардынальнай зменай палажэнняў заканадаўства, а рэальнымi парушэннямi з боку дзяржаўнай улады i кiруючай партыi дзеючых прававых нормаў (напрыклад, замацаваных Канстытуцыяй БССР 1927 г. свабоды выбару формаў землекарыстання, выкарыстання беларускай мовы як мовы мiжнацыянальных зносiн у БССР i iнш.). Характэрна спецыфiчнае стаўленне да законаў, калi апошнiя разглядалiся як «праграма дзеянняў». Распаўсюджанай з’яўляецца думка (са спасылкай на дэкларатыўную «сталiнскую» Канстытуцыю СССР 1936 г.) аб тым, што афармленне таталiтарнага грамадства ў СССР не знайшло заканадаўчага афармлення. Разам з тым дастаткова назваць пастановы ЦВК БССР «Аб унясеннi змен у крымiнальна-працэсуальны кодэкс» ад 5.12.1934 г. i 14.09.1937 г., якiя ўстанаўлiвалi асобы парадак разгляду спраў аб тэрарыстычных актах супраць работнiкаў савецкай улады, а таксама спраў аб контррэва-люцыйным шкоднiцтве i дыверсiях (дублiраванне агульнасаюзных пастаноў становiцца характэрнай рысай заканадаўства БССР 1930-х гг.), каб заўважыць, што дзесяткi заканадаўчых дакументаў у канстатуючай цi пастаноўчай частцы вызначаюць «шкоднiцтва», «ворагаў народа», «нацыянал-фашыстаў» i г. д. Завяршаючы характа-рыстыку азначанага этапу (1928 – 1939 гг.), неабходна падкрэслiць, што да сярэдзiны
1930-х гг. былi дзесяткi найменняў дакументаў заканадаўства: дэкрэт, манiфест, пастанова, рэзалюцыя. З прыняццем Канстытуцыi СССР
1936 г. была ўведзена адзiная назва – «закон». Для дакументаў выканаўчай улады захаваны найменнi «пастанова» i «распараджэнне».

Спецыфiку наступнага этапу развiцця заканадаўства БССР (1939 – 1945) складае шэраг дакументаў, якiя былi выклiканы ўз’яднаннем Беларусi ў складзе адзiнай дзяржавы i з пачаткам ваенных дзеянняў на яе тэрыторыi. Першая з азначаных падзей звязана з функцыянiраваннем такога спецыфiчнага (для БССР) iнстытута, як Народны (Нацыянальны) сход Заходняй Беларусi. Вядома, што права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мелi пераважна органы часовага кiравання гарадоў i паветаў, якiя зацвярджалiся камандаваннем Чырвонай Армii. Аднак у астатнiм парадак выбараў у Народны сход быў даволi дэмакратычным: удзел прымалi ўсе грамадзяне, што дасягнулi 18 гадоў, незалежна ад нацыянальнасцi, веравызнання, маёмаснага становiшча i г. д. Народны сход прыняў важнейшыя для Заходняй Беларусi заканадаўчыя рашэннi – аб устанаўленнi Савецкай улады, канфiскацыi памешчыцкiх зямель, нацыяналiзацыi банкаў i буйных прадпрыемстваў, аб уваходжаннi ў склад БССР.

З пачаткам ваенных дзеянняў на тэрыторыi Беларусi быў прыняты шэраг спецыяльных заканадаўчых дакументаў (напрыклад, Указ аб крымiнальнай адказнасцi за распаўсюджванне чутак i iнш.). Асобныя прававыя акты сталi вынiкам барацьбы за ўздзеянне на насельнiцтва. Так, 19.04.1943 г. быў прыняты закон «Аб адказнасцi за пасобнiцтва нямецка-фашысцкiм акупантам». У гады вайны працягваў заканадаўчую дзейнасць Вярхоўны Савет БССР. Частка яго дэпутатаў, Прэзiдыум эвакуiравалiся ў Магiлёў, Гомель, а пасля ў Маскву. Пачынаючы з чэрвеня 1942 г. да
1945 г. Прэзiдыум Вярхоўнага Савета БССР адкладаў штогод выбары, падаўжаючы паўнамоцтвы iснуючага складу Вярхоўнага Савета. Аднак важнейшыя заканадаўчыя рашэннi, якiя датычылiся тэрыторыi Беларусi, прымалiся цэнтральнымi дзяржаўнымi органамi СССР (Дзяржаўным Камiтэтам Абароны i iнш.).

У развiццi заканадаўства БССР пасляваеннага этапу можна праса-чыць некалькi стадый. Для другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. характэрна захаванне большасцi важнейшых заканадаўчых норм i палажэнняў ваеннага часу (крымiнальная адказнасць за адмiнiстрацыйныя парушэннi, абавязковы мiнiмум працадзён i iнш.). Важнейшыя законапалажэннi БССР звязаны з дэталiзацый законаў, прынятых цэнтральнымi органамi СССР.

Новая стадыя ў пасляваенным заканадаўстве – сярэдзіна 1950-х – 1980-я гг. Яна характарызуецца паступовай адменай сумнавядомых пастаноў 1934 i 1937 гг., законапалажэннямi аб рэабiлiтацыi пацярпеўшых у гады культу асобы (сярэдзiна 1950-х гг.; другая палова 1980-х гг.); пашырэннем паўнамоцтваў саюзных рэспублiк; распрацоўкай рэспублiканскiх кодэксаў законаў у адпаведнасцi з дзеючай канстытуцыяй. Заканадаўчыя паўнамоцтвы меў Вярхоўны Савет БССР, у перапынках памiж яго сесiямi выдавалiся ўказы Прэзiдыума Вярхоўнага Савета (апошнiя не павiнны былi супярэчыць дзеючым законам). Савет Мiнiстраў рэспублiкi заканадаўчых функцый не меў, аднак на справе для гэтага перыяду характэрна вялiкая колькасць падзаконных актаў, якiя ў значнай ступенi скажалi сэнс прынятых законаў.

Апошнi, трэцi (яшчэ непрацяглы), перыяд пачаўся з 1991 г., калi ў жнiўнi Дэкларацыi аб суверэнiтэце Беларускай ССР (27.07.1990 г.) быў нададзены статус канстытуцыйнага акта. Найбольш характэрная рыса заканадаўства гэтага перыяду – верхавенства законаў Рэспублiкi Беларусь на яе тэрыторыі (са жнiўня 1991 г. па сакавiк асноўны з iх – Дэкларацыя аб суверэнiтэце БССР, з 15 сакавiка 1994 г. – Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь).

1.5.2. Асноўныя вiды заканадаўчых дакументаў навейшага часу

Дэкрэты (ад лац. пастанова, рашэнне) – першыя заканадаўчыя дакументы Савецкай улады. Яны ўвогуле характэрны менавiта для заканадаўчай творчасцi цэнтральных дзяржаўных устаноў i з’ездаў Саветаў Савецкай Расii ў першыя гады. Пераважнае прызначэнне важнейшых савецкiх дэкрэтаў – барацьба за ўплыў на народныя масы. Такое меркаванне пацвярджаюць выказваннi, нататкi аднаго з iх творцаў – У. I. Ленiна: «Гэтыя дэкрэты, якiя практычна не маглi быць праведзены адразу i поўнасцю, мелi вялiкую ролю для прапаганды» (ПСС. Т.35,
с.198 – 199); «простаму рабочаму i селянiну мы свае ўяўленнi аб палiтыцы адразу давалi ў форме дэкрэтаў» (ПСС. Т.45, с.111). У пэўнай ступенi дэкрэты можна параўнаць з царскiмi манiфестамi. Агiтацыйна-прапагандысцкiя функцыi першых дэкрэтаў абумовiлi даступнасць iх мовы i своеасаблiвасць апублiкавання. Часам яны выдавалiся ў выглядзе лiстовак, пракламацый, спецыяльных брашур. Да таго ж у першыя месяцы Савецкай улады не была выпрацавана заканадаўчая тэрмiналогiя. Заканадаўчыя дакументы, што з’яўлялiся па сваім значэнні дэкрэтамi, называлiся пастановамi (i наадварот). Таму дэкрэты першых гадоў Савецкай улады разглядаюцца таксама як збiральная назва ўсiх важнейшых дакументаў заканадаўства вышэйшых органаў улады Савецкай Расii: рэзалюцый, адозваў, пастаноў, дэкларацый ВРК, з’ездаў Саветаў, ВЦВК, СНК, Савета Працы i Абароны.

Канстытуцыя (ад лац. лад) фармулюе асноўныя прынцыпы грамадскага i дзяржаўнага ладу, характарызуе сацыяльна-эканамiчную i палiтычную аснову грамадства i дзяржавы. Ва ўмовах iдэалагiзацыi ўсiх сфер жыцця ў СССР, канстытуцыi пераважна стваралiся не для рэальнага рэгулявання заканадаўчага працэсу, а з пэўнымi iдэалагiчнымi мэтамi. Пры гэтым змена пэўнай iдэалагiчнай канцэпцыi выклiкала змену кансты-туцыi (найбольш характэрны прыклад – Канстытуцыя СССР 1977 г.).

Першая савецкая канстытуцыя – Канстытуцыя РСФСР была прынята 10 лiпеня 1918 г. Усерасiйскiм з’ездам Саветаў. Яна стала асновай распрацоўкi канстытуцый iншых савецкiх рэспублiк, у прыватнасцi першай Канстытуцыi Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi Беларусь (ССРБ). Апошняя была ўхвалена I Усебеларускiм з’ездам Саветаў (люты 1919 г.) i мела шэраг адрозненняў. Па-першае, яна была разлiчана на кароткачасовы перыяд i з’яўлялася менш распрацаванай (мела не 6 раздзелаў, а 3). Некаторыя важнейшыя канстытуцыйныя нормы (аб выбарчым праве, аб мясцовых органах улады i кiравання, аб бюджэтным праве) не знайшлi тут адлюстравання. Асобныя пункты замацавалi спецыфiку Беларусi: улiчваючы, што большасць этнiчнага беларускага насельнiцтва – сяляне, Канстытуцыя ССРБ вызначыла, што «Беларуская Рэспублiка ёсць свабоднае сацыялiстычнае грамадства ўсiх працоўных Беларусi», дзяржава «рабочага класа i бяднейшага сялянства». Як вядома, канстытуцыя РСФСР – канстытуцыя дзяржавы «дыктатуры пралетарыяту» – забяспечвала пэўныя перавагi ў выбарчым праве для рабочага класа i фактычна гэтыя нормы дзейнiчалi на тэрыторыi ССРБ (пасля – БССР).

Утварэнне СССР выклiкала неабходнасць заканадаўчага афармлення асноўных прынцыпаў саюзнай дзяржавы. Першая канстытуцыя СССР 1924 г. вызначала структуру вышэйшых органаў агульнасаюзнай улады i кiравання, iх кампетэнцыю. Асноўная асаблiвасць гэтай канстытуцыi ў тым, што яна разглядала толькi пытаннi новай саюзнай дзяржавы i не датычылася аспектаў вызначэння асноў эканамiчнага i палiтычнага ладу, правоў i абавязкаў грамадзян i iнш.

Асаблiвасцi сацыяльна-эканамiчнага i гiстарычнага развiцця нацыянальных рэгiёнаў былi замацаваны ў канстытуцыях саюзных рэспублiк. Другая Канстытуцыя БССР распрацоўвалася на працягу некалькiх гадоў. Першы яе праект, прадстаўлены IV сесii ЦВК VI склiкання ў лютым 1925 г., не быў зацверджаны, паколькi ён празмерна пашыраў функцыi вярхоўных органаў БССР. Пасля дапрацоўкi (у 1927 г.) Канстытуцыя юрыдычна аформiла добраахвотнае i свабоднае ўваходжанне БССР у склад СССР, адлюстравала пашырэнне сацыяльнай асновы Савецкай дзяржавы. У асобных артыкулах (20 – 23) Канстытуцыi 1927 г. быў дэталiзаваны прынцып раўнапраўя нацый (раўнапраўя мясцовых – беларускай, яўрэйскай, рускай i польскай моў, статус беларускай мовы як мовы мiжнацыянальных зносiн, прызнанне забеспячэння навучання на роднай мове, выданне важнейшых заканадаўчых актаў на ўсiх мясцовых мовах). Асноўная рыса канстытуцыi 1927 г. – дакладнае размежаванне функцый дзяржаўных органаў: з'езд Саветаў (арт. 24, 27, 30, 38) i ЦВК БССР (арт. 25). Адмянялася права СНК БССР у неадкладных выпадках самастойна выдаваць заканадаўчыя акты (арт. 41). Абмежаванне кампетэнцыi СНК ператварала яго ў выключна выканаўчы дзяржаўны орган. Упершыню ў канстытуцыйным будаўнiцтве рэспублiкi Канстытуцыя 1927 г. рэгулявала ўзаемаадносiны СНК БССР з падпарадкаванымi яму органамi кiравання, замацоўвала прававы статус мясцовых органаў улады. Вызначала, што пытаннi аб зменах тэрыторыi рэспублiкi павiнны разглядацца толькi на з'ездах Саветаў Беларусi. Канстытуцыя захавала за рэспублiкай права свабоднага выхаду з Саюза.

У 1936 г. была зацверджана новая Канстытуцыя СССР, якая ўстанаўлiвала аднастайнасць дзяржаўна-прававых нормаў на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза (на яе аснове ў 1937 г. – чарговая канстытуцыя БССР). Важнейшым органам дзяржаўнай улады ў рэспублiцы абвяшчаўся Вярхоўны Савет, якi выбiраўся тэрмiнам на 4 гады i дзейнiчаў на аснове Канстытуцыi БССР i СССР. Пры гэтым кампетэнцыя заканадаўчых i выканаўчых органаў БССР была значна звужана. Канстытуцыя БССР 1937 г. адлюстравала ў пэўнай ступенi дзейнасць рэпрэсiўнага заканадаўства. Так, палiтычнай асновай БССР вызначалiся Саветы, якiя «ўзмацнілiся» ў вынiку «разгрому беларускай нацыянальнай контррэвалюцыi».

Канстытуцыя 1937 г. дзейнiчала па мерках савецкага часу даволi працяглы тэрмiн (да 1978 г.), яе асобныя пункты неаднаразова змянялiся i дапаўнялiся. У 1938 г. Канстытуцыя ўжо не змяшчала абавязковага прынцыпу публiкацыi ўсiх важнейшых законаў на польскай i яўрэйскай мовах. У 1939 г. былi ўнесены папраўкi аб пашырэннi тэрыторыi БССР, у 1944 г. – аб пашырэннi паўнамоцтваў рэспублiкi (стварэннi саюзна-рэспублiканскiх наркаматаў абароны i мiжнародных спраў), у 1946 г. – аб перайменаваннi наркаматаў у мiнiстэрствы i г. д.

Апошняя Канстытуцыя БССР была прынята ў 1978 г. Яна, як i папярэдняя, у значнай ступенi з'яўлялася адлюстраваннем i дэталiзацыяй палажэнняў агульнасаюзнай канстытуцыi (у дадзеным выпадку – 1977 г.). Абвяшчэнне новых Асноўных законаў Саюза i рэспублiк было выклiкана пераважна iдэалагiчнымi меркаваннямi, таму Канстытуцыя 1978 г. з'явiлася яшчэ больш дэкларатыўнай (права на жыллё пры захаваннi велiзарных чэргаў, свабода сумлення пад iдэалагiчным кантролем i г. д.). Адпавядаючы Канстытуцыi СССР 1977 г., Канстытуцыя БССР 1978 г. замацавала ролю Кампартыi як «кiруючай i накiроўваючай палiтычнай сiлы».

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь была прынята 15 сакавiка 1994 г. У адрозненне ад Канстытуцыi БССР, яна ўсталявала прэзiдэнцкую ўладу. Але адзiным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады заставаўся Вярхоўны Савет. Прэзiдэнт падпiсваў законы i меў права вярнуць iх на дапрацоўку ў Вярхоўны Савет, ён выдаваў у межах сваiх паўнамоцтваў указы i распараджэннi, аднак апошнiя не павiнны былi супярэчыць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь. У адпаведнасцi з папраўкамi пасля рэферэндуму 24 лiстапада 1996 г., «у выпадках, прадугледжаных канстытуцыяй, Прэзiдэнт выдае дэкрэты, што маюць сiлу законаў»[xviii].

У адрозненне ад Канстытуцыi БССР 1978 г., Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь не прадугледжвала асобых паўнамоцтваў Прэзiдыума Вярхоўнага Савета (права тлумачэння законаў, выдання ўказаў i г. д.). Права заканадаўчай iнiцыятывы маюць дэпутаты Вярхоўнага Савета, Прэзiдэнт рэспублiкi, Кантрольная палата, пастаянныя камiсii ВС, Вярхоўны суд рэспублiкi, Вышэйшы гаспадарчы суд рэспублiкi, а таксама грамадзяне, якiя валодаюць выбарчым правам у колькасцi не менш як 50 чалавек. Важнейшыя заканадаўчыя рашэннi па пытаннях, звязаных са зменамi ў канстытуцыi (канстытуцыйных), прымаюцца не менш як 2/3 галасоў дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

З часу прыняцця Канстытуцыi СССР 1936 г. асноўнай i найбольш распаўсюджанай разнавiднасцю заканадаўчых дакументаў сталi законы. Законы прымаліся выключна Вярхоўным Саветам. У якасцi прыкладу можна прывесцi Закон БССР «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (1991), Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб патэнтах на вынаходніцтва» (1993) i iнш.

Законы могуць развiваць асобныя палажэннi адпаведных кодэксаў, Асноў заканадаўства i ў вынiку захоўваюцца як самастойныя дакументы. Напрыклад, акрамя Кодэкса законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь, дапоўненага ў 1992 г., дзейнiчае закон «Аб пенсiйным забеспячэннi» (1992). Акрамя таго, закон з'яўляўся такой формай заканадаўчага дакумента, якая ўводзiла ў дзеянне iншыя нарматывы – кодэкс, канстытуцыю i г. д.

Сiстэматызацыя законаў можа адбывацца ў двух напрамках. Першы – iнкарпарацыя – аб'яднанне дакументаў заканадаўства без iх змен па храналагiчнай, алфавiтнай, тэматычнай цi iншай прыкмеце. Другi – кадыфiкацыя, калi заканадаўчыя дакументы аб'ядноўваюцца ў структурна адзiнае цэлае, што ахоплiвае пэўную галiну грамадска-прававых адносiн. Пры гэтым лiквiдуюцца прабелы ў заканадаўстве, лiквiдуюцца супярэчнасцi, замяняюцца не адпаведныя новым умовам палажэннi. З'яўляецца новы па сутнасцi i форме заканадаўчы акт – кодэкс.

Першыя кодэксы, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Беларусi, – кодэксы РСФСР, якiя былi распрацаваны восенню 1918 г. Першы беларускi
кодэкс – Зямельны – быў зацверджаны ў 1924 г., а ў 1925 г. у вынiку ўзбуйнення тэрыторыi БССР перапрацаваны i ўстаноўлены для ўсёй тэрыторыi рэспублiкi. Новы этап распрацоўкi рэспублiканскiх кодэксаў (канец 1950 – пачатак 1960-х гг.) адбываўся ва ўмовах пашырэння паўнамоцтваў саюзных рэспублiк. Многiя з iх з дапаўненнямi i змяненнямi дзейнiчаюць па сённяшнi дзень.

Распрацоўка рэспублiканскiх кодэксаў права прадвызначыла тое, што з 1960 г. (да апошнiх гадоў iснавання СССР) агульнасаюзнае заканадаўства стала кадыфiкавацца пераважна ў форме «Асноў» цi «Асноў заканадаўства Саюза ССР i саюзных рэспублiк». Заканадаўчыя дакументы, нашкалт «Асноў заканадаўства», змяшчалі найбольш агульныя прынцыпы i асноўныя iнстытуты адпаведных галiн заканадаўства, адзiныя i абавязковыя для ўсiх саюзных рэспублiк. Яны складалi аснову для распрацоўкi рэспублiканскiх кодэксаў i iншых законаў. Аднак у тых галiнах, якiя датычылiся выключнай кампетэнцыi Саюза, саюзныя кодэксы змяшчалі вычарпальнае прававое тлумачэнне асобных нормаў (напрыклад, «Паветраны кодэкс СССР»).

Сярод нарматыўных дакументаў заканадаўчага характару шырокае распаўсюджанне ў канцы 1930-х – 1980-я гг. мелi ўказы Прэзiдыума Вярхоўнага Савета (СССР і саюзных рэспублiк). Значная колькасць указаў датычылася пытанняў дзеючага заканадаўства, уносiла ў яго пэўныя змены i дапаўненнi. Па канстытуцыях СССР i БССР указ не адмяняў закону, а толькi прыпыняў яго дзеянне. Каб атрымаць сiлу закону, указ павiнен быў зацвярджацца сесiяй Вярхоўнага Савета. Аднак гэтая прававая норма не заўсёды вытрымлiвалася. Напрыклад, у 1939 г. Прэзiдыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў рашэнне аб перайменаваннi сталiцы рэспублiкi з Менска ў Мiнск. Мiж тым такая назва горада была зацверджана Канстытуцыяй, а канстытуцыйны закон патрабаваў перагляду на сесii Вярхоунага Савета не менш як 2/3 галасоў.

Важныя функцыi мелi пастановы Прэзiдыума Вярхоўнага Савета
(з 1990 г. – Вярхоўнага Савета). Найперш, гэта тлумачэнне законаў – па заканадаўству афiцыйнае тлумачэнне валодае той жа сiлай, што i рашэнне (закон, указ), якое тлумачыцца.

Неабходна мець на ўвазе, што з другой паловы 1920-х гг. усё большае распаўсюджанне атрымлiваюць сумесныя пастановы выканаў-чых органаў дзяржавы i вышэйшых органаў партыi. Напачатку яны з'явiлiся ў форме зваротаў, але з 1930-х гг. у iх тэксце ўсё большае месца займае пастаноўчая частка. Таму гэтыя дакументы, якiя захоўвалi асобныя рысы зваротаў, называлi сумеснымi пастановамi. Сумесныя пастановы партыйных i дзяржаўных органаў рэспублiкi выклiкалiся пераважна з'яўленнем пастаноў саюзнага цэнтра. Напрыклад, у лютым 1933 г. СНК БССР i ЦК КПБ(б) у адпаведнасцi з пастановай СНК СССР i ЦК ВКП(б) ад 19.01.1933 г. прынялi пастанову «Аб устанаўленнi абавязковай сiстэмы нарыхтовак». Сумесныя пастановы па Канстытуцыi не з'яўлялiся законам. У тых выпадках, калi ў iх закраналiся пытаннi заканадаўчага характару, яны павiнны былi атрымаць зацвярджэнне вярхоўнага органа ўлады. Аднак на практыцы многiя важнейшыя рашэннi (фактычна раўназначныя закону) у 1930-я гг. былi прыняты менавiта ў форме сумесных пастаноў.

1.5.3. Асноўныя публікацыі дакументаў

заканадаўства навейшага часу

Неабходна яшчэ раз нагадаць, што апублікаванне з'яўляецца абавязковым для кожнага з дакументаў заканадаўства. Для таго каб закон выконваўся, ён павінен быць даведзены да ведама грамадзян.

Дзеючым прызнаецца тэкст закону, апублікаваны ў афіцыйным выданні. Асобныя з вядомых законаў навейшага часу Беларусі з'явіліся ў выглядзе лісткоў, лістовак, брашур і г. д. (Дэкрэт аб зямлі, Устаўныя граматы БНР і інш.). Гэтыя выключныя выпадкі патрабуюць асаблівай увагі даследчыка. Ужо ў першыя сто дзён Савецкай улады былі прыняты заканадаўчыя рашэнні аб парадку зацвярджэння і апублікавання законаў. Сапраўдным тэкстам лічыўся зацверджаны ўрадам арыгінал дэкрэта і яго друкаванае ўзнаўленне ў «Газете Временного рабоче-крестьянского правительства». З сакавіка 1918 г. афіцыйным выданнем стала газета «Известия» (орган ВЦВК). З беларускіх выданняў, дзе друкаваліся законы і ўрадавыя пастановы Беларускай рэспублікі, трэба назваць «Известия Временного рабоче-крестьянского правительства Белоруссии» (на рускай, беларускай, польскай, яўрэйскай мовах). На жаль, захаваліся толькі асобныя нумары гэтага выдання.

Сярод іншых выданняў найважнейшае значэнне мела «Собрание узаконений…» («Збор законаў…»), якое выдавалася і ў Маскве (РСФСР, да 1938 г.), і ў рэспубліцы (да № 19 за 1938 г.). Пачатак выданню гэтай серыі быў пакладзены Наркаматам юстыцыі Расійскай Савецкай Рэспублікі ў снежні 1917 г. У ім законы і пастановы Савецкай улады сістэматызаваны і размешчаны ў храналагічным парадку, дакументы маюць парадкавы нумар па кожным годзе. Выданне не мела рэгулярнага характару, а выходзіла па меры паступлення нарматыўных матэрыялаў. «Собрание узаконений…» («Збор законаў…») – найбольш поўная публікацыя дакументаў заканадаўства.

Законы і распарадчыя дакументы ўрада СССР з 1924 г. друкаваліся ў «Собрании законов и распоряжений рабоче-крестьянского правительства СССР». У першым аддзеле змяшчаліся дакументы заканадаўчага характару, а астатнія (аб прызначэннях і ўзнагародах, аб зацверджанні статутаў акцыянерных таварыстваў і інш.) – у другім. Першы аддзел «Собрания законов…» друкаваўся на шасці мовах, у тым ліку беларускай («Збор законаў…»).

З 7 красавіка 1938 г. замест «Збору законаў…» пачалі выходзіць «Ведомости Верховного Совета СССР». Першыя гады «Ведомости» выпускаліся ў выглядзе газеты, а з 1944 г. да пошніх месяцаў існавання СССР (1991 г.) – у форме бюлетэняў. У 1938 г. № 1–19 за першыя шэсць месяцаў друкаваўся яшчэ «Збор законаў і распараджэнняў рабоча-сялянскага ўрада БССР», а з другой паловы 1938 г. – «Збор пастаноў і распараджэнняў урада БССР», які не змяшчаў дакументаў заканадаўчага характару. Пэўную інфармацыю за перыяд з канца 1938 г. аб заканатворчасці вышэйшага органа ўлады Беларусі змяшчае публікацыя стэнаграфічных справаздач сесій Вярхоўнага Савета БССР («Першая сесія Вярхоўнага Савета БССР 25 – 28 ліпеня 1938 г.» і інш.).

Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця сярэдзіны 1950-х гг. мела пэўны ўплыў і на публікацыю дакументаў заканадаўства. У 1956 г. друкуецца абагульнены «Зборнік законаў Беларускай ССР і ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР за 1938 – 1955 гг.» (на рускай і беларускай мовах). Гэтая традыцыя была працягнута ў 1960 – 1970-х гг., калі з’явіліся грунтоўныя выданні законаў Беларускай ССР за перыяд з 1938 г. (2-томнае выданне 1968 – 1969 і 3-томнае 1971 – 1974).

1.5.4. Методыка аналiзу дакументаў заканадаўства

Законы (як i акты) – рэшткi прававых адносiн пэўнага часу. На пачатковым этапе развiцця крынiцазнаўства асобныя даследчыкі iдэалiзавалi дакументальныя крынiцы. Так М. П. Лiхачоў (аўтар падручнiка «Текстология». М., 1901) пiсаў: «Юрыдычныя i адмiнiстрацыйныя дакументы, акты дзяржаўныя i прыватныя даюць нам паказаннi дакладныя i фактычныя. Творцы дагавораў, духоўных, правых, купчых i ўкладных дзейнiчалi дзеля самiх сябе, а зусiм не для нашчадкаў i даследчыкаў. Iм не было патрэбы апраўдвацца цi падманваць». I калi ў дачыненнi да асобных актаў (велiкакняжацкiя даравальныя на зямлю, пасады i iнш.) зазначалiся асобныя карыслiвыя мэты, то ў адносiнах да законаў адкiдвалiся ўсякiя сумненнi ў тым, быццам яны не адлюстроўваюць дакладна фактаў рэчаiснасцi. Распрацоўка праблемы верагоднасцi заканадаўчых дакументаў – заслуга ў вялiкай ступенi даследчыкаў савецкай школы крынiцазнаўства.

Сапраўды, усе бакi грамадскага жыцця, зафiксаваныя ў нарматыўных дакументах – гэта непасрэдныя рэшткi гiстарычных фактаў, часткай якiх яны з'яўляюцца. Але разам з тым законы змяшчаюць i элемент «паданняў» аб гiстарычным факце. Яны з'явiлiся ў пэўных гiстарычных умовах, на iх адбiлася пазiцыя складальнiкаў (пазiцыя суб'ектыўная, бо выяўляла iх погляды на парадак рэчаў у дзяржаве). У найбольшай ступенi гэта акрэслiваецца ва ўводнай прэамбуле цi ўводнай частцы заканадаўчага дакумента (у якасцi прыкладу можна прывесцi царскiя манiфесты, савецкiя дэкрэты i iнш.). Таму для аналiзу заканадаўчага дакумента пасля ўстанаўлення яго верагоднасцi (тут методыка, падобная для ўсiх дакументаў) неабходны ўважлiвы аналiз умоў, у якiх рыхтаваўся закон.

Закон – гэта ў большасцi выпадкаў яшчэ не сам факт, якi звычайна па сваім характары значна шырэйшы i па аб'ёме, i па змесце. Важнейшае ў заканадаўчым дакуменце – яго пастаноўчая частка, выяўленая ў iм прававая норма. Для аналiзу гiсторыi прававой думкi ў гэтым сэнсе вызначэнне сапраўднасцi раўназначна выяўленню верагоднасцi. Аднак у рэальным жыццi ўстанаўленне прававой нормы не прадвызначае яе выканання ў поўным аб'ёме. Таму аналiз заканадаўчага матэрыялу павiнен спалучацца з аналiзам iншага дакументальнага матэрыялу (найперш распарадчага характару).

Такiм чынам, аналiз зместу закону не можа быць фармальна юрыдычным. Кожны закон (прававая норма) – гэта складаная частка цэласнай i адзiнай сiстэмы права, што вызначае ўстанаўленне крынiц таго цi iншага заканадаўчага дакумента. Акрамя таго, у грамадскiм жыццi кожны закон дзейнiчае ў цеснай узаемасувязi з iншымi законамi. Таму любы заканадаўчы дакумент патрэбна разглядаць i ў сувязi з адпаведнымi з'явамi гiстарычнага мiнулага (генетычны рад), i з фактамi сучаснай закону рэчаiснасцi (структурны рад).

I апошняе: неабходна мець на ўвазе, што ў заканадаўчых дакументах ёсць шэраг звестак, якiя не маюць дачынення да права i якiя трапiлi ў iх незалежна ад волi складальнiкаў. Так, у Рускай праўдзе ўпамiнаюцца прылады працы сельскагаспадарчай вытворчасцi, хатняя птушка; у Статутах ВКЛ – суадносiны цэн на розныя вiды рамеснай i сельскагаспадарчай прадукцыi i г. д.

Абагулiм: устанавiўшы сапраўднасць (месца, час, умовы ўзнiкнення) крынiцы, даследчык чэрпае з яе матэрыял аб гiстарычным мiнулым. Але аналiз гэтага матэрыялу павiнен праводзiцца, як аналiз часткi мiнулага i адначасова сведчання аб iм. Вызначэнне месца юрыдычнага дакумента ў сiстэме грамадскага жыцця дазваляе выявiць, якiя новыя прававыя нормы ўведзены тым цi iншым дакументам заканадаўства i у якой ступенi яны дзейнiчалi. I ўрэшце, выяўляецца ўскосная (дадатковая) iнфармацыя, якая трапiла ў дакумент незалежна ад волi яго складальнiкаў.

Актавыя матэрыялы


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 |


Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.024 сек.)