АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Дакументы справаводства перыяду Расійскай імперыі

Читайте также:
  1. Дакументы справаводства савецкага часу.
  2. Матэрыялы справаводства
  3. ПЕРЫЯДУ 1917 – 1939 гг. НА ІІІ КУРСЕ

3.3.1. Агульная характарыстыка. Уключэнне ў склад Расійскай імперыі перадвызначыла, безумоўна, і змены ў сістэме справаводства. Па меры умацавання расійскай улады на далучаных тэрыторыях яе абрысы выступалі ўсё больш акрэслена. Вытокі гэтай сістэмы можна бачыць як у расійскай рэчаіснасці, так і ў запазычанні рэфарматарам Пятром І мадэляў скандынаўскіх і германскіх краін з панаваннем ідэі спалучэння абсалютнай манархіі і праўлення закона. Усе дзяржаўныя ўстановы Расіі ў пятроўскую эпоху былі забяспечаны інструкцыямі, рэгламентамі, настаўленнямі. Пры гэтым паказчыкам паспяховай працы чыноўнікаў з'яўляўся не толькі рэальны стан спраў, але і ўпарадкаванае справаводства. Добра пастаўленая справаздачнасць істотна ўплывала на ацэнку работы. Станаўленне масавага справаводства апарата кіравання адпаведна суправаджалася арганізацыяй органаў кантролю. Сістэма канчаткова аформілася ў выніку міністэрскай рэформы ХІХ ст. У яе структуры абсалютны манарх карыстаўся неабмежаванай уладай. Усе чыноўнікі залежалі ад цара, але ж і ён адчуваў на сябе ўплыў расійскай бюракратыі як адміністрацыйнага механізму.

Дакументы справаводства складаюць адну з самых вялікіх па колькасці і разнастайнасці па відах гістарычных крыніц канца XVIII - пачатку ХХ стст. Неабходна адзначыць, што у дарэвалюцыйнай Расіі амаль адначасова з адміністрацыйным справаводствам развівалася ў якасцi самастойная сістэмы ўліковая дакументацыя, якая ўключала напачатку бухгалтарскі ўлік, а пасля статыстычны[24].

Уласна расійскі справаводчы корпус складаецца са знешніх дакументаў (зносін і перапіскі), а таксама унутраных. Асаблівасцю справаводства дадзенага перыяду з'яўляецца дакладнае рэгламентаванне: дакументы павінны былі мець адпаведныя загалоўкі, індэксы, складацца з устаноўленых раздзелаў, якія вызначаліся ў законах і распараджэннях вярхоўнай ўлады[25]. Паперы справаводчага корпусу падраздзяляліся на пісьмаводства і ўласна справаводства. Апошняе разумелася як дакументальнае афармленне спраў (іх паступленне, рух і выкананне).

У сістэме справаводчай дакументацыі выдзяляюць прыкладна пяць груп: 1) пратакольная група справаводства, што складалася з пратаколаў, журналаў і стэнаграфічных справаздач; 2) групы справаздачнай дакументацыі, у якую ўваходзілі справаздачы, даклады, дакладныя запіскі, гадавыя справаздачы, справаздачы-агляды за некалькі год аб дзейнасці цэнтральных і вышэйшых дзяржаўных устаноў; 3) групы перапіскі, што складалася з розных формаў перапіскі вышэйшых органаў з падпарадкаванымі ім ўстановамі (прадпісанні, распараджэнні, загады, цыркуляры, запыты), 4) групы перапіскі роўных устаноў, ці устаноў, што не знаходзіліся ў падпарадкаванні адна ў другой (афіцыйныя пісьмы, адносіны, паведамленні); 5) групы перапіскі ніжэйстаячых устаноў з вышэйстаячымі (рапарты, данясенні, прадстаўленні, прашэнні, скаргі)[26].



Паступова ўсё большую колькасць пачалі складаць дакументы, узноўленыя механічным спосабам. Побач з тыпаграфскімі з'яўляюцца дакументы, надрукаваныя на множыльных апаратах: гектографе, мімеографе і інш. У канцы ХІХ ст. з'яўляецца машынапіс. Вялікае распаўсюджванне ў справаводстве атрымалі розныя тыпаграфскія балнкі са штампам установы і пэўным тэкстам, у які неабходна было толькі ўпісаць асобныя словы, выразы.

І ўсё ж большасць матэрыялаў справаводства азначанага перыяду – рукапісныя помнікі, дзе з пачатку ХІХ ст. шырока распаўсюджваецца каліграфічны "канцылярскі" почырк. Пры гэтым каліграфічнасць спалучаецца з цэлымі нізкамі дадатковых сказаў, ужываннем спецыфічных канцылярскіх зваротаў, выразаў, тэрмінаў ("канцылярская мова").

3.3.2. Справаздачы губернатараў як крыніца па гісторыі Беларусі. Нас, безумоўна, цікавяць не столькі матэрыялы цэнтральных дзяржаўных устаноў, колькі правінцыйных, бо Беларусь стала правінцыяй (ўскраінай) велізарнай імперыі. Сярод такіх матэрыялаў і дакументаў найперш і галоўным чынам трэба адзначыць справаздачы губернатараў. Тым больш, што гэтая разнавіднасць як бы ўвабрала ў сябе ўсе істотныя рысы справаводчых дакументаў азначанага перыяду[27].

На пачатку ХІХ ст. усталявалася наступная колькасць губерняў: Магілёўская, Віцебская (Белорускае генерал-губернатарства), Віленская, Гродзенская і Мінская (Літоўскае генерал-губернатарства). У 1808 г. на тэрыторыі, адышоўшай ад Прусіі была створана Беластоцкая вобласць і ў 1843 г. адбылася новая і апошняя пры царызме рэарганізацыя края – з часткі паветаў Віленскай губерні была створана новая губерня – Ковенская.

‡агрузка...

З пачатку ХІХ ст. губернатары пачалі пасылаць у С.-Пецярбург свае справаздачы. Напачатку іх дадзеныя былі вельмі беднымі, у асноўным звесткі аб ураджаі, з пачатку 20-х гг. ХІХ ст. яны дапаўняліся звесткамі аб пасевах. Не было нават устойлівай назвы гэтых дакументаў (найчасцей, "донесение"), кожны губернатар па-рознаму складаў справаздачы. Уніфікацыя справаздач адбылася ў 1837 г., а з 1842 г. губернатары атрымалі спецыяльныя бланкі ведамасцяў для статыстычных матэрыялаў. З гэтага часу на пачатку справаздачы змяшчаўся складзены па агульнай праграме пісьмовы тэкст, а да яго дадаваліся шматлікія статыстычныя табліцы ("ведамасці") на асобных старонках.

На працягу наступнага часу фармуляр[28] губернатарскай справаздачы ўвесь час змяняўся. У 1853 г. быў дапоўнены пералік пытанняў і раздзелаў. Вось якія раздзелы і пункты можам сустрэць з гэтага часу ў справаздачах губернатараў: 1) Натуральныя і вытворчыя сілы губерні: мясцовасць, насельніцтва, дваранства, прамысловасць, гандаль, сельская гаспадарка; 2) Падаткі і павіннасці; 3) Грамадскі дабрабыт: дарогі, масты, пошты, раскольнікі, беглыя, асобы пад наглядам паліцыі, ахова здароўя, народная асвета, мясцовая адміністрацыя і судавытворчасць. І гэтыя звесткі запаўняліся шматлікімі статыстычнымі табліцамі ў ведамасцях.

Справаздачы звычайна складаліся ў 4-х экземплярах. Першыя экземпляры належала мець пры рапарце імператару, а копіі перадаваліся: адна – міністру унутраных спраў, другая – "галоўнаму мясцоваму начальніку" (г.зн. генерал-губернатару). Акрамя таго, зразумела, адзін экземпляр заставаўся на месцы. Дзякуючы таму большасць справаздач губернатараў захавалася ў архівах Вільні, Гродна, Мінска, Магілёва і Віцебска, а таксама Масквы.

Такім чынам, з канца 30-х – пачатку 40-х гг. ХІХ ст. справаздачы губернатараў дазваляюць даследаваць розныя аспекты дэмаграфічных змен, сацыяльна-эканамічнага развіцця, становішча асветы ў краі. Каштоўнасць гэтых крыніц у іх перыядычнасці, у тым, што дзякуючы ім мы можам вызначыць працэс развіцця. Аднак трэба ўлiчваць, што ў шэрагу выпадкаў звесткі могуць быць несупаставімымі. Адной з прычын гэтага з'яўляліся шматлікія рэарганізацыі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні, што працягвалася да пачатку 40-х гг. ХІХ ст., змены межаў губерняў і паветаў. Таму, напрыклад, параўноўваючы звесткі па Гродзенскай губерні да 1843 г. і пасля трэба мець на ўвазе, што ўдзельная вага прамысловасці павялічылася не ў сувязі з агульным ростам вытворчасці, а ў сувязі з далучэннем Беластоцкай вобласці, дзе прамысловасць была больш развітая, чам у старых паветах губерні. Тое ж самае -- па Віленскай губерні: калі не ведаць, што ў 1843 г. плошча яе скарацілася на 1/3 і самыя ўраджайныя і эканамічна развітыя паветы адыйшлі да Ковенскай губерні, то можна зрабіць памылковы вывад аб спадзе вытворчасці і беспаспяхова шукаць прычыны такой з'явы.

Нярэдка да несупаставімасці дадзеных прыводзяць розныя крытэрыі характарыстыкі тых ці іншых аспектаў. Напрыклад, не заўсёды дакладна вызначалася, што ўключаць у графу "неудобная земля". Адсюль парадоксы: скажам у маёнтку Вішнева, што належала Храптовічу у 1848 г., балоты складалі 3499 дзесяцін – 11,8% ўсёй плошчы, і ў той жа час у графе "неудобные земли" вызначаны толькі 853 дзес. (г.зн. 3,0% зямлі). Атрымоўваецца, што на балотах сеялі. Таму заўсёды трэба браць усю сукупнасць звестак і супастаўляць іх між сабой, выяўляючы памылкі.

Для таго, каб не зрабіць памылак, неабходна ведаць крыніцы звестак у губернатарскай справаздачы. Згодна заканадаўству яны збіраліся паліцэйскімі чыноўнікамі (прыставамі і інш.) ад адпаведных валасных і сельскіх упраўленняў. Пры гэтым менавіта першыя (якія самі непасрэдна дадзеных не складалі) неслі адказнасць за аператыўнасць і дакладнасць звестак. Дадзеныя аб народжаных і памершых прадстаўляліся духавенствам (але, як адзначым далей, яны таксама не характарызаваліся дакладнасцю). З сярэдзіны ХІХ ст. звесткі для дадаткаў справаздач складаліся губернскімі статыстычнымі ўстановамі. Але ж, атрымоўваючы недакладныя дадзеныя, нават самыя лепшыя прафесіяналы не маглі акрэсліць рэальнае становішча спраў. Да таго ж лічбы тэкстаў справаздач часам адрозніваліся ад тых, што прыводзіліся ў дадатках.

Пасля азначанай крытыкі справаздач губернатараў як гістарычных крыніц магчыма ўзнікненне сумнення ў мэтазгоднасці іх выкарыстання. Але ж крыніц, што ўтрымліваюць выключна дакладную і поўную інфармацыю, не існуе. Пры ўважлівых адносінах справаздачы губернатараў выяўляюцца як вельмі каштоўная крыніца: у большасці выпадкаў іх дадзеныя больш верагодныя, чым справаздачы міністэрстваў (якія складаліся на іх аснове).

Наогул, трэба звярнуць увагу на такую каштоўную скарбніцу крыніц, як канцылярыі віленскага генерал-губернатара, а таксама мінскага, віцебскага, магілёўскага і гродзенскага грамадзянскіх губернатараў, што маюцца ў архівах Вільнюса, Магілёва, Гродна.

Звесткі, што захоўваюцца ў гэтых фондах больш дакладныя, чым матэрыялы ў цэнральных архiваў, так як тут захаваліся не толькі копіі справаздач, але і першапачатковыя дадзеныя, на аснове якіх складаліся справаздачы. Гэта дазваляе прасачыць, якія звесткі, што падаваліся наверх, заніжаліся, а якія, наадварот, завышаліся. Параўнанне дадзеных паказвае, што тыя звесткі, збор якіх не быў звязаны фіскальнымі мэтамі і сведчыў аб дзейнасці губернатара (дарогі, ярмаркі, прамысловыя прадпрыемствы, рамёствы, асвета і г.д.) завышаліся, а звязаныя са зборам падаткаў і подацей (колькасць насельніцтва, абавязанага плаціць падаткі і г.д.) – заніжаліся.

Канцылярыі грамадзянскіх губернатараў былі заснаваны указамі Сената: Мінская – ад 13.04.1793 г., астатнія – ад 27.02.1802 г. У фондах канцылярыі сканцэнтраваны звесткі аб колькасці насельніцтва (у сельскай мясцовасці, гарадах і мястэчках), размеркаванне іх па сацыяльных групах (асобна – яўрэйскага насельнiцтва). Тут жа ўтрымлiваюцца дадзеныя аб развіцці промыслаў, рамёстваў, эвалюцыі цэхавай сістэмы, спіскі прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю рабочых на іх, аб памерах падаткаў, аб развіцці унутранага і знешняга гандлю, будаўніцтве мастоў, аб гарадах і мстэчках, аб колькасці войскаў на тэрыторыі губерняў і г.д.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 |


Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.008 сек.)