АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Эвалюцыйная тэорыя Ч.Дарвіна

Читайте также:
  1. Клетачная тэорыя
  2. Тэорыя Вялікага Выбуху як Стандартная мадэль сучаснай касмалогіі
  3. Тэорыя спадчыннасці Г.Мендэля

Як вядома, тэорыя эвалюцыі, распрацаваная Ч.Дарвінам, не была гістарычна першай формай эвалюцыянізму[71] ў біялогіі. Яна была першай дастаткова абгрунтаванай яго формай, абгрунтаванай настолькі, каб у канчатковым выніку пераканаць большасць навуковай супольнасці ў сваёй рацыі і забяспечыць сабе яе падтрымку. Найважнейшае значэнне ў дадзенай сувязі меў той момант, што яна абапіралася на надзвычай багаты эмпірычны матэрыял. Грунтоўныя вынікі прынесла ў гэтым плане знакамітае даследчае падарожжа Дарвіна на караблі “Бігль” (1831-1836). Падчас яго ў маладога навукоўца з’явіліся першыя сумненні ў нязменнасці біялагічных відаў. Яны перараслі ў сур’ёзную аналітычную працу, якая распачалася адразу пасля яго завяршэння.

Моцны штуршок згаданы аналіз атрымаў праз сутыкненне Дарвіна з ідэямі Т.Мальтуса, згодна з якімі паміж людзьмі павінна адбывацца жорсткая барацьба за доступ да жыццёвых даброт. Справа ў тым, што, як меркаваў Мальтус, колькасць людзей на Зямлі павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі, а сродкі для існавання – у арыфметычнай. Гэтыя мальтузіянскія палажэнні, накладзеныя на шматгадовыя назіранні Дарвіна за падзеямі і ўзаемадачыненнямі ў свеце жывёл і раслін, адкрылі навукоўцу вочы на тое, што асноўная роля ва ўнутраным механізме эвалюцыйнага працэсу належыць натуральнаму адбору [59, c.26]. Дадзенае адкрыццё адбылося ў 1838 г. Дарвін не спяшаўся, аднак, агалошваць яго. Яшчэ дваццаць гадоў упартай працы спатрэбілася навукоўцу, каб быць упэўненым у пераканаўчай абгрунтаванасці сваёй высновы[72].

Неабходна адзначыць, што адначасова з Дарвінам і незалежна ад яго эвалюцыйную тэорыю, пагрунтаваную на блізкай да дарвінаўскага прынцыпу натуральнага адбору ідэі распрацаваў малады англійскі натураліст А.Уолес (1823-1913). Цікава, што для яго быў характэрны ідэнтычны дарвінаўскаму стыль даследчай дзейнасці (інтэнсіўныя назіранні, працяглыя даследчыя падарожжы) [34, т.1, c.961] і што ягоны падыход таксама быў інспіраваны інтэлектуальным сутыкненнем з мальтузіянствам [59, c.33]. Пытаннем пра навуковы прыярытэт у дадзенай сітуацыі займаліся сябры Дарвіна, і яно было вырашана на яго карысць. Ні Дарвін, ні Уолес, які знаходзіўся ў гэты час у даследчым падарожжы, удзелу у адпаведным абмеркаванні не бралі [59, c.33]. Тым не менш да канфлікту паміж імі справа не дайшла. Наадварот, гісторыкі навукі даводзяць пра іх сяброўства [78, c.556].



Лагічныя падставы для тэзы пра грунтоўную ролю натуральнага адбору ў працэсе эвалюцыі ўтвараюць палажэнні пра зменлівасць арганізмаў (прычыны і прынцып дзеяння якой ні Дарвіну, ні Уолесу не былі вядомыя) і пра перавышэнне абумоўленай наяўнымі ў прыродзе сродкамі для падтрымання жыцця нормы нараджальнасці. Згаданае перавышэнне павінна весці да канкурэнцыі паміж арганізмамі, вынік якой вызначаецца іх жыццяздольнасцю ў дадзеных умовах, у пэўным асяроддзі. Больш прыстасаваныя да яго асобіны маюць больш шанцаў пакінуць нашчадкаў.

Пэўнае прыроднае асяроддзе выконвае, такім чынам, ролю фактара, які накіроўвае натуральны адбор. Яно спрыяе тым зменам у складзе папуляцый, якія больш адпавядаюць яго характару і асаблівасцям. У выніку на іх аснове ў пэўных выпадках (напрыклад, пры адносна хуткай экалагічнай перабудове, калі рэзка ўзмацняецца селектыўны ціск навакольнага асяроддзя на закранутыя ёю папуляцыі) могуць утварацца новыя біялагічныя віды. А вось неадпаведныя, неадэкватныя яму змяненні на ўзроўні арганізмаў не стымулююцца, не падтрымліваюцца ім. Асобіны, якім цяжэй прыстасавацца да навакольных умоў, маюць менш рэпрадуктыўных шанцаў і прайграюць у “барацьбе за існаванне”.

Такім чынам, Дарвін не адмовіўся ад ламаркісцкай ідэі ўспадкоўвання наступнымі пакаленнямі набытых пэўнай істотай біялагічных характарыстык. Ён настойваў, аднак, на варыятыўнасці згаданага ўспадкоўвання: ад кожнага арганізма могуць паходзіць нашчадкі з самымі рознымі ўласцівасцямі (узняцца да слушнага тэорэтычнага тлумачэння спадчыннасці ў жывой прыродзе навуковец, аднак, не здолеў, хоць і спрабаваў гэта зрабіць). Селектыўныя механізмы ўмешваюцца ў згаданы працэс апісаным вышэй абмежавальным чынам [26, c.445].

Разам з ідэяй натуральнага адбору грунтоўнае значэнне ў дарвінаўскай тэорыі эвалюцыі мае ўяўленне пра адзінства паходжання наяўных формаў жыцця. Яны ўзыходзяць праз мноства папярэдніх пакаленняў да невялікай колькасці прародзічаў, першаформаў [34, т.1, с.478]. Пры гэтым, як падкрэсліў Дарвін, эвалюцыя мае не лінейны характар, а хутчэй здзяйсняецца ў розных кірунках, утвараючы магутнае разгалінаванае дрэва, дрэва жыцця. У эвалюцыйным працэсе ёсць месца і для ўскладнення жывых формаў, і для нязначнага іх адаптацыйнага ўдасканалення, і для дэградацыі пэўных іх элементаў, ворганаў, складовых частак [46, т.2, с.837]. Чалавек, паводле Дарвіна, таксама належыць да гэтага дрэва. Антрапагенез разглядаўся ім як прыватны выпадак узнікнення новых біялагічных відаў і мусіў быць падпарадкаваны адпаведным прыродным заканамернасцям.

‡агрузка...

Як даводзілася напачатку дадзенага параграфа, дарвінаўскае вучэнне здолела схіліць большасць навуковай супольнасці прыняць прынцып эвалюцыянізму. Тая форма эвалюцыйнай тэорыі, якой пры гэтым аддавалася перавага, мела, аднак, кампрамісны паміж дарвінізмам і неаламаркізмам характар [26, c.445]. У згаданым напрамку, да ўсё больш выразнага кампрамісу з неаламаркісцкімі ідэямі, змяняліся і погляды самога Дарвіна [34, т.1, c.953]. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, аднак, што ўзнікненне неаламаркізму разглядаецца гісторыкамі навукі як наступства дарвінаўскай рэвалюцыі ў біялогіі і як рэакцыя на яе [34, т.1, c.477]. Разам з тым некаторыя прыхільнікі эвалюцыйнага вучэння (А.Уолес, А.Вайсман (1834-1914)) займалі бескампрамісную дарвінісцкую пазіцыю ў пытанні пра натуральны адбор як рухавік узнікнення новых відаў і працягвалі інтэнсіўную даследчую працу, скіраваную на яе абгрунтаванне [26, c.445].

Неабходна адзначыць, што ідэі Дарвіна не зніклі з далягляду сучаснай біялогіі. Яны згадваюцца ў навуковых дыскусіях, на іх робяцца спасылкі ў навуковых працах, пра іх вядуцца спрэчкі. Дадзеная сітуацыя (калі навуковая супольнасць дастаткова развітай галіны пазнання так актыўна зважае на працы аднаго навукоўца, якія належаць досыць аддаленаму мінуламу) з’яўляецца ўнікальнай у сучаснай навуцы і патрабуе спецыяльнага аналізу [76, c.204-205].

Вышэй ужо ішла гаворка пра магутны ўплыў дарвінізму на культуру і на светапоглядныя пошукі чалавецтва. Ён нёс (і нясе) у сабе здольнасць да праблематызацыі звыклых і, магчыма, прыемных уяўленняў чалавека пра сваё месца, ролю і значэнне ў Сусвеце і пра сваю існасць увогуле. Следам за пагрунтаванай на каперніканскім прынцыпе касмалогіяй дарвінаўская тэорыя эвалюцыі змусіла яго задумацца пра правамернасць сваіх прэтэнзій на абсалютную выключнасць у гэтым плане. Сапраўды, яна даводзіла, што чалавек уяўляе сабой не што іншае, як арганічную частку прыроды, што ён паўстаў найперш як біялагічны від у працэсе развіцця жывых яе формаў, падпарадкаванага яе законам. У сувязі з гэтым узнікненне дарвінізму выклікала не проста чарговую сутычку навукі і рэлігіі, а магутную духоўную калізію, якая доўжыцца і сёння.

Эвалюцыйная тэорыя істотным чынам паўплывала на філасофію і на гуманітарныя навукі. У немалой ступені пра гэта сведчыць багацце назваў тэарэтычных кірункаў, у якіх задзейнічаны эпітэт “эвалюцыйны”: эвалюцыйная этыка, эвалюцыйная эпістэмалогія і да т.п. [26, c.388]. Увогуле, спробы экстрапаляваць эвалюцыйнае вучэнне на сацыяльнае жыццё былі зробленыя практычна адразу пасля выхаду ў свет у 1859 г. “Паходжання відаў” (працы Дарвіна, у якой яно было ўпершыню сістэматычна выкладзена). Найбольш вядомай і дыскусійнай з такога кшталту экстрапаляцый[73] з’яўляецца, безумоўна, сацыял-дарвінісцкая канцэпцыя Г.Спенсера (1820-1903). Спенсер даводзіў, што грамадства няўхільна прагрэсуе і што ўнутраны механізм сацыяльнага прагрэсу ідэнтычны таму, што рухае эвалюцыю жывой прыроды. Ядро згаданага механізму – барацьба за выжыванне, у якой перамагаюць асобы, найлепш прыстасаваныя да сацыяльных умоў. Абсалютна відавочна, што сацыял-дарвінісцкія ідэі ўяўляюць сабой надзвычай зручны аргумент для апраўдання каланіялізму, расізму, “лакцявога” грамадства і г. д. Відавочны і іх вульгарна-матэрыялістычны, рэдукцыянісцкі (біялагізатарскі)[74] характар. Рэдукцыянізм, аднак, – досыць ненадзейны грунт для пабудовы навуковай тэорыі.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |


При использовании материала, поставите ссылку на Студалл.Орг (0.006 сек.)