АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Біялогія 6 страница

Читайте также:
  1. I. Перевести текст. 1 страница
  2. I. Перевести текст. 10 страница
  3. I. Перевести текст. 11 страница
  4. I. Перевести текст. 2 страница
  5. I. Перевести текст. 3 страница
  6. I. Перевести текст. 4 страница
  7. I. Перевести текст. 5 страница
  8. I. Перевести текст. 6 страница
  9. I. Перевести текст. 7 страница
  10. I. Перевести текст. 8 страница
  11. I. Перевести текст. 9 страница
  12. Il pea.M em u ifJy uK/uu 1 страница

Ва ўсіх прысвечаных гісторыі хіміі даследаваннях даводзіцца таксама, што адпаведная тэарэтычная традыцыя запачаткоўваецца ў антычных натурфіласофскіх канцэпцыях і алхімічных пошуках. Праўда, пры гэтым, як правіла, акцэнтуецца супрацьлегласць навуковага метаду сучаснай хіміі і ненавуковага характару згаданых духоўных феноменаў. Тым не менш, цалкам правамерным падаецца сцверджанне, што ў працэсе разгортвання натурфіласофскіх і алхімічных праектаў выпрацоўваліся грунтоўныя інтэлектуальныя арыентацыі, важныя элементы даследчых стратэгій, своеасаблівыя “духоўныя матрыцы” [20, c.30-31], якія маюць істотнае значэнне і для сучасных навуковых даследаванняў. Так, антычнай натурфіласофіі сучасная хімія (і не толькі яна) шмат чым абавязаная ў плане самога стылю свайго мыслення і маўлення. Па сутнасці, абодва гэтыя тэарэтычныя феномены выяўляюць ідэнтычны падыход да прыроды, існасць якога – у пошуку элементаў, прынцыпаў, першапачаткаў разнастайных матэрыяльных аб’ектаў. Асабліва выразна гэта выяўляецца ў кантэксце стасункаў хімічнай навукі сучаснага тыпу і антычнай атамістычнай традыцыі. Ідэя атамаў, разгледжаная ў гістарычнай перспектыве, выглядае надзвычай прадуктыўнай – не толькі ў дачыненні да разгортвання хімічных даследаванняў, але і ў плане развіцця навуковага пазнання ўвогуле. У сферы хімічнага пазнання яна мае, аднак, асаблівае значэнне: яна належыць да найважнейшых фактараў узнікнення хіміі сучаснага тыпу.

Нельга не адзначыць, аднак, і істотных адрозненняў сучаснага хімічнага і антычнага натурфіласофскага мыслення (і справа тут не толькі ў тым, што гаворка ідзе пра феномены, якія належаць да двух розных духоўных формаў). Хоць вучэнні атамістаў і “супрацьпастаўляюць якаснай канцэпцыі станаўлення канцэпцыю камбінаторнага тыпу” [20, c.20], блізкую да сучаснага навуковага пазнання, цэнтральнае месца ў антычнай філасофіі і навуцы заняў усё-такі якраз “якасны” падыход. Для сучаснай хіміі (як і для сучаснага прыродазнаўства ўвогуле) характэрна матэматызаванае, “колькаснае” бачанне прыродных аб’ектаў і працэсаў. Сама ідэя атамаў мела у антычных мысляроў у адрозненне ад сучасных хімікаў (і фізікаў) спекулятыўны характар, яна не магла быць правераная эмпірычным шляхам. Адрозніваюцца абодва духоўныя феномены (прычым адрозніваюцца кардынальна) і сваім стаўленнем да матэрыяльнай, хімічнай практыкі: калі пазіцыя антычных натурфілосафаў мела сузіральны характар і іх тэарэтычныя пабудовы не паўплывалі на хімічную вытворчасць свайго часу, дык сучасная хімія выяўляе істотную практычную скіраванасць (як было падкрэслена вышэй, яна вылучаецца ў гэтым плане нават сярод сучасных навуковых дысцыплін).

Што да алхіміі, дык у першую чаргу неабходна адзначыць яе комплексны, складаны і дынамічны характар. У ёй мудрагеліста спалучаюцца элементы філасофіі і навукі, рацыянальнага і містычнага, магіі і мастацтва, тэорыі і практыкі. У антычнай і сярэднявечнай алхіміі дадзенае спалучэнне застаецца сінкрэтычным, што робіць ідэнтыфікацыю дадзенага феномена і тых, хто яго ўвасабляў, – антычных і сярэднявечных алхімікаў – надзвычай няпростай справай.

Алхімічныя практыкі абапіраліся на пэўны светапогляд, грунтоўным момантам якога было ўяўленне пра фундаментальнае адзінства прыроды і пра яе дынамічны, жывы характар, які вызначаецца рухомасцю і прасякнутасцю жыццём яе асновы – першаматэрыі. Усе пераўтварэнні, усе працэсы, што адбываюцца ў рэчаіснасці, разглядаліся ў рамках дадзенага светапогляду як ідэнтычныя па сваёй сутнасці. Адсюль вынікала тэза пра глыбокую сувязь зямнога і касмічнага, што, у сваю чаргу, абумоўлівала шчыльнае ўзаемадзеянне алхіміі і астралогіі.

Галоўная мэта алхімічных практык – давядзенне да дасканалага стану рэчаісных утварэнняў. У кожным цывілізацыйным асяродку, у якім культывавалася алхімія, дадзеная мэта мела канкрэтны і спецыфічны выгляд. Так, у звязанай з даасізмам кітайскай алхімічнай традыцыі ў якасці галоўнай задачы разглядалася дасягненне бессмяротнасці і адпаведныя практыкі былі сцэнтраваныя на вырабе элексіру жыцця. Звязаную з тантрызмам індыйскую алхімію характэрызавала цікавасць да металаў (што было ўласціва, зрэшты, усім алхімічным традыцыям). Індыйскіх алхімікаў, аднак, цікавіла не столькі “ўдасканаленне” металаў (ператварэнне “невысокародных” у “высокародныя”), колькі іх разбурэнне, спрыянне іх карозіі, каб у выніку ператварыць іх у цудадзейны лекавы сродак.

У заходнім культурным абшары алхімічная традыцыя запачаткавалася ў эліністычную эпоху, і яе прадстаўнікі бачылі сябе спадкаемцамі егіпецкай алхіміі і звязанага з ёй комплексу ідэй, якія яны прыпісвалі Гермесу Трысмегісту. У тэкстах эліністычных алхімікаў задаецца сапраўдны код усёй гэтай традыцыі, “усталёўваецца асацыяцыя, паводле якой мы ідэнтыфікуем алхімію, асацыяцыя паміж практыкамі, містычнымі сімваламі, касмаганічнымі дактрынамі, але таксама і апісанне працэдур…, якія ствараюць практычную бесперапыннасць паміж алхіміяй і хіміяй” [20, c.23].

На грунце эліністычнай алхімічнай традыцыі паўстала арабская алхімія (першымі антычнымі тэкстамі, перакладзенымі на арабскую мову былі, магчыма, творы александрыйскіх алхімікаў [20, c.24]). У пошуках сродкаў і працэдур для пераўтварэнняў матэрыі арабскія алхімікі шмат у чым пераўтварылі самую алхімію. Сярод іх канцэптуальных навацый неабходна адзначыць найперш спробу раскрыць унутраны парадак свету металаў на аснове дыхатамічнага прынцыпу, які, у сваю чаргу быў распрацаваны на грунце арыстоцелеўскага ўяўлення пра чатыры якасці, канстытутыўныя для чатырох стыхій. Базісную дыхатамію пры гэтым утваралі ртуць і сера ці – дакладней – тыя грунтоўныя прыродныя прынцыпы, што ўвасабляюцца ў іх. Ртуць разглядалася як сінтэтычнае ўвасабленне халоднага і вільготнага пачаткаў, а сера – гарачага і сухога. Усе металы (у тым ліку і наяўныя ў рэчаіснасці ртуць і сера) трактаваліся як утварэнні, што змяшчаюць іх у той ці іншай прапорцыі. Неабходна адзначыць, што дадзенае вучэнне праходзіць праз усё будучае развіццё алхіміі – і арабскай, і еўрапейскай [78, c.333].

Разам з тым у рамках арабскай алхіміі надзвычай выразна выявілася тэндэнцыя да яе “рацыяналізацыі”: увага засяроджвалася найперш на доследах і іх выніках, на іх дакладным апісанні, на іх рацыянальнай інтэрпрэтацыі, на пошуку шляхоў іх практычнага выкарыстання. У гэтым плане мяжа паміж алхіміяй і тэхнічнай, прагматычнай, “свецкай” хіміяй, паралельна з якой яна развівалася, фактычна знікае: у абодвух выпадках арабскія навукоўцы імкнуліся да практычна значных ведаў, што дапускаюць трансляцыю і праверку [20, c.25]. Важна таксама, што найважнейшыя аспекты алхімічных пошукаў робяцца прадметам рацыянальных дыскусій. Так, Авіцэна выказаў сумненні ў магчымасці ператварэння “нізкіх” металаў у высакародныя. Ён аргументаваў сваю пазіцыю тым, што відавыя адрозненні паміж металамі трывала ўсталяваныя ў прыродзе і неадольныя для чалавечага мастацтва. У рамках алхіміі такой пазіцыі супрацьпастаўлялася дынамічнае і тэмпаральнае (засяроджанае на часе) бачанне прыроднага парадку. У такім выпадку межы паміж тыпамі і відамі наяўна існага трактуюцца як зменлівыя, рухомыя. Акрамя таго, алхімікі былі перакананыя ў магчымасці паскорыць час і, адпаведна, паскорыць пераўтварэнні, што ў прыродзе доўжацца стагоддзямі [20, c.26].

Такім чынам, арабская алхімія падтрымала алхімічную традыцыю і дала моцны штуршок яе далейшаму разгортванню. Дзякуючы інтэнсіўным кантактам хрысціянскай і ісламскай цывілізацый, якія мелі месца ў ХІІ стагоддзі, дадзеная традыцыя аднавілася і на заходнім культурным абшары. Яна патрапіла тут у надзвычай складаны, але разам з тым – у канчатковым выніку – спрыяльны сацыякультурны кантэкст. Інакш і быць не магло, алхімія не магла не выклікаць водгук у грамадстве, у якім інтэнсіўна перажываліся, аналізаваліся, дыскутаваліся ўзаемадачыненні веры і розуму, нябеснага і зямнога, містычнага і рацыянальнага, тым больш у сітуацыі, калі адчувалася патрэба і рабіліся спробы іх грунтоўнага пераасэнсавання.

У выніку алхімічныя практыкі, як і кола ідэй, на якіх яны грунтаваліся, зрабіліся неад’емнай (хоць і не бясспрэчнай) часткай духоўнага жыцця сярэднявечнай Еўропы, атрымаўшы адпаведныя хрысціянскаму веравучэнню інтэрпрэтацыю і вобразны лад. Еўрапейскія алхімікі, як і іх арабскія калегі, шмат што зрабілі ў плане захавання і ўзбагачэння метадаў, працэдур, тэхнічных прыстасаванняў, неабходных для лабараторнай працы з хімічнымі феноменамі. Ні ў якім разе не безвыніковай у кантэксце прырашчэння хімічных ведаў была і іх даследчая дзейнасць. Так, яны здолелі атрымаць моцныя кіслоты (азотную, хлорную, серную), чаго не маглі дасягнуць нават арабы [20, c.29]. Гісторыкі навукі ўказваюць таксама на істотныя канцэптуальныя навацыі, прапанаваныя ў рамках хрысціянскай алхіміі (напрыклад, наданне геаметрычнай формы алхімічнаму сімвалізму ў ХIV стагоддзі [20, c.30]), якія могуць разглядацца ў кантэксце выспявання перадумоў хіміі сучаснага тыпу.

Наколькі правамерна, аднак, разглядаць і ацэньваць алхімію толькі з пункту гледжання яе ўзаемадачыненняў з хімічнай навукай у сучасным сэнсе слова? Як падаецца, адказ на дадзенае пытанне мусіць быць адмоўным. Дзякуючы сваёй складанасці, комплекснасці, багаццю сваіх вызначэнняў алхімічная традыцыя выяўляе высокае агульнакультурнае значэнне і павінна разглядацца ў кантэксце духоўнага развіцця заходняй цывілізацыі ў цэлым (менавіта ў такім плане яе разглядалі, напрыклад, К.-Г.Юнг і М.Эліядэ [32; 52]).

Алхімія захавалася як грунтоўна важны культурны феномен і ў эпоху Адраджэння. Разам з тым істотным чынам змянілася яе становішча ў грамадстве і змянілася яна сама. Інакш і быць не магло у гэты пераломны час, калі грамадства прыйшло ў рух, калі распрацоўваліся шматлікія скіраваныя ў будучыню праекты і запачаткоўвалася іх здзяйсненне. Уласцівы для алхіміі комплекс ідэй, як і алхімічныя практыкі, былі ўлучаныя ў згаданы рух: былі зробленыя спробы выкарыстаць іх для абгрунтавання новай навукі і для ажыццяўлення новых падыходаў у навукова-даследчай дзейнасці. Разам з тым захаваўся і традыцыйны, скіраваны ў мінулае алхімічны кірунак, прадстаўнікі якога, аднак, мусілі шукаць новыя шляхі для таго, каб прыстасавацца да рэнесансавых сацыяльных і культурных рэалій.

Імкненне павярнуць алхімію ў прышласць, зрабіць яе падмуркам новай навукі выяўляецца найперш у бурнай дзейнасці швейцарскага медыка Парацэльса (гэта псеўданім[51]; сапраўднае яго імя – Тэафраст Бамбаст фон Гогенхайм (1493-1541)). Усвядоміўшы неабходнасць рэфармаваць навуковае пазнанне, усталяваць яго на трывалым падмурку эксперыментаў і назіранняў, а таксама на моцнай светапогляднай аснове, Парацэльс не шкадаваў намаганняў дзеля вырашэння гэтай задачы. У якасці альтэрнатывы старой сістэме светапоглядных каардынат, пагрунтаванай на схаластычнай інтэрпрэтацыі арыстоцелеўскіх ідэй, ён прапанаваў новую філасофію навукі, істотнае месца ў якой належала герметычным (г. зн. звязаным з вучэннем Гермеса Трысмегіста) уяўленням. Гэтыя ўяўленні (пра адзінства мікракосму і макракосму – чалавека і ўнівесуму, пра жывы, напоўнены вітальнымі сіламі характар Сусвету і г. д.) асэнсоўваліся і інтэрпрэтаваліся ім, аднак, у кантэксце хрысціянскага веравучэння.

Ацэнка згаданай філасофіі ў кантэксце яе ўплыву на навуковыя пошукі Парацэльса – справа няпростая. Ступень рэвалюцыйнасці дасягнутых ім вынікаў ацэньваюцца часам у гістарычнай літаратуры досыць стрымана. Пры гэтым указваецца, што істотнай перашкодай для яго навуковых даследаванняў былі якраз містычныя аспекты ягонага светапогляду, яго “фантастычная філасофія макракосму і мікракосму”, а таксама пагрунтаваны на прынцыпе аналогіі стыль разважанняў [24, c.187]. Такога кшталту ацэнка падецца, аднак, не зусім адэкватнай, аднабаковай: згаданая філасофская пазіцыя змяшчала ў сабе істотныя стымулы для новых даследчых практык, якія знаходзіліся ў працэсе станаўлення і таму не маглі быць яшчэ ў поўнай ступені плённымі.

Парацэльс быў перакананы ў грунтоўным значэнні хімічных ведаў для медыцыны і таму засяроджана даследаваў хімічныя праблемы. Шмат высілкаў было прыкладзена ім для распрацоўкі новага бачання матэрыі і яе пераўтварэнняў. Дадзенае бачанне абапіралася на алхімічныя ўяўленні пра грунтоўныя канстытутыўныя пачаткі металаў (пра якія гаворка ішла вышэй). Да двух традыцыйных пачаткаў, што ўвасабляюцца ў ртуці і серы, Парацэльс далучыў трэці, які, на яго думку, увасабляюць солі. Калі апошні дамінуе ў матэрыяльным аб’екце, дык гэты аб’ект выступае як цвёрдае цела. Прынцып серы абумоўлівае здольнасць аб’ектаў да гарэння, а прыцып ртуці адказвае за вадкі або газападобны стан рэчыва. Дадзеныя прынцыпы, аднак, не з’яўляюцца раўнапраўнымі, як лічыў у згодзе са сваімі герметычнымі перакананнямі Парацэльс: прынцып ртуці выступае як найвышэйшы ў іх іерархіі, а прынцып солі – як найніжэйшы [78, c.415].

Жывы водгук і працяг знайшло энергічнае прасоўванне ім аналітычнага падыходу да медыкаментаў (раскладанне іх на найпрасцейшыя часткі), а таксама высновы пра лекавыя ўласцівасці мінеральных рэчываў. Парацэльс імкнуўся практычна задзейнічаць адпаведныя ідэі, выкарыстоўваючы алхімічныя метады. Набыткі алхімічнай традыцыі спалучаліся, такім чынам, пад яго рукой з патрэбамі практычнай, ужытковай хіміі, якой ён надаваў вялікую ўвагу і ў якой дасягнуў пэўных поспехаў [78, c.414].

Творчыя пошукі Парацэльса яскрава ілюструюць надзвычай важную тэндэнцыю, што выразна выявілася ў хімічным пазнанні рэнесансавай эпохі: традыцыйная алхімія страчвала свае пазіцыі, у той час як значэнне рацыянальнай і практычнай хіміі няўхільна павышалася. Сярод фактараў, якія абумовілі такое развіццё падзей, неабходна адзначыць у першую чаргу развіццё хімічнай вытворчасці, якое патрабавала абгрунтаваных і практычна значных ведаў. Істотна паспрыяла рэалізацыі згаданай тэндэнцыі і вынаходства кнігадрукавання, дзякуючы якому літаратура ўсялякага кшталту – і навуковая, і практычная, і эзатэрычная – зрабілася шырока даступнай.

Для рацыянальна-крытычнага кірунку хімічнага пазнання гэты момант публічнасці меў грунтоўнае станоўчае значэнне, бо спрыяў яго пашырэнню, умацаванню, далучэнню да яго новых людзей і ідэй. У ХVI стагоддзі друкуецца шэраг прысвечаных практычнай хіміі трактатаў (“De res metallica” Г.Баўэра (1494-1555), вядомага пад псеўданімам Георгіўса Агрыколы, магчыма, найбольш вядомы з іх). З меркаванняў навуковай прыстойнасці, у памкненні да славы ці да прыбытку, дзеля рэкламы ці самарэкламы іх аўтары рабілі агульнадаступным досвед, які раней утойваўся, прыхоўваўся з вядомых і відавочных прычын. Згаданыя трактаты характарызуюцца яснай, зразумелай і дакладнай мовай. Іх аўтары клапаціліся пра сваю рэпутацыю і імкнуліся распавядаць пра з’явы, методыкі і прыстасаванні, задзейнічаныя і правераныя на практыцы. Так, паводле сведчанняў гісторыкаў навукі, Г.Баўэр імкнуўся да таго, каб – у межах магчымага – прыведзеныя ў “De res metallica” палажэнні грунтаваліся на яго ўласным, вельмі багатым досведзе [78, c.412].

А вось у выпадку традыцыйнай алхіміі, дзе патрабавалася пасвячэнне ў сімволіку і практыкі, недаступныя для дылетантаў, дзе культывавалася ідэя агорнутай духам патаемнасці, сімпатычнай, асабістай блізкасці даследчыка і прадмета даследавання, публічнасць выглядае сілай небяспечнай і варожай[52]. Алхімічныя тэксты, як старажытныя, так і найноўшыя, друкаваліся і паступалі ў продаж, зрабіўшыся “ўсеагульнай тайнай” [20, c.34]. Хоць недасведчанаму чытачу яны праз сваю цёмную, незразумелую мову няшмат што маглі сказаць, тым не менш нішто не перашкаджала любому хіміку паспрабаваць праверыць і абвергнуць пададзеныя ў іх рэцэпты. Таму ў гэты час набывае моц уяўленне пра тое, што грунтоўнай перадумовай поспеху алхімічных практык з’яўляецца крыштальная духоўная чысціня самога даследчыка. Пад рукамі “кепскіх” хімікаў алхімічныя працэдуры спрацаваць не могуць [20, c.34].

Такім чынам, у рэнесансавай хіміі яскрава выяўляецца грунтоўная характэрная рыса культуры Адраджэння ўвогуле, сутнасць якой – у распрацоўцы і выпрабоўванні разнастайных творчых праектаў, інтэлектуальных стратэгій і даследчых праграм. Усе кірункі і тэндэнцыі, што мелі месца ў пазнанні хімічных з’яў у дадзеную эпоху, у той ці іншай ступені ўзбагачалі веды чалавецтва пра прыроду ўвогуле і пра яе “хімічны” сегмент у прыватнасці. Усе яны далі істотныя імпульсы далейшаму разгортванню хімічнага пазнання – нават тыя, прадстаўнікі якіх актыўна адстойвалі традыцыйныя падыходы да пазнання прыродных з’яў. Так, А.Лібавіўс (1550-1616) імкнуўся ператварыць “хімічную практыку ў простую ілюстрацыю традыцыйнай дыялектыкі, якой ад імя Арыстоцеля навучаюць ва ўніверсітэтах” [20, c.36]. Аднак пры ўсёй сваёй прыхільнасці да схаластычнай традыцыі гэты энергічны яе адэпт стаіць ля вытокаў скіраванай у будучыню шматабяцальнай пазнавальнай стратэгіі, што патрабуе “ўпарадкаваць рацыянальным чынам наяўныя хімічныя веды” [20, c.36]. Надзвычай важна, што ў яго алхімічнай канцэпцыі сцвярджаецца дух паслядоўнай рацыянальнасці – у адрозненне ад шчыльна звязанай з містычнымі ўяўленнямі і тым не менш рэвалюцыйнай па сваёй інтэнцыі алхіміі Парацэльса [34, т.1, c.461].

Асабліва важкія наступствы для будучага развіцця хіміі мелі спробы аднаўлення атамістычнага вучэння ў рэнесансавай натурфіласофіі. Яно было падрыхтавана ў рамках аналізу сярэднявечнымі філосафамі пытання пра падзельнасць стыхій, што ўтвараюць матэрыяльныя аб’екты. У коле паслядоўнікаў выбітнага арабскага мысляра Авероэса (1126-1198) выказваліся думкі пра рэальны характар той мяжы, да якой можа быць даведзена іх дзяленне [46, т.1, с.609]. Хоць згаданае аднаўленне распачалося ў XV ст., але ў той час непасрэдным чынам на хімічным пазнанні яно не адбілася. У XVII cт., аднак, памянёныя наступствы выявіліся надзвычай поўна і выразна: пераможнае шэсце механічнага падыходу да вывучэння прыродных з’яў, што назіралася ў навуцы напачатку Новага часу, закранула і хімію. Больш за тое, менавіта хімія выступае ў гэты час як “прывілеяванае поле”, на якім разгортваюцца прысвечаныя атамістычнаму прынцыпу інтэлектуальныя баталіі [20, c.41].

Актыўна і досыць паспяхова адстойваў дадзены прынцып Р.Бойль (1627-1691). Праўда, ён аддаваў пры гэтым перавагу тэрміну “карпускула”. Хімічныя даследаванні Р.Бойля высока ацэньваюцца гісторыкамі навукі, якія ўказваюць, што “ён са сваёй механічнай карпускулярнай філасофіяй стварыў падмурак для Хімічнай Рэвалюцыі” [47]. Пры гэтым да заслуг навукоўца часам прылічваецца распрацоўка ім новага, сучаснага азначэння хімічнага элемента, што грунтуецца на ўяўленні, згодна з якім элементы “не могуць быць апісаныя лепш, чым як цалкам гамагенныя субстанцыі, да якіх у канчатковым выніку зводзяцца складаныя целы” [78, c.512]. У асноўным, аднак, у гістарычных рэканструкцыях дадзенага эпізоду ў развіцці хіміі пераважаюць больш стрыманыя ацэнкі. Іх аўтары разглядаюць згаданую тэзу як пагрунтаваную на вырваных з кантэксту паасобных выказваннях Р.Бойля. Сутнасць ягоных намераў яны бачаць не ў пераадоленні арыстоцелеўскай дэфініцыі элемента праз новае, адэкватнае сучасным умовам яго вызначэнне, а ў крытычным даследаванні функцыі элемента ў хімічнай практыцы [20, c.49].

Важнай вяхой на шляху станаўлення хіміі сучаснага тыпу з’яўляюцца даследаванні нямецкага навукоўца Г.Шталя (1660-1734). Кант прылічвае яго да пачынальнікаў эксперыментальнага метаду ў навуцы Новага часу [53, c.23]. У 1723 г. Шталь выдаў кніжку пад назвай “Асновы хіміі”, у якой было пастаўлена пытанне пра сутнасць дадзенай навукі. Цікава, што даследчык разгледзеў яе менавіта ў метадзе – у метадзе звядзення складаных рэчываў да простых кампанентаў і вывучэння спосабаў іх злучэння [78, c.512]. Крыху раней (1697 г.) ён развіў надзвычай паспяховую тэорыю флагістону (у канчатковым выніку ад старажытнагр. φλόζ - полымя). На працягу наступнага стагоддзя яе падтрымлівалі найбольш аўтарытэтныя хімікі, і нават яе магільшчык А.Лавуаз’е аддаваў належнае пэўным яе аспектам [26, c.732]. Флагістон у разуменні Шталя і яго паслядоўнікаў – гэта “прынцып агню”, наяўнае ў здольных да гарэння аб’ектах рэчыва, якое забяспечвае адпаведныя хімічныя рэакцыі. У працэсе гарэння яно мусіла пакідаць аб’ект, які гарыць, і паглынацца паветрам. Увядзенне гэтага матэрыяльнага прынцыпу дазволіла стварыць адзіную і звязную тлумачальную і аперацыянальную схему вывучэння разнастайных прыродных з’яў. (Тлумачэнне прыродных феноменаў і працэсаў праз увядзенне спецыяльных, “адказных” за іх субстанцый было, як мы ўбачым ніжэй (3.4; 3.6), досыць пашыранай практыкай у навуцы ранняга Новага часу.) Істотным аспектам дадзенай тэорыі, які надта пасаваў характару і духу новага прыродазнаўства, было палажэнне пра захаванне флагістону ў розных хімічных рэакцыях.

У другой палове XVІІІ стагоддзя дзякуючы даследаванням знанага англійскага навукоўца гэтага часу Д.Блэка (1728-1799) было высветлена, што паветра не з’яўляецца простым рэчывам, і было пастаўлена пытанне пра яго складовыя часткі [78, c.515-516]. Значных поспехаў у вывучэнні дадзенага пытання дасягнуў іншы англійскі навуковец – Д.Прыстлі (1733-1804). Уважлівы і крытычны назіральнік, умелы эксперыментатар, ён здолеў выявіць шматлікія новыя факты адносна струтуры і ўласцівасцяў паветра. Найважнейшым сярод іх было адкрыццё газу, які пазней атрымаў назву “кісларод” (яно адбылося ў 1774 г.). Сам навуковец характарызаваў яго, аднак, як “дэфлагістычнае паветра”, бо ён надта добра падтрымліваў гарэнне, г. зн. мусіў быць пазбаўлены флагістону і бесперашкодна абсарбаваць яго. Такім чынам, Прыстлі тлумачыў новыя факты на аснове старой тэорыі, і ніякія цяжкасці, супярэчнасці ці парадоксы не азмрочвалі ў дадзеным выпадку згаданае тлумачэнне [26, c.733].

Тым не менш новы эмпірычны базіс рабіў магчымым і новыя тэарэтычныя падыходы. Вялікі французскі навуковец А.Лавуаз’е (1743-1794) разгледзеў у грунце старой канцэпцыі “заганнае кола” (штосьці гарыць, бо ў ім змяшчаецца прынцып агню, і штосьці змяшчае прынцып агню, бо яно гарыць) [26, c.733]. Навуковец прапанаваў тэорыю, якая грунтавалася, па-першае, на законе захавання масы, па-другое, – на ўяўленні пра гетэрагенны характар паветра. Ён высветліў, што “адказная” за працэсы гарэння яго частка ўласцівая ўсім аксідам, і назваў яе “кіслым пачаткам” – кіслародам. У працэсе далейшых эксперыментаў Лавуаз’е здолеў раскласці на дзве часткі ваду. Калі першая з іх уяўляла сабой ужо вядомы яму кіслы пачатак, дык другую ён назваў “водным пачаткам” – вадародам. Прыняўшы гэтыя два пачаткі, ці прынцыпы, можна было растлумачыць шматлікія хімічныя рэкцыі, не звяртаючыся да гіпотэзы няўлоўнага, таямнічага флагістону.

Лавуаз’е агалосіў дасягнутыя ім вынікі ў 1783 г., а ў наступным, 1784-м, Д.Блэк пабудаваў курс лекцый для сваіх студэнтаў ужо на іх аснове. У 1785 г. новую тэорыю прыняў яшчэ адзін выдатны хімік – К.Бертале (1748-1822) [78, c.520]. Затым да іх далучыліся іншыя навукоўцы. У развіцці хіміі пачалася, такім чынам, новая эра. Сярод найважнейшых адзнак глыбіні тых пераўтварэнняў, якія дадзеная навуковая дысцыпліна перажывала ў гэты час, неабходна назваць стварэнне новай яе мовы. Лавуаз’е і яго паплечнікі распрацавалі новую хімічную наменклатуру. У яе рамках рэчывы атрымалі назвы, якія адлюстроўвалі іх унутраную структуру – у адрозненне ад іх вобразных і паэтычных папярэдніц (кшталту “моцнай вады”, “духа Венеры” і да т.п.). У дадзенай сувязі варта адзначыць, што на Лавуаз’е ў гэтым плане самым істотным чынам паўплывалі ідэі французскага філосафа-асветніка Э.Кандзільяка (1714-1780), згодна з якімі спосаб і стыль мыслення заўжды шчыльна звязаны з мовай [24, c.232; 72, c.157]. Гэта яшчэ раз яскрава пацвярджае тэзу пра грунтоўную запатрабаванасць філасофіі ў абсягу навуковага пошуку ў няпростыя часы яго рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

Такім чынам, хімія сучаснага тыпу паўстала не на пустым месцы, яе перадумовы выспявалі ў працэсе разгортвання як алхімічных, так і рамесніцкіх практык. Істотнае значэнне ў дадзенай сувязі мела таксама антычная натурфіласофская традыцыя, якой сучасная хімія шмат чым абавязаная ў плане самога стылю свайго мыслення і маўлення. Першая грунтоўная спроба рацыяналізацыі алхіміі была зробленая ў рамках арабскай навукі. Увага засяроджвалася ў ёй найперш на доследах і іх выніках, на іх дакладным апісанні, на іх рацыянальнай інтэрпрэтацыі, на пошуку шляхоў іх практычнага выкарыстання. У заходняй культуры аналагічныя тэндэнцыі назіраюцца ў эпоху Рэнесансу. Іх выяўленню істотным чынам паспрыялі развіццё хімічнай вытворчасці і вынаходства кнігадрукавання, якое ўмацоўвала небяспечную для традыцыйнай алхіміі атмасферу публічнасці ў навуковым пазнанні. Грунтоўнае месца ў канцэптуальным падмурку хіміі XVII cт. заняла канцэпцыя флагістону, у якой для тлумачэння рэакцый гарэння ўводзілася спецыяльная матэрыяльная субстанцыя. Гэта дазволіла стварыць адзіную і звязную тлумачальную і аперацыянальную схему вывучэння разнастайных прыродных з’яў. Далейшыя эмпірычныя і тэарэтычныя пошукі, аднак, прывялі да ўсталявання новага падыходу, у рамках якога шматлікія хімічныя рэакцыі тлумачыліся на аснове двух эмпірычна дэтэктаваных матэрыяльных пачаткаў (кіслароду і вадароду) без звароту да няўлоўнага “прынцыпу агню” (флагістону). Яскравай адзнакай глыбіні рэвалюцыйных пераўтварэнняў хімічных ведаў на мяжы XVIIІ і ХІХ стст. з’яўляецца стварэнне новай яе мовы, у якой хімічныя рэчывы атрымалі назвы, што адлюстроўвалі іх унутраную структуру.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якія ідэі антычнай натурфіласофіі з’яўляюцца асабліва блізкімі хімічнай навуцы?

2. Як тлумачыцца, на Вашу думку, факт шырокай распаўсюджанасці алхімічнай традыцыі, факт яе прысутнасці ў розных культурах?

3. Паспрабуйце сістэматызаваць аргументы, што сведчаць пра момант пераемнасці ў гістарычным развіцці хіміі.

4. Якое значэнне для ацэнкі алхіміі і яе ролі ва ўзнікненні навукі сучаснага тыпу мае, на Ваш погляд, тая акалічнасць, што І.Н’ютан быў зацятым, перакананым алхімікам?

5. Паспрабуйце даказаць, што падзеі, якія адбыліся ў галіне хімічнага пазнання напрыканцы XVII ст., з’яўляюцца навуковай рэвалюцыяй.

2.5. Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу

Першапачатковыя веды пра жывёлаў і пра расліны былі назапашаны ўжо ў першабытным грамадстве. Яны мелі істотнае значэнне для выжывання чалавека ва ўмовах, калі ён мусіў карыстацца прымітыўнымі прыладамі працы, якая доўгі час заставалася неэфектыўнай і ледзь задавальняла мінімум яго патрэбаў. Магутны штуршок паглыбленню і пашырэнню згаданых ведаў дала неалітычная рэвалюцыя, узнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. Неабходна адзначыць таксама грунтоўную ролю медыцыны (патрэбаў медычнай практыкі, першых спроб яе тэарэтычнай апрацоўкі) ва ўзнікненні і разгортванні біялагічнага пазнання. Гэта датычыць і першабытнай эпохі, і старажытнаўсходніх цывілізацый (ды і далейшага развіцця біялогіі ўвогуле).

Канцэптуальныя асновы для разгортвання біялагічнага пазнання ў эпоху Антычнасці ствараліся ў абсягу філасофскага мыслення. Як указвалася вышэй, філасофія і біялогія ўвогуле шчыльна звязаныя паміж сабой. Да канкрэтных праяў гэтай узаемасувязі належыць той момант, што ў праблемным полі першых натурфіласофскіх праектаў істотным чынам прадстаўленыя і пытанні, што датычаць жыцця і жывога. Больш за тое, дадзеныя пытанні і развагі, што выклікаліся імі, мелі грунтоўнае значэнне для распрацоўкі філасофскіх ідэй. Пра гэта яскрава сведчыць, напрыклад, філасофская спадчына Фалеса. Так, яго выснова, згодна з якой першаасновай усяго існага з’яўляецца вада, магла, на думку Арыстоцеля, паўстаць найперш з меркаванняў біялагічнага характару. Як даводзіць Стагірыт, Фалес бачыў, “што ежа ўсіх істотаў вільготная” і “што насенне ўсяго па прыродзе вільготнае, а аснова прыроды вільготнага – вада” [2, c.71]. Атрыманыя ад Арыстоцеля звесткі пра погляды пачынальніка антычнай філасофіі даюць таксама падставы весці гаворку пра гілазаістычны іх характар: уся рэчіснасць адухатвораная і прасякнутая жыццём. Фалес мог грунтавацца пры гэтым на ўяўленні пра жывую, напоўненую сілай змянення і руху натуру вады як першаэлемента ўсяго існага, у тым ліку і жывых істотаў.

Праблема ўзнікнення жыцця і жывога займае важнае месца ў творчасці Анаксімандра. Трэба адзначыць, што ў гэтым пытанні ён салідарызаваўся са сваім старэйшым сябрам (як салідарызуецца з ім і шмат хто з сучасных тэарэтыкаў), бо лічыў, што жыццё паўстала ў вільготным асяроддзі пад уздзеяннем сонечнага цяпла. Першыя жывыя істоты зарадзіліся ў вадзе. Людзі таксама ўзніклі ў вадзе. Паколькі чалавек увогуле адносна доўга пасля нараджэння мае патрэбу ў клопаце і наглядзе, дык Анаксімандр меркаваў, што першыя людзі выношваліся рыбамі ці падобнымі да рыб істотамі да таго часу, пакуль яны не былі ў стане самастойна падрымліваць сваё існаванне на сушы. Тут праглядваюцца ўжо пэўныя элементы эвалюцыйнага вучэння (паслядоўнае ўзнікненне ўсё больш складаных істотаў, што адбываецца пад уздзеяннем натуральных прычын) і запачаткоўваецца, такім чынам, надзвычай важная і плённая традыцыя, што знайшла свой працяг у сучаснай біялогіі.

Антычныя атамісты растлумачвалі феномен жыцця ў рамках чыста фізічнага падыходу (сёння мы завём яго фізікалісцкім). Душа, на думку Дэмакрыта, (як і агонь) складаецца са спецыфічных – сферычных і надзвычай хуткіх – атамаў. Яе функцыя – даваць целу цяпло і надаваць яму здольнасць рухацца. Смерць наступае тады, калі яна адасабляецца ад цела, і дадзенае адасабленне доўжыцца пэўны час, гэта не імгненны акт. Працэс дэзінтэграцыі не спыняецца на ім, распадаецца само цела і распадаецца таксама душа, атамы якой рассейваюцца ў пустаце. [78, c.117]. Дадзеная канцэпцыя мае відавочна матэрыялістычны характар. Яна выступае як гістарычная папярэдніца шырока прадстаўленых у будучым развіцці біялогіі і яе філасофскіх падстаў вучэнняў, прадстаўнікі якіх імкнуліся растлумачыць феномен жывога на аснове ўзаемадзеянняў фізічнага і хімічнага парадку паміж матэрыяльнамі кампанентамі жывых сістэм. Нельга не адзначыць, аднак, што, падкрэсліваючы спецыфіку атамнай структуры душы, Дэмакрыт падкрэслівае разам з тым у пэўнай ступені і спецыфіку жывога. Таму цалкам правамерна весці гаворку пра наяўнасць антырэдукцыянісцкага моманту ў ягонай пазіцыі. Дадзеная тэза мае, зрэшты, моц і ў дачыненні да інтэлектуальных нашчадкаў Дэмакрыта – эпікурэйцаў, “радыкальны матэрыялізм якіх не азначаў, што забывалася рознасць паміж фізічнай (corpus) і духоўнай (anima i animus Лукрэцыя) матэрыяй” [34, т.3, c.290].


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.006 сек.)