|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Беларуская мова : яе паходжанне і развіццеМова – гэта адна з найважнейшых прыкмет нацыі, падмурак этнічнага самаўсведамлення народа. Сучасны стан беларускай літаратурнай мовы – вынік працяглага і складанага працэсу яе развіцця, які непарыўна звязаны з лёсам беларускага народа, з плёнам і стратамі яго гісторыі. Таму звернемся да гісторыі, высветлім, калі ўзнікла наша мова, дзе яна развівалася, якое яе месца сярод іншых моў свету, як яна выкарыстоўвалася ў пісьменстве, у грамадскім і культурным жыцці грамадства.
Беларуская мова як адна з інаеўрапейскіх моў
У залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Сярод роднасных моў адрозніваюцца моўныя сем’і, групы і падгрупы. Моўная сям’я – вялікая суполка моў, якія ўзыходзяць да аднаго або некалькіх блізкіх старажытных дыялектаў. Выдзяляюць індаеўрапейскую, цюркскую, аўстра-азіяцкую, фіна-угорскую і інш. моўныя сем’і. Індаеўрапейская сям’я – адна з самых вялікіх у свеце. Сёння амаль кожны другі чалавек на планеце гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Гэтая сям’я спалучае ў сабе, здавалася б, зусім розныя па прыкметах мовы. Генетычная сувязь паміж індыйскімі і еўрапейскімі мовамі стала вядомай толькі з ХІХ ст., калі вучоныя адкрылі старажытнаіндыйскія рукапісы, напісаныя на санскрыце – сёння ўжо мёртвай мове, якая захоўвала шмат рысаў, уласцівых мовам, пашыраным на Еўрапейскім кантыненце. На санскрыце напісаны вядомыя эпічныя паэмы «Махабхарата» і «Рамаяна». Сёння цяжка ўявіць, што існавала адзіная індаеўрапейская мова, як і цяжка ўстанавіць, ці быў увогуле адзіны індаеўрапейскі народ. Але ў выніку параўнальна-гістарычнага аналізу фактаў розных моў тое, што на тэрыторыі сучаснай Індыі або на Блізкім Усходзе існавалі старажытныя плямёны, якія карысталіся блізкімі дыялектамі і пазней рассяліліся далёка на захад, не выклікае ніякіх сумненняў. Па іншых меркаваннях, прарадзіма індаеўрапейцаў размяшчалася на прасторы ад Дона і Паўночнага Каўказа да Дуная. На працягу некалькіх тысячагоддзяў да новай эры плямёны рассяляліся на вялікай тэрыторыі, адасабліваліся адно ад другога, мовы іх працягвалі развівацца ізалявана, набывалі шмат новых рысаў, таму цяпер вельмі цяжка знайсці агульнае ў такіх, напрыклад, мовах, як літоўская і хіндустані, але лінгвісты гэта робяць. Індаеўрапейская моўная сям’я складаецца з шаснаццаці груп, у яе ўваходзяць і некаторыя асобныя мовы. Індыйская моўная група ўключае такія мовы, як хіндустані, раджастхані, пенджабі, бенгалі, орыя, біхары, маратхі, цыганскую мову. Да яе належаць таксама мёртвыя мовы ведыйская (на ёй напісаны вядомы збор свяшчэнных тэкстаў «Веды») і санскрыт. Іранская група моў уключае персідскую, таджыкскую, курдскую, афганскую (пушту), шугнанскую, асецінскую,рушанскую, ягнобскую і некаторыя іншыя жывыя мовы, да гэтай жа групы належаць і мёртвыя старажытнаперсідская, мідыйская, сагдыйская, парфянская, скіфская. Балтыйская моўная група ўключае жывыя літоўскую і латышскую мову і мёртвую прускую. Даволі шырока распаўсюджана ў Еўропе германская моўная група, яна падзяляецца на паўночнагерманскую падгрупу (дацкая, нарвежская, ісландская, шведская і фарэрская мовы), заходнегерманскую падгрупу (нямецкая, англійская, галандская, фламандская, новаяўрэйская і інш. мовы); усходнегерманская падгрупа прадстаўлена ўжо мёртвымі мовамі (гоцкай, бургундскай і вандальскай). Да мёртвай цяпер лацінскай мовы ўзыходзіць уся раманская група моў (іспанская, французская, партугальская, італьянская, правансальская, сардзінская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская). Кельцкая група моў уключае ў сябе ірландскую, шатландскую, брэтонскую, валійскую, гальскую мовы. Адной з самых вялікіх моўных груп з’яўляецца славянская, яна падзяляецца на тры падгрупы: заходнеславянскую (польская, чэшская, кашубская, славацкая, верхне- і ніжне- сербскалужыцкая і мёртвая палабская мовы), усходнеславянскую, самую вялікую, на ёй гаворыць каля 180 млн. чалавек (руская, беларуская, украінская), і паўднёваславянскую (балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская і мёртвая стараславянская мовы). Зараз індаеўрапейскія мовы вельмі адрозніваюцца між сабой, але быў перыяд іх блізкасці, калі існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. Ад тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў таму назад старажытныя індаеўрапейцы (арыі), у якіх замацоўвалі яны свае веды аб навакольным свеце і аб сабе. Так, у беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца тэматычныя групы слоў, што абазначаюць паняцці духоўнага і культурнага жыцця: бог, вера, дух, дзіва, бяда і інш.; часавыя паняцці: век, месяц, дзень, ноч, вечар і інш.; назвы з’яў прыроды: агонь, вада, вецер, дым, неба, снег, холад і інш.; тэрміны роднасці, сваяцтва і іншых адносін паміж людзьмі: маці, брат, сястра, зяць, госць, друг і інш.; назвы частак цела чалавека: вока, вуха, зуб, кроў, мозг, нос і інш.; найменні жывых істот, раслін: звер, алень, воўк, вуж, каза, журавель, дуб, бяроза, вярба, лен, зерне, семя і інш.; назвы прымет якасці: новы, стары, жывы, злы, сухі і інш.; назвы дзеянняу, стану: быць, браць, будзіць, верыць, гарэць, драмаць і інш. Можна параўнаць, з якой ступенню падабенства гучаць у розных мовах некаторыя словы. Параўн.: бел. дзень, рус. і ўкр. день, польск. dzień, літ. deinâ, ст.-інд. dinam, лац. dies, ст.-ірланд. denus, англ. day, фр. doi і г.д.
2. Беларуская мова як адна са славянскіх моў
Беларуская мова атрымала ў спадчыну індаеўрапейскую лексіку з мовы старажытных славянскіх плямёнаў, што вылучыліся з агульнаіндаеўрапейскага этнічнага адзінства недзе на мяжы III і II тыс. да н. э. Некаторы час (да сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры) славяне жылі сумесна на адносна невялікай тэрыторыі. Праўда, вучоныя спрачаюцца, дзе яна знаходзілася. Яе шукаюць на тэрыторыі сучаснай Польшчы (паміж Одрай і Віслай), ля падножжа Карпат і ў стэпах Паўдневай Украіны. Але найбольш верагодна, што месцам першаснага прыпынку славян стаў раёён вярхоў Прыпяці, Буга, Віслы. Гэта быў агульны перыяд гісторыі славян – агульнаславянскі. Мову славян гатага перыяду называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Праславянская мова не была аднолькавай на усей тэрыторыі. Яна члянілася на дыялекты. Вучоныя вылучаюць тры асноўныя яе дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Носьбіты славянскіх дыалектаў у старажытнасці былі ў асабліва блізкіх адносінах з балтамі (носьбітамі балтыйскіх дыалектаў). Магчыма, нейкі час існавала адзінства, якое дазваляе гаварыць пра агульную балта-славянскую мову-продак славянскіх і балтыйскіх моў. Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення. У I тысячагоддзі н.э. славянская гаворка ўжо гучала ў паўночных раёнах Усходняй Еўропы, на Балканах, на тэрыторыі сучаснай Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, у Малой Азіі. Славянская каланізацыя, асіміляцыя неславянскага насельніцтва ішла ў гэты час даволі інтэнсіўна. Але падчас вандровак славян па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся. Гэта прывяло ўрэшце (прыкладна ў сярэдзіне 1 тыс. н.э.) да распаду агульнаславянскага моўнага адзінства, якое мае гісторыю у некалькі тясячагоддзяў. На аснове ўзаемадзеяння дыялектаў, што былі ў недрах праславянскай мовы, і гаворак мясцовага асіміляванага насельніцтва паступова пачалі складвацца славянскія моўныя групы і асобныя мовы. Такім чынам, падобна на тое, як дрэва расце з кораня, ствол яго мацнее і галініцца, так і сучасныя славянскія мовы выраслі з праславянскай мовы, карані якой ідуць у глыб вякоў, да мовы праіндаеўрапейскай. Крона сучаснага славянскага “моўнага дрэва” мае галіны, у якіх групуюцца: 1) усходнеславянскія мовы, 2) заходнеславянскія мовы, 3) паўднёваславянскія мовы. Кожная з гэтых галін мае розную колькасць адгаліванняў. Беларуская мова разам з рускай і ўкраінскай належыць да группы ўсходнеславянскіх моў. Усходнеславянская група – самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш за 180 млн.чалавек). Носьбіты ўсходніх славянскіх дыялектаў, на аснове якіх сфарміраваліся беларуская, руская і ўкраінская мовы, пачалі актыўна засяляць Усходнюю Еўропу у сярэдзіне 1 тыс. н.э. Традыцыйна доўгі час лічылася, што на базе гэтых дыялектаў, якія мелі высокую ступень агульнасці, у XI ст. узнікла адзіная старажытнаруская літаратурная мова. Яна праіснавала да канца XIII ст., а затым распалася на тры мовы: рускую, беларускую, украінскую. Аднак сёння тэзіс аб поўным дыялектным адзінстве ўсходнеславянскіх моў і адзінай старажытнарускай мове падлягае сумненню. Вучоныя лічаць, што можна гаварыць толькі пра адносна адзіную пісьмова-літаратурную мову ўсходніх славян старажытнага часу (г. зн. яны пісалі амаль аднолькава, на стараславянскай мове – першай літаратурна-пісьмовай мове славян, распрацаванай у IX ст.), але гаварылі па-рознаму. Моўныя продкі беларускай, рускай, украінскай моў, відавочна, належалі да розных, хоць і блізкіх, дыялектных груповак праславянскага свету. А гэта азначае, што яны не мелі адзінай моўнай “калыскі”, кожная з іх развівалася сваім шляхам з праславянскіх дыялектаў. Старажытныя пісьмовыя помнікі ўсходніх славян выразна адлюстроўваюць адметныя рысы, уласцівыя адпаведна будучым беларускай, рускай і ўкраінскай мовам. Разам з тым можна гаварыць і пра шэраг істотных, агульных для гэтых моў асаблівасцей, што адрозніваюць іх ад заходніх і паўднёваславянскіх моў: напрыклад, поўнагалосныя формы голова – галава (у заходніх і паўднёвых славян –glova,glava); пачатковае о/а ў словах тыпу один-адзін, олень-алень (замест е у заходне- і паўднёваславянскіх мовах) і інш. На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый. Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і г. д. Па падліках вучоных, з перашай тысячы найбольш частотных, ужывальных слоў ва ўсіх славянскіх мовах супадае каля 50 працэнтаў. Усе гэта – водгалас старажытных сувязей продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян. На падставе вывучэння міжславянскіх моўных сувязей вучоныя імкнуцца рэканструяваць малюнак узаемных адносін славян у глыбокай старажытнасці. Лічыцца, што чым больш агульных старажытных рыс мае пэўная славянская мова з астатнімі, тым бліжэй да цэнтра старажытнай праславянскай моўнай прасторы знаходзіліся яе носьбіты, і наадварот, чым менш такіх агульных рыс і з меншай колькасцю славянскіх моў яна звязана, тым далей ад цэнтра былі яе носьбіты ў старажытнасці. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: якое месца займалі продкі беларусаў у праславянскай моўнай прасторы? Адназначнага адказу пакуль няма. Аднак многія даследчыкі лічаць, што мова продкаў беларусаў пэуны час займала цэнтральнае месца ў праславянскім свеце. Так, рускі вучоны А. Шахматаў меркаваў, што продкі беларусаў займалі прамежкавае становішча паміж продкамі рускіх, украінцаў і прадстаўнікамі заходніх славян. Сведчанне таму – шэраг агульных для беларускай і заходніх моў працэсаў, сярод якіх найважнейшымі з яўляюцца дзеканне, цеканне, страта мяккага (р). Беларускі даследчык П. Бузук таксама лічыў, што беларуская мова знаходзілася ў цэнтры праслявянскай моўнай прасторы, пра што сведчаць шматлікія рысы, якія звязваюць беларускую мову з мовамі ўсходніх і заходніх славян. Паводле А. Трубачова, продкі беларусаў разам з украінцамі былі бліжэй да носьбітаў дыялектаў, якія леглі ў аснову паўднёваславянскіх моў (сербскай, харвацкай, славенскай, лужыцкай). Ля вытокаў беларускай мовы У розны час і рознымі шляхамі славяне дасягнулі тэрыторіі сучаснай Беларусі. Археолагі вылучаюць некалькі этапаў засялення славянамі беларускіх земляў, якія да гэтага ўжо былі часткова асвоены такімі балцкімі і угра-фінскімі плямёнамі, як літва, лотва, дайнова, яцвягі, голядзь, латыгола і інш. Апошняя хваля масавай славянскай міграціі на Беларусь прыпадае на VI ст. н.э. Аселі тут пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія мелі многа агульнага ў культуры і мове. З VI-VII стст. пачынаецца доўгі і няпросты шлях кансалідацыі гэтых славянскіх плямёнаў, а таксама балтаў і угра-фінаў, якія жылі тут раней, у беларускую народнасць. Славяне, на думку вучоных, прыйшлі на Беларусь хутчэй за ўсё з захаду (з басейна Віслы і Одры) і, магчыма, з паўднёвага захаду (з берагоў сярэдняга і ніжняга Дуная). Яны прынеслі з сабою свае племянныя дыялекты праславянскай мовы, блізкія да гаворак заходніх суседзяў і суродзічаў – будучых палякаў, чэхаў, славакаў, а таксама ўкраінцаў. Гэтыя дыялекты актыўна ўзаемадзейнічалі з балцкімі і угра-фінскімі гаворкамі мясцовага насельніцтва. Славянскія дыялекты паступова асімілявалі (выцеснілі) балцкія. (параўн.: бел. Лучоса і літ. Laukesa, бел. Нявежа і літ. Nevezis). Ад апошніх засталася ў беларускай мове толькі багатая тапаніміка ды гідраніміка (напрыклад, большасць назваў рэк і вадаёмаў на Беларусі балцкага паходжання). Старажытныя крывіцкая і дрыгавіцкія племянныя саюзы паступова перараслі ў дзяржаўныя супольнасці, феадальныя княствы, якія атрымалі пазней назвы Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае і інш. Ужо ў VIII ст. узнік буйны на той час цэнтр крывічоў – Полацк (у пісьмовых помніках упамінаецца з 862 г.). Моўнай адзінкай замест племянных дыялектаў у межах новай моўнай тэрыторыі становяцца тэрытарыяльныя дыялекты – гаворкі абласцей, якія аб ядноўваліся ў эканамічных і палітычных адносінах вакол пэўнага горада – маглі супадаць са старымі племяннымі дыялектамі, але маглі і не супадаць, паколькі з утварэннем феадальных княстваў адбывалася пэўная моўная перагрупоўка і нівеліроўка дыялектаў. У выніку інтэграцыйных моўных працэсаў, на думку вучоных, пры фарміраванні мовы беларускай народнасці сталі вядучымі два дыялекты – паўднёва-заходні (гаворкі Турава-Пінскага княства і навагародска-гродзенскія гаворкі) і паўночна-ўсходні (гаворкі Полацкай і Смаленскай земляў). Але перш чым утварылася беларуская народнасць і сфарміравалася яе мова, у жыцці ўсходняга славянства адбылося многа важных падзей, якія паўплывалі на развіццё мовы. Да такіх падзей адносіцца далучэнне славян у X ст. да хрысціянскай цывілізаціі (пераважна ў яе грэка-візантыйскіх формах ). Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць на стараславянскай (старабалгарскай) аснове. Гэтая хрысціянска-пісьмовая культура паступова выцесніла язычніцкую культуру і іншыя сістэмы літарнага пісьма, што існавалі ва ўсходніх славян у IX ст. і, магчыма, раней. Увогуле многія даследчыкі лічаць, што да афіцыйнага хрышчэння Русі (988 г. н.э) усходнія славяне не карысталіся якой-небудзь упарадкавай сістэмай пісьма. Пісьменнасць з’явілася і стала пашырацца з прыняццем хрысціянства. Некаторыя вучоныя адносяць з’яўленне пісьменнасці ва ўсходніх славян з канца X стагоддзя на больш ранні час. Пры гэтым яны абапіраюцца на старажытны летапіс, дзе ёсць звесткі аб тым, што філосаф Канстанцін навучыўся грамаце “рускай” ад нейкага русіна ў Карсуні (Херсоне) перад тым, як пісаць свае кнігі. Недзе каля 860 г. ён быў у Карсуні і набыў там “Евангелие и псалтырь руськы письмены писано”. Пра выкарыстанне ўсходнімі славянамі нейкіх пісьмовых знакаў згадваюць у сваіх нататках арабскія падарожнікі X ст. Эль Масурадзі, Ахмені Ібн-Фадлан і інш. Паводле падання чарнарызца Храбра, які жыў у X ст., усходнія славяне карысталіся сваей пісьменнасцю “чертами и рьзами” (магчыма, старажытная пісьменнасць ў форме клінапісу). Аднак пытанне аб усходнеславянскай пісьменнасці ў дахрысціянскі перыяд канчаткова не высветлена. Да нас дайшло нямала пісьмовых знакаў, якія пакуль што ўвогуле застаюцца нерасшыфраванымі. Тым не менш, гаварыць пра шырокае распаўсюджанне пісьма ва ўсходніх славян магчыма, відаць, толькі з часу прыняцця хрысціянства. Разгляд гісторыі беларускай літаратурнай мовы (як і рускай і украінскай) звычайна пачынаецца з часоў узнікнення пісьменнасці і першых літаратурна-пісьмовых твораў ва ўсходніх славян. Беларусы, як і іншыя ўсходнеславянскія народы, яшчэ з дапісьмовых часоў валодалі самабытнай культурай слова, якая асабліва ярка выяўляецца ў фальклорных творах. Разам з тым існавала традыцыя выкарыстання разнастайных формул дагавораў, пагадненняў, т.зв. звычаёвага права з уласцівымі ім зваротамі, выразамі. Пазней гэтыя традыцыі вуснай моватворчасці народа сутыкнуліся са стараславянскай кніжнай мовай, якая прыйшла з прыняццем хрысціянства. У выніку сінтэзу гэтых дзвюх моўных стыхій паступова выпрацоўваецца свой варыянт пісьмовай (кніжнай) мовы, якая існуе паралельна са шматлікімі мясцовымі гаворкамі ўсходніх славян. Яе традыцыйна называюць старажытнай усходнеславянскай (старажытнарускай) літаратурнай мовай. На гэтай мове былі створаны такія сусветна вядомыя помнікі, як “Слова аб палку Шгаравым”, творы Уладзіміра Манамаха, летапіс “Аповесць мінулых гадоў” і інш. Гэты час быў пачаткам пісьмовага перыяду ў мастацкай славеснасці будучых беларусаў, рускіх, украінцаў. XI-XII ст.ст. былі надзвычай плённымі ў гісторыі беларускай кніжнасці. Значная колькасць пісьмовых помнікаў, створаных на Беларусі ў той час, былі на царкоўнаславянскай (стараславянскай у яе ўсходнім варыянце) мове. Гэта пераважна творы богаслужэбнай літаратуры (евангеллі, псалтыры і інш.). З арыгінальных рэлігійных твораў старажытнай эпохі дайшлі да нас творы епіскапа Кірылы Тураўскага (словы, казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага, якія дасканала валодалі царкоўнаславянскай мовай, ці, як тады называлі, “языком словенским”. У XII ст. вялікую асветніцкую працу вяла Ефрасіння Полацкая. Яе жыццё і дзейнасць апісаны ў “Жыціі”, складзеным пасля смерці асветніцы адным з яе вучняў. Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія добра ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля. На тэрыторыі Беларусі існавалі такія буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці, як Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр. Тут перапісваліся не толькі царкоўныя творы і іншыя папулярныя ў тыя часы літаратура, але ствараліся і арыгінальныя творы. Аднак іх захавалася невялікая колькасць і пераважна ў пазнейшых спісках. Многае з пісьмовай спадчыны нашых продкаў згублена. Дастаткова сказаць, што не захавалася ў арыгінале нават ніводнага з надзвычай папулярных у свой час твораў Кірылы Тураўскага. Значна больш помнікаў пісьменнасці не толькі рэлігійнага, але і свецкага характару дайшло ад XIII ст. Гэта шматлікія гандлёвыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе. Гэтыя помнікі шырока адлюстроўваюць асаблівасці жывой народнай гаворкі таго часу.У помніках, створаных на Беларусі ў X-XIII стст., выразна акрэсліліся рысы беларускай моўнай сістэмы. На падставе пісьмовых сведчанняў вучоныя мяркуюць, што гаворкі будучых беларусаў, рускіх, украінцаў мелі к XIII ст. столькі адметнага ў фанетычным і граматычным ладзе, што можна гаварыць аб трох самастойных усходнеславянскіх мовах – беларускай, рускай, украінскай. Жыхары ўсходнеславянскіх земляў у XIII ст. апынуліся ў розных палітычных і эканамічных умовах. Большая частка былой Кіеўскай Русі трапіла пад уладу татара-манголаў. На тэрыторыі ж будучай Беларусі, свабоднай ад татара-манголаў, набывае эканамічную і палітычную магутнасць Навагародская зямля (вядомая таксама пад назвамі “Чорная Русь”, “этнічная Літва”). Полацкае княства, якое дасягнула найбольшай магутнасці ў часы княжання Усяслава (XI ст.), к гэтаму часу страчвае сваю моц і распадаецца на дробныя ўдзельныя княствы. Цэнтр палітычнага і эканамічнага жыцця пераходзіць з Падзвіння ў Панямонне, якое становіцца ядром кансалідацыі беларускіх, часткова ўкраінскіх земляў і балцкіх плямёнаў (жмудзі, аўкштайтаў – продкаў сучасных літоўцаў, літвы, яцвягаў і інш.) у адзіную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае.
Беларуская мова часоў Вялікага Княства Літоўскага Вялікае Княства Літоўскае ўзнікла ў XIII ст. як саюз усходнеславянскіх княстваў (Наваградскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і інш.), і на працягу XIV ст. уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнічная (яе насялялі, паводле сучаснай тэрміналогіі, беларусы, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, татары), рознаканфесіянальная (тут жылі праваслаўныя, католікі, іудзеі, мусульмане, пратэстанты) і шматмоўная (акрамя ўсіх этнічных моў, выкарыстоўваліся лацінская і стараславянская). Этнічную большасць у Вялікім Княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх плямёнаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычкі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую ў спадчыну з даўніх часоў. На базе гэтай часткі ўсходнеславянскага насельніцтва на працягу XIV-XV стст. склалася беларуская народнасць і сфарміравалася беларуская літаратурна-пісьмовая мова (у навуковай літаратуры яе прынята называць старабеларускай). Вядучую ролю ў яе фарміраванні адыгралі, на думку вучоных, хутчэй за ўсё гаворкі Віленшчыны і паўночных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага - Віцебска, Полацка, Смаленска. Старабеларуская мова з’яўлялася асноўнай літаратурна-пісьмовай у Вялікім Княстве Літоўскім. У той час яе называлі “проста мова” (тэрмін “беларуская мова” ўзнік пазней). У пісьмовых помніках сустракаюцца таксама назвы “проста молва”, “рускій язык” (у адрозненне ад “языка словенского” – царкоўнаславянскай мовы). Па-за межамі Княства гэтую мову часам называлі “літоўскай”. “Проста мова” склалася як літаратурная мова ў актавай пісьменнасці на аснове мясцовых гаворак і пісьмова-моўных традыцый папярэдніх стагоддзяў. Яна выкарыстоўвалася ў наддыялектных пісьмовых зносінах на тэрыторыі ўсёй дзяржавы. Гэтая мова мела статус афіцыйнай, дзяржаўнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян на пачатку XVI ст. з’явіліся друкаваныя кнігі. На ёй існавала багатая літаратура, навуковая і мастацкая, летапісы, а з сярэдзіны XVI ст. – і тэксты Св. Пісання. Гэта была мова законаў, суда, канцылярый. У вялікакняжацкай канцылярыі на ёй ствараліся дакументы дзяржаўнага значэння. На беларускай мове пісаліся і найважнейшыя юрыдычныя дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, прызначаныя для Вялікага Княства Літоўскага. Актавыя дакументы, выдадзеныя вялікімі князямі, каралямі, сеймамі, рознымі ўрадавымі асобамі, склалі гістарычны архіў, вядомы пад назвай Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (Літоўская метрыка). Ён змяшчае больш за 600 тамоў дакументаў, якія не толькі даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу амаль чатырох стагоддзяў, але і з яўляюцца крыніцай вывучэння стану тагачаснай беларускай мовы, шляхоў яе развіцця. Дзелавыя дакументы даволі паслядоўна адлюстроўвалі асаблівасці народнай гаворкі – яе багатую лексіку, фанетычныя і граматычныя з явы. Разам з тым у іх выпрацоўваліся і спецыфічныя прыемы выказвання, юрыдычныя формулы, стандартныя канцылярскія звароты, сваеасаблівыя сінтаксічныя канструкцыі. У практыцы срававодства і заканадаўства складваліся характэрныя рысы старабеларускай мовы, ішло папаўненне яе слоўніка грамадска-палітычнай, юрыдычнай тэрміналогіяй. Лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства адлюстраваны ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага – зводзе законаў дзяржавы і кодэксе феадальнага права, які меў тры рэдакцыі – 1529, 1566, 1588 г.г. (Статут юрыдычна замацоўваў прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім). У гэтым унікальным помніку пісьменства даволі паслядоўна адлюстраваны найбольш характэрныя рысы беларускай фанетыкі і граматыкі, праведзена пэўная уніфікацыя графікі і арфаграфіі. Надзвычай шырока прадстаўлены тут амаль усе тэматычныя пласты тагачаснай беларускай лексікі – ад назваў дзяржаўных рэлігій, службовых асоб да найменняў прадметаў і з яў бытавога характару. Высокі ўзровень мела ў XV-XVII стст. беларускае свецка-мастацкае пісьменства, якое існавала ў такіх жанравых формах, як летапісы (афіцыйныя і прыватныя хронікі), мемуары, творы мастацкай літаратуры – перакладной (гістарычна-прыгодніцкія, рыцарскія аповесці і раманы) і арыгінальнай (вершы, творы палітычнай сатыры і інш.). Паступовая дэмакратызацыя старабеларускай свецкай пісьменнасці, якая выяўлялася ў замене архаічных моўных элементаў адпаведнымі элементамі жывой народнай мовы, пашырылася і на рэлігійную літаратуру, якая традыцыйна стваралася на царкоўнаславянскай мове. Увогуле выкарыстанне старабеларускай мовы ў творах рэлігійнай літаратуры – даволі цікавая старонка ў гісторыі літаратурнай мовы. Спачатку асаблівасці мясцовых беларускіх гаворак пранікалі ў некананічныя рэлігійныя творы, затым царкоўнаславянскія рысы стыхійна замяняюцца беларускімі і ў тэкстах Св. Пісання. К XVI ст. гэты працэс набывае такія памеры, што асобныя помнікі рэлігійнай літаратуры можна разглядаць не проста як узоры беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы, а як самастойныя пераклады на беларускую літаратурную мову. Пераклад і выданне на Беларусі рэлігійнай літаратуры звязаны з дзейнасцю такіх выдатных пісьменнікаў-асветнікаў, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі, кнігі якіх увасобілі дэмакратызацыю царкоўнаславяншчыны ў напрамку больш зразумелага для чытача пісьма. Напрыклад, выданні Ф. Скарыны настолькі насычаны беларусізмамі, што паміж вучонымі ўзніклі рознагалоссі адносна іх моўнай асновы. Адны вучоныя лічаць яе беларускай, другія сцвярджаюць пра перавагу царкоўнаславянскай іх асновы. Аднак як бы гэта ні называлі - беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы ці “высокі стыль” старабеларускай мовы – важна, што Ф. Скарына першы свядома сінтэзаваў у сваіх выданнях элементы мертвай царкоўнаславянскай мовы і жывой беларускай гаворкі. На літаратурнай і мовазнаўчай ніве Беларусі Ф. Скарына распачаў тую ж самую працу, якую ў велікарускай літаратуры двума стагоддзямі пазней пачне М. В. Ламаносаў, дбаючы пра “равность” паміж кніжнаславянскай і рускай гутарковай мовамі. У другой палове XVI ст., у разгар Рэфармацыі на Беларусі, паслядоўнікі Ф. Скарыны – Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш. давялі справу да канца, даўшы народу рэлігійныя творы на беларускай мове. Літаратурная мова часоў ВКЛ, можна сказаць, была “нацыянальнай” літаратурнай мовай у тым сэнсе, што ў яе аснове ляжала беларуская мова (а не царкоўнаславянская ці якая іншая). Аднак далейшае развіцце беларускай народнасці і яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай у выніку аб яднання Вялікага княства Літоўскага з Польшчай (Люблінская унія 1569г.), хоць і з захаваннем напачатку юрыдычнай роўнасці абедзвюх дзяржаў, мела вынікам значэнне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Польшча ў гэты час мела лепшае эканамічнае і палітычнае становішча, чым аслабленае ў Лівонскай вайне Вялікае Княства Літоўскае. Валодаючы ўнутрапалітычнай ініцыятывай у дзяржаве, Польшча пачала ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да Вялікага Княства Літоўскага. Яна выяўлялася найперш ў імкненні падпарадкаваць гэты край Кароне, у пашырэнні каталіцызму, польскай культуры, мовы. Па меры таго як Княства паступова траціла палітычную самастойнасць і з раўнапраўнага суб’екта шматэтнічнай дзяржавы ператваралася ў нацыянальна залежны край польскай улады, пагаршаліся ўмовы для развіцця пісьменнасці на беларускай мове. З канца XVI ст. на Беларусі распаўсюджваецца лацінская мова – афіцыйная пісьмовая на той час мова Польскай дзяржавы. Яна пачынае выкарыстоўвацца (часта паралельна з беларускай мовай) у судовай практыцы, навуковым ужытку, становіцца прадметам школьнага вывучэння. І хоць глыбокіх каранёў латынь на Беларусі не паспела пусціць, але яна рыхтавала глебу да пранікнення ў пісьменнасць польскай мовы. Экспансія польскай мовы асабліва пашыраецца на пачатку XVII ст. Калі дакументы Літоўскай метрыкі на працягу XV-XVI стст. напісаны на беларускай мове, то ў XVII-XVIII стст. – пераважна на польскай і часткова лацінскай. Польская мова становіцца мовай канфесійнай палемікі, свецкай літаратуры. Паступова беларуская мова выцясняецца з прыватнага пісьмовага ўжытку. У выніку дэнацыяналізацыі і апалячвання ў новых палітычных умовах беларускай шляхты, магнатаў (чые патрэбы найперш абслугоўвала беларуская літаратурная мова) гутарковай мовай гэтых сацыяльных груп таксама становіцца польская. Яна часта выступае як сваеасаблівы сацыяльны жаргон, у якім польскія рысы перамешваюцца з беларускімі мясцовымі моўнымі асаблівасцямі. Засмечаная і сацыяльна непрэстыжная, беларуская літаратурная мова ўступае пазіцыі польскай мове. І калі яшчэ ў 1621 г. беларускі паэт Ян Казімір Пашкевіч з захапленнем пісаў, што “Полска квітнет лаціною, Літва квітнет русчізною…”, то ў 1696 г. Варшаўскі Сейм канстатуе, што ў справаводстве Княства ўсе рашэнні павінны складацца на польскай мове. З гэтага часу афіцыйная пісьменнасць на беларускай мове спыняецца. Але беларуская мова прадаўжае выкарыстоўвацца ў штодзённым ўжытку сялян і інш. ніжэйшых колаў грамадства (якіх польская асіміляцыя амаль не закранула), г.зн. яна працягвае функцыянаваць і развівацца як народна-дыялектная мова.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.009 сек.) |