АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Падарожжа з платформы дзевяць і тры чвэрці

Читайте также:
  1. QNET комментирует создание платформы электронной коммерции Globby в Сингапуре
  2. Гигантские платформы
  3. Глава 6 - Поезд с платформы девять и три четверти
  4. Глава 6 ПУТЕШЕСТВИЕ С ПЛАТФОРМЫ НОМЕР ДЕВЯТЬ И ТРИ ЧЕТВЕРТИ
  5. Платформы

 

Увесь наступны месяц Гары жылося з Дурслі не надта вясёла. Канечне, Дадлі цяпер настолькі баяўся Гары, што не жадаў знаходзіцца з ім у адным пакоі, а цётка Пятунья з дзядзькам Вернанам не запіралі яго больш у каморы, не прымушалі працаваць і не крычалі на яго... але яны ўвогуле з ім не размаўлялі. Напаўспалоханыя-напаўразлютаваныя, Дурслі ўпарта рабілі выгляд, быццам яго няма. І хаця гэткія паводзіны сваякоў былі значна лепшымі за колішнія, тым ня меньш праз некаторы час, яны пачалі яго засмучаць.

Амаль увесь час Гары сядзеў у сваім пакоі ў кампаніі савы, якую вырашыў назваць Хэдвіг. Гэтае імя хлопчык знайшоў у сваім падручніку па Гісторыі магіі. Самі падручнікі былі даволі цікавыя і Гары да позняй ночы ляжаў у ложку чытаючы сёй-той з іх, а Хэдвіг задаволена лятала праз адчыненае вакно на вуліцу і назад у пакой. На сваё шчасце цётка Пятунья не прыходзіла больш прыбірацца ў Гарыным пакоі ці ёй бы млосна стала пры поглядзе на здохлых мышэй, якіх сава прыносіла ў якасці здабычы. Штоноч перад тым як пакласціся спаць хлопчык выкрэсліваў у прычэпленам на сцяне самаробным календары дні, што засталіся да першага верасня.

У апошні дзень жніўня, Гары вырашыў паразмаўляць з дзядзькам і цёткай аб тым, каб яго нехта давёз да вакзалу Кінгс Крос, таму спусціўся ў гасцёўню, дзе Дурслі глядзелі тэлевіктарыну. Хлопчык кашлянуў, каб даць ім ведаць аб тым, што ён знаходзіцца ў пакоі. Дадлі ўскрыкнуўшы выбег вонкі.

- Ммм... дзядзька Вернан.

Той буркнуў, паказаўшы, што слухае.

- Ммм... мне трэба заўтра быць на вакзале Кінгс Крос... каб ехаць у Хогвартс.

Містэр Дурслі зноў буркнуў.

- Было б вельмі добра, каб вы падвезлі мяне.

Дзядзка буркнуў у трэці раз. Гары вырашыў, што атрымаў згоду.

- Дзякуй.

Хлопчык ўжо выходзіў з гасцёўні, калі містэр Дурслі вырашыў загаварыць.

- Дзіўны спосаб дабірацца да чарадзейскай школы. Няўжо раптам сапсаваліся ўсе дываны-самалёты?

Гары нічога не адказаў.

- Дзе гэта школа ўвогуле знаходзіцца?

- Ня ведаю,- адказаў Гары, у першы раз задумаўшыся над гэтым пытаннем. Ён выцягнуў з кішэні квіток, які даў яму Хагрыд.

- Мне толькі трэба сесці на цягнік, які адыходзіць аб адзінаццатай ранніцы з платформы дзевяць і тры чвэрці.

Дзядзька з цёткай перазірнуліся.

- З якой якой платформы?

- Дзевяць і тры чвэрці.

- Не кажы ерунды,- заявіў дзядзька Вернан,- платформы дзевяць і тры чвэрці не існуе.

- Але так напісана у маім квітку.

- Шаленцы, - заўважыў Дурслі,- яны ўсе найпаўнейшыя вар’яты. Пачакай, хутка сам убачыш. Добра, дакіну цябе да Кінгс Крос. Нам усё роўна трэба будзе заўтра паехаць у Лондан, ці я б і не паварухнуўся.

- А навошта вам заўтра ў Лондан?- як мага больш зычліва спытаўся Гары.

- Дадлі ў шпіталь павязем,- гыркнуў Вернан.- Трэба ж яму адрэзаць гэты дзяблаў хвост, перш чым ён пойдзе ў Смелцінгс.

*

Наступнай раніцай Гары прачнуўся а пятай гадзіне і быў так знерваваны, што больш не мог заснуць. Ён падняўся з ложка, нацягнуў джынсы, вырашыўшы пераапрануцца ў чарадзейскую вопрадку ў цягніку. Ён зноў перачытаў ліст са спісам усяго неабходнага, каб чарговы раз упэўніцца, што анічога не забыў. Праверыў ці надзейна зачынена клетка з Хэдвіг. Потым прыняўся хадзіць па пакоі чакаючы пакуль прачнуцца Дурслі. Праз дзве гадзіны цяжкая гарына валіза была закінута ў багажнік дзядзькавай машыны, цётка пераканала Дадлі сесці разам з Гары і яны ад’ехалі у напрамку Лондана.

Да Кінгс Крос яны дабраліся а палове на адзінаццатую. Дзядзька знайшоў вазок і ўласнаруч павёз яго рэчы па станцыі. Гары ўжо хацеў здзівіцца, але тут дзядзька з непрыемнай усмешкай на твары супыніўся ля платформаў.

- Ну, хлопча. Вось табе дзевятая платформа, вось дзесятая. Твая павінна быць недзе паміж імі, але гляджу яе пакуль не пабудавалі.

Ён вядома ж меў рацыю. Гары бачыў вялізную пластыкавую шыльду з нумарам дзевятай платформы, а з другога боку такую ж самую шыльду з нумарам дзесяць. Аднак паміж імі нічога не было.

- Поспехаў у школе,- з яшчэ больш брыдкай ўсмешкай заявіў містэр Дурслі і не сказаўшы больш ані слова развярнуўся і пайшоў прэч. Павярнуўшы галаву, Гары ўбачыў як ад’ехала дзядзькава машына, Дурслі смяяліся. У гарыным роце перасохла. Што рабіць далей? Ён адчуваў здзіўленыя погляды мінакоў, якія прыцягвала клетка з Хэдвіг.

Гары спыніў вакзальнага службоўца, але той нічога не мог прыпомніць аб платформе дзевяць і тры чвэрці. Таксама ён нічога ня ведаў аб Хогвартсе, а калі Гары не мог сказаць дзе той дакладна знаходзіцца, пачаў злавацца, як быццам хлопчык жадаў над ім пажартаваць. У адчаі Гары спытаўся, які цягнік адыходзіць з вакзала аб адзінаццатай, але службовец гнеўна адказаў яму, што аніякі і рушыў прэч, мармычучы сабе пад нос нешта аб згубленым часе. З усіх сілаў Гары імкнуўся не запанікаваць. Калі верыць агромістаму гадзінніку на станцыі ў яго было яшчэ дзесяць хвілінаў, каб патрапіць на цягнік да Хогвартса, але ён ня ведаў, як гэта зрабіць. Ён апынуўся пасярод вакзала з агромістай валізай, якую не мог падняць, з перапоўненымі чарадзейскімі грашыма кішэнямі і вялізнаю савою.

Напэўна Хагрыд забыўся яму сказаць, што трэба зрабіць, каб трапіць на платформу. Нешта накшталт націскання трэцяй злева цаглінкі, каб трапіць на Дыягон алею. Гары задумаўся, ці не выцягнуць яму чароўную палачку і не пастукаць ёй па картапрымальніку між платформамі дзевяць і дзесяць.

Тут яго прамінула групка нейкіх людзей і хлопчык пачуў колькі слоў з іх размовы.

-... і зразумела, натоўпы маглаў...

Гары ўважліва паглядзеў на размаўляючых. Рудая паўнаватая жанчына аб нечым гамоніла чатыром гэткім жа рудым хлапцам, кожны з якіх цягнуў перад сабой цяжкую валізу, а ў аднаго была сава.

Гарына сэрца пачало шалёна калаціцца, ён асцярожна паштурхаў за імі свой вазок з валізаю. Калі рудая сям’я супынілася, Гары таксама супыніўся, дастаткова блізка аб іх, каб пачуць аб чым тыя гамоняць.

- Так, і які нумар платформы?- спыталася маці.

- Дзевяць і тры чвэрці,- пліскнула агніста-рудое малое дзяўчо, што трымала жанчыну за руку,- Мам, а ці не магла б я...

- Ты яшчэ не дастаткова дарослая, Джыні. Так, а цяпер сціхніце. Ну, Персі, ты першы.

Старэйшы з сыноў рушыў між платформамі дзевяць і дзесяць. Гары, каб нічога не прапусціць, не міргаючы глядзеў на рудога хлопца, але калі той падыйшоў да калоны, што раздзяляла дзве платформы, між ім і Гары прайшоў натоўп турыстаў і калі заплечнік апошняга з іх, прамінуў Гары, хлопчык ўжо знік.

- Ты наступны, Фрэд,- прамовіла жанчына.

- Я не Фрэд, я Джордж,- заявіў хлопец.- Гэта кабета лічыць нас сваёй маткай? І не разумее, што я Джордж.

- Ой, прабач, Джордж, даражэнькі.

- Я пажартаваў, я Фрэд,- і пабег між платформамі, а яго брат блізнюк кінуўся следам. Мінула секунда і першы з іх знік... але як ён гэта зрабіў?

Гары заўважыў як другі з блізнюкоў бадзёра наблізіўся да турнікета... апынуўся ўпоравень з ім... і раптам знік.

Быццам і не было.

- Прабачце,- звярнуўся Гары да поўненькай жанчыны.

- Здароўку, даражэнечкі мой,- адказала яна.- У першыню да Хогвартса? Рон таксама.

Жанчына паказала на малодшага з сыноў. Той быў худым, вяснушчатым і цыбатым. Яго рукі і ногі былі непрапарцыянальна вялікімі, а нос надта доўгім.

- Так,- прамовіў Гары ў адказ.- І справа ў тым... я ня ведаю...

- Як трапіць на платформу,- ласкава скончыла за яго жанчына. Гары кіўнуў.

- Ані аб чым не турбуйся,- працягвала тая,- табе, толькі трэба ісці раўнютка на турнікет між платформамі дзевяць і дзесяць. І не бойся на яго натрапіць, гэта вельмі важна. А калі нервуешся, лепш крышачку разбяжыся. Ну, давай, ідзі перад Ронам.

- Ммм... добра,- адказаў Гары.

Гары развярнуў свой вазочак і накіраваў яго на турнікет. Той выглядаў суцэльным.

Гары рушыў наперад. З усіх бакоў яго атачаў натоўп. Хлопчык паскорыўся. Ён вырашыў што папросту разаб’е сабе лоб, стукнуўшыся аб турнікет. Тут ён па сапраўднаму напужаўся... яго вазок хутка рынуўся да бар’ера страціўшы кантроль... турнікет усё набліжаўся... Гары не мог супыніцца... між ім і турнікетам была адлегласць толькі ў фут даўжынёй... Хлопчык заплюшчыў вочы, чакаючы ўдара...

Але з ім нічога не здарылася... ён працягваў бегчы... Гары расплюшчыў вочы.

Ля платформы забітай людзьмі стаяў пунсовы паравоз над крышай якога зіхацеў надпіс: “ Хогвартс Экспрэс, 11 гадзіна ранніцы ”. Гары азірнуўся, на месцы турнікета была каваная арка з шыльдаю “Платформа дзевяць і тры чвэрці”. У яго ўсё атрымалася.

Панад галавой гамонячага натоўпу лунаў паравозны дым, а пад нагамі шлэндала безліч разнакаляровых котак. Узвышаючыся над цяжкімі валізамі адна з адной незадаволена перавухваліся совы.

Першыя колькі вагонаў, былі ўжо забітыя вучнямі, якія высунуўшыся з вокан развітваліся з роднымі, а нехта яшчэ біўся за месца. Гары рушыў ўздоўж платформы, шукаючы вольнае месца. Ён прамінуў круглатварага хлопчыка, які размаўляў з бабуляй.

- Ба, я зноў згубіў свайго рапуху.

- Вох, Нэвіл,- цяжка ўздыхнула старая.

Нейкага хлопца з дрэдамі атачыў невялічкі натоўп.

- Лі, ну пакажы нам, давай!

Хлопчык прыадчыніў накрыўку скрынкі, што трымаў у руках. Вучні атачыўшыя яго узвізкнулі, калі адтуль высунулася нечая валасатая нага.

Гары праціскаўся скрозь натоўп, пакуль ў апошнім вагоне не знайшоў вольнае купэ. Ён прасунуў у дзверы клетку з Хэдвіг, а потым паспрабаваў падняць валізу. Ён з цяжкасцю ўзгрувасіў яе на першую прыступку, але калі паспрабаваў падняць на другую, валіза павалілася на зямлю, балюча стукнуўшы яго па наге.

- Дапамагчы?- спытаў падыйшоўшы да яго адзін з рудавалосых блізнятаў, якіх Гары бачыў ля турнікета.

- Калі ласка, так,- цяжка дыхаючы адказаў ён.

- Гэй, Фрэд! Бяжы сюды і дапамажы!

З дапамогаю блізнятаў, валіза нарэшце апынулася ў вагоне.

- Дзякуй вялікі!- прамовіў Гары і адштурхнуў з вачэй мокрыя ад пота валасы.

- Што гэта?- нечакана спытаўся адзін з братоў, кажучы на адкрыўшыйся шнар.

- Анішто сабе,- прамовіў другі.- Дык ты ж...

- Гэта ён,- сказаў першы, а потым звярнуўшыся да Гары, спытаў.- Гэта ж ты?

- Што, хто?- не зразумеў той.

- ГАРЫ ПОТЭР,- у адзін голас прамовілі блізняты.

- Ааа,- сказаў Гары,- ну, так, я.

Браты са здзіўленнем вытарапіліся на яго. Гары адчуў, што вось вось пачырванее. На яго шчасце з платформы нехта крыкнуў.

- Фрэд? Джордж? Вы там дзе?

- Ідзем, мам.

Апошні раз зірнуўшы на Гары, блізняты выскачылі з вагона.

Хлопчык сеў ля вакна напалову схаваўшыся, каб мець магчымасць назіраць за рудавалосай сям’ёй і чуць іх размовы. Рудая маці дастала з кішэні хустку.

- Рон, у цябе нешта з носам.

Малодшы з сыноў паспрабаваў выдзерціся з маціных рук, але тая моцна схапіла яго і пачала хусткаю церці кончык яго носа.

- Мааам... адчапіся,- закруціўся хлопец.

- Ага, у маленецькага Роні неста на носіке?- зарагатаў адзін з блізнятаў.

- Заткніся,- адказаў яму Рон.

- Куды падзеўся Персі?- спыталася жанчына.

- Ідзе.

Старэйшы з братоў крочыў да астатняй сям’і. Ён ўжо быў перапрануты ў чорную раздзімаючуюся пад ветрам мантыю, а на яго грудзях Гары заўважыў нейкі чырвоны з залатым значык з літарай “П” у сярэдзіне.

- Мама, я не надоўга,- прамовіў ён.- Я разам з астатнімі прэфектамі ў першых двух вагонах...

- Персі, ты прэфект?- з быццам здзіўленым выразам на твары заявіў адзін з блізнятаў.- А нам чаму не сказаў, мы ж нат ня ведалі.

- Чакай,- прамовіў другі блізнюк,- я памятаю ён казаў нам нешта падобнае. Адзін раз...

- Ці два...

- За хвіліну...

- На працягу ўсяго лета...

- Змоўкніце,- сказаў прэфект Персі.

- Ага, няўжо Персі набылі новую вопрадку.- не жадаў супакойвацца адзін з блізнятаў.

- Так, бо Персі стаў прэфектам,- з пяшчотай прамовіла маці.- Добра, маё ты дзіця, ідзі ўжо... як дабярэцеся, дашлі мне саву.

Атрымаўшы ад маці пацалунак ў шчаку, Персі сыйшоў, а жанчына развярнулася да блізнятаў.

- Так, цяпер вы двое. Раю вам паводзіць сябе шляхетна. Калі я ў гэтым годзе атрымаю саву аб тым, што вы... што вы зноў падарвалі прыбіральню...

- Падарвалі прыбіральню? Мы пакуль нічога падобнага не рабілі.

- Але дзякуй за шыкоўную ідэю, мам.

- Тут няма анічога смешнага. І глядзіце за Ронам.

- Не турбуйся, немаўлятка Ронькінс, будзе з намі ў поўнай бяспецы.

- Заткніся,- зноў прамовіў Рон, ён быў амаль што гэтака ж росту што і блізняты, а на яго носе ў тым месце якое цёрла маці дагэтуль ружавела пляма.

- Гэй, мам. Ці ты ведаеш з кім мы пазнаёміліся ў цягніку?

Гары хутка адрынуўся ад вакна, каб тыя не маглі заўважыць, як ён сочыць за імі.

- Ці памятаеш таго чарнявага хлопчыка, якога мы сустрэлі на станцыі? Ведаеш хто ён?

- Ну хто?

- ГАРЫ ПОТЭР!

- Мам, мам,- пачуўся голас іх малой сястрычкі,- можна я схажу паглядзець на яго. Мам, ну калі лаааска...

- Ты яго ўжо бачыла, Джыні, і бедны хлопчык не звер з заапарку, каб на яго ўсе таропіліся. Насамрэч ён, Фрэд? Адкуль ты ведаеш?

- Спытаў яго. А яшчэ бачыў шнар. Ён сапраўды... маланку нагадвае.

- Беднае дзіця... вось чаму ён быў адзін. Я так здзівілася. А якім ён быў ветлівым, калі спытаўся, як трапіць на платформу.

- Неверагодна, ці ты думаеш ён памятае аб тым, як выглядаў Сама-Ведаеш-Хто?

Жанчына імгненна стала вельмі суровай.

- Фрэд, я забараняю цябе, нават пытацца ў яго аб гэтым. Нават думаць ня смей. Не сапсуй яму першы ж дзень у школе.

- Добра, добра, спакуха! Не гарачыся!

Пачуўся паравозны гудок.

- Паспяшайце!- прамовіла жанчына і ўсе тры хлопца залезлі ў вагон. Яны высунуліся з вакна, каб пацалавацца з маці на развітанне. Іх сястрычка пачала плакаць.

- Не плач, Джыні, мы дашлем табе цэлую зграю соў.

- Мы дашлем табе вечка ад хогвартскага ўнітазу.

- ДЖОРДЖ!

- Мама, я жартую.

Цягнік пакрысе ад’ехаў ад станцыі. Маці і сястра рудых хлопцаў колькі часу са шчаслівымі слязмі на вачах беглі за цягніком, махаючы на развітанне рукамі. Аднак неўзабаве цягнік паскорыў свой рух, завярнуў за рог і жанчыны зніклі.

Гары глядзеў у вакно. Міма праносіліся шматлікія хацінкі. Раптам хлопчык адчуў моцнае хваляванне. Ён ня ведаў, што чакае яго наперадзе, але... вырашыў - гэта значна лепш, таго што ён пакідае ў мінулым.

Дзверы ў купэ адчыніліся і туды зазірнуў малодшы з рудых братоў.

- Ці ёсць тут месца?- спытаўся ён, азіраючы купэ,- Астатнія купэ перапоўнены.

Гары кіўнуў галавою і хлопчык сеў на суседнюю сядушку. Ён вытарапіўся на Гары, але хутка адвярнуўся да вакна, быццам і не глядзеў на таго. Як заўважыў Гары, на носе ў хлапца па ранейшаму зіхацела цёмная пляма.

- Гэй, Рон.

У купэ зноў зазірнулі блізняты.

- Мы пойдзем ў сярэдзіну цягніка. Там Лі Джордан паказвае гіганцкага тарантула.

- Добра,- прамармытаў Рон.

- Гары,- прамовіў адзін з блізнятаў,- мы забылі назвацца. Фрэд і Джордж Візлі. А гэта наш брат Рон. Убачымся пазней.

- Пакуль-пакуль,- разам прамовілі Гары з Ронам. Блізняты высунуліся з купэ і зачынілі дзверы.

- Дык ты сапраўдны Гары Потэр?- выпаліў руды хлопчык.

Гары кіўнуў у адказ.

- Ух ты... а я вырашыў, што гэта чарговы жарт Фрэда і Джорджа,- прамовіў Рон.- і ў цябе насамрэч ёсць... ну ты ведаеш...

Хлопчык паказаў на гарын лоб.

Гары адкінуў чубок, каб паказаць шнар. Рон глядзеў на яго вылупіўшы вочы.

- Гэта сюды трапіла замова Сам-Ведаеш-Каго..?

- Так,- адказаў Гары,- але я насамрэч нічога ня памятаю.

- Зусім нічога?- нецярпліва прамовіў руды хлопчык.

- Ну... я памятаю вялізны сполах зялёнага святла, а больш нічога.

- Крута,- адказаў Рон. Ён яшчэ колькі імгненняў сядзеў і таропіўся на Гары, але раптам зразумеўшы, што робіць, зноўку адвярнуўся да вакна.

- А ты з чарадзейскай сям’і?- спатаўся Гары, якому руды суразмоўца быў ня меньш цікавы.

- Эээ... пэўна так,- адказаў Рон.- У мамы, я чуў ёсць стрыечаны брат, які працуе бухгалцерам, але ў сям’і пра яго ніколі не ўзгадваюць.

- Ты напэўна ўжо шмат што ведаеш аб магіі.

Гары падалося, што Візлі былі адной з тых старажытных чарадзейскіх сямей, пра якія казаў на Дыягон Алее, той бледны хлопчык.

- Кажуць, ты жывеш з магламі,- спытаўся Рон,- і як яны табе?

- Поўны жах. Канечне не ўсе маглы жудасныя, але мае дзядзька, цётка і стрыечаны брат – так. Лепей мець трох братоў – чарадзеяў.

- Пяцёх,- раптам нахмурыўшыся, удакладніў Рон.- Я ўжо шосты з сям’і, хто едзе вучыцца ў Хогвартс. Можна сказаць, я шмат з каго магу браць прыклад. Біл і Чарлі ўжо адвучыліся, але ў школе Біл быў старастай, а Чарлі капітанам квідычнай каманды. Вось, цяпер Персі абралі на прэфекта. Фрэд з Джордам шалапуты, якіх няшмат, але вучацца добра і то што яны вытвараюць лічыцца сапраўды вясёлым. Усе думаюць, што я павінен рабіць так як яны, але праблема ў тым, што мне не надта хочацца паўтараць за кімсьці. Я і так ужо маючы пяцёх братоў, карыстаюся тым, што колісь належала ім. У мяне старая мантыя Біла, старая палачка Чарлі і стары пацук Персі.

Рон засунуў падпаху руку і выцягнуў адтуль тоўстага шэрага пацука, які працягваў моцна спаць.

- Гэта Скаберс, цалкам бескарысная істота, якая нават прачынаецца зрэдку. Персі за тое, што стаў прэфектам атрымаў у падарунак ад таты саву, але на тое, каб набыць штосьці мне, не хапіла грошаў, вось мне і аддалі Скаберса.

У Рона пачырванелі вушы. Здаецца ён вырашыў, што і так замнога сказаў, таму зноў вытарапіўся ў вакно.

Гары і не думаў, што не мець магчымасці набыць сабе саву, гэта дрэнна. У рэшце рэшт, яшчэ месяц таму Гары ня меў ані грошыка. Ён расказаў Рону, пра то, што вымушаны быў насіць старую вопрадку Дадлі і ніколі не атрымліваў на дзень нараджэння прыстойнага падарунка. Здаецца гэта крыху ўсхамянула рудога хлопчыка.

-... і пакуль за мной не з’явіўся Хагрыд, я нічога ня ведаў аб тым, што я чараўнік, а маіх бацькоў забіў Вальдэморт...

Рон войкнуў ад жаху.

- Што здарылася?- спытаў у яго Гары.

- ТЫ ПРАМОВІЎ ІМЯ САМ-ВЕДАЕШ-КАГО!- ўражана і шакавана адказаў Рон,- я б на тваім месцы...

- Не не хацеў паказаць сябе крутым героям, здольным вымавіць яго імя,- адказаў Потэр,- але нічога ня ведаю, пра тое што не павінен быў гэтага рабіць. Я ўвогуле шмат чаго ня ведаю. Вось. А яшчэ, іду ў заклад,- дадаў Гары, вырашыўшы сказаць то, што турбавала яго увесь апошні час.- Ведаеш, іду ў заклад, што буду горшым ува ўсім класе.

- Не будзеш. У Хогвартсе вучыцца безліч дзяцей з маглаўскіх сямей і ўсе даволі хутка падцягваюць свае веды.

Размову яны пачалі ў Лондане і пакуль гаманілі цягнік апынуўся сярод бязмежных палёў поўных статкамі кароў і авечак. Хлопчыкі на некаторы час замаўчалі і проста глядзелі, як ў акне мільгацеюць палі і сцяжынкі між імі.

Каля паловы на дванаццатую у калідоры нешта загрукатала і дзверы іх купэ адчыніла ўсміхаючаяся жанчына з ямачкамі на шчоках.

- Ці не жадаеце прысмакаў з вазочка, мае даражэнькія?

Гары, які сёння прапусціў сняданак ўскочыў на ногі, а Рон з пачырванеўшымі вушамі прамармытаў, што мае бутэрброды. Гары выскачыў у калідор.

Калі ён жыў з Дурслі, у яго аніколі не было грошаў на слодычы, але цяпер, калі яго кішэні былі перапоўненыя золатам і срэбрам, ён быў гатовы набыць столькі батончыкаў Марс, колькі ўлезе ў рукі. Нажаль батончыкаў Марс на вазочку не было, але там былі цукеркі на любы смак ад Бэрці Бот, лепшая дроблаўская жуйка, шакаладныя жабкі, гарбузовыя пірагі, пірожныя кацялкі, лакрычныя палачкі і шмат іншых прысмакаў, якія Гары ніколі ў жыцці ня бачыў. Не жадаючы прапусціць анічога, хлопчык набыў патрошку ўсяго, заплаціўшы жанчыне адзінаццаць срэбных сікляў і сем кнатаў.

Рон вытарапіўся на то, як Гары вярнуўшыся ў купэ кінуў слодычы на вольнае месца.

- Ну ты і галодны?

- Яшчэ які,- адказаў Гары, адкусваючы кавалак ад гарбузовага пірага.

Рон развярнуў пакунак з бутэрбродамі і ўзяў адзін з чатырох.

- Яна як заўжды забылася, што я не люблю саланіну.

- Можа памяняемся,- прапанаваў Гары, працягваючы Рону пірог.- Давай...

- Ты не будзеш гэта есці, ён вельмі сухі,- прамовіў той, а потым хутка дадаў.- У яе так замала часу. Калі ў цябе на руках пяцёра дзяцей...

- Давай, бяры пірог,- сказаў Гары. Ён аніколі ў жыцці ня меў анічога, чым можна было падзяліцца. Якое ж гэта было прыемнае пачуццё, разам з рудавалосым хлопцам спажываць пірожныя і іншыя слодычы (аб бутэрбродах, зразумела ж забыліся).

- А тут што?- спытаўся у Рона Гары, трымаючы ў руках пачак з шакаладнаю жабкаю.- Спадзяюся жабка не натуральная.- хлопчык быў гатовы да чаго заўгодна.

- Ані,- адказаў Рон.- Паглядзі на картку. Мне не хапае Агрыпы.

- Чаго?

- Ёйку, ты ж ня ведаеш... У кожным пачку шакаладных жабак ёсць картка з выявай кагосьці з найвядомейшых чараўнікоў ці вядзмарак. Іх збіраюць, я маю недзе пяцьсот, але сярод іх аніводнага Агрыпы ці Пталямея.

Гары разгарнуў адзін з пачкаў і выцягнуў картку. На ёй быў мужчына з доўгім крывым носам, акулярамі ў форме паўмесяцаў і доўгімі срэбнымі валасамі ды барадой. Унізе было імя “Альбус Дамблдор”.

- Дамблдор, вось ён які!- прамовіў Гары.

- Толькі не кажы, што ніколі ня чуў аб Дамблдоры!- сказаў Рон.- Можна мне жабку? Раптам там будзе Агрыпа... дзякуй...

Гары развярнуў картку і прачытаў:

 

Альбус Дамблдор, цяперашні дырэктар Хогвартскай школы.

На думку шмат каго з сучаснікаў, найвялікшы чарадзей сучаснасці. Найбольш вядомы сваёй перамогай у 1945 годзе цёмнага чараўніка Грындэльвальда, вынаходніцтвам дваццаці спосабаў выкарыстання драконавай крыві і супольнай алхімічнай працай з Нікаласам Фламелем.

Прафесар Дамблдор любіць класічную музыку і боўлінг.

 

Гары зноў павярнуў картку і вельмі здзівіўся, убачыўшы замест дамблдорава твара пустое месца.

- Ён знік!

- Хіба ты чакаў, што ён будзе тырчаць тут цэлы дзень?- прамовіў Рон.- Яшчэ вернецца. Не... зноў Маргана, у мяне іх ужо шэсць... хочаш, забірай. Пачнеш калекцыянаваць.

Яго вочы глядзелі на груду шакаладных жабак, што працягвалі ляжаць на сядушцы.

- Бяры яшчэ,- прапанаваў яму Гары.- І ведаеш, у маглаў таксама збіраюць карткі, але людзі на іх не ходзяць.

- Няўжо? І нават не рухаюцца?- здзіўлена спытаўся Рон.- Дзівоса нейкая!

Гары ўбачыў, як Дамблдор з лёгкай ўсмешкай вярнуўся на сваю картку. Рона больш цікавілі самі жабкі, а вось Гары не мог адарваць вачэй ад шматлікіх вядомых чарадзееў і чарадзеек. Хутка да Дамблдора і Марганы далучыліся Гэнгіст Вудкрафцкі, Альберык Груніён, Цырцэя, Парацэльс і Мэрлін. Нарэшце хлопчык наглядзеўся на друідку з падрапаным носам Кліёдну і раскрыў скрынку цукерак на любы смак ад Бэрці Бот.

- Буць з імі паасцярожней,- папярэдзіў Рон.- Калі там напісана што цукеркі маюць любы смак, гэта значыць, што смак будзе які заўгодна – шакаладны, мармеладавы, мятны, але можа быць і са смакам шпіната, лівера ці рубца. Джордж кажа, што аднойчы яму трапілася цукерка са самам саплей.

Рон асцярожна ўзяў зялёную цукерку, уважліва паглядеў на яе і надкусіў.

- Фееееееяяяяяяяя... вось глядзі – брусэльская капуста.

Колькі часу яны бавіліся тым, што спрабавалі смак розных цукерак. Гары трапіўся тост, какос, запечаная фасоля, трускаўка, кары, спаржа, кава і сардыны, ён нават адважыўся кусіць кавалацак ад дзіўнай шэрай цукеркі, якую не вырашыўся паспрабаваць Рон – яна была са смакам перца.

Тым часам за вакном цягніка сельская мясцовасць з яе акуратнымі палямі і сцежкамі змянілася на дзікія непралазыя лясы, віхляючыя рэкі і цёмна зялёныя пагоркі.

У купэ пастукаліся і ў дзверы зазірнуў круглатвары хлопчык, якога Гары бачыў на платформе дзевяць і тры чвэрці. Здаецца ён толькі што плакаў.

- Прабачце, ці вы не бачылі тут рапуху?- спытаўся, ён, Рон з Гары пахісталі галовамі.- Я зноў яго згубіў! Ён працягвае збягаць ад мяне!

- Ён абавязкова вернецца,- падбадзёрыў яго Гары.

- Так,- шморгаючы носам, згадзіўся хлопчык.- Калі вы яго раптам убачыце...

Ён сыйшоў.

- Ня ведаю, чаму ён гэдак тужыцца,- заўважыў Рон,- калі б у мяне была рапуха, я б згубіў яе, як мага ранней. З іншага боку, Скаберс не нашмат лепш, так што не мне хваліцца.

Пацук працягваў дрыхнуць на ронавых каленях.

- Калі б ён памёр, аніхто б гэтага не заўважыў,- з агідаю дадаў ён.- Учора я паспрабаваў перафарбаваць яго на жоўты колер, каб ён выглядаў крыху весялейшым, але замова не спрацавала. Вось, глядзі...

Рон пашураваў у сваёй валізе і выцягнуў адтуль даволі падрапаную палачку. У колькіх месцах яна пакрылася расколінамі, а з яе кончыку вытыркалася нешта белае.

- Валоссе аднарога, амаль усё вылезла. У любым выпадку...

Толькі ён падняў палачку, як дзверы зноў адчыніліся. За імі стаяў бязрапухі хлопчык, а разам з ім нейкая дзяўчынка, ужо паспеўшая пераапрануцца ў новую хогвартсаўскую мантыю.

- Нэвіл згубіў сваю рапуху. Хтось з вас бачыў яе?- спыталася яна. Дзяўчынка мела ўладарны голас, густое каштанавае валоссе і даволі вялікія пярэднія зубы.

- Мы ўжо казалі, што не,- заўважыў Рон, але дзяўчынка яго не слухала, яна глядзела на палачку ў яго руцэ.

- О, вы тут чаруеце? Ці можна паглядзець?

Дзяўчынка прысела на вольнае месца. Рон разгубіўся.

- Ммм... ну, добра.

Ён пракашляўся.

 

Сонца, дзьмухавец, алей.

Ты, дурны пацук, зжаўцей. ”

 

Ён махнуў палачкай, але нічога не адбылося. Скаберс працягваў быць шэрым і нават не прачнуўся.

- Ці ты ўпэўнены, што гэта замова сапраўдная?- спытала дзяўчынка.- Анічагосінькі не здарылася? Я, напрыклад, каб папрактыкавацца, паспрабавала колькі просценькіх замоў і ўсе яны спрацавалі. А ў маёй сям’і не было аніводнага чараўніка. Усе так здзівіліся, калі я атрымала ліст са школы. І сама я была так шчасліва, у тым сэнсе, я чула што Хогвартс лепшая чарадзейская школа ў свеце... Я вывучыла напамяць ўсе падручнікі... спадзяюся гэтага будзе дастаткова... Між іншым, я Герміёна Грэйнджэр, а як вас клічуць?

Яна выпальвала словы быццам з кулямёта.

Гары паглядзеў на Рона і з палёгкаю ўбачыў яго ашаломлены твар. Ён і не здагадваўся, што падручнікі можна вывучыць на памяць.

- Я – Рон Візлі,- прамармытаў той.

- Гары Потэр,- назваўся Гары.

- Сапраўдны?- уклікнула Герміёна.- Я пра цябе столькі ведаю... я набыла колькі дадатковых кніжак, пра цябе ўзгадваюць ў “Сучаснай гісторыі магіі”, ва “Усходзе і заняпадзе цёмных мастацтваў” і ў “Знакавых чароўных падзеях дваццатага стагоддзя”.

- Пра мяне?- адчуваючы сябе разгубленым, спытаўся Гары.

- Божачкі, ты ня ведаў пра гэта, я б на тваім месцы высветліла ўсё на гэты конт,- выпаліла Герміёна.- А хтось з вас ужо ведае ў якім Доме апынецца? Я вывучала гэтае пытанне і спадзяюся трапіць у Грыфіндор, кажуць там вучыўся сам Дамблдор, ну яшчэ не надта дрэнны Дом - Рэйвенкло... Добра, я ўсё ткі пайду дапамагу Нэвілу шукаць рапуху. А вам дваім лепей пераапрануцца, думаю хутка мы ўжо прыедзем.

У суправаджэнні безрапухага хлопчыка, яна выйшла з купэ.

- Спадзяюся мы будзем у розных Дамах,- выцягваючы з валізы мантыю, прамовіў Рон.- Дурная замова... мне яе Джордж сказаў, іду ў заклад, ён ведаў, што яна не спрацуе.

- А ў якім Доме твае браты?- спытаўся Гары.

- У Грыфіндоры,- ён зноў змрачнеў.- Мама з татам таксама там вучыліся. Ня ведаю, што яны скажуць, калі я не траплю туды. Не думкаю, што было надта дрэнным трапіць у Рэйвенкло, але што будзе, калі я апынуся ў Слізэрыне?

- Доме ў якім вучыўся Валь... то бок, Сам- Ведаеш-Хто?

- Так.- Рон у сумоце плюхнуўся на сваю сядушку.

- Ведаеш, здаецца ў Скаберса пасвятлелі кончыкі вусоў,- паспрабаваў адцягнуць ронаву ўвагу Гары.- Між іншым, а дзе працуюць твае найстарэйшыя браты?

Гары было цікава, чым чараўніку заняцца пасля заканчэння школы.

- Чарлі ў Румыніі вывучае драконаў, а Біл у Афрыцы нешта робіць для Грынгатса.- адказаў Рон.- Між іншым, чуў што там адбылося? Хаця не думаю, што маглы атрымліваюць Штодзённы вяшчун... Нехта спрабаваў абрабаваць высокабяспечнае сховішча.

Гары выглядаў вельмі здзіўленым.

- Сапраўды? А што скралі?

- Нічога, гэта і ёсць галоўнай навіной. І таксама іх ніхто не злавіў. Тата кажа, што толькі магутны цёмны чарадзей мог на такое рашыцца, але, каб ён анічога не ўзяў... гэта сапраўды дзіўна. Шмат хто напалохаўся, лічаць што за гэтым можа стаяць Сам-Ведаеш-Хто.

Гары пракручваў у галаве гэту навіну. Яго пачынала прадзіраць ад жаху, калі ўзгадваўся “Вядома-Хто”. Ён ведаў, што гэта асаблівасці чарадзейскага свету, але яму самому больш зручна было б казаць “Вальдэморт”.

- А якая твая ўлюбёная квідычная каманда?- спытаўся Рон.

- Эммм... Я аніводнай ня ведаю,- прызнаўся Гары.

- Ты што!- ашаломлена ўсклікнуў Рон.- Гэта ж найлепшая гульня ўва ўсім свеце...- ён адразу ж пусціўся ў доўгія і нудныя тлумачэнні пра чатыры мячы, функцыі семі гульцоў, апісваў вядомыя гульні, на якіх ён быў з братамі і якую мятлу ён бы сабе набыў, калі б у яго былі грошы. Ён пачаў распавядаць Гары тонкасці гульні, калі дзверы ў купэ зноў адчыніліся. На гэты раз за імі стаяў не безрапухі Нэвіл і не Герміёна Грэйнджэр.

У купэ завіталі трое хлопчыкаў. Таго, што быў пасярэдзіне, Гары ўжо ведаў. Гэта быў бледнатвары хлопчык, якога той бачыў у мадам Малкін. Ён азірнуў Гары з яшчэ большай цікавасцю чым тады, на Дыягон Алее.

- Гэта праўда?- спытаўся бледнатвар.- Кажуць у гэтым купэ едзе сам Гары Потэр. Дык гэта што, ты?

- Так,- адказаў Гары. Ён аглядзеў астатніх дваіх. Тыя былі камлюкаватымі і выглядалі даволі злосна. Яны стаялі паабапал бледнатварага хлопчыка, як два целаахоўніка.

- Гэта Крэйб, а гэта Гойл,- заўважыўшы куды глядзіць Гары, нядбайна паведаміў бледнатвары.- А я Малфой, Драко Малфой.

Рон кашлянуў, каб прыхаваць смех. Драко Малфой перавёў на яго вочы.

- Ты лічыш, што ў мяне смешнае імя? Пра тваё можна і не пытацца. Бацька кажа, што толькі Візлі маюць рудое валоссе, рабацінне і больш дзяцей, чым могуць сабе дазволіць.

Ён зноў развярнуўся да Гары.

- Хутка ты зразумееш, Потэр, што ёсць чарадзейскія сем’і, горшыя за іншых. Калі хочаш, я дапамагу табе разабрацца з кім у нашым свеце трэба сябраваць.

Драко працягнуў руку Гары, але той яе не прыняў.

- Думаю, я сам магу разабрацца, якія сем’і для мяне неправільныя,- халодна адказаў ён.

Бледныя шчокі Малфоя пакрыліся ружовымі плямамі.

- На тваім месцы, я б засцярогся, Потэр,- павольна заявіў ён,- і быў бы крыху больш ветлівым. Ці ты скончыш, як твае бацькі. Яны таксама не разумелі таго, што дзеля іх сапраўды добра. Калі будзеш вадзіцца з такой набрыддзю, як Візлі ці Хагрыд, будзеш такім самым як яны.

Гары і Рон выпрасталіся. Твар Візлі быў гэткага ж колеру, як і яго валоссе.

- Паўтары,- прамовіў ён,- што ты сказаў?

- О, ты вырашым з намі біцца?- усміхнуўся Малфой.

- Калі вы зараз жа не прыбярэцеся адсюль,- смела прамовіў Гары, хаця адчуваў сябе не надта адважна, бо Крэйб з Гойлам былі значна мацнейшыя за яго і Рона.

- Але мы не жадаем сыходзіць, ці не так хлапцы? У нас не засталося ежы, а вы я бачу сёе-тое яшчэ маеце.

Гойл пацягнуўся за шакаладнай жабкай, якая ляжала паблізу ад Рона... Візлі скокнуў наперад, але перш чым паспеў дакрануцца Гойла, той жудасна залямантаваў.

На яго кулачку, глыбока запусціўшы туды свае вострыя зубкі, вісеў Скаберс... Крэйб з Малфоем адсунуліся назад. Гойл шалёна круціў рукою і калі Скаберс, нарэшце адпусціўшы яго, паляцеў у напрамку вакна, усе трое зніклі ў калідоры. Можа вырашылі, што сярод ласункаў хаваюцца іншыя пацукі, альбо пачулі нечае набліжэнне, таму што імгненне пасля іх сыходу ў купэ зноў завітала Герміёна Грэйнджэр.

- Што тут здарылася?- спыталася яна заўважыўшы поўную падлогу слодычаў і Рона трымаючага Скаберса за хвост.

- Лічу, што ён у накаўце,- паведаміў Рон Гары. Ён паглядзеў на пацука бліжэй.- Не... як гэта магчыма... ён зноўку задрых.

Пацук сапраўды моцна спаў.

- Ты што, бачыў Малфоя раней?

Гары распавёў аб іх сустрэчы на Дыягон Алее.

- Я шмат чуў аб яго сямейцы.- змрочна прамовіў Рон.- Яны былі аднымі з першых, хто перайшоў на наш бок, калі знік Сам-Ведаеш-Хто. Маўляў іх зачаравалі. Але мой бацька не верыць аніводнаму іх слову. Ён кажа, што малфоеву бацьку не патрэбны падсавы дзеля пераходу на цёмны бок.- ён развярнуўся да Герміёны.- Мы чымсьці можам табе дапамагчы?

- На вашым месцы, я б паспяшалася змяніць вопрадку. Я толькі што была ў галаве цягніка і пыталася ў машыніста, ён кажа, мы амаль прыехалі. А вы тут што, біліся? Не паспелі прыехаць, а ўжо трапілі ў нерат!

- Біўся Скаберс, а не мы,- пахмурна сказаў Рон.- І ці ты не магла б выйсці, каб мы пераапрануліся?

- Добра... я зайшла сюды, толькі таму, што народ у калідоры гойсает сюды-туды, як тыя дзеці,- з пагардай ў голасе, прамовіла Герміёна.- Між іншым, калі ты ня ведаў, у цябе на носе бруд.

Яна выйшла ў калідор, а Рон глядзеў ёй услед. Гары вызірнуў у вакно. Было ўжо даволі цёмна. Праз вакно ён ўбачыў лясы і пагоркі пад цёмна фіялетавым небам. Цягнік пакрысе запавольваўся.

Хлопчыкі знялі з сябе куртачкі і апрануліся ў доўгія чорныя мантыі. Ронава была замалой для яго і было бачна красоўкі на яго нагах.

Па цягніку рэхам пралунаў голас:

“Станцыя Хогвартс праз пяць хвілінаў. Калі ласка, пакінце свой багаж у цягніку. Яго даставяць у школу асобна.

Гары муціла ад хвалявання, а Рон збляднеў пад рабаціннем. Яны набілі застаўшыміся ласункамі кішэні і далучыліся да натоўпу ў калідоры.

Цягнік запаволіўся яшчэ больш і нарэшце спыніўся. Навучэнцы павыскоквалі на малюткую цёмную платформу. Гары калаціла ад халоднага начнога паветра. Тут ён убачыў панад дзіцячымі галовамі запаленую лямпу і пачуў знаёмы голас.

- Першгодкі, першгодкі, збірацеся ля мне! Як маесся, Гары?

Панад дзецмі ззяла кудлатая галава Хагрыда.

- Давайць да мяне... шчэ ё першгодкі? Глядзіць пад ногі! Першгодкі хадзіць за мной!

Падслізгіваючы і спатыкаючыся першагодкі крочылі за Хагрыдам па вузкай сцяжынке поўнай крутых паваротаў. Было вельмі цёмна і не было відаць анічога вакол, але Гары вырашыў што іх абступалі тоўстыя камлі дрэваў. Амаль ніхто не размаўляў. Нэвіл – хлопчык, які ўвесь час губляў сваю рапуху, раз ці два шморгнуў носам.

- Праз мгненне вы першыню ўбачце Хогвартс,- паглядзеўшы на першагодак праз плячо, паведаміў Хагрыд,- апошнь паварот.

- Оооооооо!- хорам вохнулі дзеці.

Сцяжынка вывела іх на бераг вялізнага чорнага возера. На другім беразе, яны ўбачылі велічэзны замак з безліччу маленькіх вежачак і магутных веж, які стаяў на вяршыні высокай гары, паблісківаючы ў зорным небе сваімі шматлікімі вокнамі.

- Ня больш чатрох ў адзін чоўн!- прароў Хагрыд, паказваючы на шэраг невялічкіх чоўнікаў, якія стаялі ля берага. Гары і Рон падзялілі свой з Нэвілам і Герміёнай.

- Ці се селі?- крыкнуў Хагрыд, які адзін займаў цэлы чоўнік.- Увага... ПАПЛЫЛІ!

Флацілія чоўнікаў паплыла па гладкай як шкло паверхні возера. Усе моўчкі глядзелі на узвышаючыйся панад іх галовамі замак. А ён станавіўся ўсё вышэй і вышэй, па меры набліжэння да гары на якой той стаяў.

- Нахліць галовы!- прагаласіў брамнік, калі першыя лодкі падплылі да яе падножжа. Прыхіліўшыся дзеці, праз заслону плюшчу трапілі ў цёмны танэль, які здавалася быў прарублены ў самой гары і пралягаў пад замкам. Па танэлі яны даплылі да нечага накшталт падземнай гавані і вылезлі на пакрыты каменчыкамі і галькай бераг.

- Гэй! Ці гэт не твая рапух?- прамовіў Хагрыд, які дапамагаў вучням сходзіць на бераг.

- Трэвар!- шчасліва ўсклікнуў Нэвіл, працягваючы рукі за рапухай. Рухаючыся за хагрыдавай лямпай, яны крочылі праз камяністы праход і, нарэшце, выйшлі на гладкі траўнік пад сценамі замка.

Па каменных прыступках яны рушылі наверх і знатоўпіліся ля вялізных дубовых дзвярэй.

- Се тут? Рапух на месцы?

Хагрыд падняў гіганцкі кулак і тройчы пастукаў.

 

— РАЗДЗЕЛ VII —

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.041 сек.)