|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Дыягон Алея
Гары прачнуўся на золку. Разумеючы, што час падымацца з ложку, Гары працягваў ляжаць са шчыльна заплюшчанымі вачыма. - Толькі сон,- упэўніў ён сябе.- Я сніў, што за мной прыйшоў волат па імі Хагрыд і сказаў, што я еду вучыцца ў школу для чараўнікоў. Але зараз я адкрыю вочы і апынуся ў сваёй каморы. Раптам адчуўся нейкі гучны стук. - А вось і цётка Пятунья стукае ў дзверы.- з застылым сэрцам вырашыў ён. Але вачэй не расплюшчыў, бо сон быў такім добрым. Тук. Тук. Тук. - Добра,- прамармытаў Гары.- ужо падымаюся. Ён сеў і цяжкі хагрыдаў шынэлак зваліўся з яго. Халупа была заліта святлом, шторм скончыўся. Паблізу на канапе спаў брамнік, а за вакном сядзела сава, трымаючая ў дзюбе газэту, і сваім загнутым кіпцюром стукала ў шкло. Гары ўскочыў на ногі, ад шчасця яму здавалася, што ў яго ўлонні надуўся вялізны паветраны шар. Хлопчык падыйшоў да вакна і расчыніў яго. Сава падляцела да Хагрыда і кінула на яго газэту, але той нават не прачнуўся. Сава села на падлогу і пачала сваёй дзюбай стукаць хагрыдавы шынэлак. - Не трэба гэтага рабіць. Гары паспрабаваў адагнаць саву, але та толькі клацнула на яго дзюбай і працягнула бойку з шынэлкам. - Хагрыд!- гучна сказаў хлопчык.- Тут сава... - Заплаці ёй,- буркнуў з канапы волат. - Што? - Ёй трэб заплаціць за дастаўку азэты. Пашукай у кішэнях. Але яго шынэлак здавалася складаўся з адных кішэняў... там былі звязкі ключоў, сродак ад агародных шкоднікаў, скруткі аборкі, мятныя ляндрынкі, пакецікі гарбаты... нарэшце, знайшоў жменю дзіўна выглядаючых манэт. - Дай ёй пяць кнатаў.- праз сон сказаў Хагрыд. - Кнатаў? - Такія маленечкія, бронзавыя. Гары адлічыў пяць бронзавых манэтак, сава працягнула яму лапку да якой быў прывязаны маленечкая скураная торбачка. Хлопчык паклаў у торбачку грошы і сава адляцела. Хагрыд гучна пазяхнуў і, пацягваючыся, сеў. - Лепш спяшаць, Гары. У нас на сягонь купа спраў. Трэб давесць це да Лондану, каб набыць сё неабходна для школы. Гары зірнуў на чарадзейскія манэты, павярцеў іх у руках. Тут ён адчуў сябе так, быццам нехта пракалоў паветраны шар шчасця, што быў у яго ўлонні. - Хагрыд? - Ммм?- адазваўся Хагрыд, нацягваючы на ногі свае вялізныя боты. - Я ня маю грошаў... вы ж чулі мінулай ноччу... дзядзька Вернана адмовіўся плаціць за маё навучэнне чарадзейству. - Пра гэт не турбуй,- адказаў волат, падымаючыся на ногі і пачухваючы галаву.- Ці т думаеш, твае бацькі не пакінулі це сёе-тое? - Але ж наш дом быў разбураны... - Яны не хвалі свае золта ў хаце, мае дзіця! Так, на пачатку трэб будзе завьтаць у Чарадзейскі банк Грынгатс. Еш кілбаскі, яны не благія нат калі халодны... і я не дмовіўся ад кавалчку тваго торту. - У чараўнікоў ёсць свае банкі? - Тольк адзін. Грынгатс. Ім кіруюць гобліны. Гары выпусціў з рук кавалак кілбаскі. - Гобліны? - Так... і скажу тбе, каб паспрабваць арабаваць Грынгатс, трэб быць спраўдным вар’ятам. Ніколі не звязвай з гоблінамі, Гары. Калі ты жадаш нешта захваць у бяспекі, надейней за грынгатскі сейфы няма аньчога, хіба тольк Хогвартс. Тым больш мне і так трэб завітаць у банк, па справ школы. Для Дамблдора.- Хагрыд ганарліва выцягнуўся.- Ён звычайна даручай мне, рабіць сія-тыя спраў для йго: знайсці це... забраць з Грынгатса сё-тое... ён ведае, што мож давяраць мне. - Ты гатовы? Тады рушлі. Следам за Хагрыдам Гары спусціўся з вяршыні скалы. На небе не было ані хмаркі, а марскія хвалі зіхацелі пад сонечным праменнем. Лодка, якую учора пазычыў дзядзька Вернан, была падчас шторму напалову заліта вадой. - А як вы сюды трапілі?- азіраючыся ў пошуках другога чоўна, спытаўся Гары. - Прыляцеў,- адказаў волат. - ПРЫЛЯЦЕЛІ? - Так... але назад мы аплывём. Я це знашоў і не вінен боль крыстацца магіяй. Яны селі ў лодку. Увесь шлях з выспы Гары ўважліва глядзеў на Хагрыда, спрабуючы ўявіць, як той ляціць. - Аднак, веславаць будзь не надт зручна,- крадком пазіраючы на Гары, прамовіў Хагрыд.- Калі ты анькому не распавьдзеш, я мог бы аскорыць рух. - Зразумела ж не скажу,- адказаў Гары, жадаючы паглядзець як той чаруе. Хагрыд выцягнуў свой ружовы парасон, двойчы стукнуў ім па борце лодкі і яны хутка рушылі да зямлі. - А чаму, каб паспрабаваць абрабаваць Грынгатс, трэба быць вар’ятам?- спытаўся Гары. - Замовы... чары...- адказаў Хагрыд, разгортваючы газэту.- А сховішы з асаблівай спекай, кажуць хоўваюца драконамі. А шчэ аспрабуй знайсць шлях да ховішча і назад... Грынгатс, ён, уяві сбе, расцягнуўся пад Лонданам на сотнь кіламетраў. Глыбок пад зямлёю. Ты амрэш з голду, пакуль адтуль выдзеш, нат калі штось і скрадзеш. Гары сядзеў і разважаў аб тым, што пачуў ад Хагрыда, а той у гэты час паглыбіўся ў чытанне газэты, што называлася “Штодзённы Вяшчун”. Яшчэ на прыкладзе дзядзькі Вернана хлопчык ведаў, што нельга турбаваць чалавека, які чытае газэту, аднак у яго галаве за ўсё жыццё не круцілася такая безліч пытанняў, як зараз і хлопцу было вельмі цяжка сябе стрымліваць. - У міністэрстве па справах магіі зноў нарабілі халеры,- перагортваючы старонку прамармытаў брамнік. - А хіба ў магаў ёсць міністэрства?- не паспеўшы стрымацца, спытаў Гары. - Вядом ж,- адказаў Хагрыд.- На пасад міністра нат хацелі браць Дамблдора, але ён ніколь не кіне Хогвартс, таму пасад трымаў стары Карнэліюс Фадж. Тыповы нядбал і дурань. Штораніц ён закідае Дамблдора совамі, просяч йго рады. - Але якімі справамі займаецца гэтае міністэрства? - Ну іх сноўная справа, не даць маглам даведаць, што краіна дагэт паўна чараўнікамі. - Навошта? - Навошта?Каб ў іх не было спакус перакласць на магію выршэннь сіх сваех праблем. Ёйк, лепш каб нам ад іх не было ні сперад, ні ззаду. У гэты момант лодка мягка стукнуўся аб бераг. Хагрыд склаў газэту і яны разам з Гары падняліся па прыступках на вуліцу. Мінакі скоса паглядалі на брамніка, пакуль яны з Гары ішлі праз іх маленечкі гарадок ў напрамку станцыі. І хлопец ані ў чым не мог іх вінаваціць. Хай з ім, што Хагрыд быў удвая вышэйшы за кожнага з іх, дык ён яшчэ і ўвесь час звяртаў увагу на самыя звычайныя рэчы, накшталт парковачнага лічыльніка, гучна пры гэтам усклікаючы: - Глядзь, Гары. Што гэт маглы шчэ навыдумляль, га? - Хагрыд,- крыху запыхаўшыся, бо яму прыходзілася бегчы, каб не адстаць, спытаўся хлопчык,- а што ў Грынгатсе сапраўды ёсць драконы? - Так кажуць,- прамовіў яму брамнік.- Божачкі, але ж я так хачу мець дракона. - А што вам замінае? - Я з самог дзяцінства шукаю ў кго б яго абыць, але... нам сюды. Яны прыйшлі на чыгуначны вакзал. Цягнік да Лондану адпраўляўся праз пяць хвілінаў. Хагрыд, які заявіў, што не разумее анічога ў маглаўскіх грошах, даў колькі купюр Гары і адправіў яго набываць квіткі. У цягніку амаль усе пасажыры таропіліся ў іх бок. Хагрыд заняў адразу два месцы і заняўся вязаннем чагосьці нагадваючае канаркава-жоўты цыркавы шацёр. - Ты захпіў з сабой ліст?- падлічваючы гафтачкі, спытаўся ён у Гары. Хлопчык выцягнуў з кішэні жаўтлявы пергаментны канверт. - Добр,- прамовіў волат,- у ім ё спіс ўсяго што тбе патрэбіцца. Гары разгарнуў дадатковы ліст, які не ўбачыў напярэдадні і прачытаў наступнае:
ХОГВАРТСКАЯ ШКОЛА ЧАРАДЗЕЙСТВА І ВЯДЗЬМАРСТВА
Школьная форма.
Навучэнцам першага году неабходна мець: 1.Тры паўсядзённыя мантыі (чорныя) 2.Адзін звычайны востраканцовы капялюш (чорны) 3.Адну пару ахоўных пальчатак (з драконьей скуры, ці з нечага аналагічнага) 4.Адну зімовую мантыю (чорную са срэбнай зашпількай) Звяртаем увагу, што на усёй вопрадцы павінны мецца медалікі з вашым прозвішчам.
Падручнікі.
Усі навучэнцы павінны мець асобнік наступных кніг: “Стандартная кніга замоваў” (для першага году навучэння) Міранда Госхак “Гісторыя магіі” Бацільда Бэгшот “Тэорыя магіі” Адальберт Вофлінг “Ператварэнні: кіраўніцтва для пачаткоўцаў” Эмерык Світч “Тысяча магічных зёлак і грыбоў” Філіда Споўр. “Магічныя зеллі і настоі” Арсеніюс Джыгер “Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць” Ньют Скамандэр “Сілы Цемры: кіраўніцтва па самаабароне” Квенцін Трымбл
Таксама неабходна мець
Чароўная палачка, адна Кацёл алавянны, стандартнага памеру №2, адзін Камплект шкляных ці крышталёвых пляшачак, адзін Тэлескоп, адзін Камплект латунных шаляў, адзін
Навучэнцы таксама могуць прывесці з сабой саву, котку, альбо рапуху.
НАГАДВАЕМ БАЦЬКАМ, ШТО ПЕРШАГОДКАМ ЗАБАРОНЕННА МЕЦЬ ПРЫ САБЕ УЛАСНЫЯ МЁТЛЫ.
- І што, усё гэта мажліва набыць у Лондане?- уголас сказаў Гары. - Калі ведаш, дзе,- адказаў яму Хагрыд. * Ранней Гары ніколі ня быў у Лондане. Здавалася, Хагрыд ведаў куды ісці, але ніколі не трапляў туды, як звычайныя людзі. У метро, яго заціснула турнікетам, а трапіўшы ў вагон, волат жаліўся на зацесныя сядушкі і запавольны рух. - Не яўляю, як маглы могуць жыць не крыстаяючыся магіяй,- войкаў брамнік, калі яны разам з Гары падляліся па непрацуючым эскалатары і вышлі на ажыўленую вуліцу утыканую разнастайнымі крамкамі. Хагрыду з яго агромістымі памерамі было даволі лёгка рассякаць натоўп, таму Гары дастаткова было ісці за ім услед. Яны крочылі ўздоўж кнігарняў, музычных крам, бістро і кінатэатраў, аднак анідзе здавалася не было крамы, якая б гандлявала чароўнымі палачкамі. Гэта была звычайная вуліца, перапоўненная самымі звычайнымі людзмі. Ці мажліва было, каб пад іх нагамі недзе глыбока пад зямлёй хавалася чарадзейскае золата? Ці існавалі насамрэч крамы, дзе б прадаваліся падручнікі з замовамі і лятаючыя мётлы? Ці не нагадывала гэта ўсё неверагодны жарт, падрыхтаваны Дурслі? Калі б Гары не ведаў, што яго апекуны не маюць пачуцця гумару, ён бы так і вырашыў. Але негледзячы на тое, што ўсё аб чым Хагрыд казаў яму раней было найневерагоднейшым, хлопчык ня мог яму не верыць. - Нам сюды,- супыніўшыся, сказаў брамнік.- “Дзіравы кацёл” – вядомейшае месца. Гэта быў невялічкі, брудна выглядаючы паб і калі б Хагрыд не паказаў на яго, Гары мог бы яго зусім не заўважыць. Вочы людзей, якія спяшаючыся шлі паблізу ад іх бачылі толькі вялізную кнігарню з аднаго боку і краму з музычнымі дыскамі з другога і зусім не звярталі на яго ўвагі. Гары нейкім асаблівым чынам адчуваў, што толькі ён і Хагрыд здольны яго бачыць. Аднак спытаць аб гэтым не паспеў, таму што Хагрыд хутка правёў яго ў паб. Усярэдзіне гэта вядомейшае месца выглядала цёмным і заняпалым. Колькі старых жанчынаў, адна з якіх паліла доўгую люльку, прысеўшы ў куточку пілі шэры з маленькіх чарачак. Маленечкі чалавечак у высачэзным капялюшы аб нечым гаманіў са старым бармэнам, лысая галава якога нагадвала азызлы гарэх. Як толькі яны ўвайшлі, ціхі гуд размоваў імгненна сціх. Наведнікі паба, якія, здавалася як адзін ведалі Хагрыда, вітаючы махалі рукамі і ўсміхаліся, а стары бармэн, пацягнуўшыся за шклянкай, спытаўся: - Хагрыд, цябе як заўжды? - У наступ раз, Том, я тут па справ Хогвартса,- адказаў брамнік, пахлопаўшы сваёй вязізнай рукой па гарыным плячы ад чаго ў хлопца падагнуліся калені. - Магутна Божа!- усклікнуў Том, зірнуўшы на Гары.- гэта... гэта ж... Раптам у Дзіравым катле запанавала мёртвая цішыня. - Божа мой, Божачкі,- прашапатаў бармэн,- Гары Потэр... які гонар. Ён выбег з-за стойкі і са слязамі на вачах схапіўся за гарыну руку. - Сардэчна запрашаю, містэр Потэр, з вяртаннем у наш свет. Гары ня ведаў што адказаць. Жанчына з люлькай працягвала яе смактаць, не разумеючы, што тая ўжо згасла. Хагрыд увесь ззяў. У наступны момант адчулася рыпенне крэслаў і Гары быў вымушаны паціскаць руку кожнаму з наведвальнікаў паба. - Дорыс Крокфард, не магу паверыць, што нарэшце бачу вас, містэр Потэр. - Які гонар, містэр Потэр, які гонар. - Усё жыццё марыў паціснуць вашу руку... я так хвалююся. - Я так шчаслівы, містэр Потэр, што не маю словаў. Мае імя Дзігл, Дзедалус Дзігл. - Я вас памятаю!- гледзячы як, агромісты капялюш Дзігла гайдаецца з-за моцнага хвалявання гаспадара, прамовіў хлопчык.- Вы неяк павіталіся са мной у краме. - Ён памятае мяне!- азіраючыся, ускрычаў Дзедалус.- Ці вы чулі. Ён мяне памятае! Гары зноў і зноў трос рукі... а Дорыс Крокфард нават падыходзіла да яго колькі разоў. Тут да хлопца прабраўся, вельмі нервовы малады чалавек. Адно яго вока пацепвалася. - Прафесар Квірэл!- усклікнуў Хагрыд.- Пазнаёмся, Гары. Прафесар Квірэл будзь адным з тваіх настаўнікаў. - П-П-Потэр,- прамармытаў Квірэл, схапіўшы гарыну руку.- В-вы, н-не ўяўляеце, як, я р-рады в-вас б-б-бачыць. - А што вы будзеце выкладаць, прафесар? - Аб-абарону ад ць-цёмных м-мастацтваў,- прамармытаў той у адказ, быццам яго пужала адна толькі думка аб сваёй працы.- Але д-думаю, в-в-ам м-мае з-заняткі не н-надт-та п-пат-трэбны.- ён нервова ўсміхнуўся.- П-прыйшлі, к-каб на-набыць усё н-неабходнае д-для шк-школы? Я т-таксама з-зь-збіраюся па новую к-кнігу аб уп-упірах. Згадка пра ўпіроў вельмі напужала прафесара. Але астатнія не дазволілі прафесару задоўга гаворыць з Гары сам-насам. Хлопцу спатрэбілася яшчэ дзесяць хвілін, каб задаволіць увагай усіх жадаючых. Нарэшце, Хагрыд, громка, каб перакрычаць натоўп прамовіў: - Нам трэб спяшац... шмат акупаў. Хдзем, Гары. Дорыс Крокфард апошні раз паціснула хлопцу руку і ён ў суправаджэнні брамніка рушыў у невялічкі агароджаны дворык, дзе не было анічога акрамя колькіх кусточкаў пустазелля і сметніка. Хагрыд ўсміхнуўся. - Ці ж я не кзаў тбе? Кзаў што ты знакмітасць. Бач, як тросся Квірэл, калі наблізіў да це..? хаця, ён зажды калоціць. - Ён заўжды такі знерваваны? - О, так. Небрака. Бліскуча галава. Сё было добра, куль ён вывчаў сваю навук па кнігах, але потым ён зяў вотпуск на год, дзель практыквання... Кажуць ён стэўся з упірамі недзь у Шварцвальдскіх гарах, а шчэ былі невялікь праблемы з нейк ведзьмай... і з тых пор ён моцна мяніўся. Баіцц авучэнцаў, баіцц сваіх зняткаў... так, дзе мой парсон? Упіры? Ведзьмы? У гарынай галаве ўсё пераблыталася. Тым часам брамнік лічыў цэглы над сметнікам. - Тры ўверх... дзве ўбок...- мармытаў ён.- Так, асунься, Гары. Ён тры разы пастукаў па цаглінцы кончыкам свайго парасона. Цэгла па якой стукнуў Хагрыд захісталася... выгнулася... ў яе сярэдзіне ўзнікла невялічкая адтуліна... яна разраслася ўва ўсі бакі... і праз імгненне ператварылася на арку настолькі вялікую, што праз яе без праблем змог прайсці сам брамнік. Арка вяла на брукаваную вуліцу, што выгіналаючыся раскінулася так далёка, наколькі хапала вачэй. - Запрашай на Дыягон Алею,- прамовіў Хагрыд. Пабачыўшы здзіўленне на гарыным твары, ён усміхнуўся. Яны разам прайшлі праз арку, хлопчык мімаходзь зірнуў назад і ўбачыў, што праход зноў ператварыўся на суцэльную сцяну. Сонца яскрава адбівалася ад груды катлоў ля бліжэйшай крамы. “Катлы ўсіх памераў: медныя, латунныя, алавянныя, срэбныя, самамяшаючые, раскладныя”- прачытаў Гары на шыльдзе. - Ага, то што нам трэб,- заўважыў Хагрыд,- але спачат, нам трэб схадзіць па грошы. Гары шкадаваў, што ў яго няма, як меньш яшчэ васьмі вачэй. Ён шалёна круціў галавою, каб ўбачыць як мага больш – крамы, тое што знаходзілася звонку іх, людзей, якія прыйшлі па закупы. - Шастнаццаць сіклей, за унцыю драконьей печані, яны звар’яцелі...- хістаючы галавой, енчыла нейкая поўная жанчына ля дзвярэй аптэкі. Ціхае, мягкае вухканне даносілася з цёмнай крамы, над якой вісела шыльда з надпісам: “Савіны супэрмаркет Эйлап. Совы на ваш густ – няясыці звычайныя і малайскія, соўкі, сіпухі, палярныя совы”. Колькі хлопцаў аднаго з ім ўзросту, стаялі прыціснуўшы насы да вітрыны з мётламі: - Глядзіце,- пачуў Гары,- новы Німбус 2000... самы хуткі... Крамы з мантыямі, крамы з тэлескопамі, крамы з нейкімі дзіўнымі срэбнымі прыладамі, якіх Гары раней не бачыў. Крамы за вітрынамі якіх стаялі склянкі з кавалкамі селязёнкі і вугрынымі вачыма. Крамы дзе прадаваліся кнігі замоваў, пёры і скруткі пергаменту. Крамы дзе гандлявалі пляшкамі з разнастайнымі зеллямі. Крамы з глобусамі месяца... - Грынгатс,- прамовіў Хагрыд. Яны стаялі ля беласнежнага будынку, што ўзвышаўся над іншымі крамамі. Ля бронзавых дзвярэй, апрануты ў пунсовую з залатым ліўрэю стаяў... - Так, гэт гоблін,- абыякава паведаміў хлопцу Хагрыд. Той быў на галаву ніжэй за Гары, меў смуглявы, разумны твар і вострую бародку і, як заўважыў хлопчык, вельмі доўгія пальцы на руках і нагах. Гоблін адвесіў ім паклон, калі Гары з Хагрыдам праходзілі ўсярэдзіну. Яны апынуліся перад другімі дзвярыма, тыя былі срэбнымі і на іх былі выгравіраваны такія словы:
“Уваходзь але запамятай, Чужога скарбу не жадай. На галаву бяды не клікай, Бо плата будзе завялікай, Як апынешся пад зямлёй Ты у скарбніцы, ды не ў сваёй... Гаворым усім ліхім людзям Ня толькі скарбы будуць там”
- Я тбе казаў, што тольк шаленьц паспрабуе іх арабаваць,- прамовіў Хагрыд. На уваходзе ў срэбныя дзверы ім пакланіліся яшчэ два гобліны і Гары з брамнікам увайшлі ў велічную мармуровую залу. Больш за сотню гоблінаў на высокіх крэслах сядзелі ўздоўж залы. Адны пісалі нешта ў вялізных гросбухах, другія ўзважвалі стосікі манетаў на медных шалях, а трэцці праз акуляры разглядалі каштоўныя камяні. У залу вяло мноства дзвярэй і ля кожных стаялі гобліны, што сустракалі і праваджалі кліентаў. Хагрыд і Гары рушылі да вольнай касавай стойкі. - Добр раніцы,- павітаўся брамнік з гоблінам-касірам.- Мы прышлі ўзяць грош з сейфа містэра Гары Потэра. - Вы маеце ключ, сэр? - Быў недзь тут.- прамовіў Хагрыд і прыняўся выцягваць змесціва сваіх кішэням і класці іх на стойку. Калі на яго гросбух трапіла колькі зацвілых сабачых печывак, гоблін зморшчыў нос. А Гары ў той жа час, назіраў як гоблін за суседняй стойкай клаў на шалі лалы, вялізныя, як тыя цмеючыя вугалькі. - А ось ён,- нарэшце прамовіў волат, у яго руке быў маленечкі залаты ключык. Гоблін уважліва зірнуў на яго. - Так, ён сапраўдны. - А шчэ, я маю ліст ад прафэсара Дамблдора,- прамовіў брамнік выцягваючы пергамент з нагруднай кішэні,- наконт, самі-ведаце-чаго са ховішча 713. Гоблін уважліва прачытаў ліст. - Добра,- прамовіў ён, аддаючы ліст Хагрыду.- Вас правядуць да сейфаў. Грыпхук! Аб’явіўся яшчэ адзін гоблін. Брамнік паклаў сабачае печыва назад у кішэню і яны з Гары рушылі ўслед за Грыпхукам да дзвярэй, што вялі ў сховішчы. - А што за самі-ведаеце-што ляжыць ў 713 сховішчы?-спытаўся Гары. - Не магу сказаць,- таямніча прамовіў волат.- Гэта страшэн сакрэт. Ён тычыцца спраў Хогвартса. А Дамблдор давьрае мне. Калі раскажу, страч працу. Грыпхук раскрыў дзверы. Гары чакаў ўбачыць другую вялізную мармуровую залу, таму вельмі здзівіўся, калі яны апынуліся ў вузкім каменным праходзе, асветленым па баках шматлікімі паходнямі. Праход вёў да невялічкай чыгункі. Грыпхук свіснуў і да іх пад’ехала маленечкая ваганетка. Хагрыд з цяжкасцю забраўся ўсярэдзіну, Гары і Грыпхук селі на застаўшаеся месца... і яны рушылі ў падзямелье. Першы час яны папросту кружлялі па лабірынце праходаў. Гары паспрабаваў запомніць дарогу: налева, направа, направа, налева, прамкі, зноў направа, налева, аднак хутка ён збіўся. Здавалася, ваганетка сама ведала куды ехаць, бо Грыпхук аніяк ёй не кіраваў. Гарыны вочы пякло халодным паветрам, але ён трымаў іх шырока раскрытымі. На імгненне яму паказалася, што недзе напрыканцы прахода ён убачыў сполах агню, хлопчык павярнуў галаву, каб разглядзець, ці не быў там дракон, аднак тут іх ваганетка рэзка спусцілася ніжэй і яны паехалі панад падземным возерам, па берагах якога з падлогі і столі раслі сталакціты і сталагміты. - Ніколі не мог запомніць,- перакрыківаючы шум ваганеткі, прагаласіў Гары Хагрыду,- у чым розніцца між сталакцітамі і сталагмітамі. - У сталаміце, ёсь літра “м”- адказаў волат.- Але не пытай больш нічог, мне ваньтуе. Ён ўвесь ажно пазелянеў і калі ваганетка нарэшце супынілася, ля невялічкіх дзвярэй напрыканцы калідора, той выйшаў і колькі часу, цяжка дыхаючы стаяў прыціснуўшыся да сцяны, каб супыніць дрыжыкі ў каленях. Тым часам Грыпхук адчыніў дзверы. Са сховішча выслізнула хмара зялёнага дыму. Калі яна рассеялася, хлопчык вохнуў. На падлозе ляжалі горы залатых манетаў, стосы срэбных, не лічачы грудкі медных кнатаў. - Гэт сё тваё.- усміхнуўся Хагрыд. Гары ня верыў сваім вачам. Добра, што пра гэта сховішча ня ведалі Дурслі, інакш не паспеў бы хлопчык міргнуць, як тыя наклалі бы на скарб свае лапы. Яны столькі разоў скардзіліся, што Гары абыходзіцца ім задорага. І увесь гэты час недзе пад Лонданам, хлопца чакала невялічкае багацце. Хагрыд дапамог хлопцу пакласці колькі грошаў у гаманец. - Залатыя назваюц гальёнамі,- тлумачыў ён Гары.- У гальёне – сямнац сіклей, у сікле – двац дзевяць кнатаў, запомніў? Таго што мы зялі хопіць це на пару семесраў, а астат хай пачкае ў бяспецы. Добра, а цер у сховішч нумар 713,- павярнуўшыся да Грыпхука прамовіў ён.- І каль ласка, ці не можна запвольней? - Хуткасць толькі адна,- адказаў яму гоблін. Яны спусціліся яшчэ ніжэй і паехалі яшчэ хутчэй. Паветра на стромкіх паваротах станавілася ўсё халадней. Калі яны праяжджалі панад падземнай цяснінай, Гары нахіліўся, спрабуючы разглядзець яе дно, аднак тут Хагрыд чарговы раз застагнаў і за карак зацягнуў яго назад у ваганетку. Дзверы ў сховішча 713 ня мелі замочнай свідравіны. - Адсунцеся,- загадаў Грыпхук. Ён асцярожна правёў па дзвярах адным са сваіх доўгіх пальцаў і тыя папросту расталі. - Калі б нехта акрамя грынгацкага гобліна паспрабаваў бы іх адчыніць,- растлумачыў Грыпхук,- яго б папросту засмактала ўсярэдзіну. - А як часта вы правяраеце, ці няма там каго?- спытаўся Гары. - Недзе раз на дзесяць год,- з даволі непрыемнай усмешкай адказаў гоблін. Гары вырашыў, што ў сховішчы з падобнымі мерамі абароны павінна месціцца нешта занадзвычайнае. Ён вызірнуў з-за Хагрыда, чакаючы ўбачыць як найменьш казачны скарб... але спачатку яму здалося, што сховішча пустое. Толькі праз імгненне-другое ён заўважыў на падлозе нешта нікчэмнае і маленькае, загорнутае ў карычневую паперу. Брамнік падабраў пакунак і сунуў яго глыбока за пазуху. Хлопчыку карцела спытацца, што гэта такое, але ён здагадваўся, што рабіць гэтага ня трэба. - Хадзем, авяртаемся ў гэт пякельны кошык. І не размаляй са мной на зваротн шляху, я лепш не буд раскваць рота,- прамовіў Хагрыд. * Мінула яшчэ адна паездка на ваганетцы і вось Гары з Хагрыдам ўжо стаялі па-за межамі Грынгатса жмурачыся ад асляпляльнага сонца. Гары разважаў, на што з пачатку выдаткуе раптоўна зваліўшыеся на яго грошы. Ён не надта добра разумеў, колькі фунтаў у адным галеёне, але здагадваўся, што мае больш грошаў чым калі-небудзь... і нават больш, чым маюць Дурслі. - Мож табе схадзіць,- прамовіў брамнік, ківаючы ў бок майстэрні “Мадам Малкін: Вопрадка на ўсе выпадкі жыцця”,- набыць сбе школьну форму. А я калі т не супраць, схаджу ў Дзіравы кацёл па шклянчку. Як я ненвіджу грынгацкі вагнеткі.- ён па ранейшаму выглядаў злёгку хваравітым. Таму Гары, нервуючыся, самастойна увайшоў у майстэрню мадам Малкін. Гаспадыня майстэрні, была прысадзістай, усміхаючайся вядзьмаркай, апранутай у ружова-ліловую мантыю. - Ты ў Хогвартс, мой любы?- спыталася яна, раней чым Гары нават паспеў адкрыць рота,- пачакай хвіліначку... зараз я разбяруся вось з гэтым маладым чалавекам, мы хутка. У задняй часцы майстэрні на ўслончыку стаяў нейкі хлопчык з бледным завостранным тварам. Другая вядзьмарка падкарочвала мантыю, што была на яго апранута. Мадам Малкін, паставіла Гары на суседні ўслончык, перакінула праз яго галаву доўгую мантыю і таксама пачала ўкарочваць яе пад гарыны памеры. - Здароў,- прамовіў хлопчык.- Таксама ў Хогвартс? - Так,- адказаў Гары. - Мой бацька, набывае ў суседняй краме падручнікі, а маці купляе палачку,- манэрна расцягваючы кожнае слова, прамовіў хлопчык.- А потым я пацягну іх глядзець на гоначныя мётлы. Не разумею, чаму першагодкам забаронена мець ўласныя мётлы. Трэба будзе прымусіць бацьку ўсё ж такі набыць яе, а я як-небудзь зацягну мятлу ў школу. Гары імгненна прыпомніўся Дадлі. - А ў цябе ёсць свая мятла?- спытаўся хлопчык. - Ані,- адказаў Гары. - А ці ты граеш у кідытч? - Ані,- адказаў Гары, разважаючы, што гэта ўвогуле такое. - А я граю... бацька кажа, што будзе злачынствам, калі мяне не абяруць граць за мой Дом. І я з ім цалкам згодзен. А ці ты ведаеш у які Дом патрапіш? - Ані,- адказаў Гары, адчуваючы як дурнее з кожнай хвілінай. - Насамрэч, гэтага ніхто ня можа ведаць, але я ўпэўнены, што патраплю ў Слізэрын, там вучылася ўся наша сям’я... але, калі ўявіць, што я патраплю ў Хафлпаф... не я б тады пакінуў школу, а ты што як? - Хмм,- адказаў Гары, не ў стане прамовіць нешта больш канкрэтнае. - О! Зірні на гэту істоту!- раптам сказаў хлопчык, хістнуўшы галавой ў бок вітрыны. У майстэрню, усміхаючыся Гары, заглядаў Хагрыд, трымаючы ў руках два марозева, дэманструючы гэтым, што ня можа зайсці ўсярэдзіну. - Гэта Хагрыд,- прамовіў Гары, задаволены тым, што ведае нешта не знаёмае хлопчыку.- Ён працуе ў Хогвартсе. - Ааа,- адказаў той,- я пра яго чуў. Ён там слуга, ці нехта накшталт таго. - Ён палясоўшчык,- прамовіў Гары. Субяседнік з кожным імгненнем падабаўся яму меньш і меньш. - А, ну так. Я чуў, ён нехта накшталт дзікуна. Жыве ў халупе на тэрыторыі школы, час ад часу напіваецца і спрабуе чараваць, а ў выніку падпальвае ўласны ложак. - А я лічу, што ён найвыдатны,- халодна прамовіў Гары. - Няўжо! - крыху насмешліва заявіў хлопчык,- Хто ён табе? І дзе твае бацькі? - Яны загінулі,- хутка адказаў Гары. І ён не збіраўся абмяркоўваць гэта з хлопчыкам. - О, прабач,- прамовіў той, так бы і не збіраўся прабачацца.- Але яны былі з нашых? - Яны былі вядзьмаркай і чараўніком, калі ты пра гэта. - Я сапраўды лічу, што не нашым няма што рабіць ў школе. Ім ніколі не зразумець шляхі, якімі мы ходзім. Уяўляеш, большасць з іх нават ня ведалі аб існаванні Хогвартса, пакуль не атрымалі свой ліст. Лічу, што навучацца там павінны толькі нашчадкі старажытных сем’яў. А між іншым, як твае прозвішча? - Ну, ўсё гатова, мой любы,- прамовіла мадам Малкін, калі Гары ўжо збіраўся адказаць хлопчыку і ён ані кроплі не шкадуючы аб згубе суразмоўцы выслізнуў вонкі. - Ну, спадзяюся сустрэцца ў Хогвартсе,- працягнуў наўздагон хлопчык. Гары ціхінька ўзяў з хагрыдавых рук марозева (шакаладна-клубнічнае з арэхавай дробкай) і гэтак жа ціха прыняўся яго есці. - Што здарлася?- спытаў Хагрыд. - Нічога,- зылгаў Гары. Яны завіталі ў краму, каб набыць там пергаменту, пёры і чарнілы. Убачыўшы сярод тавараў ў краме, чарнілы, што падчас пісьма мянялі колер, Гары крыху павесялеў. Калі яны з Хагрыдам выйшлі надворак, хлопчык спытаўся: - Хагрыд, а што такое квідытч? - Вох, Гары! Весь час забваюся, як замал ты ведаеш аб наш свеце... нат пра квідытч! - Не трэба мяне дабіваць,- пакрыўджана сказаў Гары. Ён распавёў Хагрыду аб размове з бледнатварым хлопчыкам. -... а яшчэ ён заявіў, што дзяцей з маглаўскіх сем’яў нельга і блізка пускаць да школы... - Ты не з магласкай сям’і. Як бы ён вед хто ты... Калі йго бацькі чраўнікі, ён вырас чуйчы твае імя... Памяташ, што тварыла ў Дзіравм катле. І што ён, спраўды, мож ведць пра чраўнікоў з маглскіх сем’яў. Шмат налепшых чардзеяў былі з ўключна магласкіх родаў... напрык, твая маці! А паглядзь на ё сястру! - І ўсё ткі, што такое квідытч? - Наш спорт. Чардзейскі. Нешт падобна... падобна да футбола... але ў квідч гуляйць на мётлах і там чатыры мячы... мне цяжк растмачыць табе правілы. - А што такое Слізэрын і Хафлпаф? - Школьны Дамы. Іх чатыр. Кажць, што ў Хафлпафе вучца адны нікчэмы, але... - Іду ў заклад, што апынуся менавіта там,- змрочна прамовіў Гары. - Лешп Хафлпаф, чым Слізрын.- са злосцю ў голасе заявіў Хагрыд.- Большасць злых чраўнікоў і вядзмарк вучыліся ў Слізрыне. І адзін з іх Сам-Ведаш-Хто. - Вал... ой, прабачце... Самі-Ведаеце-Хто таксама вучыўся ў Хогвартсе? - Так, шмат год таму,- адказаў волат. Па падручнікі яны зайшлі ў кнігарню “Флорыш і Блотс” паліцы якой былі да самой столі застаўлены кнігамі разнастайнага памеру – там былі і вялізныя тамы, нагадваючыя тратуарную плітку ў скураной вокладке, і маленечкія кніжачкі, больш падобныя на паштовыя маркі абцягнутыя шоўкам; кнігі поўныя разнастайных сімвалаў і кнігі ў якіх ўвогуле не было анічога напісана. Нават Дадлі, які прынцыпова не браў кніг у рукі, ашалеў бы ад жадання мець хаця адну з іх. Хагрыду нават прыйшлося адцягваць Гары ад кнігі прафесара Віндзіктуса Вірыдзіяна “Праклёны і супрацпраклёны” (Зачаруй сваіх сяброў ці адпомсці сваім ворагам – выпадзенне валос, жэлейныя ногі, языкавяз і шмат, шмат іншых замоваў). - Я хачу высветліць, як прымусіць Дадлі гаўкаць. - Ня дум’ю, што гэт будзе добрай йдэяй. Я не папьрэдзіў це, але ты не вінен карыстаць магіяй у магласкім свеце... толькі ў вельм уключных выпдках,- ашаломіў хлопчыка Хагрыд.- Да тго ж каб крыстацца гэтмі змовамі, це трэб будзе вельм доўг вчыцца. Таксама брамнік не даў Гары набыць сабе шыкоўны залаты кацёл, бо ў спісе быў пазначаны алавянны. Затое яны набылі найлепшы набор шаляў і складны медны тэлескоп. Потым завіталі ў аптэку, змесціва якой было настолькі цікавым, што гэта цалкам кампенсавала жудасны пах (сумясь стухлых яек і гнілой капусты), што панаваў усярэдзіне. На падлозе стаялі бочкі з нечым слізкім; шклянкі з зёлкамі, засушаным карэннем і яскравымі парашкамі стаялі на паліцах ўздоўж сцен; а са столі звісалі пукі пер’я ды звязаныя на манэр караляў іклы і кіпцюры. Пакуль Хагрыд набываў сёе-тое за прылаўкам, Гары разглядаў то срэбныя рогі аднарога, па дваццаць адзін галеён за штуку, то бліскучыя жучыныя вочы па пяць кнатаў за конаўку. Пасля выхаду з аптэкі волат зноўку пераглядзеў гарын спіс. - Застлося тольк палчку набыць... ёйку, я збыўся аб твым падрунке на дзень нарджэння. Гары адчуў, што пачынае чырванець. - Вам ня трэба... - Ведаю, але хачу. Так, о... тбе трэбна жывёла. Не рпуха, яны вышлі з моды шмат год таму, з це смяца будць... і не котка – у мя на іх алергія. Сава, так. Усе дзець хоч саву, яны да жах карысныя, будзе ранк пошту насіць і гэд далей. Праз дваццаць хвілінаў яны пакінулі цёмны, поўны шоргату і мігацення бурштынавых вачэй, “Савіны супэрмаркет Эйлап”. Гары трымаў у руках вялізную клетку са схаваўшай галаву пад крыло палярнай савою. Ад захаплення хлопчык пачаў заікацца і цяпер размаўляў як прафэсар Квірэл. - До ўжо,- буркнуў Хагрыд.- Думаю Дурслі не надта радвалі це эткімі падрункамі. Так, застаў Алівандэр... толькі ён вырбляе лепшы палчкі, а це трэб найлепша. Чароўная палачка... вось яе Гары жадаў набыць больш за ўсё. Майстэрня Алівандэра была невялічкай і нікчэмнай. У пыльнай вітрыне на выцвілай падушцы ляжала адна адзіная палачка. А паўасыпаная пазалота шыльды казала: “Алівандэры: вытворцы лепшых палачак з 382 году да Нараджэння Хрыстова. Калі яны праходзілі ўсярэдзіну над уваходам празвінеў званочак. Крама была маленькай і пустой за выключэннем крэсла, на якое адразу ж сеў Хагрыд і акуратна складзеных ажно да столі стосаў скрыначак ўздоўж сцен. Гары адчуў сябе так, быццам трапіў ў бібліятэку з вельмі суровымі правіламі паводзін, таму адразу ж праглынуў тысячу пытанняў, якія імкнуліся зляцець з яго языка. Хлопчык глядзеў па баках, яго патыліцу чамусьці пакалвала. У майстэрне было ціха ды пыльна і само паветра, здавалася было прасякнута нейкім таямнічым чарадзействам. - Дабрыдзень,- прамовіў нечый мягкі голас, які прымусіў Гары падскочыць. Хагрыд магчыма таксама падскочыў, таму што раздалося гучнае храбусценне і той праз імгненне стаяў ўжо далёка ад кволага крэсла. Перад імі стаяў стары, які здавалася, быццам месячным святлом асвятляў цёмную майстэрню сваімі бледнымі вачыма. - Прывітанне,- неўклюдна адказаў яму хлопчык. - О, так,- прамовіў стары.- Так, так, так. Я ведаў што хутка ўбачу вас. Гары Потэр,- ён казаў гэта са стоадстодкавай упэўненасцю.- У вас маціны вочы. Здавалася яшчэ ўчора яна прыходзіла да мяне па сваю першую палачку – дзесяць з чвэрцю цаляў, вельмі паддатлівая, вярбовая. Найдалікатнейшая палачка для працы з замовамі. Містэр Алівандэр наблізіўся да Гары твар у твар. Хлопчык пачаў шалёна міргаць, бо ў срэбных вачах палачкароба было нешта жудаснае. - А палачка вашага бацькі - з чырвонага дрэва, гнуткая, адзінаццаць цаляў. Крыху магутнейшая, найбольш прыдатная для заняткаў ператварэннямі. І прысягаю, ваш тата быў варты сваёй палачкі... бо не чараўнік абірае палачку, а палачка чараўніка. Алівандэр так блізка наблізіў свой твар да гарынава, што той быў здатны бачыць сваё адлюстраванне ў цмяных вачай майстра. - І вось гэта... Доўгі белы палец Алівандэра дакрануўся да маланкападобнага шнару. - Мне прыкра гэта прызнаваць, але і гэту палачку зрабіў я,- ціха прамовіў ён.- Трынаццаць з паловай цаляў, цісавая. Магутная, вельмі магутная палачка, а апынуўшыся ў злых руках... Каб я ведаў, што вытварыць гэтая палачка, калі вырабляў яе... Ён захістаў галавою, а потым да вялікай гарынай палёкі пазнаў Хагрыда. - Рубеюс! Рубеюс Хагрыд! Прыемна зноў вас бачыць... Дуб, шаснаццаць цаляў, злёгку гнуткая? - Так, сэр, так,- адказаў волат. - Вельмі добрая палачка. Але мяркую, калі вас выганялі, яе зламалі напалам?- прамовіў стары і голас яго нечакана стаў вельмі лютым. - Ммм... так, сэр, так,- шморгаючы нагамі адказаў Хагрыд.- Аднак, ў мне застліся яе палоўкі,- шчасліва дадаў ён. - Але ж вы,- рэзка прамовіў палачкароб,- не карыстаецеся імі? - Не, сэр, не,- хутка адказаў волат і, як заўважыў Гары, шчыльна прыціснуў да сябе свой ружовы парасон. - Хммм,- містэр Алівандэр быццам прасвірдлаваў Хагрыда сваімі вачыма.- Так, а зараз... містэр Потэр. Давайце паглядзем.- ён выцягнуў з кішэні срэбную рулетку.- Якой рукой вы трымаеце палачку? - Эээ... ну, я праўша,- адказаў Гары. - Выцягніце сваю руку.- Алівандэр замерыў даўжыню гарынай рукі ад пляча да кончыкаў пальцам, потым ад запясця да локця, потым ад падпахі да каленяў і нават абмерыў яго галаву.- Кожная алівандэраўская палачка,- працягваў ён,- мае стрыжань з магутнай чароўнай рэчавіны – валасы аднарога, феніксавы пёры, драконавы сухажыллі. І як няма двух аднолькавых драконаў, аднарогаў ці феніксаў, так і няма двух аднолькавых палачак. І вядома ж з палачкай іншага майстра вы не атрымаеце настолькі добрых вынікаў. Раптам, Гары зразумеў, што рулетка, якая цяпер абмярала яго ноздры, рабіла гэта цалкам самастойна, а сам Алівандэр у гэты час гойсаў сярод паліц, здымаючы з іх скрыначкі з палачкамі. - Вось гэта,- прамовіў ён, калі рулетка мятай грудкай апынулася на падлозе.- Што ж, містэр Потэр, давайце паспрабуем яе. Бук і сардэчнае сухажылле дракона. Дзевяць цаляў. Далікатная і гнуткая. Вазміце яе і махніце. Гары, нічога не разумеючы, узяў палачку і злёгку махнуў ёй, але Алівандэр амаль адразу забраў яе назад. - Клён і пярына фенікса. Сем цаляў. Вельмі гнуткая. Паспрабуйце... Хлопчык ледзь паспеў падняць палачку... аднак майстар тут жа выхапіў яе з гарынай рукі. - Зноў ня тое... вось, чорнае дрэва і валоссе аднарога, восемь з паловай цаляў, пругкая. Гары паспрабаваў. Потым яшчэ. Ён ня ведаў чаго чакае Алівандэр. Ля хлопчыкавых ног утварылася вялізная груда выкарыстаных палачак, якая хутка была вышэй за кволае крэсла ў сярэдзіне майстэрні. Аднак сам палачкароб, здавалася з кожным разам быў ўсё шчаслівей. - Які ж вы складаны кліент. Але не хвалюйцеся, ідэальная палачка недзе тут, і хутка мы яе адшукеаем... Цікава... а чаму не... Незвычайнае спалучэнне... востраліст і феніксава пярына, восем цаляў, далікатная і гнуткая. Гары ўзяў яе ў рукі і раптам адчуў цяплыню, што прабяжала па пальцах. Хлопчык падняў палачку над галавой і рассёк пыльнае паветра, з яе кончыку стрэліў фантан іскрынак, адбіткі якіх затанчылі па сценах. Хагрыд загаласіў і пачаў пляскаць ў далоні, а Алівандэр ускрыкнуў: - Ай, брава! Так, сапраўды добра, вельмі добра. Так, так, так... але ж дзіўна... вельмі дзіўна... Ён узяў гарыну палачку, паклаў яе ў скрынку і загарнуў у карычневую паперу, працягваючы мармытаць, як ўсё гэта дзіўна. - Прабачце, сэр,- спытаў Гары, - але, што вы лічыце дзіўным? Містэр Алівандэр супыніў на хлопцы свае бледныя вочы. - Містэр Потэр, я памятаю кожную палачку, якую прадаў. Кожную. Так здарылася, што фенікс з хваста якога была ўзята пярына дзеля стрыжня вашай палачкі, даў яшчэ адно пяро... усяго толькі адно. І мне вельмі дзіўна, што менавіта вы былі прызначаны быць яе ўладаром, бо родная сястра вашай палачкі... менавіта яе сястра пакінула вам гэты шнар. Гары зглынуў. - Так. Трынаццаць з паловай цаляў. Цісавая. Цікавыя рэчы тварацца, цікавыя. Вы памятаеце я ўжо казаў вам, што палачка сама абірае свайго чараўніка... І думаю мы павінны чакаць ад вас вялікіх спраў, містэр Потэр... Бо і Той-Чые-Імя-Нельга-Называць рабіў вялікія справы... Так, жахлівыя, але ж вялікія. Гары ўздрыгануўся. Ён быў не ўпэўнены ці падабаецца яму Алівандэр. Хлопчык заплаціў яму сем галеёнаў і забраў скрыначку з палачкай. Гаспадар майстэрні пакланіўся яму і праводзіў да дзвярэй. * Далёка па апоўдні, калі сонца ўжо пачало хіліцца на захад, Гары і Хагрыд, прайшлі па Дыягон Алее, праз адтуліну ў сцяне мінулі спусцеўшы Дзіравы кацёл і выйшлі на маглаўскі прашпект. За усю дарогу Гары не вымавіў ані слова, ён нават не заўважаў што людзі, якія ехалі разам з ім у мятро, вытарапіўшыся глядзелі на палярную саву, што спала ў клетцы на гарыных каленях і дзіўныя пакункі ля яго ног. Толькі калі яны падняліся па эскалатары да вакзалу Парынгтон і Хагрыд паляпаў яго па плячы, хлопчык зразумеў дзе знаходзіцца. - У це ёсь час, каб пасілкаваць перад цягніком,- сказаў волат. Ён набыў сабе і Гары па гамбургеру і яны, прысеўшы на пластыкавых крэслах прыняліся есці. Гары азіраўся па баках. Усё, што сёння з ім здарылася было занадта дзіўным. - З тбой сё добра, Гары? Ты нейк маўклівы,- спытаўся брамнік. Хлопчык ня быў упэўнены, што ў стане нешта растлумачыць. Сёння быў самы лепшы дзень нараджэння за ўсё яго жыццё... але... ён жаваў гамбургер, спабуючы падабраць словы. - Усе лічаць мяне асаблівым,- нарэшце вымавіў ён.- Людзі з Дзіравага катла, прафесар Квірэл, містэр Алівандэр... але я зусім анічога ня ведаю пра магію. Як яны могуць чагосьці чакаць ад мяне, калі я нават не магу прыпомніць, чаму стаў знакамітасцю. Я ня ведаю, што адбылося калі Валь... ой, прабачце... ў тую ноч, калі загінулі мае бацькі. Хагрыд праз стол нахіліўся да Гары. Скрозь яго кашлатую бараду лунала ўсмешка. - Не турбуй, Гары. Ты хутк будзь ведаць сё, што тбе атрэбна. Ты апынеш у Хогвартсе, сьрод гэткіх ж ачаткоўцаў і з табой сё будзь файна. Папрост будзь самім сабой. Вед’ю, гэт будзь вельмі цяжка. Быць там дзе сё невьдома, заўжы цяжка. Аднак у Хогвартсе ты правьдзеш самы вдатны час сваго жыцця... як я сам... некалі, і цер, каль шчыра кзаць. Хагрыд дапамог Гары падняцца на цягнік, які павінен быў адвесці яго да Дурслі і працягнуў яшчэ адзін канверт. - Ось твой квіток на цягнік да Хогвартсу,- сказаў ён,- Першага верасня... вакзал Кінгс Крос... сё ёсь у квітку. Клі будць праблемы з Дурслі, ашлі мне ліст са сваёй савой, яна вед’е як мне знасці... Да сстрэчы ў Хогвартсе, Гары. Цягнік паволі крануўся з месца. Гары прыціснуўся да вакна, жадаючы глядзець на Хагрыда, пакуль той не схаваецца з вачэй, але не паспеў і міргнуць, як той знік.
— РАЗДЗЕЛ VI —
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.056 сек.) |