АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Вогненная страла

Читайте также:
  1. АРИЙСКАЯ ИМПЕРИЯ. ГИБЕЛЬ И ВОЗРОЖДЕНИЕ
  2. Второй этап
  3. Глава 1(2)
  4. Глава 10
  5. Глава 3
  6. Глава 39
  7. ГЛАВА ДВАДЦАТЬ ПЕРВАЯ
  8. Глава двенадцатая
  9. Глеб Портнягин, сорок четыре года, президент
  10. Глоссарий. Шабдакоша
  11. Данилов Б.А.

 

Гары вельмі цмяна памятаў, як дасягнуў склепу “Мядовага Герцага”, як рушыў па пераходзе і як зноў апынуўся ў Хогвартсе. Яму нават падалося, што зваротны шлях увогуле не заняў у яго часу. Хлопчык зусім не заўважаў таго, што робіць, бо галава яго была занята толькі адным, думкамі пра падслуханую размову.

Чаму ніхто не казаў яму пра гэта? Ані Дамблдор, ані Хагрыд, ані містэр Візлі, ані Карнэліюс Фадж... Чаму яны ніколі не казалі пра тое, што яго бацькі загінулі праз здраду лепшага сябра?

Рон з Герміёнаю падчас вячэры нервова пазіралі на Гары, не адважваючыся пачаць размову пра пачутае ў “Трох Мётлах”, бо паблізу ад іх сядзеў Пэрсі. Калі сябры дасягнулі Грыфіндорскай гасцёўні, яны знайшлі там Фрэда і Джорджа, якія, святкуючы заканчэнне семестра, падарвалі з паўтузіна гноебомб. Нягледзячы на тое, што блізняты вельмі цікавіліся, ці дабраўся ён да Хогсміда, Гары адразу ж рушыў да спальні і кінуўся да сваёй камоды. Ён адштурхнуў убок падручнікі, шукаючы падараваны Хагрыдам два года таму альбом, поўны фотакартак яго бацькоў. Хлопчык прысеў на ложку і пачаў гартаць старонкі альбому, пакуль на адной з іх не знайшоў...

Гары глядзеў на картку з бацькоўскага вяселля. З яе хлопцу махаў рукой тата, з непаслухмянымі чорнымі валасамі, якія тапыраліся ў розныя бакі, гэткімі ж як тыя, што дасталіся ў спадчыну яго сыну. Маці палала ад шчасця і трымала за руку свайго бацьку. А... паблізу ад бацькоў... Іх шафер... Як гэта раней не прыйшло ў галаву Гары.

Калі б ён дакладна не ведаў, ніколі не здагадаўся, што чалавек на старой фотакартцы і Блэк адна і тая ж асоба. На здымку ён не меў васкавой скуры, а твар быў не запалы, а прыгожы і поўны радасці. Ці Блэк ужо працаваў на Вальдэморта падчас фатаграфавання? Ці планаваў ўжо забойства двух людзей, што стаялі побач? Ці рабіў ўжо тое, за што правядзе дванаццаць гадоў у Азкабане? Дванаццаць гадоў, што зменяць яго да непазнавальнасці.

“Шкада, што дэментары не ўплываюць на яго”,- думаў Гары,- “што ён не ў стане пачуць перадсмяротныя енкі маёй маці...”

Гары зачыніў альбом і сунуў яго назад у камоду, потым распрануўся, зняў акуляры і лёг ў ложак, пераканаўшыся, што знайшоў тое, што выслізнула з-пад яго ўвагі.

Дзверы пакою адчыніліся.

- Гары?- няўпэўнена паклікаў Рон.

Але Гары ляжаў, не варушачыся, быццам спаў. Ён дачакаўся пакуль Рон сыйдзе, развярнуўся на спіну і лёг шырока расплюшчыўшы вочы.

Нянавісць, якой ніколі ў жыцці ён не адчуваў, бяжала праз яго кроў, быццам атрута. Гары бачыў Блэка, які смяяўся над ім, быццам на Гарыны вочы начапілі картку з фотаальбому. Ён бачыў быццам ўрывак з нейкага фільму, як Блэк выбухам разносіць Пітэра Пэцігру (які вельмі нагадваў Нэвіла Лонгботама) на тысячу кавалкаў. Ён чуў (хаця не ведаў сапраўднага голасу Блэка) нізкае мармытанне: “Мой Лорд... гэта здейснілася... Потэры зрабілі мяне сваім Сакрэтным ахоўцам...” А потым іншы голас, што смяяўся... гэдак жа, як той, які Гары чуў штораз, калі да яго набліжаліся дэментары...

*

- Гары, ты... ты выглядаеш жахліва.

Хлопец заснуў толькі перад самым світанкам. Калі ён расплюшчыў вочы, у пакоі ўжо нікога не было, ён хутка апрануўся і спусціўся, каб нечым паснедаць і знайшоў толькі Рона, які даядаў мятную жабку, паціраючы сабе жывот, і Герміёну, якая гатавала хатняе заданне, расклаўшы яго ажно на трох сталах.

- А дзе ўсе астатнія?- спытаўся Гары.

- З’ехалі! Ці ты памятаеш, што сёння першы дзень вакацыяў?- спытаўся Рон, уважліва пазіраючы на Гары.- Зараз час абеду, я ўжо збіраўся ісці, каб будзіць цябе.

Гары паваліўся на крэсла паблізу ад коміна. За вокнамі падаў снег. Крукшанс разлёгся перад агнём, нагадваючы вялізны руды дыванок.

- Ты сапраўды не надта добра выглядаеш,- прамовіла Герміёна, неспакойна гледзячы на яго твар.

- Са мной ўсё добра,- адказаў Гары.

- Паслухай,- суровым тонам сказала Герміёна, абменьваючыся позіркамі з Ронам.- Мы разумеем, што ты надта засмучаны тым, што ўчора пачуў. Але галоўнае, каб ты цяпер не нарабіў глупстваў.

- Напрыклад, якіх?- спытаў Гары.

- Напрыклад, паспрабаваў знайсці Блэка!- рэзка прамовіў Рон.

Гары вырашыў, што яны адрэпетыравалі гэтую размову, пакуль ён спаў. Гары сядзеў, не кажучы ані слова.

- Ты не зробіш гэтага Гары?- спыталася Герміёна.

- Блэк не варты таго, каб з-за яго памерці,- дадаў Рон.

Гары пазіраў на іх. Здавалася, яны не разумелі ўсяго.

- Ці вы ведаеце, што я чую штораз, калі ля мяне апыняюцца дэментары?- Рон і Герміёна, баязліва пазіраючы на яго, захісталі галовамі.- Я чую крыкі і мольбы маёй маці, якую вось вось павінен забіць Вальдэморт. Калі б вы чулі перадсмяротныя енкі сваіх бацькоў, вы б не разважалі аб гэтым настолькі лёгка. А калі б, да таго, ведалі, хто быў сябрам, які здрадзіў іх і аддаў Вальдэморту...

- З гэтым ўжо нічога не зробіш!- уразліва прамовіла Герміёна.- Але няхай Блэка зловяць дэментары і адправяць назад у Азкабан і... гэта будзе найлепш за ўсё!

- Вы чулі, што казаў Фадж. Азкабан не дзейнічае на Блэка так, як на астатніх людзей. Гэта не будзе для яго пакараннем.

- І што?- выглядаючы занадта напружаным, спытаўся Рон.- Ты вырашыў забіць Блэка... ці як?

- Не будзь ёлупам,- запанікавана прамовіла Герміёна.- Гары, ты ж не збіраешся анікога забіваць?

Гары ізноў анічога не адказаў. Ён не ведаў, чаго жадае. Але дакладна ведаў, што не падумае стаяць ў баку, пакуль Блэк на волі.

- Малфой ведае,- раптоўна прамовіў ён.- Памятаеце, на зеллеварстве? “Калі б ён паляваў на мяне... я распачаў бы паляванне ў адказ”

- Ты збіраешся прымаць парады Малфоя, а не нашы?- раз’юшыўся Рон.- Ты ведаеш... што атрымала маці Пэцігру, пасля таго як Блэк забіў яго? Тата распавядаў мне... Ёй даслалі ордэн Мэрліна першай ступені і палец яе сына ў скрыначцы. Гэта быў самы вялізны кавалак, які ад яго застаўся. Блэк вар’ят, Гары, і ён небяспечны...

- Напэўна, Малфою распавёў аб гэтым бацька,- праігнараваўшы Рона, працягваў Гары,- ён жа быў сярод прыбліжаных да Вальдэморту...

- Прашу, кажы “Самі Ведаеце Хто”?- сярдзіта прамовіў Рон.

-... відавочна, Малфой быў знаёмы з Блэкам, калі працаваў на Вальдэморта...

-... а яго сынок зшалее ад шчасця, калі цябе разарве на міліён кавалачкаў, як таго Пэцігру! Супакойся, Малфой папросту спадзяецца, што цябе заб’юць раней, чым яму прыйдзецца супрацьстаяць табе на квідытчным поле!

- Гары, калі ласка,- прамовіла Герміёна, яе вочы напоўніліся слязьмі,- будзь разумнейшым. Блэк зрабіў жудаснейшыя рэчы, але... але не трэба з-за гэтага ставіць сябе ў небяспеку, Блэк гэтага і жадае... ах, Гары, ты здзейнічаеш яму на руку, калі пойдзеш шукаць яго.Твае бацькі вельмі не хацелі б, каб ты пацярпеў, ці не так? Яны б не пажадалі, каб ты шукаў Блэка!

- Я ніколі не даведаюся пра тое, чаго б яны пажадалі, таму што, дзякуючы Блэку, ніколі не размаўляў з імі,- суха адказаў Гары.

Запанавала цішыня, падчас якой Крукшанс пышна пацягнуўся, выпусціўшы свае кіпцюры. Ронава кішэня шалёна задрыжэла.

- Слухайце,- сказаў Рон, каб хоць нейкім чынам змяніць тэму размовы,- зараз вакацыі. Ужо амаль надышлі Каляды! Прапаную... прапаную спусціцца і наведаць Хагрыда. Мы не рабілі гэтага напэўна ўжо сто год!

- Не!- імгненна вымавіла Герміёна.- Рон, Гары нельга пакідаць замак...

- Так, пойдзем,- працягваючы сядзець, сказаў Гары.- Я, між тым, спытаюся ў яго, чаму ён аніколі не ўзгадваў Блэка, калі распавядаў пра маіх бацькоў!

Але, напэўна, Рон меў на ўвазе зусім не працяг размовы пра Сірыюса Блэка.

- А яшчэ мы б маглі згуляць у шахматы,- паспешліва заўважыў ён, - ці ў плявакаменьчыкі. У Пэрсі...

- Не, мы пойдзем да Хагрыда,- цвёрда прамовіў Гары.

Яны апранулі свае плашчы, прайшлі праз адтуліну за партрэтам, які адразу ж прапанаваў ім супыніцца і пачаць змаганне, абазваўшы пры гэтым баязлівымі дварнякамі, потым рушылі па мармуровым сходам ўніз да дубовых дзвярэй уваходу.

Яны крочылі ўніз па некалі травяністым схіле, пакідаючы на бліскучым рассыпістым снезе дробныя разоры, іх шкарпэткі і падолы плашчоў прамоклі і змерзлі. Забаронены лес выглядаў так, бы нехта яго зачараваў, дрэвы пакрыліся срэбрам, а хаціна Хагрыда нагадвала ільдзяны торт.

Рон пастукаў у дзверы, але адказу не было.

- Няўжо ён кудысць сышоў?- спыталася Герміёна, хутаючыся ад холаду ў плашч.

Рон прыціснуў вуха да дзвярэй.

- Там нейкі дзіўны шум,- прамовіў ён,- можа, гэта Фанг?

Гары з Герміёнаю таксама прыціснуліся да дзвярэй. Усярэдзіне адчуўся шэраг нізкіх пульсуючых стогнаў.

- Можа, нам пайсці і паклікаць каго-небудзь?- знервавана спытаўся Рон.

- Хагрыд!- клікнуў Гары, грукочучы ў дзверы.- Хагрыд, ці ты там?

Адчуўся гук цяжкіх крокаў, затым дзверы рыпнулі. На ганак выйшаў Хагрыд, яго вочы былі апухлымі і чырвонымі, а на скураную камізэльку працягвалі каціцца слёзы.

- Вы чулі!- раўнуў ён і кінуўся на шыю да Гары.

Хагрыд быў, прынамсі, удвая больш за звычайнага чалавека, і Гары было зусім не да смеху. Ён ўжо быў гатовы рынуцца пад Хагрыдавым цяжарам на зямлю, але яго ўратавалі Рон з Герміёнаю, якія схапілі Хагрыда за рукі і адарвалі ад Гары, а потым з яго дапамогай адвялі таго назад у пакой. Палясоўшчык накіраваўся да стала, сеў на крэсла і схаваў свой пакрыты слязьмі твар у руках, працягваючы безкантрольна енчыць.

- Што здарылася, Хагрыд?- жахаючыся, прамовіла Герміёна.

Гары заўважыў на стале раскрыты ліст, які выглядаў, як афіцыйны.

- Што гэта, Хагрыд?

Хагрыд пасіліў свае енкі, слёзы залілі нават яго бараду, але працягнуў ліст Гары, і той прачытаў уголас:

 

“Паважаны містэр Хагрыд,

Мы прынялі да ўвагі ў нашым даследаванні аб нападзе гіпагрыфа на аднаго з навучэнцаў, запэўненні прафесара Дамблдора пра тое, што Вы не маеце аніякага дачынення да гэтага сумнага інцыдэнта”.

 

- Дык гэта ж добра, Хагрыд!- прамовіў Рон і папляскаў Хагрыда па плячы. Але той працягваў енчыць і махам сваёй вялічэзнай рукі прапанаваў Гары чытаць далей.

 

Тым не меньш мы павінны заўважыць нашую моцную заклапочанасць з нагоды гэтага гіпагрыфа. Мы вырашылі падтрымаць скаргу містэра Люцыюса Малфоя і перадаць справу пад кантроль Камітэту па знішчэнню небяспечных істотаў. Слуханні адбудуцца 20 красавіка, і мы запрашаем Вас разам з вашым гіпагрыфам наведаць ў гэты дзень офіс Камітэту ў Лондане. Гіпагрыф павінен быць закаваны і сядзець ў клетцы.

З павагаю...

 

Далей следаваў спіс чальцоў школьнай рады.

- Аёйку,- прамовіў Рон.- А ці ты ім казаў, што Бакбік не благі гіпагрыф, Хагрыд. Іду ў заклад, яны...

- Ты не ведаш, што за злыдні сяць у Камітэце па знішчэнні няспечных стотаў!- давячыся слязьмі і выціраючы твар рукавом, прамовіў Хагрыд.- Ім пакаж яку-небудзь любу зверанятку і яны дразу кінуцца яе катаваць!

Раптоўна адчуўся гук, які прымусіў Гары, Рона і Герміёну пужліва азірнуцца. У кутку ляжаў гіпагрыф Бакбік і нешта жаваў, а падлога ля яго была заліта крывёю.

- Я не мог кінуць го ў снезе!- усхліпваў Хагрыд.- У самоце! На Божнараджэнне!

Гары, Рон і Герміёна перазірнуліся. Яны аніразу шчэ не чулі, каб палясоўшчык называў любай звераняткаю істоту, якую іншыя людзі палічылі б за жахлівую пачвару. З другога боку, Бакбік быў не такі ўжо і небяспечны. А з пункту гледжання Хагрыда, даволі прыгожы.

- Табе прыйдзецца знайсці моцныя аргументы дзеля яго абароны, Хагрыд,- прамовіла, сядаючы паблізу ад палясоўшчыка і кладучы далонькі на яго перадплечча, Герміёна.- Я ўпэўнена, што ў цябе атрымаецца даказаць, што ён бяспечны.

- Гэт не мае сэнсу!- ўз’енчыў Хагрыд.- Гэты злыдні з камітэту, яны ўсе ў кішэні Люцуса Малфоя! Жахаюцца йго! І калі я праграю справу Бакбіка...

Хагрыд правёў рукою па горле, выдаў вялізны лямант і зноўку схаваў твар ў рукі.

- А што наконт Дамблдора, Хагрыд?- спытаўся Хагрыд.- звярніся да яго.

- Ён і так зрабіў дзель мне замнога,- прастагнаў той.- А цер му хапае праблемаў з дэментарамі, што хоўваюць замак і мкнуцца сюды трапіць, ды Сірыюсам Блэкам, што шлэндае вокал...

Рон з Герміёнаю хутка зірнулі на Гары, чакаючы, што той пачне наракаць Хагрыду пра пачутую ім праўду аб Блэку. Але хлопчык быў не ў стане зрабіць гэтага, калі бачыў Хагрыда гэткім няшчасным і напалоханым.

- Слухай, Хагрыд,- прамовіў ён,- ты не можаш задкі ісці. Герміёна мае рацыю, трэба добра падрыхтавацца да абароны. Ледзь што выклікай нас у якасці сведкаў...

- Я дзесь чытала аб падобным выпадку з гіпагрыфам,- задумліва прамовіла Герміёна.- І там ён быў уратаваны. Я пашукаю ў сваіх кніжках падрабязнасці, Хагрыд.

Хагрыд пачаў лямантаваць яшчэ мацней. Гары з Герміёнаю зірнулі на Рона.

- Ммм... а ці не папіць нам гарбаты?- прамовіў той.

Гары здзіўлена ўтаропіўся на сябра.

- Мая маці,- паціснуў плячыма Рон,- робіць гэдак штораз, калі хтось засмучаны.

Нарэшце, пасля колькіх запэўніванняў аб дапамозе і трымаючы ў руках дымлівы кубак, Хагрыд супакоіўся, дастаўшы насоўку памерам з абрус, высмаркаўся і прамовіў:

- Вы правы. Я нь вінен губляць кантроль. Трэб ўзяць сябе ў рукі...

Яго сабака Фанг нясмела рушыў пад сталом і паклаў сваю галаву Хагрыду на калені.

- Пошнім часам я быў, як не свой,- прамовіў Хагрыд, гладзячы адной рукой галаву Фанга, а другой выціраючы слёзы.- Непакоіў пра Бакбіка і пра тое, што ніхто не падабаў мае заняткі...

- Нам яны вельмі падабаюцца!- імгненна схлусіла Герміёна.

- Так, яны самыя файныя!- падтрымаў яе Рон, скрыжаваўшы пальцы пад сталом.- Між іншым.. як там маюцца чарвямлявы?

- Падохлі,- змрочна адказаў Хагрыд,- аеліся салаты.

- Вой, не!- усклікнуў Рон, ледзь стрымліваючы ўсмешку.

- І гэт дэментары прымшаюць мне чырванець ад жаху,- працягваў ён раптоўна ўздрыгнуўшы.- Штораз, як я рушу ў “Тры мятлы”, каб выпіць сягтаго і праходж праз іх, ачуваю бы зноўк у Азкабане...

Ён замоўк, глытаючы гарбату. Гары, Рон і Герміёна, не дыхаючы, назіралі за ім. Яны ніколі не чулі, каб Хагрыд раней узгадваў сваё кароткае перабыванне ў Азкабане.

- Там насамрэч настолькі жахліва?- пасля некаторай паўзы нясмела спыталася Герміёна.

- Нат не ўяўляце,- спакойна прамовіў Хагрыд.- Гэта наўрад хто спадабае. Я думаў, што еду з глузду. Я прыпомніў самыя найвялікі жахі, што сталіся са мной. Той дзень, як мне выключылі з Хогвартсу... як памёр мой татка... як прышлося развітаць з Норбертам...

Яго вочы зноўку напоўніліся слязьмі. Норберт быў дракончыкам, яйка з якім ён колісь выйграў у карты.

- Праз якісь час вы жо не ў стане прыпомніць, хто вы ё. І наогул не бачыць далей сэнс жыцця. Толькі спадзяёце памерці ў сне... Калі мяне выпусцілі, гэта быў, нібы другі дзень народзін. Зноўк нахлынулі шчаслівы спаміны. Гэта было лепшым пачццём у жыцці. Але, мяркую, дэментары вельм не хацелі мяне апускаць.

- Але ж ты быў не вінны!- сказала Герміёна.

Хагрыд гмыкнуў.

- А ці гэт іх цькавіць? Яны маюць пару сотняў чалавек, што знаходзяць пад іх аховаю, з якіх яны, бы тыя п’яўкі смокчуць шчасце. Ім нецькава, хто з іх вінен, а хто не.

Хагрыд зноў замаўчаў, гледзячы ў свой кубак.

- Я нат думаў,- ціха працягваў ён,- апусціць Бакбіка... але ж, як патлумачыць гіпгрыфу, што яму трэб хавацца? І... і шчэ я баюся парушыць закон.- ён зноўку зірнуў на іх вачыма поўнымі слёз.- Я не хачу зноў авярнуцца ў Азкабан.

*

Хаця паход да Хагрыда атрымаўся не надта вясёлы, ён зрабіў тое, на што і спадзяваліся Рон з Герміёнаю. Гары не забыўся пра Блэка, але перастаў увесь час разважаць аб помсце, бо моцна жадаў дапамагчы Хагрыду выйграць у Камітэта па знішчэнні небяспечных істотаў. У наступны дзень ён разам з Ронам і Герміёнаю ўжо сядзеў у бібліятэцы, абклаўшыся кнігамі, якія маглі б дапамагчы ім падрыхтавацца для абароны Бакбіка. Тройца сядзела ў Грыфіндорскай гасцёўні перад комінам, павольна гартаючы пыльныя тамы аб найвядомейшых выпадках нападу звяроў, паведамляючы астатнім, калі хтось знаходзіў нешта падобнае.

- Ага вось... выпадак адбыўся ў 1722 годзе... але гіпагрыф быў асуджаны... а мамка ж... глядзіце, што яны з ім зрабілі. Якая гідкасць...

- Вось, гэта можа дапамагчы... У 1296 годзе адбыўся напад мантыкоры, і яны дазволілі ёй... ёечку... не... гэта адбылося таму, што ніхто не адважыўся падыйсці да яе...

А па ўсім замку тым часам развешвалі калядныя ўпрыгожванні, нават нягледзячы на тое, што засталося замала навучэнцаў, каб насаладзіцца іх выглядам. Ува ўсіх калідорах сям-там віселі калядныя вяночкі з падубу ці амелы, усярэдзіне кожнага даспеху свяціліся таямнічыя агенчыкі, а галоўная зала, як і заўжды месціла ажно дванаццаць елак, упрыгожаных зіхоткімі залатымі зорачкамі. Густы смачны пах прыгатаванай ежы, які лунаў па калідорах замку, на куццю настолькі ўзмацніўся, што нават Скаберс высунуўся з ронавай кішэні і пачаў радасна нюхаць паветра.

Калядным ранкам Гары быў разбуджаны падушкай, якую кінуў у яго Рон.

- Прачынайся, час глядзець падарункі!

Гары надзеў акуляры і сеў на ложку, жмурачыся праз паўзмрок і памацаў невялічкую купку падарункаў, што стаяла побач. А Рон ўжо шпарка разгортваў паперу на сваіх.

- Чарговы швэдар ад маці... зноў бардовы... пабачыш яшчэ адзін будзе ў цябе.

Гэдак і было. Гары атрымаў у падарунак ад місіс Візлі швэдар пунцовага колеру з Грыфіндорскім ільвом на грудзях і тузін слодычаў хатняга вырабу, а таксама Калядны пірог і скрыначку гарэхавых ляндрынак. Але калі ён адсунуў усё гэта ўбок, пабачыў доўгі і тонкі пакунак, які ляжаў за імі.

- Што гэта?- спытаўся Рон, трымаючы ў руках толькі што выцягнутыя з пакунку бардовыя шкарпэткі.

- А я ведаю...

Гары разарваў пакунак і на яго ложак павалілася найпрыгажэйшая і найбліскучая мятла ў свеце. Рон кінуў свае шкарпэткі і падбег да Гарынага ложку, каб лепей разглядзець.

- Я ня веру ў гэта?- хрыплым голасам вымавіў ён.

Гэта была Вогненная страла, такая ж самая, як і тая мятла, на якую Гары зачаравана глядзеў, шпацыруючы па Дыягон Алее. Тронак мятлы зіхацеў, калі Гары падняў яе. Ён адчуў, як мятла завібравала, і адпусціў руку, Вогненная страла завісла ў паветры без аніякай падтрымкі на належнай вышыні, каб на яе было зручней сесці. Вочы хлопцаў перамясціліся на залаты рэгістрацыйны нумар, а адтуль на абцякальны хвост, зроблены з падагнаных адзін да аднаго бярозавых пруткоў.

- А хто табе яе даслаў?- ціхім голасам спытаўся Рон.

- Паглядзі, ці ёсць картка,- прамовіў Гары.

Рон разарваў пакунак Вогненнай стралы.

- Няма! Але ж хто мог змарнаваць гэткія грошы?

- Ну,- ашаломлена прамовіў Гары,- магу спрачацца, што гэта дакладна не Дурслі.

- Закладаюся, што гэта Дамблдор,- сказаў Рон, ходзячы вакол мятлы, усхвалявана вывучаючы кожную яе цалю.- Ён жа даслаў табе мантыю невядзімку ананымна...

- Але ж яна была маёмасцю майго бацькі,- адказаў Гары,- Дамблдор толькі перадаў яе мне. Аднак ён бы не стаў марнаваць дзеля мяне колькі сотняў Галеёнаў. Дамблдор не пойдзе на тое, каб падараваць навучэнцу штось падобнае...

- Таму і не сказаў, што гэта ад яго!- прапанаваў Рон.- Брыдотнікі, накшталт Малфоя, называюць гэта фаварытызмам. А мамка ж мая, Гары...- ён пачаў шалёна смяяцца.- Малфой! Ён ашалее, як той дзік! Гэта ж мятла міжнароднага ўзроўню!

- Не магу ў гэта паверыць,- мармытаў Гары, праводзячы рукою па страле, пакуль Рона круціла ад смеха.- Але ж хто..?

- Я ведаю,- узяўшы сабе ў рукі сказаў Рон.- Мяркую, што гэта мог зрабіць Люпін!

- Хто?- спытаўся Гары, сам пачаўшы смяяцца.- Люпін? Слухай, калі б у яго было столькі золата, ён перш за ўсё набыў бы сабе новую вопратку.

- Так, але ён моцна любіць цябе,- адказаў Рон.- І калі адбылося здарэнне з тваім Німбусам, ён быў ў ад’ездзе. Можа калі ён даведаўся аб гэтым, ён зазірнуў на Дыягон Алею і набыў Стралу дзеля цябе...

- Што ты маеш на ўвазе пад ад’ездам?- спытаўся Гары.- Калі адбываўся матч ён хварэў.

- Але ў шпітальным крыле яго не было,- заўважыў Рон.- Ці памятаеш, я там быў, калі чысціў начныя гаршкі ў якасці пакарання ад Снэйпа?

Гары пахмурліва зірнуў на Рона.

- Не чакаў ад Люпіна анічога падобнага.

- Над чым вы тут смеяцёся?

У пакой зазірнула Герміёна, яна была апранута ў хатні халат, а ў руках трымала надта разлютаванага Крукшанса, які быў абвіты вакол шыі мішурой.

- Не пушчай яго сюды!- прамовіў Рон, выхапіў Скаберса з глыбіні свайго ложку і схаваў у кішэню піжамы. Але Герміёна не слухала яго. Яна пусціла Крукшанса на пусты ложак Шымаса і, раззявіўшы рот, паглядзела на Вогненную стралу.

- Аёечку, Гары! Хто ж табе гэта падараваў?

- Не ведаю,- адказаў той,- у пакунку не было карткі.

Да яго вялікага здзіўлення Герміёна не была ўзбуджана ці заінтрыгаваная гэтай навіной. Наадварот яна зблажэла і закусіла губу.

- Што з табой?- спытаўся Рон.

- Не ведаю,- павольна адказала дзяўчынка,- але ўсё гэта вельмі дзіўна, ці не так? То бок, гэта ж наколькі мне вядома самая новая мятла?

Рон раздражнёна ўздыхнуў.

- Так, гэта самая лепшая мятла, Герміёна,- адказаў ён.

- І яна павінна каштаваць сапраўды задорага...

- Напэўна, значна больш, чым ўсе слізэрынскія мётлы разам,- шчасліва прамовіў Рон.

- Так... і нехта даслаў настолькі дарагі падарунак Гары і нават не назваўся?- працягвала яна.

- А каго гэта хвалюе?- нецярпліва прамовіў Рон.- Гары, ты ж даш мне на ёй пакатацца?

- Мяркую, пакуль на гэтай мятле не трэба лятаць,- пранізліва сказала Герміёна.

Гары і Рон зірнулі на яе.

- А што Гары з ёй рабіць? Падлогу падмятаць?- спытаў Рон.

Але перш чым дзяўчынка паспела адказаць, Крукшанс саскочыў з ложку Шымаса і кінуўся Рону на грудзі.

- ЗАРАЗ... ЖА... ЗАБЯРЫ... ЯГО... АДСЮЛЬ!- заравеў Рон, якому Крукшанс разарваў піжаму сваімі кіпцюрамі, а Скаберс выскачыў з кішэні і паспрабаваў уцячы праз Ронава плячо. Рон схапіў пацука за хвост і паспрабаваў стукнуць Крукшанса, але няўдала. Хлопчык трапіў нагою ў валізу, што стаяла ля Гарынага ложку і пачаў скакаць на адной назе, лямантуючы ад болю.

Каціная поўсць раптам ўздыбілася. Пакой напоўніўся пранізлівым бляшаным свістам. Кішэнны брыдаскоп выскачыў са старой шкарпэткі дзядзькі Вернана і пачаў шалёна круціцца і яскрава свяціцца.

- Я зусім забыўся на іх!- прамовіў Гары і нахіліўся, каб падабраць брыдаскоп з падлогі.- Я не карыстаюся гэтымі шкарпэткамі, калі ёсць магчымасць...

Брыдаскоп працягваў круціцца на яго далоні, Крукшанс шыпеў і фыркаў на прыладу.

- Занясі ты ўжо яго адсюль, Герміёна,- разлютавана прамовіў Рон, седзячы на ложку і паціраючы сваю нагу.- Ці ты не мог бы суцішыць яго?- дадаў ён Гары, калі Герміёна выходзіла з пакою, трымаючы Крукшанса, які працягваў злосна таропіць свае жоўтыя вочы на Рона.

Гары запхнуў брыдаскоп назад ў шкарпэтку і кінуў у валізу. Усё, што было зараз чутна, прыглушаныя Ронавы стогны ад болю і злосці. Скаберс спрабаваў схавацца ў яго руках. Ён упершыню за доўгі час пабачыў пацука па-за межамі кішэні Рона і быў непрыемна здзіўлены, угледзіўшы, што некалі тлусты Скаберс, зараз выглядаў вельмі схуднелым, а яго поўсць, здавалася, была месцамі пакрыта праплешынамі.

- Ён выглядае не надта здаровым,- прамовіў Гары.

- Гэта ад стрэсу!- сказаў Рон.- Калі б гэты дурны кавалак поўсці пакінуў яго ў супакоі, Скаберс выглядаў значна лепш!

Але Гары памяватаў словы прадаўшчыцы з “Чарадзейскага звярынца” пра тое, што пацукі жывуць не больш за тры гады. Ён лічыў, што нават калі ў пацука і ёсць нейкія звышнатуральныя сілы, яго жыццё падыходзіць да свайго завяршэння. Таксама Гары ведаў, што нягледзячы на вечныя скаргі Рона пра надакучлівасць і нікчэмнасць Скаберса, ён будзе вельмі сумаваць, калі той памрэ.

Гэтай раніцай Калядны дух слаба адчуваўся ў Грыфіндорскай вежы. Герміёна закрыла Крукшанса ў дзявочай спальне, але надта была раззлавана на Рона за тое, што той паспрабаваў стукнуць яе ўлюбёнца. Рон працягваў кіпець з-за новай спробы Крукшанса з’есці яго пацука. Гары адмовіўся памірыць іх і зараз займаўся вывучэннем Вогненнай Стралы, якую выцягнуў у гасцёўню. Герміёну гэта, здавалася, моцна раздражняла, але яна не казала аніслова і толькі змрочна пазірала на мятлу, быццам тая таксама пагражала яе кату.

Яны спусціліся на абед у галоўную залу. Усе сталы ў ёй былі прыціснуты да сценаў і толькі адзін стаяў пасярэдзіне. За ім сядзелі прафесары Дамблдор, МакГонагал, Снэйп, Спроўт і Флітвік, да якіх далучыўся нават наглядчык Філч, апрануты замест звычайнай карычневай курткі ў вельмі стары і моцна зацвілы фрак. Акрамя грыфіндорцаў за сталом месціліся толькі тры вучні, два надзвычайна знерваваныя першагодкі і слізэрынец з панурым тварам, што вучыўся ў Хогвартсе пяты год.

- З Божым Нараджэннем!- усклікнуў Дамблдор, калі Гары, Рон і Герміёна наблізіліся да стала.- Я палічыў, што нас надта замала і будзе дуротай выкарыстоўваць больш за адзін стол... сядайце, сядайце!

Грыфіндорцы селі побач адзін да аднаго ў самым куточку стала.

- Печыва!- з энтузіязмам прамовіў Дамблдор, працягваючы талерку Снэйпу. Той неахвотна узяў адно. У той жа момант печыва з трэскам разляцелася і ператварылася на вядзмарскі капялюш з пудзілам карчака на верхавіне.

Гары адразу прыпомніў богарта і злавіў позірк Рона. Яны абодва ўсміхнуліся. Снэйп скрывіў рот і штурхнуў капялюш прафесару Дамблдору, які імгненна надзеў яго замест свайго.

- Сквапна есці!- прамовіў дырэктар, ззяючым поглядам абводзячы прысутных.

Толькі Гары паклаў сабе ў талерку смажанай бульбы, як дзверы ў галоўную залу адчыніліся. Гэта была прафесарка Трэлані. Яна плаўна, бы мела колы, рушыла да стала. У гонар свята яна апранула зялёную сукенку з бліскаўкамі, што зрабіла яе яшчэ больш падобнай да бліскучую, ненатуральных памераў страказу.

- Сібіла, вось гэта прыемны сюрпрыз!- падымаючыся, прамовіў Дамблдор.

- Я глядзела ў магічны крышталь, дырэктар,- прамовіла Трэлані сваім звычайным містычна далёкім голасам,- і да свайго здзіўлення ўбачыла, што буду абедаць не ў самоце, таму паспяшалася далучыцца да вас. Хто я такая, каб спрачацца з загадамі лёсу? Таму пакінула сваю вежу і прашу прабачэння за некаторае спазненне...

- Вядома, вядома,- прамовіў Дамблдор, падміргіваючы.- Дазвольце запрапанаваць Вам крэсла...

І сапраўды, дастаўшы сваю палачку, ён папросту ў паветры намаляваў крэсла. Палачка некаторы час круцілася ў паветры, перш чым з глухім стукам упасці паміж прафесарамі Снэйпам і МакГонагал. Трэлані аднак не спяшалася садзіцца, яе вялізныя вочы азірнулі стол, і тут яна нечакана выдала нешта накшталт ціхага віска.

- Я не сяду сюды, дырэктар! Тады за сталом нас будзе трынаццаць! Гэта вельмі не паспяхова! Калі за сталом сядзяць трынаццаць чалавек, той, хто першы падымецца, першым жа і памрэ!

- Мы рызыкнем, Сібіла!- нецярпліва прамовіла прафесарка МакГонагал.- Сядай, ці індык будзе зусім халодным.

Прафесарка Трэлані пахісталася, затым моцна заплюшчыўшы вочы і рот, быццам чакала што са стала выбухне маланка, села на пустое крэсла. Прафесарка МакГонагал ткнула вялізную лыжку ў бліжэйшую міску.

- Ці не жадаеш рубца, Сібіла?

Прафесарка Трэлані праігнаравала яе словы. Яна раскрыла вочы, зноўку азірнулася і спыталася:

- Але ж дзе наш даражэнькі прафесар Люпін?

- Баюся небарака зноў захварэў,- прамовіў Дамблдор, паказваючы іншым, каб абслугоўвалі сябе.- Вельмі шкада, што гэта адбылося на Каляды.

- Але ж ты павінна была гэта ведаць, Сібіла?- падняўшы брыві, сказала МакГонагал.

Трэлані адаравала прафесарку МакГонагал надта халодным позіркам.

- Зразумела ж я ведаю, Мінерва,- ціха адказала яна.- Але не хвалюся. Я ўвогуле часцей паводжу сябе так, быццам не маю трэцяга вока, каб не нерваваць людзей.

- Гэта шмат, што тлумачыць,- з’едліва адказала МакГонагал.

Голас прафесаркі Трэлані раптоўна стаў менш цмяным.

- Калі жадаеш ведаць, Мінерва, я бачыла, што бедны прафесар Люпін не будзе з намі доўга. І, здаецца, ён сам гэта ведае. Ён імгненна збег, калі я прапанавала зірнуць па яго лёс ў магічны крышталь...

- Уяўляю сабе,- суха прамовіла МакГонагал.

- Сумняваюся,- прамовіў прафесар Дамблдор, вясёлым, але значна больш громкім голасам, каб супыніць спрэчку паміж дзвюма прафесаркамі.- што прафесару Люпіну штось моцна пагражае. Северус, ты ж зрабіў яму шчэ зелля?

- Так, прафесар,- адказаў Снэйп.

- Вось і добра,- сказаў Дамблдор,- гэта падыме яго на ногі ў імгненне вока... Дэрэк, ці каштаваў ты якусь з гэтых сардэлек? Яны даволі смачныя.

Хлопчык-першагодка густа пакрыўся барвянымі плямамі, гледзячы на дырэктара, потым дрыготкімі рукамі ўзяў адну сардэльку з місы.

Прафесарка Трэлані паводзіла сябе амаль нармалёва на працягу астатніх дзвюх гадзінаў Каляднага абеду. З перапоўненымі ўшчэнт жыватамі і апранутыя ў капелюшы, што з’яўляліся з выбухаючых печывак, Гары з Ронам першыя падняліся з-за стала і тут прафесарка раптоўна залямантавала.

- А мае ж вы даражэнькія! Хто з вас падняўся з-за стала першым? Хто?

- Не звярнулі ўвагі,- адказаў Рон, знервавана глянуўшы на Гары.

- Гэта не мае асаблівага сэнсу,- халодна прамовіла прафесарка МакГонагал.- Калі толькі за дзвярыма іх не чакае вар’ят з сякераю, каб забіць у Вестыбюле першага, хто падняўся.

Засмяяўся нават Рон. Прафесарка ж Трэлані выглядала вельмі абражанай.

- Хадзем!- паклікаў Герміёну Гары.

- Не,- прамармытала дзяўчынка,- мне шчэ трэба аб сім-тым пагаманіць з прафесаркай МакГонагал.

- Пэўна вырашыла высветліць, ці можа яна ўзяць яшчэ заняткаў,- пазіхаючы, прамовіў Рон, калі разам з Гары выходзіў у Вестыбюль, дзе, зразумела ж не было аніякага вар’ята.

Дабраўшыся да партрэта, што закрываў уваход у вежу, яны ўбачылі, што сэр Кэдаган святкаваў Божае Нараджэнне ў кампаніі двух манахаў, што некалі былі хогвартскімі дырэктарамі, і сваёй лашадкай. Ён адштурхнуў забрала свайго шалому і піў мядок са збану.

- З Нараджэннем... ік... Хрыстовым! Пароль!

- Злыдзень злы,- адказаў Рон.

- Што вы сказалі, сэр?!- заравеў рыцар, калі партрэт ад’ехаў угору.

Гары рушыў да спальні, узяў адтуль Вогненную стралу і набор для абслугоўвання мятлы, які Герміёна падаравала яму на дзень народзінаў, і спусціўся ў гасцёўню. Ён паспрабаваў знайсці штось, што патрабавала догляду, але ў мятлы не было аніводнага пагнутага прутка, а тронак ззяў так, што яго паліраванне было бессэнсоўным. Яны з Ронам папросту сядзелі і захоплена аглядалі Стралу з усіх бакоў. Раптам партрэт зноўку ад’ехаў угору, і на ганку аб’явіліся Герміёна і прафесарка МакГонагал.

Нягледзячы на тое, што прафесарка была Галавою грыфіндорскага Дому, за ўвесь час свайго перабывання ў Хогвартсе, Гары бачыў яе ў гасцёўні толькі адзін раз, калі яна рабіла вельмі сур’ёзную аб’яву. Хлопцы вытарапіліся на яе, працягваючы трымаць мятлу ў руках. Герміёна абыйшла іх колам, села і, ўзяўшы ў рукі бліжэйшую ж кнігу, схавала за ёй твар.

- Гэта яна і ёсць?- прыжмурыўшы свае маленькія вочы спыталася МакГонагал, яна падыйшла да коміна і паглядзела на мятлу.- Міс Грэйнджар паведаміла мне, што вы атрымалі яе ў падарунак, Потэр.

Гары і Рон зірнулі на Герміёну, але толькі ўбачылі яе зчырванелы лоб, які ўзвышаўся па-над кнігай, якую дзяўчынка трымала дагары нагамі.

- Ці можна?- спыталася прафесарка і, не дачакаўшыся адказу, працягнула руку за стралой. Яна старанна аглядзела яе з тронка да пруткоў хваста.- Хмм. І не было аніякай паштоўкі, Потэр? Картка? Можа, ліст?

- Ані,- разгублена адказаў Гары.

- Зразумела...- адказала прафесарка МакГонагал.- Ну, баюся, мне прыйдзецца забраць яе ў вас, Потэр.

- Я-як?- спытаўся Гары, падымаючыся на ногі.- Навошта?

- Яе неабходна праверыць на сурокі,- адказала прафесарка МакГонагал.- Я, канечне, не эксперт у гэтым, але, адважуся вас запэўніць, мадам Хуч і прафесар Флітвік здолеюць зняць іх...

- Зняць?- перапытаў Рон прафесарку, бы тая сшалела.

- Гэта зойме ўсяго колькі тыдняў,- прамовіла прафесарка.- Мы павінны быць ўпэўненыя, што на ёй няма праклёну.

- На ёй няма аніякага праклёну!- усклікнуў Гары дрыготкім голасам.- Калі шчыра казаць...

- Вы не можаце ведаць гэтага, Потэр,- мягка адказала МакГонагал,- ува ўсялякім выпадку, пакуль не сядзіце на яе і не паспрабуеце ўзляцець, але баюся, што пакуль аб гэтым не можа быць і гаворкі. Я буду трымаць вас у справе.

Прафесарка развярнулася на абцасах і праз адтуліну сыйшла вонкі, несучы Вогненную стралу ў руках. Гары стаяў і разгублена глядзеў ёй ўслед, працягваючы трымаць ў руках скрынку высокаякаснай паліролі. Рон развярнуў галаву ўбок Герміёны.

- Ты для гэтага засталася гаманіць з МакГонагал?

Дзяўчынка адкінула кнігу ўбок. Яе тварык ўсё яшчэ быў зчырванелым, але яна паднялася і абуральна паглядзела ў твар Рону.

- Так, бо я вырашыла... і прафесарка МакГонагал пагадзілася са мной... што хутчэй за ўсё адзіны чалавек, які мог зрабіць Гары падобны падарунак - Сірыюс Блэк!

 

— РАЗДЗЕЛ XII —

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.032 сек.)