|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Снэйпава абраза
У гэтую ноч у Грыфіндорскай Вежы аніхто не спаў. Замак зноў ператрушвалі і грыфіндорцы сабраліся разам у сваёй гасцёўне, чакаючы звестак, ці злавілі нарэшце Блэка. Але на досвітку ў пакой завітала прафесарка МакГонагал, каб паведаміць пра тое, што ён зноўку уцёк. Калі на наступны дзень вучні пакінулі сваі пакоі, яны адразу забачылі прыкметы ўзмацнення аховы. Прафесар Флітвік стаяў ля ўваходных дзвярэй, навучаючы іх распазнаваць Сірыюса Блэка па яго вялізным партрэце. Філч нечакана аб’яўляўся сям-там у калідорах, забіваючы дошкамі мышыныя норы і самыя найдрабнейшыя шчыліны ў сценах. Сэр Кэдаган быў звольнены з пасады і вярнуўся на сваё папярэдняе месцазнаходжанне на сёмым паверсе, а на свой пост зноўку заняла Тлустая Пані. Яе партрэт быў па-майстэрску адноўлены, але сама Пані выглядала па ранейшаму вельмі знерваванай і вярнулася на працу з ўмоваю ўзмацнення сваёй абароны. Таму для яе бяспекі былі наняты колькі панурых троляў-ахоўнікаў. Яны бадзяліся па калідоры пагрозлівай кампаніяй, размаўляючы між сабой буркатаннямі і хвалячыся адно перад адным памерамі сваіх доўбняў. Гары не мог не заўважыць, што статуя аднавокай вядзьмаркі на чацвёртым паверсе засталася без нагляду і блакавання. Ён зразумеў, што блізняты Фрэд і Джордж мелі рацыю - толькі яны... а цяпер яшчэ Гары, Рон і Герміёна ведалі аб наяўнасці ў ёй патайнога прахода. - Як лічыш, ці павінны мы сказаць каму аб гэтым?- спытаўся Гары ў Рона. - Мы ведаем, што ён не ішоў праз “Мядовага герцага”,- пагрэбліва адказаў Рон,- бо калі б там адбыўся ўзлом мы адразу пазналі аб гэтым з навінаў. Гары быў задаволены падобным адказам Рона. Бо, калі б праход у аднавокай вядзьмарцы быў заблакаваны, ён ніколі не змог наноў трапіць ў Хогсмід. Рон жа імгненна стаў знакамітасцю. Упершыню за ўвесь час яго перабывання ў Хогвартсе, больш увагі звярталі на яго, а не на Гары. Тым больш, было зразумела, што Рон атрымлівае з гэтага моцную асалоду. І хаця ён ўсё яшчэ быў надта ўзрушаны падзеямі той ночы, калі хто пытаўся ў яго, з задавальненнем у дэталях распавядаў пра здарэнне. -... Я ўжо спаў і тут адчуўся нейкі незвычайны шум, я вырашыў што сню яго, таму працягваў дрыхаць далей. І тут нечакана адчуў скразняк... Прачнуўся... бачу адна з фіранак на балдахіне быццам адсунута... развярнуўся... бачу нада мной стаіць ён... як той шкілет з кучмай брудных доўгіх валасоў... і вялізны нож трымае, цаляў напэўна дваццаць даўжынёй... Ён глядзіць на мяне, я на яго. Тут я закрычаў, а ён даў драла. - А насамрэч чаму?- спытаўся Рон у Гары, калі гурток дзяўчынак-другагодак, што слухалі яго апавяданне адыйшоў.- Чаму ён збег? Гары самога гэта надта цікавіла. Чаму Блэк, памыліўшыся ложкам, не прымусіў Рона маўчаць, каб далей шукаць Гары? Блэк, які дванаццаць гадоў таму, не разважаючы, забіў купу нявінных людзей, на гэты раз спужаўся, трапіўшы на пяцярых бяззбройных хлопцаў, чацвёра з якіх спалі. - Напэўна, яму каштавала значных намаганняў трапіць ўсярэдзіну, а калі ты закрычаў, ты пабудзіў увесь Дом.- разважаў Гары.- Яму б, напэўна, прыйшлося забіць увесь Грыфіндор, каб дабрацца да адтуліны... а тут і настаўнікі б падаспелі... Нэвіл быў усеагульна зганьбаваны. Прафесарка МакГонагал была настолькі разлютавана на яго, што забараніла ўсе яго будучыя візіты ў Хогсмід, наклала на яго пакаранне і забараніла даваць яму пароль ад уваходу. Цяпер Нэвіл быў вымушаны штораз доўга чакаць ля ўваходу ў вежу, каб разам з кімсьці трапіць ў гасцёўню, вытрымліваючы на сабе непрыемныя касыя погляды троляў-ахоўнікаў. Аднак аніводнае з пакаранняў не было горшым за то, што пра здарэнне паведамілі яго бабулі. Мінула два дні і Нэвіл атрымаў тое, чаго баяліся ўсе хогвартскія студэнты – лямантоўку. Шторанку, совы, як і заўжды, заляцелі ў галоўную залу, каб даставіць ўсім вучням пошту. І тут Нэвіла пачало душыць, вялізная сіпуха, якая прызямлілася ля яго, трымала ў дзюбе пунсовы канверт. Гары з Ронам, што сядзелі насупраць, адразу прызналі ў ім лямантоўку - два гады таму, падобную ж Рон атрымаў ад сваёй маці. - Цікай, Нэвіл,- параіў Рон. Лонгботаму не трэба было казаць двойчы. Схапіўшы лямантоўку і трымаючы яе перад сабой, нібы бомбу, ён ашалела кінуўся з залы, а слізэрынскі стол выбухнуў ад смеху, гледзячы на гэту выяву. Аднак нягледзячы на тое, што Нэвіл раскрыў канверт у Вестыбюле... ўсе вучні пачулі голас Нэвілавай бабулі, які з дапамогай магіі быў узмоцнены ў сто разоў. Бабуля лямантам наракала Нэвілу, што той нанёс ганьбу на шляхетнае імя сваёй сям’і. Уся ўвага Гары была зараз накіравана на шкадаванне Нэвіла, таму ён не адразу пабачыў, што і сам атрымаў паштоўку. Але Хэдвіг нагадала яму аб гэтым, колькі разоў каротка падзюбаўшы яго па запясці. - Аёй! А... дзякуй, Хэдвіг... Гары разарваў канверт, а яго сава адыйшла ўбок, каб падсілкавацца кукурузнымі хлапякамі, пакінутымі Нэвілам на стале. У паштоўцы быў ліст ад Хагрыда.
“Даражэнькія Гары і Рон, Як вы наконт папіць разам гарбаты сёння а шостай вечара? Я зайду за вамі і забяру. ЧАКАЙЦЕ МЯНЕ У ВЕСТЫБЮЛЕ, ВАМ САМІМ АНІХТО НЕ ДАЗВОЛІЦЬ ПАЙСЦІ. Забачымся, Хагрыд”.
- Пэўна, хоча пачуць новыя звесткі пра Блэка!- прамовіў Рон. А шостай вечара Гары і Рон пакінулі Грыфіндорскую вежу, прайшлі міма троляў-ахоўнікаў і спусціліся ў Вестыбюль. Хагрыд ўжо чакаў іх там. - Здароўку, Хагрыд!- прывітаўся Рон.- Ты, напэўна, жадаеш пачуць падрабязнасці таго, што адбылося ў суботу ноччу? - Я жо чуў,- адказаў Хагрыд і, адчыніўшы ўваходныя дзверы, павёў іх па-за межы замку. Рон толькі злёгку збянтэжана вохнуў. Першае, што яны заўважылі, завітаўшы ў Хагрыдавую халупу, быў Бакбік. Ён ляжаў у куточку на лапікавай коўдры, шчыльна прыціснуўшы свае вялізныя крылы да бакоў, і ласаваўся дохлымі тхарамі з вялізнай місы. Адвярнуўшы галаву ад гэтага жахлівага відовішча, Гары ўбачыў велізарны карычневы касцюм з грубай тканіны і жахлівы жоўта-памаранчавы гальштук, што віселі на дзверцах шафы. - Навошта яны табе?- спытаўся хлопчык. - Трэб ехаць на разгляд бакбікавай справы ў Камітэт па знішэнні няспечых істотаў,- адказаў Хагрыд.- У гэт пятніцу. Загадалі пад’ехаць мне і яму, разам. Я жо замовіў месц ў Начным Омнібусе... Гары адчуў непрыемныя дакоры сумлення. Ён зусім забыўся пра набліжэнне суда над Бакбікам і Рон, як Гары зразумеў, глянуўшы ў яго бок, таксама. Больш таго, яны прыпомнілі, што абяцалі Хагрыду падрыхтаваць штось для абароны гіпагрыфа, але, захапіўшыся Вогненнай стралой, на ўсё забыліся. Хагрыд наліў ім гарбаты і прапанаваў блюды са здобнымі булкамі, аднак, маючы досвед аб кухарскіх здольнасцях палясоўшчыка, яны не надта спяшаліся імі пачаставацца. - Я ждаў бы пагутарыць аб сім-тым з вамі двума,- сказаў Хагрыд, сядаючы паміж імі і выглядаючы надзвычай сур’ёзна. - Пра што?- спытаўся Гары. - Пра Герміёну,- адказаў той. - А што з ёй?- спытаўся Рон. - З ёй сё добра. Але ёй вельмь самотна. Пасля Клядаў яна шмат разоў жо прыходзіла сюды. Яна сумуе па вас. Спачатк вы не гаманілі з ёй з-за Стралы, цер з-за таго, што яе кот... -... зжэр Скаберса,- люта дадаў Рон. - Таму што яе кот павёў сябе, як і трэба паводзіць кату,- упарта пацягнуў Хагрыд.- Яна ўжо кольк разоў плакала тут ад гэткай неспрадлівасці. А ў яе зараз надшлі цяжкія часы. Яна кусіла больш, чым можа пражваць і ўвесь час змушна працаваць. Але сё роўн вынашла хвілінку - другую, каб дапмагчы мне ў справе Бакбіка, ці ведаець... яна адшукала сё-тое... лічу, што церча Бакбік мае маленечкі шаньц... - Хагрыд, мы таксама абяцалі табе дапамагчы... прабач але...- разгублена казаў Гары. - Я це не вінавачу!- адмахнуўся ад яго прабачэнняў Хагрыд.- Бог ведае, у це не было анівольнае хвіліначкі. Я бачыў, як ты трэніраваўся у квідыч і ўдзень і ўночы... але ведаш, я думаў, што для вас сябры важнейшыя за мётлы і пацкоў. Ось. Гары з Ронам няёмка зірнулі адно на аднаго. - А шчэ больш, Герміёна была зсмучана, калі Блэк ледзь не збіў цябе, Рон. Яна мае такое вяліка сэрцанька, а вы з ёй не размаўляеце... - Калі б яна пазбавілася ад гэтага ката, я б зноў пачаў бы з ёй размаўляць!- люта прамовіў Рон.- Але яна ўвесь час бароніць яго! Ён сапраўдны маньяк, але яна не жадае нічога чуць пра гэта! - Ну, людзь заўжды без глузду ставяцца да сваіх любёнцаў,- адказаў палясоўшчык, за яго спіною Бакбік выплюнуў колькі тхарыных костак на ягоную падушку. Астатні час яны правялі, абмяркоўваючы, наколькі палепшыліся ў грыфіндорцаў шанцы на атрыманне Кубку Хогвартса. А дзявятай вечара Хагрыд адвёў іх назад у замак. Калі яны вярнуліся ў гасцёўню, ім на вочы трапіла вялізная купа людзей, што згрудзіліся ля дошкі аб’яў. - У наступныя выходныя наведванне Хогсміда!- выцягнуўшы шыю, прачытаў на дошцы Рон.- Што думаеш?- спытаўся ён у Гары, калі яны прыселі на крэслы. - Ну, Філч пакуль не ведае аб праходзе да “Мядовага герцага”...- надта спакойным голасам прамовіў Гары. - Гары!- адчуўся голас над яго правым вухам. Хлопчык ўздрыгануўся і, развярнуўшыся, убачыў Герміёну, што сядзела за сталом адразу за ім. Яна зрабіла адтуліну ў стосах кніг за якімі хавалася. - Гары, калі ты зноўку пойдзеш у Хогсмід... я раскажу аб мапе прафесарцы МакГонагал!- сказала яна. - Ты штось чуў, Гары?- гыркнуў Рон, нават не гледзячы на Герміёну. - Рон, ты не можаш запрашаць Гары з сабою. Асабліва пасля таго, што Сірыюс Блэк ледзь не зрабіў з табою. Вось пра што я... я скажу... - Ты жадаеш, каб Гары выключылі!- люта адказаў Рон.- Ці не шмат шкоды ты ўжо зрабіла ў гэтым годзе? Герміёна раскрыла рота, каб нешта адказаць, але тут з мягкім шыпеннем на яе калені скокнуў Крукшанс. Яна напалохана зірнула на выраз ронавага твару, падхапіла ката і паспяшалася ў свой пакой на дзявочым баку. - Ну дык што?- спытаўся Рон ў Гары, быццам х размова і не перапынялася.- У мінулы раз ты амаль нічога не бачыў. Нават не быў у Зонкі! Гары азірнуўся, каб пераканацца, што Герміёна яго не чуе. - Згода,- адказаў ён.- Але ў гэты раз, думаю, трэба будзе ўзяць мантыю-невядзімку. * Суботняй раніцай Гары паклаў мантыю-невядзімку ў торбу, сунуў у кішэню мапу паскуднікаў і спусціўся разам з астатнімі да сняданку. Герміёна кідала на яго падазроныя погляды, але Гары імкнуўся пазбягаць яе вачэй і быў вельмі асцярожным, каб не даць ёй анічога заўважыць. Ён паслухмяна рушыў угору па мармуровых сходах, калі астатнія вучні згрудзіліся перад уваходам. - Бывай!- крыкнуў ён Рону.- Пабачымся пасля таго, як павярнешся! Рон усміхнуўся і падміргнуў яму. Гары паспяшаў на чацвёрты паверх, дастаючы на хаду мапу паскуднікаў. Пракраўшыся за статую аднавокай вядзьмаркі, ён разгладзіў яе. У яго бок рушыла невялічкая кропачка. Гары нахіліўся бліжэй да мапы. Маленечкі надпіс ля кропачкі абвяшчаў аб набліжэнні Нэвіла Лонгботама. Гары хутка выцягнуў палачку, прамармытаў “Дысэндзіюм!” і кінуў торбу ў раскрыты горб. Але не паспеў нырнуць туды сам, бо з-за вугла выйшаў Нэвіл. - Гары! А я й забыўся, што ты таксама не ідзеш у Хогсмід! - Здароўку, Нэвіл!- прамовіў Гары, хутка адышоўшы ад статуі, па дарозе запіхваючы мапу ў кішэню.- Што ты тут робіш? - Анічога,- паціснуў Нэвіл плячыма.- Ці не жадаеш згуляць у выбуховыя карты? - Мммм... не, не зараз... мне трэба зайсці ў бібліятэку, зрабіць сачыненне аб упірах для Люпіна... - Я з табою!- вясёла прамовіў Нэвіл.- я таксама анічога яшчэ не зрабіў! - Вой... я забыўся... так, я скончыў яго яшчэ ўчора ўвечары! - Супер, можа, дапаможаш мне!- сказаў Нэвіл і на яго круглым твары адлюстравалася туга.- Я не зразумеў, якім чынам дзейнічае часнык... яны павінны з’есці яго ці... Нэвіл прыпыніўся на паўслове і, сцішыўшы дыханне, зірнуў праз Гарына плячо. На іх глядзеў Снэйп. Нэвіл хутка схаваўся за Гары. - Што вы двое тут робіце?- спытаўся прафесар, падыходзячы да іх і пазіраючы то на аднаго то на другога.- Даволі дзіўнае месца для сустрэчы... Гары значна занепакоіўся, калі чорныя вочы Снэйпа зірнулі на дзверы з абодвух бакоў ад іх, а потым на статую аднавокай вядзьмаркі. - Мы не дамаўляліся аб... сустрэчы,- адказаў Гары.- Мы сутыкнуліся... выпадкова. - Няўжо?- спытаўся прафесар.- Ты маеш звычку аб’яўляцца ў самых нечаканых месцах і вельмі рэдка гэта здараецца выпадкова... Я прапаную вам абодвум зараз жа рушыць ў Грыфіндорскую вежу, дзе вы і павінны быць. Гары і Нэвіл моўчкі пайшлі да вежы. Калі яны заварочвалі за вугал, Гары азірнуўся назад. Снэйп стаяў ля статуі і круціў рукамі па-над яе галавой, уважліва разглядаючы вядзьмарку. Гары адвязаўся ад Нэвіла толькі ля партрэта Тлустай Пані, ён сказаў яму пароль, а сам, зрабіўшы выгляд бы забыў сваё сачыненне аб упірах у бібліятэцы, рушыў назад. Калі ён апынуўся па-за межамі позірку троляў, ён зноўку выцягнуў мапу і паднёс яе да носу. Здавалася, што калідор на чацвёртым паверсе спусцеў. Гары ўважліва аглядзеў мапу і з палёгкаю заўважыў, што кропачка, пазначаная як “Северус Снэйп”, зноўку сядзела ў сваім кабінеце. Ён пабег да статуі аднавокай вядзьмаркі, адкрыў яе горб, з цяжкасцю перакуліўся праз адтуліну і слізгануў уніз, сустрэўшыся са сваёй торбаю на дне каменнага жолабу. Ён выцер мапу паскуднікаў і рушыў па праходзе. * Гары, цалкам схаваўшыся пад мантыяй-невядзімкай, выслізнуў на вуліцу з дзвярэй “Мядовага герцага” і штурхнуў Рона ў спіну. - Гэта я,- прамармытаў ён. - Чаму ты затрымаўся?- шыкнуў Рон. - Снэйп круціўся паблізу... Яны рушылі на галоўную вуліцу вёскі. - Ты дзе?- ускрайкам вуснаў прамармытаў Рон.- Ты яшчэ тут? Гэта ўсё вельмі дзіўна... Яны ўвайшлі на пошту. Рон зрабіў выгляд, быццам вывучае кошты на соў, каб адаслаць паштоўку ў Ягіпет свайму брату Білу, а Гары тым часам меў магчымасць уважліва азірнуцца. На жэрдачках пад столлю сядзела не менш за трыста разнастайных соў ад агромністых няясыцяў да маленечкіх сплюшак, якіх выкарыстоўвалі для мясцовых перавозак, тыя былі настолькі крыхуткімі, што маглі б змясціцца ў Гарынай далоні. Потым яны наведалі краму Зонкі, якая была настолькі моцна забітая навучэнцамі, што Гары трэба было быць вельмі асцярожным, каб не наштурхнуцца на кагось з іх і не выклікаць панікі. Тут прадаваліся разнастайныя штукі і прылады, з дапамогай якіх мажліва было выканаць самыя смелыя мроі Фрэда і Джорджа. Гары шэптам прамовіў Рону заказы і перадаў з-пад мантыі крыху грошай. Яны пакінулі Зонку са значна палягчэлымі гаманцамі, але іх кішэні былі забітыя гноебомбамі, ікаўковымі слодычамі, мылам з жабінай ікрой і носакуснымі філіжанкамі. Дзень быў ясным і свежым, таму ім не хацелася заходзіць ў якіясь памяшканні. Гары з Ронам абмінулі “Тры мятлы” і рушылі да Лямантуючай халупы, самага вядомага ва ўсёй Брытаніі дома з прывідамі. Халупа з яе вокнамі забітымі дошкамі і запусцелым садам стаяла крыху наводдаль ад астатняй вёскі і нават пры дзённым святле выглядала крыху жудаснай. - Нават хогвартскія прывіды амінаюць яе,- прамовіў Рон, калі яны стаялі і глядзелі на Халупу, абапёршыся аб плот.- Я пытаўся ў Амаль Безгаловага Ніка... ён паведаміў што тут месціцца надта небяспечная талака. І аніхто не можа трапіць ўсярэдзіну. Фрэд з Джорджам неяк спрабавалі, аднак усе ўваходы ў яе былі моцна забітыя. Пасля пад’ёму Гары невыносна ўзапрэў і нават вырашыў на колькі хвілін скінуць з сябе мантыю-невядзімку, але непадалёк адчуліся галасы. Нехта падымаўся да Халупы з іншага боку ўзгорку. Праз колькі імгненняў яны ўбачылі Малфоя, за якім рушылі Крэйб і Гойл. Драко аб нечым распавядаў ім. -... у любы момант я магу атрымаць саву ад свайго бацькі. Ён павінен быў распусціць чуткі пра маю руку... аб тым, што я не мог ёй карыстацца ажно тры месяцы... Крэйб з Гойлам загігікалі. - Мне было вельмі гідка слухаць, як гэты вялізны ёлуп, спрабаваў яго абараніць... “Ён не мае нячог благога...”... добры гіпагрыф – мёртвы гіпагрыф... Раптам, Малфой заўважыў Рона. Яго бледны твар злавесна ашчэрыўся. - Што ты тут робіш, Візлі? Драко заўважыў трухлявы дом за Ронавай спінай. - Выкажу здагадку, што ты вырашыў перабрацца сюды, Візлі? Марыш аб ўласным пакоі? Я чуў вы ўсе спіце ў адным... гэта праўда? Гары схапіў Рона, які ўжо збіраўся кінуцца на Малфоя, за край вопраткі і спыніў яго. - Пакінь яго мне,- шыкнуў ён на вуха сябру. Нельга было страчваць гэткую цудоўныю магчымасць. Гары крадком амінуў Малфоя, Крэйба і Гойла, па дарозе зачарпнуўшы поўныя жмені бруду. - А мы тут якраз абмяркоўвалі твайго сябра Хагрыда,- паведаміў Малфой Рону.- Толькі ўяві сабе, што ён гаманіў перад камісіяй Кабінета па знішчэнні небяспечных істотаў. Думаеш, ён будзе плакаць, калі яго гіпагрыфу адсякуць... ПЛЯСЬ! Галава Малфоя ад удара тузанулася на перад, а з яго серабрыста-белага валосся пачаў крапаць бруд. - Што за..? Рон смяяўся настолькі моцна, што быў вымушаны ўхапіцца за плот, каб не паваліцца. Малфой, Крэйб і Гойл найдуротнейша тупаліся на месцы, шалёна азіраючыся навокал. Драко спрабаваў адчысціць свае валасы ад бруду. - Што гэта было? Хто гэта зрабіў? - Хіба не ведалі, што тут жывуць вельмі небяспечныя прывіды?- паведаміў ім Рон з тварам дыктара, які распавядае пра надвор’е. Крэйб і Гойл перапужана азірнуліся. Іх накачаныя цягліцы анічога не маглі зрабіць супраць зданяў. Малфой ашалела азірнуў пустэльны краявід. Гары ціхенька прамінуў ўздоўж сцежкі на месца, дзе былі асабліва вялізныя лужыны з самым смуродным зялёнага колеру глеем. ПЛЯЯЯЯЯЯЯСЬ! Крэйб з Гойлам таксама апынуліся запэцканымі. Гойл люта клыпаў на адным месцы, спрабуючы адцерці бруд са сваіх маленькіх цмяных вочак. - Гэта кінулі адтуль!- выціраючы твар і гледзячы кудысьці ў шасці футах лявей Гары, ускрыкнуў Малфой. Крэйб, спатыкаючыся, рушыў наперад, выцягнуўшы перад сабой свае даўжэзныя рукі, як той зомбі. Гары скокамі абышоў яго ззаду і шпульнуў яму ў спіну палку. Ён сагнуўся ў бязгучным гогаце, убачыўшы, як Крэйб паспрабаваў крута развярнуцца ў паветры, каб пабачыць, хто яе кінуў. Адзіным чалавекам, якога той заўважыў, быў Рон, таму Крэйб накіраваўся ў яко бок, але Гары паставіў на яго шляху ногу. Крэйб спатыкнуўся... і яго велічэзная плоская ступня зачапілася за падол Гарынай мантыі. Гары адчуў, як нехта моцна тузануў мантыю-невядзімку, якая саслізнула з яго галавы. Дзелю секунды Малфой стаяў, утаропіўшыся на галаву, што ўзнікла ў паветры. - ААААА, МАААААМКА!- уз’енчыў Драко, кажучы на Гарыну галаву, потым развярнуўся і з небяспечнай хуткасцю даў драпака з узгорка, а следам за ім паімчаліся Крэйб і Гойл. Гары зноўку накінуў мантыю на галаву, але шкода была нанесена. - Гары!- усклікнуў Рон і, спатыкаючыся, пабег наперад, гледзячы ў напрамку, у якім зніклі Малфой з паплечнікамі.- Табе лепш спяшацца! Калі Малфой паведаміць каму... табе лепш быць у замаку, шпарчэй... - Пабачымся,- кінуў яму Гары і без лішніх словаў пабег назад у Хогсмід. Ці павераць Малфою, што ён бачыў Гары. Наогул, хто яму можа паверыць? Пра мантыі-невядзімку не ведае ніхто... акрамя Дамблдора. У Гары перакруцілася ў жываце... калі Драко распавядзе яму, Дамблдор адразу ж здагадаецца, што здарылася... Гары хутка заскочыў у “Мядовага герцаг”, шпарка спусціўся ў склеп, тузануў люк, скінуў мантыю, запхаў яе пад паху і вопцас пабег па праходзе... Калі Малфой вернецца першым, колькі часу яму спатрэбіцца, каб знайсці каго-небудзь з настаўнікаў? Гары задыхаўся ад вострай болі ў баку, тым не менш не змяншаў хуткасці, ажно пакуль не дабег да каменнага жолабу. Трэба было схаваць недзе тут мантыю-невядзімку, бо калі Малфой каму паведаміць, яна выдасі Гары. Хлопчык сунуў яе ў нейкі цёмны куток і хутка, наколькі дазвалялі спатнелыя рукі, пачаў падымацца па жолабе. Ён выцягнуў наперад руку з чароўнай палачкай, пастукаў ёй па гарбе вядзьмаркі і выслізнуў праз адтуліну. Толькі Гары вылез са статуі і зачыніў горб, як адчуў у калідоры хуткія крокі. Гэта быў Снэйп. Той шпарка, так што яго чорная вопратка свісцела ў паветры, наблізіўся да Гары. - Так,- прамовіў ён. Задыхаючыся ў прадчуванні трыўмфу, Снэйп зірнуў на Гары. Ён паспрабаваў зрабіць нявінны выгляд, але яго маглі выдаць ўзапрэлы твар і брудныя рукі, якія ён схаваў у кішэні. - Хадзем за мною, Потэр!- сказаў прафесар. Гары рушыў за ім ўслед па сходах, спрабуючы незаўважна выцерці свае рукі аб ўнутранні бок вопраткі. Яны спусціліся ў падзямелле і зайшлі ў кабінет Снэйпа. Гары быў тут толькі аднойчы і таксама з-за таго, што трапіў у сур’ёзную непрыемнасць. З таго часу Снэйп паспеў набыць яшчэ колькі жахліва гідкіх рэчавін, што стаялі на паліцах за яго сталом і слізгацелі ў святле агню, дадаючы атмасферы ў кабінеце пагрозлівасці. - Сядай,- загадаў Снэйп. Хлопчык прысеў. Але сам прафесар працягваў стаяць на нагах. - Містэр Малфой толькі што паведаміў мне цікавую гісторыю, Потэр,- прамовіў Снэйп. Але Гары нічога не адказаў яму на гэта. - Ён распавёў мне, што шпацыраваў паблізу ад Лямантуючай халупы і сустрэў там Візлі... быццам самотнага. Гары працягваў маўчаць. - Містэр Малфой сцвярджае, што стаяў і размаўляў з Візлі, калі яму на патыліцу хтосьці кінуў вялізную жменю бруду. Як думаеш, што здарылася? Гары паспрабаваў выглядаць злёгку збянтэжаным. - Не ведаю, прафесар. Ані. Снэйп свірдлаваў Гары вачыма, як колісць рабіў тое самае з Бакбікам. Гары, не міргаючы, глядзеў на яго. - Містэр Малфой сцвярджае, што ўбачыў дзіўную здань. Ці не ведаеш, што гэта было, Потэр? - Ані,- адказаў Гары, імкнучыся зрабіць гэта нявінна-абыякава. - Твая галава, Потэр. Якая лятала ў паветры. На доўгі час у кабінеце запанавала цішыня. - Можа, яму лепей падыйсці да мадам Помфры,- адказаў Гары,- калі ён бачыць нешта, накшталт... - Што твая галава рабіла ў Хогсмідзе, Потэр?- ціха спытаўся Снэйп.- Ёй забаронена там знаходзіцца. Аніводная частка твайго цела не павінна быць у вёсцы. - Ведаю,- адказаў Гары, намагаючыся, каб на яго твары не адбіўся выраз жаху ці віны.- Гучыць так, бы ў Малфоя была галюцы... - У яго не было галюцынацыі,- гыкнуў Снэйп, ён нахіліўся, паставіўшы рукі на падлакотнікі Гарынага крэсла, так, што між іх тварамі была адлегласць не больш за фут.- Калі твая галава была ў Хогсмідзе, там было і астатняе. - Я быў у Грыфіндорскай вежы,- адказаў Гары,- як вы мне і загадалі... - Гэта можа хтось пацвердзіць? Гары не адказаў. Тонкі рот Снэйпа скруціла жахлівая ўсмешка. - Дык вось,- зноўку выпрастаўшыся, працягваў ён.- Усе, пачынаючы ад міністра па справах магіі і ніжэй, робяць ўсё магчымае, каб захаваць знакамітага Гары Потэра ад небяспекі ў асобе Сірыюса Блэка. Але знакаміты Гары Потэр сам сабе закон. Хай аб яго бяспецы думаюць абывацелі! Знакаміты Гары Потэр будзе хадзіць там, дзе яму заўгодна, не думаючы пра наступствы. Гары маўчаў. Снэйп спрабаваў падбухторыць яго, сказаць праўду. Але Гары не збіраўся гэтага рабіць. Бо ў Снэйпа не было аніякіх доказаў... пакуль. - Ты неверагодна падобны на свайго бацьку, Потэр,- раптоўна прамовіў Снэйп і яго вочы пачалі зіхацець,- ён таксама быў занадта саманадзейным. Невялічкія поспехі на квідытчным полі, прымусілі яго лічыць, што ён вышэй за ўсіх астатніх. Ён хадзіў тут як тая цаца, разам са сваімі сябрамі і прыхільнікамі... Паміж вамі небяспечнае падабенства. - Мой бацька не быў пыхліўцам,- перш, чым паспеў спыніць сябе, прамовіў Гары,- і я таксама. - Твой бацька не прызнаваў аніякіх правілаў,- працягваў Снэйп, націскаючы на Гары сваёй перавагай, а яго хударлявы твар напоўніўся злосцю.- Правілы былі створаны для абывацеляў, а не дзеля пераможцаў Кубку Хогвартса. Яго пыха была... - ЗАТЫКНІЦЕСЯ! Гары выпрастаўся. Яго апанавала лютасць, якую апошні раз ён адчуваў толькі ў той вечар на Прайвет Драйв. Ён не звяртаў увагі на тое, што твар Снэйпа знерухоміў, а чорныя вочы небяспечна заміргалі. - Што ты сказаў, Потэр? - Я сказаў, каб вы не неслі лухты пра майго бацьку!- уз’енчыў Гары.- Я ўсё ведаю! Ён уратаваў вам жыццё! Дамблдор распавёў мне пра гэта! Вас наогул не было бы тут, калі б не мой бацька! Снейпава скура замест жоўтай стала колеру кіслага малака. - А ці распавёў табе дырэктар пра тыя абставіны, падчас якіх твой бацька выратаваў маё жыццё?- прашаптаў ён.- Ці вырашыў, што падрабязнасці занепрыемныя для далікатных вушак каштоўнага Потэра? Гары закусіў губу. Ён не ведаў пра тое, што тады здарылася і не жадаў у гэтым прызнавацца... але Снэйп сам здагадаўся. - Не жадаў бы, каб у цябе засталося ілжывае ўяўленне твайго бацьку, Потэр,- прамовіў Снэйп і яго твар жахліва ашчэрыўся.- Пэўна, вырашыў, што гэта было нейкае хвалебнае геройства? Тады дазволь паправіць цябе... твой цнатлівы бацька і яго сябры вельмі пацешным чынам разыгралі мяне, і гэта скончылася б маёй смерцю, калі б твой бацька не здрэйфіў у апошні момант. У гэтым не было аніякай адвагі. Твой бацька перш за ўсё ратаваў сваю скуру, а не мяне. Бо, калі б іх жарт здейсніўся, яго выключылі б з Хогвартсу. Снэйп агаліў свае няроўныя жаўтлявыя зубы. - Выверні кішэні, Потэр!- нечакана выпаліў ён. Гары не варушыўся. У яго вушах грукатала. - Выверні кішэні, Потэр, ці мы адразу пойдзем да дырэктара! Варушыся! Халадзеючы ад жаху, Гары выцягнуў з кішэняў мяшок з зонкаўскімі жартамі і Мапу Паскуднікаў. Снэйп зірнуў на зонкаўскую торбу. - Мне іх прынёс Рон,- сказаў Гары, употай молячыся, што ў яго атрымаецца папярэдзіць пра гэта Рона, пакуль яго не сустрэне Снэйп.- Ён прынес іх, калі быў у Хогсмідзе мінулы раз... - Няўжо? І ты дагэтуль не скарыстаўся імі? Як люба... а што гэта? Снэйп ўзяў ў рукі Мапу. Гары з усяе моцы намагаўся захаваць твар абыякавым. - Пергамент на празапас,- паціснуў Гары плячыма. Снэйп круціў мапу ў руках, пазіраючы на хлопца. - Нашто табе спатрэбіўся гэткі стары кавалак пергаменту?- спытаў ён.- Можа, выкінуць яго? Снэйп працягнуў сваю руку да коміну. - Не!- хутка прамовіў Гары. - Што!- пагрозліва сказаў Снэйп, яго ноздры трымцелі.- Яшчэ адзін каштоўны падарунак ад містэра Візлі? Не... штось выбітнейшае? Можа, ліст, напісаны нябачнымі чарніламі? А можа... інструкцыя, як апынуцца у Хогсмідзе, не трапіўшы на дэментараў? Гары залыпаў. Вочы Снэйпа замігацелі. - Так, так, дай падумаць...- замармытаў ён, дастаючы чароўную палачку і разгладжваючы пергамент на стале.- РАСКРЫЙ МНЕ СВАЮ ТАЯМНІЦУ!- прамармытаў Снэйп і крануў мапу палачкай. Нічога не адбылося. Гары сціснуў рукі, каб перапыніць іх дрыгаценне. - ПАКАЖЫ СЯБЕ!- зноўку прамовіў ён і рэзка стукнуў па пергаменце. Той заставаўся пустым. Гары глыбока і спакойна ўздыхнуў. - ПРАФЕСАР СЕВЕРУС СНЭЙП, МАГІСТР ГЭТАЙ ШКОЛЫ, ЗАГАДВАЕ ТАБЕ, РАСКРЫЙ ЗВЕСТКІ, ЯКІЯ ТЫ ХАВАЕШ!- Снэйп зноўку стукнуў Мапу сваёй палачкай. На паверхні пергамента з’явіліся словы, якія быццам бы пісала нябачная рука. “Містэр Лунацік сведчыць аб сваёй пашане прафесару Снэйпу і просіць яго не саваць свой анамальна вялізны нос не ў свае справы”. Снэйп знерухоміў. Гары знямела вытарапіўся на паведамленне. Але Мапа на гэтым не супакоілася. Пад першым паведамленне аб’явілася другое, напісанае іншым почыркам. “Містэр Рагач далучаецца да містэра Лунаціка і жадае дадаць, што прафесар Снэйп гідкі вырадак”. Гэта было б вельмі смешна, калі б не было гэдак сур’ёзна, а Мапа працягвала... “Містэр Мягкалап наогул здзіўляецца, што падобнага ёлупа нехта зрабіў прафесарам”. Гары ад жаху заплюшчыў вочы, калі ён адважыўся зноўку іх раскрыць, Мапа выводзіла: “Містэр Галахвост шчыра развітваецца з прафесарам Снэйпам і раіць яму нарэшце памыць сваю мярзотную фрэзуру. Гары з жахам чакаў, што будзе далей. - Эгэ...- ціха прамовіў Снэйп,- Зараз мы даведаемся, што гэта... Ён крочыў да свайго коміна, схапіў жменю бліскучага парашка з прыадчыненай скрыначкі, якая стаяла на паліцы, і кінуў яе ў агонь. - Люпін!- прамовіў у комін Снэйп.- Трэба пагаманіць! Збіты з панталыку Гары утаропіўся ў вогнішча. Там аб’явілася нейкая вялізная здань, якая пачала хутка круціцца. Праз колькі секунд з коміна вылез прафесар Люпін, абтрасаючы попел са сваёй зношанай вопраткі. - Ты клікаў мяне Северус?- лагодна спытаў ён. - Зразумела, - падыходзячы да свайго стала і крывячыся ад лютасці, прамовіў Снэйп.- Я папрасіў Потэра вывернуць кішэні і знайшоў там вось гэта. Снэйп сунуў Люпіну пергамент, на якім па-ранейшаму ззялі паведамленні ад Лунаціка, Галахвоста, Мягкалапа і Рагача. На твары Люпіна з’явіўся дзіўны замкнёны выраз. - Ну?- спытаўся Снэйп. Люпін працягваў глядзець на Мапу. У Гары стварылася ўражанне, што той аб нечым хутка разважаў. - НУ?- зноўку спытаўся Снэйп.- Гэты пергамент папросту перапоўнены чорнай магіяй. Мяркую, што гэта ў тваёй кампітэнцыі, Люпін. Дзе з твайго пункту гледжання Потэр мог яе здабыць? Люпін падняў вочы і, крайком вока зірнуўшы на Гары, папярэдзіў яго не ўблытвацца. - Перапоўнены чорнай магіяй?- лагодна перапытаў ён.- Ты сапраўды гэдак лічыш, Северус? А маё меркаванне, гэта папросту кавалак пергаменту, які абразіць кожнага, хто паспрабуе яго прачытаць. Шалапутства, але вядома ж, якое не мае аніякай небяспекі. Лічу, што Гары набыў яго ў якойсьці краме-жартаў... - Няўжо?- спытаўся Снэйп, яго сківіцы сціснуліся ад гневу.- Думаеш у жартоўных крамах прадаецца нешта падобнае? А ці не лічыш ты, што ён мог атрымаць яе непасрэдна ад ВЫТВОРЦАЎ? Гары не разумеў, пра што кажа Снэйп. Люпін відавочна таксама. - Маеш на ўвазе ад Галахвоста ці некага з узгаданых?- спытаўся ён.- Гары, ці ведаеш ты каго з гэтых асоб? - Ані,- адразу ж адказаў хлопец. - Чуў, Северус?- звяртаючыся да Снэйпа, спытаўся Люпін.- Я ж кажу, гэта было набыта ў Зонкі... Быццам па загадзе ў кабінет уварваўся Рон. Ён быў ўшчэнт задыханы і, ледзь трымаючыся на нагах, устаў ля стала прафесара Снэйпа. Ён стаяў, прыціснуўшы руку да грудзей, і спрабаваў размаўляць. - Гэта... я... даў... гэта... Гары,- задыхаючыся, прамовіў Рон.- Набыў... ў мінулы... раз... у Зонкі... - Ну вось!- пляскаючы далонямі і весела азіраючыся, прамовіў Люпін.- Здаецца, мы ўсё высветлілі! Я вазьму гэта ў цябе, Северус?- дадаў ён, складваючы Мапу і кладучы яе ў сваю вопратку.- Гары, Рон, хадземце за мной, мне трэба задаць вам колькі пытанняў па вашым сачыненні аб упірах. Прабач нас, Северус. Гары не рызыкнуў паглядзець на Снэйпа, калі яны пакідалі яго кабінет. Ён, Рон і Люпін, не размаўляючы, рушылі ажно да Вестыбюлю. Толькі тады Гары звярнуўся да настаўніка. - Прафесар, я... - Не жадаю слухаць аніякіх тлумачэнняў,- імгненна паведаміў ён. Люпін азірнуў пусты Вестыбюль і, сцішыўшы голас, дадаў.- Я ведаю, што шмат год таму, гэтую мапу канфіскаваў містэр Філч. Так, я ведаю, што гэта мапа,- сказаў ён Гары і Рону, якія здзіўлена глядзелі на яго.- Я не жадаю ведаць, як яна трапіла да вас. Але ж я здзіўляюся, чаму вы не аддалі яе. Асабліва пасля таго выпадка з паролямі. Прабач, Гары, але я не вярну яе табе. Гары чакаў чагось падобнага і быў надта напружаны для пратэставання. - А чаму Снэйп вырашыў, што я мог атрымаць яе ад вытворцаў? - Таму што...- Люпін завагаўся.- Таму што гэтыя мапастворнікі пажадалі выманіць цябе з замку. Яны лічаць, што гэта надта вясёла. - Вы іх ведаеце?- уражана спытаўся Гары. - Мы сустракаліся,- шпарка прамовіў Люпін. Ён глядзеў на Гары, больш сур’ёзна чым калі-небудзь. - І не разлічвай на то, што ў наступны раз я гэдак жа прыкрыю цябе, Гары. Я не магу прымусіць цябе сур’ёзна ставіцца да Сірыюса Блэка. Але я вырашыў, што тое, што ты адчуваеш, калі паблізу ад цябе апыняюцца дэментары, будзе мець на цябе большы ўплыў. Твае бацькі загінулі, каб уратаваць тваё жыццё, Гары. Ты абраў надта кепскі спосаб аддзячыць ім... прамяняўшы іх ахвяру на мяшок з жартамі. Прафесар сыйшоў, а Гары адчуў сябе горш, чым тады, калі знаходзіўся ў кабінеце ў Снэйпа. Яны з Ронам павольна пачалі падымацца па мармуровых сходах. Калі яны міналі статую аднавокай вядзьмаркі, Гары прыпомніў, што мантыя-невядзімка ўсё яшчэ знаходзіцца ў праходзе... але не адважыўся спусціцца па яе. - Гэта я вінаваты,- раптоўна прамовіў Рон.- Гэта я пераканаў цябе пайсці. Люпін правы, гэта было вельмі бязглузда. Мы не павінны былі... Ён спыніўся. Гары і Рон дасягнулі калідора, па якім хадзілі тролі-ахоўнікі, ім насустрач рушыла Герміёна. Адзін погляд на яе пераканаў Гары, што яна пра ўсё ведае. Яго душа самлела... а што, калі яна аб усім распавяла прафесарцы МакГонагал? - Прыйшла, каб пазласлівіць?- разлютавана спытаўся Рон, калі дзяўчынка спынілася ля іх.- Пэўна, ужо пра ўсё расказала? - Не,- адказала Герміёна. Яна трымала ў руках ліст, а яе вусны дрыжалі.- Я вырашыла, вы павінны ведаць... Хагрыд прайграў справу. Бакбіку прысудзілі смяротнае пакаранне.
— РАЗДЗЕЛ XV —
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.036 сек.) |