АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Патронус

Читайте также:
  1. АЛФАВИТНЫЙ УКАЗАТЕЛЬ ВОЛШЕБНЫХ ТВАРЕЙ ОТ А ДО Я
  2. Глава 10
  3. Глава 100
  4. Глава 103
  5. Глава 11
  6. Глава 118
  7. Глава 119
  8. Глава 13
  9. Глава 14
  10. Глава 16. Затишье
  11. Глава 19
  12. Глава 23

 

Гары разумеў, што Герміёна жадала зрабіць, як лепей, аднак гэта не бракавала хлопцу злавацца на яе. Колькі кароткіх гадзін ён быў уладаром лепшай мятлы ў свеце, а цяпер з-за Герміёнінага ўмяшальніцтва хлопчык не ведаў ці пабачыць Вогненую стралу колісь яшчэ. Ён быў упэўнены, што з мятлою ўсё было добра, але баяўся, што антысурочныя тэсты могуць пашкодзіць ёй.

Рон таксама злаваўся на Герміёну. Ён быў упэўнены, што разборка зусім новай мятлы, нішто іншае, як злаўмысная шкода. Герміёна, якая па-ранейшаму была пераканана, што зрабіла правільна, пачала пазбягаць Грыфіндорскай гасцёўні. Гары з Ронам былі ўпэўнены, што яна сядзіць у бібліятэцы, але нават не збіраліся ўгаворваць яе вярнуцца. Яны былі вельмі рады таму, што пасля Новага года ў школу пачалі вяртацца людзі, і ў гасцёўні зноўку стала шумна.

Вуд знайшоў Гары ў ноч перад пачаткам семестра.

- Як адсвяткаваў Божае Нараджэнне?- спытаўся ён і, не дачакаўшыся адказу, прысеў і, сцішыўшы голас, прамовіў.- Слухай, я тут паразважаў падчас вакацыяў, Гары. Пасля апошняга матчу... Калі дэментары аб’явяцца зноў... разумееш аб чым я... мы не можам дазволіць, каб ты... ну...

Вуд супыніўся, баязліва гледзячы на хлопца.

- З гэтым усё добра,- хутка адказаў Гары.- Прафесар Люпін паабяцаў навучыць мяне замове, якой можна адагнаць дэментараў. На гэтым тыдні мы з прафесарам пачнем вывучаць яе, ён паабяцаў, што мы пачнем пасля Калядных вакацыяў.

- Уфф,- прамовіў Олівер, імгненна супакоіўшыся.- Ну, калі так... я сапраўды не хачу страціць такога паляўнічага, як ты Гары. А ці ты ўжо замовіў сабе новую мятлу?

- Ані,- адказаў хлопчык.

- Што! Табе трэба паспяшацца... Ты ж сам разумееш, што не зможаш змагацца супраць Рэйвенкло на Метэоры!

- Яму падаравалі на Каляды Вогненную стралу!- паведаміў Рон.

- Вогненную стралу? Не! Сур’ёзна? Сапраўдную... Вогненную стралу?

- Няма з чаго радавацца, Олівер,- змрочна прамовіў Гары,- яе ў мяне ўжо няма. Стралу канфіскавалі.- і ён распавёў Вуду аб тым, што зараз Вогненную стралу правяраюць на адсутнасць сурокаў.

- Сурокі? Хто мог сурочыць яе?

- Сірыюс Блэк,- маркотна адказаў Гары.- Мяркуюць, што зараз ён палюе на мяне. Прафесарка МакГонагал лічыць, што ён мог ссурочыць мятлу.

- Але ж Блэк не ў стане набыць Вогненную стралу,- усхавяланы навіною аб тым, што за яго паляўнічым віжуе знакаміты злачынца.- Ён жа ва ўцёках! Яго шукае ўся краіна! Не мог жа ён вось так вось зайсці ў “Найякаснейшыя прылады для Квідытча” і набыць яе?

- Ведаю,- адказаў Гары.- Але прафесарка МакГонагал ўсё ж жадае разабраць яе...

Вуд збляднеў.

- Я паразмаўляю з ёй, Гары,- паабяцаў ён.- Я пераканаю яе... Страла... сапраўдная Вогненная страла ў нашай камандзе... калі яна жадае перамогі Грыфіндору, так як мы... Я дакладна пераканаю яе... Вогненная страла...

*

Наступным днём пачаліся заняткі. Апошняе, чаго хацелася вучням халоднай студзеньскай раніцай, гэта правесці дзве гадзіны на вуліцы, але да іх задавальнення Хагрыд развёў вялізнае вогнішча поўнае саламандраў, і яны ўвесь урок правялі за зборам сухой лістоты для падтрымання полымя, па якім сюды-туды бегалі гэтыя вогнелюбівыя яшчаркі. А вось першы занятак па вяшчунстве быў зусім не такім задавальняльным. Прафесарка Трэлані пачала вучыць іх хірамантыі і, не губляючы шмат часу, паведаміла, што ў Гары самая закароткая лінія жыцця з тых, што яна колісь бачыла.

Гары жадаў, каб як мага найхутчэй пачаліся новыя заняткі па Абароне ад цёмных мастацтваў, а пасля размовы з Вудам з яшчэ большай упартасцю імкнуўся хутчэй распачаць свае антыдэментараўскія заняткі.

- Так, я памятаю,- паведаміў Люпін, калі пасля яго першага ў гэтым семестры ўроку, Гары нагадаў яму пра абяцанае.- Дай падумаць... як наконт сустрэцца а восьмай вечара ў чацвер? Кабінет па Гісторыі магіі, якраз прыдатны для гэтага з-за сваіх вялізных памераў... І трэба будзе вырашыць, як мы будзем трэніравацца... Не прыводзіць жа для практыкавання сапраўднага дэментара...

- Ён выглядае даволі хваравіта,- заўважыў Рон, калі яны разам рушылі па калідоры на абед.- Як думаеш, што з ім насамрэч сталася?

- Вууух!- раптоўна пачулі яны за сваёй спіной. Гэта была, Герміёна, якая сядзела на падлозе каля нейкіх даспехаў і імкнулася зачыніць перапоўненую падручнікамі торбу.

- А хто тут у нас вухае?- нахіляючыся, спытаўся Рон.

- Аніхто!- фанабэрыста адказала дзяўчынка, кідаючы цяжкую торбу праз плячо.

- А, гэта ты,- прамовіў Рон.- А мы тут разважалі, што здарылася з Люпінам, як лічыш...

- Хіба, гэта не відавочна?- адказала тая, выглядаючы бы з’яжджае з глузду ад перавагі.

- Не жадаеш размаўляць, не трэба,- адгыркнуўся Рон.

- Супер,- напышліва паведаміла Герміёна і рушыла прэчкі.

- Яна не ведае,- абурана гледзячы ёй ў след, сказаў Рон.- Папросту прымушае нас, зноў распачаць з ёй размаўляць.

*

У чацвер, а восьмай вечара, Гары пакінуў Грыфіндорскую вежу і накіраваўся да кабінету па Гісторыі магіі. Усярэдзіне было цёмна і пуста, таму ён запаліў святло і прыняўся чакаць. Не мінула і пяці хвілінаў, як у кабінет завітаў і прафесар Люпін, несучы ў руках вялізную скрыню, якую ён паклаў на стол прафесара Бінса.

- Што там?- спытаўся Гары.

- Яшчэ адзін богарт,- адказаў прафесар Люпін, здымаючы плашч.- я пачаў прачэсваць замак яшчэ з моманту той нашай размовы ў аўторак і па шчасці знайшоў яго ў адной з шафаў у каморы містэра Філча. Гэта самая падобная да дэментара істота, дакладней стане такой, калі ўбачыць цябе і мы зможам папрактыкавацца. А трымаць яго можна ў мяне ў кабінеце, думаю, адна з шуфлядак майго стала яму вельмі спадабаецца.

- Выдатна, адказаў Гары, робячы выгляд, што наогул не баіцца, а толькі рады, што прафесар знайшоў гэткую добрую замену сапраўднаму дэментару.

- Добра...- прафесар Люпін выцягнуў з кішэні сваю палачку і знакам паказаў Гары зрабіць тое ж самае.- Замова, якой я паспрабую цябе зараз навучыць належыць да галіны прасунутай магіі, Гары і далёка выходзіць па-за межы ўзроўню звычайнага чарадзейства. Гэта замаўленне Патронуса.

- А як яна працуе?- знервавана спытаўся Гары.

- Ну, калі ты зробіш ўсё правільна, гэта прывядзе да з’яўлення Патронуса,- адказаў Люпін,- які ёсць сваеасаблівым... ахоўнікам супраць дэментара і дзейнічае бы шчыт паміж ім і табой.

Гары раптоўна ўявіў сябе, як сядзіць па-за спіною ў істоты памерам з Хагрыда, якая трымала ў руках вялізную доўбню.

- Патронус,- працягваў прафесар,- з’яўляецца чымсьці накшталт светлай сілы, сваеасаблівай праекцыяй таго, чым сілкуюцца дэментары - шчасця, надзеі, жадання выжыць, але ў адрозненні ад жывых людзей, яна не ў стане пакутаваць, таму дэментары і не могуць пашкодзіць ёй. Аднак адразу павінен папярэдзіць табе, што гэтая замова можа быць заскладанай для цябе. З ёй мае праблемы шмат хто з высокакваліфікаваных чараўнікоў.

- А як выглядае Патронус?- зацікаўлена спытаўся хлопчык.

- Кожны з іх унікален і залежыць ад чараўніка, які яго выклікаў.

- А як яго выклікаць?

- Замова спрацуе толькі ў тым выпадку, калі ты з усяе моцы засяродзішся на якімсь найшчаслівейшым моманце ў тваім жыцці.

Гары пачаў прыпамінаць свае самыя шчаслівыя ўражанні. Вядома ж, гэта не было чымсьці звязаным з Дурслі. Нарэшце, ён вырашыў засяродзіцца на сваім першым палёце на мятле.

- Гатовы,- прамовіў ён, пытаючыся, як мага дакладней прыпомніць прыемнае адчуванне ў жываце ад рэзкага пад’ёму.

- А цяпер паўтарай...- Люпін прачысціў горла.- Экспекта Патронум!

- Экспекта Патронум,- прамармытаў Гары сабе пад нос.- Экспекта Патронум.

- Ты моцна сканцэнтраваўся на сваім шчаслівым успаміне?

- А... так...- адказаў Гары, хутка прымусіўшы свае думкі вярнуцца да свайго першага палёту.- Экспекта патрона... аёйку, Патронум... прабачце... экспекта патронум, экспекта патронум...

Нешта падобнае на пучок срэбнай газы выслізнула з кончыку яго палачкі.

- Ці вы бачылі гэта?- усхвалявана прамовіў Гары.- У мяне нешта атрымалася!

- Выдатна,- усміхаючыся адказаў Люпін.- А цяпер... ці ты гатовы паспрабаваць з дэментарам?

- Так,- прамовіў Гары і, шчыльна сціснуўшы палачку, рушыў на сярэдзіну пакою. Ён з ўсёй сілы стараўся трымаць у сваім розуме думку аб палёце, але нейкі іншы ўспамін пранікаў ў яго розум... у любое імгненне ён мог пачуць лямант сваёй маці... але ён не павінен думаць аб гэтым... ён не жадае гэтага... ці жадае?

Люпін схапіў скрыню за вечка і рэзка адчыніў.

Дэментар павольна падняўся са скрыні і павярнуў да Гары свой схаваны пад каптуром твар і сунуў у рукаў склізкую шалудзівую руку. Лампы, што асвячалі пакой, пачалі мігацець, а потым увогуле згаслі. Істота выйшла са скрыні і паслізгацела ў Гарыным напрамку, робячы глыбокі бразгочучы подых. Над хлопцам пралунала хваля холаду...

- Экспекта Патронум!- загаласіў Гары.- Экспекта патронум! Экспекта...

Але нечакана клас і дэментар растварыліся... Гары зноўку падаў у густую белую смугу, а ў галаве гучней чым колісь пачуўся лямант яго маці...

“Не яго! Не Гары! Калі ласка... я ўсё зраблю...”

“Адсунься... адсунься, дзеўка...”

- Гары!

Гары штуршком павярнуўся да жыцця. Ён ляжаў спіной на падлозе. Лямпы зноўку яскрава гарэлі. Гары не трэба было пытацца, што здарылася.

- Прабачце,- замармытаў ён, сядаючы, па яго твары цяклі струменьчыкі халоднага поту.

- З табою ўсё добра?- спытаўся Люпін.

- Так...- Гары ўзняўся на ногі і прытуліўся да аднаго са сталоў.

- Трымай...- Люпін працягнуў яму шакаладную жабку.- з’еш перш чым мы паспрабуем зноў. Я і не чакаў, што ў цябе з першага разу штось атрымаецца. Я б моцна здзівіўся, калі б гэтак сталася.

- З кожнам разам усё яшчэ больш згоршваецца,- прамармытаў Гары, адкусваючы галаву жабке.- Я чуў яе голас гучней чым ў мінулы раз... і яго... Вальдэморта таксама...

Люпін выглядаў блядней, чым звычайна.

- Гары, калі ты не жадаеш працягваць, я цябе больш чым разумею...

- Не, я буду працягваць!- люта прамовіў Гары, кідаючы ў рот рэшткі шакаладнай жабкі.- Я павінен гэта зрабіць! Што калі дэментары зноўку аб’явяцца падчас нашай гульні супраць Рэйвенкло? Я не магу дазволіць сябе шчэ раз зваліцца з мятлы. Калі мы прайграем гэту гульню, мы прайграем Кубак Квідытча!

- Балазе...- сказаў прафесар.- магчыма ты пажадаеш засяродзіца на якімсьці іншым моманце, я маю на ўвазе шчаслівы момант... папярэдні, здаецца, быў не настолькі моцным...

Гары задумаўся. Ён вырашыў, што ўяўленне канчатковага выйгрыша Грыфіндорскага дому напрыканцы года, будзе самай найшчаслівейшай з яго думак. Ён зноў шчыльна схапіў сваю палачку і заняў сваё месца пасярэдзіне пакою.

- Гатовы?- спытаўся Люпін, трымаючы за вечка скрыні.

- Гатовы,- адказаў Гары, з усёй моцы імкнучыся засяродзецца на мроі аб перамозе Грыфіндору, а не цёмных думках аб тым, што здарыцца, калі адкрыецца вечка.

- Пайшоў!- крыкнуў прафесар, выпускаючы богарта. Пакой зноўку напоўніўся холадам і цемрай. Дэментар зноў слізгануў наперад, з бразгатаннем ўцягваючы ў сябе паветра і накіроўваючы на Гары сваю гнілую руку...

- Экспекта Патронум!- крыкнуў хлопец.- Экспекта Патронум! Экспекта пат...

Белая смуга зноўку ахутала яго свядомасць... вялізныя, размытыя абрысы рухаліся вакол Гары... потым адчуўся новы голас, мужчынскі, ён панікуючы крычаў...

“Лілі, вазьмі Гары і бяжы! Ён тут! Спяшайся! Я паспрабую стрымаць яго...

Нехта спатыкаючыся, выбег з пакою... потым з грукатам адчыніліся дзверы... і хтосьці пранізліва зарагатаў...

- Гары! Гары... ачуняй...

Люпін моцна пляскаў яго па твары. У гэты раз мінула хвіліна пакуль хлопчык зразумеў, што ляжыць на пыльнай падлозе класнага пакою.

- Я чуў тату,- прамармытаў Гары.- Гэта быў першы раз, калі я яго пачуў... ён спрабаваў засяродзіць Вальдэморта на сабе, каб даць маці час на ўцёкі...

Гары раптам зразумеў, што пот на яго твары змяшаны са слязьмі. Ён на колькі гэта было магчыма схіліўся і выцер іх аб сваю мантыю, пры гэтым робячы выгляд, што завязвае матузок, каб не заўважыў Люпін.

- Ты чуў Джэймса?- дзіўным голасам спытаўся настаўнік.

- Так...- твар ўрэшце стаў сухім, Гары падняў вочы.- А чаму... Хіба вы ведалі майго тату?

- Я... я ведаў,- адказаў Люпін.- Мы былі сябрамі падчас вучобы ў Хогвартсе. Слухай, Гары... можа, годзе на сёння. Гэтая замова неверагодна складаная... я не павінен быў праводзіць цябе...

- Не!- адказаў Гары. Ён зноўку выпрастаўся.- Я хачу паспрабаваць яшчэ раз! Можа, справа ў тым, што я не думаю аб шчаслівых думках... дастаткова шчаслівых...

Ён напружыў свой розум. Самая, самая шчаслівая думка... хоць адна, з якой мог бы атрымацца добры, моцны Патронус...

Момант, калі ён ўпершыню даведаўся, што з’яўляецца чараўніком і пакіне Дурслі, каб накіравацца ў Хогвартс! Калі гэты ўспамін не самая шчаслівая думка ў яго жыцці, то што ж яшчэ... Ён наймоцна засяродзіўся, успамінаючы свае пачуцці, калі ён зразумеў, што пакідае Прайвет Драйв. Гары моцна ўстаў на ногі і паглядзеў на скрыню.

- Гатовы?- спытаўся Люпін, выглядаючы ў гэты момант так, бы рабіў нешта супрацлеглае цвярозаму розуму.- Моцна сканцэнтраваўся? Добра... пайшоў!

Ён ў трэці раз зняў вечка са скрыні, у пакоі зноў стала цёмна і халодна, а са скрыні аб’явіўся дэментар...

- ЭКСПЕКТА ПАТРОНУМ!- зароў Гары.- ЭКСПЕКТА ПАТРОНУМ! ЭКСПЕКТА ПАТРОНУМ!

У галаве Гары зноў адчуліся крыкі... але ў гэты раз быццам даносіліся з дрэнна наладжанага радыё. Цішэй, мацней, зноўку цішэй... ён ўсё яшчэ мог бачыць дэментара... той спыніўся... потым штось накшталт срэбранай цені вырвалася з Гарынай палачкі і залунала паміж хлопцам і пачварай. Гары адчуваў, быццам яго ногі сталі ватнымі, але ён ўсё-такі трымаўся на іх, хаця не быў упэўнены, ці доўга так будзе...

- Рыдзікулюс!- зароў Люпін, саступаючы наперад.

Адчуўся свіст бізуна, і Гарын хмарны Патронус знік разам з дэментарам. Хлопчык апусціўся на крэсла, адчуваючы сябе настолькі стомленым, бы толькі што прабег цэлую мілю, яго ногі дрыжалі. Краешкам вока ён бачыў, як прафесар сваёй палачкай прымушае богарта, які на гэты раз ператварыўся на срэбны шар, залезці назад у скрыню.

- Выдатна!- прамовіў Люпін, ідучы туды, дзе сядзеў Гары.- Выдатна, Гары! Гэта быў ашаламляльны пачатак!

- Ці можам мы паспрабаваць яшчэ раз? Хоць крышачку?

- Ані.- цвёрда сказаў прафесар.- На сёння табе до. Трымай...

Ён працягнуў хлопцу вялізную плітку лепшага шакаладу з “Мядовага герцага”.

- З’еш ўсё, ці мадам Помфры павыпівае ўсю маю кроў. Праз тыдзень ў гэты ж час, згода?

- Угу,- сказаў Гары. Гледзячы на то, як Люпін гасіць святло, што запалілася пасля знікнення фальшывага дэментара, ён адкусіў ад пліткі кавалачак. Раптоўна ў яго галаву прыйшла думка.

- Прафесар?- спытаўся ён,- калі вы ведалі майго бацьку, то павінны былі таксама ведаць і Сірыюса Блэка.

Люпін, хутка развярнуўся ў яго бок.

- Чаму ты так вырашыў?- рэзка прамовіў ён.

- Не, нічога... то бок... яны ж былі сябрамі, калі вучыліся ў Хогвартсе...

Прафесар імгненна супакоіўся.

- Так, я ведаў яго,- хутка сказаў ён.- Дакладней казаць, лічыў, што ведаю яго. Табе лепей ісці, Гары, ўжо запозна.

Гары пакінуў кабінет і рушыў уздоўж калідору, завярнуў за вугал і, прысеўшы на пастамент, на якім стаялі нейкія даспехі, дакончыў свой шакалад. Калі б ён не ўзгадваў пра Блэка, Люпін адразу ж рабіў выгляд, што яго не цікавіць гэтая тэма. Потым думкі хлопца зноў перайшлі да бацькоў...

Ён адчуваў смагу і дзікі голад, нягледзячы на тое, што толькі што з’еў вялікую колькасць шакаладу. Кашмар, падчас якога ён чуў галасы бацькоў ў апошнія хвіліны іх жыцця, пэўна, быў успамінам перажытага ў той час, калі ён быў яшчэ немаўлём. Але ён ніколі ў жыцці не выкліча добрага Патронуса, калі коць на хвіліну пажадае пачуць іх ізноў...

- Яны памерлі,- сурова прамовіў ён сам сабе,- і, слухаючы рэха іх галасоў, ты не ўваскрасіш іх. А калі жадаеш атрымаць квідытчны кубак, табе трэба трымаць над сабою кантроль.

Ён падняўся, запхнуў у рот апошні кавалачак шакаладу і накіраваўся ў Грыфіндорскую вежу.

*

Гульня Рэйвенкло са Слізэрынам адбылася праз тыдзень апасля пачатку семестра, і слізэрынцы, хай і з невялічкай перавагаю, але выйгралі. Паводле слоў Вуда, гэта было добрай навіною для Грыфіндора, цяпер яны абавязкова зоймуць другое месца, калі таксама абыграюць Рэйвенкло. Ён павялічыў колькасць трэніровак да пяці на тыдзень. А ў купе з антыдэментараўскімі заняткамі з прафесарам Люпіным, атрымоўвалася, што шэсць дзён тыдня Гары траціў на падрыхтоўку да квідытчнага матчу і толькі адзін вечар на падрыхтоўку свайго хатняга задання. Нягледзячы на гэта, яго нагрузкі былі нашмат меншыя за Герміёну, якая ледзь спраўлялася са сваімі дадатковымі заняткамі. Штовечары можна было заўважыць, як яна сядзела дзесь ў куточку ў Грыфіндорскай гасцёўні, дзе раскладала адразу на некалькіх сталах падручнікі, скруткі пергаменту, нумералагічныя карты, слоўнікі рун, схематычныя выявы спосабаў пад’ёму цяжкіх прадметаў ужываемых магламі, а таксама стосамі агульных сшыткаў. Яна ані з кім не размаўляла і гыркала, калі хтось адцягваў яе ўвагу.

- Як ў яе гэта атрымліваецца?- спытаўся Рон ў Гары, які, седзячы ў гасцёўні пісаў дзеля Снэйпа сачыненне пра невыяўныя атруты. Гары падняў вочы. Дзяўчынку было ледзве бачна за хісткімі стосамі кніг.

- Атрымліваецца што?

- Быць на ўсіх гэтых занятках!- адказаў Рон.- Гэтай раніцай я чуў, як яна размаўляла з прафесаркай Вектар, якая выкладае нумералогію. Яны абмяркоўвалі ўчарашні ўрок, але яна не магла там быць, бо ў гэты ж самы момант была з намі на Доглядзе за магічнымі істотамі! А Эрні МакМілан кажа, што яна заўжды прысутнічае на занятках па маглазнаўстве, але ж палова з іх ідзе адначасова з Вяшчунствам, а яна не прапускала ані аднаго ўроку!

У Гары не было часу на тое, каб разважаць над таямніцамі неверагоднага графіку Герміёны, бо яму неабходна было скончыць сачыненне для Снэйпа. Але ўжо праз дзве секунды, ён быў перапынены Вудам.

- Благія навіны, Гары. Я толькі што размаўляў з прафесаркай МакГонагал пра Вогненную стралу. Яна... эээ... размаўляла са мною крыху раздражнёным тонам. Казала, што я няправільна расстаўляю прыярытэты і, што я больш клапочуся пра выйгрыш Кубку, а не пра тваё жыццё. Усё таму, што я сказаў ёй, што мне ўсё роўна скіне цябе мятла ці не, калі раней ты зловіш сніч.- Вуд здзіўлена пахістаў галавою.- А як, яна крычала на мяне... быццам я сказаў ёй нешта жахлівае. Тады я спытаўся ў яе, як доўга яна шчэ будзе трымаць яе на тэставанні.- Олівер зморшчыўся і, капіруючы голас прафесаркі, прамовіў.-“Столькі, колькі будзе патрэбна, Вуд!”... Здаецца, Гары, табе прыйдзецца шукаць іншую мятлу. Вось тут на зваротным баку “Мёцел на любы густ” ёсць бланк замовы. Як наконт Німбуса 2001, як у Малфоя?

- Я не буду лятаць на тым жа, што і Малфой, згода,- адрэзаў Гары.

*

Студзень незаўважна перайшоў у люты, што аніяк не паспрыяла на жахліва халоднае надвор’е. Набліжалася гульня з Рэвенкло, а Гары так і не замовіў сабе новай мятлы. Таперча ён пытаўся ў прафесаркі МакГонагал пра навіны пра Вогненную стралу пасля кожнага занятку па ператварэннях, Рон з надзеяй у вачах стаяў за яго спіною, а Герміёна, не падымаючы вачэй, рушыла міма іх.

- Ані, Потэр,- нават не дачакаўшыся пытання, адказала прафесарка, калі яны падышлі да яе ў дванаццаты раз,- пакуль вы не можаце яе забраць. Мы ўжо праверылі яе на большасць звычайных праклёнаў, але прафесар Флітвік мяркуе, што на яе маглі накласці скідавальныя сурокі. Я паведамлю вам, калі мы скончым праверку. А зараз, калі ласка, кіньце даймацца да мяне.

Да таго ж, яго антыдэментараўскія заняткі ішлі не настолькі добра, як ён таго жадаў. На працягу ўсіх заняткаў, адзінае чаго ён мог дасягнуць - невыразны срабрысты цень, які ўзнікаў штораз, калі богарт-дэментар набліжаўся да яго, але гэты Патронус, быў надта слабы, каб адагнаць пачвару. Ён папросту вісеў у паветры ў выглядзе паўпразрыстай хмаркі і неверагодна страчваў гарыну энэргію. Да таго ж, хлопчык злаваўся сам на сябе, абвінавачваючы ў тым, што ўпотай жадае зноў пачуць галасы бацькоў.

- Ты чакаеш ад сябе зашмат.- сурова прамовіў прафесар Люпін на чацвёртым занятку.- Для трынаццацігадовага чараўніка нават недакладны Патронус – гэта вялізарнае дасягненне. Ты больш не губляеш прытомнасць?

- Я думаў што Патронус... атакуе дэментара,- маркотна сказаў Гары,- ці робіць нешта падобнае. Я хачу, каб яны зніклі...

- Сапраўдны Патронус гэдак і робіць,- адказаў Люпін.- Але ты і так дасягнуў значных поспехаў за даволі кароткі час. Калі дэментары з’явяцца на полі ў чарговы раз нават гэтага хопіць, каб на працяглы тэрмін напужаць іх, а ты тым часам паспееш вярнуцца на зямлю.

- Вы казалі, што калі іх шмат, гэта зрабіць значна цяжэй,- сказаў Гары.

- Я веру ў цябе,- усміхнуўся Люпін.- Вось, трымай... ты заслужыў напой, які гатуюць у “Трох мётлах”, і табе гэтага шчэ не даводзілася спрабаваць...

Ён выцягнуў са свайго партфеля дзве бутэлькі.

- Вяршковае піва!- не задумваючыся прамовіў Гары.- Яно мне вельмі падабаецца!

Люпін здзіўлена падняў адно брыво.

- Так... Рон з Герміёнаю прыносілі мне яго,- імгненна схлусіў Гары,- калі былі ў Хогсмідзе.

- А, ну так,- прамовіў прафесар, але было бачна, што ён па-ранейшаму крыху сумняваецца.- Тады... давай вып’ем за перамогу Грыфіндора над Рэйвенкло. Хаця я, як настаўнік, не павінен прымаць нечы бок...- паспешліва дадаў ён.

Яны моўчкі пілі вяршковае піва колькі часу, пакуль Гары не закарцела задаць пытанне, што заўжды цікавіла яго.

- А што ў іх пад каптуром?

Прафесар Люпін задумліва апусціў бутэльку.

- Хммм... тыя людзі, якія дакладна гэта ведаюць, не ў стане аб чымсці паведаміць. Справа ў тым, што дэментар здымае свой каптур, толькі каб скарыстацца самым найжахлівейшым з катаванняў.

- Якім?

- Яны называюць гэта “Пацалункам дэментара”,- з крывой усмешкай паведаміў Люпін.- Дэментары робяць так з тымі, каго жадаюць знішчыць цалкам. Мяркую, што там павінна быць нешта накшталт рота, бо яны прыціскаюць свае сківіцы да вуснаў ахвяры каб... каб высмактаць яе душу.

Гары незнарок выплюнуў крыху вяршковага піва.

- Яны... яны іх забіваюць..?

- Ані,- адказаў прафесар.- Значна горш. Ты можаў існаваць без душы, пакуль працуе твой мозг і сэрца. Але ты больш не будзеш мець ані пачуццяў, ані ўспамінаў, ані... чагось іншага. І не будзеш мець шанцу вылекавацца. Ты папросту будзеш... існаваць. Як пустая абалонка. А твая душа будзе згублена... назаўжды.

- Гэта лёс,- зрабіўшы яшчэ невялічкі глыток піва паведаміў Люпін,- які чакае Сірыюса Блэка. Сёння раніцай у “Штодзённым вяшчуне” напісалі, што Міністэрства магіі дало дазвол дэментарам на скарыстанне гэтага катавання, калі яны зловяць яго.

Гары сядзеў ашаломлены адной толькі думкаю пра тое, што ў кагось могуць высмактаць душу праз рот. Але тут ён падумаў пра Блэка.

- Ён заслугоўвае гэта,- раптоўна сказаў хлопчык.

- Мяркуеш?- не задумваючыся спытаўся прафесар.- Лічыш, што хтосьці можа заслугоўваць гэтага?

- Так,- абурана адказаў Гары.- За... тыя яго дзеянні...

Ён хацеў распавесці прафесару Люпіну пра тое, што пачуў у “Трох мётлах”, пра здраду Блэкам яго бацькоў, але гэта прывяло б да раскрыцця таго, што ён ўпотай наведваў Хогсмід і ведаў, што настаўнік не будзе гэтым надта ўражаны. Таму ён дапіў сваё вяршковае піва, падзякваў Люпіну і паспяшаўся пакінуць кабінет.

Гары часткова пашкадаваў, што задаў прафесару пытанне аб тым, што знаходзіцца пад каптуром у дэментароў. Адказ быў настолькі жахлівым, што ўвесь час, пакуль ён рушыў з класы па гісторыі магіі, хлопчык разважаў, як будзе адчуваць сябе той, у каго высмакталі душу, і нават не заўважыў, як натрапіў галавою на прафесарку МакГонагал, калі падымаўся па сходах.

- Ці не маглі б вы глядзець, куды ідзяцё, Потэр?

- Прабачце, мадам прафесар...

- Я ўжо збіралася ісці шукаць вас ў Грыфіндорскай гасцёўне. Дык вось мы зрабілі ўсё, што змаглі прыпомніць і мяркуем, што нічога дрэннага там няма... у вас аб’явіўся нейкі надта добры сябра, Потэр...

Гары раззявіў рот. Прафесарка трымала ў руках Вогненную стралу і выглядала напышлівай, як ніколі.

- Я магу яе забраць?- ціха мовіў Гары.- Насамрэч?

- Насамрэч,- усміхаючыся, адказала МакГонагал.- І адважуся нагадаць, што вам яшчэ трэба прызвычаіцца да яе, перад суботнім матчам, згодны? І яшчэ, Потэр, зрабіце ўсё магчымае, каб перамагчы. Ці мы застанемся без Кубку восьмы год запар, як мне ўчора ўвечары ласкава нагадаў прафесар Снэйп...

Знямеўшы, Гары узяў Вогненную стралу і панёс ў Грыфіндорскую вежу. Калі ён завярнуў за вугал ён ўбачыў Рона, які кінуўся да яго, усміхаючыся ад вуха да вуха.

- Яна вярнула яе? Выдатна! Слухай, а ці можна я таксама паспрабую яе? Заўтра.

- Так... канечне ж,- адказаў Гары, на яго сэрцы запанавала палёгка, упершыню з мінулага месяца.- Ведаеш... нам трэба памірыцца з Герміёнаю. Яна жадала зрабіць, як лепей...

- Так, зразумела,- адказаў Рон,- яна зараз ў гасцёўне. Бавіць час за працай.

Яны рушылі па калідоры да Грыфіндорскай вежы і заўважылі перад ўваходам Нэвіла Лонгботама, які ўмольваў сэра Кэдагана прапусціць яго.

- Я запісаў усё,- ажно плакаў Нэвіл,- але, напэўна, дзесь згубіў!

- Цікавая казачка!- равеў сэр Кэдаган. Тут ён пабачыў Гары і Рона.- Дабравеч, мае юныя дружакі! Дапамажыце мне ўцягнуць гэтага дзецюка ў кайданы, ён спрабаваў ўварвацца ўсярэдзіну!

- Вох, змоўч!- прамовіў Рон, калі яны з Гары падышлі да Нэвіла.

- Я згубіў усе паролі!- тужыў Нэвіл.- Я здабыў у яго ўсе паролі на тыдзень, бо ён іх штораз мяняе, а цяпер не ведаю, куды іх падзеў!

- Шыла Божае!- сказаў Гары сэру Кэдагану, які быў злёгку расчараваны і неахвотна ад’ехаў, каб прапусціць іх у гасцёўню. Па пакоі пранёсся ўсхваляваны шоргат павернутых у іх бок галоў, і ў наступнае імгненне Гары быў абступлены іншымі вучнямі, якія, усклікаючы, пазіралі на яго Вогненную стралу.

- Дзе ты яе ўзяў, Гары?

- А палётаць даш?

- Ты ўжо спрабаваў яе?

- Рэйвенкло са сваімі Перамогамі 7 ані не маюць шанцу!

- А ці можна яе патрымаць, Гары?

Мінула хвілінаў дзесяць, пакуль ўсе жадаючыя, якія павыскоквалі з кожнага кутку, надзівіліся на Вогненную стралу. Калі натоўп рассеяўся Гары і Рон нарэшце заўважылі Герміёну. Яна не падбегла ў захапленні да іх і, не падымаючы вочы, схілілася над працай. Толькі пасля таго, як хлопцы наблізіліся да яе стала, яна падняла вочы.

- Мне вярнулі яе,- усміхаючыся, прамовіў Гары, трымаючы стралу перад сабой.

- І ці ведаеш, Герміёна, з ёй не было анічога благога,- дадаў Рон.

- Так, але магло быць,- адказала Герміёна.- Я маю на ўвазе, што цяпер ты дакладна ведаш, што яна бяспечная!

- Дзяк, я лічу, што ты зрабіла ўсё правільна,- адказаў Гары,- а цяпер я лепей пакладу яе ў сваім пакоі...

- Я закіну!- з імпэтам прапанаваў Рон.- Мне як раз трэба даць Скаберсу, яго пацучыны тонік.

Ён узяў Вогненную стралу і, трымаючы яе так, нібы мятла была шкляной, падняўся па сходах у хлапчыную спальню.

- Ці можна мне прысесці?- спытаў у Герміёны Гары.

- Мяркую, што так- адказала Герміёна, прымаючы з крэсла вялізную груду пергаменту.

Гары азірнуў загрувашчаны стол, на якім ляжала даўжэзнае сачыненне па нумералогіі, якое яшчэ дагэтуль паблісківала чарніламі; на яшчэ больш доўгае сачыненне па маглазнаўстве “Навошта маглам патрэбна электрычнасць” і на переклад з рунаў, над якім зараз разважала дзяўчынка.

- Як у цябе атрымліваецца ўсё гэта рабіць?- спытаўся Гары.

- Ну... ведаеш... я шмат працую,- адказала яна. Зірнуўшы на яе, хлопчык заўважыў, што Герміёна выглядае настолькі ж стомленай, як і прафесар Люпін.

- Чаму б цябе не адмовіцца ад пары прадметаў?- прамовіў Гары, назіраючы, як Герміёна перакладвае кнігі ў пошуках слоўніка рун.

- Я не магу гэтага зрабіць!- сшакавана гледзячы на яго, адказала Герміёна.

- Нумералогія – сапраўдны жах,- сказаў Гары, трымаючы ў руках вельмі складаную па выглядзе дыяграму.

- Аёйку, не, яна цудоўная!- шчыра адказала дзяўчынка.- Гэта ўвогуле мой ўлюбёны прадмет. Яна...

Аднак даведацца, чым так цікава нумералогія, Гары не паспеў. Бо ў гэты момант задушлівы лямант рэхам данесся з хлапчынай спальні. Усе прысутныя моўчкі ўтаропіліся на ўваход да пакою. Адчуліся таропкія крокі, гучней, яшчэ гучней... і тут з пакою выскачыў Рон, трымаючы ў руках прасціну.

- ЗІРНІ!- зароў ён, накіроўваючыся да стала, за якім сядзела Герміёна.- ЗІРНІ!- залямантаваў ён, трасучы прасцінаю перад яе тварам.

- Рон, што..?

- СКАБЕРС! ГЛЯДЗІ! СКАБЕРС!

Герміёна разгублена адхілілася ад Рона. Гары зірнуў на прасціну, якую трымаў у руках Рон, тая была заляпана нечым чырвоным. І гэта нешта выглядала жахліва, як...

- КРОЎ!- у аглушальнай цішыні раздаваліся ляманты Рона.- ЁН ЗНІК! І ЦІ ВЕДАЕШ, ШТО ЛЯЖАЛА НА ПАДЛОЗЕ?

- Н-не,- з жахам ў голасе прамовіла дзяўчынка.

Рон нешта кінуў ўніз на Герміёнін пераклад з рун. Гары і яна нахіліліся. На пергаменце дзіўнай, востраканцовай фігурай ляжалі колькі доўгіх рудых каціных валаскоў.

 

— РАЗДЗЕЛ XIII —

 

Грыфіндор супраць Рэйвенкло

 

Складалася ўражэнне, што сяброўству Рона і Герміёны надышоў канец. Абодва настолькі люта глядзелі адзін на аднаго, што Гары і спадзявацца кінуў, што яны калі-небудзь памірацца.

Рон быў раззлаваны на Герміёну за тое, што яна абыякава ставілася да спробаў Крукшанса з’есці Скаберса і не пільнавала яго досыць добра. Больш таго нават зараз рабіла выгляд, што анічога не здарылася і прапаноўвала Рону ўважліва пашукаць пацука пад ложкамі ў іх спальне. Герміёна ж з адваротнага боку злавалася на Рона і абвінавачвала яго ў тым, што той не мае надзейных доказаў супраць Крукшанса, што яго поўсць магла застацца там яшчэ з Калядаў і ў тым, што той блага ставіўся да ката з тых самых часоў, як Крукшанс прызямліўся яму на галаву ў “Чарадзейным звярынцы”.

Гары і сам быў упэўнены, што Крукшанс скаштававаў Скаберса, але калі ён спрабаваў паведаміць Герміёне, што ёсць ўсе доказы кацінага злачынства, у адказ Герміёна таксама абурылася і на яго.

- Добра, я ведаю, што ты на адным баку з Ронам!- пранізліва сказала яна.- Спачатку Вогненная страла, потым Скаберс, добра я ўва ўсім вінавата! А цяпер пакінь мяне ў спакоі, Гары, мне трэба зрабіць шмат якой працы!

Рон сапраўды вельмі цяжка перажыў страту свайго ўлюбёнца.

- Годзе, Рон,- спрабаваў падбадзёрыць яго Фрэд,- ты ж сам жаліўся, што Скаберс стаў нейкім маркотным, згубіў свой колер ад узросту і пачаў чэзнуць. Мо, і да лепшага, што ён памёр гэдак хутка, адзін глыток і... яго няма.

- Фрэд!- абурана ўсклікнула Джыні.

- Ты сам казаў,- дадаў Джордж,- што ён толькі і рабіў, што еў ды спаў.

- Неяк ён кусіў Гойла!- сумна прамовіў Рон.- Ці ты памятаеш, Гары?

- Так, зразумела,- адказаў Гары.

- Гэта быў яго зорны час,- заўважыў Фрэд, з усяе моцы намагаючыся захаваць спакойны твар.- Хай шнар на пальцы Гойла паслужыць трывалай данінай яго памяці. Ёйку, Рон, калі ў наступны раз будзеш наведваць Хогсмід набудзеш сабе новага пацука. Годзе стагнаць.

Нарэшце, кінуўшы спробы падняць настрой Рону іншым спосабам, Гары пераканаў яго наведаць апошнюю трэніроўку Грыфіндора перад змаганнем з Рэйвенкло, каб апасля палятаць на Вогненнай страле. Здавалася на імгненне, гэта адарвала яго ўвагу ад тугі па Скаберсе.

- Файна! І што ты дасі мне пакатацца?

І вось яны разам рушылі на поле для квідытча.

Мадам Хуч, якая наглядала за Грыфіндорскай камандай падчас трэніроўкі ды ўважліва сачыла за Гары, была як і астатнія моцна ёй ўражана. Напачатку трэніроўкі яна ўзяла яе ў рукі і дала колькі прафісійных парад.

- Зірніце на яе баланс! У Німбусаў ёсць адзін недахоп, вельмі тонкая завязка на метлавішчы... таму пруткі за колькі год трэплюцца. Яшчэ яны паднавілі тронак і зрабілі яго танчэйшым, чым у тых жа Перамогаў, яна нагадвае мне старую Срэбную стралу... Добрыя былі мётлы, шкада іх кінулі выпускаць. Я сама вучылась лятаць на адной з іх, яна была вельмі старой, але ж вельмі добрай...

Настаўніца працягвала ў гэткім жа духу яшчэ колькі часу, пакуль яе не перарваў Вуд.

- Ээээ... мадам Хуч. Ці вы не маглі б вярнуць мятлу Гары? Нам трэ патрэніравацца...

- А... так... трымайце, Потэр,- адказала мадам Хуч,- а тут пасяджу, разам з Візлі...

Яна прысела на трыбуне паблізу ад Рона, а каманда згрудзілася вакол Олівера ў сярэдзіне поля, каб атрымаць апошнія інструкцыі перад заўтрашнім матчам.

- Так, Гары, я толькі што даведаўся, хто гуляе за паляўнічага ў Рэйвенклоскай камандзе. Гэта Цёў Чан. Яна чацвёрагодка і даволі добра грае... Але ж я спадзяюся, што яна будзе не ў форме, бо мела ў апошні час колькі траўмаў...- Вуд спахмурнеў пры адной толькі думцы, што Цёў Чан ачуняла, але працягваў.- З іншага боку, яна лятае на Камеце 260, а ў параўнанні з Вогненнай стралой, гэта дзіцячая цацка.- ён абдараваў Гарыну мятлу захопленым поглядам.- Добра, годзе, паехалі...

Нарэшце Гары асядлаў сваю Вогненную стралу і адштурхнуўся ад зямлі.

Адчуванне ад палёту пераўзыйшло ўсе яго мроі. Страла разварочвалася ад лёгкага дотыку і, здавалася, падпарадкоўвалася не рухам, а адным толькі яго думкам. Мятла неслася праз поле з такой хуткасцю, што яно ператварылася на зялёныя і шэрыя плямы; Гары настолькі рэзка развярнуўся, што Алісія Спінэт закрычала, калі ён распачаў цалкам кантраляванае падзенне і злёгку крануўся пальцамі травы на полі, перш чым ізноў падняцца на трыццаць, сорак, пяцьдзясят футаў над зямлёю...

- Гары, я выпускаю Сніч!- крыкнуў Вуд.

Хлопчык, развярнуўся і кінуўся за Бладжэрам, які ляцеў ў напрамку колаў-варот, злёгку абагнаў яго, заўважыў Сніч, што вылятаў з рук Олівера і дзесяццю секундамі пазней моцна трымаў яго ў руцэ.

Каманда шалёна заапладыявала. Гары зноў пусціў Сніч, пачакаў хвіліну, потым рвануўся з месца, віхляючы сюды-туды між іншымі гульцамі, заўважыў Сніч, які хаваўся недалёк ад калена Кэці Бэл, вільнуў ў яе напрамку, лёгка абагнуўшы дзяўчыну, зноўку моцна трымаючы Сніч у далоні.

Гэта была іх найлепшая трэніроўка за ўвесь час існавання каманды, гульцы натхнёныя прысутнасцю сярод іх мёцел Вогненнай стралы бездакорна выконвалі самыя найскладанейшыя хады. Калі яны ўрэшце рэшт апусціліся на поле, Вуд не меў аніякіх заўваг, што, па словах Джорджа, было з ім упершыню.

- Нават не ведаю, што нас заўтра зможа спыніць!- прамовіў Олівер.- калі толькі... Гары, ты вырашыў сваю праблему з дэментарамі?

- А то,- адказаў Гары, прыпамінаючы свой слабенькі Патронус і з усяе сілы жадаючы, каб ён быў мацней.

- Дэментары не аб’явяцца,- упэўнена заўважыў Фрэд.- Дамблдор пра гэта паклапоціцца.

- Будзем спадзявацца, што так,- прамовіў Вуд.- Ва ўсялякім выпадку... папрацавалі добра. А цяпер хадзема назад у вежу... трэ сёння раней легчы спаць...

- Я яшчэ на колькі часу застануся тут, абяцаў Рону даць пракаціцца на Страле,- сказаў Гары Оліверу. Астатнія гульцы адправіліся ў распранальню, а Гары рушыў да Рона, які ўжо пералез праз агароджу трыбунаў і пайшоў яму насустрач. Мадам Хуч паснула ў сваім крэсле.

- Трымай,- сказаў Гары, працягваючы Вогненную стралу сябру.

Рон з выразам экстазу на твары асядлаў мятлу і ўзляцеў у цемру, а Гары пайшоў скрайкам поля, уважліва назіраючы за ім. Калі ўжо надышла глыбокая ноч, мадам Хуч нарэшце прачнулася і, наракаючы хлопцам на тое, што яны ляталі без яе нагляду, загадала ім ісці назад да замку.

Гары паклаў стралу на плячо, і яны накіраваліся прэч з ухутанага цемраю стадыёну, абмяркоўваючы па дарозе раскошнае слізгаценне мятлы, яе фенаменальнае паскарэнне і дакладныя развароты. Яны былі ўжо на паўшляху да замку, калі Гары, зірнуўшы ў левы бок, пабачыў нешта, ад чаго яго сэрца пачало шалёна калаціцца... з цемры на яго глядзела пара бліскучых вачэй.

Гары замер, яго сэрца моцна стукалася аб рэбры.

- Што здарылася?- спытаўся Рон.

Гары паказаў на вочы. Рон выцягнуў сваю палачку і прамармытаў “Люмос!”

Прамень святла кінуўся на траву і асвятліў ніжнюю частку дрэва, дзе на галінцы сярод набухаючых пупышак сядзеў Крукшанс.

- Вэк адсюль!- заравеў Рон, нахіляючыся, каб схапіць з зямлі камень. Але перш, чым ён паспеў яго кінуць, Крукшанс знік у цемры, рассекшы паветра сваім доўгім рудым хвастом.

- Бачыш?- люта прамовіў Рон, кідаючы камень на зямлю.- Яна ўсё шчэ дазваляе яму валэндацца дзе заўгодна... верагодна, каб кампанію Скаберсу склала пара птушак...

Гары не адказаў яму. Ён глыбока ўздыхнуў, адчуваючы, як па целе разліваецца палёгка. Хвіліну таму ён быў упэўнены, што вочы належаць Грыму. Яны зноўку накіраваліся ў бок замка. Гары маўчаў і не глядзеў па баках, ажно пакуль яны не дайшлі да Вестыбюлю.

*

Натупным ранкам Гары спускаўся на сняданак разам з астатнімі Грыфіндорскімі хлопцамі, якія, здавалася, неслі ганаровую варту ля Вогненнай стралы. Калі ён увайшоў у галоўную залу, ўсе галовы развярнуліся у яго бок, а па сталах пранесліся ўзбуджаныя шэпты. Гары з велізарным задавальненнем зірнуў на каманду Слізэрына, гульцы якой выглядалі бы маланкай ляснутыя.

- Ці ты бачыш яго твар?- радасна прамовіў Рон, гледзячы на Малфоя.- Ён ня можа ў гэта паверыць! Супэр!

Вуд таксама купаўся ў праменні славы стралы.

- Пастаў яе тут,- сказаў ён і, паклаўшы мятлу ў цэнтры стала, асцярожна развярнуў яе назваю ўгору. Вучні з Рэйвенкло і Хафлпафа падыходзілі да іх, каб зірнуць на стралу бліжэй. Сэдрык Дзігары павіншаваў Гары з гэткай найгоднейшай заменай яго Німбусу, а Пенелопа Клірвотар пэрсіна дзяўчына з Рэйвенкло, папрасіла патрымаць у руках сапраўдную Вогненную стралу.

- Так-так, Пенелопа, глядзі не нарабі шкоды!- у захапленні прамовіў Пэрсі.- Мы з ёй пабіліся ў заклад на тое, хто выйграе,- растлумачыў ён гульцам,- дзесяць галеёнаў!

Пенелопа паклала Вогненную стралу на месца, падзякавала Гары і вярнулася за свой стол.

- Гары... паабяцай мне, што выйграеш,- хуткім шэптам папрасіў Пэрсі.- У мяне няма дзесяці Галеёнаў. Так ужо іду, Пэні!- ён кінуўся даганяць Пенелопу, трымаючы ў руках кавалак тоста.

- А ці ты здатны ёй кіраваць, Потэр?- адчуўся халодны працяжны голас.

Драко Малфой аб’явіўся, каб пільней разгледзіць стралу. Разам з ім, як і заўжды, былі Крэйб з Гойлам.

- Мяркую, так,- абыякава адказаў Гары.

- Яна ж мае купу дадатковых прыстасаванняў?- спытаўся Малфой, злосна паблісківаючы вачыма.- Як шкада, што сярод іх няма парашута, на той выпадак... калі паблізу ад цябе аб’явяцца дэментары.

Грэйб і Гойл загігікалі.

- Шкада, што твая не мае дадатковай рукі,- адказаў Гары,- якая б лавіла Снічы замест цябе.

Грыфіндорцы гучна разрагаталіся, Малфой звузіў свае бледныя вочы і адышоў прэчкі. Усе ўважна назіралі, як Драко рушыў да астатніх гульцоў слізэрынскай каманды, якія згрудзіліся вакол яго, без сумневу пытаючыся, ці сапраўды Гары мае Вогненную стралу.

Без чвэрці аб адзінаццатай каманда Грыфіндору накіравалася ў распранальню. Надвор’е значна адрознівалася ад таго, што было падчас гульні з Хафлпафам. Гэта быў ясны, прахалодны дзень, дуў лёгкі ветрык і на гэты раз не было аніякіх праблемаў з бачнасцю. Нягледзячы на знерваванасць, Гары пакрысе пачаў адчуваць знаёмае ўзбуджэнне, якое бывала ў яго падчас кожнай гульні. Ён чуў, як астатнія вучні разам з настаўнікамі рушылі на стадыён. Гары зняў форменную школьную мантыю і сунуў чароўную палачку ў тэніску, якую насіў пад квідытчнай формай; але спадзяваўся, што ў ёй не будзе патрэбы, бо раптам вырашыў, што прафесар Люпін можа глядзець на гульню разам з астатнімі.

- Усе ведаюць, што мы павінны зрабіць,- прамовіў Вуд, камандзе, якая ўжо збіралася рушыць на поле.- Калі мы прайграем гэты матч, мы вылятаем. Проста... проста лятайце так, як рабілі гэта падчас ўчорашней трэніроўкі і ўсё будзе файна!

Яны выйшлі на поле пад гул апладысментаў. Іх супернікі з Рэйвенкло, у сініх мантыях ўжо стаялі у сярэдзіне поля. Паляўнічая Цёў Чан, была адзінай дзяўчынкай ў іх камандзе. Яна была ніжэй за Гары прыкладна на галаву і ён не мог не заўважыць, што Цёў нэрвавалася як і ён, а да таго ж была вельмі прыгожанькай. Яна ўсміхнулася Гары, калі каманды развярнуліся адна да адной разам са сваімі капітанамі. Хлопец адчуў лёгкае дрыжанне ў нізе жывата, але яно аніяк не было павязана з яго нэрвовай напругай.

- Вуд, Дэвіс, пацісніце рукі адно аднаму,- загадала мадам Хуч і капітаны, наблізіўшыся, абмяняліся поціскамі.

- Падрыхтавалі мётлы... па маім свістку... тры, два, адзін...

Гары адштурхнуўся ад зямлі і Вогненная страла ўзляцела вышэй па-над усімі астатнімі мётламі. Ён пачаў, жмурачыся, лятаць вакол стадыёну ў пошуках Сніча, ўвесь час слухаючы каментары, якія забяспечваў Лі Джордан сябра блізнятаў Візлі.

- Яны ўзляцелі і ўсе прысутныя з моцным захапленнем утаропілі свае вочы на грыфіндорца Гары Потэра які карыстаецца Вогненнай стралой. Лепшай мятлой, якую абіраюць гульцы ўсіх нацыянальных каманд на Чэмпіянаце Свету, як нам паведамляе часопіс “Усё аб Мётлах”...

- Джордан, а ці не маглі бы вы лепш паведамляць пра тое, што адбываецца на полі?- перапыніў яго голас прафесаркі МакГонагал.

- Маеце рацыю, мадам Прафесар... толькі ячшэ крыху дадатковай інфармацыі. Вогненная страла, дарэчы, мае ўбудаваны аўтаматычны тормаз і...

- Джордан!

- Добра, добра! Сітуацыяй завалодаў Грыфіндор, гулец гэтай каманды Кэці Бэл нясецца ў напрамку варот...

Гары прамінуў Кэці ў супрацьлеглым кірунку, назіраючы навокал, ці не блісне там штось залатое, а на яго хвост ўжо села Цёў Чан. Яна несумненна лятала найвыдатнейшым чынам... бо ўвесь час апынялася перад ім, прымушаючы змяніць кірунак.

- Пакажы ёй сваю хуткасць, Гары!- крыкнуў яму Фрэд, кружлянуўшы, каб адбіць бладжэр, што нёсся ў напрамку Алісіі.

Гары паскорыў Стралу ў напрамку рэйвенклоскіх колаў у супрацлеглым канцы стадыёну і Цёў адстала. У гэты ж момант Кэці забіла першы гол у матчы і грыфіндорская трыбуна пачала шалець. Тут... Гары заўважыў сніч, які пырхаў вельмі блізка ад зямлі ля адной з агародж.

Гары зрабіў нырок. Цёў заўважыла яго манэўр і накіравалася насустрач. Гары паскорыўся, яго захапіла ўзбуджэнне, ныркі былі яго ўлюбёным манэўрам. Ён ужо быў на адлегласці дзесяці футаў ад Сніча...

Але тут на яго шляху апынуўся бладжэр, кінуты адным з супернікаў, Гары збочыў на колькі цаляў, аднак гэтага часу хапіла, каб сніч адляцеў прэчкі.

Адчуўся гул расчаравання ад прыхільнікаў Грыфіндору і разам з ім апладыраванне рэйвенклоскай трыбуны свайму бітаку. Джордж Візлі, даўшы волю эмоцыям, накіраваў другі бладжэр у крыўдзіцеля, і той быў вымушаны зрабіць неверагоднае ўхіленне ў бок, каб пазбегнуць удару.

- Грыфіндор перамагае з лікам восемьдзесят на нуль, але ж вы паглядзіце на Вогненную стралу, як яна ляціць! І якую хуткасць развівае на ёй Гары. У Каметы, якой карыстаецца Чан, папросту не атрымаецца зрабіць анічога падобнага. Сапраўды дакладны баланс Вогненнай стралы ажыцяўляецца з-за гэтых доўгіх...

- ДЖОРДАН! ЦІ ТАБЕ ЗАПЛАЦІЛІ ЗА РЭКЛАМАВАННЕ ВОГНЕННАЙ СТРАЛЫ?! КАМЕНТУЙ МАТЧ!

Рэйвенкло пакрысе даганялі іх. Яны забілі тры галы запар і цяпер розніца ў ліку была толькі пяцьдзясят балаў... калі б зараз Цёў злавіла сніч, яны б перамаглі. Гары імгненна знізіўся, ледзь пазбегнуўшы сутыкненне з рэйвенклоскім пераследнікам... які шалёна зыркаў вачыма на хлопца. Раптам Гары заўважыў залаты бляск і трымценне маленькіх крылак... Сніч кружляў ля грыфіндорскіх варот...

Хлопчык паскорыўся, не адводзячы вачэй ад залатой плямкі наперадзе... але ў наступную секунду, невядома адкуль аб’явілася Цёў, якая неслася блакуючы яго...

- ГАРЫ, ЦЯПЕР НЕ ЧАС ДЛЯ ДЖЭНТЛЬМЕНСТВА,- заравеў Вуд, калі той адхіліўся, каб пазбегнуць сутыкнення.- КАЛІ ПРЫЙДЗЕЦЦА, МОЖАШ НАТ СПІХНУЦЬ ЯЕ З МЯТЛЫ!

Гары развярнуўся і ўбачыў пасміхаючуюся Цёў.. Сніч зноўку адляцеў. Гары развярнуў Вогненную стралу ўгору і неўзабаве апынуўся ў дваццаці футах па-над полем. Крайком вока ён ўбачыў, як Цёў рушыла за ім. Напэўна, яна вырашыла шпіёніць за ім, замест таго, каб шукаць сніч самастойна. Балазе... калі яна вырашыла сесці яму на хвост... хай сама адказвае за наступствы...

Ён зноўку нырнуў, Цёў вырашыўшы, што ён зноўку заўважыў сніча, кінулася следам за ім. Гары пад вельмі вострым вуглом паляцеў уніз, суперніца паспяшала за ім. І тут Гары зноўку рэзка ўзляцеў угору і ўжо трэці раз пабачыў сніч – той блішчэў ледзь вышэй рэйвенклоскай трыбуны.

Гары паскорыўся, тое ж зрабіла Цёў, што знахадзілася значна ніжэй. Гары перамагаў, з кожнай секундай набліжаючыся да сніча... ну...

- Ай!- раптоўна закрычала Цёў, кажучы кудысь.

Занепакоены Гары зірнуў уніз..

Тры дэментары, тры вялізныя дэментары ў плашчах з каптурамі глядзелі на яго.

Хлопчык не разважаў ані секунды. Ён імгненна палез па-за тэніску, выцягнуў адтуль палачку і заравеў: “Экспекта Патронум!”

Нешта срэбнае і агромністае выляцела з яго палачкі. Гары ведаў, што трапіў у дэментароў, але не спыніўся паглядзець, што будзе, яго розум працягваў быць дзіўна ясным, Гары глядзеў наперад... ён быў амаль што там. Хлопчык выцягнуў руку, якая ўсё яшчэ сціскала палачку і ледзь паспеў самкнуць пальцы на маленькім трапяткім снічы.

Прагучаў свісток мадам Хуч, Гары разгарнуўся ў паветры і ўбачыў шэсць пунсовых фігур, якія несліся ў яго бок. Праз імгненне каманда абдымала яго настолькі моцна, што ледзь не скінулі з мятлы. А ўнізе сярод натоўпу чуліся крыкі грыфіндорцаў.

- А мой жа ты хлопча!- не супыняючыся, енчыў Вуд. Алісія, Анджэліна і Кэці цалавалі Гары, а Фрэд абняў яго так шчыльна, што Гары здавалася, быццам у яго зараз адарвецца галава. У поўным бязладдзі каманда нарэшце апынулася на зямлі. Гары злез з мятлы і падняўшы вочы ўбачыў, як да яго нясецца статак грыфіндорскіх фанатаў на чале з Ронам, але перш чым ён гэта зразумеў, яго акружыў натоўп.

- Так!- лямантаваў Рон, торгаючы Гарыну руку ў паветра.- Так! Так!

- Малайчына, Гары!- выглядаючы надта захопленым, прамовіў Пэрсі.- Дзесяць Галеёнаў мае! Прабач, але мне трэ знайці Пенелопу...

- Ай, малайца, Гары!- равеў Шымас Фініган.

- Найневерагодна!- прагудзеў Хагрыд па-над галавамі грыфіндорцаў.

- Гэта быў выдатны Патронус,- прамовіў нехта ў самае вуха Гары.

Гары развярнуўся і ўбачыў прафесара Люпіна, які выглядаў узрушаным і задаволеным.

- Дэментары аніяк не паўплылі на мяне!- усхвалявана мовіў Гары.- Я нават не адчуў іх!

- Гэта адбылося, таму што... эээ... гэта былі не дэментары,- адказаў Люпін.- Хадзем...

Ён рушыў разам з Гары, пакуль яны не дасягнулі ўскрайку поля.

- Ты моцна напалохаў містэра Малфоя,- прамовіў прафесар.

Гары вытарапіў вочы. Скамячанай горкай на зямлі валяліся Малфой, Крэйб, Гойл і капітан слізэрынскай каманды Маркус Флінт, спрабуючы вылезці з доўгіх чорных плашчоў з каптурамі. Малфой, здавалася, сядзеў на Гойлавых плячах. А па-над імі з выразам моцнай лютасці стаяла прафесарка МакГонагал.

- Нікчэмная мана!- лямантавала яна.- Нізкая і труслівая спроба пашкодзіць грыфіндорскаму паляўнічаму! Усім затрыманне і пяцьдзясят балаў са Слізэрына! І я абавязкова пагаманю на ваш конт з прафесарам Дамблдорам! Між іншым, а вось і ён!

Калі было нешта, што ўзмацніла перамогу Грыфіндору, дык толькі гэтая сцэна. Рон, пазіраючы праз Гарына плячо, курчыўся са смеху, гледзячы, як Малфой спрабуе выблытацца з плашчу, у якім ўсё яшчэ працягвала знаходзіцца галава Гойла.

- Хадзем, Гары!- крыкнуў Джордж, адцягваючы яго ад месца здарэння.- У нас вечарына! У Грыфіндорскай гасцёўне, зараз!

- Ужо!- адказаў Гары, ён адчуваў сябе шчаслівей, чым колісь за ўсё жыццё. Узначальваючы рэшту каманды, якая ўсё яшчэ была апранута ў пунцовыя мантыі, ён рушыў у напрамку замку.

*

Складалася ўражанне, бы Грыфіндор ўжо выйграў Кубак Квідытчу, вечарына доўжылася да позняй ночы. Блізнюкі Візлі зніклі на колькі гадзін, а потым аб’явіліся трымаючы ў акрэмках бутэлькі з вяршковым півам, гарбузовую шыпучку і колькі мяшкоў з прысмакамі ад “Мядовага герцага”.

- Як у вас гэта атрымалася?- завішчала Анджаліна Джонсан, калі Фрэд з Джорджам пачалі кідаць ў натоўп мятных жабак.

- З невялічкай дапамогаю Лунаціка, Галахвоста, Мягкалапа і Рагача,- шапатнуў Фрэд Гары на вуха.

І толькі адзін чалавек не браў удзелу ў святкаванні. Герміёна, што было чымсь нечуваным, сядзела ў куточку і намагалася чытаць вялізны том “Хатняе жыццё і сацыяльныя звычаі брытанскіх маглаў”. Калі Фрэд з Джорджам прыняліся жангляваць бутэлькамі з вяршковым півам, Гары сыйшоў са стала і накіраваўся да яе.

- Ці была ты на матчы?- спытаўся ён.

- Зразумела ж,- адказала з напругаю ў голасе дзяўчынка, нават не падымаючы вачэй.- Я вельмі задаволена тым, што мы перамаглі, мяркую, гэта сапраўды выдатна, але мне трэба дачытаць гэтую кнігу да панядзелка.

- Не кажы ерунды, Герміёна, давай далучайся да нас, пад’еш,- прамовіў Гары, ўскрайкам вока пазіраючы на Рона і разважаючы, ці ён у настолькі добрым настроі, каб зарыць сякеру вайны.

- Ані, Гары, мне яшчэ трэба прачытаць 422 старонкі!- крыху істэрычна адказала Герміёна і, зірнуўшы на Рона, дадала.- Тым больш... там ёсць людзі, якія не жадалі б прыняць мяне ў сваю кампанію.

Быццам у падтрымку яе слоў, за сталом прагучаў голас Рона.

- А калі б тут быў яшчэ і Скаберс, ён бы з задавальненнем пакаштаваў гэтых сметанкавых мушак, як жа ён іх любіў...

Герміёна заплакала. І перш, чым Гары паспеў што-небудзь зрабіць ці сказаць, яна схапіла свае кнігі пад паху і, не спыняючы ўсхліпваць, кінулася па лесвіцы ў сваю спальню.

- Ці не мог бы ты кінуць яе шпыняць?- спытаўся Гары ў Рона.

- Ані,- катэгарычна заявіў Рон.- Калі б яна хоць зрабіла выгляд, што шкадуе... але Герміёна не робіць гэтага. Яна ўсё шчэ старанна паводзіць сябе так, бы Скаберс дзесь адпачывае ці нешта накшталт гэтага.

Грыфіндорская вечарына скончылася толькі тады, калі а першай гадзіне ночы ў гасцёўню завітала прафесарка МакГонагал у халаце з шатландкі і сетачкай дзеля валос на галаве, ды загадала ўсім зараз жа класціся спаць. Гары з Ронам падняліся ў сваю спальню, усё яшчэ працягваючы абмяркоўваць матч. Нарэшце, змучаны Гары забраўся ў свой ложак і, штуршком зачыніўшы фіранкі свайго балдахіна, каб уратавацца ад месяцовага святла, лёг на спіну і адчуў, як амаль імгненна праваліўся ў сон...

Ён сніў нешта надта дзіўнае. Быццам ён рушыў праз лес, трымаючы на плячы сваю Вогненную стралу за чымсці серабрыста-белым. Істота плазавала між дрэваў дзесьці наперадзе і Гары мог бачыць толькі яе водбліскі. Хлопчык імкнуўся дагнаць яе, ён паскорыўся, але тое ж самае зрабіла і сама істота. Гары пабег яшчэ хутчэй і пачуў гук імклівых капытоў, што імгненна перайшлі на галоп. Потым чарговы раз павярнуўшыся, гары трапіў на паляну і...

- ХАААААААААААЛЛЛЛЛЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕРРРРРАААА! НЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕ!

Гары бы ад аплявухі імгненна прачнуўся. Дэзарыентаваны з-за цемры, Гары паспрабаваў намацаць фіранку. Ён чуў, як па пакоі нехта бегае, а потым голас Шымаса Фінігана ў іншым куце пакоя спытаў.

- Што здарылася?

Гары адчуў, як ляпнулі дзверы пакою. Нарэшце ён знайшоў край фіранкі і адсунуў яе, у той жа момант Дын Томас запаліў лямпу.

Рон сядзеў з жахам на твары, а адна з фіранак яго ложку была разадраная.

- Блэк! Сірыюс Блэк! З нажом!

- Штоооооо?

- Вось тут! Хвіліну таму! Ён разрэзаў фіранку і пабудзіў мяне!

- Ты ўпэўнены, што не прысніў яго?- спытаўся Дын.

- Зірні на балдахін! Я кажу, ён быў тут!

Усе хлопцы пакінулі свае ложкі, Гары першым дабег да выхаду, а за ім ўсе астатнія спусціліся па сходах у гасцёўню. Са сваіх спалень пачалі выглядаць астатнія вучні і пытацца соннымі галасамі.

- Хто крычаў?

- Што вы тут робіце?

Гасцёўня была асветлена толькі дагараючым вогнішчам коміна і па-ранейшаму была завалена смеццем, што засталося пасля вечарыны. Але там ужо нікога не было.

- Ты дакладна ўпэўнены, Рон, што гэта не быў сон?

- Я кажу вам, што бачыў яго на ўласныя вочы!

- Што за шум?

- Прафесарка МакГонагал загадала ўсім спаць!

- Колькі дзяўчынак, нацягваючы халаты і пазяхаючы, спускаліся па сходах. Крыху пазней пачалі спускацца хлопцы.

- Выдатна, мы збіраемся працягваць?- узрушана прамовіў Фрэд.

- Зараз жа ўсе па пакоях!- ўскрыкнуў Пэрсі, на хаду прымацоўваючы значык старасты да піжамы.

- Перс... там быў Сірыюс Блэк!- ледзь чутна заявіў Рон.- Ён прабраўся ў наш пакой! З нажом! Ён пабудзіў мяне!

У гасцёўне запанавала цішыня.

- Глупства!- выглядаючы напалохана прамовіў Пэрсі.- Ты шмат з’еў падчас вечарыны, Рон... і прысніў кашмар...

- Я бачыў яго...

- Ну ўсё, з мяне годзе!

Адчыніўшы адтуліну за партрэтам прамовіла прафесарка МакГонагал. Яна стаяла і люта азіралася на прысутных.

- Я не менш за вас рада перамозе Грыфіндору, але гэта пераходзіць ўсе магчымыя межы! А ад вас, Пэрсі, я чакала большага!

- Вядома ж, я не дазваляў ім анічога падобнага, мадам прафесар!- сапучы ад абурэння, мовіў Пэрсі.- Я загадаў усім адпраўляцца па ложках! Мой брат Рон ўбачыў кашмар...

- ГЭТА НЕ БЫЛО КАШМАРАМ!- залямантаваў Рон.- МАДАМ ПРАФЕСАР, Я ПРАЧНУЎСЯ, А НАДА МНОЙ, ТРЫМАЮЧЫ НОЖ СТАЯЎ СІРЫЮС БЛЭК!

Прафесарка вытарапілася на яго.

- Не кажыце ерунды, Візлі, як ён мог трапіць сюды праз партрэт?

- Спытайце ў яго!- дрыжачым пальцам кажучы на карціну адказаў Рон.- Спытайце, ці не бачыў ён кагось...

Падазрона бліснуўшы вачыма на Рона, прафесарка адштурхнула карціну і выйшла з пакою. Усе ў пакоі, сцішыўшы дыханне, уважліва сачылі за размовай.

- Сэр Кэдаган, ці пускалі вы каго-небудзь колькі хвілін таму?

- Зразумела ж, васпані!- усклікнуў сэр Кэдаган.

Разгубленая цішыня запанавала, як усярэдзіне так і звонку пакоя.

- Ч-чаму вы гэта... зрабілі?- спыталася МакГонагал.- Дзеля... дзеля гэтага ж неабходна мець пароль!

- Ён меў!- ганарыста прамовіў сэр Кэдаган.- На увесь тыдзень, мая ледзі! Яны былі запісаны на паперцы!

Прафесарка МакГонагал зноўку вярнулася ў пакой да ашаломленых вучняў. Яе твар быў бялее за крэйду.

- Хто з вас,- спыталася яна дрыготкім голасам,- які ў вышэйшай ступені дурны бот запісаў паролі на ўвесь тыдзень і кінуў іх абы-дзе?

Цішыня час ад часу пачала перарывацца кароткімі ўзвіскамі. Потым ў паветра павольна паднялася пухлая ладка Нэвіла Лонгботама.

 

— РАЗДЗЕЛ XIV —

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.072 сек.)