|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Слуга Лорда Вальдэморта
Герміёна ўскрыкнула. Блэк ускочыў на ногі. Гары ўздрыгануўся, бы яго шыбанула токам. - Я знайшоў гэта ля Лупцуючай вярбы,- прамовіў Снэйп і асцярожна, каб не адхілілася палачка, якую ён працягваў кіраваць у грудзі Люпіна, Снэйп адкінуў мантыю-невідзімку ўбок,- Яна вельмі згадзілася мне, Потэр, дзякую табе... Снэйп моцна запыхаўся, але яго твар свяціўся ад дрэнна хаваемага трыюмфу. - Напэўна, вам вельмі цікава, якім чынам я даведаўся пра тое, дзе вы?- паблісківаючы вачыма, прамовіў ён.- Я быў у тваім кабінеце, Люпін. Ты забыўся зайсці ўвечары да мяне па сваё зелле і я вырашыў занесці яго сам. І вельмі добра, што зрабіў гэта... я маю на ўвазе, добра для мяне. На стале ляжала адна ўжо вядомая мапа. Аднаго позірку на яе мне хапіла, каб ведаць ўсё, што мне трэба.Я бачыў, як ты прайшоў уздоўж калідора і пайшоў далей. - Северус...- пачаў было Люпіна, але Снэйп перапыніў яго. - Я шмат разоў паўтараў і паўтараў дырэктару, што гэта ты, Люпін, дапамог твайму старому сябруку Блэку трапіць у замак. І вось ён доказ. Я нават не думаў, што ў цябе з’явіцца нахабства выкарыстаць ваш стары штаб у якасці схованкі... - Северус, ты робіш памылку,- імгненна працягнуў Люпін.- Ты не ведаеш усёй гісторыі... я ўсё табе растлумачу... Сірыюс тут не дзеля таго, каб забіць Гары... - Сёння ноччу Азкабан папоўніцца дзвума вязнямі,- прамовіў Снэйп і яго вочы фанатычна заблішчэлі.- Мне цікава, як Дамблдор адрэагуе на гэта. Ён па-ранейшаму лічыць цябе, Люпін, цалкам бяспечным... ручным ваўкалакам... - Ты ёлуп,- мягка адказаў той.- З-за школьнай крыўды ты гатовы запхнуць цалкам нявіннага чалавека назад у Азкабан? БАЦ! Тонкая змеепадобная стужка вырвалася са снэйпавай палачкі і абвіла прафесара Люпіна ад рота да ладыжак, той згубіў раўнавагу і паваліўся на падлогу, не ў стане паварушыцца. Блэк, зароўшы, кінуўся ў яго напрамку, але Снэйп тыцнуў яму палачкай між вачэй. - Дай мне повад,- прашапатаў ён,- дай толькі повад, і я клянуся, што зраблю гэта. Блэк застыў на месцы. У гэты час немагчыма было дакладна сказаць, хто з мужчын палае да другога большай нянавісцю. Гары стаяў, здранцвеўшы, не разумаеючы што рабіць і каму верыць. Ён паглядзеў на Рона і Герміёну. Рон быў збянтэжаны, і карысці ад яго было няшмат, бо ён з усёй моцы спрабаваў затрымаць Скаберса. Але Герміёна зрабіла крок ў напрамку Снэйпа і прамовіла вельмі слабым голасам. - Прафесар Снэйп... ці... ці не здаецца вам, што нельга адмаўляць ім ў магчымасці вы... выказацца? - Міс Грэйнджар, вы і так амаль што выключаны са школы,- фыркнуў Снэйп.- Вы, Потэр і Візлі знаходзіцеся па-за межамі школы ў кампаніі забойцы і ваўкалака. Таму хоць раз у жыцці СТРЫМАЙЦЕ СВОЙ ЯЗЫК. - Але ж... калі вы памыляецеся... - ЗАМОЎКНІ, ДУРНОЕ ДЗЯЎЧО!- раптам ушчэнт ашалеўшы, крыкнуў Снэйп.- НЕ РАЗВАЖАЙ АБ ТЫМ, ЧАГО НЕ РАЗУМЕЕШ!- колькі іскраў выскачылі з палачкі Снэйпа, якую ён працягваў трымаць ля твара Блэка. Герміёна сціхла. - Якое гэта салодкае пачуццё – помста,- ціха прамовіў Снэйп у твар Блэку.- Як я спадзяваўся быць тым, хто зловіць цябе... - З табою зноў нехта пажартаваў, Северус.- гыркнуў Блэк.- Няхай гэты хлопец,- ён штурхнуў галавою ў бок Рона,- занясе свайго пацука ў замак... а я спакойна пайду... - Да замку?- лісліва прамовіў Снэйп.- Мяркую, што табе няма сэнсу хадзіць так далёка. Дастаткова паведаміць пра цябе дэментарам і яны сустрэнуцца з табой ля Вярбы. Яны вельмі будуць рады сустрэчы, Блэк, так рады, што нават адаруюць цябе невялічкім пацалуначкам... Апошнія барвы пакінулі твар Блэка. - Ты... ты павінен выслухаць мяне,- прахрыпеў ён.- Пацук... паглядзі на гэтага пацука... Але ў снэйпавых вачах аб’явіўся шалёны бляск, якога Гары раней ніколі не бачыў, здавалася што той канчаткова звар’яцеў. - Вы ўсё, рушце за мной,- ён пстрыкнуў пальцамі і канцы стужкі, што звязвала Люпіна падляцелі да яго рукі.- Я пацягну ваўкалака. Магчыма дэментары зробяць ласку і пацалуюць яго таксама... Аднак перш, чым ён змог апамятаваць, Гары ў тры крокі перасёк пакой і заблакаваў дзверы. - Прэч з дарогі, Потэр,- прагыркаў Снэйп,- у цябе і так ужо досыць праблемаў. Калі б я не з’явіўся, уратаваць тваю скуру... - Прафесар Люпін сто разоў мог забіць мяне,- прамовіў Гары,- я безліч часу правёў сам насам з ім, калі вучыўся абараняцца ад дэментараў. Калі ён дапамагаў Блэку, чаму ён не скарыстаўся гэткай магчымасцю, каб расправіцца са мной? - Не пытайся ў мяне, Потэр, што творыцца ў розуме ваўкалака,- прасыкаў Снэйп,- Прэч з дарогі. - ВЫ НІКЧЭМА!- пралямантаваў хлопец.- ТОЛЬКІ З-ЗА ТАГО, ШТО ЯНЫ ЗДЗЕКВАЛІСЯ З ВАС У ШКОЛЕ, ВЫ ІХ І СЛУХАЦЬ НЕ ЖАДАЕЦЕ... - МАЎЧАЦЬ! Я НЕ ДАЗВОЛЮ ТАБЕ РАЗМАЎЛЯЦЬ СА МНОЙ У ПАДОБНЫМ ТОНЕ!- загаласіў Снэйп, зараз ён выглядаў яшчэ больш апантаным, чым калі-небудзь.- Які бацька, такі і сын! Потэр, я толькі што ўратаваў тваю шыю і ты вінен на каленях дзякваць мяне за гэта! А што калі б ён забіў цябе. Ты загінуў бы як твой бацька, які ў сваёй пыхе не змог уявіць, што Блэк дурыць яго... а зараз прэч з дарогі, ці я буду вымушаны прымяніць сілу. ІДЗІ ВЭК, ПОТЭР! Гары разважаў не больш за секунды. Перш, чым Снэйп паспеў зрабіць хоць крок ў яго напрамку, хлопчык падняў палачку. - ЭКСПЕЛІЯРМУС!- прагаласіў ён... пры гэтым пачуўшы не толькі свой голас. Грымнуў выбух, які сарваў дзверы з завесаў. Снэйпа ўзняло ў паветра і кінула аб сцяну. Ён скаціўся на падлогу, з-пад снэйпавых валасоў засачыўся крывавы струменьчык. Прафесар быў накаўтыяваны. Гары азірнуўся і ўбачыў, што Рон з Герміёнаю адначасова з ім таксама паспрабавалі раззброіць настаўніка. Яго палачка, апісаўшы высачэзную дугу, прызямлілася на ложак паблізу Крукшанса. - Вам не трэба было нападаць на яго,- гледзячы на Гары прамовіў Блэк.- Гэта павінен быў зрабіць я... Гары пазбягаў яго вачэй. Ён дагэтуль не быў упэўнены, што зрабіў правільна. - Мы напалі на настаўніка... мы напалі на настаўніка...- скавытала Герміёна, напалоханымі вачыма гледзячы на знежывелага Снэйпа.- Вох, у якую ж вялізную бяду мы ўкляпаліся... Люпін, лежачы на падлозе, змагаўся са сваімі путамі. Блэк хутка нахіліўся і дапамог яму. Той падняўся на ногі, паціраючы здранцвелыя рукі, сям-там прасякнутыя лініямі.. - Дзякуй, Гары,- прамовіў ён. - Я пакуль яшчэ не магу сказаць, што веру вам,- адкараскаўся Гары. - Тады надышоў час прапанаваць вам сякія-такія доказы,- сказаў Блэк.- Хлопчык... дай ка мне Пітэра. Рон шчыльна прыціснуў Скаберса да грудзей. - Кіньце дурное,- слаба прамовіў ён.- Няўжо вы будзеце сцвярджаць, што вырваліся з турмы, толькі дзеля таго, каб дабрацца да Скаберса? То бок...- ён паглядзеў на Гары і Герміёну, чакаючы ад іх падтрымкі.- Добра, я веру, што Пэцігру можа ператварацца на пацука... але пацукоў міліёны... як вы здагадаліся, пасля столькіх год у Азкабане, што гэта менавіта ён. - Ці ты ведаеш, Сірыюс, а ён мае рацыю,- спытаўся Люпін, звяртаючыся да Блэка.- Як ты здагадаўся, што гэта Пітэр? Блэк сунуў кіпцюрападобную руку сабе пад мантыю і выцягнуў адтуль пакамячаны кавалак паперы, распраміў яго і паказаў прысутным. Гэта была фатаграфія сям’і Візлі, што летась была надрукавана ў “Штодзённым Вяшчуне”. На плячы ў Рона сядзеў Скаберс. - Дзе ты яе дастаў,- спытаўся ашаломлены Люпін. - Фадж,- адказаў Блэк.- Мінулым летам ён прыязджаў у Азкабан з інспекцыяй і даў мне сваю газету. На першай паласе я ўбачыў Пітэра... што сядзеў на плячы ў гэтага хлопца... Я адразу пазнаў яго... бо столькі раз бачыў, як той пераварочваецца. А подпіс абвяшчаў, што хлопчык збіраецца вяртацца ў Хогвартс... дзе вучыцца Гары... - А, Божа мой, Божачкі,- мякка прамовіў прафесар Люпін, зірнуўшы на фотаздымак і вяртаючы кавалак газеты Блэку.- Яго пярэдняя лапа... - А што з ёй?- задзірліва спытаўся Рон. - У яго адсутнічае адзін палец,- адказаў Блэк. - Канечне ж,- выдыхнуў Люпін,- гэта ж відавочна... але бліскуча... ён адрэзаў палец? - Так, перад тым, як перавараціцца,- пацвердзіў Блэк.- Калі я загнаў яго ў кут, ён завішчаў, што я выдаў Лілі і Джэймса. І перш, чым я паспеў заклясці яго, ён сваёй палачкай ушчэнт разнёс частку вуліцы за спінаю, забіўшы пры гэтым усіх, хто знаходзіўся бліжэй за дванаццаць футаў ад яго... і, скокнуўшы, знік ў каналізацыі сярод іншых пацукоў... - Хіба ты не чуў, Рон,- спытаўся Люпін,- што самым вялікім кавалкам, што застаўся ад Пітэра быў яго палец? - Здаецца, Скаберс папросту пабіўся з якімсь іншым пацуком, ці з ім здарылася нешта падобнае! Ён ў маёй сям’і ўжо шмат гадоў... - Дакладней, недзе дванаццаць.- дадаў прафесар.- А ты ніколі не разважаў, чаму ён жыве настолькі доўга? - Ну... ну, мы добра даглядалі яго!- адказаў Рон. - Але ў дадзены момант, ён выглядае не надта добра.- прамовіў Люпін.- Ці не тады выпадкова ён пачаў худнець, калі пачуў, што Сірыюс збёг з-за кратаў?.. - Скаберс папросту баіцца гэтага шалёнага кашака!- Рон хістнуў галавою ў бок ложка, дзе працягваў варкочучы ляжаць Крукшанс. Але Гары прыпомніў, што ўсё было зусім не так... Скаберс пачаў адчуваць сябе блага яшчэ да сустрэчы з Крукшансам... калі Рон вярнуўся з Ягіпта... калі прыйшло паведамленне, што Блэк вырваўся з Азкабану... - Гэты кот зусім не шалёны,- прахрыпеў Блэк, працягнуўшы да Крукшанса руку і пагладзіўшы яго па пухнатай галаве,- наадварот, найразумнейшы з усіх катоў, што сустракаліся на маім шляху. Ён адразу здагадаўся, кім насамрэч ёсць Пітэр. І калі ўпершыню сустрэў мяне, таксама ведаў, што я не сапраўдны сабака. Гэта было яшчэ да таго, як ён пачаў давяраць мне. Аднак, калі нарэшце мы знайшлі агульную мову, ён пачаў дапамагаць мне... - Што вы маеце на ўвазе?- ледзь чутна спыталася Герміёна. - Спачатку, ён паспрабаваў прынесці Пітэра да мяне, але калі гэта не атрымалася... ён скраў для мяне паролі да Грыфіндорскай вежы... думаю, ён выцягнуў іх з камоды ў кагось з хлопцаў... Гары здавалася, што яго мозг пачало сціскаць пад вагай пачутага. Поўная лухцень... аднак... - Але Пітэр, зразумеўшы, што адбываецца збег... гэты кот - вы, па-мойму, клічыце яго Крукшансам – распавёў мне, што ён пакінуў груду скрываўленых прасцін... магчыма, добра кусіў сябе... зусім так, як тады, калі інсцэніраваў уласную смерць... Гэтыя словы прывялі Гары ў свядомасць. - Але чаму ён сфальсіфікаваў сваю смерць?- разлютавана спытаўся ён.- Пэўна, ён ведаў, што ты заб’еш яго, як забіў маіх бацькоў! - Не,- прамовіў Люпін,- Гары... - А цяпер ты з’явіўся, каб скончыць гэтую справу! - Так, я прыйшоў забіць яго,- прамовіў Блэк і злосна паглядзеў на Скаберса. - Тады я не павінен быў перашкаджаць прафесару Снэйпу!- закрычаў Гары. - Гары,- паспешліва сказаў Люпін,- няўжо не зразумела? Увесь гэты час мы лічылі, што Сірыюс аддаў тваіх бацькоў Вальдэморту, а Пітэр высачыў яго... але ўсё насамрэч было зусім наадварот і гэта відавочна... Лілі і Джэймсу здрадзіў Пітэр... а Сірыюс займаўся яго росшукамі... - АЛЕ Ж ГЭТА ПОЎНАЯ ХЛУСНЯ!- пралямантаваў Гары.- ГЭТА ЁН БЫЎ НАШЫМ САКРЭТНЫМ АХОЎЦАМ! І ПЕРАД ТЫМ, ЯК ВЫ ПРЫЙШЛІ, ЁН САМ СКАЗАЎ, ШТО ЗАБІЎ ІХ! Гары паказаў на Блэка, які павольна хістнуў галавою, яго запалыя вочы яскрава заззялі. - Гары.. я насамрэч фактычна забіў іх,- прахрыпеў ён.- У апошні момант я пераканаў Лілі і Джэймса выкарыстаць замест сябе Пітэра ў якасці Сакрэтнага ахоўцы... І ведаю, што вінаваты ў гэтым... Той ноччу, калі яны загінулі, я завітаў у схованку Пітэра, каб праверыць, ці з ім ўсё балазе, але, калі з’явіўся туды, Пітэр кудысь знік. І не было аніякіх прыкметаў барацьбы. Мне гэта не спадабалася. Я перапужаўся і адразу ж кінуўся да тваіх бацькоў. Калі я ўбачыў рэшткі дома, а сярод іх целы Лілі і Джэймса, то зразумеў, што Пітэр мае дачыненне да іх згубы. Вось у чым маё злачынства. Яго голас сарваўся і ён адвярнуўся да сцяны. - Годзе, ужо,- прамовіў Люпін і ў яго голасе з’явіліся сталёвыя ноткі, якіх Гары раней аніразу не чуў.- Ёсць толькі адзін надзейны спосаб даведацца, што там адбылося на самой справе. Рон, дай мне пацука. - Што вы збіраецеся з ім рабіць?- напружана спытаўся хлопчык. - Прымушу яго паказаць сябе,- адказаў Люпін,- калі ён сапраўдны пацук, з ім анічога не здарыцца. Рон павагаўся, затым перадаў Скаберса прафесару Люпіну. Пацук пачаў бесперапынна пішчэць і курчыцца, а яго маленькія чорныя вочкі вытарапіліся. - Гатовы, Сірыюс?- спытаўся Люпін. Блэк падняў палачку Снэйпа, што ляжала на ложку і падышоў да Люпіна, які трымаў змагаючагася з ім пацука, вільготныя вочкі якога, здавалася, запалалі агнём. - Разам,- спакойна прамовіў Блэк. - Добра,- адказаў прафесар, шчыльна сціснуўшы ў адной руцэ Скаберса, а ў другой палачку.- На лік “тры”. Раз... два... ТРЫ! Кончыкі абедзвюх палачак успыхнулі бледна-блакітным святлом. На імгненне Скаберс застыў у паветры і пачаў шалёна круціцца... Рон загаласіў... пацук спыніўся і зваліўся на падлогу. Палачкі зноў асляпляльна ўспыхнулі, а затым... Гэта нагадвала фільм на паскоранай хуткасці аб росце дрэва. Галава пацука далёка ўзнялася па-над падлогай, лапкі выраслі і ў наступнае імгненне, на месцы Скаберса ўжо стаяў, сцелячыся рабом і заламваючы сябе рукі, мужчына. Крукшанс выпрастаўся на ложку, пырхаючы і злосна енчучы, поўсць на яго спіне ўзнялася ўгору. Мужчына быў невысокага росту, не вышэй за Гары і Герміёну. Ён меў тонкае бясколернае валоссе, што атачала лысіну. Мужчына быў задрузлы, як той таўстун, што за кароткі час згубіў вагу. Яго скура была гэткай жа бруднай, як і поўсць Скаберса, а востры нос і маленькія слязлівыя вочкі надавалі яго твару пацучыны від. Мужчына хутка і неглыбока дыхаючы, аглядзеў прысутных. Гары ўбачыў, як яго вочы стрэлілі на дзверы і вакно. - Ну, здароўку, Пітэр,- ветліва павітаўся Люпін, быццам пацукі вакол яго толькі і робяць, што ператвараюцца на старых школьных сябрукоў.- Даўно не бачыліся. - С-Сірыюс... Р-Рэмус,- нават зараз яго голас пішчаў, а вочы зноў стрэлілі на дзверы.- Мае сябры... мае старыя сябры... Палачка Блэка засвяцілася ружовым, але Люпін схапіў сябра за запясце і, папярэджваючы, зірнуў на яго, а потым зноў павярнуўшыся да Пэцігру, загаварыў лёгкім і абыякавым тонам. - Мы жадалі б крыху пабалакаць з табою, Пітэр, пра тую ноч, калі загінулі Лілі з Джэймсам. Ты, магчыма, прапусціў сія-тыя моманты, пакуль вішчаў там, на ложку... - Рэмус,- цяжка дыхаючы, прамармытаў Пэцігру, і Гары заўважыў, як яго азызлы твар абляпілі кропелькі поту,- Ты ж не верыш яму... Ён жадае забіць мяне, Рэмус... - Мы здагадаліся,- халодна адказаў Люпін.- Пітэр, я б хацеў высветліць адно-два пытання, калі ты... - Ён з’явіўся, каб другі раз паспрабаваць забіць мяне!- нечакана завішчаў Пэцігру, паказваючы на Блэка сярэднім пальцам, бо як заўважыў Гары, указальнага ў яго не было.- Ён ужо забіў Лілі і Джэймса, а зараз збіраецца забіць мяне... Ты павінен дапамагчы мне, Рэмус... Блэк зірнуў на Пітэра сваімі бяздоннымі вачыма, яго твар пачаў яшчэ больш нагадваць чэрап. - Ніхто не заб’е цябе, пакуль не будуць высветлены ўсе пытанні,- сказаў Люпін. - Высветліць пытанні?- правіскатаў Пэцігру, працягваючы шалёна зыркаць вакол сябе, яго вочы стрэлілі на вокны, потым на дзверы і зноў на вокны.- Я ведаў, што ён прыйдзе за мною. Ведаў, што ён вернецца. Я чакаў гэтага дванаццаць гадоў! - Ты ведаў, што Сірыюс вырвецца з Азкабана?- спытаўся Люпін, і яго лоб пакрыўся зморшкамі,- Вырвецца, нягледзячы на тое, што да яго гэтага ніхто не рабіў? - Ён атрымаў ад Цемры сілы, пра якія мы можам толькі марыць,- пранізліва галасіў Пітэр,- як яшчэ ён мог гэта зрабіць? Мяркую, што Той Чыё Імя Нельга Называць навучыў яго сякім-такім штукам! Блэк зарагатаў, яго жудасны і невясёлы смех напоўніў увесь пакой. - Ці ж гэта мяне вучыў сваім штукам Вальдэморт?- прамовіў ён. Пэцігру уздрыгануўся так, бы Блэк шчоўкнуў перад яго тварам пугаю. - Што, дрыжыкі прадзіраюць пры ўзгадцы свайго старога гаспадара?- спытаўся Блэк.- Не вінавачу цябе ў гэтым! Яго хэўра не вельмі задаволена табою? - Не ведаю... пра што ты кажаш, Сірыюс...- прамармытаў Пітэр. Яго твар ззяў ад пота, а дыханне было хутчэй, чым гэта можна было сабе ўявіць. - Ты хаваўся гэтыя дванаццаць гадоў не ад мяне,- прамовіў Блэк,- ты хаваўся ад старых саўдзельнікаў і прыхільнікаў Вальдэморта. У Азкабане я чуў пра што яны гавораць, Пітэр... яны лічаць, што ты памёр, інакш табе прыйшлося адказваць перад імі... Я чуў, як яны крычаць у сне. Здаецца, яны лічаць, што здраднік падмануў іх... што Вальдэморт пайшоў да Потэраў па тваёй звестцы... і там сустрэў згубу. І не ўся яго хэўра трапіла ў Азкабан, сёй-той чакае свайго часу, робячы выгляд, што зразумеў памылковасць сваіх дзей... Што будзе, калі яны даведаюцца, што ты жывы, Пітэр..? - Не ведаю, пра што ты кажаш,- зноўку прамовіў Пэцігру. Ён выцер свой твар рукавом мантыі і зірнуў на Люпіна.- Не слухай яго, Рэмус... ён звар’яцеў... - Павінен прызнаць, Пітэр,- спакойна прамовіў прафесар Люпін,- што мне цяжка зразумець, чаму цалкам невіноўны чалавек пажадаў дванаццаць гадоў насіць пацучынае аблічча. - Невіноўны, але перапужаны!- вішчаў Пэцігру.- А калі б прыхільнікі Вальдэморта і пераследавалі мяне, дык толькі за тое, што праз мяне трапіў у Азкабан адзін з іх лепшых людзей... шпіён – Сірыюс Блэк! Блэк скруціў морду. - Як ты адважыўся,- прагыркаў Блэк, быццам працягваў быць мядзьведзепадобным сабакам.- Ці гэта я шпіён Вальдэморта? Ці, можа, гэта я спрадвеку сцяліўся перад тымі, хто быў мацнейшы і магутнейшы за мяне? Не, гэта быў ты Пітэр... Я дагэтуль не ўцямлю, чаму я з самога пачатку не зразумеў, што ты здольны на гэта. Табе ж заўжды падабаліся сябры, якія маглі б паклапаціцца пра цябе? Спачатку гэты былі... я, Рэмус... і Джэймс... - Я – шпіён... ці ты не здурнеў... ніколі... не ўяўляю, як ты толькі мог сказаць гэта... - Лілі і Джэймс зрабілі цябе сваім Сакрэтным ахоўнікам, па маёй прапанове,- прасыкаў Блэк настолькі злосна, што Пэцігру адскочыў назад.- Я меркаваў, што гэта ідэальны план... блефа... Што Вальдэморт абавязкова прымецца шукаць МЯНЕ, і яму ніколі не прыйдзе на галаву, што яны пад аховай гэткай слабой і бяздарнай істоты, як ты... Напэўна, гэта быў самы найвялікшы момант твайго няшчаснага жыцця, калі ты паведаміў Вальдэморту, дзе схованка Потэраў. Пэцігру нешта разгублена замармытаў. Гары чуў асобныя словы накшталт “ненатуральна” і “бязглуздзе”, але не мог не заўважыць яго папялова-шэрага твару і тое, як Пітэр працягваў стрэліць вачыма ў напрамку вакна і дзвярэй. - Прафесар Люпін?- нясмела спыталася Герміёна.- Можна... можна задаць пытанне? - Зразумела ж, Герміёна,- ветліва прамовіў настаўнік. - Нуу... Скаберс... ой, то бок... гэты чалавек... ён спаў у адным пакоі з Гары, на працягу трох гадоў. Калі ён працуе на Самі Ведаеце Каго, чаму дагэтуль ён не спрабаваў якімсь чынам пашкодзіць Гары? - Вось!- пранізліва загаласіў Пэцігру, кажучы на Герміёну сваёй пакалечанай рукою.- Дзякуй! Бачыш, Рэмус? Я і валаска не крануў на Гарынай галаве! Калі я здраднік, чаму? - Я скажу чаму.- апрамовіў Блэк.- ты ніколі анічога не рабіў таму, ад каго не чакаў хуткай падзякі. Вальдэморт недзе хаваецца вось ужо дванаццаць гадоў і кажуць, што ён увогуле напалову мёртвы. Хіба ты б здзейсніў пад носам у Альбуса Дамблдора забойства дзеля разбітага чараўніка, які страціў усю сваю ўладу? Ты павінен быў упэўніцца, што ён зноўку стаў самым крутым задзіракам на ўсёй дзіцячай пляцоўцы, перш чым вярнуцца да яго. Інакш навошта табе было трапляць у якасці ўлюбёнца ў сям’ю чарадзеяў. Ты жадаў ведаць усе навіны. І калі б раптам твой стары гаспадар аднавіў свае сілы, ты мог бы бяспечна ўз’яднацца з ім... Пэцігру колькі разоў адкрываў рот, але адразу закрываў яго. Здавалася, ён страціў мову. - Ээээм... Містэр Блэк... Сірыюс?- зноўку нясмела звярнулася Герміёна. Блэк падскочыў і ўтаропіў свае вочы на Герміёну, быццам даўно не чуў, як да яго звяртаюцца ветліва. - Калі вы не супраць, ці не адкажыце, як... збеглі з Азкабана без дапамогі чорнай магіі? - Дзякуй!- вохнуў Пэцігру, адчайна ківаючы да Герміёны,- Вось! І я пра тое ж... Але Люпін адным позіркам прымусіў яго замаўчаць. Блэк крыху пахмурна зірнуў на Герміёну, але не з-за таго, што раззлаваўся на яе. Здавалася, ён абдумвае свой адказ. - Я і сам не ведаю гэтага,- павольна прамовіў ён.- Думаю, адной з прычын, чаму я не з’ехаў з глузду было маё веданне таго, што я ані ў чым не вінаваты. Гэта не было шчаслівай думкай, таму дэментары не змаглі высмактаць яе з мяне... але менавіта яна дапамагла мне захоўваць сябе ў глуздзе і разуменні таго кім я ёсць... дапамагала мне захоўваць сілы... а, калі я пачынаў адчуваць, што ціск узмацняўся... я пераварочваўся на сабаку. Вы, пэўна, ведаеце, што дэментары не маюць вачэй...- Блэк зглынуў.- Яны адчуваюць напрамак да чалавека, адчуваюць яго эмоцыі... Яны разумелі, што мае пачуцці змяншаліся... што іх было менш, чым звычайна ў чалавека, што яны станавіліся менш складаным. Яны лічылі, што я, як і астатнія, вар’яцею, і гэта не турбавала іх, а я папросту ў гэты момант быў сабакам. Я быў слабы, вельмі слабы і не меў надзеі адагнаць іх, не маючы сваёй чарадзейнай палачкі... - Але тут я ўбачыў Пітэра на гэтым фотаздымку... я прачытаў, што ён у Хогвартсе разам з Гары... найідэальнейшым месцы, каб пачаць дзейнічаць, калі адчуе, што цёмныя сілы зноў вяртаюць сваю моц... Пітэр сядзеў, ківаючы галавой і бясшумна крывячы морды, аднак, нібы загіпнатызаваны, працягваў глядзець на Блэка. -... як толькі Пітэр упэўніўся б у моцы сваіх былых паплечнікаў, ён нанёс бы ўласны ўдар... нарэшце даставіў бы ім Потэра. А калі ён аддаў бы ім Гары, хто з іх адважыўся бы сказаць, што Пэцігру здрадзіў Лорда Вальдэморта? Яго б сустрэлі з гонарам... - Цяпер вы разумееце, чаму я зрабіў гэта. Я быў адзіны, хто ведаў, што ён яшчэ жывы... Гары прыпомніў, як падчас начной размовы містэр Візлі казаў сваёй жонцы: “Ахова паведаміла... што Сірыюс увесь час размаўляў у сне, і кожны раз... адно і тое ж: “Ён у Хогвартсе””. - У маёй галаве быццам нехта запаліў агонь, і дэментары не маглі знішчыць гэта пачуццё... бо яно не было радасным... гэта была толькі дакучлівая думка... але яна дала мне моц і ачысціла мой розум. Аднойчы ноччу, калі дэментары адчынілі дзверы, каб прынесці мне ежу, я ператварыўся на сабаку і праслізнуў міма іх... Эмоцыі жывёлы занадта складаныя для іх разумення, і гэта збіла іх з панталыку... Я быў худы... схуднеў да такога стану, што лёгка праслізнуў праз краты... Працягваючы заставацца сабакам, я паплыў на вялікую зямлю... Рушыў на поўнач і ў сабачым абліччы пранік на тэрыторыю Хогвартса... пасяліўся ў Забароненым лесе і не вылязаў адтуль за некаторымі выключэннямі... Напрыклад, я наведаў адзін з матчаў па квідытчу... Гары, ты лятаеш як твой бацька... Ён зірнуў на Гары, і той упершыню не адвёў свае вочы. - Павер мне,- прахрыпеў Блэк.- Павер. Я ніколі не здраджваў Джэймсу і Лілі. Я хутчэй памёр бы, чым ім здрадзіў. І нарэшце Гары паверыў яму. Хлопчык бы страціў мову, таму кіўнуў у адказ галавою. - НЕ! Пэцігру паваліўся на калені, бы сваім кіўком Гары падпісаў яму смяротны прысуд. Не падымаючыся з кален, ён, выдыхаючы і склаўшы рукі, бы ў малітве, рушыў наперад. - Сірыюс... гэта ж я... гэта Пітэр... твой сябра... ты ж не... Блэк замахнуўся на яго нагою, і Пэцігру адхістнуўся. - На маёй мантыі і так хапае бруду, без тваіх дотыкаў,- адгыркнуўся Сірыюс. - Рэмус!- правіскатаў Пітэр, цяпер прыніжаючыся перад прафесарам Люпіным.- Ты ж не паверыў яму... Калі б яны змянілі план, хіба, Сірыюс не сказаў бы табе? - Не, Пітэр, калі б вырашыў, што я шпіён, не сказаў.- прамовіў Люпін,- Думаю, менавіта таму, ты і не паведаміў мне пра змену плана?- спытаўся прафесар па-над галавою Пэцігру. - Прабач, Рэмус!- сказаў Блэк. - Няма за што, Мяккалап, стары дружа.- адказаў Люпін, падкасваючы рукавы.- І ты ў сваю чаргу прабач мне, што я лічыў шпіёнам цябе. - Вядома ж,- прамовіў Блэк і на яго твары з’явілася прывідная ўсмешка, ён таксама падкасаў рукавы.- Мы заб’ем яго разам? - Так, думаю, што так.- змрочна адказаў прафесар. - Вы ж... вы ж не...- выдыхнуў Пэцігру, не падымаючыся, ён развярнуўся да Рона. - Рон... хіба ж я не быў тваім сябрам... тваёй любай жывёлінкай? Ты ж не дазволіш ім забіць мяне, Рон... ты ж на маім баку? Але хлопчык паглядзеў на Пітэра з неперавершанай агідай. - І я яшчэ дазваляў табе спаць у маім ложку!- прамовіў ён у адказ. - Добры хлопчык... мой любасны гаспадар... – працягваючы паўзці да Рона, вішчаў Пэцігру.- Ты ж не дазволіш ім забіць мяне... я ж твой пацучок... твая жывёлінка... - Калі пацуком ты быў лепей, чым чалавекам, гэтым не трэба ганарыцца,- жорстка прамовіў Блэк. Бялеючы ад болю, Рон выхапіў сваю паламаную нагу з рук Пэцігру.Той развярнуўся, працягваючы стаяць на каленях, падкараскаўся да Герміёны і схапіў яе за мантыю. - Любая дзяўчынка... разумная дзяўчынка.. ты.. ты ж не дазволіш ім... дапамажы мне... Герміёна выцягнула прыпол сваёй мантыі з рук Пітэра і перапужана, рушыла да сцяны. Пэцігру сеў на свае калені, яго бескантрольна калаціла, ён павярнуў галаву да Гары. - Гары... Гары... ты так нагадваеш свайго бацьку... ты як ён... - ЯК ТЫ МОЖАШ, ЗВЯРТАЦЦА ДА ГАРЫ?- зароў Блэк.- ЯК ТЫ МОЖАШ ГЛЯДЗЕЦЬ ЯМУ Ў ТВАР? ЯК ТЫ МОЖАШ УЗГАДВАЦЬ ПРЫ ІМ ДЖЭЙМСА? - Гары,- шапатаў Пэцігру, шоргаючы ў яго бок з працягнутымі рукамі.- Гары, Джэймс не дазволіў бы забіць мяне... ён бы зразумеў... ён бы злітаваўся нада мной... Блэк і Люпін падышлі да Пэцігру, узялі яго за плечы і адкінулі на падлогу. Ён сеў, дрыжачы ад жаху, і ўтаропіўся на іх. - Ты прадаў Лілі і Джэймса Вальдэморту,- прамовіў Блэк, якога таксама калаціла.- Ты не аспрэчваеш гэта? Пэцігру расплакаўся. На яго жахліва было глядзець. Зараз ён нагадваў велізарнага лысаватага малога, што, скурчыўшыся, ляжаў на падлозе. - Сірыюс... Сірыюс, а што я мог зрабіць? Цёмны лорд... ты не разумееш... ён мае такую зброю, якой ты і ўявіць не ў стане... Я перапужаўся, Сірыюс. Я ніколі не быў гэткім адважным, як ты, Рэмус, ці Джэймс. Я не жадаў гэтага. Але Той Чыё Імя Нельга Называць прымусіў мяне... - НЕ ХЛУСІ!- гыркнуў Блэк.- ТЫ ПАЧАЎ ПЕРАДАВАЦЬ ЯМУ ІНФАРМАЦЫЮ, ЯШЧЭ ЗА ГОД ДА СМЕРЦІ ЛІЛІ І ДЖЭЙМСА! ТЫ БЫЎ ЯГО ШПІЁНАМ! - Ён... ён атрымліваў перамогу за перамогай!- задыхваючыся, прамовіў Пітэр.- І... і чаго б я дасягнуў, калі адмовіўся служыць яму? - Чаго б ты дасягнуў, адмовіўшыся служыць адному з самых злых чараўнікоў, з тых, што існавалі на зямлі?- прамовіў Блэк з жахлівай лютасцю на твары.- Уратаваў бы нявінных людзей, Пітэр! - Ты не разумееш,- праскуголіў Пэцігру.- Ён бы забіў мяне! - ТЫ ПАВІНЕН БЫЎ ПАМЕРЦІ!- заравеў Блэк.- ПАМЕРЦІ, АЛЕ НЕ ЗДРАДЖВАЦЬ СЯБРАМ, КОЖНЫ З ЯКІХ ЗРАБІЎ ГЭДАК ЖА, КАЛІ Б У НЕБЯСПЕЦЫ БЫЎ ТЫ! Блэк і Люпін усталі разам плячом да пляча і паднялі свае палачкі. - Ты павінен быў зразумець,- ціха прамовіў Люпін,- што калі цябе не заб’е Вальдэморт, гэта зробім мы. Бывай, Пітэр. Герміёна закрыла твар рукамі і адвярнулася да сцяны. - НЕ!- закрычаў Гары і, падбегшы, стаў між Пэцігру і выцягнутымі ў яго бок палачкамі.- Вы не павінны забіваць яго,- цяжка дыхаючы, прамовіў ён.- Не павінны. Блэк і Люпін збянтэжана паглядзелі на хлопца. - Гары, гэты паразіта кусок з’яўляецца прычынаю твайго сіротства.- прагыркатаў Блэк.- Гэтая ліслівая брыда на ножках, не мыргнуўшы вокам, аддала б цябе на загубу. Ты чуў? Яго ўласная смярдзючая шкура была яму даражэй за тваю сям’ю. - Я ведаю,- выдыхнуў Гары.- Мы павінны адвясці яго ў замак і перадаць дэментарам. Няхай ідзе ў Азкабан... але не трэба забіваць яго. - Гары!- задыхаючыся, прамовіў Пэцігру і кінуўся абдымаць яго калені.- Ты... дзякую табе... я не заслугоўваю падобнага... дзякуй... - Вэк ад мяне,- выпаліў Гары, з агідай адштурхнуўшы ад сябе рукі Пітэра.- Я раблю гэта не дзеля цябе. Я раблю гэта таму, што мой бацька не пажадаў бы, каб яго лепшыя сябры сталі забойцамі... праз цябе. Ніхто не варухнуўся і не вымавіў ані гука, акрамя Пэцігру, які захрыпеў і схапіўся за грудзі. Блэк і Люпін зірнулі адно на аднаго і адным рухам апусцілі свае палачкі. - Ты адзіны, хто мае права тут штось вырашаць, Гары,- сказаў Блэк.- Але, я лічу... пасля таго што ён зрабіў... - Ён павінен трапіць у Азкабан.- паўтарыў Гары.- Ён як ніхто заслугоўвае апынуцца там... Пэцігру працягваў ціхенька хрыпець за яго спіною. - Балазе.- прамовіў Люпін.- Гары, адыйдзі, калі ласка, убок. Гары завагаўся. - Я павінен звязаць яго,- сказаў прафесар.- Клянуся, толькі звязаць. Гары ступіў убок. З кончыка палачкі прафесара Люпіна стрэліла знаёмая тонкая стужка і праз імгненне, Пэцігру ўжо курчыўся на падлозе звязаны і з затычкаю ў роце. - Але, калі ты паспрабуеш перавараціцца, Пітэр,- рыкнуў Блэк, таксама накіраваўшы сваю палачку на Пэцігру,- мы заб’ем цябе. Згодны, Гары? Гары зірнуў на нікчэмную постаць на падлозе і кіўнуў так, каб Пэцігру мог яго бачыць. - Добра.- нечакана прамовіў Люпін дзелавым тонам.- Рон, я не магу лекаваць косткі гэдак жа добра, як мадам Помфры, таму, мяркую, будзе лепш туга перавязаць тваю нагу, пакуль мы не даставім цябе ў шпітальнае крыло. Ён паспяшаўся да Рона, нахіліўся і, пастукаўшы па яго назе, прамармытаў: “Ферула”. Ронава нага ад бядра да пяткі перавязалася жгутом, як той шынаю. Прафесар дапамог яму выпрастацца. Рон асцярожна ступіў на нагу і не зморшчыўся ад болю. - Так значна лепш,- прамовіў хлопчык.- Дзякуй. - А што рабіць з прафесарам Снэйпам?- ціхенька прамовіла Герміёна, якая пазірала зверху на яго постаць, што ніцма ляжала на падлозе. - З ім няма анічога сур’ёзнага,- паведаміў Люпін, схіліўшыся над Снэйпам і праверыўшы яго пульс.- Папросту вы крышачку перастараліся. Ён дагэтуль знепрытомлены. Хм... магчыма, будзе лепей, калі мы не будзем вяртаць яму прытомнасць, пакуль не дабярэмся да школы. Мы можам даставіць яго туды і так. - Прафесар прамармытаў: “Мобілкорпус”. Да запясцяў, шыі ды каленяў Снэйпа, быццам нехта прывязаў нябачныя дроты. Ён выпрастаўся, але яго галава гідка боўталася, як у гратэскнай марыянеткі. Ён завіс у колькіх цалях па-над зямлёю, яго млявыя ногі гойдаліся ў паветры. Люпін падняў з падлогі мантыю-невідзімку і надзейна запхнуў яе ў кішэню. - Двое з нас павінны прыкаваць сябе да яго,- прамовіў Блэк, штурхнуўшы Пэцігру краем чаравіка.- дзеля большай надзейнасці. - Я згодны,- заявіў Люпін. - І я,- сказаў, пракульгаўшы наперад, Рон. Блэк выклікаў з паветра цяжкія кайданы і неўзабаве, Пэцігру зноўку стаяў на нагах. Яго левая рука была прыкавана да правай рукі Люпіна, а правая - да левай рукі Рона. Той стаяў, сціснуўшы зубы ад злосці. Сапраўднае аблічча Скаберса ён прыняў за асабістую знявагу. Крукшанс лёгенька скокнуў з ложка і павёў усіх да выхаду з пакоя, зухавата падняўшы свой бутэлькападобны хвост.
— РАЗДЗЕЛ XX —
Пацалунак дэментара
Гары ніколі яшчэ не браў удзел у гэткім дзівосным шэсці. Крукшанс рушыў па сходах уніз, за ім разам ішлі Люпін, Пэцігру і Рон, нагадваючы конікаў, запрэжаных у тройку. Следам за імі плыў, стукаючы нагамі аб кожную прыступку, прафесар Снэйп, які трымаўся ў паветры дзякуючы сваёй палачцы, якая зараз знаходзілася ў руках у Блэка, што рушыў следам. Замыкалі шэсце Гары і Герміёна. Вяртацца праз праход было вельмі цяжка. Люпіну, Пэцігру і Рону прыйшлося ісці бокам, а прафесар яшчэ і трымаў сваю палачку, накіраванай на Пітэра. Гары мог бачыць, як яны нязграбна прасоўваліся ўздоўж прахода. Наперадзе па-ранейшаму ішоў Крукшанс. Гары рушыў адразу пасля Сірыюса, што працягваў кіраваць дрэйфаваннем Снэйпа, які ляцеў перад ім і штохвіліны стукаўся галавою аб нізкую столю. Прычым у хлопца склалася ўражанне, што Блэк і не думаў прадухіляць гэта. - Ты ведаеш, што гэта значыць?- спытаўся Сірыюс у Гары, з якім яны працягвалі павольна ісці ўздоўж прахода.- Ведаеш, што значыць арышт Пэцігру? - Ты цяпер вольны,- адказаў хлопчык. - Так...- згадзіўся Сірыюс,- але я пра іншае. Не ведаю, ці казаў табе хто – я твой хросны. - Так, я ведаю,- адказаў Гары. - Ну... яшчэ твае бацькі, у тым выпадку, калі з імі штось здарыцца...- чапурыста прамовіў Блэк,- прызначылі мяне тваім апекуном. Гары спыніўся. Ці правільна ён разумее словы Сірыюса? - Вядома, я зразумею, калі ты пажадаеш застацца з дзядзькам і цёткай,- сказаў Блэк,- але... ну... калі маё імя будзе ачышчана... і калі ты сам пажадаеш... жыць у іншым доме... У Гарыным падуздушшы быццам нешта выбухнула. - Што..? Ты прапануеш жыць з табою?- спытаўся ён, выпадкова стукнуўшыся галавою аб каменчыкі, што сям-там тырчалі са столі.- І я магу не вяртацца да Дурслі? - Ну, так. Я папросту меркаваў, што ты не захочаш,- хутка прамовіў Сірыюс.- Я ўсё разумею. Але калі ты не хочаш пакідаць... - Ці ты сшалеў?- адказаў Гары крыху ахрыплым голасам.- Зразумела ж я жадаю пакінуць Дурслі! Ты маеш дом? Калі я магу пераехаць да цябе? Сірыюс азірнуўся і паглядзеў на хлопца. Прафесар Снэйп зашкрабаў галавой па столі, але Блэка гэта не надта цікавіла. - Ты жадаеш?- спытаўся ён.- Я цябе правільна разумею? Ты жадаеш жыць са мною? - Так, вядома жадаю,- адказаў Гары. Зхуднелы твар Сірыюса заззяў першай сапраўднай на Гарынай памяці ўсмешкай. Ён адразу ж адчуў значную розніцу, быццам бы з-пад маскі знясіленага чалавека вызірнуў нехта, на дзесяць гадоў маладзейшы. На імгненне ён стаў падобным на мужчыну, што смяяўся на вяселлі Гарыных бацькоў. Яны зноўку сціхлі і не размаўлялі адно з адным да самога канца прахода. Крукшанс хутка кінуўся наверх, пэўна, дзеля таго, каб націснуць лапай на вузлаваты сучок на камлі, бо калі Люпін, Пэцігру і Рон падымаліся наверх не адчулася ані воднага гуку звар’яцелых галін Лупцуючай вярбы. Сірыюс прапусціў Снэйпа наперад, потым праз адтуліну выбраліся Гары і Герміёна. Нарэшце ўсе яны выбраліся на надворак. Звонку панавала цемра і толькі недзе далёка свяціліся вокны хогвартскага замка. Не кажучы аніслова яны рушылі наперад. Пэцігру працягваў хрыпець і часам скуголіў. У Гарынай галаве ажно гуло. Ён нарэшце пакіне Дурслі. Ён будзе жыць разам з Сірыюсам Блэкам - лепшым сябрам яго бацькоў... ён быў ачмурэлы гэткімі абставінамі... Цікава, што здарыцца з Дурслі, калі ён паведаміць ім, што збіраецца жыць разам са злачынцам, якога яны бачылі па тэлевізары? - Адзін неасцярожны рух, Пітэр...- пагрозліва прамовіў Люпін недзе наперадзе. Яго палачка, як і раней была накіравана на грудзі Пэцігру. Яны моўчкі ішлі ўздоўж траўніка, замкавыя вокны павольна павялічваліся. Снэйп ўсё яшчэ павольна ляцеў перад Сірыюсам, яго падбароддзе было апушчана на грудзі. Раптам... Хмары ў небе расступіліся. На зямлі аб’явіліся цмяныя цені. Уся кампанія патанула ў месяцовым святле. Снэйп натрапіў на Люпіна, Пэцігру і Рона, якія нечакана супыніліся. Сірыюс знерухомеў. Ён ускінуў руку, каб супыніць Гары і Герміёну. Хлопчык убачыў постаць Люпіна. Той аслупянеў. Раптам, яго рукі і ногі затрэсла. - А Божачкі...- войкнула Герміёна.- Ён не прыняў свае зелле ўвечары. Ён небяспечны! - Цікайце!- прашапатаў Сірыюс.- Зараз жа, цікайце! Але Гары не мог уцячы. Рон быў прыкаваны да Пэцігру і Люпіна. Хлопчык скочыў наперад, але Сірыюс абхапіў яго і кінуў назад. - Пакінь яго мне... БЯЖЫ! Адчуўся жахлівы роў. Твар і цела прафесара Люпіна выцягнуліся. Яго плечы падаліся наперад. На целе і руках, якія ператварыліся ў кіпцюрыстыя лапы, вырасла поўсць. Поўсць на спіне ў Крукшанса ўздыбіўся, і ён адскочыў убок... Ваўкалак падняў сваю галаву і ляскнуў доўгімі сківіцамі, Сірыюс, што стаяў ля Гары – знік. Ён таксама перавараціўся. Наперад скокнуў вялізны мядзьведзепадобны сабака. Калі ваўкалак рыўком асвабадзіўся ад кайданоў, сабака схапіў яго за шыю і пацягнуў кудысь убок ад Рона і Пэцігру. Яны счапіліся сківіцы да сківіц і пачалі драпаць адно аднаго кіпцюрамі... Гары стаяў, аслупянеўшы, надта зацікаўлены бойкай, каб заўважаць штось ячшэ. Крык Герміёны вярнуў яго да рэчаіснасці... Пэцігру кінуўся да пакінутай на зямлі палачкі Люпіна. Рон пахіснуўся на сваёй забінтаванай назе і паваліўся на зямлю. Раздаўся выбух і выбліск святла... Рон нерухома ляжаў на зямлі. Яшчэ выбух... Крукшанс узляцеў у паветра і зноўку грымнуўся на зямлю. - Экспеліярмус!- прагаласіў Гары, накіраваўшы сваю палачку на Пэцігру, палачка прафесара Люпіна ўзляцела ў паветра і знікла з вачэй.- Заставайся на месцы!- крыкнуў Гары і кінуўся наперад. Але было запозна. Пэцігру паспеў перавараціцца. Гары ўбачыў, як яго лысы хвост бліснуў у коле кайдана, які быў прычэплены да Ронавай рукі, і пачуў мітусню ў траве. Адчуўся вой і гыркатанне. Гары, павярнуўшыся, убачыў, як ваўкалак уцякаў у бок Забароненага лесу... - Сірыюс, ён збег, Пэцігру перавараціўся!- залямантаваў Гары. Сірыюс сцякаў крывёю, яго пыса і спіна былі пакрыты ранамі, але, пачуўшы Гарыны словы, ён усхамянуўся і праз імгненне знік, чуўся толькі ўсё сціхаючы гук яго лап па траўніку. Гары з Герміёнаю кінуліся да Рона. - Што ён зрабіў з ім?- прашапатала Герміёна. Рон ляжаў, напаўзаплюшчыўшы вочы і крыху адчыніўшы рот. Ён бясспрэчна быў жывы, бо сябры маглі чуць яго дыханне, але ж, здавалася, не рэагуе на іх. - Не ведаю. Гары азірнуўся. Блэк і Люпін зніклі... вакол не было анікога, акрамя Снэйпа, што дагэтуль знепрытомлены вісеў у паветры. - Нам лепш адвезці іх у замак і сказаць каму-небудзь пра тое, што здарылася,- Гары адкінуў валоссе з вачэй і паспрабаваў разважаць лагічна.- Хадзема... Нечакана сярод цемры завыў і заскуголіў ад болю сабака... - Сірыюс,- прамармытаў Гары, утаропіўшыся ў цемру. Імгненне - другое Гары вагаўся, але Рону зараз яны анічым не маглі дапамагчы, а сабачае скуголенне, казала пра тое, што з Блэк трапіў у бяду... Гары пабег, Герміёна рушыла следам. Вой, здавалася, ачуваўся дзесь паблізу ад возера. Яны кінуліся туды. Гары бег з шалёнай хуткасцю, не разумеючы, чаму яго пранізае холад... Вой спыніўся. Гары і Герміёна выбеглі на бераг і ўбачылі... Сірыюс зноў перавараціўся на чалавека. Ён стаяў на карачках, апусціўшы галаву паміж рук. - НЕ,- стагнаў ён,- КАЛІ ЛАСКА... НЕ ТРЭБА... І тут Гары ўбачыў іх. Дэментары, не менш за сотню, слізгалі да іх адзінай чорнай масай. Хлопчык азірнуўся навокал. Яго вантробы пранізала ільдзяным холадам, вочы пачала засцілаць смуга, а яны ўсё набліжаліся і набліжаліся з цемры, акружаючы іх... - Герміёна, думай аб чымсьці сапраўды шчаслівым!- загаласіў Гары, падымаючы палачку. Ён жахліва замыргаў, каб ачысціць свой зрок і захістаў галавою, каб пазбавіцца ад слабых крыкаў, што гучалі ў яго розуме... “Я адпраўляюся жыць да свайго хроснага. Я пакідаю Дурслі.” Гары прымусіў сябе думаць аб Сірыюсе і толькі аб ім, а потым манатонна запеў: - Экспекта патронум! Экспекта патронум! Блэк уздрыгануўся, паваліўся на спіну і ляжаў нерухома, смяротна бледны. “З ім усё будзе добра. З яго здымуць абвінавачанн,і і я буду жыць разам з ім.” - Экспекта патронум! Герміёна, дапамажы мне! Экспекта патронум! - Экспекта...- зашапатала Герміёна,- экспекта... экспекта... Але яна не магла вымавіць замову. Дэментары наблізіліся і зараз былі не больш чым у дзесяці футах ад іх. Яны стварылі вакол Гары і Герміёны суцэльную сцяну і працягвалі набліжацца... - ЭКСПЕКТА ПАТРОНУМ!- залямантаваў Гары, спрабуючы перакрычаць енкі, што луналі ў яго вушах.- ЭКСПЕКТА ПАТРОНУМ! Танюткі струменьчык срэбра выляцеў з яго палачкі і, бы туман, завіс перад ім. У гэты ж момант, Гары адчуў, як Герміёна знепрытомеўшы, павалілася на зямлю. Ён застаўся адзін... зусім адзін... - Экспекта... экспекта патронум... Гары адчуў, як яго калені стукнуліся аб халодны траўнік. Вочы пазасцілала смуга. Ён прыкладаў велізарныя высілкі, каб змагацца, каб памятаць... Сірыюс не вінаваты... не вінаваты... “... з намі ўсё будзе добра... мы будзем жыць разам...” - Экспекта патронум!- выдыхнуў ён. У слабым святле свайго патронуса, хлопчык убачыў, як паблізу ад яго спыніўся адзін з дэментараў. Ён не мог прайсці праз воблака срэбнага туману, начараванага Гары. З-пад плашча высунулася мёртвая склізкая рука і зрабіла жэст, бы спарабуючы адштурхнуць патронус убок. - Не...- задыхаючыся, вымавіў Гары,- не... Ён не вінаваты... экспекта... экспекта патронум... Хлопчык адчуў, як дэментары сочаць за ім, чуў іх бразгатлівае дыханне, якое злосным ветрам лунала вакол яго. Бліжэйшы ад Гары дэментар, здавалася, разглядае яго. Потым істота падняла свае гнілыя рукі да твару і... зняла каптур. Там, дзе павінны былі быць вочы, Гары ўбачыў толькі пустыя вачніцы, пакрытыя тонкай, шэрай, шалудзівай скурай. Але дэментар меў рот... шырока раскрытую дзіру, якая з перадсмяротным хрыпам усмоктвала ў сябе паветра. Гары паралізавала жахам, і ён не мог ані рушыць, ані гаварыць. Яго патронус замігцеў і знік. Белая смуга асляпіла яго. Ён працягваў змагацца... экспекта патронум...Хлопчык анічога не бачыў... ён адчуў удалечыні знаёмыя енкі... экспекта патронум... сярод смугі Гары намацаў Сірыюса, які ляжаў на траўніку, і схапіў за руку... дэментары не атрымаюць яго... І тут пара моцных, халодных рук схапіла Гары за шыю. Яго пераварочвалі дагары тварам... Гары адчуваў дыханне дэментара... ён будзе першым у чарзе... Хлопчык адчуў гніласнае дыханне... у яго вушах енчыла маці... гэты крык будзе апошнім, што ён калі-небудзь пачуе... Потым праз смугу, у якой ён тануў, Гары, быццам заўважыў серабрыстае святло, яно станавілася ярчэй і ярчэй... хлопец адчуў, як падае на траву... Гары ляжаў тварам уніз, ён быў занадта слабы, каб варухнуцца, яго калаціла і нудзіла. Гары расплюшчыў вочы. Вакол яго трава ззяла ад асляпляльнага святла... енкі прыпыніліся, а холад адступіў... Хтось адганяў дэментароў... кружляючы вакол яго, Сірыюса і Герміёны... Бразгочушчае смактанне аддалялася. Дэментары сыходзілі... вакол зноўку стала цёпла. Сабраўшы апошнія кроплі сілы, Гары на колькі цаляў падняў твар і ўбачыў жывёлу, аточаную святлом, якая скочыла праз возера прэчкі ад іх. Яго вочы засціў пот, і ён бачыў усё вельмі размытым. Хлопчык паспрабаваў зразумець, што гэта была за істота... бліскучая, нібы аднарог. Змагаючыся сам з сабой, каб зноў не згубіць прытомнасць, Гары ўбачыў, як істота прыпыніла сваё галапаванне, дасягнуўшы другога берага. Імгненне Гары бачыў, як жывёла асвятліла кагосьці, хто вітаў яе вяртанне... ён падняў руку, каб прылашчыць яе... ён выглядала дзівосна знаёмым... але гэта немагчыма... Гары нічага не разумеў. Ён быў не ў стане пра нешта думаць. Апошнія сілы пакінулі хлопчыка. Галава стукнулася аб зямлю, і ён страціў прытомнасць.
— РАЗДЗЕЛ XXI —
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.064 сек.) |