|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Новая савіная пошта
- Гары!- Герміёна, пазіраючы на гадзіннік, пацягнула яго за рукаў.- У нас засталося дзесяць хвілін, каб незаўважна вярнуцца ў шпітальнае крыло... перш, чым Дамблдор зачыніць дзверы... - Добра,- пакутліва пазіраючы на неба, адказаў Гары,- хадзем... Яны праслізнулі ў дзверы, што вялі з даху і пачалі спускацца па вузкай каменнай спіральнай лесвіцы. Калі яны былі ўжо ў самым нізе, Гары і Герміёна пачулі нейкія галасы. Яны прыціснуліся да сцяны і прыслухаліся. Гэта размаўлялі Фадж і Снэйп, якія спяшаліся па калідоры. -... адзіная надзея, што Дамблдор не будзе чыніць аніякіх перашкод,- сказаў Снэйп.- Пацалунак. Ён будзе выкананы адразу? - Так. Як толькі Макнэйр вернецца з дэментарамі. Гісторыя з Блэкам настолькі занепакоіла ўсіх. Не магу нават выказаць вам, як я чакаю таго моманту, калі змагу праінфармаваць “Штодзённы Вяшчун” аб тым, што мы яго нарэшце схапілі... Мяркую, яны пажадаюць узяць у вас інтэрв’ю, Снэйп... а пасля таго, як юны Гары вернецца да розуму, спадзяюся, ён таксама захоча распавесці “Вяшчуну”, што менавіта вы выратавалі яго... Гары сціснуў зубы. Ён бачыў, як пасміхаўся Снэйп, калі яны з Фаджам прамінулі месца іх з Герміёнаю схованкі. Нарэшце іх крокі сціхлі. Гары з Герміёнаю пачакалі колькі секунд, каб упэўніцца, што тыя насамрэч адышлі, а потым кінуліся бегчы ў супрацьлеглым кірунку. Яны падняліся па адных сходах, потым па другіх, выбеглі ў іншы калідор... і тут пачулі нейкае гігіканне наперадзе. - Піўз!- схапіўшы дзяўчынку за руку, прамармытаў Гары.- Сюды! Яны кінуліся ў пустую класу з левага боку і зрабілі гэта вельмі сваечасова. Піўз, здавалася, нёсся ўздоўж калідора ў баявым настроі і гагатаў. - Вох, які жах,- прашапатала Герміёна, прыціснуўшы вуха да дзвярэй.- Іду ў заклад, ён радуецца таму, што дэментары збіраюцца пакончыць з Сірыюсам...- яна зірнула на гадзіннік,- Гары, засталося тры хвіліны! Яны прыняліся чакаць, пакуль зларадасны смех Піўза не аддаліцца ад іх, выслізнулілі з класа і зноў кінуліся бегчы. - Герміёна... а што здарыцца... калі мы не паспеем да таго моманта... калі Дамблдор зачыніць дзверы?- цяжка дыхаючы, спытаў Гары. - Не жадаю думаць пра гэта!- прамармытала яна і зноў зірнула на свой гадзіннік.- Засталася хвіліна! Яны дабеглі да канца калідора, што вёў да ўвахода ў шпітальнае крыло. - Балазе... Я чую Дамблдора,- напружана прамовіла Герміёна.- Давай, Гары! Яны пайшлі па крыле. Дзверы ў адну з палат адчыніліся і з іх паказалася спіна дырэктара. - Я збіраюся замкнуць дзверы пакою.- пачулі яны Дамблдораў голас.- Зараз пяць хвілін да апоўначы. Міс Грэйнджар, думаю, трох круткоў павінна хапіць. Поспехаў. Дамблдор пакінуў палату і зачыніў за сабою дзверы, потым дастаў палачку і сабраўся замкнуць іх чароўным чынам. У адчаі Гары з Герміёнаю прыпусцілі да яго. Дамблдор падняў вочы, пад яго доўгімі срэбным вусамі паказалася шырокая ўсмешка. - Ну?- ціхенька спытаў ён. - Мы ўсё зрабілі!- ледзь дыхаючы, прамовіў Гары.- Сірыюс адляцеў, на Бакбіке... Усмешка Дамблдора прамяніста заззяла. - Выдатна. Думаю...- ён прыслухаўся да гукаў, што даносіліся з палаты.- Так, думаю, вы ўжо адышлі. Заходзьце... я вас замкну... Гары і Герміёна праслізнулі ў пакой. Там не было анікога за выключэннем Рона, што ляжаў на самым апошнім ложку. За іх спінамі пстрыкнуў замок, Гары і Герміёна папляліся да сваіх ложкаў. Дзяўчынка на хаду заправіла часакрут пад мантыю. Праз імгненне са свайго кабінету выйшла мадам Помфры. - Дырэктар ужо сышоў? Цяпер мне можна заняцца сваімі пацыентамі? Яна прабывала ў надта благім настроі. Гары з Герміёнаю вырашылі, што будзе лепш, калі яны ціха з’ядуць свой шакалад. Мадам Помфры стаяла па-над імі, сочачы, каб яны з’елі ўсё дашчэнту. Але Гары было цяжка глытаць. Ён і Герміёна чакалі, уважліва прыслухоўваючыся, іх нервы былі нацягнуты да немагчымасці... Калі яны прыняліся за чацвёрты кавалачак, аднекуль зверху да іх рэхам данёсся разлютаваны роў... - Што гэта было?- з трывогаю спыталася лекарка. Цяпер разлютаваныя галасы чуліся бліжэй і бліжэй. Мадам Помфры зірнула на дзверы. - Аёечку... яны ж усіх перабудзяць! Яны разумеюць, што робяць? Гары паспрабаваў зразумець пра што кажуць галасы. Яны набліжаліся... - Ён, магчыма, дызапарыяваў, Северус. Мы павінны былі пакінуць кагосьці ў пакоі разам з ім. Калі пра гэта даведаюцца... - ЁН НЕ МОГ ДЫЗАПАРЫЯВАЦЬ!- равеў Снэйп дзесь вельмі блізка.- У ЗАМКУ НЕЛЬГА АПАРЫЯВАЦЬ! ЁН... ЗНІК... З... ДАМАМОГАЙ... ПОТЭРА! - Северус... не кажыце лухты... Гары быў замкнёны... БАМ. Дзверы ў шпітальнае крыло з крукатам раскрыліся. У палату завіталі Фадж, Снэйп і Дамблдор. З усіх прысутных толькі дырэктар быў у спакойным стане, больш таго, здавалася, ён быў цалкам задаволены сабой. Фадж быў надта раззлаваны, а вось Снэйп прабываў у незвычайнай лютасці. - КАЖЫ ПРАЎДУ, ПОТЭР!- прагыркатаў ён.- ГЭТА ТВАЯ СПРАВА? - Прафесар Снэйп,- пранізліва загаласіла мадам Помфры.- Трымайце сябе ў руках! - Паслухайце, Снэйп, будзьце разумным,- прамовіў Фадж,- дзверы былі зачынены, вы самі гэта бачылі... - ГЭТА ЯНЫ ДАПАМАГЛІ БЛЭКУ ЗБЕГЧЫ, Я ВЕДАЮ!- галасіў Снэйп, кажучы на Гары з Герміёнаю. Яго твар быў скажоны ад злосці, а з вугалкоў рота ляцела сліна. - Супакойцеся ўжо!- гыркнуў міністр.- І не кажыце лухты! - ВЫ НЕ ВЕДАЕЦЕ ПОТЭРА!- правішчаў Снэйп.- ГЭТА ЁН, Я ВЕДАЮ, ГЭТА ЁН... - Якім чынам ён мог гэта зрабіць, Северус,- спакойна сказаў Дамблдор.- Думай аб чым кажаш. Я сам замкнуў гэтыя дзверы, калі дзесяць хвілін таму пакідаў палату. Мадам Помфры, хтось з вучняў пакідаў свае ложкі? - Вядома ж, не!- раззлаваўшыся, адказала яна.- І я была з імі ад таго часу, як вы сышлі! - Ну, вось чуеш, Северус,- працягваючы захоўваць спакой, прамовіў Дамблдор.- Калі ты не будзеш сцвярджаць, што Гары з Герміёнаю могуць быць адначасова ў дзвюх месцах, баюся, я не бачу сэнсу працягваць іх турбаваць. Снэйп стаяў і кіпеў са злосці, пазіраючы то на цалкам шакаванага яго паводзінамі Фаджа, то на Дамблдора, вочы якога зіхацелі праз акуляры. Потым ён развярнуўся і выляцеў з палаты так, што яго мантыя засвістала на ветры. - Які ў вас неўраўнаважаны настаўнік, Дамблдор,- гледзячы ўслед Снэйпу, прамовіў міністр.- На вашым месцы я б уважліва прыглядзеў за ім. - Ён ураўнаважаны,- спакойна адказаў Дамблдор,- але пакутуе з цяжкага расчаравання. - Не ён адзін!- прапыхкаў міністр.- “Штодзённы Вяшчун” падыме мяне на смех! Мы заціснулі Блэка ў кут, але ён чарговы раз выслізнуў скрозь нашыя пальцы! А калі яны даведаюцца, што ў гэты ж дзень уцёк гіпагрыф, з мяне зробяць блазня! Ну... лепш я пайду і дакладу аб тым, што здарылася ў міністэрства... - І аб дэментарах таксама.- сказаў Дамблдор.- Спадзяюся, іх выдаляць са школы. - А, так, зразумела яны сыйдуць,- адказаў Фадж, разгублена чухаючы галаву.- Нават у кашмарах не сніў, што яны могуць выйсці з-пад кантролю і... паспрабаваць пацалаваць нявіннага хлапчука... Не, сёння ж да ночы я адпраўлю іх назад у Азкабан. Нам, магчыма, мае сэнс абмеркаваць, ці не паставіць дзеля аховы школы драконаў... - Хагрыду гэта спадабаецца,- прамовіў Дамблдор, з усмешкаю зірнуўшы на Гары і Герміёну. Калі дырэктар і міністр пакінулі палату, мадам Помфры паспяшалася замкнуць дзверы. Нешта злосна мармычучы сабе пад нос, яна вярнулася ў свой кабінет. У дальнім кутку палаты нехта ціхенька застагнаў. Гэта прачнуўся Рон. Гары і Герміёна бачылі, як ён падняўся, паціраючы галаву і азіраючыся навокал. - Што... што здарылася?- прастагнаў ён.- Гары. Чаму мы ляжым тут? Дзе Сірыюс? Дзе прафесар Люпін? Што тут адбываецца? - Распавядзі яму,- папрасіў Гары сяброўку і ўзяў сабе чарговы кавалак шакаладу. * Калі на наступны дзень апоўдні Гары, Рон і Герміёна пакінулі шпітальнае крыло, яны ўбачылі амаль што цалкам пусты замак. Знадворку стаяла спякота, іспыты ўжо прамінулі, таму ўсе, хто меў дазвол, скарысталіся ім, каб апошні раз перад вакацыямі наведаць Хогсмід. Але ані Рон, ані Герміёна не жадалі туды ісці, таму разам з Гары пусціліся блукаць па фальварку, абмяркоўваючы незвычайныя падзеі мінулай ночы і задаючыся пытаннем, дзе зараз Сірыюс і Бакбік. Прысеўшы на беразе возера і назіраючы за вялізным кальмарам, што гультаявата размахваў па паверхні сваімі шчупальцамі, яны працягнулі размову, але Гары страціў ніць, бо зірнуўшы на супрацлеглы бераг, ён адразу ж прыпомніў, што яшчэ ўчора ўночы туды да яго па паверхні возера скакаў срэбны алень... Ззаду на іх напоўз нечы вялізны цень, Гары, Рон і Герміёна паднялі галовы і ўбачылі Хагрыда, што выціраў свой узапрэлы лоб хусткаю памерам у добры абрус і глядзеў на іх моцна асавелымі, але ззяючымі вачыма. - Ведаю, што я не вінен адчуваць сьбе шчаслівым пасля таго, што абылося ўночы,- прароў ён,- я пра то, што Блэк зноўку цёк і таму падобна... Але ведаце што? - Што?- спыталіся сябры, зрабіўшы выгляд, што іх гэта моцна цікавіць. - Бікі! Ёе збег! Ён на волі! Я святаваў гэта ўсю ноч! - Супер!- прамовіла Герміёна, паказваючы кулак Рону, які, здавалася, быў ужо гатовы разрагатацца. - Га... я, пэўн, не прыязаў яго як трэб,- працягваў Хагрыд, шчасліва апусціўшы вочы.- Я хвальваўся, ранкам думаў... ці не сустрэў ён у лесе прафесара Люпіна, але той казаў мне, што ўночы някога не еў... - Што?- ціха спытаўся Гары. - Як? Вы нічог не чулі?- адказаў Хагрыд і ўсмешка на яго твары крыху паменшылася. Паблізу анікога не было, але Хагрыд сцішыў свой голас і прамовіў.- Эмм... Снэйп сённь зранку распавёў слізрынцам... а тыя, пэўн, разняслі па ўсёй школе... прафесар Люпін – вакалак, ось. І мінулай ноччу ён быў знадвор. Цер ён жо, пэўн, збірае рэчы. - Збірае рэчы?- трывожка спытаўся Гары.- Чаму? - Сходзіць.- адказаў Хагрыд, ён, здавалася, быў здзіўлены тым, што Гары ўвогуле задаў гэткае глупае пытанне.- Зволніўся сённь ранкам. Кажа, не можа болей рызыкаць. Гары ўскочыў з месца. - Я да яго,- сказаў ён Рону і Герміёне. - Але ён ўсё роўна звольніўся... -... і ты ўсё роўна анічым яму не дапаможаш... - Мне абыякава. Я павінен пабачыць яго. Сустракаемся тут. * Дзверы кабінета прафесара Люпіна былі адчыненыя. Ён ужо паспеў запакаваць большасць рэчаў. Ля яго старой валізы стаяў пусты акварыюм, у якім колісь сядзеў грындзілоў. Валіза была адчынена і амаль цалкам запоўнена разнастайнымі рэчамі. Прафесар стаяў, схіліўшыся над чымсьці, што ляжала на яго стале. Ён падняў вочы, толькі тады, калі Гары пастукаў у дзверы. - Я бачыў, што ты ідзеш,- усміхнуўшыся, прамовіў Люпін. Ён паказаў на скрутак пяргаменту, на які ўважліва глядзеў. Гэта была Мапа Паскуднікаў. - Я бачыў Хагрыда,- сказаў хлопец.- Ён кажа, што вы звальняецеся. Гэта ж няпраўда? - Баюся, што праўда,- адказаў прафесар. Ён пачаў выцягваць шуфляды са свайго стала і вытрасаць іх змесціва. - Чаму?- спытаўся Гары.- Міністэрства ж не думае, што вы дапамагалі Сірыюсу? Люпін падышоў да дзвярэй свайго кабінета і замкнуў іх. - Не. Прафесар Дамблдор пераканаў Фаджа, што я пайшоў у Халупу, каб выратаваць цябе.- ён уздыхнуў.- Для Северуса гэта было апошняй кропляй. Думаю, страта Ордэна Мэрліна балюча ўдарыла па яго гонары. Таму ён... ну... выпадкова прагаварыўся падчас сняданку, што я ваўкалак. - Але ці можна звальняцца толькі з-за гэтага!- прамовіў Гары. Люпін усміхнуўся. - Заўтра ж у школу пачнуць прылятаць совы ад бацькоў... Гары, яны не захочуць, каб у іх дзяцей выкладаў ваўкалак. А пасля таго, што адбылося ўчора ўночы, я сам так лічу. Я мог пакусаць кагось з вас... гэта не павінна паўтарыцца зноў. - Але вы лепшы настаўнік па Абароне ад цёмных мастацтваў з тых, што ў нас выкладалі!- сказаў Гары.- Не сыходзьце! Люпін паківаў галавою, але нічога не адказаў. Ён працягваў спусташаць шуфляды. Гары паспрабаваў прыдумаць яшчэ якісь добры аргумент, што прымусіў бы прафесара застацца, але тут Люпін спытаў яго: - Дырэктар распавёў мне раніцай, што ўчора ўночы ты выратаваў шмат чыё жыццё. Я рады, што ты гэтулькі навучыўся за гэты час. Раскажы мне аб сваім патронусе? - Адкуль Вы ведаеце, што я ім карыстаўся?- збянтэжана спытаўся Гары. - А што яшчэ мусіла адагнаць дэментароў? Гары распавёў яму, што адбылося. Калі ён скончыў, Люпін зноў усміхнуўся. - Так, твой бацька заўжды пераварочваўся на аленя,- прамовіў ён,- ты меў рацыю. Таму мы і клікалі яго Рагачом. Люпін закінуў у валізу апошнія колькі кніг, задзьвінуў шуфляды і азірнуўся на Гары. - Вось... я прынёс гэта ўчора з Лямантуючай Халупы,- сказаў прафесар і вярнуў хлопцу мантыю-невідзімку,- а яшчэ...- Люпін завагаўся, але аддаў Гары Мапу Паскуднікаў.- Я больш не з’яўляюся тваім настаўнікам, так што не адчуваю сябе вінаватым у тым, што вяртаю Мапу табе. Мне ад яе няма аніякай карысці, а ты, Рон і Герміёна, мяркую, знойдзеце як яе выкарыстаць. Гары ўзяў Мапу і ўсміхнуўся. - Вы колісь казалі мне, што Лунацік, Галахвост, Мяккалап і Рагач паспрабавалі бы выцягнуць мяне са школы... і, што яны вырашылі бы, што гэта занадта весела. - Так, таму што мы гэдак бы і зрабілі,- адказаў Люпін, нахіляючыся, каб зачыніць валізу.- Больш таго, з упэўненасцю скажу, што Джэймс быў бы моцна расчараваны, калі б яго сын не знайшоў аніводнага з патаемных замкавых праходаў. У дзверы пастукалі. Гары спешна запхнуў Мапу і мантыю-невідзімку ў кішэню. Гэта завітаў прафесар Дамблдор. І ён зусім не здзівіўся, убачыўшы Гары ў кабінеце. - Твой транспарт чакае цябе ля брамы, Рэмус,- сказаў ён. - Дзякуй, дырэктар. Люпін падняў валізу і акварыюм з-пад грындзілоў. - Ну... бывай, Гары,- усміхнуўшыся, прамовіў ён.- Мне сапраўды было прыемна вучыць цябе. Упэўнены, што колісь мы абавязкова ўбачымся зноў. Прафесар, няма неабходнасці праваджаць мяне да брамы, я спраўлюся сам... У Гары склалася ўражанне, што Люпін жадае сысці як мага хутчэй. - Да пабачэння, Рэмус,- стрымана адказаў Дамблдор. Люпін перасунуў акварыюм, каб мець магчымасць паціснуць дырэктару руку. Потым ківом канчаткова развітаўся з Гары і, пасміхнуўшыся, пакінуў кабінет. Гары сеў на апусцелае крэсла і ўтаропіўся ў падлогу. Ён пачуў, як грукнулі дзверы, і падняў галаву. Дамблдор усё яшчэ быў тут. - Чаму маркоцішся, Гары?- ціха спытаўся ён.- Пасля таго, што адбылося ўчора, ты павінен ганарыцца сабой. - А які сэнс,- панура спытаўся Гары.- Пэцігру ўсё роўна ўцёк. - Які сэнс?- спакойна працягваў дырэктар.- Гары, ты дапамог вынайсці праўду. Ты ўратаваў нявіннага чалавека ад жахлівага лёсу. Жахлівы. Нешта заварушылася ў галаве хлопца. Будзе яшчэ жахлівей, чым колісь... Прароцтва прафесаркі Трэлані! - Прафесар Дамблдор... учора падчас іспыту па Вяшчунстве, прафесарка Трэлані зрабілася нейкай вельмі... вельмі дзіўнай. - Насамрэч?- спытаўся Дамблор.- Эээ... ты маеш на ўвазе больш дзіўнай, чым звычайна? - Так... яе голас быў занадта глыбокім, а вочы закаціліся, і яна сказала... яна сказала, што вальдэмортаў слуга апоўначы вырвецца на свабоду, каб вярнуцца да яго... а яшчэ яна сказала, што слуга дапаможа Вальдэморту вярнуць сваю моц,- Гары паглядзеў на Дамблдора.- А потым яна зноўку стала такой, як звычайна і не магла прыпомніць, што нешта казала. Што гэта было... можа, яна зрабіла сапраўднае прароцтва? Дамблдор паглядзеў на яго злёгку ўражаны. - Ці ведаеш, Гары, гэта цалкам мажліва,- у задуменнасці прамовіў ён.- Хто бы падумаў? Зрэшты, гэта ўжо другое яе сапраўднае прароцтва. Трэба будзе падвысіць ёй заробак... - Але...- Гары з жахам паглядзеў на Дамблора, аднак той заставаўся спакойным.- Але... я спыніў Сірыюса і прафесара Люпіна, калі яны збіраліся забіць Пэцігру! Калі Вальдэморт зноўку вернецца, гэта будзе маёй віною! - Ані,- спакойна адказаў Дамблдор.- Хіба досвед працы з часакрутам не навучыў цябе, Гары? Наступствы нашый дзей настолькі заблытаныя і шматгранныя, што прадказанне будучыні - гэта сапраўды вельмі цяжкая справа... І прафесарка Трэлані, блаславі яе Пан, гэтаму доказ. Ты паступіў шляхетна, выратаваўшы жыццё Пэцігру. - Але, калі ён дапаможа Вальдэморту вярнуць моц..! - Пэцігру абавязаны табе жыццём. Цяпер Вальдэморт будзе мець сярод сваіх паплечнікаў твайго даўжніка. Калі адзін чараўнік ратуе жыццё другога, між імі ствараецца пэўная сувязь... і, думаю, Вальдэморт не будзе надта задаволены, калі адзін з яго лёкаяў будзе вінен Гары Потэру. - Я не жадаю мець аніякай сувязі з Пэцігру,- сказаў Гары,- ён прадаў маіх бацькоў! - Гэта магія самага глыбіннага, самага неспасцігальнага ўзроўню, Гары. Але вер мне... прыйдзе час, калі ты будзеш шчаслівы з таго, што выратаваў яго жыццё. Гары было цяжка ўявіць, што гэткі час калі-небудзь надыйдзе. Дамблдор зірнуў на яго так, бы ведаў аб чым ён думае. - Я добра ведаў твайго бацьку, Гары, як у Хогвартсе, так і пасля яго заканчэння,- мякка прамовіў дырэктар,- і ўпэўнены, што ён бы таксама выратаваў Пітэру жыццё. Гары паглядзеў на яго. Дамблдор не будзе смяяцца з гэтага... Гары распавядзе яму... - Ноччу... Я вырашыў, што гэта мой тата выклікаў Патронуса. То бок, калі я ўбачыў сябе праз возера... я вырашыў, што бачу яго. - Памыліцца было бы даволі лёгка,- мякка адказаў Дамблдор.- Мяркую, ты ўжо стаміўся чуць, як неверагодна ты падобны на Джэйса. За выключэннем вачэй... у цябе вочы тваёй маці. Гары адказаў кіўком. - Глупствам было думаць, што гэта ён,- прамармытаў хлопец.- У сэнсе... я ведаў, што тата памёр. - Думаеш, тыя, каго мы любілі, пасля смерці сапраўды пакідаюць нас? Думаеш, у часы самых найгоршых непрыемнасцяў мы не ўваскрашаем іх у нашай памяці яскравей, чым калі-небудзь? Твой бацька жыве ў табе, Гары, і ён найвідавочна паказаў сябе, калі ты меў у ім патрэбу. Як яшчэ ты мог выклікаць менавіта гэтага Патронуса? Па Хогвартсе мінулай ноччу зноў праскакаў Рагач. Гары спатрэбіўся час, каб зразумець, пра што той кажа. - Ноччу Сірыюс распавёў мне, што яны сталі анімагамі,- з усмешкаю працягваў Дамблдор.- Неверагоднае дасягненне... і ў першую чаргу тым, што яны ўтоілі яго ад мяне. Больш таго, я прыпомніў незвычайную форму твайго Патронуса, які абрынуў містэра Малфоя падчас матчу з Рэйвенкло. Такім чынам, ты сапраўды ўчора бачыў свайго бацьку... бачыў у самім сабе. Дамблор выйшаў з кабінета, пакінуўшы Гары сам насам з блытанінаю ў думках. * Ніхто ў Хогвартсе, акрамя Гары, Рона, Герміёны і Дамблдора, не ведаў таго, што адбылося той ноччу з Сірыюсам, Бакбікам і Пэцігру. Аднак ўжо да канца семестра Гары пачуў шмат тэорый аб тым, што адбылося. Але ніводная з іх не наблізілася да праўды. Аб уцёках гіпагрыфа асабліва злаваў Малфой. Ён быў упэўнены, што Хагрыд знайшоў нейкі спосаб употай пераправіць Бакбіка ў бяспечнае месца, таму выглядаў абураным, што яго з бацькам абдурыў нейкі палясоўшчык. Між тым, Пэрсі больш выказваўся наконт уцёкаў Сірыюса. - Калі я ўладкуюся на працу ў міністэрства ў мяне будзе шмат прапаноў наконт пераробкі законаў аб магічных спагнаннях!- казаў ён, але адзіным чалавекам, які слухаў яго... была яго дзяўчына Пенелопа. Нягледзячы на цудоўнае надвор’е, атмасферу ўсеагульнай весялосці і, ведаючы, што ён зрабіў амаль што немагчымыя рэчы, каб дапамагчы Сірыюсу вырвацца на свабоду, Гары ніколі яшчэ не быў напрыканцы навучальнага года ў такім благім настроі. Вядома, ён не быў адзіным, хто тужыў аб адстаўцы прафесара Люпіна. Усе, хто вучыўся ў яго Абароне ад цёмных мастацтваў, шкадавалі. - Цікава, каго прызначаць выкладчыкам у наступным годзе?- змрочна спытаўся Шымас Фініган. - Можа ўпіра?- выказаў надзею Дын Томас. Але не толькі адстаўка прафесара Люпіна не выходзіла з галавы ў Гары. Ён амаль увесь час разважаў аб прадказанні прафесаркі Трэлані. Хлопчык турбаваўся, дзе зараз Пэцігру і ці не знайшоў ён ужо прытулак Вальдэморта. Аднак больш за ўсё яго прыгнятала неабходнасць вяртання да Дурслі. Усяго толькі паўгадзіны, хвалебныя паўгадзіны, ён лічыў, што адгэтуль будзе жыць разам з Сірыюсам... лепшым сябрам яго бацькоў... гэта было амаль тое ж самае, калі б яго тата насамрэч павярнуўся назад. Але цяпер адсутнасць якісь звестак пра Блэка было самай лепшай навіной, бо значыла тое, што той дастаткова добра схаваўся. Аднак Гары не мог не маркоціцца аб тым, што яны маглі жыць разам, а цяпер гэта было амаль што немагчыма. У апошні дзень семестра яны атрымалі вынікі іспытаў. Гары, Рон і Герміёна мелі добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. Гары быў надта здзіўлены тым, што здаў Зеллеварства. Ён меў падазрэнне, што Снэйп не заваліў яго, толькі дзякуючы ўмяшальніцтву Дамблдора. Паводзіны Снэйпа ўвесь мінулы тыдзень моцна турбавалі хлопца. Ён нават не мог уявіць, што той можа зненавідзець яго, больш чым колісь, але ў Снэйпа гэта, безумоўна, атрымалася. Цяпер кожны раз, калі яны сустракаліся, у вуглах Снэйпавага рота непрыемна пачыналі тузацца жолвы, а пальцы ўвесь час сціскаліся, быццам прафесар спрабаваў задушыць Гары. Пэрсі атрымаў вышэйшую адзнаку за Т.А.Р.Ч.А., а блізняты па колькі П.Р.А.Ш.Ч.А.ў кожны. Тым часам Грыфіндор не без уплыву захапляльнай перамогі ў школьным чэмпіянаце па квідытчу трэці год запар выйграў спаборніцтва Дамоў. Таму святочны абед з нагоды заканчэння года праходзіў у зале, упрыхожанай ў пунцова-залатыя колеры. І самым шумным быў, зразумела, грыфіндорскі стол. Нават Гары, забыўшыся на тое, што заўтра яму прыйдзецца вярнуцца да Дурслі, піў, еў і смяяўся разам з іншымі грыфіндорцамі. * Калі наступнаю раніцаю сябры селі на Хогвартс Экспрэс, Герміёна паведаміла Гары і Рону дзіўную навіну. - Сёння перад сняданкам я заходзіла да прафесаркі МакГонагал. Я вырашыла кінуць заняткі па маглазнаўстве. - Але ты ж здала свой іспыт з найвышэйшым балам!- прамовіў Рон. - Так,- уздыхнула Герміёна,- але яшчэ адзін такі год я не вытрымаю. Часакрут ушчэнт выбіваў мяне з розуму і я вярнула яго прафесарцы. Без маглазнаўства і вяшчунства я зноў буду мець нармалёвы графік навучання. - Я паверыць не магу, што ты не расказала нам пра часакрут. - сярдзіта сказаў Рон.- Мы ўсё ж сябры. - Я паабяцала анікому не казаць пра яго.- строга адказала Герміёна. Яна азірнулася на Гары, што глядзеў у вакно і назіраў за тым, як Хогвартс хаваецца за гару. Толькі праз два доўгіх месяцы ён пабачыць яго зноў... - Вох, кінь тужыць, Гары!- жалобна прамовіла яна. - Са мной ўсё добра,- адказаў той.- Проста задумаўся пра свае вакацыі. - Так,- сказаў Рон,- я таксама думаў пра іх. Гары, табе трэба прыехаць і пажыць у нас. Я вырашу ўсё з мамай і татам і звяжуся з табой. Я цяпер ведаю, як карыстацца фэлетонам... - ТЭЛЕФОНАМ, Рон.- перарвала яго Герміёна.- У наступным годзе табе трэба будзе заняцца маглазнаўствам... Але Рон не звярнуў на яе ўвагі. - Улетку адбудзецца Кубак Свету па квідытчу! Вось я пра што, Гары? Прыязджай да нас, і мы зможам трапіць на яго. Тата дастане квіткі на працы. Падобная прапанова імгненна ўсхамянула Гары. - Так... Іду ў заклад, што Дурслі з задавальненнем дазволяць мне ад’ехаць... асабліва пасля таго, што адбылося з цёткай Мардж... Гары адчуў сябе больш бадзёра і згуляў з Ронам і Герміёнаю колькі партыяў у выбуховыя карты, а калі па вагоне прайшла вядзьмарка з вазочкам ласункаў, набыў сабе добры ланч з усяго, што не месціла шакаладу. Аднак тое, што зрабіла яго па-сапраўднаму шчаслівым адбылося па апоўдні... - Гары,- гледзячы праз яго плячо, прамовіла Герміёна.- Што там такое за вакном? Гары развярнуўся і зірнуў на двор. За шклом ці то паказвалася, ці то знікала нешта малюткае і шэрае. Гары выпрастаўся і ўбачыў, што гэта была маленечкая сава, якая несла ў лапах занадта вялікую для яе паштоўку. Сава была настолькі малюткай, што пад струменнем ветра ад цягніка, яе перагортвала ў паветры і адносіла са шляху. Гары хутка апусціў акно, выцягнуў руку і злавіў птушку, якая нагадала яму пухнаты сніч. Хлопец зацягнуў яе ўсярэдзіну. Птушка кінула ліст на гарына сядзенне і пачала гойсаць коламі па купэ, верагодна вельмі задаволеная сабой. Хэдвіг, быццам асуджаючы шчоўкнула дзюбай, а Крукшанс, сеўшы, пачаў сваімі вялікімі жоўтымі вачыма слядзіць за госцяй. Заўважыўшы гэта, Рон злавіў саву і схаваў яе ў бяспечным месцы. Гары ўзяў паштоўку ў рукі. Яна была накіравана яму. Ён разарваў капэрту і загаласіў: - Гэта ад Сірыюса! - Што?- ўсхвалявана спыталіся Рон і Герміёна.- Чытай уголас!
“Любы Гары, Спадзяюся, ліст дойдзе да цябе раней, чым ты апынешся ў сваіх цёткі з дзядзькам, бо не ведаю, як яны ставяцца да савінай пошты. Бакбік і я схаваліся ў надзейным месцы. Дзе, не скажу, на той выпадак, калі сава трапіць ў чужыя рукі. Не надта спадзяюся на гэту яе, але гэта ўсё, што мне атрымалася набыць і, здаецца, яна рвецца выканаць сваю працу. Мяркую, дэментары ўсё яшчэ шукаюць мяне, але хай не спадзяюцца знайсці мяне тут. Я планую ў бліжэйшый час трапіць на вочы сяму-таму з маглаў, як мага далей ад Хогвартса. Так што іх ахову з замка здымуць. Наша сустрэча была вельмі кароткай, таму я не паспеў табе сказаць. Гэта я набыў дзеля цябе Вогненную стралу...”
- Га!- трыюмфуючы, ўсклікнула Герміёна.- Вось! Я ж казала, што мятла ад яго! - Так, але ці ён ссурочыў Стралу?- прамовіў Рон.- АЙ! Маленечкая скапа, што сядзела ў Ронавым кулаку і шчасліва вухала з задавальненнем дзюбанула яго ў палец.
“Крукшанс схадзіў дзеля мяне ў офіс савінай пошты. Я, скарыстаўшыся тваім імем, запатрабаваў, каб яны перавялі табе колькасць залатых Галеёнаў са сховішча нумар сямсот адзінаццаць – майго ўласнага. Лічы, гэта падарункам ад хроснага на трынаццацігоддзе. Таксама хачу папрасіць прабачэнне за тое, што, магчыма, напалохаў цябе ў тую ноч, калі ты ўцёк з дому твайго дзядзькі. У меня не было іншай магчымасці зірнуць на цябе перад тым, як накіравацца на поўнач, але, думаю, што толькі дадаў табе неспакою. Прыкладаю да свайго ліста нешта, што зробіць твой наступны год у Хогвартсе крыху больш шчаслівым. Калі будзе патрэба ўва мне, пішы. Твая сава знойдзе мяне. Пазней напішу яшчэ. Сірыюс”.
Гары зноўку з нецярплівасцю зазірнуў у капэрту. Там быў яшчэ адзін кавалак пергаменту. Гары хутка прачытаў яго і раптоўна адчуў, як па яго целе разліліся цеплыня і задавальненне, быццам ён адным глытком выпіў цэлую пляшку вяршковага піва.
“Гэтым лістом, я, Сірыюс Блэк – хросны бацька і апякун Гары Потэра, даю яму дазвол на наведванне Хогсміда па выходных днях”.
- Для Дамблдора падобнага дазволу будзе дастаткова!- шчасліва заўважыў Гары. Ён зноў зірнуў на Сірыюсаў ліст. - О, тут ёсць пастскрыптум...
“Мяркую, твой сябра – Рон, пажадае пакінуць гэтую саву, бо праз мяне ён застаўся без пацука”.
Ронавы вочы пашырыліся. У тое ж імгненне скапа ўзрушана вухнула ў яго кулаку. - Пакінуць?- неўпэўнена прамовіў Рон. Ён на імгненне зірнуў на саву і да вялікага здзіўлення Гары і Герміёны сунуў яе пад мыску Крукшанса. - Як ты лічыш,- спытаўся ён у ката,- гэта сапраўдная сава? Крукшанс заваркатаў у адказ. - Мяне гэта задавальняе,- шчасліва прамовіў хлопец.- Я бяру яго. Гары чытаў і перачытваў пергамент ад Сірыюса ажно пакуль яны не даехалі да Кінг Крос. Ён усё яшчэ сціскаў яго ў руках, калі разам з Ронам і Герміёнаю прамінуў праз бар’ер на платформе дзевяць і тры чвэрці. Гары адразу ж заўважыў барвянатварага дзядзьку Вернана. Ён стаяў на неблагой адлегласці ад містэра і місіс Візлі, насцярожана пазіраючы на іх і, калі Ронава маці, вітаючыся, абняла Гары, найгоршыя дзядзькавы падазрэнні, здавалася, пацвердзіліся. - Я за...тэлефаную табе наконт Кубка Свету!- крыкнуў Рон, калі Гары, развітаўшыся з ім і Герміёнаю, пакаціў свой вазок з валізаю і клеткай з Хэдвік ў дзядзькаў бок. Той прывітаўся з хлопцам ў сваёй звычайнай манеры: - Што гэта?- гыркнуў ён, кажучы на капэрту, сціснутую ў Гарынай руцэ.- Чарговы бланк мне на подпіс? Табе трэба... - Не, зусім не,- шчасліва прамовіў Гары.- Гэта ліст ад майго хроснага. - Хроснага?- пырснуў сліной дзядзька Вернан.- Ты не маеш аніякага хроснага! - Маю!- ззяючы, прамовіў Гары.- Ён быў лепшым сябрам маіх таты з мамай. Яго судзілі за забойства, але ён збег з чарадзейскай турмы і зараз ва ўцёках. Ён надта жадае ведаць, як я маюся... і чакае ад мяне лістоў... каб праверыць... ці шчаслівы я... Шырока ўсміхнуўшыся перапалоханаму дзядзькаву твару, Гары накіраваўся да выхаду з вакзалу. Клетка з Хэдвіг хісталася перад яго тварам. І хлопцу здавалася, што чарговыя вакацыі будуць значна лепшымі за ўсе папярэднія. Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.025 сек.) |