АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Структура навуковага пазнання

Читайте также:
  1. B) социально-стратификационная структура
  2. III. СТРУКТУРА И ОРГАНЫ УПРАВЛЕНИЯ ПРИХОДА
  3. VI. Рыночный механизм. Структура рынка. Типы конкурентных рынков
  4. VIII. Формирование и структура характера
  5. А. Лінійна організаційна структура
  6. Автоматизовані банки даних (АБД), їх особливості та структура.
  7. Адміністративна структура БМР має три органи: загальні збори акціонерів, рада директорів і правління.
  8. Адхократическая структура
  9. Акти застосування права: поняття, ознаки, види, структура
  10. АЛЕКСИТИМИЯ И ПСИХОСОМАТИЧЕСКАЯ СТРУКТУРА
  11. Анормальная структура мозга
  12. Банковская система: понятие, типы, структура. Формирование и развитие банковской системы России

Навуковае пазнанне характарызуецца метадычнай арганізаванасцю і структурным адзінствам. Увогуле, тэза пра метадычнае і структурнае адзінства навукі мае праблемны, дыскусійны статус; яна актыўна абмяркоўваецца філосафамі і навуказнаўцамі. Пры гэтым усё больш пашыраецца пазіцыя, якая аддае перавагу моманту разнастайнасці, варыятыўнасці навуковага пазнання [56, c.14-15]. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што, хоць дадзены момант сапраўды істотным чынам уласцівы навуцы, ён зусім не выключае яе грунтоўнага адзінства; наадварот, гаворка павінна ісці тут пра іх узаемасувязь, пра рознасць у стыхіі тоеснасці. На карысць такой высновы сведчыць наяўнасць шчыльных і дынамічных дачыненняў паміж структурнымі кампанентамі навуковага пазнання, у якім бы плане яго структура ні разглядалася.

У тым, што навука мае шматпланавую структуру, няма нічога дзіўнага: гэта тлумачыцца і адзначаным вышэй багаццем яе ўнутраных вызначэнняў, і разнастайнасцю знешніх стасункаў, і складанасцю тых мэтаў, якія яна павінна дасягнуць. Калі навукова-даследчую дзейнасць разглядаць з пункту гледжання яе задач, сродкаў і вынікаў, дык выяўляецца трохузроўневая яе структура. Пры гэтым вылучаюцца эмпірычны, тэарэтычны і метатэарэтычны ўзроўні. Тэрміны “эмпірыя” і “тэорыя” ўзніклі ўжо ў эпоху Антычнасці, яны прайшлі з таго часу пэўную эвалюцыю, у выніку якой набылі новыя значэнні (у сучасных умовах можна весці гаворку пра іх полісемічны характар). Тэрмін “метатэорыя” належыць дваццатаму стагоддзю; у лінгвістычным, этымалагічным плане, аднак, яго карані таксама сягаюць у мову элінаў.

1.2.1.Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання

Эмпірычны ўзровень навукі – гэта ўзровень навуковага досведу. Што да этымалогіі тэрміна “эмпірычны”, дык за вызначальны момант тут можна прыняць семантыку прыметніка ἔµπειρος (арыстоцелеўская інтэрпрэтацыя тэрміна “эмпірыя” ўзыходзіць у канчатковым выніку менавіта да яе [46, т. 2, c. 611]). У “Клясычным грэцка-беларускім слоўніку” Яна Пятроўскага дадзены прыметнік перакладаецца як “дасьведчаны ў, абазнаны з; здольны, спрытны, навыклы ў рэчы” [12, c. 144]. Досвед, відавочна, выступае не толькі як навуковы, ён мае складаны, шматбаковы характар і можа быць усеагульным або спецыяльным, паўсядзённым або прафесійным і г.д. Яго сутнасць – у глыбокай сувязі з чалавечай дзейнасцю, з практыкай, у непасрэдных і асабістых кантактах з рэчаіснасцю наогул ці з пэўным яе сегментам, што здзяйсняюцца ў дзейнасці і праз дзейнасць. У дадзеным паняцці фіксуецца таксама вынік гэтай дзейнасці, тое, што праз яе набываецца, пэўная ступень валодання ёю і яе прадметам [34, т.1, с. 766].

У агульнапазнавальным кантэксце досвед выяўляецца як узровень адзінства, сінтэзу пачуццёвага і рацыянальнага пачаткаў: пачуццёвае пазнанне знаходзіць у ім сваё сваё першапачатковае абагульненне і разам з ім сваё адноснае завяршэнне. Што да навукі, дык тут яго асаблівасцю з’яўляецца мэтанакіраваны, упарадкаваны, метадычны характар. Упершыню дадзенае палажэнне было выказана выдатным англійскім Ф.Бэканам (1561-1626) [46, т.2, с. 612]. Асаблівая засяроджанасць на метадычным аспекце навуковага пазнання – гэта ўвогуле адметная характарыстыка XVII cтагоддзя. Праўдзівы метад разглядаўся ў той час як гарантыя пазнавальнага поспеху, хто б да яго ні звяртаўся – пачатковец ці знакаміты даследчык. Ён ставіўся вышэй, чым геній, прасвятленне, інтуіцыя і г.д., і яго распрацоўцы было аддадзена вельмі шмат духоўнай энергіі.

Як было падкрэслена вышэй, у сучасных умовах шмат хто з філосафаў і тэарэтыкаў навуказнаўства выказвае сумненні адносна адзінства навукі, у тым ліку і метадычнага адзінства. Гэта азначае, што існаванне адзінага, універсальнага метаду ставіцца пад пытанне ці ўвогуле катэгарычна адмаўляецца. Так, выбітны прадстаўнік постпазітывісцкай філасофскай традыцыі К.Попер (1902-1994), паводле яго ўласнага расповеду, пачынаў прысвечаны праблеме навуковага метаду курс лекцый з прызнання, што такога (адзінага і ўніверсальнага) метаду няма [74, c.5]. Тым не менш метадычны бок навуковага пазнання не застаецца па-за ўвагай філосафаў і навукоўцаў, бо ніхто не адмаўляў і не адмаўляе яго грунтоўнага значэння ў дадзенай сферы, якое ні ў якай ступені не губляецца праз прызнанне яго варыятыўнасці і разнастайнасці.

Слова “метад” (ад старажытнагр. выразу μέθοδοϛ, які ўзыходзіць у сваю чаргу да слоў “μετά” і “ὁδός”) азначае “шлях да пэўнай мэты”. На ўзровень філасофскага паняцця яно ўпершыню ўзнімаецца ў Платона, для якога яно сярод іншага азначае і “правільны спосаб даследавання ці навуковага запытвання” [46,т.3, с. 1305]. Сэнс і прызначэнне метаду – у тым, каб упарадкаваць і арганізаваць пэўную дзейнасць, пазбавіць яе мітуслівасці, няпэўнасці і няўпэўненасці. Метадычнымі прадпісаннямі акрэсліваецца яе пачатак, разгортванне, рэгламентуецца ўжыванне тых ці іншых працэдур і інструментаў. Метад павінен адпавядаць прадмету і мэце дадзенай дзейнасці, а таксама ўмовам, у якіх яна здзяйсняецца. Таму яго выбар нярэдка ўяўляе сабой досыць нялёгкую і творчую задачу.

Навуковыя метады, відавочна, маюць на мэце арганізацыю і ўпарадкаванне навукова-даследчай дзейнасці. Асноўным метадам эмпірычнага яе ўзроўню з’яўляецца (у згодзе з усеагульным меркаваннем) эксперымент. Дадзеная тэза мае моц найперш у дачыненні да навукі сучаснага тыпу (прасякнутай духам эксперыментальнасці). Эксперымент – гэта метад, сутнасць якога – у актыўным, дзейным і планамерным запытванні прыроды пра яе таямніцы, пра яе істотныя уласцівасці. Ён звязаны, такім чынам, з актыўным, мэтанакіраваным і кантраляваным уздзеяннем даследчыка на аб’ект даследавання. Калі з антысцыентысцкіх пазіцый пераасэнсаваць вядомую кантаўскую метафару [53, c.23], дык эксперымент выглядае не столькі запытваннем, як дапытваннем прыроды. Эксперыментальныя яе “допыты” звязаныя з “катаваннямі”, бо вольная, наравістая, яна не хоча адкрываць свае сакрэты. Каб гэтыя катаванні былі выніковымі, ужываюцца, як правіла, вытанчаныя інструменты – тэхнічныя прыстасаванні. Гэта дазваляе атрымаць ад прыроды сюю-тую намінку, намёк, хоць які грунт для адказу на пытанні, што задае ёй навука.

Для паспяховага правядзення эксперымента неабходна стварыць пэўныя, спецыяльныя ўмовы, у якія змяшчаецца прадмет даследавання. Пры гэтым зліквідоўваюцца ці, прынамсі, змяншаюцца і кантралююцца тыя акалічнасці, эфекты і ўплывы, што перашкаджаюць яснаму і выразнаму выяўленню істотных уласцівасцяў і дачыненняў згаданага прадмета.

Што да вынікаў эксперымента, дык яны маюць моц у навуцы толькі ў тым выпадку, калі яны атрымліваюцца пры кожным яго паўтарэнні кожным узброеным адпаведнай апаратурай і дастаткова кампетэнтным даследчыкам. У гэтым патрабаванні адлюстроўваецца, з аднаго боку, момант стабільнасці, устойлівасці самой фізічнай рэчаіснасці, а з іншага, – інтэрсуб’ектыўная натура навуковага пазнання. Інтэрпрэтацыя згаданых вынікаў адбываецца пры ўзаемадзеянні ўсіх узроўняў навукова-даследчай дзейнасці, але ў першую чаргу яна звязаная з тэарэтычным пазнаннем.

Эксперымент з’яўляецца найважнейшым, але не адзіным метадам эмпірычнага ўзроўню навукі. Ён, зрэшты, можа быць праведзены далёка не заўжды і не ва ўсіх абставінах. У галіне касмалогіі, напрыклад, дзе вывучаюцца гіганцкія сістэмы, неспрыяльная для правядзення эксперыментаў сітуацыя з’яўляецца тыпічнай. У такім выпадку даследчыкі звяртаюцца да назірання (неад’емна прысутнага ва ўсякім эксперыменце, безумоўна, больш складаным і развітым метадзе). Назіранне – гэта мэтанакіраванае пачуццёвае ўспрыманне рэчаісных аб’ектаў, выяўленне істотных характарыстык якіх і фігуруе ў якасці яго мэты. У залежнасці ад умоў, у якіх адбываецца даследчая дзейнасць, ад магчымасцяў даследчыка і ўласцівасцяў прадмета яго даследаванняў яно можа быць непасрэдным ці апасродкаваным, г. зн. здзяйсняцца пры дапамозе тэхнічных прыстасаванняў. Іх стварэнне і ўжыванне дыктуецца нярэдка рэвалюцыйнай пазнавальнай сітуацыяй і спрыяе яе далейшаму развіццю (як, напрыклад, стварэнне і задзейнічанне першага тэлескопа Г.Галілеем).

Прыродазнаўства сучаснага тыпу імкнецца да спасціжэння фізічнай рэальнасці ў адзінстве яе існасці, у яе якаснай тоеснасці. У выніку істотнае значэнне набываюць колькасныя адрозненні паміж рэчаіснымі прадметамі, працэсамі і феноменамі. Таму прыродазнаўчыя навукі не могуць абысціся без такога метаду, як вымярэнне. Сутнасць вымярэння – у вызначэнні колькасных параметраў рэальных з’яў, падзей і аб’ектаў праз іх параўнанне з пэўным эталонам. Яго немагчыма правесці пры адсутнасці вымяральных прыстасаванняў, якія, такім чынам, выступаюць як неад’емны элемент у арсенале сродкаў, неабходных для рэалізацыі плённых прыродазнаўчых даследаванняў.

Надзвычай развіты прагматычны аспект сучаснай навукі выяўляецца ў тым, што для яе асаблівае значэнне набыло пытанне пра тое, як здзяйсняецца пэўны працэс ці паводзіць сябе пэўны аб’ект. Адсюль вынікае несумненная і відавочная важнасць навуковага апісання, якое, гэтаксама як і вымярэнне, суправаджае назіранні і эксперыменты на эмпірычным узроўні навукова-даследчай дзейнасці. Апісанне – гэта здзейсненая ў пэўнай знакавай сістэме фіксацыя тых падзей, што мелі (ці маюць) месца ў рэчаіснасці.

Важнае (а ў некаторых выпадках незаменнае) месца ў метадычным арсенале эмпірычнага пазнання займае мадэляванне рэальных з’яў, працэсаў і сістэм, г. зн. стварэнне (у пэўным медыўме – матэрыяльным ці знакавым) іх аналагаў. Такія аналагі – мадэлі – могуць замяшчаць іх у навуковых даследаваннях (у гэтым плане яны вельмі падобныя да знакаў, што і абумоўлівае ў канчатковым выніку магчымасць знакавых іх формаў і разам з імі магчымасць разглядаць у якасці мадэляў тэарэтычныя ўтварэнні).

Існуюць і іншыя метады эмпірычнага пазнання. У даследчай практыцы да агульнанавуковых, г. зн. характэрных для навукі ў цэлым, метадаў (прадстаўнікі якіх якраз і разглядаліся вышэй) далучаюцца спецыяльныя, г. зн. тыя, што знаходзяць ужытак толькі ў паасобных навуках. Таму ў метадычным плане навуковае пазнанне ўяўляе сабой шматбаковы і багаты феномен. Багаццю і разнастайнасці яго метадычнага арсеналу спрыяе і тая акалічнасць, што ў навуковых даследаваннях выкарыстоўваюцца метады, сфера ўжытку якіх выходзіць за іх межы, распаўсюджваючыся на іншыя тыпы пазнання. Сярод метадаў такога кшталту, што ўжываюцца на эмпірычным узроўні навукі, у першую чаргу неабходна адзначыць і вылучыць індукцыю.

Разам з метадалагічным індукцыя выяўляе і грунтоўны лагічны аспект. З пункту гледжання логікі яна выступае як спецыфічная форма высноўвання, у якім адбываецца ўзыходжанне ад пэўнай сукупнасці сінгулярных пасылак да ўсеагульнай высновы. Сінгулярныя пасылкі перадаюцца выказваннямі, у якіх штосьці даводзіцца адносна пэўнага, паасобнага прадмета. Калі клас адпаведных прадметаў вычэрпваецца ў сукупнасці пасылак, дык выснова мае неабходны характар. У такім выпадку адпаведная развага можа разглядацца як прыклад дэдуктыўнага тыпу высноўвання, які, па сутнасці, з’яўляецца супрацьлеглым індукцыі (гэтаксама як дэдуктыўны метад пазнання выступае як супрацьлеглы ў дачыненні да індуктыўнага). Аднак сітуацыя, якая дазваляе ахапіць у зыходных выказваннях усе прадметы класа, пра які ідзе гаворка, мае месца досыць рэдка. Як правіла, у пасылках індуктыўных разваг ахопліваецца толькі іх частка, бо вычарпальны разгляд проста немагчымы –праз неабмежаванасць самога класа прадметаў, праз адкрыты характар нашага досведу: хто ведае, з чым мы можам сутыкнуцца ў будучыні. Таму індуктыўная выснова мае больш агульны характар, чым пасылкі, з’яўляецца ў гэтым сэнсе “пашыральнай”, а значыць і імавернай.

Як метад навуковага пазнання, індукцыя накіроўвае даследчую дзейнасць на выяўленне ў выніках эксперыментаў і назіранняў усеагульных момантаў. Яна ўключае ў сябе адцягненне ад пабочнага і неістотнага (абстрагаванне), вылучэнне ўсеагульных характэрных рыс аб’ектаў і працэсаў (абагульненне) і мае, такім чынам, складаны, комплексны характар. У канчатковым выніку яе ўжыванне (у пэўным сэнсе) сведчыць пра адноснае завяршэнне досведу, пра неабходнасць пераходу на іншы ўзровень даследчай дзейнасці – тэарэтычны.

Аднак наколькі важнае месца індукцыя займае ў навуковым пазнанні, настолькі сур’ёзную праблему яна ў сабе змяшчае. У сучаснай форме яе ўпершыню сфармуляваў шатландскі філосаф Д.Юм (1711-1766). Сутнасць дадзенай праблемы – у апраўданасці, абгрунтаванасці пераходу ад паасобнага да ўсеагульнага, які здзяйсняецца ў рамках метадычных і лагічных індуктыўных працэдур. Сапраўды, прычынна-выніковая сувязь паміж пэўнымі падзеямі (Д.Юм аналізаваў праблему індукцыі менавіта ў кантэксце прынцыпу каўзальнасці), зафіксаваная ва ўсім маім мінулым і актуальным досведзе, зусім не абавязкова павінна паўтарыцца ў будучым. Наяўнасць у шматлікіх успрынятых мною прадметаў пэўнага класа нейкай прыкметы не гарантуе яе наяўнасці ва ўсіх прадметах, што да яго належаць. Дадзеная праблема паспрыяла разгортванню інтэнсіўных філасофскіх пошукаў і выклікала вострыя дыскусіі ў працэсе гістарычнага развіцця філасофіі навукі. Са спроб яе вырашэння паўсталі цікавыя і арыгінальныя ідэі, якія ўзбагацілі метатэарэтычны ўзровень навуковага пазнання, пра што гаворка пойдзе ніжэй.

Эмпірычная даследчая дзейнасць здзяйсняецца дзеля пэўных мэтаў і прыносіць пэўныя вынікі. Галоўнай яе задачай і галоўным вынікам з’яўляецца ўстанаўленне фактаў, якія служаць падставай для тэарэтычных даследаванняў. У паўсядзённым жыцці словам “факт” мы абазначаем усё, што сапраўды мела ці мае месца, што адбылося ці адбываецца ў рэчаіснасці. Па вялікім рахунку паняцце навуковага факта мае блізкае значэнне – гэта падзея, устаноўленая і прызнаная навуковай супольнасцю, для якой яна фігуруе як прадмет бясспрэчнага кансэнсусу; выказванне, што фіксуе яе, мае статус праўдзівага [26, c. 411]. У сувязі з гэтым можна сцвярджаць, што ў згаданым паняцці змяшчаецца (яшчэ няяўны) момант істотнасці, устойлівасці, унутранай заканамернасці падзеі. У кантэксце навуковага пазнання на факце ляжыць пячатка невыпадковасці, праз яго праглядвае існасць і закон, якія патрабуюць свайго выразнага выяўлення і да якіх набліжаецца эмпірычнае даследаванне. Аднак, хоць яно можа выявіць і выяўляе карэляцыі (сувязі, залежнасці) паміж феноменамі, яму не дадзена спасцігнуць іх сістэматычна і глыбока (растлумачыць іх). Гэтая задача вырашаецца на тэарэтычным узроўні навуковага пазнання.

1.2.2.Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання

Мэтай, вынікам, ядром і сэрцам тэарэтычнага ўзроўню навукі з’яўляецца феномен, праз які ён атрымаў сваю назву, – навуковая тэорыя. Тэрмін “тэорыя” ўзыходзіць да познелац. “theoria”, звязанага ў сваю чаргу са старажытнагр. “θεωρία”, якое азначала “сузіранне”, “разгляд”, а пазней – “пазнанне” [46, т. 10, c. 1128]. Як указвалася вышэй, у сучасных умовах дадзены тэрмін мае шматзначны характар. У кантэксце пазнавальнай дзейнасці ўвогуле ў ім фіксуецца момант выхаду за межы непасрэдна дадзeнага дзеля таго, каб зразумець і растлумачыць яго. Гэты момант прысутнічае ва ўсіх відах пазнання, але ў пазнанні навуковым ён выступае ў асабліва выразнай, канцэнтраванай форме [84, c.1486].

Істотнай характарыстыкай тэорыі з’яўляецца таксама яе сістэмная арганізацыя: яна выступае як упарадкаванае згодна з пэўным прынцыпам цэласнае ўтварэнне. В.С.Сцёпін даводзіць [14, с.24], што ў змястоўным плане першаэлементамі сістэматычных навуковых пабудоў з’яўляюцца тэарэтычныя канструкты, г. зн. тэарэтычныя ідэальныя аб’екты (у рэчаіснасці няма такіх аб’ектаў – у наяўнасці няма абсалютна чорнага цела, аб’екта, які абсарбуе ўсё электрамагнітнае выпраменьванне, што патрапляе на яго, але існуюць іх правобразы, пэўныя характарыстыкі якіх, напрыклад уласцівасць да моцнага паглынання электрамагнітнага выпраменьвання, яны і фіксуюць). Пэўным чынам арганізаваная сукупнасць выказванняў адносна гэтых аб’ектаў і ўтварае навуковую тэорыю.

Тыпічным для навукі спосабам згаданай арганізацыі з’яўляецца аксіяматызацыя. Ролю аксіём выконваюць пры гэтым выказванні, у якіх фіксуюцца грунтоўныя законы таго сегмента рэчаіснасці, што апісваецца дадзенай тэорыяй. Яны ўжываюцца затым для апісання і тлумачэння розных яго аспектаў, падсістэм, наяўных у ім спецыфічных працэсаў і з’яў. Найбольш эфектыўным чынам аксіяматызацыя здзяйсняецца ў спалучэнні з фармалізацыяй тэарэтычных ведаў. Фармалізацыя пэўнай тэорыі – гэта прадстаўленне яе у знакавай сістэме, у якой фіксуюцца структурныя сувязі яе элементаў пры адцягненні ад змястоўных аспектаў. У такіх умовах высноўванне з аксіём, на якіх грунтуецца дадзенае тэарэтычнае ўтварэнне, адбываецца найбольш простым, адназначным і пераканаўчым чынам.

З адзначанага вышэй відавочна вынікае, што для распрацоўкі цэнтральных паняццяў і палажэнняў тэорыі (якія ўтвараюць найважнейшы яе структурны элемент) фундаментальна важным з’яўляецца метад ідэалізацыі, а тасама шчыльна звязаны з ім уяўны эксперымент. А.Эйнштэйн і Л.Інфельд увогуле вядуць гаворку пра “ідэалізаваны эксперымент”, даводзячы пра яго грунтоўнае значэнне ў кантэксце ўзнікнення навукі сучаснага тыпу [30,c.8-9]. Гэта азначае, што ў якасці выніку ідэалізацыі можа фігураваць не толькі ідэальны аб’ект, але і ідэальная сітуацыя – сітуацыя, у якой ідэальныя аб’екты ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Уяўны эксперымент прыводзіць такую сітуацыю ў рух, накіроўвае згаданае ўзаемадзеянне ў пэўнае рэчышча, і ўсё гэта адбываецца ў розуме і ва ўяўленні даследчыка.

Інтэнсіўнае ўжыванне метаду ідэалізацыі ў сучаснай навуцы змушае паставіць пытанне пра прычыны і наступствы такой практыкі. Сярод прычын у першую чаргу неабходна адзначыць сувязь такога кшталту пазнавальных працэдур з матэматычным апісаннем рэчаіснасці, якая істотным чынам стымулюе зварот навукоўцаў да іх. Што да наступстваў, дык шырокае ўжыванне метадаў ідэалізацыі і ўяўнага эксперымента ў навуцы сучаснага тыпу істотным чынам абвастрыла праблему ўзаемадачыненняў тэарэтычных пабудоў і рэчаіснасці, а ў яе кантэксце – праблему праверкі тэорый. У гэтым плане, аднак, неабходна падкрэсліць, што практыка навуковых даследаванняў зусім не паралізаваная наяўнасцю ў ёй шматлікіх ідэалізацый. Навукоўцы не ўхіляюцца ад эмпірычнага кантролю сваіх тэарэтычных схем на аснове таго, што яны маюць ідэалізаваны характар. Гэта не пазбаўляе іх (апасродкаванай) сувязі з рэчаіснасцю і здольнасці рабіць прадказанні адносна будучага досведу.

У кантэксце аналізу тэарэтычага ўзроўню навуковага пазнання надзвычай важнае значэнне мае высвятленне суадносінаў такіх яго феноменаў, як уласна тэорыі і гіпотэзы. Пад навуковай гіпотэзай (ад старажытнагр. ὑπόθεσιϛ – здагадка, дапушчэнне) мы будзем разумець тэарэтычнае ўтварэнне, якое не пярэчыць фактам, але мае разам з тым статус недаказанага. У дадзенай сувязі паўстае, аднак, пытанне, якім чынам, на аснове якіх крытэрыяў адрозніваць яе ад тэорыі ва ўласным сэнсе? К.Попер, напрыклад, даводзіць пра “прынцыпова гіпатэтычны характар прыродазнаўчых тэорый (і, больш за тое, – метафізічных)” [73, c.ХХІV]. (Менавіта на грунце такой пазіцыі, на яго думку, мы можам вырашыць узнятыя Кантам эпістэмалагічныя праблемы [73, c.ХХІV].) Сапраўды, хіба не вучыць нас гісторыя навукі, што распрацаваныя ў яе абсягу тэорыі не вечныя, што над імі заўжды вісіць дамоклаў меч абвяржэння?

У адказ на дадзенае пытанне можна заўважыць, што ва ўсіх выпадках – нават калі мы прызнаем прынцыпова гіпатэтычны статус навуковых ведаў – тэарэтычныя навуковыя пабудовы адрозніваюцца ступенню сваёй гіпатэтычнасці. Вышэй ужо ішла гаворка пра наяўнасць у навуцы працэдуры, згодна з якой на аснове тэарэтычнага ўтварэння робіцца прадказанне, што дапускае эмпірычную праверку. Тэарэтычнае ўтварэнне, якое паспяхова прайшло такое выпрабаванне, абавязкова павінна мець больш высокі статус, чым тое, што адпаведны тэст яшчэ не прайшло (ці нават няздольнае на дадзены момант яго прайсці праз няздольнасць прадказаць вынікі будучага досведу). Існуюць і іншыя моманты, якія могуць быць улічаныя пры ацэнцы ступені абгрунтаванасці ці, наадварот, гіпатэтычнасці пэўных навуковых канструкцый (практычны, тэхнічны ўжытак, сумяшчальнасць з іншымі тэорыямі і г. д.).

У аперацыянальным і метадычным плане гіпотэзам належыць надзвычай важная роля ў працэсе навуковага пазнання рэчаіснасці. Яны дынамізуюць згаданы працэс, істотным чынам пашыраюць далягляд навукоўцаў і спрыяюць, такім чынам, усталяванню новых мэтаў, задач і арыенціраў у іх даследчай дзейнасці. Таму згаданы феномен займае важнае месца ў фармальна-метадычным арсенале навукі.

У больш канкрэтным плане ў дадзенай сувязі варта адзначыць гіпатэтычна-дэдуктыўны метад. Згодна з яго патрабаваннямі спачатку распрацоўваецца гіпотэза, з якой робяцца высновы, што дапускаюць эмпірычную і тэарэтычную праверку (праз іх параўнанне з вынікамі эксперыментаў і назіранняў, з фактамі, з прынятымі і прызнанымі навуковай супольнасцю тэарэтычнымі палажэннямі). На аснове дадзенай праверкі вырашаецца далейшы лёс гіпотэзы (павінна яна быць адкінутая ці перапрацаваная, або можа служыць як падстава для новых пошукаў). Грунтоўны кагнітыўны патэнцыял выяўляе таксама метад матэматычнай гіпотэзы, г. зн. гіпотэзы сфармуляванай на матэматычнай мове і пры дапамозе матэматычных сродкаў. Высокая эфектыўнасць згаданага метаду абумоўленая асаблівасцямі матэматычных аб’ектаў і выказванняў, іх непараўнальнымі перавагамі ў ступені абстрагаванасці, абагульненасці, ідэалізаванасці перад аб’ектамі і тэарэтычнымі пабудовамі іншых навук. Таму і з’яўляюцца яны ў найвышэйшай ступені дзейснымі ў сітуацыях, калі адбываецца выхад па-за межы наяўных, усталяваных ведаў, іх абагульненне і г. д.

Вышэй ужо ўказвалася на магчымасць пашырэння паняцця мадэлі на тэарэтычныя ўтварэнні. У самым шырокім плане тэорыі і гіпотэзы цалкам апраўдана могуць разглядацца як мадэлі тых сегментаў рэчаіснасці, што апісваюцца імі. Так, напрыклад, С.Хокінг і Л.Млодзінаў, разважаючы пра суадносіны навуковых тэорый і фізічнай рэальнасці, указваюць, што “фізічная тэорыя ці карціна свету з’яўляецца (найчасцей матэматычнай) мадэльлю і мае набор правілаў, якія звязваюць элементы мадэлі з назіраннямі” [43, c.42]. Матэматычнае мадэляванне (стварэнне матэматычных мадэляў) фігуруе, такім чынам, як грунтоўная характарыстыка і як надзвычай важны метад тэарэтычнага пазнання. Матэматычная мадэль можа разглядацца як “матэматычная структура, якая выкарыстоўваецца для рэпрэзентавання некаторых значных у фізічных адносінах структур у свеце”. Пры гэтым матэматычнай з’яўляецца структура, элементы якой ўяляюць сабой матэматычныя аб’екты (лікі, мноствы, вектары), дачыненні якіх і аперацыі з якімі таксама маюць матэматычны характар [50]. Варта адзначыць, што аўтар працытаванага азначэння (якое ўзята з прысвечанага квантавай механіцы артыкула Стэнфардскай філасофскай энцыклапедыі) гаворыць пра мадэль увогуле. Мадэль для яго, значыцца, – найперш і найістотнейшым чынам матэматычнае ўтварэнне. Гэта вельмі красамоўны факт: ён яскрава паказвае, якога ўзроўню дасягнула матэматызацыя сучаснай навукі і якая роля належыць матэматычным мадэлям у ёй.

Неабходна падкрэсліць багацце, разнастайнасць і дынамізм метадычнага арсеналу тэарэтычнага пазнання. Да яго належаць, акрамя разгледжаных вышэй, шматлікія іншыя метады (у тым ліку і агульналагічныя, як, напрыклад, скарэляваная з індукцыяй і супрацьлеглая ёй дэдукцыя), і ён увесь час узбагачаецца і ўдасканальваецца. Аналіз найважнейшых, прынцыповых пытанняў, звязаных з арганізацыяй і развіццём метадычнага боку навуковага (і тэарэтычнага, і эмпірычнага) пазнання здзяйсняецца на метатэарэтычным яго ўзроўні.

1.2.3.Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання

Метатэарэтычны ўзровень навуковага пазнання – гэта ўзровень светапоглядных і метадалагічных яго асноў. На ім адбываецца інтэнсіўнае ўзаемадзеянне навукі з іншымі духоўнымі формамі і найперш з філасофіяй. Дадзенае ўзаемадзеянне з’яўляецца надзвычай шматпланавым і рознабаковым. У кантэксце ўзаемадачыненняў філасофіі і навукі надзвычай важным падаецца той момант, што істотны іх сегмент мае дысцыплінарна арганізаваны характар. Адпаведная дысцыпліна – філасофія навукі – засяроджваецца на пытаннях пра існасць, асаблівасці і мэты навуковага пазнання. Да найважнейшых яе задач якраз і належыць высвятленне метадалагічных асноў навукі. Даследаванні, што вяліся і вядуцца на дадзеным кірунку, як гэта і мае быць у выпадку філасофскіх пошукаў, спарадзілі цэлы шэраг (мета)тэарэтычных праектаў, якія прэтэндавалі і прэтэндуюць таксама і на нарматыўны статус. Такога кшталту праекты даў кожны гістарычны перыяд у развіцці стасункаў паміж філасофіяй і навукай, і кожны перыяд меў сярод іх сваіх фаварытаў і лідараў.

Яскравы прыклад (на сённяшні дзень, аднак, ужо хутчэй гістарычнага парадку) скіраваных да навукі паспяховых і ўплывовых філасофскіх канцэпцый уяўляе сабой крытычны апрыярызм І.Канта. Кант прызнаваў наяўнасць у свядомасці суб’екта першасных, дадзеных да ўсякага досведу формаў сузірання, катэгорый, прынцыпаў, якія выступаюць як падстава для тэарэтычнага сінтэзу разнастайнага матэрыялу, атрыманага на пачуццёвым узроўні. У гэтай пазіцыі выявіўся кантаўскі падыход да згаданай вышэй праблемы індукцыі. Філосаф ні на ёту не сумняваўся ў праўдзівасці н’ютанаўскіх законаў, гэта значыць ён лічыў навуку здольнай узняцца да ўсеагульных і неабходных па сваёй існасці ведаў. Разам з тым ён усведамляў, што такія веды не могуць быць набытыя індуктыўным шляхам: досвед мае адкрыты характар, яго сведчанняў недастаткова для ўсеагульных і неабходных высноў. Таму Кант і шукаў падставы для такіх высноў у самім суб’екце, засяроджваючыся пры гэтым на глыбокіх, сутнасных яго характарыстыках, уласцівых яму як разумнай істоце, г. зн. інтэрсуб’ектыўных па сваім статусе і значэнні. Увогуле, такая пазіцыя падаецца цалкам натуральнай для філосафа, у творчасці якога, як правіла, бачыцца крытычная ратыфікацыя “сістэматычнай формы, успрынятай матэматычнай фізікай на працягу васемнаццатага стагоддзя” [75, c. 110].

Аб’ектывізм і арыентацыя на досвед характарызуюць таксама пазітывісцкі метадалагічны праект. У ім адсутнічае, аднак, у адрозненне ад кантаўскай пазіцыі апрыярыстычны кампанент. Тэрмін “пазітывізм” узыходзіць да слова “пазітыўны”, узятага як абазначэнне фактычнага, наяўнага, дадзенага (а не ў апазіцыі да “негатыўнага”) [40, c.267]. Прадстаўнікі пазітывісцкай традыцыі падкрэсліваюць глыбокую ўзаемасувязь тэорыі і досведу. Тэарэтычныя палажэнні разглядаюцца імі як бяссэнсавыя, калі яны не дапускаюць эмпірычную праверку, здольную пацвердзіць іх – верыфікацыю (ад лац. veritas – праўда). У дадзенай сувязі, аднак, зноў заяўляе пра сябе праблема індукцыі: верыфікацыя мае індуктыўны характар і таму не можа быць поўнай. Як растлумачыць у такім выпадку той факт, што ў навуцы фармулююцца палажэнні, у якіх фіксуюцца законы прыроды?

З памкнення вырашыць супярэчнасць паміж прэтэнзіямі і магчымасцямі пагрунтаванай на прынцыпе верыфікацыі індуктывісцкай праграмы, прапанаванай ў рамках пазітывізму, паўстаў фальсіфікацыянісцкі праект (ад лац. falsus – памылковы). Ён быў распрацаваны К.Поперам, які зыходзіў з фундаментальнай асіметрыі паміж станоўчымі і адмоўнымі вынікамі эмпірычнай праверкі пэўных тэарэтычных утварэнняў: станоўчыя вынікі, колькі б іх ні было, не азначаюць поўнага і канчатковага пацвярджэння тэорыі, у той час як дастаткова толькі аднаго адмоўнага, каб яе абвергнуць. Здольнасці тэарэтычнага ўтварэння быць абвергнутым назіраннямі і эксперыментамі ўвогуле надаецца тут крытэрыяльны статус: менавіта гэтай здольнасцю навуковыя веды адрозніваюцца ад ненавуковых. Таму найлепшы лёс, на які можа разлічваць навуковая тэарэтычная пабудова, – гэта статус неабвержанай на дадзены момант гіпотэзы (пра што гаворка ўжо ішла крыху вышэй).

Фальсіфікацыянізм арыентуе навукоўцаў на строга крытычнае стаўленне да ўсіх без выняткаў навуковых канструкцый (таму тэарэтычны кірунак, ля вытокаў якога стаіць К.Попер і атрымаў назву “крытычны рацыяналізм”). І калі тэорыя не вытрымлівае працэдуру строгай крытычнай праверкі, якая мае, зрэшты, дэдуктыўны характар, ад яе неабходна адмовіцца. Такая мадэль паводзінаў павінна быць у найвышэйшай ступені прыцягальнай для навукоўцаў: яна звязаная з новымі пошукамі, а значыцца і адкрыццямі. Сапраўды, няўдача дзейнай тэорыі з усёй відавочнасцю паказвае, што свет уладкаваны больш складана і цікава, чым мы меркавалі дагэтуль.

У навукоўцаў ёсць, аднак, іншае выйсце: паспрабаваць выратаваць яе пры дапамозе дадатковых тэарэтычных дапушчэнняў, якія ўводзяцца спецыяльна дзеля таго, каб пераадолець супярэчнасці, з якімі яна сутыкнулася (яны атрымалі назву ad hoc[6] гіпотэз). Крытыкі Попера даводзяць, што ў рэальнай даследчай практыцы найперш абіраецца менавіта гэты другі шлях. Яго праект выглядае ў іх вачах наіўна-рамантычным, прасякнутым духам нарматыўнасці і надта далёкім ад рэальнасці. У якасці яе рэалістычнай, памяркоўнай альтэрнатывы, таксама фальсіфікацыянісцкай па сваёй сутнасці, была прапанавана метадалогія даследчых праграм (І.Лакатас (1922-1974)). Ніхто не адмаўляецца (і не павінен адмаўляцца) ад тэорыі (дакладней ад сукупнасці тэарэтычных пабудоў, эксперыментальных тэхнік і г. д., аб’яднаных у даследчыя праграмы) пры з’яўленні першай яе супярэчнасці з вынікамі эксперыментаў і назіранняў. Толькі ў тым выпадку, калі супярэчнасці памнажаюцца і пагражаюць самому ядру даследчай праграмы, калі яна абрастае тлустым шыхтом ad hoс гіпотэз і, значыцца, дэгенеруе, яна павінна разглядацца як сфальсіфікаваная. У такіх умовах перамагае якаясьці яе канкурэнтка, бо супярэчнасці і цяжкасці, прысутныя ў наяўным складзе ведаў, выклікаюць да жыцця розныя, альтэрнатыўныя навукова-даследчыя праграмы, навуковыя тэорыі, стратэгіі творчага пошуку, якія спаборнічаюць паміж сабой.

Неабходна адзначыць, што сярод філасофска-метадалагічных канцэпцый сустракаюцца і праекты, якія ў філасофскай і навуказнаўчай літаратуры спалучаюцца з эпітэтам “радыкальныя” [40, c.238]. Да іх належыць, напрыклад, аперацыяналізм. Згодна з патрабаваннямі дадзенай канцэпцыі навуковыя паняцці павінны фармулявацца выключна ў кантэксце аперацый і працэдур, што здзяйсняюцца з імі (у паняцці даўжыні, напрыклад, фіксуецца клас усіх эквівалентных яе вымярэнняў [40, c.237]). У іншым выпадку яны (і утвораныя на іх аснове выказванні) абвяшчаюцца пазбаўленымі сэнсу. Такога кшталту радыкальныя метадалагічныя канцэпцыі выяўляюцца, аднак, як аднабаковыя і занадта рэстрыктыўныя для таго, каб перамагчы ў барацьбе ідэй і знайсці поўнае ўвасабленне ў практыцы навуковых даследаванняў. Дадзеная практыка – багатая, супярэчлівая і жывая – перапрацоўвае, трансфармуе і ўлучае ў свой жывы кантэкст пурыстычныя праекты, скіраваныя на яе дыстыляцыю. Так, тэарэтычная фізіка дапускае і павінна дапускаць разам з вызначанымі аперацыянальна такія паняцці, для якіх непасрэдныя аперацыянальныя дэфініцыі немагчымыя [40, c.238; 46, т.6, c.1217]. Разам з тым – згодна з гістарычнымі фактамі – “яна, як і іншыя прыродазнаўчыя навукі, настолькі далёка ішла насустрач аперацыяналісцкім патрабаванням, што прынцыповая аперацыяналізацыя прыродазнаўчых тэорый была заўжды забяспечаная” [40, c.238].

Сярод сучасных метадалагічных праектаў варта адзначыць таксама канструктывізм, прадстаўнікі якога імкнуцца да праўдзівага, пэўнага і трывалага абгрунтавання навуковых ведаў. Такое абгрунтаванне лічыцца імі як удалае ў тым выпадку, калі яе зыходныя тэзы будуць прынятыя кожным кампетэнтным удзельнікам прысвечанага ёй непрадузятага дыскурсу. Далейшая яе распрацоўка павінна ажыццяўляцца на грунце згаданых тэзаў пры дапамозе сродкаў, узятых з данавуковай практыкі і ёю абгрунтаваных. Данавуковыя моўныя і практычныя працэдуры атрымліваюць у канструктывізме, такім чынам, статус базісу, на якім мусіць быць ўсталявана навуковае пазнанне.

Сам факт пошукаў трывалага падмурку для навуковых ведаў пасярод хутчэй скептычнага стаўлення да падобнага кшталту намаганняў, якое дамінуе ў сучаснай заходняй філасофіі, выглядае досыць прывабна. Перспектыўнай падаецца і істотным чынам практычная арыентацыя згаданых пошукаў, хоць пры гэтым наўрад ці правамерна ігнараваць уплыў навукі на паўсядзённы практычны досвед, зварот да якога, значыцца, не можа быць гарантам выключэння “заганнага кола” пры адпаведным абгрунтаванні тэарэтычных навуковых пабудоў. Акрамя таго, крытыкі канструктывізму ўказваюць на яго напружаныя стасункі з пэўнымі навуковымі тэорыямі. Так, яго прадстаўнікі сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі пры спробах абгрунтавання рэлятывісцкай фізікі, якая звяртаецца да далёкай ад паўсядзённых уяўленняў неэўклідавай геаметрыі. Таму вынікі іх пошукаў нельга ахарактарызаваць як надта пераканаўчыя.

На думку В.С.Сцёпіна, навуказнаўчыя працы якога з’яўляюцца надзвычай уплывовымі на постсавецкай філасофскай прасторы, акрамя філасофскіх асноў навуковага пазнання (ядро якіх якраз і ўтвараюць філасофска-метадалагічныя канцэпцыі) да яго метатэарэтычнага ўзроўню належаць таксама іэалы і нормы навуковых доследаў і навуковая карціна свету (рэальнасці). Ідэалы і нормы даследавання ён падзяляе на тры групы: ідэлы і нормы абгрунтавання і апісання; ідэалы даказанасці і абгрунтаванасці ведаў; ідэалы іх будовы (арганізацыі) [85, c.705]. Іх неабходна разглядаць як адносна самастойныя формы нарматыўна-метадалагічнага забеспячэння навуковага пазнання. Узятыя ў абумоўленым іх шчыльнымі ўзаемасувязямі адзінстве, яны задаюць абагульненую схему пазнавальнай дзейнасці, “якая робіць магчымым даследаванне аб’ектаў пэўнай сістэмнай арганізацыі” [85, c.706].

В.С.Сцёпін падкрэслівае таксама шматузроўневы характар ідэалаў і нормаў навуковых доследаў з пункту гледжання “структуры іх зместу”. Пры гэтым ён вылучае, па-першае, агульнанавуковы ўзровень, узровень, які адрознівае навуку ад іншых формаў пазнавальнай дзейнасці, па-другое, – узровень, на якім агульнанавуковыя нормы і прынцыпы канкрэтызуюцца, фігуруючы як “ідэалы і нарматывы, што характарызуюць навуку пэўнай гістарычнай эпохі”, і, па-трэцяе, – ідэалы і нормы пэўнай галіны навуковага пазнання, якія выступаюць як канкрэтызацыя папярэдняга структурнага ўзроўню [85, c.707].

Навуковая карціна свету выступае як сістэма грунтоўных уяўленняў пра рэчаіснасць (пра элементарныя аб’екты, пра тыпы аб’ектаў і іх узаемадзеянняў, пра прастору і час), выпрацаваных у працэсе гістарычнага развіцця навуковага пазнання. Яна з’яўляецца сінтэзам дасягненняў розных навук і фігуруе ў гэтым плане як агульнанавуковая. Сістэма грунтоўных уяўленняў пра прыроду ўтварае прыродазнаўчую карціну свету, якая ўяўляе сабой адносна самастойную духоўную форму, адрозную ад той, што сінтэзуе веды, набытыя ў галіне грамадазнаўства. І, нарэшце, пэўныя асаблівасці светабачання, уласцівыя кожнай канкрэтнай навуковай дысцыпліне, дазваляюць весці гаворку пра тое, што і на іх узроўні сінтэзуюцца адмысловыя – лакальныя, ці спецыяльныя, – карціны свету [85, c.703-704].

Неабходна адзначыць, што эмпірычныя, тэарэтычныя і метатэарэтычныя кампаненты навуковага пазнання знаходзяцца ў шчыльным узаемадзеянні паміж сабой. Згаданае ўзаемадзеянне мае няпросты, супярэчлівы характар, і на пэўных – крызісных – этапах развіцця навукі назіраюцца вострыя калізіі, што патрабуюць радыкальных трансфармацый сістэмы навуковых ведаў. Для апісання ўзаемадачыненняў паміж узроўнямі навуковага пазнання можна выкарыстаць (дастаткова гіпатэтычную) схему, што грунтуецца на аналогіі з тэарэтычнай канструкцыяй, на аснове якой здзяйсняўся марксісцкі аналіз гістарычнага развіцця грамадства. Эмпірычнае пазнанне выступае як найбольш дынамічны кампанент навукі. Тэарэтычныя пабудовы ствараюць рамкі для яго разгортвання і накіроўваюць яго ў пэўнае рэчышча. Аднак аднойчы надыходзіць момант, калі згаданыя рамкі ператвараюцца ў перашкоду для далейшага развіцця эмпірычных даследаванняў і назіраецца, такім чынам, крызісная пазнавальная сітуацыя. У яе варунках асаблівае значэнне набываюць феномены метатэарэтычнага ўзроўню (своеасаблівая “надбудова” ў сістэме навукі).


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.008 сек.)