АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Біялогія 1 страница

Читайте также:
  1. I. Перевести текст. 1 страница
  2. I. Перевести текст. 10 страница
  3. I. Перевести текст. 11 страница
  4. I. Перевести текст. 2 страница
  5. I. Перевести текст. 3 страница
  6. I. Перевести текст. 4 страница
  7. I. Перевести текст. 5 страница
  8. I. Перевести текст. 6 страница
  9. I. Перевести текст. 7 страница
  10. I. Перевести текст. 8 страница
  11. I. Перевести текст. 9 страница
  12. Il pea.M em u ifJy uK/uu 1 страница

Біялогія – гэта сістэма навук, якія вывучаюць законы жывой прыроды ва ўсіх яе праявах, у тым ліку і законы яе ўзаемадзеяння са светам нежывога. Спецыфіку біялогіі фіксуе яе імя, якое было ўведзена ў навуковы зварот на мяжы XVIII і ХІХ стагоддзяў: першая частка дадзенага тэрміна[13] (якая выступала ў мове антычнай філасофіі як самастойнае, важнае і змястоўнае паняцце [46, т.1, с. 948-949]) – βίος – азначае “жыццё”.

Паняцце жыцця і звязаная з ім праблематыка мае адмысловы статус у абсягу біялогіі. З аднаго боку, усе праблемы біялагічнай навукі і ўсе вынікі, дасягнутыя ў працэсе іх вырашэння, яўна ці няяўна сцэнтраваныя, сфакусаваныя на ім, маюць на мэце яго развіццё і ўзбагачэнне, а з іншага, – яно падаецца надта субтыльным і ў дадатак да ўсяго абцяжараным шматлікімі пазанавуковымі канатацыямі. Таму пытанне пра сутнасць жыцця выяўляе ў абсягу біялагічных ведаў два грунтоўныя вымярэнні: агульнатэарэтычнае і метатэарэтычнае. Апошняе звязана найперш з тым, што распрацоўка біялагічных падыходаў да вырашэння дадзенага пытання здзяйснялася, як правіла, пад знакам інтэнсіўнага ўзаемадзеяння і моцнага ўзаемнага ўплыву біялогіі і філасофіі.

У сучасных умовах, праўда, калі біёлагі і засяроджваюць на ім сваю ўвагу, дык найчасцей імкнуцца даць хутчэй тэхнічны адказ на яго і не надта аддаляцца ад вынікаў, дасягнутых на канкрэтных кірунках эмпірычных і тэарэтычных даследаванняў. Так, італьянска-амерыканскі вірусолаг Р.Дульбека (1914-2012) піша, што жыццё ў першую чаргу – гэта “прывядзенне ў дзеянне зашыфраваных у генах вызначэнняў” [28, c.17]. Для поўнага адказу на пытанне пра тое, што яно сабой уяўляе, неабходна, як указвае далей навуковец, даследаванне ўсяго комплексу генаў і іх разнастайных функцый, выяўленне тых спосабаў, пры дапамозе якіх прадстаўнікі паасобных відаў вырашаюць праблемы, што паўстаюць перад імі, а таксама вывучэнне формаўтваральных у свеце жывога працэсаў узаемадзеяння паміж жывымі істотамі. Разам з тым “кніжка жыцця неабсяжная, і ніхто не можа прачытаць яе ўсю. Мы можам, аднак, даследаваць пэўныя моманты – ці таму што мы іх добра разумеем, ці таму што яны з’яўляюцца грунтоўнымі для большасці формаў жыцця або вызначальнымі для нашага мыслення” [28, c. 17].

Аднак і ў гэтым выпадку біялогія не страчвае сваёй сувязі з філасофіяй: за згаданымі поглядамі стаіць пэўны тып філасофскага мыслення, пэўная філасофія біялогіі. Біялагічнае пазнанне ўвогуле прасякнута дадзенай сувяззю; яна фіксуецца не толькі ў “памежным” па сваёй сутнасці пытанні пра сутнасць жыцця, яе праявы назіраюцца нават “там, дзе з пункту гледжання спецыяльнай навукі задзейнічаныя выключна спецыяльныя навуковыя палажэнні” [56, c.41]. Гэты момант дае падставы весці гаворку пра наяўнасць у біялогіі грунтоўнага філасофскага патэнцыялу, а ў філасофіі – біялагічнага вымярэння [56, c.28, 41]. Менавіта таму шчыльныя стасункі з біялогіяй маюць істотнае значэнне і для філасофіі. Інакш і не можа быць, бо на галоўнае філасофскае пытанне – пытанне пра існасць чалавека – нельга адказаць без сур’ёзнага філасофскага аналізу дасягненняў біялагічнага пазнання. Як піша Ж.Манод, яго нельга было б нават адэкватна – у тэрмінах, вольных ад метафізікі – сфармуляваць, калі б біялагічная навука не стварыла для гэтага неабходныя перадумовы [64, c. 11]. Творчасць Арыстоцеля, І.Канта, А.Бергсона (1859-1941) і іншых выдатных філосафаў яскрава паказвае, якім грунтоўным і плённым можа быць уплыў біялагічных ведаў на філасофскае мысленне.

Спецыфіка біялогіі ў сістэме прыродазнаўчых навук выразна выяўляецца, сярод іншага, у інтэнсіўным узаемадзеянні метаду і прадмета яе даследавання. Ужо пры лабараторным маніпуляванні найпрасцейшымі арганізмамі ці іх кампанентамі даследчык сутыкаецца з актыўнай рэакцыяй жывога на свае дзеянні, на штучныя ўмовы, з рэакцыяй, якая можа быць непрадугледжанай, нечаканай і ўпарта-некантраляванай. Гэта патрабуе ад яго і ад ягонай метадалогіі гнуткасці, здольнасці адаптавацца да зменлівай даследчай сітуацыі. Таму ўзаемадачыненні метаду і аб’екта ў біялагічных пошуках разгортваюцца як своеасаблівая каэвалюцыя [56, c. 53]. Даследчык, значыцца, не з’яўляецца адзінай актыўна дзейнай фігурай у рамках гэтых пошукаў і біялагічнае даследаванне (і адкрыццё) уяўляе сабой “сустрэчу”, сутыкненне дзвюх жывых, дзейных сіл [56, c. 55].

Жыццё прадстаўлена ў мностве разнастайных формаў, спектр яго праяў сягае ад малекулярнага ўзроўню да ўзроўню гіганцкіх экасістэм. Не менш разнастайнымі з’яўляюцца працэсы, якія яно ўключае ў сябе, і ў плане часу: ад узаемадзеянняў біямалекул, працягласць якіх можа складаць мільённыя долі секунды, да працэсу эвалюцыі, што доўжыцца звыш 3,5 мільярдаў гадоў. Менавіта таму біялогія выступае як сукупнасць разнастайных навук, якая ў працэсе яе самаразвіцця ўзбагачаецца новымі і новымі адгалінаваннямі. Сучасны нямецкі філосаф-марксіст Р.Лётэр прапаноўвае класіфікаваць біялагічныя субдысцыпліны на аснове іх улучанасці ў пэўны з чатырох асноўных кірункаў біялагічнага пазнання. Першы з іх звязаны з вывучэннем прасторава-часавай арганізацыі жывых істотаў (да яго належаць малекулярная біялогія, цыталогія, гісталогія і г.д.). Прадметам другога з’яўляецца антагенетычны цыкл (адпаведныя субдысцыпліны – эмбрыялогія, фізіялогія развіцця, геранталогія і інш.). У рамках трэцяга кірунку даследуюцца надарганізмавыя сістэмы (ён прадстаўлены экалогіяй, біяцэналогіяй, біягеаграфіяй і інш.). Чацвёрты кірунак мае справу з эвалюцыйным працэсам і прадстаўлены субдысцыплінамі эвалюцыйнай біялогіі [34, т.1, c.419-420].

Такім чынам, прыродазнаўства – гэта складанае сістэматычнае ўтварэнне, найважнейшымі кампанентамі якога (на ўзроўні навуковых дысцыплін) з’яўляюцца фізіка (разам з фізічнай касмалогіяй), хімія і біялогія. Фізіка – гэта навука, што вывучае матэрыю ў яе фундаментальных характарыстыках і найперш яе рух. Ужо з часу свайго ўзнікнення яна прэтэндавала на статус навукі-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання. У сувязі з гэтым паўстала фізікалісцкая метадалагічная стратэгія, якая нацэльвала на рэалізацыю ў навуцы ідэалу яе адзінства на аснове фізічных тэорый і той мовы, на якой яны сфармуляваныя. Фізіка інтэнсіўна ўзаемадзейнічае з іншымі галінамі чалавечага пазнання, што прыносіць плён і ёй самой, і іншым пазнавальным кірункам.

Шчыльнае ўзаемадзеянне звязвае фізіку з касмалогіяй, навукай, што даследуе ўзнікненне, развіццё, структуру і ўласцівасці Сусвету ў ягонай цэласнасці і ўпарадкаванасці. У выніку фундаментальных фізічных даследаванняў паўстаюць тэарэтычныя рамкі для аналізу касмалагічных праблем. Дзякуючы інтэнсіўнаму развіццю оптыкі ствараюцца эфектыўныя сродкі для вядзення назіранняў, якія ў сучасных умовах робяць магчымай эмпірычную праверку тэарэтычных пабудоў, што апісваюць гіганцкія касмічныя структуры. Касмалогія экстрапалюе грунтоўныя фізічныя тэорыі на Сусвет у цэлым. Разам з тым у пэўным сэнсе яна выступае як перадумова фізікі, бо грунтоўна важныя для разгортвання фізічных тэорый глабальныя ўяўленні пра прастору і час маюць, фактычна, касмалагічны характар. Унікальнасць аб’екта касмалагічных даследаванняў, аднак, цягне за сабой немагчымасць адкрыцця яго ўсеагульных характарыстык, яго законаў праз параўнальныя працэдуры і на падставе індуктыўных абагульненняў звычайнага характару. У сувязі з гэтай і з іншымі складанасцямі тэарэтычныя мадэлі у абсягу касмалогіі ў значна большай ступені, чым у іншых галінах навуковага пазнання, абцяжараныя гіпатэтычнасцю і няпэўнасцю.

Хімія як навука, прысвечаная заканамернасцям, што вызначаюць паводзіны, структуру і пераўтварэнні рэчываў, разглядае надзвычай шырокае кола феноменаў і працэсаў. Істотнае значэнне ў яе абсягу маюць адрозненні простага і складанага, яна вывучае ўзаемадзеянні простых рэчываў (хімічныя рэакцыі), у выніку якіх паўстаюць складаныя ўтварэнні, гэтаксама як і адваротныя працэсы. Важнай характарыстыкай хіміі з’яўляецца яе шчыльная сувязь з практыкай, што робіць яе ў значна большай ступені, чым іншыя навукі, уразлівай для грамадскай крытыкі самага рознага кшталту.

Што да біялогіі, дык яна ўяўляе сабой сістэму навук, якія вывучаюць законы жывой прыроды ва ўсіх яе праявах. Праблематыка, звязаная з паняццем жыцця, мае адмысловы статус у абсягу біялогічнага пазнання. Пры яго разглядзе біялогія так ці інакш узаемадзейнічае з філасофіяй. Да найважнейшых адметных характарыстык біялагічнай навукі належыць інтэнсіўны ўзаемаўплыў метаду і прадмета яе даследавання. Ужо на ўзроўні найпрасцейшых арганізмаў ці нават іх кампанентаў даследчык сутыкаецца з актыўнай рэакцыяй жывога на свае дзеянні, што патрабуе ад яго і ад ягонай метадалогіі гнуткасці, здольнасці адаптавацца да зменлівай даследчай сітуацыі. Таму біялагічнае даследаванне (і адкрыццё) уяўляе сабой “сустрэчу”, сутыкненне дзвюх жывых, дзейных сіл.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Паспрабуйце выявіць сувязь паміж згаданай у прадмове натуралістычнай філасофіяй і разгледжаным у дадзеным параграфе фізікалізмам.

2. Наколькі важным і істотным падаецца Вам пытанне пра навуку-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання? Калі Вы лічыце яго значным, дык якой з дысцыплін Вы аддалі б перавагу?

3. Як суадносяцца паміж сабой, на Вашу думку, касмалогія і астраномія?

4. Як і чаму адрозніваецца ўжыванне паняцця “элементарнае” ў фізіцы і хіміі?

5. Як растлумачыць той факт, што філосафы зважалі і зважаюць на хімію ў значна меншай ступені, чым на фізіку і біялогію?

6. Як Вы лічыце, наколькі абгрунтаванымі і справядлівымі з’яўляюцца згаданыя ў параграфе крытычныя пазіцыі ў дачыненні да хіміі?

7. Падумайце, у чым найбольш яскрава выяўляецца спецыфіка біялагічнага пазнання.

1.5. Прыродазнаўства і фармальныя навукі (логіка, матэматыка)

Логіка – гэта навука, якая даследуе структуру карэктных разважанняў, іх законы і правілы. Вядомы філосаф ХХ ст. Э.Фром (1900-1980) даводзіў пра яе грунтоўнае значэнне з культурнага і цывілізацыйнага пункту гледжання: у розных цывілізацыях дамінуюць розныя яе тыпы. Арыстоцелеўская логіка, якая грунтуецца на прынцыпе забароны супярэчнасці, замацавалася найперш у заходнім грамадстве (выключэнне тут складаюць Геракліт, Гегель і Маркс). У выніку паслядоўнага яе ўжываня заходняя цывілізацыя дасягнула істотных поспехаў у развіцці навукі і тэхнікі, сімвалам якіх Э.Фром лічыць атамную энергетыку. А вось для Усходу ўласцівы “парадаксальны” стыль мыслення, які кіруецца прынцыпам сінтэзу супярэчлівых палажэнняў і які абумоўлівае характэрны для ўсходняга грамадства дух талерантнасці [37, с.72-79].

На глыбокую ўзаемасувязь навукі з пагрунтаванай на арыстоцелеўскіх прынцыпах логікай указвалі і іншыя філосафы і навукоўцы (напрыклад, Г.В.Ф.Гегель (1770-1831), А.Пуанкарэ (1853-1912)). Такая пазіцыя з’яўляецца ў пэўнай ступені правамернай. Пры гэтым, аднак, трэба мець на ўвазе, што лагічны падмурак навукі мае складаны, комплексны, шматузроўневы і шматаспектны характар і ні ў якім разе не зводзіцца да класічнага двухзначнага злічэння.

Неабходна адзначыць, што логіка мае шчыльныя стасункі з метадалогіяй навуковага пазнання, бо ўсеагульная метадалогія якраз і займаецца пытаннем, “як лагічныя законы могуць знайсці карэктны ўжытак у практыцы навуковага мыслення” [21, c.4]. Акрамя таго, у сістэме навукі логіцы належыць роля своеасаблівага інтэлектуальнага ўзору ў плане арганізацыі ведаў. Яна мае таксама грунтоўнае значэнне ў кантэксце выспявання самога духу навуковай рацыянальнасці, самой атмасферы рацыянальнага пошуку. Дадзеная атмасфера, у якой здзяйсняюцца яе ўзаеміны з іншымі навукамі, з’яўляецца, безумоўна, надзвычай спрыяльнай для яе ўласнага развіцця. Гэта яскрава пацвярджаецца ўзнікненнем індуктыўнай логікі напачатку Новага часу, сімвалічнай (матэматычнай) логікі пры канцы ХІХ – напачатку ХХ стст., квантавай логікі (дачыненні якой з класічным сімвалічным злічэннем знаходзяцца, праўда, у эпіцэнтры вострых дыскусій [46, т.7, c.1783]) у другой траціне ХХ ст.

Узнікненне матэматычнай логікі з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем грунтоўнай унутранай блізкасці логікі і матэматыкі (як “фармальных” навук у супрацьлегласць “рэальным”). К.Ф.фон Вайцзэкер піша ў дадзенай сувязі, што “логіка – гэта матэматыка праўдзівасці і памылковасці” [88, c.121]. Матэматычныя веды, як і веды адносна законаў і правілаў карэктных разваг, выконваюць, безумоўна, фундаментальную, парадыгматычную, узорную функцыю ў сістэме навуковага пазнання (асабліва сучаснага). Нават на паўсядзённым узроўні матэматыка вельмі часта разглядаецца як здзейснены ідэал навуковасці і дакладнасці.

Аднак вызначыць яе натуру ў рамках класічнай дэфініцыі досыць няпроста. Справа ў тым, што і матэматыкі, і прадстаўнікі іншых галін ведаў па-рознаму адказваюць на пытанне пра яе існасць. Таму адрозніваюцца адно ад аднаго і адпаведныя азначэнні. Так, прадстаўнікі найбольш распаўсюджанага ў сучасных умовах фармалістычнага падыходу засяроджваюцца на структуры матэматычных ведаў, адцягваючыся ад яе канкрэтнага напаўнення. У згодзе са сваімі грунтоўнымі ідэямі яны вызначаюць матэматыку як навуку пра фармальныя сістэмы [40, c.206]. А вось у рамках лагіцызму матэматыка вызначаецца як “сістэма выказванняў пра грунтоўныя лагічныя паняцці” [88, c.119], бо яго прыхільнікі бачаць падмурак матэматычных ведаў у іх спецыфічным, адрозным ад звычайных эмпірычна дадзеных рэчаў прадмеце. І, нарэшце, навукоўцы, якія аддаюць перавагу інтуіцыянісцкім і канструктывісцкім ідэям, разглядаюць матэматыку “як натуральную функцыю інтэлекту” [40, c.209]. Яе прадметы выступаюць як інтэлектуальныя канструкцыі, стварэнне якіх мае сваім найглыбейшым грунтам інтуіцыю (напрыклад, “першаінтуіцыю лічэння, якая здзяйсняецца ў форме сузірання часу і з’яўляецца больш відавочнай, чым усякае моўнае ці лагічнае правіла” [88, c.120]).

У працэсе рэалізацыі згаданых праграм былі дасягнутыя істотныя даследчыя вынікі, але не было выпрацавана апошняе пераканаўчае абгрунтаванне матэматычных ведаў. У сучасных умовах увогуле выяўляецца скепсіс у дачыненні да слушнасці самой задачы такога абгрунтавання, выказваюцца сумненні, “ці правільна ставілася пытанне пры спробах выбудаваць усю матэматыку на аснове аднаго прынцыпу” [88, c.121].

Ужо ў Антычнасці матэматычныя веды атрымалі строгую дэдуктыўную форму. Найвышэйшыя дасягненні антычнай матэматыкі фігуруюць у навуковай культуры як “мадэлі фармальнага выкладу і дэдуктыўнай логікі ў дзеянні” [34, т.3, c.311]. І ўжо ў Антычнасці была здзейсненая досыць паспяховая спроба стварэння матэматычнага прыродазнаўства (александрыйская навука). У сярэднявечную эпоху мела месца скіраваная ў бок матэматызаванай навукі тэндэнцыя, якая на пэўным этапе (у наміналістычным кірунку схаластычнай думкі ХІІІ-ХІV cтст.) выявілася ў дастаткова выразнай форме. У сярэднявечнай ісламскай культуры згаданая тэндэнцыя надзвычай інтэнсіўна ўзмацнялася і разгарнулася, у падабенстве да Антычнасці, у адносна паспяховую спробу стварэння матэматычнага прыродазнаўства. Канчатковую перамогу ў навуковай культуры яна атрымала, аднак, у заходняй цывілізацыі напачатку Новага часу. У выніку паўстала навука, якая арыентавалася на матэматычныя метады апрацоўкі набытага найперш эксперыментальным шляхам эмпірычнага матэрыялу, якая пры фармулёўцы сваіх тэорый абавязкова звярталася да матэматычнай мовы, а адкрытыя ёю законы падавала як функцыянальныя матэматычныя залежнасці.

Найбольш шчыльныя ўзаеміны ў гэтым плане паўсталі, як вядома, паміж фізікай і матэматыкай, фізіцы належала роля безумоўнага лідара ў матэматызацыі прыродазнаўства. Гэта цалкам натуральна, бо фізіка вывучае грунтоўныя з’явы прыроды, прасторава-часавыя характарыстыкі якіх маюць непасрэднае дачыненне да выяўлення іх існасці. Згаданыя характарыстыкі з’яўляюцца колькаснымі і не могуць быць апісаныя ў навуковым, інтэрсуб’ектыўным плане[14] без звароту да матэматыкі і яе “дакладнай і эканамічнай мовы” [30, c.131]. Акрамя таго, матэматычныя аб’екты складаюцца з аднародных кампанентаў (адзінак лічэння, пунктаў) і таму ўяўляюць сабой тыпічныя ідэалізацыі. Сярод прыродазнаўчых дысцыплін у гэтым плане найбліжэй да матэматыкі стаіць менавіта фізіка: яна выводзіць вывучэнне рэчаіснасці на ўзровень элементарных часціц, дзе “выяўляюцца тыя рэальныя эфекты, якія фізік характарызуе як “страту індывідуальнасці на падставе неадметнасці”” [40, c.228].

У дадзенай сувязі паўстае, аднак, пытанне пра умовы магчымасці матэматызацыі фізікі (і прыродазнаўства ўвогуле). Справа ў тым, што матэматыка і фізіка грунтоўным чынам адрозніваюцца паміж сабой. Так, “матэматыкі даказваюць тэарэмы, у той час як фізікі задавальняюцца пацвярджэннем мадэляў праз сутыкненне сваіх тэарэтычных апісанняў з эксперыментам” [18, c.21]. Пры гэтым фізічныя мадэлі з’яўляюцца адносна абмежаванымі, яны маюць моц толькі ў дачыненні да пэўнага сегмента рэчаіснасці, а матэматычныя тэарэмы з поўным правам прэтэндуюць на ўніверсальны статус [18, c.21]. Акрамя таго, яшчэ Арыстоцель “адрозніваў фізічныя прадметы (рухомыя, існыя з саміх сябе) і матэматычныя (нерухомыя і няісныя з саміх сябе)” [34, т.3, c.318].

Тым не менш пры ўсёй рознасці згаданых галін ведаў ужытак матэматыкі ў сферы фізікі (і ў сферы прыродазнаўчых навук увогуле) выявіўся як надзвычай прадуктыўны (зрэшты, не толькі для прыродазнаўства, але і для самога матэматычнага пазнання). Магчымасць плённага ўжывання дасягненняў матэматыкі ў прыродазнаўчай сферы абумоўліваецца найперш здольнасцю фізікі (і іншых прыродазнаўчых навук) адаптаваць фармальныя выразы матэматычнай мовы да сваіх патрэбаў, надаваць ім новую якасць праз інтэрпрэтацыйныя працэдуры. Згаданая здольнасць грунтуецца на тым, што кожная з навук мае справу з сегментам рэчаіснасці, арганізаваным у прасторы і часе. Таму ў працэсе яго тэарэтычнага засваення пэўная навуковая дысцыпліна засвойвае і ягоную прасторава-часавую структуру. Адсюль вынікае, аднак, не толькі магчымасць, але і неабходнасць шырокага ўжывання матэматыкі ў навуковым пазнанні (найбольш моцна дадзеная неабходнасць адчуваецца, як паказана вышэй, у абсягу фізікі). З боку самой матэматыкі яе татальная прыдатнасць абумоўліваецца адзначанымі вышэй высокай ступенню абстрактнасці, ідэалізаванасці яе аб’ектаў і ўніверсальным, агульназначным статусам яе выказванняў.

Грунтоўнае значэнне ў кантэксце матэматызацыі навукі маюць істотным, неад’емным чынам прысутныя ў ёй метады абстрагавання і ідэалізацыі. Ідэальныя аб’екты навуковай тэорыі, якія паўстаюць праз фіксацыю ў эмпірычна дадзеных феноменах пэўных іх рысаў і адцягненне ад іншых, маюць – у падабенстве з аб’ектамі матэматыкі – устойлівы характар і таму могуць быць пададзеныя ў іх выглядзе [56, c.50-51][15] (так, у абсягу механікі, як піша В.С.Сцёпін, сістэма адліку можа быць прадстаўленая як сістэма каардынат, сіла – як вектар [14, с.31]). Уласцівасці згаданых аб’ектаў фіксуюцца пры гэтым у форме фізічных велічыняў, сувязі паміж якімі перадаюцца праз дачыненні велічыняў ва ўраўненнях [14, с.31]. Інтэрпрэтацыя ўраўненняў адбываецца праз змястоўныя апісанні, у якіх ідэальныя аб’екты абазначаюцца замацаванымі за імі тэрмінамі (“сіла”, “маса”, “поле” і да т. п.) [14, с.32].

Змястоўныя апісанні і матэматычны фармалізм шчыльна звязаныя паміж сабой і ўзаемна дапаўняюць адно аднаго. Іх адзінства не з’яўляецца, аднак, абсалютным, яно ўлучае ў сябе момант рознасці, захавання пэўнай адметнасці, незалежнасці. Яны выступаюць, такім чынам, як адносна самастойныя спосабы фармулёўкі навуковай тэорыі [14, с.32]. Адносная самастойнасць матэматычнага фармалізму і змястоўных апісанняў выяўляецца ў тым, што пэўная тэарэтычная канструкцыя можа быць сфармуляваная пры дапамозе розных матэматычных сродкаў і можа набыць розную ступень фармалізацыі (яскравы прыклад таму – гісторыя класічнай механікі, як гэта будзе паказана ніжэй (3.2)). Разам з тым пэўны матэматычны фармалізм можа быць звязаны з рознымі змястоўнымі інтэрпрэтацыямі. Так, “хоць Лорэнц і здолеў знайсці ўраўненні, практычна аналагічныя з ураўненнямі Эйнштэйна, яны тым не менш істотна адрозніваліся паміж сабой па сваім сэнсе” [70, c.67] (пра гэтыя адрозненні гаворка зноў-такі пойдзе ніжэй (4.2)).

Неабходна адзначыць, што і тэарэтыкі навуказнаўства, і дзейныя даследчыкі нярэдка ставілі перад сабой пытанне пра суадносіны матэматычнага фармалізму і яго змястоўнай інтэрпрэтацыі ў плане іх прыярытэтнасці адно перад адным у кантэксце фармулёўкі навуковых тэорый [6, с.8-9]. Пры гэтым нават навукоўцы з вельмі блізкімі светапогляднымі і метадалагічнымі арыенцірамі часам па-рознаму адказвалі на яго. Яскравы прыклад такой сітуацыі звязаны з поглядамі і даследчымі практыкамі Н.Бора і В.Гейзенберга. Вялікі дацкі навуковец лічыў, што грунтам фізічнага апісання рэчаіснасці з’яўляецца натуральная мова (у канчатковым выніку нават мова паўсядзённая) [34, т.2, c.848]. А вось яго сябар і паплечнік, ня менш вялікі нямецкі фізік аддаваў перавагу матэматычнаму фармалізму.

Сёння больш папулярнай з’яўляецца, мяркуючы па ўсім, пазіцыя В.Гейзенберга, якая, у дадатак да ўсяго, нярэдка набывае самую радыкальную форму. Сапраўды, шмат хто з сучасных даследчыкаў мяркуе, што “фізіка з’яўляецца незразумелай, г. зн. не можа быць пададзеная па-за межамі матэматычных разлікаў і незалежна ад матэматычнага фармалізму” [34, т.2, c.848]. У вачах іншых дзеячаў навукі і тэарэтыкаў навуказнаўства згаданы радыкалізм у матэматызацыі фізікі выглядае абмежаваным, аднабаковым і таму неадпаведным рэальнай практыцы навуковых даследаванняў (як піша акадэмік А.Б.Мігдал, “галоўнае ў фізіцы – не формулы, а іх інтэрпрэтацыя, разуменне” [6, с.9]).

Такім чынам, логіка ўплывае на развіццё навуковага пазнання (у тым ліку і прыродазнаўчага) праз свае шчыльныя стасункі з яго метадалогіяй. Згаданы ўплыў абумоўліваецца таксама і тым, што ёй належыць роля своеасаблівага інтэлектуальнага ўзору ў плане арганізацыі ведаў. Акрамя таго, яна мае таксама грунтоўнае значэнне ў кантэксце выспявання самога духу навуковай рацыянальнасці, самой атмасферы рацыянальнага пошуку, надзвычай важнай для ўзнікнення і плённага развіцця навукі. Аналагічная сітуацыя мае месца і ў выпадку шчыльна звязанай з логікай матэматыкі. У найвышэйшай ступені запатрабаванымі вынікі матэматычнага пазнання зрабіліся ў прыродазнаўстве сучаснага тыпу і асабліва ў фізіцы. Ужытак матэматыкі ў сферы прыродазнаўчых навук, які грунтаваўся на іх здольнасці адаптаваць універсальную матэматычную мову і агульназначныя матэматычныя аб’екты і структуры да сваіх патрэбаў, выявіўся як надзвычай прадуктыўны. Пры гэтым матэматычны фармалізм выступае на ўзроўні прыродазнаўчых тэорый у адносінах узаемадапаўнення са змястоўнай іх фармулёўкай (г. зн. сваёй змястоўнай інтэрпрэтацыяй).

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Паспрабуйце прывесці аргументы на карысць прыведзенага ў тэксце параграфа меркавання Э.Фрома пра грунтоўную ўзаемасувязь логікі арыстоцелеўскага тыпу і навукі.

2. Як Вы мяркуеце, ці існуе пэўная дынаміка ў плане ролі і значэння логікі і матэматыкі ў развіцці навукі? Калі так, дык як яна выглядае?

3. Ці падзяляеце Вы ўяўленне пра логіку і матэматыку як узор навуковасці і дакладнасці? Чаму?

4. Як лічыць Д.Параш’я, “усё большая кампактнасць матэматычнай мовы дае цяпер ужо магчымасць выявіць дакладным і субтыльным чынам несумненна маштабныя вынікі, што дазваляе нанова паставіць грунтоўныя метафізічныя пытанні ў такой плоскасці, дзе ёсць лепшыя, чым калі-небудзь, шанцы знайсці адказы на іх” [70, с.137]. Ці падзяляеце Вы аптымізм філосафа? Ці не перабольшвае ён экспрэсіўны патэнцыял матэматыкі?

5. Прааналізуйце наступную тэзу: “Тэарэтычную фізіку можна будаваць у падабенстве з матэматыкай і браць за зыходныя паняцці некаторыя найпрасцейшыя, ні да чаго нязводныя фізічныя паняцці, такія як прастора, час, энергія…” [4, c.99]. Ці згодныя Вы з яе аўтарамі? Адказ абгрунтуйце.

6. А.Б.Мігдал піша, што “прыгажосць фізікі выяўляецца з усёй паўнатой толькі з дапамогай матэматыкі” [6, с.8]. Што, на Вашу думку, з’явілася падставай для такой высновы навукоўца? Ці згодныя Вы з ёй?

1.6. Прыродазнаўства і тэхніка

У сферы паўсядзённага жыцця слова “тэхніка” ўжываецца досыць неадназначна. Мы выкарыстоўваем яго для абазначэння ўсялякага кшталту прыстасаванняў, якія дапамагаюць нам здзяйсняць нашы практычныя намеры. Абазначаем мы гэтым словам і сукупнасць прыёмаў, дзеянняў, працэдур, у якіх выяўляецца адметны бок пэўнага віду дзейнасці (калі гаворым, напрыклад, пра тэхніку малявання). Акрамя таго, яно ўжываецца (набываючы пры гэтым аксіялагічнае адценне) для характарысткі ступені ўмельства, узроўню валодання пэўнай дзейнасцю (гэта мае месца, напрыклад, калі гаворыцца пра тэхнічнага футбаліста, віртуозную тэхніку рашэння задач і да т. п.).

Разам з тым дадзенае слова трывала замацавалася і ў слоўніку асноўных філасофскіх паняццяў (а філасофія тэхнікі заняла належнае месца сярод філасофскіх дысцыплін). Яго ўзыходжанне ў высокую філасофскую сферу было падрыхтавана фактычна ў антычнай культуры, дзе ягоны тэрміналагічны папярэднік – “тэхнэ” – робіцца прадметам грунтоўнага тэарэтычнага аналізу ў прадстаўнікоў розных філасофскіх школ і кірункаў [46, т.10, c.941].

Ідэнтычная сітуацыя назіраецца і ў сучасных умовах. Пры гэтым, натуральна, у розных філасофскіх традыцыях і плынях распрацоўваюцца розныя версіі разумення і інтэрпрэтацыі феномена тэхнікі, яго месца і значэння ў культуры, яго гістарычных перспектыў. Тым не менш – пры ўсёй рознасці падыходаў і ацэнак – ніхто з сучасных тэарэтыкаў не адмаўляе грунтоўнай ролі тэхнікі (як складанай, разгалінаванай сістэмы, у якой увасабляецца інструментальны кампанент чалавечай дзейнасці) у грамадскім жыцці, асабліва адметнай у мадэрнавым грамадстве. Тэхніка займае ў ім надзвычай важнае месца, ператвараецца канчатковым выніку ў асноўны, дамінантны спосаб чалавечага існавання ў свеце, і таму яно цалкам правамерна было названа філосафамі тэхнагенным.

Наўрад ці хто будзе сумнявацца і ў факце тэхнічнага прагрэсу чалавецтва, які зрабіўся імклівым якраз у цывілізацыі сучаснага, тэхнагеннага тыпу. Ніхто не сумняваецца таксама ў тым, што грунтоўнае значэнне для яго інтэнсіфікацыі мае сталае ўзаемадзеянне тэхнікі і навукі, перадумовы для якога былі створаны рэнесансавай духоўнай рэвалюцыяй і сацыяльнымі рэвалюцыямі XVII-XVIII cтст. У папярэднія эпохі згаданае ўзаемадзеянне было досыць слабым. Таму даследчыкі адпаведнай праблематыкі робяць выснову, згодна з якой да Новага часу абедзве духоўныя формы ішлі раздзельнымі гістарычнымі шляхамі: звязаная найперш з рамеснай вытворчасцю тэхніка развівалася ва ўлонні інтуіцыі, выпадковага прасвятлення; адзначаная пячаткай сузіральнасці навука з пагардай ставілася да свайго магчымага тэхнічна-практычнага ўжывання [40, c.360].

Сітуацыя кардынальным чынам змянілася з узнікненнем буржуазнага грамадства, у якім тэхнічна-практычнае засваенне рэчаіснасці набывае новае, грунтоўнае значэнне. Яно ні ў якім разе не магло быць забяспечана ўжо бессістэмнай, пакінутай на волю лёсу вынаходніцкай дзейнасцю. Таму з усталяваннем эканамічнага і палітычнага панавання буржуазіі паўстала патрэба ў “метадычным даследаванні бязмежнага поля тэхнічных магчымасцяў”, а з ёй і патрэба ў шчыльным узаемадзеянні з навукай [48, c.1477]. Матэматызаваная, эксперыментальная навука, у сваю чаргу, змяшчае ў самой сваёй існасці неад’емны, грунтоўны тэхнічны аспект, які выяўляецца ўжо ў тым, што эксперыменты, вымярэнні і ў мностве выпадкаў назіранні немагчымыя без адпаведнай апаратуры.

У такіх умовах цалкам заканамерна з’явілася прысвечаная тэхніцы навука (за якой паступова замацавалася імя, якое вельмі пасуе ёй, – “тэхналогія”[16] [46, т.10, c.959-960]), якая разгарнулася затым у цэлую сістэму навуковых дысцыплін. Яны вывучаюць метады, змест, мэты і вынікі пэўных тэхнічных працэсаў. Усё большую цікавасць выклікае і даследаванне тэхнікі ўвогуле, бо праз складаны, комплексны характар яе ўзаемадзеяння з іншымі грамадскімі феноменамі і структурамі паўстае патрэба ва “ўсеагульнай тэхналогіі”, у навуковай распрацоўцы “аптымальных стратэгій тэхнічнай дзейнасці” [40, c.363].

Для таго каб тэрміналагічна зафіксаваць глыбокую ўзаемасувязь сучаснай навукі і тэхнікі ў 70-х гг. мінулага стагоддзя быў прапанаваны неалагізм “тэхнанавука”. Яго ўвёў у навуковы зварот бельгійскі філосаф Ж.Атаа, маючы на мэце падкрэсліць “аперацыянальную і тэхнічную натуру сучаснай навукі, уключаючы фундаментальныя даследаванні” [67, c.770]. Дадзены тэрмін, аднак, набыў уласнае, аўтаномнае, незалежнае ад намераў свайго стваральніка існаванне, а таму і новыя, непрадугледжаныя ім значэнні. Так, у постмадэрнісцкіх тэкстах ён пачаў ужывацца для абазначэння навукі, звязанай з буйным капіталам і ператворанай ім у неад’емны элемент “тэхнакапіталізму”, у сродак дамінавання, улады і кантролю [67, c.770]. Зрэшты, тэрмін “тэхнанавука” зусім не выпадкова атрымлівае ў дадзеным выпадку адмоўныя канатацыі: крытычнае стаўленне да грамадства ў цэлым патрабуе і крытычнага разгляду пэўных яго аспектаў, з’яў, працэсаў і тэндэнцый у ягоным развіцці.

Аднак ці варта разглядаць тэхнізацыю, інструменталізацыю, аперацыяналізацыю навукі (як і іншых бакоў грамадскага жыцця) толькі ў адмоўным святле? Відавочна, што ўзнікненне тэхнанавукі выступае як яскравае выяўленне і як заканамерны вынік практычнай арыентацыі навуковага пазнання сучаснага тыпу, якая паглыбляецца і ўзмацняецца з цягам часу. Дзякуючы згаданай арыентацыі яно самым істотным чынам паспрыяла і працягвае спрыяць грунтоўнаму паляпшэнню ўмоў, у якіх жыве і працуе чалавек, адкрываючы новыя магчымасці для творчага засваення ім сваёй сацыяльнай і прыроднай рэчаіснасці.

Тэхнанавуку нельга разглядаць, аднак, і як выключна станоўчы, беспраблемны феномен. Ідэя практычнага панавання чалавека над прыродай праз тэарэтычнае, навуковае засваенне яе законаў, якой належыць надзвычай важнае месца сярод духоўных вытокаў навукі сучаснага тыпу, выявілася ва ўмовах нарастання і паглыблення глабальных праблем як абмежаваная і не надта прадуктыўная. Чыста тэхнічны, інструментальны падыход да арганізацыі стасункаў чалавецтва з прыродай (ды і стасункаў унутры чалавецтва) не прыносіць і не можа прынесці жаданага выніку праз сваю аднабаковасць; і праз яе ён у рэшце рэшт цягне за сабой вострыя супярэчнасці, калізіі і канфлікты. У дадзенай сувязі відавочнай падаецца выснова, што тэхнізацыя навукі без яе гуманізацыі, гэтаксама як і прасякненне тэхнікі навукай без надання ёй гуманістычнага вымярэння, з’яўляецца небяспечнай і непрымальнай духоўнай стратэгіяй. Як указвалася вышэй (1.1), аднак, аснова для гуманізацыі (тэхна)навукі – гэта пераўтварэнне на гуманістычных прынцыпах усёй сістэмы грамадскіх дачыненняў. На пошукі шляхоў да яго і павінна быць найперш скіраваная духоўная энергія чалавецтва.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.007 сек.)