АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Біялогія 2 страница

Читайте также:
  1. I. Перевести текст. 1 страница
  2. I. Перевести текст. 10 страница
  3. I. Перевести текст. 11 страница
  4. I. Перевести текст. 2 страница
  5. I. Перевести текст. 3 страница
  6. I. Перевести текст. 4 страница
  7. I. Перевести текст. 5 страница
  8. I. Перевести текст. 6 страница
  9. I. Перевести текст. 7 страница
  10. I. Перевести текст. 8 страница
  11. I. Перевести текст. 9 страница
  12. Il pea.M em u ifJy uK/uu 1 страница

Такім чынам, у гісторыі чалавецтва назіраецца няспыннае развіццё тэхнікі як складанай, разгалінаванай сістэмы, у якой увасабляецца інструментальны кампанент чалавечай дзейнасці, і няўхільна павышаецца яе роля. Грунтоўнае значэнне для інтэнсіфікацыі тэхнічнага прагрэсу ў Новы і Найноўшы час мае сталае ўзаемадзеянне тэхнікі і навукі, перадумовы для якога былі створаныя рэнесансавай духоўнай рэвалюцыяй і сацыяльнымі рэвалюцыямі XVII-XVIII cтст. Згаданае ўзаемадзеянне грунтуецца на тым, што навука сучаснага тыпу – матэматызаваная, эксперыментальная – змяшчае ў самой сваёй існасці неад’емны, грунтоўны тэхнічны аспект, а сучасная тэхніка мае патрэбу ў навуцы, бо яе развіццё не можа быць ужо забяспечана бессістэмнай вынаходніцкай дзейнасцю. Аднак ні тэхнізацыя навукі, ні сапраўднае прасякненне ёю тэхнікі не могуць разглядацца выключна ў станоўчым святле. Вострыя супярэчнасці і праблемы, што характарызуюць сучасны стан узаемадачыненняў чалавека і прыроды, яскрава сведчаць пра неабходнасць надання гуманістычнага вымярэння ўзаемадзеянню навуковага і тэхнічнага сегментаў культуры.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Сучасны нямецкі філосаф Х.Заксэ вылучае ў працэсе паступальнага гістарычнага развіцця тэхнікі тры асноўныя этапы: этап спажывальнай тэхнікі, характэрнай для дагістарычнай эпохі, этап прадуктыўнай тэхнікі, уласцівай аграрнаму грамадству, і тэхніку, якую выклікала да жыцця індустрыяльная цывілізацыя [40, c.360]. Ахарактарызуйце ў агульным плане і ў плане ўзаемадзеяння навукі і тэхнікі кожны з гэтых этапаў. Як Вы мяркуеце, ці не слушна было б вылучыць у згаданым працэсе таксама этап постіндустрыяльнай тэхнікі? Калі так, дык паспрабуйце выявіць яго адметныя рысы.

2. Наколькі ўдалым Вам падаецца тэрмін “тэхнанавука”? Магчыма, Вы прапанавалі б іншы, які больш адэкватна перадаваў бы спецыфіку ўзаемадачыненняў навукі і тэхнікі ў сучасных умовах?

3. Як суадносяцца паміж сабой, на Вашу думку, тэрміны “тэхнанавука” і “тэхнічныя навукі”?

4. Якімі Вам бачацца шляхі гуманізацыі навукі, тэхнікі і іх узаемадзеяння?

1.7. Прыродазнаўства і гуманітарыстыка

Узнікненне і паспяховае развіццё прыродазнаўства сучаснага тыпу мела трывалы духоўны, культурны падмурак і са свайго боку надзвычай моцна паўплывала на культуру ў цэлым і асабліва на кагнітыўны (пазнавальны) яе сегмент. Першым духоўным феноменам, у якім яно арганічна і поўна ўвасобілася, была класічная механіка. Яе распрацоўка надзвычай пасавала да агульнакультурнага ландшафту ХVІІ-пач. XІХ стст., да настрою думак, ідэалаў і чаканняў, народжаных індустрыяльнай рэвалюцыяй. У такіх умовах згаданы тэарэтычны феномен зрабіўся своеасаблівым узорам навуковасці безадносна да прадметнага і праблемнага поля даследчай дзейнасці, а Н’ютан успрымаўся як новы прарок [75, c.27-28].

Дамінаванне прыродазнаўства (класічнай механікі) у сістэме навуковага пазнання ў Новы час знайшло сваё адлюстраванне і ў філасофіі. Як падкрэслівае Г.-Г.Гадамер, філасофскае асэнсаванне існасці пазнання і высвятленне пытання пра ўмовы праўдзівасці ведаў адбывалася і адбываецца найперш пад вырашальным уплывам прыродазнаўства, што паўстала як вынік навуковай рэвалюцыі XVII ст. [38, c.1]. Дадзеная сітуацыя шмат у чым была абумоўленая дзейнасцю асветнікаў (у першую чаргу Вальтэра [72, c.913]), якія надзвычай высока ацэньвалі н’ютанаўскую механіку і ўспрымалі яе як прыродазнаўчы падмурак сваіх філасофскіх канцэпцый.

Тым не менш панаванне прыродазнаўчых пазнавальных стандартаў у навуковай культуры не было татальным нават у перыяд “трыўмфальнага шэсця” н’ютанаўскай механікі. У пэўных выпадках назіралася памкненне актуалізаваць і сцвердзіць ідэал гуманітарных ведаў, што сягае сваімі каранямі ў антычную эпоху, як неабходнае дапаўненне прыродазнаўчага падыходу. Яскравым прыкладам супраціўлення дыктату ўласцівых для прыродазнаўства сучаснага тыпу прынцыпаў, арыентацый і норм пазнавальнай дзейнасці ў гэты час з’яўляецца творчасць Д.Віка (1668-1744) з характэрнай для яе артыкуляцыяй “памяці”, “фантазіі”, “усеагульнага здаровага сэнсу” як неабходных у пэўным сегменце культурнага жыцця і пазнання альтэрнатыў угрунтаванаму ў прыродазнаўчых навуках тыпу рацыянальнасці [45, c.184].

Увогуле, як мяркуюць гісторыкі навукі, у ХVIII ст. былі зробленыя вырашальныя крокі ў падрыхтоўцы вылучэння гуманітарыстыкі ў адносна самастойны элемент навуковага пазнання. Напачатку ХІХ ст. працэс згаданага вылучэння сталее, разгортваецца, набірае моц: узнікаюць самастойныя гуманітарныя даследчыя кірункі і традыцыі [40, c.416]. У сувязі з гэтым цалкам натуральна паўстала патрэба ў вывучэнні і раскрыцці існасці ўзаемадачыненняў гуманітарных навук і прыродазнаўства. Разам з ёй выразна акрэслілася – надзвычай важная ў кантэксце разумення характару як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага пазнання – задача высвятлення іх узаемнай спецыфікі, іх адметнасці.

Адпаведная праблематыка была ўспрынятая як грунтоўная і ў найвышэйшай ступені перспектыўная найперш нямецкім філосафам В.Дзільтэем (1833-1911). В.Дзільтэй імкнуўся разглядаць яе менавіта з пункту гледжання гуманітарыстыкі, кіруючыся ідэалам чалавека як цэласнай у сваёй рознабаковасці істоты – адоранай не толькі розумам з яго лагічнымі аперацыямі і схемамі, але і жаданнямі, воляй, пачуццямі [45, c.361-362]. Філосаф быў перакананы, што праявы і вынікі творчай дзейнасці людзей, разгортвання іх узаемных стасункаў, іх гістарычнага развіцця могуць плённа вывучацца толькі на аснове адмысловай пазнавальнай стратэгіі.

В.Дзільтэй таксама ні на ёту не сумняваўся ў тым, што згаданая стратэгія павінна адрознівацца кардынальным чынам ад сістэмы характэрных для прыродазнаўства метадалагічных ідэалаў, арыенціраў і прынцыпаў. Прыродазнаўчыя навукі выяўляюць уласцівыя прыроднай рэчаіснасці каўзальныя сувязі, фармулююць законы, на якіх яны грунтуюцца і, значыцца, тлумачаць яе. Пагрунтаванае на тэарэтычным валоданні законамі рэчаіснага свету тлумачэнне не можа быць, аднак, плённым у абсягу гуманітарыстыкі, бо гістарычныя падзеі, мастацкія творы ці чалавечыя ўчынкі не могуць быць зведзеныя да законаў, да ўсеагульных і неабходных прычынна-выніковых сувязяў. Таму іх нельга растлумачыць, іх можна толькі зразумець. У якасці гістарычнага падмурку для такога падыходу фігуравала герменеўтычная духоўная традыцыя, кагнітыўныя працэдуры ў рамках якой грунтуюцца менавіта на прынцыпах, ідэалах і мэтах інтэрпрэтацыі і разумення.

Паводле Дзільтэя, разуменне як эфектыўная пазнавальная стратэгія магчымая таму, што ў духоўнай рэчаіснасці, у яе фактах выяўляюцца пэўныя працэсы, аспекты, нюансы ўнутранага духоўнага жыцця індывідаў, пэўныя іх перажыванні. Пры гэтым надзвычай важна, што паміж згаданымі фактамі і іх унутранай духоўнай падставай захоўваецца жывая сувязь. Дзякуючы ёй кожны, хто імкнецца зразумець іх, можа дасягнуць такога разумення праз паўтарэнне звязанага з імі перажывання. Для яго, аднак, дадзенае перажыванне выступае як новае, здольнае пашырыць ягоны духоўны далягляд, што абумоўлівае грунтоўны пазнавальны патэнцыял адпаведных практык.

Гэта з усёй відавочнасцю паказвае, што ў гуманітарным пазнанні ўнутраны свет яго суб’екта павінен быць задзейнічаны напоўніцу, што суб’ектыўная зацікаўленасць, суб’ектыўны ўдзел у прадмеце пазнання выступае як у найвышэйшай ступені запатрабаваны. Іншая рэч – прыродазнаўства, дзе суб’ектыўнае разглядаецца як persona non grata у кагнітыўным працэсе. На навуковым узроўні, у абсягу розных гуманітарных дысцыплін задзейнічаныя, безумоўна, больш складаныя, чым разгледжаная вышэй, герменеўтычныя працэдуры. Дзільтэй меркаваў, аднак, што больш складаныя тыпы разумення грунтуюцца на гэтай простай яго форме і ў канчатковым выніку зводзяцца да яе [41, c.103-104].

Праблема спецыфікі гуманітарнага пазнання і яго размежавання з прыродазнаўчымі навукамі хвалявала ў гэты час таксама філосафаў, якія належалі да т. зв. паўднёва-заходняй (бадэнскай) школы неакантыянства. У выніку адпаведных даследаванняў найбольш вядомы з яе прадстаўнікоў В.Віндэльбанд (1848-1915) прыйшоў да высновы, згодна з якой гуманітарныя навукі маюць ідыяграфічны [17] (ад старажытнагр. ἴδιος – уласны, своеасаблівы і γράφειν – пісаць, апісваць) характар: яны засярджваюцца на непаўторным, індывідуальным, адмысловым. А вось прыродазнаўства характарызуецца як наматэтычны [18] (ад старажытнагр. νομοθέτειν – выдаваць законы, прадпісваць) тып ведаў: яно арыентуецца на выяўленне заканамернага, усеагульнага, універсальнага. Акрамя таго, як сцвярджалі выбітныя прадстаўнікі дадзенага філасофскага кірунку, у абсягу гуманітарнага пазнання (у адрозненне ад прыродазнаўчага) грунтоўнае значэнне мае каштоўнасны аспект: індывідуальнае, асаблівае можа быць вылучана як прадмет навуковага апісання толькі на аснове каштоўнаснага крытэрыю (у іншым выпадку выбар даследчыка будзе мець чыста адвольны характар) [41, c.489].

Неабходна адзначыць, што на грунце выказанай найперш В.Дзільтэем ідэі метадалагічнай самастойнасці гуманітарных навук паўстала надзвычай уплывовая філасофская традыцыя. Разам з тым на яе адрас гучала і гучыць сур’ёзная крытыка: пазітывісцкі ідэал адзінства навуковых стандартаў, пагрунтаванага на нормах і прынцыпах матэматычнага прыродазнаўства, таксама захоўвае сваю прыцягальную сілу. Прыхільнікі гэтага пункту гледжання бачаць у герменеўтыцы “псеўдаметадалогію недакладнай, адсталай, аддадзенай у палон самавольству і спекуляцыі навуковасці, якая павінна быць замененая лагічна-матэматычнай фармалізацыяй, для таго каб т. зв. навукі пра дух (Geisteswissenschaften) узняліся да ўзроўню сур’ёзнай навукі” [40, c.127]. У кантэксце распрацоўкі адзінага, універсальнага ідэалу навуковасці паўстае, аднак, і супрацьлеглая тэндэнцыя – тэндэнцыя, якая характарызуецца памкненнем пагрунтаваць згаданы ідэал якраз на герменеўтычнай метадалогіі. Такая пазіцыя аргументуецца тым, што пытанні, датычныя асноў навук (у тым ліку і матэматызаванага прыродазнаўства) маюць якраз спекулятыўны, недаступны матэматычнай фармалізацыі характар [40, c.127].

Той факт, што ў сучасных умовах назіраюцца працэсы, якія сведчаць пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарных і прыродазнаўчых навук, можа разглядацца, натуральна, як важкі аргумент на карысць ідэі адзінства навукі і яе пазнавальных стандартаў. (Гэтаму збліжэнню самым істотным чынам спрыяе, сярод іншага, адзначаная вышэй (1.3) скіраванасць сучаснага прыродазнаўства на распрацоўку сістэмнага бачання прыроды, у рамках якога паўстае новы яе вобраз, блізкі да духоўнага свету чалавека і чалавецтва. Яно абумоўліваецца таксама тым, што асаблівае значэнне ў сучаснай навуцы набывае вывучэнне звышскладаных сістэм, у якія ўключаны сам чалавек. У сувязі з гэтым “трансфармуецца ідэал каштоўнасна нейтральнага даследавання” і ў найвышэйшай ступені значнымі робяцца гуманістыныя нормы і прынцыпы [15, c.631].)

Ва ўсіх выпадках, аднак, наўрад ці правамерна і слушна інтэрпрэтаваць згаданае адзінства так, нібыта яно скасоўвае, сцірае ўсе ўнутрынавуковыя адрозненні і можа фігураваць як падстава для ўніфікацыі навуковых ведаў на той ці іншай метадалагічнай аснове. Яно павінна трактавацца хутчэй як дыялектычнае, канкрэтнае, аплодненае ўнутранай рознасцю і разнастайнасцю. У такім выпадку аддаецца належнае спецыфіцы розных тыпаў ведаў, а таму і адкрываецца магчымасць для іх узаемнага ўзбагачэння праз шчыльнае ўзаемадзеянне, праз раўнапраўны дыялог.

Такім чынам, напачатку Новага часу класічная механіка фігуравала як своеасаблівы узор навуковасці безадносна да прадметнага і праблемнага поля даследчай дзейнасці. Тым не менш панаванне прыродазнаўчых пазнавальных стандартаў у навуковай культуры не было татальным нават у перыяд “трыўмфальнага шэсця” н’ютанаўскай фізікі. У пэўных выпадках (напрыклад, у творчасці Д.Віка) назіралася памкненне актуалізаваць і сцвердзіць ідэал гуманітарных ведаў, што сягае сваімі каранямі ў антычную эпоху, як неабходнае дапаўненне прыродазнаўчага падыходу. У ХVIII ст. былі зроблены вырашальныя крокі ў падрыхтоўцы вылучэння гуманітарыстыкі ў адносна самастойны элемент навуковага пазнання, якое напачатку ХІХ ст. сталее, разгортваецца, набірае моц, так што ўзнікаюць самастойныя гуманітарныя даследчыя кірункі і традыцыі.

У сувязі з гэтым выразна акрэслілася – надзвычай важная ў кантэксце разумення існасці як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага пазнання – задача высвятлення іх узаемнай спецыфікі, іх адметнасці. У кантэксце яе вырашэння ў якасці адметнай характарыстыкі гуманітарыстыкі прапаноўвалася разглядаць наяўнасць у ёй такой пазнавальнай стратэгіі як разуменне, што выступае як паўтарэнне перажыванняў, звязаных з чалавечым быццём у свеце, з адпаведнымі падзеямі і працэсамі. У супрацьлегласць гэтаму пазнавальная стратэгія прыродазнаўства характарызавалася як пагрунтаванае на валоданні законамі рэчаіснасці тлумачэнне. Акрамя таго, указвалася на ідыяграфічны (звязаны з апісаннем непаўторнага, адметнага) характар гуманітарных навук, у той час як прыродазнаўства падавалася як наматэтычны (звязаны з заканамерным, усеагульным) тып ведаў.

У сучасных умовах назіраюцца працэсы, якія сведчаць пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Яго нельга разглядаць, аднак, як здольнае скасаваць усе ўнутрынавуковыя адрозненні і выступіць у якасці падставы для ўніфікацыі навуковых ведаў на той ці іншай метадалагічнай аснове. Адзінства навукі павінна трактавацца хутчэй як дыялектычнае, канкрэтнае, аплодненае ўнутранымі адрозненнямі.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якой з пазіцый у пытанні пра пазнавальныя стандарты ў навуковым пазнанні Вы аддаеце перавагу? Чаму?

2. Наколькі правамерна, з Вашага пункту гледжання, строга, рэстрыктыўна абмяжоўваць сферу магчымага ўжытку тлумачэння як пазнавальнай стратэгіі прыродазнаўчымі навукамі, а разумення – гуманітарнымі?

3. Якая філасофска-метадалагічная праграма (пазітывісцкая, герменеўтычная, неакантыянская і інш.) з’яўлецца, на Ваш погляд, найбольш спрыяльнай для эфектыўнага і плённага ўзаемадзеяння гуманітарыстыкі і прыродазнаўства?

4. У тэксце параграфа гаворыцца пра ўзаемнае збліжэнне гуманітарыстыкі і прыродазнаўства ў сучасных умовах. Пастарайцеся знайсці факты, што пацвярджаюць наяўнасць такой тэндэнцыі. Падумайце пра найбольш важныя яе прычыны.

5. Як, на Вашу думку, будуць развівацца ўзаемадачыненні гуманітарных і прыродазнаўчых навук у бліжэйшай будучыні? У больш аддаленай гістарычнай перспектыве? Паспрабуйце спраектаваць найбольш эфектыўную мадэль гэтага развіцця.

2.ГІСТАРЫЧНАЕ СТАНАЎЛЕННЕ ПРЫРОДАЗНАЎСТВА СУЧАСНАГА ТЫПУ

2.1. Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы

Стварэнне прыродазнаўства сучаснага тыпу належыць да вялікіх дасягненняў чалавечага духа, гэта вынік інтэнсіўнай творчай працы ўсяго чалавецтва (вынік, які ў сваю чаргу разгортваецца ў працэс, працэс новых і новых пошукаў). Дадзены вынік быў (і мог быць) дасягнуты толькі ў пэўных умовах – калі на арэну гістарычнай творчасці выйшла дзейная, дынамічная асоба, якая прагнула эфектыўнасці, паспяховасці кожнага свайго дзеяння і таму мела вострую патрэбу ў неабходных для гэтага ведах пра характар і сутнасць рэальных з’яў і працэсаў. Згаданая патрэба і спарадзіла навуку (і найперш прыродазнаўства), якая абапіралася на эксперыменты і назіранні і апрацоўвала назапашаны такім чынам фактычны матэрыял пры дапамозе вытанчанага матэматычнага інструментарыя.

Прыведзеныя вышэй палажэнні грунтуюцца на пэўным бачанні гістарычнай дынамікі навукі, якое не з’яўляецца агульнапрынятым і бясспрэчным. Пры гэтым аспрэчваецца асноўны момант гэтага бачання – уяўленне пра гісторыю навукі як прагрэсіўнае ў канчатковым выніку развіццё, якое – дзякуючы адзінству духоўнай стыхіі, дзе яно здзяйсняецца, – мае ўнутрана звязны, кагерэнтны характар. У другой палове ХХ ст. дадзенае ўяўленне робіцца прадметам рэзкіх атак такіх філосафаў, як Т.Кун, П.Феерабенд і іх прыхільнікаў. Гэтыя тэарэтыкі ўказваюць на прынцыповую несувымеральнасць навуковых тэорый, якія змяняюць адна адну, так што ацаніць, якая з іх лепшая, якая горшая, – проста немагчыма.

Каб адэкватна перадаць дыскрэтнасць, унутраную разарванасць гісторыі навукі, Т.Кун выкарыстоўвае ўспрынятае ім ад Л.Вітгенштэйна і пераасэнсаванае адпаведным чынам паняцце парадыгмы – узорнай навуковай тэорыі, вакол якой групуецца навуковая супольнасць[19]. Парадыгматычная тэорыя задае стандарты ў плане фармулявання і рашэння навуковых праблем, якія падзяляюцца, на думку Т.Куна, паводле ступені іх складанасці на цяжкавырашальныя ў межах пэўнай парадыгмы і таму небяспечныя для яе (анамаліі – anomalies) і на канформныя з яе існасцю, а таму адносна больш простыя і бяскрыўдныя ў яе кантэксце (праблемы-галаваломкі – puzzles). На першапачатковым этапе свайго існавання (згодна з тэміналогіяй Т.Куна – этап “нармальнай навукі”) парадыгма раскрывае ўласцівы ёй тлумачальны патэнцыял, гартуе і ўдасканальвае сябе праз вырашэнне адэкватных яе характару праблем. Разам з тым у працэсе навуковага пошуку ўзнікаюць і анамаліі. У выніку іх назапашвання, якое суправаджаецца з’яўленнем новых, маладых творчых сіл у навуцы, i ва ўмовах кардынальных зменаў у сацыякультурным кантэксце, складваецца сітуацыя, якая стымулюе распрацоўку альтэрнатыўных старой парадыгме тэорый. У рамках гэтай – крызіснай – пазнавальнай сітуацыі адбываецца змаганне за статус дзейнай парадыгмы паміж яго ўладальніцай і найбольш актыўнай, агрэсіўнай і жыццяздольнай сярод яе канкурэтак. Зыход дадзенага змагання вызначаецца не тым, якая з тэорый найлепш стасуецца з рэчаіснасцю, з’яўляецца больш праўдзівай, а хутчэй пазанавуковымі фактарамі (жаданнем маладых, амбітных даследчыкаў здзейсніць сябе ў навуцы, недасягальнае пры панаванні старой, усталяванай, распрацаванай у сваіх асноўных аспектах тэорыі, эстэтычнымі момантамі і да т.п.). Т.Кун лічыць, што рацыянальная дыскусія паміж прыхільнікамі розных парадыгмаў немагчымая: яны па-рознаму бачаць свет і размаўляюць на розных навуковых мовах. У тых выпадках, калі новая тэорыя перамагае, калі менавіта вакол яе пачынае групавацца навуковая супольнасць, адбываецца навуковая рэвалюцыя: навуковы пошук разгортваецца на новай аснове, ён атрымлівае новыя арыенціры, кіруецца новымі стандартамі і г. д.

Неабходна адзначыць, што прапанаваная Т.Кунам канцэпцыя гістарычнай дынамікі навукі выклікала хвалю крытыкі, яго абвінавачвалі ў ірацыяналізме, у шматзначнасці, невыразнасці асноўных паняццяў, у схематызме. Разам з тым, пераасэнсаванае і перапрацаванае ім паняцце парадыгмы набыло надзвычайную папулярнасць, што па сутнасці з’яўляецца вынікам усведамлення філосафамі і дзеячамі навукі грунтоўнай важнасці метатэарэтычнага ўзроўню навуковага пазнання.

Пад уплывам крытыкі, якую выклікала ягоная канцэпцыя Т.Кун зрабіў пэўныя спрбы яе мадыфікацыі. У галоўным, аднак, – у поглядзе на гісторыю навукі як на дыскрэтны па сутнасці працэс – ён настойваў на правамернасці сваёй пазіцыі. Гэтай пазіцыі трэба, безумоўна, аддаць належнае: шмат у чым правакацыйная, яна спрыяла разгортванню навуковых дыскусій па праблематыцы, звязанай з гістарычным развіццём навукі. Яна выявіла таксама істотныя праблемы, схаваныя за знешняй самавідавочнасцю навуковага прагрэсу. І сапраўды, паводле якіх крытэрыяў можна вызначыць, што новая тэорыя мае істотныя перавагі перад сваёй папярэдніцай, так што з ёй звязаны крок наперад у пазнанні свету? Акрамя таго, у канцэпцыі Т.Куна ў новым святле паўстае праблема навуковай рэвалюцыі, якая мае істотнае значэнне для разумення сутнасці і характару гістарычнай дынамікі навукі.

Аднак прапанаваныя ім рашэнні тых праблем, што ён узнімае ў працэсе сваіх пошукаў, у шмат якіх выпадках падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Так, эмпірычны матэрыял з гісторыі навуковага пазнання сведчыць супраць наяўнай у яго поглядах абсалютызацыі моманту дыскрэтнасці, уласцівага гістарычнай дынаміцы навукі. Уважлівае вывучэнне працэсу разгортвання і дасканалення парадыгматычных тэорый паказвае, што ў яго рамках узнікае зародак ці, прынамсі, паўстаюць пэўныя нюансы, моманты, аспекты новых грунтоўных тэарэтычных утварэнняў. Прапанаваная ірландскім навукоўцам У.Гамільтанам (1805-1865) версія класічнай механікі, напрыклад, была дастасаваная да тэорыі электрычнасці і магнетызму, а таксама знайшла ўжытак (у абагульненым выглядзе) у квантавай механіцы [75, c.70]. Тэарэтычная апрацоўка гэтай апошняй Р.Фейнманам выступае як падрыхтоўка квантавай электрадынамікі [14, с.36-37], якая ў сваю чаргу паслужыла ўзорам для іншых тэорый поля (гл.4.8).

Акрамя таго, у парадыгматычнай тэорыі могуць адпачаткова існаваць шанцы і магчымасці для раскрыцця глыбокіх і грунтоўных таямніц прыроды, якія застаюцца ў ёй незаўважанымі і невыкарыстанымі. У класічнай механіцы, напрыклад, невыкарыстанымі засталіся магчымасці для плённага разгортвання навуковай думкі, якія несла ў сабе выяўленае Г.Галілеем супадзенне інертнай і гравітацыйнай мас. Справа ў тым, што ў класічнай фізіцы яно разглядалася як выпадковае. А вось А.Эйнштэйн, не пагадзіўшыся з гэтым, дапусціў, што тоеснасць дзвюх мас мае істотны характар і што яна можа задаць перспектыўны кірунак навуковых пошукаў. Ён сапраўды выявіўся як надзвычай плённы і належаў да найважнейшых крыніц распрацоўкі ўсеагульнай тэорыі адноснасці [30, c.36].

Але гэтыя і падобныя да іх факты зусім не азначаюць, што гісторыя навукі выступае як паступовае і бесперапыннае прырашчэнне ведаў, іх нельга трактаваць як падставу, дастатковую для адмаўлення феномена навуковай рэвалюцыі. Яны азначаюць толькі, што дадзены феномен нельга разглядаць як незваротны скачок праз бездань, бо нават у выпадку самай радыкальнай перабудовы асноў навуковага пазнання застаецца месца для моманту ўнутранай сувязі, сувымеранасці, пераемнасці.

Нельга пагадзіцца і з такім аргументам на карысць згаданага адмаўлення, паводле якога гаварыць пра навуковую рэвалюцыю бессэнсоўна, паколькі адбываецца перманентная інтэнсіфікацыя навуковага пазнання. Згаданая інтэнсіфікацыя можа мець розную магутнасць, розную ступень глыбіні і радыкальнасці. Навуковая рэвалюцыя з’яўляецца найбольш моцнай яе формай. Праўда, і ў дачыненні да яе можна выявіць у гэтым плане пэўную градацыю. Так, В.С.Сцёпін піша, што навуковая рэвалюцыя можа закранаць толькі аб’ектыўны бок навуковага пазнання, толькі навуковую карціну свету, як гэта мела месца пры пераходзе ад класічнай механікі да класічнай электрадынамікі. Разам з тым яна можа выяўляцца ў перабудове як карціны свету, так і ідэалаў навуковага даследавання, прыкладам чаго служыць узнікненне квантава-рэлятывісцкай фізікі [85, c.707-708].

Неабходна адзначыць, што канцэпцыя Т.Куна паспрыяла тэматызацыі ў навуковых даследаваннях і дыскусіях праблемы суадносінаў пазнавальных крызісаў і рэвалюцыйных пераўтварэнняў навуковых ведаў. Яго цэнтральная тэза ў дадзеным кантэксце, паводле якой крызісныя сітуацыі з’яўляюцца неабходнай перадумовай навуковых рэвалюцый і павінны папярэднічаць ім [57, c.67-68], не знаходзіць эмпірычнага пацвярджэння: гістарычныя даследаванні выяўляюць тут “занадта шмат выключэнняў” [24, c.XVI]. В.С.Сцёпін указвае ў сувязі з гэтым на магчымасць радыкальнай перабудовы асноў навуковых ведаў праз “прышчэпку” парадыгматычных палажэнняў адной навукі ў іншую, што робіць наяўнасць папярэдняй крызіснай пазнавальнай сітуацыі зусім неабавязковай [15, с.12].

З пазіцыяй Т.Куна можна, аднак, пагадзіцца ў тым плане, што пазнавальныя крызісы ствараюць надзвычай спрыяльныя ўмовы для навуковых рэвалюцый, паколькі крызісныя варункі не дазваляюць навуковай думцы заспакоіцца, стымулююць творчы навуковы пошук. Узнікненне крызісных пазнавальных сітуацый звязана з тым, што ў складзе наяўных ведаў паўстаюць парадоксы – грунтоўныя супярэчнасці, якія падаюцца невырашальнымі на аснове тых стандартаў і норм, што дамінуюць на дадзены момант у навуковым пазнанні (іх можна ідэнтыфікаваць як анамаліі, калі выкарыстоўваць слоўнік Т.Куна). В.С.Сцёпін лічыць, што такія супярэчнасці выклікаюцца з’яўленнем у полі зроку даследчыкаў новых аб’ектаў, новых іх тыпаў, якія не ўпісваюцца ў наяўныя пазнавальныя структуры і “патрабуюць новага спосабу бачання рэальнасці ў параўнанні з папярэдняй карцінай свету” [85, c.707]. У гэтым уцягненні новых, усё больш складаных аб’ектаў у сферу навуковага пошуку і ў адпаведным ускладненні навуковай праблематыкі можна таксама выявіць крытэрыяльную функцыю ў плане ідэнтыфікацыі, ацэнкі і параўнання навуковых тэорый дзеля вырашэння праблемы наяўнасці ці адсутнасці прагрэсу ў навуцы.

Прагрэсіўны характар гістарычнай дынамікі навукі дэтэктуецца таксама тым момантам, што ў працэсе разгортвання навуковага пошуку мае месца перапрацоўка і асіміляцыя папярэдніх ведаў у складзе новых. У дадзенай сувязі можна спаслацца на адзначаную вышэй заканамернасць ва ўзаемадачыненнях парадыгматычных тэорый, згодна з якой дасканаленне пэўнай парадыгмы суправаджаецца ўзнікненнем элементаў і аспектаў новай грунтоўнай тэорыі. Існуюць, аднак, і іншыя шляхі згаданай асіміляцыі. Так, у рамках навукі сучаснага тыпу, якая ўзнікла ў выніку навуковай рэвалюцыі напачатку Новага часу, “увесь ансамбль ідэй і канцэптаў, што з’явіліся да гэтага ў абсягу розных сістэм і спосабаў мыслення – такіх, як сярэднявечны канцэпт “імпэтус”, – не толькі здолеў абсарбавацца ў новую структуру, але і выявіў значна большую эфектыўнасць (напрыклад, у той форме, у якой Тарычэлі трансфармаваў гэты канцэпт у нешта падобнае да канцэпту імпульсу)”[20] [58, c.85]. А вось такія дасягненні александрыйскай навуковай традыцыі, як тэорыя вагара ці тэорыя плавання целаў “былі дастаткова проста інкарпараваныя” ў склад новай сістэмы ведаў [58, c.85].

Што да развіцця сучаснага прыродазнаўства, дык яго аналіз дазволіў зрабіць выснову, згодна з якой пры ўзнікненні новых тэорый выразна акрэсліваецца сфера ўжывання для іх папярэдніц і яны атрымліваюць статус прыватнага выпадку сваіх паспяховых інавацыйных канкурэнтак (гэты момант фіксуецца ў прынцыпе адпаведнасці, сфармуляваным Н.Борам у 1923 г. у кантэксце суадносінаў квантавай і класічнай механікі). Новая тэорыя выступае ў такіх варунках як больш змястоўная і інфарматыўная, яна выяўляе большы тлумачальны патэнцыял, чым папярэдняя.

У дачыненні да сучаснай навукі ў якасці дадатковага крытэрыю яе прагрэсу можа служыць таксама развіццё тэхнікі, распрацоўка ўсё больш эфектыўных тэхналогій, бо гэтыя сферы шчыльна звязаныя паміж сабой. Некаторыя філосафы аспрэчваюць, праўда, такую магчымасць, паколькі іх сувязь падаецца ім недастаткова адназначнай, каб забяспечыць крытэрыяльныя функцыі тэхнічнага прагрэсу ў дачыненні да прагрэсу навуковага [66, c. 131-132]. Мяркуючы па ўсім, ён сапраўды не можа выконваць тут ролю асноўнага і непасрэднага крытэрыю, але яго цалкам правамерна разглядаць як дадатковы сродак ідэнтыфікацыі прагрэсіўнага развіцця навукі (асабліва ў сучасных умовах, якія далі падставу для распрацоўкі ідэі тэхнанавукі).

Варта адзначыць, што здольнасць навуковага пазнання да прагрэсіўнага развіцця ў немалой ступені абумоўліваецца той яго характарыстыкай, якую выразна выявіў К.Попер у сваёй крытычна-рацыяналістычнай філасофіі. Яе сутнасць – у тым, што “навуковыя тэорыі адрозніваюцца ад міфаў толькі іх даступнасцю крытыцы і адкрытасцю да мадыфікацый у святле гэтай крытыкі” [74, c.7]. Згодна з гэтым аспектам іх натуры навуковыя веды павінны ўвесь час праходзіць самую жорсткую і непрадузятую праверку на іх адпаведнасць рэальнаму стану рэчаў (а таксама крытэрыям прастаты апісання, інфарматыўнасці і г. д).

Такім чынам, гістарычная дынаміка навукі мае складаны, супярэчлівы характар: у ёй спалучаюцца момант бесперапыннасці, апасродкаванасці кожнага наступнага стану навуковага пазнання яго папярэднім станам і момант дыскрэтнасці, звязаны з радыкальнымі пераўтварэннямі навуковых ведаў, іх асноў, якія адбываюцца ў рэвалюцыйныя перыяды іх развіцця. Згаданае развіццё мае ў канчатковым выніку прагрэсіўны характар. У якасці крытэрыяў прагрэсу навуковага пазнання могуць служыць ускладненне навуковай праблематыкі, асіміляцыя дасягнутых на папярэдніх этапах ведаў у складзе новых, больш багатых і змястоўных (у кантэксце гістарычнага развіцця сучаснага прыродазнаўства – наяўнасць дачынення адпаведнасці: папярэдняя тэорыя выступае як прыватны выпадак новай).

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. У маладосці А.Эйнштэйн прызнаваў наяўнасць рэвалюцый у навуцы, а пры канцы яго жыццёвага шляху ягоная пазіцыя ў дадзеным пытанні кардынальна змянілася. Як Вы лічыце, чаму гэта адбылося? Якая са згаданых пазіцый – сцвярджальная ці адмоўная – бліжэй Вам? Чаму?

2. Якімі характэрнымі рысамі адзначаная крызісная пазнавальная сітуацыя? Паспрабуйце сістэматызаваць яе характарыстыкі.

3. Ці згодныя Вы з тэзай пра прагрэсіўны характар гістарычнага развіцця навукі? Абгрунтуйце свой адказ.

4. Ці падтрымліваеце Вы наданне крытэрыяльных функцый у плане выяўлення прагрэсу навуковых ведаў развіццю тэхнікі? Абгрунтуйце свой адказ.

5. Паспрабуйце даць сваю ўласную ацэнку поглядам Т.Куна. Што найперш, на Вашу думку, прыцягнула ўвагу філосафаў, тэарэтыкаў навуказнаўства, гісторыкаў навукі да іх?

2.2. Асноўныя этапы станаўлення прыродазнаўства сучаснага тыпу

Эмпірычнае вывучэнне прыроды і першыя тэарэтычныя спекуляцыі на аснове гэтага вывучэння мелі месца ўжо ў першабытным грамадстве. Эмпірычнае вывучэнне было звязана з практычнай дзейнасцю людзей, а першыя спробы тэарэтычнай апрацоўкі яго вынікаў адбываліся ў шчыльнай сувязі з магіяй [78, c. 11-13]. Такім чынам, навука ўжо ў гэтым прымітыўным выглядзе выявіла сваю дуалістычную духоўна-прагматычную натуру. Тэхніка ў гэты час апярэджвала тэарэтычныя спекуляцыі, практыка дамінавала над тэорыяй. Тым не менш першыя крокі на шляху вывучэння прыроды, у якасці асноўных напрамкаў якога неабходна адзначыць медыцыну, астраномію, даследаванне флоры і фаўны, былі зробленыя.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.007 сек.)