|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Паліталогія як навука. Функцыі і метады паліталогіі
Паліталогія як слова ўтварылася з двух грэчаскіх слоў: polityka (дзяржаўныя справы) і logos (вучэнне). У шырокім сэнсе слова паліталогія разумеецца як агульная, інтэгратыўная навука аб палітыцы ва ўсіх яе праявах, якая ўключае ў якасці складовых частак палітычную сацыялогію, палітычную філасофію, палітычную геаграфію, палітычную псіхалогію і іншыя палітычныя дысцыпліны. Таму яшчэ кажуць, што паліталогія гэта навука аб тым, як кіраваць грамадствам і дзяржаваю. Паліталогія – гэта навука аб заканамернасцях развіцця палітычнага працэсу, палітычнай сістэмы і ўлады; аб сутнасці, формах і метадах дзейнасці ўсіх суб'ектаў палітыкі. Структура паліталогіі. Складаецца з раздзелаў: а) тэорыя і метадалогія палітыкі – раскрывае асновы палітыкі і палітычных адносін, сутнасць і змест палітыкі і ўлады, іх прыкметы, функцыі і заканамернасці развіцця; б) тэорыя палітычных сістэм – даследуе сутнасць, структуру і функцыі палітычных сістэм, дае іх параўнальны аналіз, характарыстыку палітычных інстытутаў (дзяржавы, партый, аб'яднанняў, рухаў і г.д.); в) тэорыя кіравання сацыяльна-палітычнымі працэсамі – вызначае мэты, задачы і формы палітычнага кіраўніцтва грамадствам, механізмы прыняцця і рэалізацыі рашэння; г) гісторыя палітычных вучэнняў і палітычная ідэалогія – раскрываюць змест дактрын сучаснасці, ролю і функцыі палітычнай ідэалогіі і свядомасці; д) тэорыя міжнародных адносін – разглядае праблемы знешняй і сусветнай палітыкі, глабальныя праблемы. Сацыяльная роля і значнасць паліталогіі вызначаецца тымі функцыямі, якія яна выконвае адносна запатрабаванняў грамадства. Функцыі паліталогіі: - метадалагічная – заключаецца ў распрацоўцы тэорыі і метадалогіі даследаванняў палітычных з'яў і працэсаў; пазнанні правіл і нормаў пабудовы палітычных тэорый, узораў арганізацыі практычнай палітычнай дзейнасці; - пазнавальная – гэта назапашванне, апісанне, вывучэнне фактаў палітычнай рэчаіснасці, аналіз канкрэтных палітычных з'яў, выяўленне праблем і супярэчнасцей; - інструментальная (рэгуляціўная) – звязана з пытаннямі практычнай палітыкі; гэта выпрацоўка практычных рэкамендацый для ўладаў, папярэдняя экспертыза рашэнняў, сродкаў уплыву на палітычную рэчаіснасць; - прагнастычная – прадугледжвае выпрацоўку бліжэйшых і далейшых перспектыў палітычнага развіцця грамадства, выпрацоўку прагнозаў, мадэліраванне палітычнага працэсу; - ідэйна-выхаваўчая – выпрацоўка, абгрунтаванне пэўных палітычных ідэалаў і каштоўнасцей, якія садзейнічаюць устойлівасці палітычнай сістэмы. Метадалогія разумеецца як сістэма норм і звязаных з імі метадаў навуковага разумення, як пастаноўка праблем і стратэгія навуковага пошуку. Навуковы метад – гэта сістэма прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх дасягаецца аб'ектыўнае пазнанне рэчаіснасці. У палітычнай навуцы выкарыстоўваюцца як агульналагічныя метады (аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, абстрагіраванне і абагульненне, метад пабудовы эмпірычнага і тэарэтычнага пазнання), так і ўласна паліталагічныя метады і метады іншых навук, якія выкарыстоўвае паліталогія. Метадамі паліталогіі з'яўляюцца: - гістарычны, які выкарыстоўваецца для вывучэння палітычных з'яў у працэсе іх станаўлення, у сувязі з мінулым, іх развіцця; - сітуатыўны – сутнасць яго ва ўліку ўсіх умоў і абставін, якія ствараюць канкрэтны працэс, сітуацыю і г.д.; - інстытуцыянальны – для назірання, апісання, аналізу палітычных структур, з'яў і іх узаемасувязей, прадугледжвае адзнаку на падставе нацыянальнага і сусветнага вопыту; - дзейнасны – паказвае палітыку ў развіцці, дынаміцы; - сацыялагічны – для вывучэння паводзін сацыяльных груп; - эканамічныя – прадугледжваюць шчыльную сувязь паміж палітыкай і эканомікай, з'яўляюцца спробай перанесці рынак на палітычнае жыццё (рынак улады: попыт-прапановы); - псіхалогіі – выкарыстоўваецца для вывучэння матываў чалавечых паводзінаў, электарату, лідараў, канфліктаў. 3. Узаемасувязь паліталогіі з іншымі грамадскімі навукамі. Станаўленне паліталогіі як навукі Развіццё паліталогіі немагчыма адасоблена і таму яна шчыльна ўзаемадзейнічае з шэрагам іншых сацыяльных і гуманітарных навук, з якімі яе аб'ядноўвае агульны аб'ект даследавання – палітычнае жыццё грамадства ва ўсёй яго шматвобразнасці. Характэрна шчыльная сувязь паліталогіі з філасофіяй, сацыялогіяй, асабліва з палітычнай сацыялогіяй, эканамічнымі навукамі, прававымі, гісторыяй, псіхалогіяй, геаграфіяй, антрапалогіяй, біялогіяй, дэмаграфіяй, этнаграфіяй, логікай, кібернэтыкай, статыстыкай, агульнай тэорыяй сістэм. Паліталогія як самастойная навуковая дысцыпліна ў сучасным яе разуменні склалася напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стст. Гэта стала магчымым ў выніку развіцця публічнай палітыкі, як адносна аўтаномнай сферы жыцця грамадства, умацавання дзяржаўных і палітычных інстытутаў, якія склалі сучасную палітычную сістэму (парламентарызм, падзел уладаў, выбарчыя сістэмы, узнікненне партый) і развіцця метадалогіі даследаванняў (з'яўленне біхевіярысцкіх, эмпірычных метадаў). У 1857 г., у Калумбійскім каледжы ЗША ствараецца кафедра "Гісторыя і палітычная навука", а ў 1880 г. – першая школа палітычнай навукі. У 1903 г. была ўтворана Амерыканская асацыяцыя палітычных навук. У 1871 г. у Францыі была створана свабодная школа палітычнай навукі – сёння Інстытут палітычных даследаванняў Парыжскага універсітэта. У 1895 г. заснавана Лонданская школа эканамічнай і палітычнай навукі. У ХХ ст. працэс вылучэння паліталогіі ў самастойную навучальную і вучэбную дысцыпліну завяршыўся, вылучыліся яе галоўныя нацыянальныя школы і накірункі. Неабходна ведаць, што яшчэ ў 1948 годзе ЮНЭСКА (арганізацыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) рэкамендавала ўсім краінам курс паліталогіі для вывучэння ў ВНУ. Пад эгідай ЮНЭСКА у 1949 годзе была створана Міжнародная асацыяцыя палітычнай навукі (МАПН). У СССР паліталогія як навука вывучаецца толькі з 1989 года, да гэтага часу яна як самастойная навука не прызнавалася і трактавалася як антымарксісцкая, буржуазная ілжэнавука. Былі магчымы абмежаваныя палітычныя даследаванні ў рамках навуковага камунізму, гістарычнага матэрыялізму, гісторыі КПСС. Сітуацыя змянілася з другой паловы 1980-х гадоў. На гэты час прыпадае і пачатак сучаснага этапа развіцця палітычных ідэй у Беларусі. Як слушна адзначае палітолаг А.Дубавік, у сувязі з ростам нацыянальнай самасвядомасці узрасла цікавасць да праблем беларускай гісторыі і культуры, нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Палітычныя ідэі знайшлі сваё адлюстраванне ў законах і дэкларацыях: Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 27.07.1990 г.; Канстытуцыі 15.03.1994 г. (лістапад 1996 г. – новая рэдакцыя) і інш. Пры абмеркаванні новай рэдакцыі Канстытуцыі прадметам даследаванняў і аналізу сталі: пытанні аб асноўных накірунках рэформы палітычнай сістэмы, аб шляхах пабудовы прававой дзяржавы, аб падзеле ўладаў, аб лёсе саветаў, аб органах мясцовага кіравання, аб інстытуце прэзідэнта і аб'ёме яго паўнамоцтваў, аб прынцыпах фарміравання парламента, аб тыпах выбарчых сістэм, аб рэферэндуме і г.д. Даследаваліся шляхі далейшага развіцця беларускай дзяржавы. Вызначыліся тры асноўныя шляхі: арыентацыя на Захад, стварэнне Балтыйска-Чарнаморскага саюзу дзяржаў, усталяванне шчыльных сувязей (інтэграцыя) з Расіяй. У апошнія гады, як адзначае А.Дубавік, узмацнілася ўвага вучоных да даследавання праблем палітычнай тэматыкі. Былі апублікаваны працы Я.Бабосава, А.Байчарова, У.Бабкова, Т.Васілевіча, І.Катлярова, А.Матусевіча, В.Мельніка, В.Ціхіні і інш. Грунтоўна распрацоўваецца гісторыя грамадска-палітычнай думкі Беларусі. З'явіліся публікацыі ў такіх новых галінах палітычнай навукі, як палітычная псіхалогія, этнапсіхалогія, геапалітыка. Палітычная думка, пытанні грамадска-палітычнага развіцця знаходзяць сваё адлюстраванне ў вучэбных дапаможніках па паліталогіі, якія выдаюць кафедры ВНУ рэспублікі, у публікацыях часопіса "Беларуская думка" і іншых перыядычных выданнях краіны. За апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі створаны Інстытут сацыялогіі (працуе аддзел паліталогіі), Інстытут дзяржавы і права НАНБ, Інстытут дзяржаўнага будаўніцтва, Беларускі інстытут інфармацыі і прагнозу, які быў пераўтвораны ў Інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, Цэнтр даследаванняў будучага ІПК "Эрыдан", Інстытут незалежных даследаванняў Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятыў "Усход-Захад" і іншыя паліталагічныя цэнтры. У 1993 годзе былі заснаваны Беларуская асацыяцыя палітычных навук (прэзыдэнт У.Бабкоў) і Асацыяцыя палітолагаў Беларусі. Пазней была створана Беларуская акадэмія палітычных навук (прэзыдэнт С.Рашэтнікаў). Традыцыйна праводзяцца Беларускай асацыяцыяй палітычных навук міжнародныя навуковыя канферэнцыі, якія прысвечаны праблемам палітычнага працэса ў Беларусі. У 1992 г. у БДУ было адчынена аддзяленне паліталогіі, на якім вядзецца падрыхтоўка прафесійных палітолагаў. Сёння паліталогія выкладаецца ва ўсіх ВНУ нашай дзяржавы.
Лекцыя 2. Этапы станаўлення і развіцця палітычнай навукі
1. Палітычная думка эпохі антычнасці і сярэдневечча. 2. Палітычная думка эпохі Адраджэння і Новага часу. 3. Еўрапейская палітычная думка ХІХ ст. – пачатку ХХ ст. 4. Станаўленне і развіццё палітычнай думкі ў Беларусі і Расіі. 5. Асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай паліталогіі.
Мэта лекцыі – прааналізаваць погляды старажытнагрэчаскіх палітычных мысліцеляў аб палітыцы, праве, уладзе; хрысціянска-тэалагічную канцэпцыю палітыкі масліцеляў сярэдневечча. Таксама прадметам аналізу стане фарміраванне грамадзянскай канцэпцыі палітыкі і распрацоўка ідэалогіі цэнтралізаванай дзяржавы мысліцеляў эпохі Адраджэння; меркаванні мысліцеляў Новага часу аб сутнасці дзяржавы, палітыкі права; асаблівасці развіцця палітычнай думкі ў Расіі і Беларусі. Пазнаёмімся з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай палітычнай навукі. У палітычнай навуцы адным з галоўных з'яўляецца пытанне – як павінна быць налажана грамадскае жыццё, у чым сутнасць дзяржавы, як абгрунтоўваецца тагачасная сістэма грамадства і рэалізацыя яго інтарэсаў. Каб адказаць на гэтае пытанне належным чынам неабходна даведацца аб асноўных этапах развіцця палітычнай думкі. У сувязі з тым, што Беларусь з'яўляецца часткай Еўропы, знаходзіцца ў яе геапалітычнай прасторы, размова пойдзе, у першую чаргу, аб палітычнай думке Заходняй Еўропы. Вывучэнне гісторыі сусветнай палітычнай думкі неабходна не толькі для лепшага разумення сённяшняга палітычнага жыцця, але і для прагназіравання будучага. Веданне мінулага дае магчымасць пазбегнуць памылак, ці ва ўсялякім выпадку не рабіць памылак і пралікаў зробленых папярэдаднікамі.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.009 сек.) |