АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Тыпы і формы дзяржавы

Читайте также:
  1. BRP открывает новый виток инновационного развития с выпуском платформы Ski-Doo REV
  2. II. ЦЕЛИ И ФОРМЫ ДЕЯТЕЛЬНОСТИ ПРИХОДА
  3. IV. Формы контроля
  4. IV. Формы контроля
  5. V. Формы контроля
  6. VII Формы текущего и итогового контроля
  7. VII. Новые формы российского предпринимательства
  8. Авторитаризм и его формы
  9. Авторитет и влияние менеджера, и их формы.
  10. Аграрные отношения и формы землевладения. Усиление эксплуатации общинников.
  11. Административно-политические реформы 60 – 70-х гг. XIX в.
  12. Административные реформы

Аналіз дзяржаўнасці непарыўна злучаны з вылучэннем асноўных тыпаў і форм дзяржаў. У рэальным жыцці дзяржавы розных сацыяльна-гістарычных тыпаў маюць вялікую колькасць канкрэтных мадыфікацый. Вылучаюцца і пераходныя тыпы дзяржаў. Неабходна адрозніваць ад тыпаў формы дзяржавы.

Форма дзяржавы – спосаб арганізацыі і ўвасаблення дзяржаўнай улады. Яна (форма) раскрывае як арганізавана ўлада ў дзяржаве, якімі органамі прадстаўлена, які парадак іх стварэння, якімі метадамі рэалізоўваецца ўлада.

Форма дзяржавы складаецца з трох элементаў:

формы дзяржаўнага кіравання;

формы дзяржаўнага ладу;

палітычнага рэжыму.

 

2.1 Дзяржавы згодна формы кіравання

Вядомы дзве асноўныя формы дзяржаўнага кіравання: манархія і рэспубліка.

Манархія – гэта форма кіравання, пры якой улада цалкам ці часткова сканцэнтравана ў руках аднаасобнага главы дзяржавы – манарха (караля, імператара, шаха, цара і г.д.); улада звычайна перадаецца ў спадчыну; глава дзяржавы займае пост на пэўны тэрмін і не нясе юрыдычнай адказнасці за свае дзеянні.

Існуюць неабмежаваныя (абсалютныя) і абмежаваныя (канстытуцыйныя) манархіі.

Абсалютная манархія характарызуецца ўсеўладдзем главы дзяржавы, манарх з'яўляецца адзіным носьбітам суверэнітэта, валодае вялікімі паўнамоцтвамі ў заканадаўчай, выканаўчай і судовых сферах (Саудаўская Аравія, Катар, Аман).

Канстытуцыйная манархія адрозніваецца наяўнасцю абмежавання ўлады манарха парламентам.

Пры дуалістычнай манархіі (Іарданія, Кувейт, Марока) паўнамоцтвы главы дзяржавы абмежаваны ў сферы заканадаўства, але вельмі шырокія ў сферы выканаўчай улады.

Пры парламенцкай манархіі (Вялікабрытанія, Швецыя, Данія, Іспанія, Бельгія, Японія і інш. краіны) улада главы дзяржавы практычна не распаўсюджваецца на сферу заканадаўства і значна абмежавана ў сферы выканаўчай улады. Урад фарміруецца парламентам і яму ж падсправаздачны.

 

Рэспубліка – гэта форма кіравання, пры якой глава дзяржавы з'яўляецца выбарным і яго магчыма змяніць, яго ўлада лічыцца вытворнай ад выбаршчыкаў ці прадстаўнічага органа. Вылучаюць тры асноўныя віды рэспублікі: прэзідэнцкую, парламенцкую і змешаную (напалову прэзідэнцкую).

Прэзыдэнцкая рэспубліка характарызуецца значнай роллю прэзідэнта ў сістэме дзяржаўных органаў. Ён адначасова і глава дзяржавы і глава выканаўчай улады. Ён выбіраецца незалежна ад парламента. Прэзідэнт самастойна фарміруе ўрад, які адказны перад ім, а не перад парламентам. Абавязковай рысай прэзідэнцкай рэспублікі павінен быць жорсткі падзел уладаў на заканадаўчую і выканаўчую. Парламент не можа вынесці вотум недаверу ўраду, але і прэзідэнт не мае правоў распусціць парламент. Парламент можа абмежаваць дзеянні прэзыдэнта з дапамогай законаў і праз зацвярджэнне бюджэту, а прэзідэнт валодае правам вета і заканадаўчай ініцыятывы (ЗША, Аргенціна, Бразілія, венесуэла, Балівія і інш.). Бываюць і "суперпрэзідэнцкія" рэспублікі (шэраг краін Азіі і Афрыкі, Рэспубліка Беларусь).

Парламенцкая рэспубліка характарызуецца фарміраваннем урада на парламенцкай аснове і ўрад адказны перад парламентам. Парламент мае магчымасць выказаць вотум недаверу ўраду, што выкліча альбо змену ўрада, альбо роспуск парламента. Глава ўрада (прэм'ер-міністр, канцлер) – першая асоба ў палітычнай іерархіі, прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі (Італія, ФРГ, Індыя, Турцыя, Ізраіль і інш.).

Напалову прэзідэнцкая (змешаная) рэспубліка – у ёй спалучаюцца моцная прэзідэнцкая ўлада з эфектыўным кантролем парламента за дзейнасцю ўрада. У наяўнасці падвойная адказнасць урада перад парламентам і прэзідэнтам (Аўстрыя, Фінляндыя, Францыя, Балгарыя, Польша і інш.).

 

2.2 Дзяржавы згодна форм дзяржаўнага ладу

Форма дзяржаўнага ладу раскрывае тэрытарыяльна-арганізацыйную структуру дзяржавы, характар узаемаадносін цэнтральных, рэгіянальных і мясцовых улад. Асноўныя формы гэтага тыпу дзяржаў – унітарная, федэрацыя, канфедэрацыя.

Унітарная дзяржава – гэта адзіная, простая дзяржава, якая складаецца з адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, якія не валодаюць уласнай дзяржаўнасцю і маюць аднолькавы статус (Францыя, Швецыя, Данія, Турцыя, Эстонія, Беларусь, Іспанія, Кітай, В'етнам, Італія і інш.). У межах унітарных дзяржаў магчыма адміністратыўная і нацыянальная аўтаномія для некаторых структурных адзінак (Італія, Іспанія, Вялікабрытанія).

Федэрацыя – гэта складаная, саюзная дзяржава, якая складаецца з дзяржаўных утварэнняў, якія валодаюць пэўнай палітычнай самастойнасцю (штаты, кантоны, рэспублікі, землі і г.д.). Іх паўнамоцтвы размежаваны з цэнтрам па дамоўленасці – пры вярхоўнасці агульнадзяржаўнай (федэральнай) улады і агульнадзяржаўнага (федэральнага) права дзяржаўныя ўтварэнні маюць уласныя канстытуцыі, грамадзянства, органы ўлады (ЗША, ФРГ, Канада, Мексіка, Бразілія, Бельгія, Расійская Федэрацыя і інш.).

Канфедэрацыя – саюз юрыдычна і палітычна самастойных дзяржаў для рэалізацыі сумесных мэтаў. Дзяржавы-члены канфедэрацыі захоўваюць дзяржаўны суверэнітэт, самастойнае грамадзянства, незалежную сістэму органаў улады, уласнае заканадаўства, а ў кампэтэнцыю саюза перадаюць, часцей за ўсё, пытанні абароны, знешняй палітыкі, транспарта і сувязі. Канфедэрацыя – няўстойлівая форма дзяржаўнасці і звычайна пераўтвараецца ў федэрацыю, альбо развальваецца. Канфедэрацыі мелі месца ў ЗША (1776-1787 гг.), Германіі (1815-1867 гг.), Сенегамбіі (аб'яднанне Сенегала і Гамбіі ў 1982 – 1989 гг.).

Акрамя трох асноўных форм дзяржаўнага ладу, у гісторыі мелі месца і іншыя спецыфічныя формы – пратэктараты (апякунства слабай дзяржавы больш моцнай), вуніі (шчыльны саюз некалькіх дзяржаў), імперыі (вялізная тэрыторыя, моцная цэнтралізаваная ўлада, прымус і г.д.).

 

3. Прававая дзяржава і грамадзянская супольнасць

Згодна Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Прававая дзяржава – гэта дзяржава, абмежаваная ў сваіх дзеяннях правам, якое абараняе свабоду асобы і падпарадкоўвае ўладу воле суверэннага народа.

Прыкметы прававой дзяржавы: суверэнітэт народа; вярхоўнасць закона (Канстытуцыі); усеагульнасць права; узаемная адказнасць дзяржавы і асобы; падзел уладаў; нерухомасць свабоды асобы і яе праў, гонару; наяўнасць эфектыўных форм кантроля і нагляда за выкананнем праў і свабод грамадзян.

У прававой дзяржаве функцыяніруе рэжым канстытуцыйнага кіравання, існуе распрацаваная і несупярэчлівая прававая сістэма з эфектыўным кантролем палітыкі і ўлады. Рэалізацыя ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы, дзейнасць яе органаў, службовых асоб з'яднаны прававымі нормамі і падпарадкаваны ім. Канцэпцыя прававой дзяржавы абгрунтоўвае прававую роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт праў чалавека над законамі дзяржавы, неўмяшальніцтва дзяржавы ў справы грамадзянскай супольнасці.

Прававая дзяржава з'явілася важным этапам у пашырэнні свабоды асобы і грамадства. У той жа час у сваім класічным, ліберальным разуменні канцэпцыя прававой дзяржавы робіць акцэнт на фармальнай, прававой роўнасці, не закранаючы праблемы дасягнення фактычнай, сацыяльна-эканамічнай роўнасці грамадзян. Таму ідэя прававой дзяржавы была дапоўнена тэорыяй і практыкай сацыяльнай дзяржавы.

Сацыяльная дзяржава – дзяржава, якая імкнецца да забеспячэння належных умоў існавання грамадзян, задавальнення іх матэрыяльных і духоўных запатрабаванняў, сацыяльнай абароненасці, саўдзелу ў кіраванні вытворчасцю. Шлях – пераразмеркаванне нацыянальнага прыбытку.

Неабходна ведаць, што ад канстытуцыйнага замацавання ідэі прававой, сацыяльнай дзяржавы да яе практычнай рэалізацыі ляжыць доўгі і цяжкі шлях. Для гэтага неабходны і палітычная воля, правядзенне адпаведных палітычных рэформ, стварэнне неабходнай сацыяльна-эканамічнай базы, развіццё культуры і іншае.

Фарміраванне прававой дзяржавы магчыма толькі на аснове грамадзянскай супольнасці.

Грамадзянская супольнасць (толькі на базе яе магчыма прававая дзяржава) – сістэма самастойных і незалежных ад дзяржавы грамадзянскіх інстытутаў і адносін, якія прызваны забяспечыць умовы для самарэалізацыі асоб і калектываў, рэалізацыі прыватных інтарэсаў і запатрабаванняў.

Грамадзянская супольнасць складаецца з эканамічных, духоўных, маральных, рэлігійных, этнічных, сямейных і іншых адносін і інстытутаў, якія не апасродкаваны дзяржавай. Яна ахоплівае вытворчае і прыватнае жыццё людзей, іх традыцыі, норавы, звычаі, сферы адукацыі, навукі, культуры, якія знаходзяцца па-за непасрэднай дзейнасцю дзяржавы.

Інтарэсы і запатрабаванні розных груп і асоб выказваюцца і рэалізуюцца праз наступныя інстытуты грамадзянскай супольнасці: сям'я, царква, палітычныя партыі, прафесійныя, творчыя аб'яднанні, кааператывы, сацыяльныя рухі, органы грамадскага самакіравання і інш. У грамадзянскай супольнасці пераважаюць адносіны канкурэнцыі і салідарнасці паміж вольнымі і раўнапраўнымі партнёрамі.

Базісам грамадзянскай супольнасці з'яўляецца шматукладная рыначная эканоміка, плюралізм форм уласнасці, самастойнасць суб'ектаў гаспадарання, шырокая дзелавая ініцыятыва грамадзян. Сацыяльная аснова – сярэдні клас, які складае найбольш актыўная і мабільная частка насельніцтва. Духоўная сфера грамадзянскай супольнасці прадугледжвае плюралізм у вобласці ідэалогіі, рэальную свабоду слова, друку, сумлення, дастаткова высокі ўзровень сацыяльнага, інтэлектуальнага, псіхалагічнага развіцця асобы.

Грамадзянская супольнасць і дзяржава непарыўна злучаны паміж сабою і немагчымы адзін без аднаго. Узаемаадносіны паміж імі маюць складаны, часам канфліктны характар.

Пры дэмакратычным рэжыме дзяржава і грамадзянская супольнасць выступаюць як раўнапраўныя партнёры, як самастойныя суб'екты грамадскага жыцця.

 

Лекцыя 7. Інстытуты дзяржаўнай улады

 

1. Заканадаўчая ўлада: паняцце і сутнасць. Парламент і яго структура.

2. Глава дзяржавы і яго паўнамоцтвы. Інстытут прэзыдэнцтва.

3. Паняцце, віды, склад і структура ўраду. Мясцовая ўлада.

4. Судовая ўлада.

 

Законы – аснова жыцця грамадства. У дзяржаве ў асноўным заканатворчасцю займаюцца прадстаўнічыя органы. Нормы і правілы жыцця грамадства забяспечвае заканадаўчая ўлада.

 

1. Заканадаўчая ўлада: паняцце і сутнасць. Парламент і яго структура

Заканадаўчая ўлада – найвышэйшы орган (інстытут) дзяржаўнай улады, яе прадстаўнічы орган – парламент.

Слова "парламент" упершыню з'явілася ў Англіі (Parlіament), прычым слова французскае ("parler" – "казаць", парламент – месца, дзе гавораць). Іншыя крыніцы тлумачаць гэтае слова ад лацінскага "parlаrе" – казаць, размаўляць. Часцей за ўсё даецца наступнае разуменне паняцця "парламент".

Парламент (у Беларусі – Нацыянальны сход) – гэта выбіраемы насельніцтвам (магчыма часткова празначаемы) вышэйшы прадстаўнічы орган дзяржаўнай улады ў краіне.

Як адзначае М.Чудакоў, пры тлумачэнні паняцця парламента, звычайна ўжываюць тэрміны: вышэйшы заканадаўчы і прадстаўнічы орган. "Прадстаўнічы" абазначае тое, што ў парламент абіраюцца прадстаўнікі насельніцтва краіны – дэпутаты. "Заканадаўчы" абазначае іх дзеянні – прыняцце законаў. Адсюль – дзве функцыі парламента: заканадаўчая і прадстаўнічая.

Заканадаўчая функцыя – дзейнасць па прыняццю законаў. Прадстаўнічая функцыя – дзейнасць парламента як нейкага форуму, на якім адкрыта і публічна абмяркоўваюцца важнейшыя пытанні жыцця краіны. Гэта адкрытая трыбуна для спрэчак, для выказвання думак. Прадстаўнічая функцыя ўплывае на розум і погляды людзей, і наадворот, падчас сустрэч і выбараў гэтыя людзі ўплываюць на сваіх дэпутатаў.

Месца і роля парламента звычайна замацоўваюцца ў канстытуцыях. Калі-нікалі ў іх падкрэсліваецца яго асаблівы статус. Напрыклад, Артыкул 41 канстытуцыі Японіі фіксуе, што парламент з'яўляецца вышэйшым органам дзяржаўнай улады і адзіным заканадаўчым органам дзяржавы. Канстытуцыя ЗША замацоўвае заканадаўчую ўладу за Кангрэсам ЗША, які складаецца з Сената і Палаты прадстаўнікоў. У некаторых канстытуцыях асаблівая роля парламента не падкрэсліваецца, а там звычайна паведамляецца, чым ён павінен займацца (Францыя).

Заканадаўчая ўлада Рэспублікі Беларусь адлюстравана ў Главе 4, Арт. 90 – 105 Канстытуцыі Беларусі.

Лепш зразумець ролю, сутнасць, мэты і задачы розных парламентаў дазваляе іх класіфікацыя. Сустракаюцца розныя класіфікацыі парламентаў, але часцей за ўсё пачынаюць класіфікацыю згодна структуры. Парламенты бываюць адна- і двухпалатныя. У Беларусі – двухпалатны: Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў.

У залежнасці ад уладкавання вышэйшай дзяржаўнай улады парламенты падзяляюцца на чатыры групы або чатыры мадэлі парламентаў.

Першая мадэль характэрна для парламенцкіх рэспублік (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Італія, Германія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя і інш.). У іх парламент працуе на аснове прынцыпа парламенцкага адказнага кіравання – палітычная адказнасць урада перад парламентам.

Другая мадэль у краінах, дзе існуе змешаная форма кіравання (Францыя, Казахстан і інш.), у якой спалучаюцца элементы парламенцкай і прэзыдэнцкай сістэм.

Трэцяя мадэль парламента ўласціва краінам з прэзыдэнцкай формай кіравання (ЗША). Гэта парламенты і краіны, дзе існуе дакладны прынцып падзелу ўладаў. Такія парламенты не маюць права вотума недаверу, але могуць выкарыстоўваць імпічмент, урад не валодае правам роспуску парламента, але можа ўжыць права вета.

Чацвёртая мадэль – парламенты ў тых краінах, дзе яны адыгрываюць амаль дэкаратыўную ролю – з'яўляюцца "кансультатыўнымі" парламентамі (Катар, Кувейт, Бахрэйн, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты). Гэта законадарадчыя органы. Да іх адносяцца і парламенты краін, у якіх захавалася сацыялістычная сістэма (КНДР, Куба, КНР, В'етнам). Іх збіраюць толькі для таго, каб супольна і аднадушна прагаласаваць "за" прыняцце законаў, якія прапанаваны кіраўнікамі краіны.

Фарміруюцца парламенты ў залежнасці ад структуры. Калі аднапалатны, тады ён, як правіла, выбіраецца грамадзянамі. З большага выбіраюцца шляхам прамога, усеагульнага роўнага выбару і тайнага галасавання. Калі двухпалатны, тады адна яго палата (ніжняя, у Беларусі Палата прадстаўнікоў) выбіраецца грамадзянамі, а другая (верхняя) палата фарміруецца па-рознаму.

Існуе некалькі спосабаў. Першы – шляхам прамых выбараў з некаторымі асаблівасцямі (ЗША). Другі – фарміраванне верхняй палаты непрамымі – шматступенчатымі ці ўскоснымі выбарамі (Францыя, Нарвегія, Індыя). Грамадзяне выбіраюць дэпутатаў, а затым тыя са свайго асяродку выбіраюць верхнюю палату. Трэці спосаб – прызначэнне (Канада, Іарданія, Багамы, Бермуды і г.д.). Чацвёрты калі-нікалі называюць феадальным спосабам фарміравання (Вялікабрытанія). Палата фарміруецца згодна спадчыннага прынцыпу.

Ад пачатку парламенты былі двухпалатнымі. Як падкрэслівае М.Чудакоў, згодна традыцыі, верхняя палата бывае больш кансерватыўнай, якая абараняе традыцыі, а ніжняя – больш дэмакратычнай і прагрэсіўнай. Яны як бы ўзаемадапаўняюць адна адну. Дарэчы, у двухпалатных парламентах маецца дзве мадэлі ўзаемаадносін: з роўным прававым статусам палат і неаднолькавым. Існаванне другой палаты мае станоўчыя і адмоўныя бакі. Пры федэратыўнай форме дзяржаўнага ладу яна проста неабходна, бо ў ёй забяспечваецца прадстаўніцтва суб'ектаў федэрацыі. Недахопы ў тым, што двухпалатная сістэма ўскладняе заканадаўчы працэс, працэдуры, часцяком стрымлівае прагрэсіўныя пачаткі.

Структура парламента:

а) палаты;

б) спікер, віцэ-спікеры (старшыня палаты і яго намеснікі), яго паўнамоцтвы распаўсюджваюцца практычна на ўсе сферы парламенцкай дзейнасці (прадстаўнічая, дысцыплінарная, фарміруе павестку дня, забяспечвае разгляд законаў, кіруе дэбатамі, падводзіць вынікі і г.д.);

в) пастаянныя парламенцкія камісіі – утвараюцца для правядзення падрыхтоўчай працы па распрацоўцы і адзнацы законапраектаў, кантролю за выкананнем законаў, за дзейнасцю выканаўчай улады. Як правіла, ствараюцца прапарцыянальна ад фракцый;

г) часовыя камісіі альбо камітэты – для разгляду якой-небудзь канкрэтнай справы;

д) партыйныя фракцыі (групы, клубы і г.д.), іх бывае розная колькасць у розных краінах, маюць шырокія паўнамоцтвы – удзельнічаюць у фарміраванні кіруючых органаў парламента, пастаянных камісій, калі нейкая фракцыя мае большасць у парламенце – фарміруе ўрад і інш.;

е) кіраўніцтва фракцый (лідар, група);

ж) іншыя органы: рэвізоры, кантралёры, упаўнаважаныя па правах чалавека, падліковыя камісіі (счётные палаты) для праверкі выканання бюджэта і інш.

Кампетэнцыя альбо паўнамоцтвы парламента:

- выданне законаў;

- фінансавыя правы (устанаўленне падаткаў, выпуск займаў, грошаў, кантроль за выдаткаваннем дзяржаўных сродкаў і інш.), галоўнае права парламента – зацвярджаць бюджэт краіны;

- падатковыя паўнамоцтвы;

- паўнамоцтвы ў знешняй палітыцы (ратыфікацыя пагадненняў і дамоў);

- фарміраванне дзяржаўных органаў (выбіраюць, зацвярджаюць або даюць згоду на прызначэнне службовых асоб);

- фарміраванне судовай улады (выбіраюць або прызначаюць вышэйшых суддзяў);

- парламенцкі кантроль (абмеркаванне, стварэнне камісій, дэпутацкі запыт, аб'яўленне вотуму недаверу, імпічмент).

Законы абмяркоўваюцца і прымаюцца падчас сесій – дэпутацкіх пасяджэнняў на працягу года з перапынкамі ў выглядзе канікул.

На сесіях вырашаюцца ўсе пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі парламента.

Для таго, каб праект стаў законам, ён павінен прайсці ўсе неабходныя стадыі, якія называюцца заканадаўчым працэсам.

Заканадаўчы працэс складаецца з наступных стадый: заканадаўчая ініцыятыва, абмеркаванне законапраекта, прыняцце, прамульгацыя.

Заканадаўчая ініцыятыва – гэта права на ўнясенне праекта закона ў парламент для таго, каб гэты праект быў абавязкова разгледжаны палатай і па ім будзе прынята рашэнне. Гэтае права маюць у Беларусі: парламент, урад, прэзыдэнт, грамадзяне (пры наяўнасці не менш за 150 000 подпісаў у яго падтрымку).

Абмеркаванне законапраекта адбываецца падчас так званых "чытанняў" (іх бывае 3 ці 4, самае падрабязнае абмеркаванне падчас трэцяга чытання).

Прыняцце законапраекта – галасаванне дэпутатамі "за" альбо "супраць", "устрымаўся". Неабходна набраць пэўную колькасць галасоў.

Прамульгацыя – гэта подпіс законапраекта главой дзяржавы і публікацыя. Пасля гэтага праект набывае моц закона, які абавязкова павінен выконвацца ўсімі.

 

2. Глава дзяржавы і яго паўнамоцтвы. Інстытут прэзыдэнцтва

У выпадках, калі глава дзяржавы ачольвае абсалютную ці дуалістычную манархію, ці з'яўляецца прэзыдэнтам у прэзыдэнцкай рэспубліцы – ён увасабляе выканаўчую ўладу. Пры іншых формах кіравання выканаўчая ўлада – гэта ўрад начале са старшынёю (прэм'ер-міністр, канцлер і г.д.).

Відыглаў дзяржавы:

а) манарх (Вялікабрытанія, Бельгія, Японія, Нідэрланды, Саудаўская Аравія, Катар, Свазіленд і інш) – вядомы тры спосабы, шляхам якіх манарх займае прэстол: атрыманне ў спадчыну, выбранне сваёй сем'ёю ці старэйшынамі дынастый, выбранне іншымі манархамі, якія ачольваюць суб'екты федэрацый дзяржавы (Малайзія);

б) прэзыдэнт (Беларусь, Расія, ЗША і г.д.) – гэтую пасаду можна атрымаць шляхам выбрання народам, грамадзянамі; выбрання парламентам; спецыяльнымі калегіямі;

в) глава ў выглядзе калегіяльнага органа (СССР, Куба), які выбіраецца парламентам, прычым пэўныя паўнамоцтвы перададзены аднаму з прадстаўнікоў гэтага органа;

г) глава па сумяшчальніцтву (землі ў ФРГ) – гэтую функцыю выконвае глава ўрада ў землях Германіі (зямля – суб'ект федэрацыі);

д) генерал-губернатар (Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя і інш.) – прадстаўнік брытанскага манарха ў дзяржавах Садружнасці (былых дамініёнах), гэта вельмі значная пасада, бо главенцтва брытанскай манархіі вельмі ўмоўнае;

е) узурпатары (ваенныя перавароты) – атрыманне ўлады незаконным шляхам;

ж) племянны правадыр (Заходняя Самоа) – такая форма главы дзяржавы засталася толькі ў адной дзяржаве. Уладарыць там пажыццёва Маметоа Танумафілі 2-гі. Пасля яго смерці будзе выбраны прэзыдэнт.

У розных крыніцах адзначаны розныя варыянты паўнамоцтваў главы дзяржавы. Але магчыма вылучыць найбольш характэрныя і спецыфічныя паўнамоцтвы главы дзяржавы.

М. Чудакоў вылучае наступныя паўнамоцтвы главы дзяржавы:

- прадстаўнічыя – глава дзяржавы ўвасабляе сабою сваю краіну падчас значных падзеяў у дзяржаўным жыцці, здзяйснення афіцыйных візітаў у іншыя краіны, міжнародных форумаў, правядзення перамоваў і падпісання дамоў, пагадненняў;

- галоўны дыпламат – паўнамоцтвы ў сферы міжнародных адносін альбо ў вобласці знешняй палітыкі;

- дзяржаўнае кіраванне – прызначае ўрад, фарміруе выканаўчую ўладу (рэальна ці намінальна);

- заканадаўчыя – ініцыіраваць законапрект, скліканне і роспуск парламента, права вета, выдання актаў, якія могуць мець заканадаўчы характар і інш.;

- ваенная сфера – вярхоўны галоўнакамандуючы;

- сфера асабовага статуса – узнагароджванне ордэнамі і медалямі, прысваенне розных званняў, прадастаўленне грамадзянства;

- дзяржаўная бяспека – каардынацыя пытанняў, якія тычацца выведкі, контрвыведкі, барацьбы з тэрарызмам і г.д.;

- надзвычайныя паўнамоцтвы – права ўвядзення ці прызначэння надзвычайнага становішча ў дзяржаве;

- сфера эканомікі – выбар эканамічных прыярытэтаў, вызначэнне эканамічнага курса краіны.

Гэта найбольш універсальныя паўнамоцтвы главы дзяржавы.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.014 сек.)