АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Віды археалагічнай дзейнасці. Археалогія у кірунках і метадах даследавання

Читайте также:
  1. Спецыфічныя метады археалагічнага даследавання.

Кожная навука навука мае свой аб’ект даследавання, сваю спецыялізацыю і метады даследавання. Спецыялізацыя ёсць і ў гісторыі. Так напрыклад існуюць такія дысцыпліны, як гісторыя старажытнага свету, гісторыя Сярэдніх вякоў, гісторыя Новага часу. Існуюць гісторыі Расіі, Украіны, Беларусі. Ёсць гісторыя Мінска, Гродна… Напісанне гісторыі асобных раёнаў і гарадоў Беларусі увасобленае у шматтомных выданнях «Памяць». Існуе такая спецыялізацыя і ў археалогіі. У аснову спецыялізацыі можа быць пакладзены прынцып храналагічны, геаграфічны, метадычны ці якісьці іншы. Па вялікаму рахунку ўсю археалогію можна падзяліць па методыцы збору, апрацоўцы і інтэрпрытацыі матэрыялу на археалогію палявую і кабінетную.

Палявая археалогія – гэта археалогія, якая займаецца выяўленнем, фіксацыяй, апісаннем і вывучэннем археалагічных помнікаў у палявых умовах, гэта значыць пад адкрытым небам. Кабінетная археалогія –раздзел археалогіі, які грунтуецца ў асноўным на апрацоўцы здабытага ў палявых умовах археалагічнага матэрыяла.

Археалогія тэарэтычная – гэта, як бы мовіць, метадалогія археалогіі, навука аб метадах, якімі карыстаюцца археолагі, у сваёй палявой і кабінетнай працы. Менавіта тут абмяркоўваюцца такія паняцці, як археалагічныя крыніцы, археалагічная культура, інш. Гэты від археалагічнай дзейнасьці таксама адносіцца да кабінетнай археалогіі.

Археалогія эксперыментальная – гэта галіна археалогіі, якая вывучае старажытныя тэхналогіі, побыт і лад жыцця старажытных людзей з дапамогаю эксперымента. Гэты від археалагічнай дзейнасці праводзіцца як у палявых умовах (і гэта найчасцей), так і ў кабінетных. Усе пералічаныя віды археалагічнай дзейнасці патрабуюць больш шырокага і самастойнага разгляду, што і будзе намі зроблена.

Паводле храналагічнага падзелу можна вылучыць археалогію дагістарычную і археалогію гістарычную. Першая з іх займаецца вывучэннем дапісьмовага перыяду чалавецтва. Сюды цалкам уключаецца археалогія каменнага веку для усіх народаў свету. Сюды можна аднесці і археалогію эпохі ранніх металаў тых народаў, у якіх пісьма (а гэта значыць і пісьмовых крыніц) яшчэ на той час не было. Археалогія гістарычная – гэта галіна археалогіі, якая вывучае ўжо пісьмовы перыяд чалавецтва і для гістарычнай рэканструкцыі выкарыстоўвае не толькі артэфакты, але дапасуе і дадзенныя літаратурных крыніц. Для некаторых народаў гэты перыяд пачынаецца ўжо ў пару бронзавага веку (напрыклад: Егіпет, Месапатамія інш.). Для іншых – толькі з перыяду сярэднявечча (Усходняя Еўропа – дзяржава Кіеўская Русь).

Падзел археалагічнай дзейнасці можна ажыцяўляць па храналогіі, тэрыторыі – геаграфічнаму прынцыпу, па этнасу, па асобных аб’ектах матэрыяльнай культуры ці сферы дзейнасці. Так вылучаюць археалогію класічную, якая займаецца вывучэннем помнікаў антычнасці. Таму іншая яе назва – антычная археалогія. Вылучаюць археалогію Старога і Новага свету, археалогію Беларусі, Украіны, Расіі і інш., археалогію скіфаў, славян, балтаў, і г.д. Вылучаюць археалогію абарончых збудаваняў, прамысловых аб’ектаў, нават археалогію сметнікаў.

Трошкі асабняком стаяць археалогія біблейская і археалогія царкоўная. Галоўнае прызначэнне іх – вывучаць той гістарычны фон (найперш, зразумела, на падставе артэфактаў), на якім разгортваліся падзеі, выкладзеныя ў Бібліі ў Старым і Новым запаветах. Да таго ж царкоўная археалогія ў большай ступені займаецца вывучэннем старадаўняга царкоўнага начыння храмаў.

Але галоўнае месца для ўсіх відаў археалагічнай дзейнасці належыць палявой археалогіі, паколькі менавіта яна забяспечвае матэрыялам усе астатнія віды археалагічнай дзейнасці, менавіта яна дае ў рукі даследчыкаў археалагічныя крыніцы, якія пасля адпаведнай навуковай апрацоўкі пераходзяць у разрад крыніц гістарычных. Таму мы і пачнем разгляд археалагічных відаў дзейнасці менавіта з разгляду палявой археалогіі.

Палявая археалогія. Тэрмін «палявая археалогія» ўзнік у айчынная археалогіі ў 20-х годах мінулага стагоддзя, калі закладаліся юрыдычныя асновы экспедыцыйных работ. На той час археолагі нашай краіны праводзілі свае даследванні ў сельскай мясцовасці, дакладней, па-за межамі гарадоў, г. зн. у полі. Таму на той час і ўзнікла такое паняцце, як «палявая археалогія». У прыйшоўшыя затым дзесяцігоддзі даследванні праводзіліся і ў гарадах, і нават на дне вадаёмаў: мораў, азёраў. Але, нягледзячы на ўзнікшую на той час разнастайнасць, у месцы правядзення даследванняў гэты від работ усе роўна захаваў і захоўвае па сёння назву «палявая археалогія».

Асноўнае прызначэнне палявой археалогіі – гэта стварэнне археалагічных крыніц, якімі з’яўляюцца выяўленыя ў працэсе палявых даследванняў артэфакты і экафакты на археалагічных помніках для далейшай іх навуковай апрацоўкі пад пэўную навуковую тэму, якая мала забяспечана ці ўвогуле не забяспечена матэрыялам. Таму палявым даследванням павінен папярэднічаць выбар навуковай тэмы.

Навуковая тэма можа ахопліваць пэўны храналагічны перыяд, помнік, групу помнікаў і нават цэлы рэгіён. Яна павінна мець навізну і не дубліраваць выкананыя ў гэтай галіне тэмы.

Правядзенне палявых археалагічных даследаванняў уключае археалагічныя разведкі і раскопкі. Праводзіць іх могуць толькі падрыхтаваныя ў гэтай сферы навуковай дзейнасці асобы. Для таго, каб мінімізаваць практыку аматарскіх, шкодніцкіх раскопак, якія нажаль прысутнічаюць, для таго, каб мець пэўны навуковы кантроль за археалагічнымі работамі, існуе прававая аснова, якая рэгламентуе гэтыя работы. Такой прававой асноваю з’яўляецца Дазвол на права правядзення палявых археалагічных даследаванняў або «Адкрыты ліст».

Практыка выдачы дазволу на права правядзення палявых даследчых работ існуе яшчэ з XIX ст. Так, у 1818 г. «Грамату» на права правядзення палявых даследчых работ, у якой былі радкі: «… дабы внутренности земли, где могут скрываться древности, дозволено ему раскопать» атрымаў наш зямляк Адам Чарноцкі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі) – першы археолаг у Беларусі. У 30-е гады мінулага стагоддзя гэты дакумент атрымаў назву «Адкрыты ліст» і выдаваўся ў акадэміі навук СССР і акадэміях навук саюзных рэспублік. Назва праіснавала да 1993 г., затым была заменена на назву «Дазвол». Праўда, у гутарковай мове сярод археолагаў гэты дакумент па ранейшаму часта называюць «Адкрыты ліст» або проста «Ліст». Назва «Адкрыты ліст» па ранейшаму ўжываецца нашымі калегамі ў Расіі і на Украіне. У краінах Заходняй Еўропы гэты дакумент мае назву «Сертыфікат».

Якая ўстанова у нашай краіне сёння выдае «Адкрыты ліст», каму і на якіх умовах? Адкрыты ліст або Дазвол на права правядзення палявых работ на помніках археалогіі выдае Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі фізічнай асобе па просьбе ўстановы, якая праводзіць навукова-даследчыя работы ў галіне археалогіі і гісторыі. Да ліку такіх устаноў адносяцца навукова-даследчыя інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, універсітэты, дзяржаўныя музеі Рэспублікі Беларусі.

Якія патрабаванні існуюць сёння да фізічнай асобы, якая збіраецца праводзіць самастойныя палявыя даследаванні? Яна павінна мець пэўны вопыт удзелу ў палявых даследваннях у складзе археалагічных экспедыцый (атрадаў, груп) і мець пісьмовую рэкамендацыю для правядзення самастойных работ з боку спецыяліста-археолага. Установа, якая хадайнічае за гэтую асобу, нясе адказнасць за якасць работ, якія праводзяцца, навуковую справаздачу аб праведзеных работах і захаванне здабытых у ходзе гэтых работ матэрыялаў.

Існуюць чатыры формы Дазволу на права правядзення палявых работ. Так, Адкрыты ліст па форме №1 дае права на правядзенне ўсіх відаў раскопак як на пахаваннях, так і на паселішчах, прычым без абмежавання ўскрываемай раскопкамі плошчы. Ліст па такой форме выдаецца вопытнаму даследчыку, які мае ўжо пэўны вопыт у правядзенні самастойных палявых работ.

Адкрыты ліст па форме № 2 дае права на раскопкі плошчаю не болей за 24 кв. м. і не дае права на раскопкі Курганных пахаванняў. Ліст па такой форме выдаецца, як правіла, пачынаючым даследчыкам. Пры якасным правядзенні палявых работ і адпаведнай справаздачы аб гэтых работах, такі даследчык мае права ў далейшым прэтэндаваць на больш высокую форму дазволу.

Адкрыты ліст па форме № 3 не дае права на правядзенне раскопачных работ. Ён прадугледжвае толькі права даследчыка на правядзенне археалагічных разведак, збор пад’ёмнага матэрыялу і зачыстку агаленняў культурнага пласту з мэтаю фіксацыі стратыграфіі культурных напластаванняў.

Усе згаданыя вышэй дазволы выдаюцца для збору матэрыялаў пад канкрэтную навуковую тэму, якая выконваецца даследчыкам.

Але існуе яшчэ і чатвёртая форма дазволу на правядзенне палявых работ. Прычым гэтая форма, як і першая, прэдугледжвае ўсе віды палявой дзейнасці. У чым тады розніца? Справа ў тым, што акрамя палявых навукова-даследчых работ у практыцы работ археолагаў існуюць яшчэ работы ахоўныя або выратавальныя.

Што гэта за работы? Гэта работы, якія звязаны з даследваннямі (найперш раскопкамі) на тых археалагічных помніках, якім пагражае знішчэнне у выніку розных гаспадарчых работ: рыццё катлавана пад фундамент пабудовы, пракладка камунікацый, газа і нафтаправода і інш. Часам такія работы ўзнікаюць спантанна. У кароткі тэрмін неабходна правесці тады раскопачныя работы. У такім разе для атрымання дазволу на гэтыя віды работ даследчыку не трэба пісаць навуковае абгрунтаванне для атрымання дазволу, як гэта робіцца для папярэдніх формаў.

Фінансуе правядзенне ахоўных, выратавальных раскопак установа, якая праводзіць у зоне размяшчэння помнікаў археалогіі будаўнічыя работы. Правядзенне ахоўных выратавальных работ з’яўляецца прэрагатывай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і даручаецца вопытным спецыялістам.

Археалагічныя разведкі. Археалагічная разведка – гэта від палявой дзейнасці археолага, накіраваны на выяўленне і фіксацыю (апісанне, фатаграфаванне, складанне плана) помнікаў археалогіі з мэтаю іх увядзення ў навуковы абарот, узяцця пад ахову дзяржаўнымі органамі і, пры неабходнасці (у навуковых ці ахоўных мэтах), іх вывучэння шляхам раскопак. Археалагічным разведкам, як дарэчы і іншым відам палявых работ, павінна папярэднічаць азнакамленне з літаратурнымі крыніцамі па рэгіёну, які падлягае археалагічнаму абследванню. У ліку такіх літаратурных крыніц могуць быть матэрыялы, у якіх адлюстраваны паведамленні пра гэтыя помнікі як паводле апытванняў мясцовага насельніцтва, так і вынікі абследванняў вашых папярэднікаў: археолагаў, краязнаўцаў і інш. Перад пачаткам правядзення археалагічных разведак неабходна ўзброіцца падрабязнай картай рэгіёна раёна ці некалькіх раёнаў. Звычайна гэта карта паўкіламетроўка ці нават складзеная ў маштабе двесці пяцьдзесят метраў, на якой нанесены ўсе існуючыя населеныя пункты, рэчкі і нават некаторыя ўрочышчы. Пажадана мець і больш даўнюю карту (па магчымасці даваеннага ці дарэвалюцыйнага часу), на якой могуць быць нанесены паселішчы, якія на сёння ўжо не існуюць, але якія могуць быць адлюстраваны у пісьмовых крыніцах вашых папярэднікаў, пры якіх маюцца ці меліся археалагічныя помнікі. Неабходнымі атрыбутамі даследчыка ў археалагічных разведках з’яўляюцца, зразумела, компас, фотаапарат, сшытак або нататнік для запісаў, шарыкавая ручка, аловак, лінейка, гумоўка,сцізорык, сапёрная рыдлёўка, пакеты для збору знаходак, ліхтарык, асабістыя дакументы і іншыя неабходныя у палявых умовах даследчыку рэчы.

Археалагічная разведка можа праводзіцца пешшу (і гэта найчасцей адбываецца у практыцы) і на транспарце. У першым выпадку даследчык мае магчымасць падрабязна праводзіць росшукі на адносна невялікай тэрыторыі, напрыклад, выяўляць і фіксаваць селішчы, прыходзячы дзесяткі кіламетраў, збіраць пад’ёмны матэрыял. У другім выпадку навуковым абследаваннем можна ахапіць значна шырэйшы рэгіён, але пры гэтым падрабязнасць назірання не будзе ўжо такой пільнай.

Напрыклад, вы збіраецеся абследваць адзін з раёнаў Беларусі для складання археалагічнай карты гэтага рэгіёна. У вас ёсць некаторыя літаратурныя звесткі пра археалагічныя помнікі у гэтым раёне паводле літаратурных крыніц. Вам трэба праверыць гэтую інфармацыю і дапоўніць (калі гэта магчыма) новымі звесткамі. Вы прыязжаеце у населены пункт раёна, каля якога, паводле літаратурных крыніц, маюцца помнікі археалогіі. Вам неабходна ўдакладніць літаратурныя звесткі інфармацыяй мясцовых жыхароў, якія, дарэчы, могуць дапамагчы вам у росшуках помнікаў. З уласнай практыкі раім звяртацца да старажылаў, мужчын сталага веку. Жаночая частка вясковых паселішчаў бывае з недаверам адносіцца да нетутэйшага чалавека (спрацоўвае элементарная бяспека на побытавым узроўні). Помнікі археалогіі ў розных рэгіёнах Беларусі могуць мець свае уласныя, спецыфічныя назвы. Так курганы ў Паўночнай Беларусі могуць называцца валатоўкамі, а ў Цэнтральнай Беларусі – капцамі, шведскімі або французскімі магіламі. Старажытныя гарадзішчы сярод мясцовага насельніцтва бытуюць, як правіла, пад уластнымі назвамі: гарадзішча, гарадзец, гарадок, замак, замчышча. Зрэдку «Шведская гара» ў Ваўкавыску, «Акоп» у Клецку і інш. Свяцілішчы могуць мець назву «Царковішча», «Папова гара», «Чортава гара», «Лысая гара», «Дзявочая гара» і шмат іншых назваў.

Адшукаўшы патрэбны вам помнік, напрыклад курганную групу, неабходна яе зафіксаваць. Дзеля гэтага неабходна зрабіць яе апісанне, скласці план яе размяшчэння і сфатаграфаваць. Апісанне робіцца ў сшытку – палявым дзёніку. Дзённікі павінны быць падпісаны, дзе ўказваюцца прозвішча і імя яго ўладальніка, кантактныя тэлефоны і адрас, прызначэнне дзённіка. Напрыклад: «Палявы дзённік археалагічных разведак, якія праводзіліся (напрыклад) у Ўздзенскім раёне ў 2010 годзе» і далей прозвішча і імя даследчыка». «У выніку згубы прашу паведаміць па тэлефоне (і ўказаць нумар кантактнага тэлефона)».

Апісанне выяўленай курганнай групы робіцца па наступнай схеме. Указваецца від археалагічнага помніка – у дадзеным выпадку курганы. Месца размяшчэння: указваюцца населеныя пункты – вёскі (як правіла, дзве), каля якіх гэтыя курганы знаходзяцца. Указваецца адлегласць да гэтых вёсак і накірунак свету. Указваюцца ўрочышча і мясцовая назва помніка. Але прывязка, назва, пад якой помнік увойдзе у навуковы зварот, робіцца да бліжэйшага да помніка паселішча, ці калі гэтае паселішча на грані знікнення, мэтазгодней тады зрабіць прывязку да буйнога паселішча. Затым можна перайсці да апісання самога помніка. Тут указваюцца колькасць курганоў у групе, іх размяшчэнне адносна адзін аднаго, (хаатычна ці ў пэўным парадку,напрыклад, выцягнуты ланцужком у лінію ці дзве лініі), указваюцца вышыня курганоў ад іх асновы да вяршыні, дыяметр у аснове. Адзначаецца, калі гэта можна прасачыць, западзіны на вяршыні кургана, равочкі наўкола курганоў, каменная абкладка паверхні курганоў (калі яна, зразумела, маецца) і памеры гэтых камянёў. Указваецца ступень захаванасці помніка, цэлы ці пашкоджаны. Адзначаецца наяўнасць расліннага пакрыву: дрэў, кустоў, на саміх курганах ці побач з імі. Усе гэтыя сведчанні могуць у далейшым мець значэнне пры правядзенні даследванняў на гэтым помніку. І па завяршэнні апісання можна зафіксаваць паданні (зразумела, калі яны існуюць), звязаныя з гэтым помнікам. Часам гэтыя паданні выглядаюць фантастычна, але тым не менш, і яны маюць пэўную цікавасць для даследчыкаў. Пасля апісання помніка, у дзённіку мэтазгодна скласці сітуацыйны план гэтага помніка. На плане, зробленым прама ў палявым дзённіку, сімваламі пазначаецца курганная група, паселішча побач з ёю, рэльеф мясцовасці, указваецца накірунак свету і адлегласць да населеных пунктаў (гл. малюнак).

Такую работу можна праводзіць і з вучнямі ў рэчышчы работы археалагічнага гуртка. А вынікі такой работы можна публікаваць у раённай перыёдыцы – справа карысная для вашых паслядоўнікаў, хто будзе вывучаць археалагічныя помнікі.

Прыкладна па такой жа схеме можна зрабіць апісанне і гарадзішча. Але тут трэба ўказаць наступнае. Дзе гарадзішча размешчана: на мысе, на востраве, на прыроднай выспе. Назва вадаёма: рэчкі ці возера, якія маюцца ля гарадзішча. Параметры гарадзішча: яго вышыня, памеры пляцоўкі па лініі поўнач-поўдзень і захад-усход (можна прамерыць крокамі і перавесці затым гэтыя дадзеныя ў метры, прыблізна). Адзначыць форму пляцоўкі: трохкутная, прамавугольная, круглая, авальная. Апісаць сістэму ўмацаванняў: стромкасць схілаў у градусах (прыкладна), наяўнасць штучных умацаванняў (валоў і равоў), іх канфігурацыю і параметры. Адзначыць, дзе валы насыпаны: па краях пляцоўкі ці па схілах.

Бывае, што пляцоўка гарадзішча густа паросшая дрэвамі ці занята вясковымі могілкамі XIX – пачатаку XX стагоддзяў. Гэта трэба абавязкова пазначыць, таму што гэта істотна ўносіць карэктывы ў магчымыя даследванні помніка. На заканчэнне, можна занатаваць мясцовую назву помніка і паданні, звязаныя з ім.

Фатаграфаваць помнікі трэба з таго боку, які максімальна даносіць інфармацыю пра яго. Але абавязкова пазначыць, з якой кропкі зроблены здымак: поўдзень, захад, усход, поўнач. Няварта фатаграфаваць помнік супраць праменняў сонца. Відарыс помніка атрымаецца невыразны, цьмяны. Для маштабнага ўспрыняцця помніка можна папрасіць кагосьці стаць побач з помнікам.

Пры абследванні селішчаў на развораным полі звяртайце ўвагу на пад’ёмны матэрыял. Гэта могуць быць чарапкі глінянага посуду, кальцынаваныя косткі жывёл, крамянёвыя прылады працы і кавалачкі апрацаванага крэмяню і іншыя артэфакты. Збярыце, складзіце ў поліэтыленавы пакет і пакладзіце туды этыкетку-пашпарт помніка. У пашпарце напішыце, адкуль паходзяць гэтыя рэчы, укажыце свае прозвішча і год абследвання помніка.

Пры агаленні культурнага слою ў абрыве берага ракі, размытага вадою яра, будаўнічага катлавана ці траншэі, можна зачысціць рыдлёўкаю ўчастак гэтага слою – зрабіць так званую стратыграфічную калонку. Апішыце ў сваім дзённіку таўшчыню культурнага пласту, яго колер і склад. Калі вам трапляюцца знаходкі з гэтага пласту, сабярыце іх у пакецік і забяспечце іх навуковым пашпартам. Вось асноўныя віды палявых работ, якія звычайна робіць даследчык пад час правядзення археалагічнай разведкі.

Археалагічныя раскопкі. Яшчэ на пачатку ХХ ст. вядомы расійскі археолаг А.А. Спіцын адзначаў: «Раскопкі не спорт і не забаўка; гэта сур’ёзная праца, часам цяжкая і заўсёды адказная». Амаль праз сто гадоў гэтую думку дапоўніў другі вядомы расійскі археолаг А.А. Фармозаў. Па яго словах «… раскопки […] не самоцель, не развлечение, а научная работа, направленная на добывание надёжных исторических источников». Апошнія словы гэтага сказа і раскрываюць асноўную, навуковую мэту археалагічных раскопак. Па словах таго ж даследчыка «Не в том суть, что ты выкопал, а в том, что благодаря твоим раскопкам удаётся понять в далёком прошлом». «Древности – не диковинка, не раритет, а один из исторических источников», – працягвае ён далей.

Як немагчыма, па словах антычнага філосафа Геракліта, двойчы увайсці ў адну і тую ж рэчку, так немагчыма нанава раскапаць раскапанае. Раскопваючы помнік – мы назаўсёды яго знішчаем. Вось чаму справа раскопак археалагічных помнікаў вельмі адказная і патрабуе ад даследчыка бездакорлівай рэпутацыі у справе раскопачных работ. Праўда, і для гэтага пастулата, нажаль, існуюць выключэнні.

Раскопкі паселішчаў. Археалагічным раскопкам, як і разведкам, павінна папярэднічаць азнаямленне з літаратурнымі крыніцамі. Напрыклад, вы збіраецеся праводзіць раскопкі ў адным са старажытных гарадоў Беларусі. Вы вывучаеце летапісныя звесткі пра гэты горад: першая згадка пра яго ў летапісе, палітычная прыналежнасць яго да таго ці іншага княства, іншыя падзеі – напрыклад, прыродныя катаклізмы, пажары, напад ворагаў…

Вы знаёміцеся з малюнкамі і гравюрамі XVI – XVII стст., планамі XVIII – XIX стст., фотаздымкамі XIX пачатку XX стст., па якіх можна прасачыць складаючыя часткі яго гістарычнай тапаграфіі: дзяцінец – Верхні замак, пасад – вакольны град – Ніжні замак, храмы і іншыя мураваныя пабудовы таго часу, якія дапамогуць вам арыентавацца на мясцовасці сёння.

Калі раскопкі на гэтым помніку праводзіў хтосці да вас – безумоўна ваш абавязак азнаёміцца з вынікамі гэтых работ. Вельмі пажадана перад пачаткам раскопачных работ пагутарыць са старажыламі, якія пражываюць ці некалі пражывалі ў гістарычнай частцы гэтага горада, дзе вы збіраецеся праводзіць раскопкі. Яны маглі быць сведкамі земляных, будаўнічых работ у гістарычнай зоне горада і могуць падзяліцца сваімі назіраннямі: адзначыць прыкладную таўшчыню культурнага пласту у гэтым месцы, паведаміць пра знаходкі, калі апошнія мелі месца і г.д. Не выключана, што гэтыя знаходкі, ці нейкая частка з іх, трапіла у мясцовы музей і ваш абавязак таксама азнаёміцца з гэтым матэрыялам.

Гарады, паводле існуючай методыкі, вывучаюцца раскопкамі шырокай плошчай, паколькі менавіта на шырокай плошчы раскопа мажліва прасачыць планіроўку і забудову тагачаснага горада, даць найбольш верагодна правільнае тлумачэнне рэшткам старажытных канструкцый, якія могуць сустрэцца ў раскопе. Але перад тым, як разбіць раскоп шырокай плошчаю, мэтазгодна закласці шурф. Што такое шурф і якое яго прызначэнне у палявых работах археолага?

У горнай справе словам шурф (ад нямецкага schurf) – называюць вертыкальную выпрацоўку малога сячэння на невялікую глыбіню, зробленую у грунце для вывучэння складу пароды. У археалогіі пад гэтым паняццем абазначаюць невялікі, пробны раскоп, плошчаю ад 1 да 16 м2 з мэтаю высвятлення стратыграфіі помніка. Шурф павінен быць зарыентаваны гранямі па баках свету, мець правільную чатырохкутную форму, распрацоўвацца ўручную, рыдлёўкаю паслойна. Не выключана, што у гістарычнай зоне горада, дзе збіраецеся праводзіць раскопкі, у мінулыя гады праводзіліся пэўныя работы па добраўпарадкаванню і культурны пласт у гэтым месцы можа быць перакрыты слоем пяску, гравія, будаўнічага друзу. Слой такога паходжання ў археалогіі называюць баластным слоем ці проста баласт – ад англ. ballast, якім у будаўнікоў абазначаецца пласт шчэбню, гравія або пяску, насыпанага паўзверх землянога палатна, для мацавання шпал рэйкавай дарогі. Часам такі баласт можа дасягаць таўшчыні пару – другую метраў. У такім разе дадзеныя па яго таўшчыні дапамогуць вам пазбегнуць марнай траты сіл, часу і сродкаў на яго распрацоўку ўручную па ўсёй плошчы раскопа. Гэты пласт можна зняць з дапамогаю тэхнікі.

Гадоў 20–30 таму і культурныя напластаванні першай паловы ХІХ–пал. ХХ стст. лічыліся баластам і іх здымалі з дапамогаю тэхнікі. А ў больш ранейшыя часы хто-ніхто з археолагаў за баласт лічыў тады і напластаванні 14–17 стст. і здымаў іх з дапамогаю бульдозера. Цяпер і да напластаваннняў ХІХ–пал. ХХ стст. праяўляецца ўвага, паколькі і яны могуць даць некаторую інфармацыю па гісторыі тагачаснай матэрыяльнай культуры.

Шурф, калі ў ім не сустрэлі рэшткі канструкцый, можна пры магчымасці давесці да матэрыка. Дадзеныя па таўшчыні культурнага пласту дапамогуць вам спланаваць ваш аб’ём работ, вызначыцца па часе і сродках, адпушчаных на раскопкі. У выніку, калі ў шурфе сустрэты рэшткі старадаўніх канструкцый, распрацоўку шурфа неабходна прыпыніць і ўключыць гэты ўчастак у агульную плошчу раскопа.

Археалагічны раскоп павінен мець правільную прамакутную форму, зарыентаваны бакамі па накірунках свету. Ён павінен мець прывязку на плане да якой-небудзь стацыянарнай пабудовы, трэба ўказаць адлегласць і накірунак па частках свету ад гэтай пабудовы да раскопа. Памеры раскопа выбіраюцца даследчыкам, зыходзячы з задач па даследванню помніка, наяўнасці сродкаў, працоўнай сілы, часу і фізічных магчымасцяў самога даследчыка. Плошча раскопа разбіваецца на сетку квадратаў з дапамогай драўляных калочкаў і рулеткі. Звычайна квадраты маюць памеры 2×2 метры. Але ў асобых выпадках іх памеры могуць быць 1×1 м і 4×4 м.

Разбіўка плошчы раскопа на квадраты была ўведзена ў практыку раскопак паселішчаў у ΧΙΧ ст. англійскім археологам Артурам Эвансам, даследчыкам Крыта. З тых часоў гэта методыка выкарыстоўваецца археолагамі ўсяго свету.

Што дае разбіўка плошчы раскопа на сетку квадратаў? Найперш, і гэта галоўнае, дае фіксацыю ўскрываемых у ходзе раскопак рэшткаў старажытных канструкцый, нанясення іх у адпаведным маштабе на план. Да таго ж па квадратах і па раскопачных пластах, гаворка пра якія пойдзе ніжэй, фіксуюцца і знаходкі. Па-другое, разбіўка раскопа на сетку квадратаў дапамагае планаваць штодзённыя работы і размяркоўваць гэтую працу сярод рабочых.

Перад пачаткам распрацоўкі культурнага пласту неабходна нанесці раскоп з сеткаю квадратаў на план. Апошні можа быць выкананы ў маштабе 1:20 ці 1:40, гэта значыць 1 см на плане адпавядае 20 ці 40 см на мясцовасці. Квадраты павінны мець скразную нумарацыю. Лічбу 1 звычайна мае квадрат паўночна-заходняга кута раскопа. Далейшая нумерацыя сеткі квадратаў ажыццяўляецца злева на права. Апошні нумар у сетцы квадратаў мае квадрат размешчаны ў паўднёва–усходнім куце раскопа.

Затым дзённая паверхня раскопа на квадратах нівеліруецца, гэта азначае – замяраецца няроўнасць рэльефу дзённай паверхні з дапамогаю спецыяльнага прыбора – нівеліра.

Нівелір – ад французскага niveler – выраўноўваць, гэадэзічная прылада для вызначэння розніцы вышынь пунктаў зямной паверхні пры геаметрычным-гарызантальным візіраванні з дапамогаю самаго прыбора і нівеліровачнай рэйкі. Вызначаныя з дапамогаю нівеліра няроўнасці рэльефа дзённай паверхні пераносяцца на план раскопа.

Нівеліроўка дзённай паверхні адбываецца адносна ўмоўнай нулявой адзнакі, нанесенай на рэпер. Рэпер – ад французскага слова repere – геадэзічны знак, замацаваны на мясцовасці (слуп, рэйка, кут стацыянарнага будынка), які служыць апорнай ці зверачнай кропкаю пад час нівеліраўкі. Рэпер – велічыня пастаянная на ўсе часы правядзення раскопак на помніку.

Пасля гэтага пачынаецца распрацоўка культурнага пласту. Распрацоўка пласту ажыцяўляецца ўручную, рыдлёўкаю. У асаблівых выпадках, калі гэта неабходна, карыстаюцца ножыкам, саўком, пэндзлем, напрыклад пры расчыстцы жытла, печы. У распрацоўцы пласту ўдзельнічаюць як правіла тры чалавекі. Адзін з групы ўскопвае грунт на глыбіню да 20 см (на штык рыдлёўкі) і кладзе выбраны грунт на насілкі, дзе двое другіх, з гэтай групы, перабіраюць уручную і праглядваюць гэты грунт, выбіраюць з яго знаходкі. Прагледжаны на насілках культурны пласт выносяць з раскопа. Калі раскоп набывае глыбіню больш за 60 – 80 см, на раскопе для вынасу грунта ўстанаўліваюць трап. Ухіл трапа, ў мэтах бяспекі, не павінен быць больш за 30–40°. Пры правядзенні раскопак у гарадах, дзе таўшчыня пласту дасягае 7–8 метраў, ладзіцца цэлая сістэма такіх трапаў.

Распрацоўка культурнага слою вядзецца пластамі таўшчынёю па 20 см. Пласты маюць нумерацыю. Так, першы пласт мае таўшчыню ад 0 да 20 см, другі – ад 20 да 40 см, трэці – ад 40 да 60 см і г.д. Таўшчыня культурнага пласту кантралюецца з дапамогай нівеліра. Папластовая распрацоўка культурнага слоя неабходная для дакладнай фіксацыі разначасовых напластаваняў, рэшткаў канструкцый і, самае галоўнае, для фіксацыі знаходак з культурнага слою.

У час правядзення раскопачных работ вядзецца палявая дакументацыя археолага, вопісы знаходак, чарцяжы і планы раскопа. Палявы дзённік – гэта асноўны і галоўны дакумент археолага на раскопе. У ім падзённа, пласт за пластам, слой за слоем, апісваецца ўвесь працэс работ на раскопе. Указваюцца склад і колер культурнага пласту, апісваюцца рэшткі старажытных канструкцый, адзначаюцца важнейшыя знаходкі. Выказваюцца некаторыя папярэднія думкі навуковага абагульняючага характару.

У палявых чарцяжах і на планах фіксуюцца профілі раскопа, ускрытыя ў ходзе раскопак рэшткі старажытных збудаванняў. Пры гэтым планы робяцца ў маштабе 1:20 ці 1:40. Асобныя планы, напрыклад асобнага жытла, могуць быць выкананы і ў большым маштабе, напрыклад 1:10. На план могуць наносіцца і найбольш важная знаходкі з указаннем глыбіні іх залягання.

Пад час распрацоўкі культурнага пласту сустракаюцца знаходкі: артэфакты і экафакты. Артэфакты прынята падзяляць на дзве групы. Да першай групы адносяць знаходкі масавыя, да другой – індывідуальныя. Масавыя знаходкі – гэта тыя, якія сустракаюцца часта і ў вялікай колькасці. У гэтую катэгорыю адносяць у абсалютнай большасці чарапкі глінянага посуду. Сюды ж адносяць і экафакты – косткі жывёл, кухонныя адкіды. Да другой катэгорыі адносяць знаходкі, якія сустракаюцца не часта і ў меншай колькасці. Сюды адносяцца прылады працы, узбраенне, упрыгожаванні і інш.

Усе знаходкі на прыканцы працоўнага дня праходзяць першасную апрацоўку. Іх мыюць, прасушваюць і шыфруюць. У шыфры на знаходцы у скарочаным выглядзе указваецца назва мясцовасці, дзе праводзяцца працы, год правядзення работ і назва канкрэтнага помніка. Гэтыя дадзеныя ставяцца ў верхняй частцы дробу – лічніку, а ў ніжняй часцы дробу – назоўніку, адзначаюцца парадкавы нумар знаходкі па вопісу, затым праз рыску пішацца нумар пласта і праз косую рыску нумар квадрата. Выглядае гэта так: (КП-99,3-К) / (1-2/3), дзе КП–азначае Капыль, 99 – гэта 1999 год, год правядзення раскопак, 3-К – азначае Замак. У назоўніку пад лічбаю адзін пазначана знаходка ў вопісу, пад лічбаю 2 – нумар пласта, а пад лічбаю 3 – нумар квадрата. Знаходкі з кожнага пласта і квадрата складваюцца ў асобныя пакеты, якія таксама падпісваюцца. Калі знаходка дробная, напрыклад, пацерка ці рыбін пазванок, яна кладзецца ў асобны пакет, куды разам са знаходкаю ўкладваюць пашпарт – дадзеныя аб месцы яе выяўлення, пры гэтым падпісваецца і сам пакет.

На знаходкі складаецца вопіс. Прычым асобна на знаходкі масавыя і знаходкі індывідуальныя. У вопісе ўказваюцца парадкавы нумар знаходкі, пласт, квадрат, назва знаходкі, матэрыял вырабу, ступень захаванасці знаходкі. Запіс знаходак складаецца падзённа. Такі вопіс мае назву «Палявы вопіс знаходак». Пры канцы раскопачных работ можна скласці і «Калекцыйны вопіс знаходак». Чым ён адрозніваецца ад палявога?

У ім знаходкі падзяляюцца ўжо па матэрыяле вырабу. Напрыклад, у гэтым вопісе ёсць раздзелы: вырабы з чорнага металу, вырабы з каляровага металу, вырабы з косці, дрэва, каменю, шкла і г.д. У будучым такая градацыя знаходак значна аблегчыць работу даследчыка над археалагічнымі крыніцамі.

Пасля завяршэння распрацоўкі культурнага пласту адбываецца зачыстка мацерыка – здымаецца тонкі слой яго паверхні, каб прасачыць ямы натуральнага і штучнага паходжання, расчысціць іх і нанесці іх абрысы, а дзе трэба і профіль, на план. Паверхня мацярыка, як і дзённая паверхня раскопа, нівеліруецца паквадратна.

Неабходнай складаючай фіксацыі раскопак з’яўляеца фатаграфаванне працэсу раскопак. Сюды ўваходзяць кадры працоўнага моманту (працэсу раскопак), выгляды раскопа пасля распрацоўкі пачарговага пласту (слою), выгляды рэшткаў канструкцый, мацерыка і дзённай паверхні помніка да пачатку раскопак.

Пасля завяршэння ўсіх раскопачных работ раскоп абавязкова павінны быць засыпаны. Калі ёсць магчымасць, робіцца гэта з дапамогаю тэхнікі, каб сэканоміць сілы, час і сродкі. Пасля засыпкі плошча былога раскопа рэкультыруецца. Робіцца гэта не толькі каб надаць помніку першапачатковы выгляд, але з мэтаю захаванасці культурнага пласту і ў мэтах элементарнай бяспекі для насельніцтва.

Раскопкі пахаванняў-курганоў. Перад пачаткам раскопак курганоў неабходна зрабіць інструментальны план самой курганнай групы. Кожны курган у адпаведным маштабе павінен быць нанесены на план. Курганы на плане павінны мець парадкавую нумерацыю. На гэтым жа плане, у ніжнім правым кутку, неабходна даць кароткія звесткі пра курганы: насупраць парадкавых нумероў, пад якімі курганы пазначаны на плане, указаць іх дыяметр асновы і вышыню. На плане можна ўказаць і адлегласць паміж курганамі. Работа па складанню плана курганнай групы досыць працаёмкая, патрабуе часу, навыкаў у рабоце з геадэзічнымі прыборамі (компас, бусоль, нівелір, тэадаліт) і ўдзелу ў гэтай рабоце 2-3 памочнікаў.

Затым з гэтай групы выбіраецца для раскопак адзін (два, тры ці болей, у залежнасці ад навуковай неабходнасці) курган. На яго складаецца асобны план, у большым маштабе, чым план на ўсю групу. Сам курган з дапамогаю шнура і компаса падзяляюць на чатыры паўсферычныя сектары, строга па баках свету. Па лініі гэтых сектараў прабіваюць калочкі, лепш на адлегласці аднаго метра. Сектары кургана можна пранумараваць на плане рымскімі лічбамі: І, ІІ, ІІІ, IV, пачынаючы з паўночна-заходняга злева на права. А лініі сектараў па восі поўнач-поўдзень літарамі А-А’, па лініі захад-усход В-В’. Гэта ўсё спатрэбіцца для замалёўкі профіля насыпу кургана і фіксацыі знаходак, якія могуць трапіцца ў насыпе кургана. Пасля гэтага пачынаецца распрацоўка насыпу кургана.

Распрацоўку насыпа кургана вядуць па сектарах, размешчаных крыж на крыж, напрыклад, спачатку сегменты пад лічбамі І і IV, ці сегменты пад лічбамі ІІ і ІІІ, а затым ужо астатнія. Распрацоўку насыпу вядуць пластамі па 20 см да асновы кургана. Калі супрацьлеглыя сектары выбраны, замалёўваюць профілі насыпу кургана па лініі А-А’ (поўнач-поўдзень) і па лініі В-В’ (захад-усход).

На плане кургана вымалёўваецца і само пахаванне а таксама пазначаюцца ўсе знаходкі, што трапіліся ў насыпе кургана з указаннем глыбіні іх залягання. Само пахаванне, асабліва калі гэта трупапакладанне, дэталёва апісваеца, звяртаецца ўвага на палажэнне рук, якія могуць быць пакладзены ўздоўж тулава, скрыжаваны на грудзях ці на жываце. Вельмі істотнае значэнне мае арынціроўка пахавання. Напрыклад, кананічная хрысціянская, галавою на захад, ці мерыдыяльная, галавою на поўнач, або галавою на ўсход. На думку некаторых даследчыкаў, гэта можа служыць індыкатарам пры вызначэнні этнасу. Так, пахаванне па кананічнаму праваслаўнаму абраду, галавою на захад, звязваюць са славянамі, галавою на ўсход – з балтамі, галавою на поўнач – фіна-уграмі. Безумоўна, гэта небездакорнае сцвярджэнне, але ў большай ці меншай ступені адпавядае рэчаіснасці. Вельмі важна адзначыць і адхіленні ў арыенціроўцы ў градусах, гэта дапамагае, па існуючай методыцы, вызначыць прыблізна месяц пахавання. Само пахаванне не толькі наносіцца на план, але і падрабязна фатаграфуецца. Касцяк пахаванне (і гэта ў некаторым сэнсе можна сказаць «нажаль») забіраецца для яго вызначэння спецыялістамі: антраполагамі, медыкамі, стаматолагамі і інш. Яны могуць вызначыць пол і ўзрост памерлага, і тыя хваробы, на якія пакутваў чалавек. Калі чалавек загінуў у бойцы пад час нападу ворага і на касцяку шкілета ёсць сляды ран, нанесеных зброяй, судмедэксперты могуць прыкладна вызначыць тып зброі: колючага, рэжучага (дзіда, меч, шабля, сякера) ударнага дзеяння (булава, кісцень).

Раскопкі кургана карысна праводзіць разам з раскопкамі прылягаючай тэрыторыі. Па-першае, пры гэтым можна, ў шэрагу выпадкаў, прасачыць раўкі вакол кургана, ці сляды кастрышча – рытуальнага вогнішча, калі гэта прысутнічала ў пахавальным абрадзе.

Пасля таго як раскапаны, напрыклад, сектары І і IV і замаляваны профілі кургана, можна раскопваць астатнія сектары. У палявым дзённіку і на профілях насыпу неабходна дэталёва адзначаць усе праслойкі зямлі: гумусу, вугля, попелу, лінзы рознакаляровага пяску ці суглінку, камяні. Усе гэтыя дадзеныя змогуць быць запатрабаваныя для рэканструкцыі пахавальнага абрада.

Пасля завяршэння раскопак курган неабходна аднавіць. Прычым пастарацца максімальна надаць яму той выгляд, які ён меў да раскопак. Робіцца гэта для захавання гістарычнага ландшафту помніка. У верхняй частцы пасыпу, прыблізна на глыбіні 40-60 см, трэба закапаць капсулу (лепш за ўсё поліэтыленавую бутэльку, якая ў зямлі можа захоўвацца доўгія дзесяцігоддзі) з запіскаю. У апошняй трэба ўказаць год раскопак, назву ўстановы, што праводзіла раскопкі, прозвішча аўтара раскопак. На агульным плане курганнай групы, курган, што быў раскапаны, пазначаецца спецыяльным сімвалам – дзвумя косымі перакрыжаванымі лініямі. Робіцца гэта для таго, каб наступныя пакаленні даследчыкаў, валодаючы такой інфармацыяй, не рабілі марнай работы – раскопваючы ўжо раскапаны курган.

Археалагічныя даследванні: разведкі і раскопкі праводзяцца навукова-даследчымі падраздзяленнямі. Да ліку такіх падраздзяленняў адносяцца археалагічныя экспедыцыі, атрады і групы. Кожнае з гэтых падраздзяленняў мае свае навуковыя мэты і задачы.

Археалагічная экспедыцыя, атрад, група. Археалагічная экспедыцыя – гэта форма правядзення навукова-даследчых работ па вывучэнню і выяўленню археалагічных помнікаў у палявых стацыянарных (раскопкі) і маршрутных (разведкі) умовах. Складаецца з археалагічных атрадаў і археалагічных груп, якія фарміруюцца ў адпаведнасці з тэматычнымі планамі навукова-даследчай установы, што арганізуе археалагічную экспедыцыю.

У склад экспедыцыі ўваходзяць кіраўнік і яго намеснік, навуковыя супрацоўнікі (штатныя і пазаштатныя), лабаранты, чарцёжнік, фатограф і інш. (усяго каля 20 чалавек). У Беларусі для правядзення палявых работ кіраўнік атрымоўвае ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дазвол або Адкрыты Ліст. Для правядзення земляных, раскопачных работ набіраюцца рабочыя. Як правіла гэта старшакласнікі з бліжэйшых да помніка мясцовых школ або студэнты вышэйшых навучальных устаноў, якія праходзяць археалагічную практыку. Экспедыцыя, атрады і групы забяспечваюцца адпаведнымі прыладамі, рыштункам і абсталяваннем. Абавязкі і размеркаванне работ у экспедыцыі рэгламентуе Інструкцыя аб правядзенні палявых работ. Так, начальнік археалагічнай экспедыцыі кіруе ўсёй навуковай дзейнасцю экспедыцыі, кантралюе ўсе аспекты яе дзейнасці: навуковую, фінансавую, бытавую. Менавіта ён выбірае ўчастак для правядзення раскопак, менавіта ён нясе поўную адказнасць за весь працэс раскопак, фіксацыю ўскрываемых старажытных аб’ектаў і выяўляемых артэфактаў. Ён размяркоўвае работу сярод сваіх супрацоўнікаў, нясе адказнасць за тэхніку бяспекі, кантралюе афармленне фінансавых дакументаў, прадастаўляе, па неабходнасці, звесткі для сродкаў масавай інфармацыі і мясцовых органаў улады. У Беларусі археалагічныя экспедыцыі ладзяць у асноўным Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Брэстскі, Магілёўскі, Гомельскі і Полацкі дзяржаўныя універсітэты, Магілёўскі і Гомельскі абласныя краязнаўчыя музеі. У былыя часы такія экспедыцыі ладзілі Гродзенскі дзяржаўны універсітэт і Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт, Белрэстаўрацыя. Археалагічная экспедыцыя можа ахопліваць сваёй увагаю досыць вялікую групу помнікаў як сінхронных, так і розначасовых, альбо праводзіць шматгадовыя даследванні на адным помніку. У склад экспедыцыі ўваходзяць атрады і групы.

Археалагічны атрад – гэта навукова-даследчае падраздзяленне ў складзе археалагічнай экспедыцыі з 4-х і болей супрацоўнікаў пад кіраўніцтвам начальніка атрада. У складзе экспедыцыі гэта падраздзяленне можа вывучаць групу сінхронных ці розначасовых помнікаў, альбо адзін буйны археалагічны комплекс, які патрабуе шматгадовых палявых даследаванняў.

Археалагічная група – гэта навукова-даследчае падраздзяленне ў складзе археалагічнай экспедыцыі або атрада з 2-3 супрацоўнікаў, падначаленых кіраўніку групы. Аб’ектам вывучэння групы можа быць адзін археалагічны помнік або група адначасовых помнікаў на адносна невялікай тэрыторыі. Фінансуе работу гэтых падраздзяленняў (за выключэннем экспедыцый ВНУ) Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, калі гэтыя работы звязаны з навуковаю планавай тэматыкай. Фінансаваць гэтыя работы можа музей і іншыя ўстановы, калі раскопачныя работы праводзяцца па іх просьбе. У гэтым выпадку археалагічныя даследванні пераходзяць у разрад гаспадарча-дагаворных і, як правіла, носяць ахоўны ці выратавальны характар.

Своесаблівыя і шматпланавыя функцыі ў палявых умовах выконвае археалагічная практыка, якая праводзіцца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

Археалагічная практыка. Палявыя даследванні помнікаў археалогіі праводзяцца і ў форме летняй, выязной археалагічнай практыкі.

Археалагічная практыка – гэта вучэбна-метадычны курс, які прадугледжваецца Адукацыйным стандартам альбо праграмаю для студэнтаў гістарычнага факультэта ВНУ, зацверджаных міністэрствам адукацыі. У Беларусі архелагічную практыку праводзілі і праводзяць Беларускі дзяржаўны універсітэт, Брэстскі універсітэт імя А. Пушкіна, Гомельскі універсітэт імя Ф. Скарыны, Гродзенскі універсітэт імя Я. Купалы, Віцебскі універсітэт імя П. Машэрава, Магілёўскі універсітэт імя А. Куляшова, Полацкі і Мазырскі універсітэты. Да 2005 г. выязная археалагічная практыка ладзілася і ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Да 1991 г. археалагічную практыку ў Беларусі праходзілі і студэнты з Ленінграда, Пярмі і іншых гарадоў Расіі. Паводле вучэбных праграм, на археалагічную практыку адводзіцца ад 14 да 21 дзён. Мэта археалагічнай практыкі: замацаваць тэарэтычныя веды, атрыманыя на лекцыях і семінарскіх занятках з тым, каб у сваёй далейшай працы выкарыстоўваць іх у школьным курсе на уроках і ў пазакласнай, краязназнаўчай рабоце з вучнямі. За час археалагічнай практыкі студэнты павінны авалодаць навыкамі пошуку і раскопак археалагічных помнікаў, першаснай апрацоўкі археалагічных знаходак і элеменарным навыкам вядзення палявой дакументацыі: апісанне працэсу раскопак, культурнага слою, рэшткаў канструкцыі, складанне профіля раскопу і вопісу знаходак.

Археалагічная практыка мае для студэнтаў не толькі навуковае і адукацыйнае значэнне. Яна мае несумненна і патрыятычна-выхаваўчае значэнне. Студэнты ў ачавідкі маюць магчымасць назіраць як выяўляюцца, і вывучаецца археалагічныя помнікі і, пасля пэўных даследванняў, ствараюцца крыніцы па старадаўняму перыяду гісторыі Беларусі. Менавіта археалагічная практыка падводзіць студэнтаў да думкі пра беражлівыя адносіны да гэтай катэгорыі понікаў, якія яны потым павінны даводзіць да вучняў у час сваёй работы ў школе.

Літаратура:

1. Загорульский, Э.М. Археологические поиск. Раскопки // Историческое краеведение Белоруссии: Учеб. Пособие / Ваганова А.Н., Загорульский Э.М., Космылев В.С. и др.]; Под ред. Э.М. Загорульского. – Мн.: Изд-во БГУ, 1980. С. 96-108.

2. Авдусин, Д.А. Полевая археология СССР. Учеб. Пособие. – 2-е изд., перераб. И доп. М.: Высш. Школа, 1980. – 335 с.

3. Седов, В.В. Раскопки славянских курганов и жальников // У зб.: Методика полевых археологических исследований / АН СССР. Институт археологии. М.: Изд-во «Наука, 1983. С. 56-71.

4. Розенфельд, Р.Л. Разведки и раскопки памятников железного века в лесной полосе Европейской части СССР // У зб.: Методика полевых археологических исследований / АН СССР. Институт археологии. М.: Изд-во «Наука, 1983. С. 31-39

5. Побаль Л.Д. Археалагічная разведка // У кн.: Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В.В. Гетаў і інш. – Мн. і БелЭн., 1993. С. 49.

6. Ісаенка, У.Ф., Штыхаў Г.В. Раскопкі археалагічныя // У кн.: Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл./Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В.В. Гетаў і інш. – Мн.: БелЭн, 1993. С. 535-536.

 

Пытанні для самакантролю:

1. Якія віды археалагічнай дзейнасці Вам вядомы?

2. Чым займаецца палявая археалогія?

3. Якая ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь выдае дакумент на права правядзення палявых археалагічных работ? Як гэты дакумент называецца?

4. Што такое археалагічная разведка?

5. Якое асноўнае прызначэнне археалагічных раскопак?

6. Якія навукова-даследчыя падраздзяленні ў Беларусі праводзяць археалагічныя работы ў палявых умовах?


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.016 сек.)