АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Археалагічная перыядызацыя. 5 страница

Читайте также:
  1. DER JAMMERWOCH 1 страница
  2. DER JAMMERWOCH 10 страница
  3. DER JAMMERWOCH 2 страница
  4. DER JAMMERWOCH 3 страница
  5. DER JAMMERWOCH 4 страница
  6. DER JAMMERWOCH 5 страница
  7. DER JAMMERWOCH 6 страница
  8. DER JAMMERWOCH 7 страница
  9. DER JAMMERWOCH 8 страница
  10. DER JAMMERWOCH 9 страница
  11. II. Semasiology 1 страница
  12. II. Semasiology 2 страница

Курапаты – урочышча пад Мінскам (на сёння ўжо ў межах горада) да 200 м на поўнач – паўночны захад ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна. Курапаты – месца масавых расстрэлаў. У красавіку – маі 1988 г. у лясным масіве гэтага ўрочышча былі знойдзены парэшткі людзей. У чэрвені 1988 г. створана ўрадавая камісія і пракуратурай БССР была ўзбуджана крымінальная справа. У працэсе расследвання, як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 г. было ўстаноўлена, што тут у 1937 – 1941 гг. супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі (раскопкі паказалі, што сярод расстраляных былі і жыхары рэспублік Прыбалтыкі, далучаных да СССР у 1940 г.). Пры аглядзе ляснога масіву высветлілася, што на тэрыторыі каля 30 га размешчана 510 пахаванняў, з якіх у ходзе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя парэшткі людзей, адзенне і іншыя асабістыя рэчы загінулых. Усяго ў Курапатах пахавана прыкладна 30 тысяч чалавек (па іншых падліках 100 і больш тысяч чалавек). У ходзе расследавання правяралася інфармацыя Мінскага гарадскога клуба гістарычных ведаў, што ў Курапатах нібыта ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду, у тым ліку яўрэі, дэпартаваныя з краін Заходняй Еўропы (г. Гамбург, Германія). Аднак такія звесткі адсутнічаюць у матэрыялах надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў у Беларусі ў час акупацыі. Няма такіх звестак і ў Мемарыяльным інстытуце катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства ў Іерусаліме (Палестына), пракуратуры г. Гамбурга (ФРГ) [гл. Курапаты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.4. / Беларус. Энцыкл. Мн.: БелЭН, 1997, с. 313]. У 1993 г. рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пахаванням ва ўрочышчы Курапаты нададзены статус «Гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі». Гэта адзначае, што пахавальны комплекс Курапаты ўзяты пад ахову дзяржавы і з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.

Археалагічныя раскопкі ў Курапатах праводзіліся некалькі разоў. Удзел у гэтых раскопках бралі археолагі даволі высокай кваліфікацыі, у актыве якіх быў багаты вопыт палявых работ. Гэта З.С. Пазьняк, А.В. Іоў, М.М. Крывальцэвіч, Л.У. Калядзінскі, В.Я. Кудрашоў, А.А. Мяцельскі. Па выніках гэтых раскопак складаліся навуковыя справаздачы аб праведзеных работах, якія абмяркоўваліся на пасяджэннях археалагічных аддзелаў, зацвярджаліся і паступалі ў архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

Што паказалі раскопкі ў Курапатах? Пахаванні ўзніклі ў другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя і працягвалі папаўняцца новымі пахаваннямі да 1941 г. Знешне, на сучасны стан, яны маюць выгляд і западзіны чатырохкутняй формы з закругленымі вугламі западзіны памерамі прыкладна 3x4 м і на глыбіню 0,5x0,6 м. Зрэдку сустракаюцца пахавальныя ямы, дзе даўжыня аднаго з бакоў каля 10 м, а глыбіня магільных ям ад 2 да 2,75 м. Колькасць нябожчыкаў у адной магільнай яме магла быць ад 2–3 дзесяткаў да паўтары сотні і больш. Пад час раскопак было сабрана больш за тры сотні чарапоў, косткі шкілетаў, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага металаў. Выяўлены асабістыя рэчы – расчоскі, грабяні, мыльніцы, зубныя шчоткі, кашалькі, у якіх раз пораз сустракаліся дробныя грошы – манеты савецкай чаканкі 1931–1938 гг., партмане, рэшткі вопраткі і абутку: боты, гумавыя галёшы, чаравікі. На некаторых клеймы: «Красный Богатырь», «ВСНХ» і інш. Усе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва. Характар і наменклатура знойдзеных рэчаў сведчыць, што пахаваныя збіраліся ў далёкую дарогу і родны дом яны пакінулі незадоўга да смерці. Гэта наводзіць на думку, што людзі былі расстраляны без суда і яны не адбывалі працяглага зняволення. Пахаваныя ў розных могілах характарызуюцца розным бытавым узроўнем, паходзяць з розных мясцін Беларусі. Напрыклад, сустракаюцца рэчы польскай вытворчасці – сведка, што забітыя былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. Зрэдку сустракаюцца і рэчы прыбалтыйскай вытворчасці – абутак з кляймом «Riga». Большасць нябожчыкаў, мяркуючы па прадметах індывідуальнага карыстання, належала да дэмакратычнага кола насельніцтва: сяляне, рабочыя, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя (акуляры, мадэльныя чаравікі).

Ёсць выпадкі, калі сярод пахаваных (асобныя ямы) сустракаліся прадстаўнікі высокага соцыуму. Доказам таму, знаходкі ў магілах скураных паліто – «кожанок», зубных мастоў з жоўтага металу. У некаторых памерлых рукі былі закладзены за спіну і звязаны (магчыма, што гэтыя людзі маглі аказаць супраціўленне). Усе пахаваныя былі забіты стрэламі ў галаву (у асноўным у патыліцу) з савецкага рэвальвера сістэмы «Наган» (да 94 % ад усіх выяўленых раскопкамі гільз), зрэдку – з пісталета «ТТ» (Курапаты: Артыкулы, навуковая справаздача, фотаздымкі. Мн.: НВК «Тэхналогія», 1994). Немалаважны факт – усе забітыя – дарослае насельніцтва (мужчыны і жанчыны) і ні аднаго дзіцячага (дзіцячыя пахаванні, як вядома, нярэдкая з'ява ў карных акцыях войскаў вермахта і іх пасобнікаў). Было знойдзена некалькі гільз ад пісталетаў сістэм «Браунінг» і «Вáльтэр», што дало падставы некаторым апанентам бачыць тут нямецкі след, у прыватнасці расстрэл прывезеных сюды з Гамбурга яўрэяў*.

У 1994 г. у прэзідэнцкую адміністрацыю ад Мінскага гарадскога клуба гістарычных ведаў паступіў зварот з просьбай правесці новае следства, каб выключыць якія б то ні было крыватолкі ў справе загінулых у Курапатах. Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка пераадрасаваў пісьмо ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь, з рэзалюцыяй, у якой падкрэсліў выключную важнасць пастаўленага пытання і даручыў «… Дать наконец реальную государственную оценку...» [гл. Смолянко А. Куропаты: следствие продолжается // Во Славу Родины. 1996, 15 февраля]. I ў маі 1998 г. былі праведзены ўжо чацвёртыя па ліку даследаванні ў Курапатах.

Узначаліла работы ваенная пракуратура Рэспублікі Беларусь, канкрэтна – старшы памочнік ваеннага пракурора В.Г. Сомаў. Былі запрошаны следчы мінскай міжраённай пракуратуры Э.Койра, следчы следчага аддзела УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці У.Мяцельскі, галоўны эксперт-крыміналіст Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС Л. Трыпуцень, намеснік начальніка Дзяржаўнай службы судова-медыцынскіх эксперыз В. Кузьмічоў, загадчык Цэнтральнай медыка-крыміналістычнай лабараторыі Галоўнага бюро судмедэкспертызы А. Ляўковіч, судмедэксперты А. Горнаеў і Г. Бурсін, начальнік аднаго з вядучых аддзелаў упраўлення інжынерных войскаў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь С.Лучына, археолагі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады і грамадскіх камісій. Непасрэдна ж раскопачныя работы праводзіліся вайскоўцамі тэрміновай службы пошукавай роты 52-га Асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, якія займаюцца пошукавымі і раскопачнымі работамі пахаванняў удзельнікаў Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама месцаў гібелі ахвяр рэжыму таталітарызму (Kpaпивин С. Курапаты: следствие № 4 // Советская Белоруссия. 1998. 22 мая).

Што істотна новага далі гэтыя раскопкі ў параўнанні з мінулымі? Менавіта пад час гэтых раскопак артэфакты перасталі быць нямымі сведкамі тых драматычных падзей, а загаварылі ўголас. Як гэта адбылося?

Раскопкі. Салдаты спецбатальёна дастаюць з пахавання стрэляныя гільзы патронаў савецкай вытворчасці. Паказваюць іх прадстаўніку грамадскай суполкі «Память» У.Корзуну. Той, «ничтоже сумняшеся», гаворыць: «Это немцы стреляли нашими патронами, экономя свои...» Праз колькі часу салдаты працягваюць знойдзеныя імі савецкія манеты, чаканкі 1937 – 1938 гг. Той жа чалавек працягвае: «Это немцы заметали следы своего злодеяния, подсыпая убитым советские деньги». Гэта сцвярджэнне будзе выглядаць яшчэ болып абсурдным, калі ўспомніць, што нацысцкая Германія не дапускала нават і думкі, што нехта будзе рабіць рэвізію іхным учынкам. Але няхай...

Нарэшце, у рукі раскопшчыкаў, а затым і археолагаў трапляецца скураное партмане. Адкрываем бумажнік, там паперка, складзеная акуратна ў чатыры столкі. Эксперт-крыміналіст, падпалкоўнік МУС, асцярожна пінцэтам разгортвае паперку. Некалькі радкоў, зробленых простым алоўкам. Уважліва чытаем надпіс: «Квитанция дана гражданину Мовше Крамеру, что ценные вещи и деньги изъяты. 10 июня 1940 год». Маёр Сомаў пазірае на прадстаўніка грамадскай суполкі і прамаўляе: «Ну вот, немцы для гамбургских евреев писали справки на русском языке...»*

I як тут не ўспомніць словы вядомага нямецкага пісьменніка XIX ст. Генрыха Лаубе: «Археолагі выкопываюць з зямлі гісторыю, якую закапалі палітыкі».

Пытанні для самакантролю:

1. Якія з навук адносяцца да ліку дакладных, прыродазнаўчых і
гуманітарных? Прывядзіце па 2 – 3 прыклады на кожны з гэтых разрадаў.

2. Як археалогія звязана з матэматыкай?

3. Прывядзіце прыклады супрацоўніцтва фізікаў і хімікаў з археолагамі.

4. Якія сувязі ў навуковым супрацоўніцтве існуюць паміж археолагамі і
біёлагамі?

5. Прывядзіце прыклады навуковага супрацоўніцтва археолагаў і медыкаў.

6. Як археалогія стасуецца з педагогікай? Раскрыйце гэта на канкрэтным археалагічным матэрыяле.

7. Як археалогія і гісторыя ўзаемадапаўняюць адна адну? Раскрыйце
гэта на адным – двух прыкладах.

 

1. Літаратура:

2. Ваганов П.А. Физики дописывают историю / под ред. Я.А. Шера. Л., изд-во Ленинградского ун-та. Л., 1984.

3. Эйткин М.Дж. Физика и археология. / Пер. с англ. М., 1963.

4. Математические методы в археологических реконструкциях. Новосибирск, 1995.

5. Естественно-научные методы исследования культурных слоев древних поселений. М., 2004.

6. Відейко М.Ю. Археологія в Інтернеті. Киïв, 2001.

7. Калядзінскі Л.У. Прыродазнаўчыя навыкі ў гарадах Беларусі X – XIII стст. // Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя. Матэрыялы II міжнароднага кангрэса. У 3 кн. Кн. 2. Мн., 2000. с. 112 – 119.

8. Колединский Л.В. Ботанические материалы из раскопок Верхнего замка Витебска как исторический источник по виталитивной культуре Белорусского средневекового города // Ботаника (исследование): Сборник научных трудов. Вып. 35/Ин-т эксперимент. Бот. НАН Беларуси. – Мн., 2008. с. 205 – 220.

9. Франтов Г.С., Пинкевич А.А. Геофизика в археологии. Л., 1966.

10. Сидорович И.В. Использование металлодетекторов в археологических исследованиях. Защита памятников // Гістарычна-археалагічны зборнік. Інстытут гісторыі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. № 17. Мн., 2002. с. 241 – 242.

 

 

Апрацоўка артэфактаў. Навуковая справаздача аб палявых даследаваннях. Рэстаўрацыя і рэканструкцыя ў археалогіі.

Атрыманы ў ходзе археалагічных даследаванняў матэрыял для далейшага захавання і вывучэння яго спецыялістамі павінен прайсці пэўную апрацоўку. Гэта апрацоўка ўключае ачыстку і фіксацыю матэрыяла ў палявых умовах, меры па забеспячэнні яго захаванасці, лабараторную, навуковую апрацоўку матэрыялу для атрымання дадзеных у напісанні справаздачы аб палявых даследаваннях.

Ачыстка артэфактаў, выяўленых у ходзе раскопак, уключае дзве асноўныя аперацыі. Гэта мыццё і прасушка знаходак, і іх фіксацыя. Выяўленыя ў раскопках знаходкі прамываюць у вадзе, каб пазбавіць знаходкі рэшткаў культурнага пласту. Потым іх прасушваюць пад павеццю або ў цяні, каб прадухіліць уздзеянне на знаходкі прамых сонечных промняў, якое можа нанесці знаходкам шкоду. Затым гэтыя знаходкі праходзяць фіксацыю, на іх складаецца вопіс і яны забяспечваюцца навуковым пашпартам*. Затым, калі гэта неабходна, у дачыненні асобнай катэгорыі знаходак, праводзіцца першапачатковая, аператыўная кансервацыя. У першую чаргу гэта тычыцца знаходак арганічнага паходжання: вырабаў з дрэва, косці, тканіны. Наколькі важнае месца ў лёсе знаходак мае кансервацыя, відаць з выслоўя, прыведзенага ў адным з навуковых выданняў. «Раскопкі без далейшай кансервацыі», (падкрэсліна там), – «раўназначныя вандалізму» (Myseym 1975. Vol. XXVII. № 1).

Кансервацыя. Само слова «кансервацыя» паходзіць ад лацінскага – conservatio, што азначае захаванне. Нам трэба захаваць фактуру і тэкстуру знаходкі, гэта азначае форму і змест знаходкі і прадухіліць яе разбурэнне ў далейшым.

Кансервацыя бывае аператыўная і доўгатэрміновая. Аператыўная кансервацыя – гэта часовая кансервацыя, якая праводзіцца ў палявых умовах. Яна тычыцца знаходак, вырабленых з матэрыялу арганічнага паходжання: косці, скуры, тканіны, дрэва. З гэтай катэгорыі знаходак найбольш трывалыя – гэта вырабы з косці. Як правіла, іх дастаткова толькі прамыць і прасушыць. У асобных выпадках, калі гэта рэч вельмі даўняга паходжання, ёсць сэнс прапітаць яе бясколерным клеем на арганічнай аснове. Вырабы са скуры (у гарадскім культурным пласце гэта, як правіла, шматлікія рэшткі скуранога абутку) у палявых умовах прамываюць, прасушваюць і затым прапітваюць гліцэрынам, каб надаць гэтым вырабам эластычнасць, прадухіліць іх ад перасыхання і разбурэння. Гэту аперацыю можна паўтарыць адзін ці два разы ў год і ў стацыянарных умовах. Вырабы з тканіны пасля прамыўкі і прасушкі лепш за ўсё змясціць паміж дзвюма шкельцамі, замацаваўшы грані гэтых шкельцаў клейкай стужкай: скотч, пластыр, ізалента. Вырабы з дрэва, якія паходзяць з вільготнага культурнага пласту, у справе іх далейшага захавання, найменш абароненыя ў параўнанні з іншымі артэфактамі, вырабленымі з арганікі. Справа ў тым, што дрэва, як вядома, мае ў сваёй структуры капіляры, куды пранікае вільгаць. Драўніна сасны і елкі археалагічнага паходжання ўтрымлівае вільгаці ў параўнанні з сучаснай драўнінай тых жа парод у 2,5–3 разы больш. Усушка валокнаў адбываецца ў два разы інтэнсіўней. Шчыльнасць археалагічнай драўніны саступае сучаснай у 1,5 раза, а цвёрдасць – у 2 разы. Для драўніны лісцевых парод гэтыя паказчыкі будуць у некалькі разоў яшчэ бóльшыя. Усё гэта прыводзіць да таго, што драўляныя вырабы пры высыханні дэфармуюцца, трэскаюцца, крышацца, рассыпаюцца. Што неабходна зрабіць, каб захаваць гэтыя рэчы?

Вырабы невялікіх памераў можна змясціць у ёмкасці з вадой, куды варта дадаць невялікую дозу фармаліну – антысептыку, каб прадухіліць утварэнне мікраарганізмаў, якія будуць разбураць знаходку. А як быць, калі знаходка вялікіх памераў, напрыклад, дзверы пабудовы, частка воза ці лодкі? Знайсці ёмкасць вялікіх памераў для такіх знаходак у палявых умовах складана. Таму можна змясціць такую рэч у поліэтыленавы мех ці ўкруціць яе ў поліэтылен апрацаваўшы папярэдне фармалінам.

Ачыстка і кансервацыя ў стацыянарных умовах. Вырабы з каменю, за рэдкім выключэннем, не патрабуюць якіх-небудзь работ па кансервацыі. Выключэнне будзе тычыцца вырабаў з вапняку або пясчаніку, якія можна апрацаваць клеем на арганічнай аснове (спірце)*. Тое ж тычыцца і керамікі. Гліняныя вырабы перыяду сярэднявечча даволі трывалыя і не патрабуюць, як правіла, мерапрыемстваў па кансервацыі. Кераміка эпохі ранніх металаў часам крохкая, таму нярэдка патрабуе прапіткі яе клеем на арганічнай аснове (найперш бакавыя грані чарапка).

Артэфакты са шкла старадаўняга паходжання часам бываюць пакрыты пацінай. Паціна ад французскага слова patine – налёт, вокісел, які ўтвараецца на шкле і каляровым метале (медзі, бронзе, срэбры). Каб пазбавіцца плёнкі вокісла на шкляным вырабе, яго можна прамыць у растворы салянай кіслаты – HCl. А калі шкляны выраб крохкі, яго можна пакрыць тонкім слоем бясколернага клея.

Вырабы з каляровага металу, калі гэта неабходна, можна апрацаваць растворам лімоннай кіслаты. Ёсць і больш складанае хімічнае рэчыва для пазбаўлення вокісла на вырабах з каляровых металаў, гэта «Трылон-Б», хімічная формула яго C10H14O8N2Na2-2H2O. Знайсці гэтае рэчава можна у спецыялізаваным магазіне «Хімрэактывы», або папрасіць у настаўніка хіміі. Для расчысткі пары-другой медных манет, напрыклад XVIII ст., яго трэба зусім няшмат, 1–2 чайныя лыжкі.

Вырабы з чорнага металу, калі яны паходзяць з вільготнага культурнага пласту, маюць тонкую плёнку вокісла блакітна-шэрага колеру. Чорнаметалічныя вырабы, што паходзяць з сухога культурнага пласту, як правіла, маюць горшую захаванасць. Яны пакрыты тоўстым слоем іржы бурага колеру. Каб пазбавіцца гэтага вокіслу, чорнаметалічныя вырабы змяшчаюць у раствор NaOH – едкага натру. У якасці каталізатара дадаюць – цынк. Награваюць да кіпення** і вытрымліваюць некалькі гадзін. Затым артэфакты прамываюць праточнай вадой, чысцяць металічнай шчоткай, прасушваюць, апрацоўваюць тэхнічным спіртам і пакрываюць спецыяльным кансервантам. Можна ачышчаць чорнаметалічныя вырабы і метадам электроліза.

Вырабы з дрэва ў стацыянарных умовах праходзяць больш складаную ў тэхналагічных адносінах апрацоўку. У свой час прапаноўвалася шмат спосабаў кансервацыі археалагічнай драўніны: павольная сушка яе ў гіпсавых формах, пакрыццё паверхні драўлянай знаходкі бутэралем – сінтэтычным палімерам (для захавання першапачатковай вільготнасці драўніны), субліміраванне (сушка драўніны пры нізкіх тэмпературах), прапітка гліцэрынам, воскам, кіпячэнне ў алеі і г.д. Але ўсе гэтыя метады не давалі належнага плёну.

У навуковых цэнтрах краін Заходняй Еўропы вынайшлі спосаб кансервацыі археалагічнай драўніны, які аказаўся больш эфектыўны. Адным з такіх цэнтраў быў Цэнтр ядзерных даследаванняў у Грэноблі (Францыя). Археалагічную драўніну вытрымлівалі ў ваннах адпаведнага складу, дзе вада ў гэтай драўніне замяшчалася пэўным хімічным рэчывам. Затым знаходкі прапітвалі сінтэтычнымі смоламі і апрацоўвалі іх гама-промнямі. Смала, якая ўтрымлівалася ў капілярах драўніны, пад уздзеяннем гэтых промняў пераўтваралася ў палімер. Так былі, у прыватнасці, закансерваваныя рэшткі шведскага фрэгата «Ваза» ХVІІ ст., паднятага з глыбіні 32 м у 1961 г. Кансервацыя гэта доўжылася цэлых сем гадоў. У 80-я гады мінулага стагоддзя па такой прыкладна тэхналогіі былі закансерваваныя і рэшткі французскага фрэгата ХVІ ст. «Мэры Роўз».

Але замежныя тэхналогіі кансервацыі археалагічнай драўніны досыць дарагія для нашай рэчаіснасці і, да таго ж, вельмі працяглыя ў часе. І вось у Беларусі, яшчэ на пачатку 70-х гадоў ХХ ст., рэктарам Беларускага тэхналагічнага універсітэта В.Я. Віхровым быў вынайдзены сродак для кансервацыі археалагічнай драўніны, які быў і танны па кошце, і больш хуткі па тэрмінах і, самае галоўнае, даволі надзейны. У чым сутнасць гэтага метаду?

Археалагічную драўніну прапітваюць растворам феноласапіртоў – манамерам. Затым, пад уздзеяннем высокай тэмпературы, гэты манамер, якім прапітана археалагічнае дрэва, пераўтвараецца ў палімер – пластмасу. Дрэва становіцца трывалым, не губляе сваёй фактуры і захоўвае свой натуральны колер [Вихров В.Ю., Борисов В.А., Казанская С.Ю. Консервация фрагментов изделий и сооружений из археологических раскопов // Беларускія старажытнасці. Мн., 1972. с. 193 – 194, Вихров Ю.В., Борисов В.А., Казансая С.Ю. Сохранение древесины из раскопок Берестья // Советская археология. 1973. № 4. с. 277 – 279]. Гэтым спосабам былі закансерваваны тысячы драўляных вырабаў з археалагічных раскопак Ноўгарада Вялікага, Пскова, Старой Русы, Брэста, Мінска, Віцебска, Слуцка, Пазырыкскіх курганоў ІV – V стст. да н. э. у Горным Алтаі. Мала таго, у Брэсце пры раскопках гарадзішча летапіснага Берасця, гэтым спосабам былі закансерваваны ўчасткі гарадской забудовы ХІІІ ст.: дзесяткі жылых і гаспадарчых пабудоў, вулічныя маставыя і вастраколы, якія цяпер экспануюцца ў павільёне археалагічнага музея «Берасце». Ажыццявілі гэтыя работы на пачатковай стадыі іх правядзення навуковыя супрацоўнікі лабараторыі мадыфікацыі археалагічнай драўніны БТІ імя Кірава Ю.В. Віхроў, С.Ю. Казанская і У.Я. Барысаў*.

Важным элементам апрацоўкі археалагічнага матэрыялу з’яўляецца рэстаўрацыя артэфактаў. Тэрмін гэты ўтвораны ад лацінскага слова restauratio, што азначае аднаўленне. У археалогіі пад гэтым тэрмінам разумеюць паняцце, як аднаўленне частак артэфактаў,якія не захаваліся, вырабленых з сучаснага матэрыялу: гіпса, алебастра, скуры, дрэва, металу. Найбольш распаўсюджанай у археалогіі з’явай ёсць рэстаўрацыя глінянага посуду. Спачатку фрагменты глінянага посуду склейваюць, а тыя часткі посуду, якія не захаваліся, не дайшлі да археолагаў, аднаўляюць з дапамогай гіпса ці алебастра (іл.)*.

Рэканструкцыя – паняцце, блізкае да паняцця рэстаўрацыя, але мае трохі больш шырокі сэнс. Сам тэрмін утвораны ад лацінскага словазлучэння re + construction і азначае адбудова. Рэканструкцыю ўмоўна можна падзяліць на візуальную, графічную, пластычную і гістарычную.

Візуальная рэканструкцыя часам адбываецца ў даследчыка ўжо на раскопе, у працэсе работы. Пра гэты момант, яшчэ ў свой час, цудоўна сказаў мэтр айчыннай археалогіі, акадэмік Б.А. Рыбакоў: «Археологические раскопки дают возможность все время соприкасаться с подлинностью. При этом археолог всегда должен быть немного фантазером, криминалистом, потому что прошлое оставляет нам в большинстве случаев какие-то крохи. Остальное надо дополнить, домыслить. Разумеется, призываешь на помощь фантазию не ради только фантазии. Речь идет о воображении творческом, которое опирается на факты, регулируется наукой, не лишённой, впрочем, смелости, даже дерзости.

Вот я раскапываю фундамент жилища. Но у этого жилища когда-то были стены, крыша. Какие они? Иногда в раскопе попадаются кусочки позолоченной меди. И тогда сразу вырисовывается облик здания. Становится ясно, что перед нами терем, маленький, но златоверхий. Отсюда, наверное, народная фантазия черпала для своих сказок золотые терема, в которых жили добрые и злые князья» [Рыбаков Б.А. История и перестройка / Лит. запись Ю. Нечаева. – М.: Книга Б.г. (1989). – 77, (2) с. С. 47].

Рэканструкцыя графічная. Яна адбываецца ўжо ў стацыянарных умовах. Мы дакладна зафіксавалі ў раскопе рэшткі жытла, сабралі некаторыя будаўнічыя дэталі. Затым, з улікам архітэктурных асаблівасцяў, з улікам пісьмовых крыніц і этнаграфічных назіранняў можам зрабіць графічную рэканструкцыю першапачатковага выгляду жытла, умацаванняў, нават аднавіць выгляд жыхароў таго часу па дадзеных пахавальнага інвентара і вызначэння антраполагаў (іл.).

Але самае цікавае рэканструкцыя – гэта рэканструкцыя пластычная. Яна можа быць выканана як у выглядзе макета, так і ў натуральную велічыню. Прыкладам таму аднаўленне «Залатых варот» Кіева ХІ ст., паводле дадзеных археалагічных і архіўных крыніц, аднаўленне знешняга выгляду гарадзішча ранняга жалезнага веку (умацаванняў, вулічных вымастак, дамоў) у Біскупіне (Польшча), асобных пабудоў VІ – VІІІ стст. з паселішча Арайшы ў Латвіі, жытлаў ад эпохі бронзавага веку да перыяду Кіеўскай Русі ў музеі Пераяслава пад Кіевам.

Вельмі цікавую рэканструкцыю дае так званы метад гіпсавага злепка, які быў распрацаваны яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. Перадгісторыя з’яўлення гэтага метаду.

Італія. 79 год н.э. Пампеі. Везувій, 24 жніўня, вывяржэнне вулкана. 4 тысячы кубічных кіламетраў попелу вырываецца з яго нетраў і ўздымаецца на вышыню да 32 км. Па вуліцах гарадоў Пампеі і Геркуланум імчацца вогненныя рэкі лавы. Выкіды з вулкана: попел, лава – вулканічная пемза, гразь дасягае ў асобных месцах таўшчыні да 20 м. Праз пэўны час вулканічная лава астывае і робіцца цвёрдай. Мінаюць гады, праходзяць стагоддзі… І тое, што раней было чалавекам, увогуле жывой істотай ці арганічнага паходжання паступова, у нетрах гэтай лавы парахнее і пакідае пустоты (іл.).

Італія. 1860 год. Пампеі. Археолаг Джузепэ Фіарэлі праводзіць раскопкі. Ён звяртае ўвагу на гэтыя пустоты і ў яго спрацоўвае візуальная рэканструкцыя: «Вось тут ляжаў чалавек, тут загінуў пад лавай прывязаны на ланцуг сабака. Тут валяліся з перакуленага кошыка яблыкі». І ў яго ўзнікла думка: «Вось бы матэрыялізаваць гэта! Але як, якім чынам? А што, калі запоўніць гэтыя пустоты паўвадкім рэчывам, якое зацвярдзее і надасць форму?» Так і зрабілі. Не парушаючы лаву, прасвідравалі вузкую адтуліну і праз яе ўлілі ў пустку вадкі гіпс. Ён застывае. Лаву паступова разбіраюць і перад вачыма даследчыкаў чалавек, які загінуў амаль 2 тысячы гадоў таму! Прычым, відаць не толькі зборкі тканіны на адзенні, але нават грымаса твару, поўная жудасці. Паступова, амаль да апошняй хвіліны ўдалося аднавіць трагічныя падзеі таго дня.

Метад гіпсавага слепка, прапанаваны Фіарэлі атрымаў назву метаду Фіарэлі. Ён ужываецца даследчыкамі і пасёння. Праўда, замест гіпсу, цяпер ужываюць палімер, празрыстае рэчыва, якое дае магчымасць бачыць будову шкілета і рэчы, што былі на целе нябожчыка.

Да ліку пластычных рэканструкцый можна аднесці і рэканструкцыю антрапалагічную, якая чымсьці нагадвае метад гіпсавага злепка. Але што такое антрапалагічная рэканструкцыя?

У аснове гэтага метаду палягае анатамічны спосаб рэканструкцыі твару па чэрапу чалавека. Гэты метад грунтуецца на суадносінах рэльефу костак чэрапа і мяккіх тканках твару з улікам полу, узросту, расы і этнасу чалавека.

Распрацаваны гэты метад быў яшчэ ў ХІХ ст. у Заходняй Еўропе. У СССР упершыню ён быў выкарыстаны вядомым археолагам і скульптарам М.М. Герасімавым у 30 – 40-я гг. мінулага стагоддзя. Ім былі адноўлены абліччы людзей каменнага веку, у прыватнасці выканана рэканструкцыя ў поўны рост хлопчыка ўзросту 8 – 12 гадоў з пахавання эпохі мусц’е у пячоры Цешык-Таш (Узбекістан). Рэканструіраваны абліччы вядомых дзеячаў сярэднявечча: Тамерлана, Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, абліччы крывічоў і вяцічаў.

Прызнанне метаду рэканструкцыі па М.М. Герасімаву спрыяла стварэнню ў Інстытуце этнаграфіі АН СССР лабараторыі антрапалагічнай рэканструкцыі. Склалася цэлая школа рэканструкцыі. Вучні Герасімава не толькі засвоілі яго метад, але і прадоўжылі работу па ўдасканаленні прыёмаў рэканструкцыі, удакладнялі іх і аб’ектывізавалі. Якасць гэтага метаду ацанілі не толькі навукоўцы, але прадстаўнікі следчых органаў, чые заказы іншы раз даводзілася выконваць спецыялістам – антраполагам-рэстаўратарам…

У Беларусі па метаду М.Герасімава адноўлены абліччы крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў, яцьвягаў, старажытных жыхароў Навагрудка, аблічча шахцёра эпохі ранняй бронзы з пахавання ў аднае з Краснасельскіх шахтаў. Некаторыя з гэтых рэканструкцый можна ўбачыць у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Аўтары гэтых рэканструкцый: антраполаг А.І. Кушнір, этнолаг І.У. Чаквін і скульптар Л.П. Яшэнка (іл.).

Вельмі цікавую рэканструкцыю можна прывесці з аднаўленнем аблічча македонскага цара Філіпа ІІ, бацькі славутага Аляксандра Македонскага.

Так, 8-га лістапада 1972 г. непадалёк ад паселішча Тэсалёнікі, што ў Паўночнай Грэцыі (гістарычная Македонія), у пахавальным склепе былі выяўлены рэшткі памерлага. Археолагі, што вывучалі гэтае пахаванне, дапускалі думку, што гэта пахаванне магло належаць Філіпу ІІ, але цвёрдай упэўненасці не было.

Антраполагі вызначалі ўзрост памерлага: мужчына 40 – 50 гадоў. У той жа час было вядома, што цару Філіпу на дзень яго смерці было 46 гадоў. Чэрап нябожчыка быў раздроблены на шмат кавалкаў – наступствы пахавальнага агню. І спецыялістам прыйшлося шмат патраціць часу, каб сабраць яго ў адно цэлае.

Спецыялісты па пластычнай хірургіі заўважылі на чэрапе сляды загоенай глыбокай раны. Паводле пісьмовых крыніц было вядома, што яшчэ ў юнацкія гады Філіп ІІ быў паранены стралой у вока. Праз пэўны час было адноўлена аблічча македонскага цара: спачатку графічная выява, а затым ужо і пластычная. Але як было дасканала перадаць след ад ранення? Лёс прадставіў шчаслівы для навукоўцаў выпадак. Аналагічную траўму ў дні, калі ішла работа па аднаўлені абліччы Філіпа ІІ, атрымаў канадскі лесаруб. Спецыялісты тэрмінова вылецелі на месца здарэння, каб вывучыць характар ранення і ўбачыць, які след пакідае такая рана на твары. Унеслі гэтыя дадзеныя ў сваю работу. Вынікі працы супаставілі з выявамі Філіпа ІІ на манетах часу яго праўлення. Супастаўленне аказалася на карысць спецыялістаў.

Рэканструкцыя гістарычная. Гэта самая шырокая, самая абагульняючая рэканструкцыя, дзе археалогія пастаўляе гісторыкам дадзеныя для абагульняючых высноў. Праўда, не заўсёды гісторыкі пра гэта памятаюць. Канкрэтныя прыклады: На падставе якіх дадзеных пішацца гісторыя першабытнага грамадства? Ці шмат пісьмовых крыніц пакінулі нам Старажытны Егіпет, дзяржавы хетаў, асірыйцаў? І хто б сёння прачытаў егіпецкія іерогліфы, каб не адкрыццё Шампальёнам Разетскага каменя? Ці шмат бы мы ведалі пра знешні выгляд і эканоміку гарадоў Кіеўскай Русі, каб не фундаментальныя даследаванні археолагаў? На падставе археалагічных дадзеных можна рэканструяваць цэлыя пласты гісторыі. Дый не толькі пласты, а нават лакальныя эпізоды.

Слуцк, 1999 год. Археалагічныя раскопкі на пасадзе ХVІІ ст. Пад час раскопак сустракаліся свінцовыя кулі і шчыпчыкі для адціскання такіх куль, падкоўкі на абцасы вайсковых ботаў, курыцельныя люлькі, шмат фрагментаў керамічнага і шклянога посуду для пітва, дробныя грошы – медныя манеты, косткі жывёл – у асноўным свіныя, пясцевыя косткі. Поруч з гэтым у меншай ступені сустракаліся жаночыя ўпрыгожванні: пацеркі, падвескі, пярсцёнкі і жаночы абутак. Адкуль такое спалучэнне? Цалкам верагодна, што тут недзе паблізу стаяла карчма, якую наведвалі вайскоўцы і мясцовыя маладзіцы.

Гістарычнай крыніцай для гістарычных, абагульняючых рэканструкцый па старадаўняй гісторыі (найперш, для дапісьмовага перыяду) служаць навуковыя справаздачы археолагаў пра палявыя даследаванні і навуковыя публікацыі археолагаў на падставе гэтых справаздач у форме артыкулаў і манаграфій.

Навуковая апрацоўка археалагічнага матэрыялу ў лабараторных (стацыянарных) умовах. Справаздача пра археалагічныя даследаванні.

Для таго, каб атрыманы ў палявых умовах археалагічны матэрыял пераўтварыць у гістарычную крыніцу, ён павінен прайсці пэўную навуковую апрацоўку, якая, урэшце рэшт, матэрыялізуецца даследчыкам – аўтарам палявых работ (разведак і раскопак) у навуковую справаздачу.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.01 сек.)