|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Спецыфічныя метады археалагічнага даследавання
Да спецыфічных метадаў гістарычнага даследавання можна аднесці тыя метады даследавання, якія праводзяцца ў спецыфічных, нестандартных умовах: пад вадою, пад зямлёю і з паветра. Падводная археалогія. Гэта галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем старадаўніх аб’ектаў, якія затопленыя вадою. Іншым разам падводную археалогію называюць яшчэ гідраархеалогія, дзе першая частка гэтага словазлучэння – гідра – паходзіць ад грэчаскага hydor – вада. Асноўным аб’ектам вывучэння падводнай археалогіі, як правіла, з’яўляецца плавальны сродак: карабель, лодка, човен. Менавіта гэтыя аб’екты ў археалагічным сэнсе з’яўляюцца «закрытым археалагічным комплексам». Яны даюць уяўленне пра асаблівасці грамадскага і культурнага жыцця вывучаемага аб’екта да моманту яго катастрофы. Парэшткі затанулага карабля можна разглядаць як своеасаблівую «капсулу часу», якая можа даць інфармацыю пра суднаходства, гандаль, тэхніку суднабудаўніцтва, шляхах зносін, бытавой культуры, ваеннай справе і інш. Таму затанулы плавальны сродак – гэта каштоўная археалагічная крыніца для навукоўцаў. Несумненна, аб’ектам увагі падводнай археалогіі з’яўляюцца рэшткі паселішчаў, якія апынуліся пад вадою, пахаванні і памятныя камяні. Існуюць некалькі спосабаў даследавання помнікаў і вывучэння артэфактаў, што апынуліся пад вадою. Так можна вылучыць пяць такіх спосабаў: 1-ы, абследаванне дна вадаёма і збіранне невялікіх па сваіх памерах артэфактаў на дне вадаёма: возера, ракі, мора. Па сутнасці гэты від падводных работ чымсьці нагадвае археалагічную разведку даследчыка на сушы. 2-гі спосаб, які ўжо чымсьці нагадвае раскопачныя работы на паверхні, гэта распрацоўка, ці дакладней будзе сказаць, выдаленне грунта, якія пакрывае затопленыя вадою артэфакты. Праўда, робіцца гэта ўжо не з дапамогаю звыклых для сухапутнага археолага рыдлёўкі, саўка і шпатэля, а з дапамогаю эрліфта-кампрэсара, «падводнага пыласоса», які паглынае, адсмоктвае глей з паверхні археалагічнага помніка. 3-ці спосаб, такелажныя работы – пад’ём са дна вадаёма, з дапамогаю спецыяльных механізмаў, грувасткіх артэфактаў з наступным іх вывучэннем ужо на паверхні. 4-ты спосаб, гэта кесонныя работы. У аснове гэтага спосаба ляжыць асушэнне ўчастка дна вадаёма з дапамогаю вялікапамернай металічнай скрыні-кесона (ад французскага слова caisson – скрыня). Асушаны з дапамогаю такога прыстасавання ўчастак дна вадаёма можна затым даследваць па методыцы раскопак паселішчаў з разбіўкаю гэтага ўчастка на сетку квадратаў і паслойнай распрацоўкаю грунта. 5-ы спосаб – меліярацыйныя работы, звязаныя з паніжэннем узроўню вады, ці ўвогуле асушэнне вадаёма-возера і даследванне ўскрытага такім чынам археалагічнага помніка шляхам раскопак. Пачатак даследвання затанулых караблёў бярэ свае вытокі яшчэ з антычнай пары, калі вопытныя ныральшчыкі абследвалі затанулыя караблі ў пошуках скарбаў. Натуральна, што рабілася гэта далёка не ў навуковых мэтах, а можна сказаць, у мэтах меркантыльных. Але назапашаныя гэтымі ныральшчыкамі назіранні былі ў наступныя стагоддзі запатрабаваны даследчыкамі. Праўда, з цягам часу гэтыя назіранні, якія перадаваліся вусна з пакалення ў пакаленне прыбаўляліся рознымі легендамі, у тым ліку і пра незлічоныя скарбы, схаваныя ў трумах затанулых караблёў, што стала прычынаю для ўзнікнення цэлай індустрыі скарбашукальніцтва. Навуковы падыход да затанулых старадаўніх аб’ектаў і спосабы іх даследавання ўзніклі толькі ў ХІХ ст. Па-першае, у гэты час ужо ў большай ці меншай ступені акрэслілася само паняцце «археалогія» ў найбольш развітых, у навуковым плане, краінах. Па-другое, менавіта ў гэты час быў вынайдзены вадалазны рыштунак. І першыя, хто выкарыстаў гэтае вынаходніцтва ў навуковых мэтах, былі англічане, браты Джон і Чарлз Дзіны. У 1836 г. яны абследвалі вусце р. Тэмзы, дзе быў затоплены англійскі фрэгат «Мэры Роуз». Цяпер некалькі сказаў з гісторыі гэтага фрэгату і гісторыі яго даследавання. Англійскі фрэган «Мэры Роуз» быў пабудаваны спецыяльна для вайны з французскім флотам. Гэта быў даволі магутны для свайго часу карабель: чатырохпалубны і чатырохмачтавы. Каб пабудаваць такі карабель, спатрэбілася высекчы лес на плошчы амаль 15 га. І гэта пры тым, што большая частка дэталяў карабля была выраблена з дуба. На борце карабля знаходзілася каля сарака гармат. Экіпаж судна налічваў 415 чалавек. 19 ліпеня 1545 г. фрэгат «Мэры Роуз» выйшаў з вусця Тэмзы. Ад гавані Портсмут ён пачынаў свой урачысты выхад у адкрытае мора. Сотні людзей, у тым ліку і кароль Англіі Генрых VIII, што сабраліся на ўзбярэжжы, назіралі за выхадам фрэгата – гонарам каралеўскага флоту Брытаніі. Фрэгат выходзіць у адкрытае мора і, паводле традыцыі, павінен даць салют. Адчыняюцца пóрты – адтуліны ў борце судна для гарматных ствалоў. Кананіры бяруцца зараджаць гарматы. Яшчэ хвіліна – другая і ўсіх, хто сабраўся на беразе назіраць гэта відовішча, і тых, хто ў гэты момант знаходзіца на судне, ахопіць усеагульнае трыўмфаванне. Але трыумфу несталася. Адбылося жахлівае відовішча, якое выклікала ў прысутных глыбокі смутак. Але што прычынілася, што выклікала такія дыяметральна процілеглыя эмоцыі? У той момант, калі адчыніліся гарматныя пóрты, неспадзявана наляцеў шквальны вецер. Судна рэзка нахілілася. Гарматныя ядры, што былі складзены на палубе, імгненна перакаціліся з аднаго боку карабля на другі, што яшчэ больш нахіліла судна. І праз адчыненыя люкі хлынула вада. І літаральна праз некалькі хвілін, на вачах гледачоў з берага, карабель пайшоў на дно. З усёй каманды выратавацца ўдалося толькі трыццаці пяці чалавекам… Праз колькі часу абяцаецца ўзнагарода ўсякаму, хто здолее падняць гэты карабель. Але памкненні тых, хто мусіў за гэту работу ўзяца, былі марнымі, калі не сказаць дакладней, пры тым узроўні развіцця тэхнікі, абсалютна безнадзейнымі. Праўда, у 1547-1549 гг. аднаму італьянцу, якога звалі Пітэр Пол, удалося падняць з гэтага фрэгата негалькі гармат, за што ён атрымаў грашовую ўзнагароду. Можна сказаць, што гэта былі першыя такелажныя работы па падняццю артэфактаў з затанулага аб’екта. Пасля гэтага ўсе спробы падняць судна былі спынены. Карабель паступова засмоктваў глей, а вада і мікраарганізмы паслядоўна разбуралі корпус карабля і ўсё, што знаходзілася на ім. І да часоў Віктарыянскай Англіі пра гэты фрэгат ужо забыліся. У ХІХ ст. рэшткі затанулага фрэгата сталі дакучаць англійскім рыбакам. Іхнія сеткі пастаянна за штосьці чапляліся. На самой справе яны чапляліся за рэшткі гэтага фрэгата. І ў 1836 г. англійскія рыбакі звярнуліся да вадалазаў, Чарлза і Джона Дзінаў, каб тыя абследвалі дно заліва і расчысцілі яго. Тыя спусціліся пад ваду і выявілі затанулы «Мэры Роўз». Браты абследвалі карабель. Ім удалося падняць на паверхню 24 гарматы, лафеты пад іх, вялікія лукі, керамічны посуд, кавалкі тканіны і некалькі чалавечых чарапоў. Правесці пад вадою якую-небудзь фіксацыю артэфактаў, акрамя візуальнай, на той час развіцця тэхнікі, было яшчэ немагчымым. Таму падняўшыся на паверхню, браты Дзіны па памяці склалі падрабязны план карабля і ўсяго таго, што ім удалося на ім убачыць. Гэты план і апісанне ўбачанага паспрыялі работам даследчыкаў «Мэры Роуз» дваццатага стагоддзя. У 1848 г. работы па «Мэры Роуз» былі спынены і пра яго зноў забыліся больш як на стагоддзе. У 1965 г. вадалаз – аматар Аляксандр Мак-Кі ўзяўся адшукаць рэшткі суднаў, якія затанулі ў раёне Портсмута. Ён запрасіў далучыцца да гэтых работ археолага Маргарэт Рул. Яны выкарысталі ваенна-марскую карту 1841 г., на якой было пазначана месца, дзе браты Дзіны выявілі фрэгат «Мэры Роуз», а таксама ўспаміны відавочцаў тых падзей. Аднак лакалізаваць дакладнае месцазнаходжанне карабля ўдалося толькі з дапамогаю акустычнай апаратуры. У 1978 г. упоперак фрэгата была «пракапана» траншэя. Глеісты грунт адсмоктвалі з дапамогаю капрэсара. Раскопкі паказалі, што значная частка карабля знаходзіцца in situ, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «у непарушаным стане». Таму было прынята рашэнне адкапаць цалкам карабель і падняць яго на паверхню. Раскопкі «Мэры Роуз» даўжыліся з 1979 па 1982 гг. За гэты час на паверхню было паднята 16 тысяч артэфактаў: вырабы з метала, гліны, шкла, косці, скуры, тканіны. Сярод іх узбраенне, рэчы побыту, прадметы для забавы і адпачынку. Усе знаходкі, асабліва тыя, што былі выраблены з арганікі, упакоўваліся ў герметычную тару і накіроўваліся ў спецыяльную лабараторыю для іх далейшай хімічнай апрацоўкі і кансервацыі. Што паказалі раскопкі? З дапамогаю выяўленых раскопкамі артэфактаў удалося ў значнай ступені рэканструяваць побыт маракоў той пары. Напрыклад, высвятлілася, чым каманда карабля харчавался, у ва што апраналася, як лячылася, калі кагосьці з команды спасцігала хвароба, як бавілі вольны час. Але самае цікавае, што менавіта дзякуючы гэтым раскопкам удалося праз 437 гадоў даведацца – пра сапраўдную прычыну гібелі амаль усёй каманды. Чаму ніхто з маракоў, за невялікім выключэннем, не выратаваўся з карабля, які ішоў на дно? Так, на верхняй палубе судна былі выяўлены вялікія фрагменты сетак. Менавіта такімі сеткамі пакрывалі верхнюю палубу, как перашкодзіць ворагу ў час абардажу захапіць карабель. Але менавіта гэтая сетка, якая прызначалася для бяспекі экіпажа, на справе сыграла пагібельную ролю – амаль ніхто з маракоў не змог выбрацца з-за яе, калі карабель ішоў на дно. Пад сеткаю даследчыкамі было выяўлена мноства шкілетаў-парэшткаў тых, хто намагаўся выратавацца. Пасля завяршэння раскопачных работ фрэгат «Мэры Роўз» 11 кастрычніка 1982 г. з дапамогаю пад’ёмнага крана і спецыяльна падведзенай пад карабель платформы яго паднялі на паверхню і змясцілі ў сухі док Портсмута. Пасля пэўнай хімічнай апрацоўкі, накіраванай на захаванне, фрэгат «Мэры Роуз» ператвораны ў музей, які дэманструе жыццё і побыт маракоў XVI ст. і самаадданую працу археолагаў, падводнікаў, спецыялістаў па кансервацыі і рэстаўрацыі. Цікава, што апошняя кропка ў даследваннях фрэгата «Мэры Роуз» была пастаўлена ў кастрычніку 2005 г. калі са дна заліва быў падняты якар, які належаў гэтаму караблю. На прыкладзе вывучэння гэтага помніка можна ўбачыць большасць з пералічаных метадаў даследавання, якія выкарыстоўваюцца для затанулых аб’ектаў: абследаванне дна вадаёма, раскопачныя і такелажныя работы. Выкарыстанне кесонных методаў даследаванне можна прасачыць на прыкладзе вывучэнне карабля «Bella». Але перад гэтым колькі слоў з гісторыі гэтага сýдна. Францыя. 1684 год, 24 ліпеня. Ад порта Ля-Рашэль адыходзіць эскадра ў складзе чатырох караблёў. На караблях, акрамя каманды маракоў, цывільнае насельніцтва: трыста пяцьдзесят мужчын і жанчын. Эскадра бярэ курс на Амерыку, а дакладней да вусця адной з буйнейшых яе рэк – Місісіпі. Мэта экспедыцыі – заснаваць ля вусця гэтай ракі паселішча французскіх каланістаў. Забегаючы наперад, адзначым, што менавіта тут пазней узніклі французскія факторыі, утварыўся штат пад назваю Луізіяна, з цэнтральным горадам Новы Арлеан, што яскрава сведчыць пра французскі след. Знешне адпраўка гэтай экспедыцыі выглядала пампезна. Яе блаславіў сам кароль Францыі Луі XIV. Амаль да самай Амерыкі ўсё ішло добра. І толькі ўжо ў водах Мексіканскага заліва адзін з караблёў пад назваю «Bella», што ў перакладзе з лацінскай абазначае «Прыгажуня», апынуўся ў зусім нечаканымі для яго становішчы. Судна збілася з курсу, трапіла ў шторм і затанула. Глыбіня, на якую апусцілася судна, аказалася невялікая, усяго 12 фунтаў, што складае толькі 3,66 м. Мексіканскі заліў. 1995 год. Амерыканскія падводнікі і археолагі абследуюць месца гібелі судна «Bella». Абследаванні паказалі, што захаванасць карабля вельмі фрагментарная для таго, каб яго можна было дастаць на паверхню. Мэтазгодней правесці раскопачныя работы на месцы гібелі карабля. Дзеля гэтага па перыметру карабля, удвая большыя за яго параметра, на дно вадаёма апусцілі металічную скрыню – кесон. Сценкі гэтага кесона выступалі над узроўнем мора на 1,8 м і былі заглыблены ў дно заліва на 40-60 см. Сценкі кесона былі падвоеныя і паміж імі быў засыпаны пясок. Вада з кесона была адпампавана. І калі дно ў гэтым кесоне падсохла, пачаліся раскопкі. Перад гэтым участак раскопа разбілі на сетку квадратаў і пачалі паслойна распрацоўваць грунт, наносячы на план у адпаведным маштабе рэшткі карабля і пазначаць месцы выяўлення знаходак. Пад час гэтых раскопак былі знойдзены алавяны посуд, кулі, карцеч, скураны абутак, бочачкі і біклагі для віна і вады, канаты, шкілеты загінуўшых. Раскопкі далі ў рукі навукоўцаў арыгінальны матэрыял па гісторыі матэрыяльнай культуры французскіх каланістаў XVII ст. Каштавалі гэтыя работы 1 млн. 400 тысяч даляраў. Цяпер некалькі слоў пра меліярацыйны спосаб у вывучэнні затанулых аб’ектаў і рэшткаў паселішчаў. Першыя работы такога кшталту былі праведзены яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. у Швейцарыі. Праўда, паніжэнне ўзроўню вады над затопленым археалагічным помнікам адбылося тады натуральным, прыродным чынам. Так, у 1853 – 1854 гг. у Еўропе была моцная засуха. Узровень вады ў возеры Цюрых, размешчаным у Швейцарыі, значна панізіўся. Жыхары навакольных да возера паселішчаў вырашылі скарыстаць гэтую акалічнасць і апрацаваць участкі, што вызваляліся ад вады пад сельгасугоддзі. У ходзе гэтых работ ля паселішча Обермайлен былі выяўлены рэшткі неалітычнага паселішча, узведзенага на пáлях, якія і прыцягнулі ўвагу археолагаў. Верагодна, што гэты выпадак падвёў некаторых навукоўцаў да думкі, што з дапамогаю штучнага паніжэння ўзроўню вады ў возеры можна даследаваць археалагічныя аб’екты, якія апынуліся пад яго водамі. Італія, 1922 год. Да ўлады прыходзіць дыктатар Беніта Мусаліні. Як і шэраг іншых дыктатараў, для праслаўлення імперскіх амбіцый ён звяртаецца да гістарычных помнікаў, вывучэнне якіх павінны ўзмацніць патрыятычны дух нацыі. Мусаліні даводзяць, што ў 17-ці мілях на паўднёвы-усход ад Рыма, на дне возера Нэмі знайшлі свой апошні прытулак два караблі часоў Рымскай імперыі. Даводзяць, што караблі гэтыя, мяркуючы па пісьмовых звестках, былі вельмі шыкоўнымі. На іх былі багатыя пакоі, аздобленыя мармурам, каштоўнымі металамі і рэдкімі пародамі дрэва, былі нават сады і фантаны. Паступіў загад дастаць гэтыя караблі. І ў 1928 г. пры дапамозе магутных кампрэсараў ваду з возера Нэмі перапампавалі ў суседняе возера, якое па ўзроўню паверхні размяшчалася ніжэй. Работы доўжыліся чатыры гады. Узровень вады ў возеры панізілі больш як на 20-ць метраў! Ускрытыя караблі сапраўды аказаліся гіганцкімі. Іх даўжыня была больш за 70 м, а шырыня каля 20 метраў. На караблях археолагі выявілі тэрмы, пакоі, ўпрыгожаныя мазаікаю, сутарэнні якіх падпіралі мармуравыя калоны. Выказвалася меркаванне, што караблі належылі рымскаму імператару Калігуле ці Клаўдзію. Несумненна, што гэтае адкрыццё мела важнае значэнне для вывучэння гісторыі суднабудаўніцтва і мастацтва рымскай пары. Але лёс гэтага адкрыцця склаўся драматычна. У 1944 г. гэтыя караблі былі спалены салдатамі вермахту… Падобным чынам, паніжэнне узроўню вады ў возеры і даследванне паселішчаў, праводзілі ў краінах Скандынавіі, у Польшы – гарадзішча Біскупін, размешчанае на востраве пасярод возера, паселішча неалітычнай пары Сарнатэ і перыяду ранняга сярэднявечча Арайшы ў Латвіі, паселішча эпохі мезаліту, схаванае пад вадою ў возеры Вячэра Любанскага раёна Мінскай вобласці. У Расійскай імперыі першыя падводныя абследванні пачаліся ў 1905 г. у Крыме каля г. Феадосіі. У 30-е годы мінулага стагоддзя такія работы ахапілі сваёй ўвагаю і антычныя паселішчы Херсанес і Ольвія, частка якіх была затоплена морам. У 1943 г. французскі спарстмен Ж.І. Кусто і інжэнер Э. Ганьян вынайсцілі легкі і глыбакаводны вадзяны рыштунак – акваланг (ад лацінскага слова agua вада і англійскага lung – лёгкае). Аквалангіст у адрозненне ад вадалаза цяжкага рыштунку можа знаходзіцца пад вадою аўтаномна, на працягу амаль гадзіны і пагружацца на глыбіню да 40 м. Такое прыстасаванне стварыла магчымасць для археолагаў-падводнікаў апускацца не толькі на бóльшую глыбіню, але і ахопліваць значна большую прастору, а значыць і ажыццяўляць даследаванні на значна бóльшай колькасці археалагічных помнікаў. Істотны імпульс для развіцця айчыннай падводнай археалогіі прынесла дзейнасць прафесара Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта У.Д. Блавацкага. У 1956 г. ён прапанаваў групе студэнтаў гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта засвоіць вадалазную справу. А з 1957 г. пачала сваю дзейнасць пастаянная падводная археалагічная экспедыцыя пад яго кіраўніцтвам. Асноўным напрамкам яе дзейнасці сталі антычныя паселішчы схаваныя водамі Чорнага мора. У 70–90-е годы мінулага стагоддзя увагаю археолагаў-падводнікаў было ахоплена і рэчышча Дняпра у Запарожжы. У выніку гэтых работ удалося вывучыць плавальныя сродкі X–XI і XIV–XVII ст, гарматы XIV–XVI ст. і верф XVIIІ ст. У Беларусі налічваецца больш за сотню гідраархеалагічных помнікаў археалогіі: затопленыя паселішчы, капішчы, культавыя каменні, старажытныя масты і дарогі, старадаўнія прыстані і прычалы, затопленыя пахаванні і клады, сляды баёў, затопленая зброя і плавальныя сродкі. Першыя росшукі старадаўніх рэчаў у Беларусі на дне вадаёмаў адносяцца да 1907 г., калі ў рэчышчы Ясельды ля в. Жабер Драгічынскага раёна вёўся пошук гармат, затопленых у XVII ст. Тады на паверхню удалося падняць восемь гармат. У 20-е годы мінулага стагоддзя праводзіліся падводныя работы на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка. Чым выклікана была увага да гэтага месца? Справа ў тым, што пад час заняцця Масквы Напалеону ўдалося прыбраць да рук рэлікты Аружэйнай Палаты. Прычым іх было так шмат, што удалося з гэтых рарытэтаў выплавіць 325 пудоў срэбра (6,8 тоны) і 8 пудоў золата (128 кг). Пад час бітвы каля р. Бярэзіны, дзе над рэшткамі арміі Напалеона навісла асаблівая небяспека, гэты скарб некуды знік. Існуе думка, што яго схавалі у рэчышчы Бярэзіны. З таго часу неадно пакаленне і спецыялістаў, і аматараў старасветчыны, і чорных археолагаў, а часам і авантурыстаў, спрабуе знайсці гэты скарб. Але пакуль марна. Іншым разам у перыядычным друку з’яўляюцца паведамленні, што клад гэты знойдзены. Апошняя інфармацыя такога кшталту было змешчана ў газеце «Добры вечар» 5 студзеня 1995 г. Але звесткі гэтыя сказаліся несапраўднымі. Планавыя падводныя раскопкі археалагічных помнікаў, што схаваны пад вадою, пачаліся ў Беларусі з 1979 г. Аб’ектам увагі археолагаў-падводнікаў стала паселішча старажытнага часу у возеры Дзерба у Браслаўскім раёне, каля гарадзішча Маскавічы. Паводле народнага падання тут, у водах возера, затоплена залатая лодка. Безумоўна, гэта толькі плён людской фантазіі, які нярэдка спадарожнічае некаторым з помнікаў археалогіі. Паселішча было затопленае ў пару позняга сярэднявечча, калі адбылося павышэнне ўзроўню сусветнага акіяну. У выніку даследаванняў каля гэтых помнікау ў 1979–1988 гг. быў выяўлены культурны пласт таўшчынёю 20–30 см на плошчы 1 га, знойдзены гліняны посуд, косткі свойскіх і дзікіх жывёл, рэчы XVII– XVIIІ стст. У 1982 г. пры Дзяржаўным музеі БССР была створана экспедыцыя гісторыка-археалагічных даследаванняў, якая 80-я гады правяла гідраархеалагічныя работы на Богінскім возеры, у Мінску у рэчышчы Свіслачы каля былога замчышча, у рэчышчы Заходный Дзвіны на месцы размяшчэння Барысавых каменёў дзе была зроблена шурфоўка дна, у выніку якой выяўлены знаходкі XII– XV стст. У 1983 г. прадоўжыліся работы па вывучэнню затопленага селішча каля гарадзішча Маскавічы. Культурны слой са дна возера даставаўся на паверхню і прамываўся скрозь сіта з памерамі ячэяк 5×5 мм. У выніку гэтых работ былі знойдзены бронзавыя упрыгожванні старажытнарускага часу. У 1985 г. працягваліся работы на возеры Дзерба. На дне возера былі адзначаны участкі з каменнымі брукоўкамі. У прыбярэжнай акваторыі былі закладзены шурфы. Выдаленне культурнага пласту ажыцяўлялася з дапамогаю эрліфта. Затым гэты пласт прапускаўся праз краты, прымацаваныя да плыта. На плыце слой дадаткова прапускаўся праз сіта і перабіраўся рукамі. У выніку гэтых даследаванняў былі знойдзены фрагменты шкляных бранзалетаў, бронзавыя спіральныя пранізкі, нож XI– XIIІ ст. У 1987 г. пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага (на сёння БДПУ імя М. Танка) быў ўтвораны клуб спартсменаў-падводнікаў «Акватикус», які разам з археолагамі Акадэміі навук Беларусі і супрацоўнікамі музеяў працягвалі палявыя даследаванні. Узначаліў гэты клуб выпускнік гістарычнага факультэта БДПУ імя М. Танка Сяргей Каблоў. Ён зрабіў і важкі ўнёсак у развіццё падводнай археалогіі ў Беларусі. У 1988 г. група гэтага аб’яднання заклала на дне возера Дзерба раскоп плошчаю 60 кв. м, які распрацавала да глыбіні ад 1,5 да 3 м. Устаноўленыя кантрольныя кропкі раскопа пазначыліся на паверхні возера афарбаванымі буямі і вешкамі пад вадой. Для арыенціроўкі аквалангістаў ў мутнай вадзе паміж вешкамі квадратаў была нацягнута канатная сетка. У ходзе гэтых работ было собрана за поўсотню індывідуальных знаходак, сярод якіх бронзавыя і шкляныя ўпрыгожванні, касцяны грэбень, шпоры, замкі і іншыя прадметы побыту XII–XІV стст. У 1989–1990 гг. гэта група праводзіла гідраархеалагічныя работы па вывучэнню акваторыі возера Іказнь ў Браслаўскім раёне. Мэтаю гэтых работ было вывучэнне дна каля вострава, на якім ў XV–XVII стст. размяшчаўся замак Яна Сапегі. Замак гэты, паводле пісьмовых звестак,злучаўся з берагам драўляным наплыўным мостам на спецыяльных чаўнах, які ў выпадку небяспекі хутка разбіраўся, а чаўны прытопліваліся. Меркавалася, што пад вадою уцалелі рэшткі гэтага маста. Работы вяліся на глыбіні 1,5–5 м у вельмі мутнай вадзе. У ходзе гэтых работ быў выяўлены насціл з дошак – рэшткі маста. Знойдзены і пáлі, відаць, таксама рэшткі канструкцыі маста. Са знаходак сустрэты баявая сякера XVІ ст., цэлыя кафліны і фрагменты глінянага посуду XV–XVII стст. У 1991 г. у час работ на гэтым жа возеры быў падняты на паверхню і дастаўлены ў музей даўбёны човен (так званая дубіца). Човен акурат знаходзіўся на тым месцы, дзе, як меркавалася, у сярэднявеччы праходзіў мост. Непадалёку ад яго былі выяўлены яшчэ два чоўны, якія верагодна таксама мелі дачыненне да гэтага маста. У тым жа годзе група «Alba Rossika» (назва былой группы з 1991 г.) праводзіла гідраархеалагічныя работы на возеры Дрысвяты каля вострава «Замак». Тут было дакладна устаноўлена месцазнаходжанне двух мастоў, што злучалі востраў з берагам. Вынікі гэтых работ падцвярдзілі данныя дакументальных крыніц і плана XVII ст., што захоўваецца ў Варшаве. Каля рэшткаў гэтых мастоў быў сабраны і рэчавы матэрыял таго жа часу. У тыя ж гады, 1987–1991, праводзіліся падводныя даследванні і на возеры Сенніца каля в. Дарахі Гарадоцкага раёна. Тут падводнымі работамі вывучалася паселішча перыяду позняга неаліту і ранняй бронзы, якое было прытоплена вадою, знойдзены шматлікія фрагменты керамічнага посуду, каменныя і гліняныя грузілы, вырабы з каменю і косці. Падводныя работы праходзілі і ў іншых регіёнах Беларусі. Так, у 1995 г. у рэчышчы Сожа каля вёскі Літвінавічы Кармянскага раёна быў знойдзены човен XII ст. А ў 1996 г. са дна ракі Шчара быў падняты човен XVI стст. З 2000 г. і амаль да дня сённяшняга працягваюцца гідраархеалагічныя даследванні. Абследаваліся рэчышчы заходняй Дзвіны – шукалася старадаўняя прыстань, Дзісны – пошукі Барысавага каменя, воз. Сялява і Лепельская группа азёраў на прадмет пошуку затанулых плавацельных сродкаў. Падводная археалогія па сваіх метадах настолькі сваеасаблівая, настолькі спецыфічная, што дае падставы даследчыкам вылучаць яе у самастойную галіну навукі. Наколькі гэта слушна – пакажа будучыня.
Паветраная археалогія. «Для таго каб стаць сапраўдным палявым археолагам, неабходна ператварыцца ў птушку». Гэтыя словы належаць доктару гістарычных навук і археолагу з Паўднёвай Англіі Дж. Р. Уільямсу-Фрыману, якія ён адрасаваў члену Геаграфічнага таварыства Осберту Гаю Кроуфорду, будучаму заснавальніку паветранай археалогіі. І сапраўды, каб ахапіць адзіным позіркам увесь помнік старажытнасці, ці групу помнікаў, або прасачыць усе скаладаючыя умацаванняў паселішча, ці пахавальнага комплекса – неабходна падняцца ў неба і зірнуць на гэтыя помнікі з вышыні палёту птушкі[10]. Але калі падводная археологія ўзнікла дзякуючы вынаходству вадалазнага рыштунку, дык паветраная археалогія з’явілася на свет дзякуючы вынаходству лятацельнага апарата і фатаграфіі. Апошняя сваім з’яўленнем абавязана французскаму мастаку Луі Жаку Мандэ Дагерý, які ў 1839 г. на паседжанні Парыжскай акадэміі навук выступіў з паведамленнем, дзе прапанаваў спосаб праяўлення і замацавання выявы на пласціне, пакрытай ёдыдам срэбра. Такі спосаб замацавання выявы атрымаў назву «дагератып», дзе першая складаючая словазлучэння імя ўласнае – Дагéр, а другая ад грэчаскага слова typos – адбітак, што і азначае як адбітак Дагéра. Што тычыцца вынаходства лятальнага апарата – аэрастата (некіруемага паветранага шара), дык яно ўвогуле адносіцца да 1783 г. А першыя здымкі з паветра былі зроблены ў 1858 г. Гаспарам Феліксам Турнашонам, які сфатаграфаваў з аэрастата Парыж. Трэба адзначыць, што Турнашон катэгарычна адмовіўся выкарыстаць сваё вынаходства – фатаграфаванне аб’ектаў з паветра – на карысць армейскай разведкі. Але па іроніі лёсу менавіта яна і паспрыяла развіццю паветранай фатаграфіі ў тым ліку і выкарыстанню яе і ў паветранай археалогіі. У ваенных мэтах аэрофотаздымка была ўпершыню выкарыстана у часы грамадзянскай вайны ў Злучаных Штатах Амерыкі 1861–1865 гг. У 1891 г. англійскі афіцэр, лейтэнант Ч.Ф. Клоуз, які адбываў службу у Індыі, выказаў думку выкарыстаць аэрастаты для складання археалагічнай карты у ваколіцах старажытнага паселішча Агра. Праўда гэтаму добраму намеру не наканавана было ажыццявіцца. У 1906 г. англійскі лейтэнант П.Х. Шарп (Шэрп) пад час трэніровачнага палёту на паветраным шары, абсалютна выпадкова, зрабіў некалькі фотаздымкаў вядомага археалагічнага комплекса – Стоухенджа. Фотаздымкі Шарпа зрабілі вялізарнае уражанне на Дж.Е. Каппера, палкоўніка Каралеўскіх інжынерных войск. Ён прадэманстраваў іх на паседжанні Таварыства старажытнасці і у 1907 г. гэтыя фотаздымкі былі апублікаваны з кароткай анатацыяй ў IX томе часопіса «Archaelogy». На тым узроўні развіцця тэхнікі фотамайстэрства гэтыя здымкі пакуль не далі нейкай новай інфармацыі. Але яны далі магчымасць ахапіць адзіным позіркам увесь археалагічны комплекс: каменныя канструкцыі, пахаванні і дарогі у ваколіцах помніка. Услед за англічанамі падобны учынак зрабілі і італьянскія ваенныя інжынеры. У 1911 г. яны сфатаграфалі з паветра форум у Рыме і старажытнарымскі порт Остыя. У 1913 г. эксцэнтрычны археолаг Генры Уэллком на раскопках старажытных паселішчаў ў Судане пачаў выкарыстоўваць для фатаграфавання паветраных змеяў, на якіх была прымацавана фатакамера. У гэтых раскопках прымаў удзел і будучы родапачынальнік паветранай археалогіі Кроуфорд. Першая сусветная вайна стала паваротным пунктам у многіх галінах навукі і тэхнікі. Найперш гэта дапасавала да авіацыі, і з гэтага часу ўсе дасягненні паветранай аохеалогіі былі звязаны ўжо з «апаратамі цяжэйшымі за паветра». Прыярытэт у вынаходніцтве самалёта большасць краін свету прызнае за ЗША. 17 снежня 1903 г. браты Уілберг і Орвіл Райт на сканструяваным імі самалёце зрабілі першы ў свеце кіруемы палёт. Самалёты адразу ж адчынілі практычна бязмежнае поле для паветраных назіранняў. Вайна не чакала, а таму і канструкцыіі самалётаў, і тэхніка саміх палётаў, і тэхніка паветранай разведкі ўдасканальваліся паскоранымі тэмпамі. Тое ж самае тычылася фотаабсталявання: аб’ектываў, пласцін і стужак. Акрамя таго, новыя метады патрабавалі прыцягваць да гэтай справы і спецыяльна абучаны персанал. Таму невыпадкова, што шмат каго з археолагаў мабілізавалі ў авіацыйныя часці, дзе яны служылі фатографамі, картографамі і паветранымі разведчыкамі. І як адзначае вядомы даследчык гісторыі паветранай археалогіі Лео Дойель: «Як бы гэта ні выглядала дзіўным, але паміж вайною і археолагамі усталяваўся нейкі іранічны сімбіёз». «Верагодна», – працягвае гэты аўтар, – «спецыялісты па дальменах (разнавіднасць мегалітаў – Л.К.), ірвах і раўнінах далёкага мінулага лічыліся найбольш прыдатнымі для «стварэння» падобных руін, якія будуць затым вывучаць наступныя пакаленні». Вайна абвастрыла здольнасці назіральнікаў (дакладней сказаць разведчыкаў) і адчыніла перад імі новыя гарызонты. Таму цалкам натуральна, што археолагі галоўных варагуючых краін, незалежна адзін ад другога, і практычна адначасова, перагарнулі новую старонку у станаўленні археалагічных метадаў даследавання. Да гэтага часу ні адна з трох краін – ні Англія, ні Францыя, ні Германія – не могуць даказаць свой прыярытэт у справе адкрыцця паветранай археалогіі. Праўда, як сцвярджае Кроуфорд «… адкрыццё робіцца афіцыйным толькі пасля публікацыі». А калі гэта так (а яно па вялікаму рахунку сапраўды так), то ў такім разе першынство, бяспрэчна, належыць Вялікабрытаніі. У Англіі да піянераў гэтай справы можна аднесці падпалкоўніка Каралеўскіх інженерных войск у Месапатаміі Г.А. Бізлея. У маі 1918 г. Бізлей рабіў разведывальны палёт над тэрыторыяй, захопленай туркамі. Пад час выканання гэтага задання ён выявіў абрысы разбураных старажытных умацаванняў, сляды якіх немагчыма было прасачыць пры наземных абследаваннях. Тады ім былі прасочаны рэшткі старажытнай ірыгацыйнай сістэмы: магістральны канал з цэлай сістэмай адгалінаванняў і дарога, якая перасякала гэты канал. У Бізлея узнікла здагадка, што у гэтым месцы павінны быць і рэшткі маста. Але завяршыць аэрафотаздымкі Бізлей не здолеў. Яго самалёт быў збіты. І таму ўжо на зямлі, ён па памяці аднавіў малюнак убачанага. Цікава, што наяўнасць маста, у месцы перасячэння галоўнай магістралі канала з дарогаю, была падцверджана, калі пазней Бізлею даводзілася праязджаць побач з гэтым месцам ужо на танку і дзе даследчык заўважыў груду камянёў – рэшткаў былога моста. Па іроніі лёсу выпадак зводзіў у процістаянні археолагаў варагуючых краін, як гаворыцца, лоб у лоб. Так, археолаг з Германіі Тэадор Віганд, удзельнік раскопак у Мілеце, пазней дырэктар нямецкага Археалагічнага Інстытута быў таксама мабілізаваны ў паветраныя войскі Германіі і таксама, акрамя ваенных разведак, ажжыцяўляў разведкі археалагічныя. У прыватнасці, ён фатаграфаў познерымскія і візантыйскія помнікі на Сінайскім паўвостраве, якія мясцовае насельніцтва нішчыла амаль у яго на вачах, разбіраючы руіны храмаў і крэпасцяў на будаўнічы матэрыял. Прыкладна ў гэты ж час, яго калега, археолаг з Оксфарда, Джон Л. Мірэс з паветра карэкціраваў стральбу англа-французскай артылерыі. І што цікава, карэкціраваў яе так, каб гэтая стральба не нанесла шкоды храму Апалона, што мясціўся паблізу ад аб’екта кананады. Але пры гэтым снарады цалялі ў дом Віганда, які стаяў ля месца яго раскопак … Што тычыцца О.Г.С. Кроуфорда, дык ён у часы Першай сусветнай вайны служыў у Брытанскім авіцыйным корпусе у Бельгіі і ў Францыі. Пад час аднаго з палётаў самалёт Кроуфарда быў збіты немцамі. Кроуфорд застаўся жывы, але трапіў у палон. Пабег, і зноў палон.У 1919 г. пасля сканчэння вайны Кроуфорд вяртаецца да навуковай дзейнасці. Ён прыходзіць да высновы, што для заняткаў паветранай археалогіяй не абавязкова заўсёды падымацца ў неба. Можна вывучаць археалагічныя аб’екты, зафіксаваныя на аэрафотаздымках, зробленых кімсці з калег. І ён уладковаецца працаваць у Дзяржаўнае тапаграфічнае упраўленне, на афіцерскую пасаду археолага-наглядальніка. Пачынае ўважліва вывучаць фотаздымкі, зробленыя з паветра. Ён заўважыў, што на некаторых палях, знятых з паветра, выразна чытаюцца цёмныя і светлыя лініі зямлі, лініі сакавітай і кволай расліннасці, якія ўтвараюць пэўныя абрысы старадаўніх збудаванняў: валоў, ірвоў, дорог, межаў уладанняў. Але самае галоўнае адкрыццё было ім зроблена на прыкладзе Стоунхенджа, якое паказала, як паветраная археалогія здольна вырашаць складаныя навуковыя пытанні. У прыватнасці, выказвалася меркаванне, што «Вялікая дарога» да Стоунхенджа мае культавае прызначэнне. Але у полі зроку наземных даследчыкаў быў бачны толькі невялікі адрэзак гэтай дорогі, што і ўводзіла іх у зман. Астатняя частка «Вялікай дарогі» была схавана густым покрывам расліннасці і прасачыць яе можна было толькі з паветра і да таго ж спрактыкаванаму воку Кроуфорда, што уласна і было ім зроблена. Але трэба было яшчэ даказаць сваю гіпотэзу, ператварыць яе ў непахісны факт. А гэта маглі даць толькі раскопкі – прарэзка дарогі, зробленая ўпоперак яе. Раскопкі падцвердзілі думку Кроуфорда. Мала таго, яны адказалі і на пытанне пра сапраўднае прызначэнне дарогі. Дарога служыла для дастаўкі мегалітаў, прызначаных для ўзвядзення Стоунхенджа. Пра гэта сведчылі маленькія кавалкі адбітага камення ад шматтонных глыбаў, якія удалося знайсці, раскопваючы гэтую дарогу. Гэта адкрыццё было зроблена 5 верасня 1923 г. Гэты дзень некаторыя даследчыкі лічаць днём нараджэння паветранай археалогіі. І тым не менш, Кроуфорд, які быў апантаны паветранай археалогіяй, падкрэсліваў, што метад аэраразведкі гэта толькі памочнік наземных, палявых даследаванняў для археолага. І як бы ў доказ гэтага, прыводзіў адзін кур’ёзны выпадак з гісторыі вывучэння аэрофотаздымкаў. Аднойчы разглядаючы аэрафотаздымкі, Кроуфорд убачыў на паверхні аднаго з палёў каля Вінчэсцера пяць канцэнтрычных акружнасцяў. Першае, што прыйшло тады яму у галаву – гэта сляды грунтовых пахаванняў. Кроуфорд працягнуў свае даследванн ў полі, пешшу. І да канцу дня высветліў, што гэтыя светлыя кругі – выскубаная козамі трава, якіх прывязвалі да ўбітых у зямлю калочкаў! Чаму менавіта Кроўфорда лічаць заснавальнікам паветранай археалогіі, а не кагосці іншага, хто адначасова з Кроуфордам займаўся аэрафатаграфаваннем помнікаў археалогіі? Таму што менавіта ён сфармуляваў асноўныя прынцыпы паветранай археалогіі. У аснове паветранай археалогіі, як дарэчы і ўсёй археалогіі, ляжыць адзін асноватворны фактар: амаль любое парушэнне натуральнага покрыва глебы, зробленае чалавекам, практычна непазбыўнае. Тэхніка аэрофотаздымкі даказвае, што зямля заўсёды захоўвае сляды чалавечай дзейнасці і рана ці позна яны ўсяроўна будуць праяўляцца. Менавіта на гэтую асаблівасць Кроуфорд і звярнуў увагу. А каб гэта было больш даходліва да аўдыторыі, прывёў вобразнае параўнанне. «Уявіце», – гаварыў ён, – «кошку на дыване. Што яна бачыць? Асобныя варсінкі кіліма. У той час як чалавек, з вышыні свайго роста бачыць увесь малюнак дывана». Кроуфорд выдзяліў прыкметы, па якіх можна выявіць з паветра помнік археалогіі. Усе яны і па сёння прызнаюцца спецыялістамі ў галіне паветранай археалогіі. Першая з іх – гэта ценявыя выявы. Сутнасць яе у тым, што нават фрагментарныя археалагічныя помнікі, ад якіх на паверхні засталіся хаця б самыя нязначныя ўзвышшы або западзіны, адкідваюць цені пры кóсым асвятленні іх промнямі сонца. Такі эфект назіраецца раніцаю альбо ўвечар, калі промні сонца знаходзяцца пад вуглом да дзённай паверхні блізкім да 19°. Пры такім асвятленні нават самые нязначныя няроўнасці глебы раптоўна выступаюць незвычайна кантрасна. Гэта эфект добра вядомы вадзіцелям. Так у дзённы час сутак паверхня шашы можа выглядаць бездакорна гладкай, а ў начны час, пры асвятленні промнямі фар на ёй відаць усе няроўнасці да апошняй драбніцы. Але ценявы метад прыдатны для выяўлення толькі тых помнікаў, ад якіх хоць штосьці засталося на паверхні. А як быць з тымі помнікамі, сляды якіх схаваны у самой глебе? Тут ёсць два метада іх выяўлення. Адзін з іх заснаваны на колерным успрыняцці глебы, якая мае у розных, асобных выпадках спецыфічную афарбоўку. Так, на ўзараным полі, на ворыве, з вышыні палёту птушкі, можна прасачыць цёмныя плямы, у выглядзе чатырохкутнікаў – рэшткі старадаўніх жытлаў, вялікага дыяметра кругі – рэшткі старадаўніх ірвоў, якія некалі ахоплівалі гарадзішча, невялікага дыяметру плямы – рэшткі старажытных грунтовых пахаванняў. Утвараюцца такія плямы цёмнай зямлі з-за таго, што грунт у гэтых месцах пераадкладзены, больш рыхлы, утрымлівае больш гумусу і вільгаці. Упершыню гэты эфект быў адзначаны вядомым англійскім археолагам Леанардам Вулі яшчэ на пачатку XX ст., калі ён працаваў у складзе экспедыцыі Д.Р. Мак–Івера па вывучэнню археалагічных помнікаў старажытнага Егіпта на тэрыторыі Судана. Доўгі час даследчыкі ніяк не маглі знайсці могільнік таго часу, які безумоўна недзе павінен быў быць непадалёку ад тагачаснага паселішча, якое яны вывучалі. Але аднойчы вечарам, калі яны падняліся на высокі пагорак, каб палюбавацца на заход сонца, яны убачылі на светлым фоне зямлі цёмныя плямы, якія абсалютна не прасочваліся зблізу. Гэта і былі грунтовыя магілы. Старажытнае насельніцтва рабіла гэтыя магілы ў выглядзе шахт, засыпаючы іх пасля абраду пахавання шчабёнкаю. Менавіта у гэтых месцах, увечары і адбывалася кандэнсацыя вільгаці, якая пры косых промнях сонца і спрацоўвала як індыкатар пры выяўленні старажытных магіл. Калі ўзаранае поле засеяна, дык праз пэўны час глебавыя анамаліі могуць пераўтварацца ў раслінныя. Так быў вылучаны і трэці спосаб выяўлення археалагічных помнікаў, схаваных пад покрывам зямлі. Кроуфорд, які некалі шмат часу надаў увагі аграрнай археалогіі, заўважыў, што расліннасць на месцы былых ірвоў і жытлоў, дзе утрыманне гумусу ў глебе большае, мае і большую сакавітасць, значна буйнейшая і гусцейшая. І надварот, на тых месцах дзе у глебе схаваны рэшткі камяніц, муроў, расліннасць кволая, рэдкая, таму што расліны у гэтым месцы не атрымоўваюць дастатковай колькасці спажыўных элементаў з глебы і вільгаці. Кроуфорд назваў гэты эфект пазітыўнымі і негатыўнымі прыкметамі расліннасці на помніках археалогіі. Усе пералічаныя метады адносяцца да спосабаў выяўлення помнікаў археалогіі з паветра. Для іх фіксацыі ужываецца фатаграфаванне. Яно бывае перспектыўным, зробленым пад ухілам у адносінах да помніка, і вертыкальным, калі лятальны апарат (аэрастат, верталёт) завісае над помнікам археалогіі і фатаграфуе яго строга перпендыкулярна. Вышыня, з якой адбываецца фатаграфаванне, вагаецца ў межах 90-120 м, максімум да 200 м. Фатаздымкі якія робяць са штучных спадарожнікаў Зямлі, могуць паходзіць з вышыні 1,5–2,5 км. А мінімальная вышыня, з якой фатаграфуюць помнікі археалогіі з паветра – каля 25 м. Зафіксавана і рэкордна нізкая вышыня палёта пры малых абаротах матора, усяго 5 м над зямлёю, калі фотаграфаваўся прыдарожны помнік на старажытным шляху каля Пальміры. Першыя спробы выкарыстання аэраметадаў у археалагічных даследваннях на тэрыторыі былога СССР адносяцца да 1930 г. У 1934 г. аэрафотаразведка праводзілася у старажытным Харэзме ў нізоўях Амудар’і, старажытным Тэрмезе і пустыні каля Бухарскага оазіса. Але шыромаштабныя работы ў галіне паветранай археалогіі пачаліся з 1946 г. у Харэзмійскай археолага-этнаграфічнай экспедыцыі АН СССР пад кіраўніцтвам С.П. Талстова. У 50–60-е гг. XX ст. аэрафотаразведка праводзілася на тэрыторыі Украіны. Даследваліся помнікі археалогіі Трыпольскай археалагічнай культуры. Менавіта з дапамогаю аэрафотаразведкі удалося выявіць сотні трыпольскіх жытлаў. У 60-е гг. XX ст. з дапамогаю авіяцыі удалося выявіць сотні помнікаў археалогіі у зоне будоўлі Саяна-Шушанскай ГЭС. У 30-х гг. XX ст. пачалося вывучэнне старажытных гарадоў майя. Амерыканскі лётчык Георг Пальмер выявіў у даліне Каларада гіганцкі малюнак чалавека. Але сенсацыйныя адкрыцці былі зроблены у Перу. Тут, у 40-е гг. XX ст. на пласкагор’і Пампа дэ Наска непадалёку ад Лімы – сталіцы дзяржавы Перу лётчык Пауль Косок адкрыў выявы птушак, жывёл і людзей высечаных на скальнай пародзе. Адну з гэтых выяваў – выяву птушкі ахрысцілі «Калібры» у гонар самай маленькай у свеце птушкі, у якой даўжыня цела усяго 2-3 см. Даўжыня «Калібры» на пласкагор’і Пампа дэ Наска 90 м! Хтосьці убачыў у гэтай выяве касмічны карабель іншапланецян, што знайшло адлюстраванне ў вядомым у 70-я гады фільме «Успаміны пра будычыню», аўтар фільма Эрых фон Дзенікён. Нарадзілася нават асобная навука – уфалогія, якая займаецца вывучэннем неапазнаных лятаючых аб’ектаў. Аднак пасля правядзення спецыяльных астранамічных назіранняў Косок прыйшоў да высновы, што па гэтых гігантцкіх малюнках на зямлі вяліся назіранні за сонцам, месяцам і некаторымі зоркамі, якія адыгрывалі вельмі важную ролю у сельскагаспадарчым календары і рэлігіі мясцовых плямёнаў. Належалі гэтыя выявы індзейскаму племені наска і датуюцца 200 г. да н. э. – 600 г. н. э. У апошнія дзесяцігодзі для мэтаў археалогіі усё часцей выкарыстоўваюцца дадзеныя фатаграфавання са штучных спадарожнікаў. У Беларусі паветраная археалогія выглядае досыць сціпла. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што дадзеныя аэрафотаздымак доўгі час знаходзіліся ў рэжыме строгай сакрэтнасці, паколькі Беларуская ваенная акруга заўсёды лічылася памежнаю. Але, тым не менш, першы прыклад выкарыстання дадзеных аэрафатаграфавання помнікаў археалогіі ў Беларусі прыпадае на пачатак 60-х гадоў мінулага стагодзя, калі з вышыні палёта птушкі было сфатаграфавана гарадзішча Калочын 5–8 ст. н. э., размешчанага каля в. Калочын Рэчэцкага раёна Гомельскай вобласці [гл. Сыманович Э.А. Городзище Колочин – 1 на Гомельщине // Славяне накануне образования Киевской Руси. М., 1963. Материалы и исследования по археологии СССР. № 108. С. 97-98, рис. 1, 2]. У 70-е гады таго жа стагодзя была зроблена спроба фатаграфавання археалагічнага комплекса Тайманава ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці і археалагічных раскопак на селішчы Тайманава – кіраўнік раскопак Л.Д. Побаль. У 80-е гады XX ст. маскоўскім спецыялістам у галіне паветранай археалогіі К.В. Шышкіным былі дэшыфраваны аэрофотаздымкі гарадзішча Маскавічы у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, дзе раскопкі праводзіла Л.У. Дучыц. Дэшыфроўка паказала, што забудова на гарадзішчы была шчыльнай. Прычым на пляцоўцы помніка забудова была кучавая,а ўздоўж берагавой лініі – вулічная. Сляды пабудоў паводле дэшыфроўкі аэрофотаздымкаў выяўлены і каля паўднёвага падножжа гарадзішча. Пры канцы 90-х гадоў XX ст. з вышыні больш як 25 м сфатаграфаваны археалагічны комплекс у Капылі: дзяцінец, вакольны горад і некропаль X – XІІ стст. А ў 2001 г. з верталёта сфатаграфавана гарадзішча старажытнарускага часу Дрысвяты. Апошнім часам з’явілася мажлівасць атрымоўваць аэрофотаздымкі некаторых помнікаў археалогіі змешчаных на сайце maps.google.com. У прыватнасці можна убачыць гарадзішчы старажытнага Клецка, Слуцка, Капыля.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.014 сек.) |