АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Археалагічная перыядызацыя. 2 страница

Читайте также:
  1. DER JAMMERWOCH 1 страница
  2. DER JAMMERWOCH 10 страница
  3. DER JAMMERWOCH 2 страница
  4. DER JAMMERWOCH 3 страница
  5. DER JAMMERWOCH 4 страница
  6. DER JAMMERWOCH 5 страница
  7. DER JAMMERWOCH 6 страница
  8. DER JAMMERWOCH 7 страница
  9. DER JAMMERWOCH 8 страница
  10. DER JAMMERWOCH 9 страница
  11. II. Semasiology 1 страница
  12. II. Semasiology 2 страница

Упершыню метад электраразведкі быў ужыты ў 1946 г. у Англіі Р.Аткінсанам. У былым СССР — у 1962 г. пад Ленінградам на неалітычных паселішчах і ў 1963 г. пры вывучэнні старажытнага Ізяслаўля (Украіна). У тым жа годзе гэты метад быў выкарыстаны і ў Беларусі пры даследаванні гарадзішча Кальвіншчына (Гаштольдава гара) ў Дзяржынску (Койданаве) Э.М. Загарульскім. З дапомогаю гэтага метада былі выяўлены рэшткі муроўкі Кальвінскага збору XVI ст., зруйнаванага ў 30-е гады мінулага стагоддзя. А ў 1988 г. метад электраразведкі прымяніў С.В. Тарасаў пры вывучэнні ўмацаванняў гарадзішча Полацка ІХ — Х стст. Было устаноўлена, што умацаванне – вал старога гарадзішча мела перарыўны характар.

Вельмі значны вынік гэты метад даў пры даследаванні старажытнага Карфагена у г. Туніс (сталіца дзяржавы Туніс у Паўночнай Афрыцы). З курсу гісторыі Старажытнага Рыма вядома, што ў 146 г. да н. э. здзейснілася зацятая мара рымскага сенатара Марка Порцыя Катона Старэйшага, які кожны свой выступ у сенаце заканчваў словамі: «Ceterum censеo Carthaginem esse delendam» — «акрамя таго, я перакананы, што Карфаген павінен быць зруйнаваны». Аднак неўзабаве на месцы старога Карфагена ўзнік новы, адбудаваны па рымскім ўзоры, які пераўтварыўся ў мегаполіс з насельніцтвам больш як за 300 тыс. чалавек. Тут, як і ў большасці тагачасных рымскіх гарадоў, былі форум, тэатр, шмат храмаў, знакамітыя тэрмы Антаніона, а на заходняй ускраіне горада — цырк, які сваёй авальнай формай больш паходзіў на стадыён ці на іпадром, бо быў славуты спаборніцтвамі на калясніцах. На пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя гістарычнай зоне Туніса, дзе некалі размяшчаўся Карфаген, пачала пагражаць бяспека знішчэння новабудам. Было прынята рашэнне правесці ў гэтай зоне археалагічныя даследаванні. У рамках праекта ЮНЕСКА ў Туніс прыбыла археалагічная экспедыцыя Польскай Акадэміі навук. І за чатыры месяцы экспедыцыя ў складзе шасці спецыялістаў празандзіравала тэрыторыю ў 320 тысяч квадратных метраў! На падставе гэтых дадзеных была складзена карта з абрысамі ўсіх рэшткаў канструкцыі старажытнага стадыёна.

Ужо сама гэта карта да кантрольных раскопак дала шмат цікавай інфармацыі. Аказалася, што поўная даўжыня стадыёна была 550 м, шырыня — 148 м, а памеры арэны — 80х448 м. Паводле падлікаў навукоўцаў, такі стадыён мог умясціць ад 130 да 140 тысяч гледачоў (для параўнання: мінскі стадыён «Дынама» ўмяшчае толькі 50 тыс. гледачоў). Праведзеныя такім чынам рэкагнасцыровачныя работы далі магчымасць у больш кароткі тэрмін правесці маштабныя археалагічныя раскопкі гэтага унікальнага збудавання.

Метад магнітнай разведкі. Вядома, што ў розных месцах нашай планеты напруга магнітнага поля розная. Так, на полюсах яна ўдвая мацнейшая, чым на экватары. Для кожнага шыротнага пояса спецыялістамі вызначана свая магнітная напруга. На гэтым фоне, у тых месцах, дзе размешчаны рэшткі старадаўніх паселішчаў, якія ўключаюць камяні, цэглу, абпаленую гліну, рэшткі вогнішчаў, магнітная напруга будзе выглядаць анамальна. Гэтую розніцу і ўлоўлівае магнітаметрычны прыбор, які і перадае гэтыя адхіленні ў выглядзе абрысаў помніка на экране манітора. Упершыню гэты метад быў ужыты ў 1956 г. у Англіі М.Эйткіным.

З дапамогаю гэтага метаду было ў 1973 і 1974 гг. вывучана паселішча трыпольскай археалагічнай культуры, размешчанае ва Украіне ў Чаркаскай вобласці каля сяла Майданецкае. Плошча паселішча звыш 2 км². Большая частка паселішча занята сельгасугоддзямі і таму ні з зямлі, ні з паветра прасачыць абрысы гэтага паселішча не было магчымым. Глеба ў гэтай мясцовасці — чарназём, таўшчынёю да 70 см. Пад чарназёмам — жоўты суглінак. Таму вылучыць стратыграфічна культурны пласт чорнага колеру на фоне чарназёма было немагчыма.

Рэшткі трыпольскіх жытлаў, як паказала шуфроўка, залягаюць у ніжнім слоі чарназёму, на глыбіні прыкладна 50–70 см. Плошча гэтых жытлоў каля 100 м2. Асноўнай мэтай геафізічных работ на гэтым помніку было складанне падрабязнага плану размяшчэння старажытных жытлаў на ўсёй тэрыторыі помніка. Магнітная здымка плану рэшткаў жытлаў вялася па квадратнай сетцы, дзе квадраты мелі памеры 4х4 м.

Практычна ўсе выяўленыя анамаліі адпавядалі шукаемым аб'ектам — трыпольскім жытлам. Усяго з дапамогай гэтага метаду на тэрыторыі Майданецкага паселішча геамагнітным метадам было вылучана 1575 жытлаў! Атрыманыя такім шляхам дадзеныя дапамаглі ў далейшым эфектыўна праводзіць на гэтым помніку археалагічныя раскопкі.

З дапамогай гэтага метаду ў 60-я гады ХХ ст. быў выяўлены і старажытны горад Сібарыс, размешчаны на поўдні Італіі, які даў хадзячую назву яго насельнікам з-за іх распешчанага, раздуранага раскошаю ладу жыцця. Каб хоць троху атрымаць уяўленне пра іхні лад жыцця, можна прывесці колькі фактаў. Так, жыхары Сібарыса, можа, як ніхто з прадстаўнікоў антычнага свету, любілі смачна паесці. Таму асоба кухара ў гэтай дзяржаве карысталася асаблівай павагай, прычым настолькі, што аслабанялася ад падаткаў. А некаторыя антычныя аўтары сцвярджалі, што віно паступала ў дамы сібарытаў па гліняных і свінцовых трубах прама з вінадзельняў! А вынаходніцтвам сібарытаў стаў начны гаршчок[14]…

Вельмі блізка да такіх прыбораў стаіць прыбор пад назвай металадэтэктар, дакладны пераклад гэтага слова – металашукальнік. У чым крыецца прынцып дзеяння яго працы? На канцы гэтага прыбора знаходзіцца пошукавая рамка з катушкай перадатчыка, якая выпраменьвае электрамагнітныя хвалі. Гэтыя хвалі распаўсюджваюцца ў зямлі і, наткнуўшыся на металічны прадмет, выклікаюць у ім індукцыю: прадмет, у сваю чаргу, вылучае хвалі, якія прымае прыёмнік, што знаходзіцца ў пошукавай рамцы. Затым гэты сігнал паступае ў кантрольна-аналітычны блок, пераводзіць іх у гук, які і даносіцца да даследчыка праз навушнікі. У залежнасці ад класа і магутнасці прыбора аналітычны блок металадэтэктара распазнае вялікія і дробныя прадметы, чорны і каляровы метал, глыбіню яго залягання.

Металадэтэктар быў распрацаваны ў ЗША ў 20-я гады мінулага стагоддзя, для выяўлення інструмента і гатовай прадукцыі, якую выносілі з завода рабочыя. Цягам часу гэтым вынаходніцтвам зацікавіліся ваенныя, дапрацавалі яго і пераўтварылі ў мінашукальнік, які шырока ўжываўся ў гады Другой сусветнай вайны.

Пасля вайны гэтыя прыборы танна прадаваліся ў ЗША і знайшліся многія, хто хутка ўцяміў пра магчымасці такіх прыбораў у пошуках скарбаў. Адным з такіх скарбашукальнікаў быў вядомы Мелвіл А. Фішэр, фермер з Каліфорніі, які, прадаўшы сваю ферму, дзе да гэтага гадаваў птушак, а атрыманыя грошы ўклаў у скарбашукальніцкае прадпрыемства.

Прыкладна з сярэдзіны мінулага стагоддзя металашукальнікі сталі выкарыстоўваць у археалогіі. Спачатку на разведках, а затым і ў раскопках.

Справа ў тым, што як бы пільна не праглядаўся культурны пласт пад час раскопак, а ўсё ж да 30% вырабленых з металу артэфактаў, па назіраннях навукоўцаў, трапляюць у адвал – адпрацаваны культурны слой, які вынесены па-за межы раскопак [гл. Вахрушин С.И., Кулешов Ю.Г., Станюкович А.К. Применение металлоискателей в археологии // Новое в применении физико-математических методов в археологии. М., 1979. С. 58 – 63].

Праўда, набыць металашукальнік у былым СССР было амаль немагчыма, бо адпаведныя структуры мелі падазрэнне, што хтосьці зможа іх выкарыстаць у шпіёнскіх мэтах [гл. Я познаю мир: Детская энциклопедия: Клады и сокровища / авт.-сост. Л.Б. Сумм. М., 2002, с. 45]. Сёння, як бы іранічна не выглядалі такія паводзіны, але, як пакажуць далейшыя падзеі, яны мелі станоўчае значэнне, бо забяспечвалі захаванасць помнікаў. Але пра гэта трошкі пазней.

У Беларусі металашукальнік упершыню быў выкарыстаны ў 1972 г. на раскопках селішча Тайманава (помнік ранняга жалезнага веку ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці) М.Ф. Гурыным, вядомым металазнаўцам, археолагам, доктарам гістарычных навук. (Прыбор называўся «ИМП – искатель минный полупроводниковый» і быў набыты ў адной з воінскіх частках як спісаны з-за неспраўнасці.) Даследчык «празвоньваў» паквадратна плошчу раскопа і тыя месцы, якія «падавалі гук», адзначаў невялікімі тычкамі. Рабочыя, што раскопвалі затым пазначаны квадрат, больш пільна праглядалі ў гэтых месцах культурны пласт, што і забяспечвала меншую страту металічных артэфактаў.

Канешне, металашукальнікі той пары саступалі сённяшнім па дасканаласці, але ўсё ж такі нейкі плён ад іх працы быў.

Сёння на ўзбраенні даследчыкаў маюцца металашукальнікі фірмаў «Fisher», «Whites», «Minilab». Некаторыя з іх даволі складаныя і дорага каштуюць, парадка 400 і больш у.а. Але калі гэта перашкода для навукоўцаў, дык ніяк не для чорных археолагаў, скарбашукальнікаў. Апошнія наносяць непапраўную шкоду помнікам археалогіі і навуцы, а ўвогуле дзяржаве. На жаль, на сёння, у нашай краіне няма закона, які б забараняў такую дзейнасць. Для параўнання адзначым, што ў суседняй Літве Сейм рэспублікі прыняў спецыяльны закон, які забараніў «работу» чорных археолагаў – выкарыстанне прыватнымі асобамі металашукальнікаў.

Праўда, з жалем даводзіцца канстатаваць, што не ўсе археолагі правільна, належным чынам, выкарыстоўваюць на раскопках металашукальнік. Празваніўшы ўчастак, яны пачынаюць натуральна рыць саўком, а то і рыдлёўкай гэта месца, каб дастаць артэфакт. Але вядома, што выяўленая такім чынам знаходка непазбежна губляе свой гістарычны кантэкст, што амаль абясцэньвае гэты матэрыял для гістарычнай рэканструкцыі вывучаемага аб’екта. Будзем спадзявацца, што гэтая хвароба першапраходцаў Кландайка калі-небудзь пройдзе ў гэтых навукоўцаў.

Наступная галіна, якой фізіка ўваходзіць у археалогію — гэта вызначэнне склада рэчы. Дзеля гэтага існуе некалькі метадаў, напрыклад, атамна-спектральны аналіз, рэнген-флуарэсцэнтны, лазерны спектральна-эмісіённы метад, метад ультрагукавой дэфектаскапіі і інш.

Напрыклад, метад атамна-спектральнага аналізу дазваляе адносна хутка і танна вызначыць якасны склад змесціва рэчы з каляровага металу і шкла. А вось лазерны спектральна-эмісіённы метад дасць амаль дасканалы малюнак змесцівых рэчываў у артэфакце. Прыкладам таму вывучэнне адной цікавай знаходкі з раскопак Капыльскага замчышча ў 1999 г. Гэтай цікавай знаходкай з'яўлялася накладка-наканечнік на рэмень, атрыбут вікінгаў. Як паказваў візуальны аналіз, артэфакт быў выраблены з каляровага металу на меднай аснове. Пра гэта сведчыў спецыфічны вокісел на яго паверхні — зялёнага колеру. Звычайна такі вокісел уласцівы для вырабаў з медзі, бронзы і латуні. Вонкавы бок знаходкі быў пакрыты мудрагелістым рэльефным арнаментам. Паміж рэльефнымі выявамі пакрыцця пласціны прасочваліся рэшткі нейкай масы жаўтаватага колеру. Што гэта? З дапамогай спецыялістаў удалося высветліць, што пласціна была выраблена з медзі, а прысутнасць у ёй свінцу і волава — прыродныя дамешкі. Але самае цікавае, што ўстанавілі прыборы, пласціна была пакрыта тонкім слоем пазалоты, дзе ўтрыманне золата складала 70 — 75 %. Астатняе, у якасці дамешку, складала срэбра. Жоўтая маса, што запаўняла прамежкі паміж рэльефамі малюнка, быў амальгалізатар — спецыяльны раствор на ртутнай аснове, неабходны для замацавання пазалоты на паверхні знаходкі. Як бачым, досыць складаная тэхналогія для артэфакта Х ст.

Метад ультрагукавой дэфектаскапіі выкарыстоўваецца для вывучэння вырабаў з чорнага металу, у прыватнасці для вызначэння разнастайных уключэнняў у склад рэчы, вырабленай з чорнага металу. Дзеля гэтай патрэбы выкарыстоўваюць і рэнтген. З дапамогай фізічных прыбораў можна вызначыць ступень цвёрдасці чорнаметалічных вырабаў, ступень іх загартоўкі і інш.

Часам фізічныя метады даследавання артэфактаў, іх спектральны аналіз, выяўляе пэўныя парадоксы ў гісторыі. Прыклад:

Англія. 1124 год. Кароль Англіі Генрых І загадвае да Раства Хрыстова адчаканіць новыя манеты. З усёй краіны да каралеўскага двара збіраюць майстроў манетнай справы і змяшчаюць іх у Вінчэсцерскае абацтва. Пачаўся выпуск новай манеты. Але праз колькі часу каралю даносяць, што майстры партачаць — выпускаюць непаўнавартасную манету, падмешваючы ў срэбра, з якога належала чаканіць манеты, розныя дамешкі: свінец і волава. Прычым, па словах даносчыкаў, утрыманне срэбра ў гэтых манетах зніжалася да адной трэці ад патрэбнага. І, як вынік гэтага, англійскі пенс абясцэньваецца, адсюль упадак у гаспадарцы і няўдачы ў вайне з Францыяй. Адсюль і гнеў караля. Расправа над майстрамі была вельмі жорсткай, нават для тагачаснай эпохі. Чаканшчыкам манет спачатку адсеклі правую руку, а затым — аскапілі (верагодна, каб спакуса падманваць караля не перадавалася генетычным шляхам).

Англія, другая палова ХХ ст. Археолагі і фізікі Оксфардскага ўніверсітэта вывучаюць манеты са скарбу перыяду праўлення караля Генрыха І і робяць ашаламляльнае адкрыццё. Аказваецца, утрыманне срэбра ў манетах перыяду праўлення Генрыха І складала 90 — 95%! Волава,якое чакалі сустрэць у гэтых манетах, на самой справе адсутнічала. Мала таго, дамешак золата ў змястоўных гэтых манет складаў каля 0,5 %, што звычайна і назіраецца ў прыроднай сыравіне для вытворчасці срэбра. Выходзіць, што майстроў дарэмна зрабілі калекамі і еўнухамі. У такім разе напрошваецца пытанне, што ўсё ж такі адбылося? Магчыма, сапраўды была выпушчана пэўная колькасць фальшывых манет, верагодна, каб справакаваць караля. У такім разе гэта можна расцэньваць як праяву палацавай інтрыгі. Мала таго, на сёння сярод калекцыянераў фальшывыя манеты той эпохі цэняцца куды больш за сапраўдныя!

Сучасныя фізічныя прыборы дазваляюць пранікаць даследчыку і ў таямніцу замагільнага свету, не парушаючы спакою нябожчыка. Згадайце цыкл фільмаў пра мумію, якая помсціць даследчыкам, што патурбавалі яе спакой? Дык вось сёння, з дапамогай сканера можна вывучаць пахаванні старажытных егіпцян — муміі, зусім не ўскрываючы саркафага і атрымліваць трохмерную выяву чэрапа муміі.

З дапамогай фізічных метадаў даследавання археалогіі атрымліваюць і адказ на самае галоўнае пытанне — калі гэта адбывалася, альбо інакш гаворачы — звесткі пра датаванне. Але пра гэта ўжо гаварылася ў мінулым раздзеле. Даведацца больш падрабязна пра ўнёсак фізікаў у археалагічную навуку можна з кнігі М.Дж. Эйткіна «Физика и археология».

Ну а адваротная сувязь, што дае археалогія фізіцы? Тут вельмі просты адказ. Усе сённяшнія дэталі механізмаў — гэта эвалюцыйны працэс іх развіцця з глыбокай старажытнасці, пачынаючы з моманту вынаходніцтва рычага, вядомага як мінімум з эпохі неаліту.

Археалогія і хімія. Калі фізіка з дапамогай адпаведных прыбораў дапамагае археолагам пранікнуць у змесціва рэчаў, дык хімія дае інфармацыю пра тэхналогію вытворчасці старажытных рэчаў. Прычым, для кожнай эпохі, для кожнага рэгіёна, будуць свае школы і свае традыцыі вытворчасці гэтых рэчаў. Гэта тычыцца найперш каляровай металургіі, напрыклад, вытворчасці бронзы, гэта тычыцца вытворчасці шкляных вырабаў: пацерак, бранзалетаў, посуду, аздобы храмаў, напрыклад, смальты. Так, спецыялістамі ўстаноўлена, што склад бронзы для Х — ХІ стст. у гарадах Кіеўскай Русі – гэта ў большасці сваёй сплаў медзі з цынкам. На долю вырабаў з «чыстай медзі», свінцова-алавяністай і алавяністай бронзы у гэты перыяд прыпадае ўсяго 19,5 %. У той жа час для паселішчаў Прыбалтыкі з VІ па ХVІ ст. сплаў медзі з цынкам быў асноўным сплавам для бронзавых вырабаў. У ХІІ — ХІV стст. у гарадах Русі гэты паказчык ужо дыяметральна процілеглы. Сплаў медзі з цынкам займае 19,3 % у той час, як вырабы з чыстай медзі, свінцова-алавяністай і алавяністай бронзы складаюць ужо 64,9 %.

А шкляныя бранзалеты, якія даволі часта знаходзяць у гарадах Кіеўскай Русі, па сваім хімічным складзе адрозніваюцца ад шкляных бранзалетаў, вырабленых у Візантыі. Так, для шкляных бранзалетаў, вырабленых у гарадах Русі ХІІ ст., найбольш уласціва хімічная формула Si—Pb—K, дзе Si — крэмнязём, пясок, Pb — свінец, K — калій, паташ (сода), які выраблялі з попелу драўніны. А для шкляных бранзалетаў візантыйскай вытворчасці ўласціва хімічная формула Si—Pb—Na, дзе Na — той жа паташ, але выраблены з попелу марскіх водарасцяў, якіх натуральна ў гарадах Русі быць не магло.

Цікава, што вывучэнне хімічнага складу шкляных бранзалетаў з гарадоў Кіеўскай Русі ілюструецца, наколькі дасканалымі былі веды тагачасных майстроў у тэхналогіі вытворчасці рознакаляровага шкла. Так, для атрымання бірузовага і цьмяна-чырвонага колеру майстры выкарыстоўвалі медзь, для атрымання зялёнага, карычневага і чорнага колеру — жалеза, для атрымання фіялетавага колеру — марганец, а спалучэнне апошняга з меддзю даваў ужо сіні колер. Жоўты колер даваў дамешак волава.

З дапамогай хімічных рэактываў можна атрымаць дадатковыя дадзеныя пра вытворчасць чорнаметалічных вырабаў. Так, пасля зачысткі і траўлення растворамі азотнай кіслаты чорнаметалічнага вырабу: можна атрымаць звесткі пра яго макраструктуру выявіць стальную наварку на жалезную аснову нажа, сякеры, цясла і г. д. Шырока ўжываюцца дадзеныя хімічнай навукі для расчысткі і кансервацыі артэфактаў археалагічнага паходжання. Але гэта тэма ўжо наступнага раздзела.

І апошняе. Менавіта хімікамі была адкрыта пераходная эпоха ад каменнага века да бронзавага – энеаліт (меднакаменны век). Аналізуя старажытныя рэчы, якія на першы погляд успрымаліся як бронзавыя, французскі хімік XIX ст. Р. Бертэла прыйшоў да высновы, што яны не бронзавыя, і медныя.

Археалогія і батаніка. «Учение об исходном материале, о происхождении культурных растений должно быть положено в основу научной селекции». Гэтыя словы выбітнага навукоўца, селекцыянера М.І. Вавілава сталі праграмнымі ў яго навуковай дзейнасці. І сапраўды, Мікалай Іванавіч Вавілаў не пачынаў сваіх работ па селекцыі без дэталёвага вывучэння археалагічных і літаратурных крыніц па гісторыі раслін, з якімі планаваў свае далейшыя навуковыя доследы. Менавіта яму належыць выснова, што: «Начало культуры ржи имело место значительно позже пшеницы и ячменя, о чем свидетельствуют данные археологии и лингвистики» (Вавилов Н.И. О происхождении культурной ржи. Избранные труды. Т. 3, М. — Л., 1962. с. 466).

Пад час археалагічных раскопак старажытнарускіх гарадоў, дзе культурны пласт добра захоўвае арганіку, нярэдка сустракаецца абвугленае зерне. Толькі ў Беларусі яго знаходзілі больш чым на двух дзесятках археалагічных помнікаў, сярод якіх і гарадзішчы ранняга жалезнага веку (Банцараўшчына, Загорцы, Свіла) і буйныя гарады: Полацк, Мінск, Віцебск, Гродна, Брэст і інш.

Вызначэннем спецыялістаў устаноўлена, што ў ХІ — ХІІІ стст. у Беларусі вырошчвалі зернявыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, проса, грэчку; бабовыя: бабы драбнаплодныя і харчовыя, тэхнічныя: лён і канаплю. Акрамя таго, па дадзеных археалогіі, у гарадах Беларусі былі вядомыя гародніна і садавіна. Так у Полацку знойдзена насенне агуркоў, якія меліся на бандарным донцы, костачкі вішань і сліў знойдзены ў Полацку, Мінску, Гродна, Віцебску і Слуцку. А ў Віцебску, на яго Ніжнім замку, у адной гаспадарчай пабудове ХVІІ ст. у бочцы былі знойдзены цэлыя яблыкі, дыяметрам з пяцікапеечную манету савецкіх часоў. Як правіла, сярод зерня культурных раслін сустракаецца і насенне пустазелля: лебяды, конскага шчаўя, проса курынага і інш., якія ўласцівы пэўным сістэмам севазвароту.

Аб'ектам увагі археабатанікаў з'яўляюцца не толькі абгарэлыя зярняты, але і яго адбіткі на гліняным посудзе, па якіх таксама можна атрымаць пэўную інфармацыю пра тагачасныя раслінныя культуры. Але гэты від крыніц адносіцца, як правіла, да перыяду эпохі неаліту і ранніх металаў. Піянерам ў гэтай справе на Беларусі з’яўляецца М.І. Лашанкоў [гл. Лошенков М.И. Археоботонические коллекции с городищ милоградской культуры Чорнае, Отрубы и Красная горка в Беларуси // Российская археология. 2010. № 3].

Што дае археалогія самой батаніцы? Яна даводзіць гісторыю эвалюцыі віда. Напрыклад, пэўны час лічылася, што самае старажытнае з зерневых культур — гэта жыта. Гэта нават знайшло адлюстраванне ў фальклоры, напрыклад: «Жытнёвы хлеб — калачам дзед». У сапраўднасці ўсё аказалася з дакладнасцю наадварот. Археалагічнымі раскопкамі, што праводзіліся яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на гарадзішчы Кармір-Блур (Арменія), было ўстаноўлена, што ў VІІ ст да н. э. жыта было пустазеллем, якое сустракалася тут сярод злакавых: пшаніцы і ячменю. Гэта пустазелле – Secale montanum Guss — або «горнае жыта» М.М. Вавілаў сустракаў пад час экспедыцыі ў Афганістане ў пасевах азімай пшаніцы паблізу ад Кабула і Герата.

Далей, паводле дадзеных археалогіі сучасная кукуруза эвалюцыянавала з маісу, які вырошчвалі ў Мексіцы яшчэ 7 тыс. гадоў таму. Даўжыня пачаткаў той «кукурузы» была ўсяго 2,5 см. Да часу іспанскага заваявання Мексікі ў 1521 г., даўжыня пачатку была ўжо 13 — 15 см. Сёння, як вядома, гэта 25 — 35 см.

Параметры зерня злакавых, напрыклад, пачатку ХІV ст. з нашых раскопак на Верхнім замку Віцебска ў параўнанні з сучаснымі ўзорамі выглядалі так: даўжыня зерня жыта была ў межах 5 – 7,4 мм (сучаснага — 7 — 8 мм), пшаніцы 4,1 — 4,9 (сучаснай 4 — 8 мм), ячменю 6 — 7 мм (сучаснага 7 — 10 мм), аўсу 8,1 — 11,1 мм (сучаснага 8,5 —12 мм).

Важкі ўнёсак у вывучэнне палеабатанічных рэшткаў з археалагічных помнікаў Беларусі зрабілі Фляксберг К.А. (Мінск), А.В. Кір'янаў і М.А. Кір'янава (Масква), Т.М. Каробушкіна і Д.І. Траццякоў (Мінск).

Археалогія і заалогія. Заалогія, як вядома, навука пра жывёльны свет. Пад час археалагічных раскопак на ўсіх відах паселішчаў (асабліва ў гарадах), а часам і на некаторых могільніках, сустракаюцца ў даволі значнай колькасці косткі жывёл. Ужо толькі адзін лічбавы паказчык, без вызначэння відаў жывёл, дае інфармацыю пра інтэнсіўнасць жыцця на паселішчы. Раскладка ж астэалагічнай калекцыі на дзве буйныя групы: косткі дзікіх і свойскіх жывёл, падводзяць да высновы, што дамінавала ў гаспадарцы – паляванне або жывёлагадоўля. Далейшае вызначэнне спецыялістаў адкажа на пытанне, якія свойскія жывёлы пераважалі ў статку, напрыклад, буйная рагатая жывёла або дробная, колькі працэнтаў асобін прыпадае на свіней і коней. Вызначэнне спецыялістаў пакажа, што дамінавала ў паляўнічых трафеях таго часу: буйныя парнакапытныя, напрыклад, зубр, алень, лось, дзік — з мэтай здабычы мяса або футравыя віды жывёл – куніца, бабёр, выдра, ліса — з мэтай здабычы футра, якое ішло не толькі на ўласныя патрэбы але і на гандлёвы абмен.

Вызначэнні спецыялістаў пакажуць і эвалюцыю відаў жывёл. Так, прадстаўнікі ляснога свету ў старадаўнія часы былі большымі ў параўнанні са сваімі сённяшнімі суродзічамі. Тлумачыцца гэта ўмяшальніцтвам чалавека, які найперш паляваў на больш буйнýю па сваіх памерах здабычу. А прадстаўнікі свойскіх жывёл у параўнанні са сваімі суродзічамі, наадварот, выглядаюць вельмі сціпла. Свойская жывёла да ХVІІІ — ХІХ стст. была беспароднай, малога росту. Так, вышыня каровы ХІІ — ХІІІ стст была ледзь за 1,5 м.

У 1961 г. спалучэнне археалогіі і заалогіі спарадзіла новы накірунак у навуцы — археаазалогію (грэч. аrchaios — старажытны + zoōn — жывёла + logos — навука), якая спецыялізуецца толькі на вывучэнні выкапневых, здабытых археалагічным шляхам рэшткаў жывёл. Пачаткам афармлення гэтага накірунку ў заалогіі стаў Міжнародны сімпозіум па праблемах даместыкацыі, які адбыўся ў 1961 г. у г. Кілі (Германія). Сімпозіум паказаў багацце праблематыкі і вялікую разнастайнасць рэшткаў жывёл з археалагічных раскопак. У 1971 г. у Будапешце створана секцыя па праблемах археазаалогіі, пераўтвораная ў 1976 г. у Міжнародны савет па археазаалогіі. У Беларусі найбольшы ўнёсак у археазаалогію быў зроблены В.В. Шчагловай, якая апрацавала амаль усе астэалагічныя калекцыі, назапашаныя беларускімі археолагамі ў 50—80 гг. ХХ ст. Вынікі яе працы адлюстраваны ў шэрагу спецыяльных манаграфій беларускіх археолагаў, прысвечаных асобным помнікам: Брэст, Тураў, Мінск, Полацк і інш., а таксама ў абагульняючых работах, напрыклад, «Археалогія Беларусі». У 80—90-я гг. ХХ ст. гэтую работу прадоўжыла А.П. Александровіч, на сёння гэтую працу працягвае А.А. Разлуцкая. Самастойнымі адгалінаваннямі заалогіі з'яўляюцца іхтыялогія і арніталогія.

Іхтыялогія — гэта навука пра рыб. Пад час раскопак бывае ўдаецца сабраць ладную калекцыю костак і лускі рыб, сярод якіх могуць сустрэцца рыбы прамысловага значэння: балтыйскі асётр, судак, сцерлядзь. Прадстаўнікоў гэтых відаў іхтыяфаўны сёння ўжо не сустрэць у рэках Беларусі. Гэта абумоўлена каскадам гідраэлектрастанцый, якія замінаюць прадстаўнікам гэтых відаў рыб заходзіць у нашы рэкі на нераст. На сёння ў Беларусі налічваецца каля 50-ці іхтыялагічных калекцый з археалагічных помнікаў ад каменнага веку да позняга сярэднявечча, якія вывучаюцца спецыялістамі з НАН Беларусі (Э. Ляшкевіч).

Арніталогія — гэта навука пра птушак. У раскопках сустракаюцца і косткі птушак, сярод якіх ёсць прадстаўнікі свойскіх, напрыклад, курыцы. Косткі качак і гусей мала розняцца паміж дзікімі і свойскімі на той час. Адносна часта сустракаюцца косткі лясной птушкі: беркут, цецярук, рабчык і інш, усяго больш за 45 відаў. А пры раскопках старажытнага Ваўкавыска ў напластаваннях ХІІ ст. былі нават сустрэты косткі экзатычнай для нашых мясцін птушкі — паўліна. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі захоўваецца не менш як 1,5 тысячы касцявых птушыных рэшткаў з археалагічных помнікаў. Добры унёсак у гэтую справу зрабіў ў свой час М.І. Бурчак-Абрамовіч.

Дадзеныя вышэй згаданых навук: батанікі, заалогіі, іхтыялогіі і арніталогіі ў значнай ступені дапамагаюць гісторыкам харчавання рэканструяваць рацыён харчавання тагачаснага насельніцтва.

Да разраду прыродазнаўчых навук адносяцца мікалогія – навука пра грыбы, энтамалогія — навука пра насякомых, герпеталогія – навука пра земнаводных і г.д., якія таксама пэўным чынам робяць свой унёсак у рэканструкцыю мінулага, напрыклад, рэканструкцыю тагачаснай экалогіі.

Археалогія і антрапалогія. Тэрмін «антрапалогія» паходзіць ад слоў грэчаскага паходжання: anthropos — чалавек і logos — навука. Упершыню слова «антрапалогія» ўжыў Арыстоцель* у сваім творы «Паэтыка», дзе пад гэтым тэрмінам разумеў вучэнне пра духоўны свет чалавека. Існуюць два напрамкі антрапалагічных даследаванняў: біялагічны – фізічная антрапалогія і гуманітарны – культурная антрапалогія, якая вывучае чалавека як сацыяльную істоту. Гэты напрамак ахоплівае і такія навукі як археалогія і этналогія. Ён больш уласцівы для заходняй школы спецыялістаў. У шырокім сэнсе дня сённяшняга фізічная антрапалогія трактуецца як навука пра чалавека, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці зменлівасці біялагічных асаблівасцяў чалавека і яго расы. У больш вузкім вызначэнні, гэта навука аб біялагічнай прыродзе чалавека. Адным з аб'ектаў увагі антраполагаў з'яўляецца будова шкілета чалавека. Менавіта гэтая акалічнасць і спрыяе шчыльнаму супрацоўніцтву археолагаў і антраполагаў у справе вывучэння старадаўніх пахаванняў выкананых па абрадзе інгумацыі.

Так, антраполагі па тазавых костках лёгка ўстанаўліваюць пол нябожчыка, тое яны могуць зрабіць і па чэрапе, але ўжо з меншай доляй верагоднасці. Узрост пахаванага адлюстроўваецца на стане эпіфізаў доўгіх костак і швоў чэрапа, зношанасці зубоў або іх прарэзання. Часам на костках захоўваюцца сляды пашкоджанняў і хваробы. Але гэта ўжо аб'ект увагі палеапатолагаў і медыкаў, якія займаюцца гісторыяй медыцыны.

Антраполагамі вывучаны сотні чалавечых парэшткаў, выяўленых у магільных пахаваннях ХІ–ХVІІІ стст., у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Устаноўлена, што славяне, якія адносяцца да еўрапеоіднай расы, маюць міжгрупавыя асаблівасці. Так, у заходніх славян прасочваюцца германскія рысы – наступствы іх кантактаў з памежнымі ім германскімі плямёнамі. Тое ж можна прасачыць і ў некаторых пахаваннях пад Чарнігавам (Шаставіцы) і пад Смаленскам (Гнёздава), дзе сярод пахаванняў дружыннікаў сустракаюцца пахаванні як славянскага, так і скандынаўскага (паўночнагерманскага) насельніцтва. Фракійскі ўплыў прасочваецца ў антрапалагічным абліччы паўднёвых славян. Іранскі і цюркскі ўплывы прасочваюцца ў антрапалагічным абліччы ўкраінскага насельніцтва, фінскі — рускага, балцкі — у насельніцтва Беларусі, прычым для Х — ХІV стст. на гэтай тэрыторыі сустракаюцца як змешаны тым — балтаславянскі, так і ў пэўнай ступені «чыста» балцкі або славянскі. Цікавыя назіранні былі зроблены спецыялістамі пры вывучэнні парэшткаў нябожчыкаў з курганных пахаванняў Беларускага Пабужжа ІХ — ХІІІ стст. Тут на «чыста дрыгавіцкім» фоне мужчынскага насельніцтва яўна вылучаецца іншаэтнічны кампанент жаночага насельніцтва, што можа сведчыць аб працэсе паступовай асіміляцыі мясцовага, даславянскага насельніцтва. А балтскія, ці дакладней, будзе сказаць, заходнебалтскія рысы прасочваюцца на краніялагічным* матэрыяле з пахаванняў каменных могільнікаў Беларускага Панямоння ажно да канца ХVІІ ст.

Далей, антраполагамі заўважана, што гарадское насельніцтва Кіеўскай Русі характарызуецца павелічэннем чарапнога паказчыка і шырынёй скул. Павялічаныя чарапныя паказчыкі маглі, на думку спецыялістаў, быць праявай змешвання мясцовага гарадскога насельніцтва з іншародным у выніку міжэтнічных шлюбаў, а пашырэнне дыяметру скул звязана, магчыма, са зменамі ўзроўню харчавання ўбок яго павышэння ў гараджан (Алексеева Т.И. Этногенез восточных славян. М., 1973 с.130).

Антраполагамі таксама заўважана, што большую частку насельніцтва Русі складалі жыхары ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў. Асноўныя прычыны кароткага працягу жыцця насельніцтва на той час былі неўраджаі, ваенныя дзеянні, хваробы. Апошняя праява — гэта ўжо парафія палеапатолагаў. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў айчыннай антрапалогіі можна назваць прозвішчы Дэбеца Г.Ф., Аляксеева В.П. і Аляксееву Т.І. (Масква), Салівон І.І. і Цягака Л.І. (Мінск).

Адносна нядаўна польскімі антраполагамі распрацавана методыка паводле якой, у асобных выпадках, можна вызначыць па уцалелых фрагментах костак нябожчыка, пахаванага па абраду крэмацыі, рост чалавека, а часам і узрост, а таксама колькім індувідумам гэта пахаванне магло належыць.

Займаюцца антраполагі і генагеаграфіяй. Так аналіз антропогенетычнага матэрыяла сведчыць пра глыбокі генафонд беларускага этнаса, вытокі якога можна шукаць у бронзавым веку [Кикешев Н. Метаистория. М., 2010, с. 572].


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.008 сек.)