АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Археалагічная перыядызацыя. 1 страница

Читайте также:
  1. DER JAMMERWOCH 1 страница
  2. DER JAMMERWOCH 10 страница
  3. DER JAMMERWOCH 2 страница
  4. DER JAMMERWOCH 3 страница
  5. DER JAMMERWOCH 4 страница
  6. DER JAMMERWOCH 5 страница
  7. DER JAMMERWOCH 6 страница
  8. DER JAMMERWOCH 7 страница
  9. DER JAMMERWOCH 8 страница
  10. DER JAMMERWOCH 9 страница
  11. II. Semasiology 1 страница
  12. II. Semasiology 2 страница

Метады датавання археалагічных помнікаў.

 

Археалогія, як вядома, адносіцца па сваіх мэтах да ліку навук гістарычных. Адным з важнейшых пытанняў ў гісторыі з'яўляецца пытанне пра час, у які разгортваліся тыя ці іншыя падзеі.

Час, як вядома, форма існавання матэрыі, якую, калі яна не матэрыялізаваная, мы заўважыць не ў стане. Цікава, што на гэтую акалічнасць звярнуў ўвагу яшчэ ў І ст. да н.э. рымскі філосаф Лукрэцый Кар ў сваёй паэме «Пра сутнасць рэчаў» («О природе вещей» – руск.). У гэтым творы ёсць такія радкі: «Сам па сабе час не існуе, дый гэта мы бачым па рэчах, што нас акружаюць…»

Аўтар гэтых радкоў даў зразумець, што ўсе рэчы, якія наўкола нас, нясуць на сабе пэўны адбітак часу. Адны з гэтых рэчаў маладзейшыя, другія – старэйшыя. Як на скорую руку праілюстраваць гэтую прыродную з'яву? Вазьміце з сямейнага фотаальбома тры фотакарткі: свайго дзеда, бацькі і сваю фатаграфію. Пазначце іх умоўна літарамі «А», «В» і «С». Пакладзіце іх перад сабою ў алфавітным парадку. Вы ўвачавідкі заўважыце, што выява на фотаздымку пад літарай «В» выглядае старэйшай за выяву пад літарай «С», а выява пад літараю «А» будзе выглядаць старэйшай за выяву пад літарай «В». З гэтага выцякае, што фотаздымак пад літараю «С» не мог з'явіцца на свет раней за фотаздымак пад літараю «В», а фотаздымак пад літараю «В» не мог з’явіццараней за фотаздымак пад літараю «А». Перанясём гэтую акалічнасць цяпер на рэчы.

Данія, 1816 – 1819 гг., Капенгаген, Нацыянальны музей. Дырэктар музея Хрысціян Томсен разбірае калекцыю старажытных рэчаў. У поле яго зроку трапляюць сякеры. Адны з іх – каменныя, другія – бронзавыя, а трэція – жалезныя. Томсен прыходзіць да высновы, што жалезныя сякеры не маглі з'явіцца ў людзей раней за бронзавыя, а бронзавыя не маглі з'явіцца раней за каменныя. На падставе гэтага, ён у экспазіцыі музея змяшчае гэтыя сякеры ў такім парадку: каменныя, затым бронзавыя, потым ужо жалезныя і на падставе гэтага вылучае ў гісторыі чалавецтва тры эпохі: каменны век, бронзавы век і жалезны век. Гэта тэорыя Томсена атрымала назву «Тэорыя трох вякоў вымярэння» і была ім выкладзена ў яго кнізе «Паўночныя старажытнасці», якая выйшла ў свет у 1831 годзе і ў працы «Каталог музея ў Капенгагене», якая была апублікавана ў 1836 годзе. Гэта і ёсць археалагічная перыядызацыя якой і сёння карыстаюцца ўсе археолагі свету. Праўда, у далейшым яна была дапоўнена і дэталізавана. Так, у каменным веку былі вылучаны старажытны каменны век, або палеаліт (Габрыэль Мартылье), сярэдні каменны век, або мезаліт (Эдуард П'ет), новы каменны век, або неаліт (Якаб Варсо) і пераходны перыяд ад каменнага веку да бронзавага – медна-каменны, або энеаліт (Р. Бертэла).

Усе гэтыя перыяды, калі яны не забяспечаны пэўнымі лічбавымі паказчыкамі, ілюструюць так званую адносную храналогію: старэй, маладзей, яшчэ маладзей і г. д. Прасачыць такую адносную даціроўку можна і на ўзоры стратыграфічнай калонкі з археалагічнага раскопу. Так, артэфакты, знойдзеныя ля мацерыка, будуць відавочна старэйшыя за тыя, што сустрэнуцца ў сярэдніх напластаваннях гэтай калонкі і ўжо значна старэйшыя за тыя, якія будуць знойдзены ў верхніх, бліжэй да дзённай паверхні адкладах культурнага пласта, праўда ў тым выпадку, калі стратыграфія помніка непарушана. У археалагічнвай літаратуры даціроўку без пэўных лічбавых паказчыкаў прынята называць адноснай. А даціроўку забяспечаную ўжо пэўнымі лічбавымі датамі прынята называць абсалютнай. Само слова абсалютны тлумачыцца як поўны, безумоўны, канчатковы.

Каб наглядна ўявіць сабе гэта, забяспечце вашы фотаздымкі, што перад вамі пад літарамі «А», «В» і «С» датамі нараджэння змешчаных на гэтых фатаграфіях людзей і вы атрымаеце ўжо абсалютную даціроўку. Тое ж самае дзеянне перанясём на эпохі гісторыі чалавецтва. Так палеаліт пачаўся прыкладна 1,75 млн. гадоў таму і скончыўся каля 11 тыс. таму, мезаліт адпаведна 11–7 або 6 тыс. гадоў таму, неаліт 6–5 тысячы гадоў, бронзавы век 4–3 тысячы гадоў таму, жалезны век пачаўся ў 1-м тысячагоддзі да н.э. Гэта і ёсць цяпер абсалютная храналогія. У прамежках гэтых храналагічных перыядаў вылучаць больш вузкія, якія прывязваюць да пэўных археалагічных культур, да асобных археалагічных помнікаў, археалагічных комплексаў і нават да асобных артэфактаў з гэтых комплексаў.

Як прысвойваюцца даціроўкі артэфактам, комплексам і археалагічным культурам? І вось тут мы пераходзім ужо да другой часткі нашага раздзела, які называецца «Археалагічнае датаванне».

Існуюць некалькі спосабаў археалагічнага датавання. Першы і самы распаўсюджаны пад час раскопак паселішчаў – гэта стратыграфічны. У аснове гэтага метаду палягае планіграфія і стратыграфія (месца размяшчэння знаходкі) артэфакта. Праўда, метад гэты толькі тады «грае», калі культурныя напластаванні гэтага помніка прадатаваны папярэднімі даследаваннямі. Без гэтай акалічнасці гэты метад можа даць толькі адносную даціроўку.

Другі спосаб датавання – гэта датаванне па знаходках, якія спадарожнічаюць выяўленаму намі артэфакту і маюць рэальную даціроўку. Да ліку такіх знаходак можна аднесці манеты у закрытых археалагічных комплексах, на якіх выбіта дата іх чаканкі або імя кіраўніка дзяржавы, які іх выпусціў, і даты жыцця якога адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах. Яскравым узорам такой даціроўкі можа служыць, напрыклад, Дзягцянскі манетна-рэчавы скарб, выяўлены ў Капыльскім раёне ў 1957 г. каля в. Дзягцяны. У гэтым скарбе ўтрымлівалася 320 манет, самая позняя з якіх адносіцца да 1050 г. Менавіта гэтая акалічнасць і дазваляе датаваць у гэтым скарбе ювелірныя вырабы – упрыгожванні і гліняны посуд, у якім скарб быў ухаваны, сярэдзінай ХІ ст.

Да ліку такіх знаходак можа быць аднесена часам і пячная кафля ХVІІ ст., на вонкавай паверхні якой, бывае, ставілі дату. Выяўленая пры расчыстцы пабудовы ХVІІ ст., такая кафля можа даць больш вузкую дату бытавання гэтай пабудовы.

Трэці спосаб датавання – гэта датаванне па пісьмовых звестках. Часам у пісьмовых крыніцах змяшчаюцца паведамленні пра час узвядзення храма, пра напад ворага, пра стыхійныя бедствы, напрыклад, пажару. Так, паводле пісьмовых звестак мы не толькі можам даведацца пра час пабудовы таго ці іншага храма, а нават часам атрымаць і досыць вузкую дату яго ўзвядзення. Напрыклад, паводле пісьмовых звестак Спаскі сабор Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку ўзводзіўся з красавіка па кастрычнік 1161 года. Натуральна, што некаторыя артэфакты, выяўленыя ў раскопках ля падмуркаў гэтага храма, можна датаваць другой паловай ХІІ ст.

Летапісныя дадзеныя, што фіксуюць драматычныя падзеі з гісторыі некаторых гарадоў (напрыклад, руйнаванне Менска ў 1083 г. войскамі Уладзіміра Манамаха, пасля якога не засталося «а ні чэлядзіна, а ні скаціны», або руйнаванне манголамі ў 1237 г. Разані, а ў 1240 г. Кіева) дапамагаюць даволі ўпэўнена прадатаваць закрытыя археалагічныя комплексы (магілы, згарэлыя ў полымі пажару жытлы) і артэфакты з гэтых комплексаў. А ў некаторых пісьмовых крыніцах фіксуюцца пажары, што ўзніклі як побытавая з'ява. Так ў Наўгародскім першым летапісе (Полное собрание русских летописей, т.3, СПб., 1892) ёсць такі запіс: «В лето 6843 (1335 г.). Того же лета, по грехом нашим, бысть пожар в Руси: погоре город Москва, Вологда, Витепьско; Юрьев Немечской весь погоре…» Гэты летапісны пажар зафіксаваны ў Віцебску (па летапісу Витепьско) прасочаны намі пад час археалагічных раскопак Верхняга замка Віцебска, калі на глыбіні ад 3 да 4 м былі ўскрыты два дзесяткі пабудоў, вулічная маставая, вастраколы і дваравыя вымасткі са слядамі моцнага пажару. Пад час расчысткі гэтых пабудоў выяўляўся гліняны і драўляны посуд, нажы, замкі, ключы, некаторыя ўзоры ўзбраення і аздаблення, якія можна паводле гэтага пажару, прадатаванага летапісам, аднесці да 30-х гадоў ХІV ст.

А вось цікавае паведамленне з Лаўрэнцьеўскага летапісу: «В лето 6738 (1230)… того же лета месяца мая в 3 день на памяць святого Феодосия… во время литургии… потресеся земля и церкви… подвишая…» (Полное собрание русских летописей, т.1, М., 1962). Менавіта ў напластаваннях гэтага часу і выяўлены рэшткі тураўскага храма, які і зачапіў землятрус адзначаны ў летапісе. І, натуральна, што ўсе знаходкі, якія сустрэты пад час расчысткі гэтага храма, маюць сваю канечную дату 1230 год.

Існуюць яшчэ некалькі спосабаў датавання для археалагічных комплексаў, якія ўжо звязаныя з прыродазнаўчымі навукамі. Адзін з гэтых спосабаў – дэндрахраналагічны. Само слова «дэндрахраналогія» трохсастаўное, грэчаскага паходжання. Так dendron ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае дрэва, chronos – час і logos – навука. А ўсё разам слова дэндрахраналогія абазначае навуковую дысцыпліну, якая займаецца вызначэннем даціровак для рэштак старажытных збудаванняў (пабудоў, вулічных маставых, драўляных унутрывальных канструкцый) па гадавых кольцах дрэва.

Вядома, што кожны год пакідае на дрэве след у выглядзе слоя драўніны. Калі мы спілуем дрэва, дык зможам убачыць гэтыя слаі драўніны ў выглядзе кольцаў рознай таўшчыні і танальнасці: цёмнажоўтыя і светлажоўтыя. Якія фактары ўплываюць на шырыню і каляровую гаму гэтых кольцаў? Гэта тэмпература, паветра і вільгаць. Так у цёплае і вільготнае лета гадавыя кольцы дрэва будуць шырокімі і цёмнымі. У сухое і халоднае – вузкімі і светлымі. Прычым гэтая заканамернасць будзе ўласціва ўсім дрэвам аднаго віду: сасне, елцы, дубу, якія растуць на адной геаграфічнай шыраце. Па гэтых рознакаляровых кольцах драўніны можна скласці дыяграму спрыяльных і неспрыяльных гадоў для росту дрэва на працягу яго жыцця. А вызначыць працягласць жыцця дрэва можна, падлічыўшы колькасць кольцаў на спіле дрэва. Цяпер можна выйсці на дату, калі дрэва было ссечана і ўжыта на ўзвядзенне якой-небудзь пабудовы. Як гэта робіцца?

Так у Ноўгарадзе пад час раскопак былі выяўлены драўляныя фундаменты цэркваў. Час узвядзення гэтых цэркваў зафіксаваны ў летапісах. Драўляныя фундаменты цэркваў ўяўлялі сабою масіўныя бярвенні або плахі, якія добра захаваліся ў вільготным культурным пласце. Час, калі ссеклі гэтыя дрэвы, больш ці менш супадае з часам пачатку будаўніцтва храма. Па гадавых кольцах гэтых дрэў можна падлічыць іх узрост і скласці дыяграму спрыяльнага і неспрыяльнага перыяду іх росту. На гэтай дыяграме ў нас ёсць дзве асноўныя даты: год, калі дрэва было ссечана (гэта ўстаноўлена паводле летапісу – пачатак будоўлі храма), і год, калі дрэва пачало расці (гэта ўстанаўліваецца пасля падліку на спіле дрэва гадавых кольцаў). Ёсць прамежкавыя даты – спрыяльныя і неспрыяльныя гады росту дрэва. Калі да гэтай дыяграмы прыкласці дыяграму спілу дрэва, узятага з іншага помніка, дзе няма летапісных звестак пра час узвядзення канкрэтнай пабудовы, дык у тых месцах, дзе гэтыя дыяграмы супадаюць, можна выйсці на дату, калі гэтае з іншага помніка дрэва было ссечана, а значыць, ужыта ў будаўніцтва.

Упершыню метад дэндрахраналагічнага даследавання быў прапанаваны яшчэ на пачатку ХХ ст. амерыканскім астраномам А.Э. Дугласам. У 1904 г. ён пачаў шырокамаштабныя работы па зборы ўзораў драўніны жоўтай сасны (Pinus ponderosa) для вывучэння хістанняў гадавога прыросту кольцаў драўніны ў сувязі з кліматычнымі ваганнямі, якія, у сваю чаргу, як лічыў Дуглас, звязаны з сонечнай актыўнасцю. Яго назіранні мелі поспех. І ў 1919 г. выйшаў у свет першы том трохтомнай манаграфіі Дугласа «Кліматычныя цыклы і гадавыя кольцы» (Douglass A.E. Climatic cycles and treegrouth. – Carnegic Institution Washington. 1919. Volum 1). А ў 1920 г. А.Дуглас звярнуўся і да археалагічнага датавання. Ім было заўважана, што індзейцы паўночна-заходняй часткі штата Нью-Мексіка на працягу стагоддзяў шырока выкарыстоўваюць драўніну хвойных парод, сярод якіх часта сустракалася піхта, жоўтая сасна і іншыя віды хвоі.

У сухім клімаце дрэва цудоўна захоўвалася, прычым як у раскапаных археолагамі пабудовах, так і ў наземных руінах. Дуглас прыйшоў да думкі, што можна стварыць дэндрахраналагічны каляндар, па якім можна будзе вызначаць час засялення розных старажытных гарадзішчаў. Таму ім былі зроблены захады па зборы адпаведнага матэрыялу, пачынаючы ад узораў дрэва з пабудоў самых ранніх паселішчаў і да жытлаў індзейцаў пачатку ХХ ст. У выніку дзесяцігадовай працы ім была складзена абсалютная храналогія такіх збудаванняў ад сучаснасці і да 1280 г. н.э. У далейшым Дугласу ўдалося пашырыць храналагічны дыяпазон складзенай ім школы ажно да 698 года!

А.Э. Дуглас – рэдкі прадстаўнік навуковага свету, які працягваў сваю творчасць да глыбокай старасці. Ён спачыў у Бозе ў 1962 г., ва ўзросце 94 гады! Створаная ім у 1937 г. пры Арызонскім універсітэце лабараторыя па вывучэнні гадавых кольцаў з'яўляецца і сёння буйнейшай у свеце навуковай установай у галіне дэндрахраналогіі.

У Заходняй Еўропе дэндрахраналагічнымі даследаваннямі пачалі займацца напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя пераважна ў краінах Скандынавіі і ў Германіі. У былым СССР дэндрахраналагічная лабараторыя была створана пры Інстытуце археалогіі АН СССР у 1959 г. Б.А. Колчыным, выбітным археолагам, адным з заснавальнікаў наўгародскай археалогіі. У 1960 г. работу па вывучэнні дэндрахраналагічных узораў з археалагічных помнікаў Усходняй Еўропы ўзяла ў свае рукі Н.Б. Чарных, якая і займалася гэтай работай да 2006 года, да свайго апошняга дня. Менавіта ёю зроблена дэндрахраналагічнае вызначэнне ўзораў драўніны з археалагічных помнікаў Беларусі: Полацка, Віцебска, Гродна, Мінска, Пінска, Мсціслава, Давыд-Гарадка, Брэста, Слуцка. А складзеныя ёю дэндрахраналагічныя шкалы ахопліваюць перыяд у не адну сотню гадоў, напрыклад, у Мсціславе з 1115 па 1343 г., у Полацку з 961 па 1309 г., а ў Віцебску, на яго Верхнім замку, з 1161 па 1673 г.

Метад дэндрахраналагічнага аналізу, быў выкарыстаны і для вызначэння часу ўзвядзення дома Ваньковічаў у Мінску (даследчык П.А. Русаў). Паводле гэтых дадзеных дом Ваньковічаў пачалі будаваць неўзабаве пасля 1792 г. (дата рубкі аднаго з бярвенняў пабудовы). На працягу наступных дзесяцігоддзяў дом Ваньковічаў, паводле дадзеных дэндрахраналогіі, некалькі разоў рамантаваўся. Апошні рамонт (да пачатку рэстаўрацыі) адбываўся ў 1963 г.

Радыёактыўны метад датавання заснаваны на вывучэнні рэштак радыёактыўных элементаў, якія ўтрымліваюцца ў рэчах натуральнага і штучнага паходжання. Што гэта за радыёактыўныя элементы і як яны ўтвараюцца ў рэчах?

Яшчэ ў 1939 г. прафесар Нью-Йоркскага універсітэта С. Корф заўважыў, што ў жывых арганізмах:раслінны, жывёльны свет, чалавек пад уздзеяннем сонечных промняў утвараецца утвараецца радыёактыўны элемент С 14.

Другім навукоўцам, Е.С. Андэрсенам, было даказана што гэта з'ява ўласціва для ўсяго свету, незалежна ад геаграфічнай шыраты і даўгаты, пачынаючы ад Паўночнага полюса Зямлі і да Паўднёвага, і што ўтрыманне гэтага рэчыва ў жывым арганізме ёсць велічыня пастаянная. А ў 1947 г. амерыканскім фізікам і хімікам Уіллардам Франкам Ліббі было ўстаноўлена, што гэты радыёактыўны элемент пасля сканання жывога арганізма, у якім гэты элемент утрымліваецца, пачынае паступова распадацца. Прычым з пэўнаю хуткасцю. Так, за 5600 гадоў распадаецца роўна палова атамаў гэтага рэчыва і да канца 16800 гадоў застаецца толькі адна восьмая частка радыёактыўнага элемента ў рэчы*. Вызначыўшы, колькі радыёактыўнага элемента засталося ў знаходцы і супаставіўшы з велічынёю пастаяннаю для гэтага рэчыва ў жывым арганізме, можна вылічыць, колькі часу заняў гэты працэс у кожным канкрэтным выпадку, а значыцца і вызначыць час, калі гэтая рэч перастала існаваць як жывы арганізм. Праўда, пры гэтым ёсць пэўная пагрэшнасць: ад ± 200 да ± 30 гадоў (павелічэнне пагрэшнасці назіраецца ў бок старадаўнасці паходжання рэчы). Але калі для эпохі сярэднявечча розніца ў 50 гадоў справа больш ці менш істотная, дык для больш ранняе пары, калі змены ў развіцці матэрыяльнай культуры адбываліся куды павольней, гэта пагрэшнасць не такая ўжо і прынцыповая. Гэтае адкрыццё У.Ф. Ліббі прапанаваў для датавання археалагічных знаходак. Але трэба было яшчэ праверыць па іншых крыніцах, напрыклад, пісьмовых, наколькі гэты метад эфектыўны. Таму звярнуліся да самых старажытных у свеце пахаванняў, якія фіксаваліся ў пісьмовых крыніцах на момант іх утварэння. Гэта былі пахаванні егіпецкіх фараонаў першай дынастыі. Узоры дрэва, узятыя з грабніц гэтых пахаванняў, далі дату 4900 ± 200 годоў таму, што цалкам клалася ў пісьмовае паведамленне пра час узвядзення гэтых пахаванняў. Далей, быў прадатаваны радыёактыўным метадам фрагмент тканіны, у якую быў закручаны адзін са скруткаў Мёртвага мора – Кніга Ісайі, знойдзеных у Палестыне. Час, калі жыў Ісайя, вядомы гісторыкам (гэта час, калі Асірыя ваявала з Іудзеяй і брала ў аблогу Іерусалім). Даціроўкі па ўтрыманні С 14 у тканіне і па пісьмовых сведках супадалі. Нарэшце, гэтым метадам быў прадатаваны знойдзены археалагічнымі раскопкамі ў адным з дамоў старажытных Пампей абвуглены вулканічным попелам хлеб. Як вядома, час гібелі Пампеяў зафіксаваны досыць дакладна, нават пагадзінна. Гэта 79 год н. э. Вынікі зноў супалі. Стала зразумела, што датаванне па рэштках утрымання С 14 – гэта сапраўды адкрыццё. За гэта вынаходніцтва У.Ф. Ліббі ў 1960 годзе была прысуджана Нобелеўская прэмія*.

Радыёвугляродны метад датавання выкарыстоўваўся і ў вывучэнні некаторых археалагічных помнікаў Беларусі. Напрыклад, для датавання стаянак эпохі верхняга палеаліту ў Юравічах і ў Бердыжы, пры датаванні могільніка перыяду неаліту і ранняй бронзы Прорва-1 у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, пры вывучэнні абарончых збудаванняў гарадзішча Пятровічы у Бабруйскім раёне, якое адносіцца да ранняга жалезнага веку. Выкарыстоўваўся гэты метад і пры даследаваннях рэштак спаленых пажарам 1335 г. пабудоў на Верхнім замку Віцебска. Апошняе мела асаблівую цікавасць, паколькі давала магчымасць супаставіць дадзеныя даціровак па пісьмовых, дэндрахраналагічных і нумізматычных крыніцах. У 2007 г. радыёкарбонны метад быў ужыты і для вызначэння даціровак артэфактаў з ніжняга пласта старадаўняга Полацкага гарадзішча (VІІ ст. да н.э. – ІІІ ст. н.э.).

Вызначэнне даціровак на ўтрыманне С 14 у знаходках з Беларусі адбывалася ў лабараторыях Акадэмій навук Украіны, Эстоніі, Беларусі, а таксама ў геахраналагічнай лабараторыі Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Вызначэнне на ўтрыманне С 14 у пробе (знаходцы) ажыццяўляецца на прыборы, які называецца масспектрометрам.

Безумоўна, што гэты спосаб даціроўкі вельмі важны. Але ён тычыцца толькі рэчаў арганічнага паходжання і да таго ж абмяжоўваецца ўзростам не звыш 50 тысяч гадоў. Таму для даціровак звыш гэтага ўзросту выкарыстоўваецца каліева-аргонавы метад. Перыяд паўраспаду радыёактыўнага калія К 40 – цягнецца да 1,25 мільярда гадоў. Да таго ж, радыёактыўны калій утрымліваецца і ў неарганічных матэрыялах: камень, вулканічная лава і іншыя горныя пароды. Гэты метад знайшоў ужытак у датаванні найстаражытнейшых стаянак чалавека эпохі ніжняга палеаліта, кшталту стаянкі Алдувай у Афрыцы.

Наступны метад датавання – тэрмалюмінісцэнтны. Назва тэрміна складаецца з двух слоў лацінскага паходжання: terma – цяпло і lumen – святло. Аўтар гэтага метаду амерыканскі фізік Д.К. Кеннэдзі.

У чым сутнасць гэтага метаду? Справа ў тым, што на большасці паселішчаў, пачынаючы з часу неаліту, самымі шматлікімі артэфактамі з’яўляюцца чарапкі глінянага посуду. Ганчарныя вырабы ўтрымліваюць радыёактыўныя элементы, якія з цягам часу назапашваюцца з пастаянай хуткасцю.

Калі гліняны выраб нагрэць да тэмпературы ў 500°С, дык электроны гэтых радыёактыўных элементаў вырываюцца з атамаў вонкі і выпраменьваюць сваю энергію ў выглядзе святла. Гэта з’ява ў фізіцы і мае назву тэрмалюмінісцэнцыя. Яна можа быць вымерана з дапамогай спецыяльных прыбораў. А яе велічыня, што захавалася ў чарапку посуду, дазволіць вылічыць узрост чарапка. Метад тэрмалюмінісцэнцыі можна выкарыстоўваць і для ўстанаўлення ўзросту абпаленага крэменю. Метад гэты можна ўжываць для даціроўкі аб’ектаў, узрост якіх да 80 тысяч гадоў.

Існуе яшчэ цэлы шэраг метадаў датавання. Напрыклад, хімічны метад датавання. Вядома, што косткі, якія захоўваюцца ў зямлі, успрымаюць з грунтовых водаў фтор. Чым больш старажытная костка, тым больш яна захоўвае фтора. Косткі, узрост якіх 1,5 – 2 тысячы гадоў, маюць ад 0,3 да 0,5 % фтора. Косткі з помнікаў эпохі верхняга палеаліта маюць утрыманне фтора каля 1 %, а з помнікаў ніжняга палеаліта была ўласціва ажно 2 %.

Біялагічны метад датавання. Гэты метад заснаваны на вывучэнні рэштак пылку раслін у адкладах торфу. Для кожнай эпохі была ўласціва свая флора (напрыклад, для палеаліта, мезаліта, неаліта). Шляхам мікраскапічнага вывучэння ўзораў глебы з археалагічных помнікаў – стаянак каменнага веку, можна вызначыць, да якой эпохі гэтае паселішча адносіцца.

Усе пералічаныя метады дазваляюць у пэўнай ступені скласці храналагічную шкалу існавання пэўных катэгорый рэчаў: узораў глінянага посуду (форма тулава, профіль венчыка, арнаментыка на посудзе і інш.), узораў узбраення (наканечнікі стрэлаў, копій), узораў прылад працы (нажы, сякеры), упрыгожванняў (пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі), рэчаў побыту (замкі, ключы) і інш. Сустрэтыя ў закрытых комплексах і прадатаваныя некаторымі з пералічаных вышэй метадаў, яны самі ўжо мусяць выступаць як датуючы матэрыял. Напрыклад, у адным з курганаў вам сустрэўся гліняны посуд, поруч з якім была пара-другая манет Х – ХІ стст. зразумела, што і посуд з гэтага закрытага комплекса можна аднесці да Х – ХІ стст.

Цяпер уявіце, што ў суседнім кургане вы знайшлі амаль такі ж самы посуд, але ў гэтым пахаванні манет ужо не было. Посуд мае той жа профіль венчыка і тулава, той жа самы арнамент. Ці можам мы без наяўнасці пры ім манет аднесці яго да Х – ХІ стст.? Можам. Чаму? Таму што гэта аднатыпныя рэчы. Такі спосаб датавання ў археалогіі называецца параўнальна-тыпалагічны. Ён самы распаўсюджаны сярод археолагаў.

А як праверыць выбраную намі даціроўку? Дзеля гэтага існуе метад перакрыжаванага датавання. Яскравым прыкладам такога датавання можа служыць датаванне з нашых раскопак на Верхнім замку Віцебска рэшткаў пабудоў, якія загінулі ў пажары 1335 года, адзначанага ў летапісе. Так, паводле дэндрахраналагічнага вызначэння пабудовы, выяўленыя ў гэтым пласце, мелі даты высечкі з 1292 па 1327 гг., радыёвугляродны аналіз абпаленага зерня з некаторых пабудоў гэтага пласта даў дату 1326 год ± 30, што пэўным чынам упісваецца ў летапісную і дэндрахраналагічную даціроўку. Да таго ж гэтыя адзеныя дапаўняюцца дадзенымі параўнальна-тыпалагічнага даследавання: у гэтым жа пласце сустракаліся артэфакты добрадатаваныя на сумежных помніках: Ноўгарада і Мінска.

Пытанні для самакантролю:

1. Што такое час?

2. Як вы разумееце паняцці да нашай эры і нашай эры?

3. На чым заснавана археалагічная перыядызацыя?

4. Што такое адноснае і абсалютнае датаванне ў археалогіі?

5. Пералічыце метады археалагічнага датавання.

6. На чым заснаваны метад дэндрахраналогіі?

7. На чым заснаваны метад радыёвугляроднага датавання?

8. Што такое параўнальна-тыпалагічны метад датавання?

Літаратура:

1. Мартынов А.И., Шер Я.А. Методы археологического исследования: Учеб. Пособие для студентов вузов – М.: Высш. шк., 1989. Гл. раздзел 9. Датировка и синхронизация.

 

Археалогія ў сістэме дакладных, прыродазнаўчых і гуманітарных навук.

Як і кожная навука, археалогія мае сувязь з іншымі навукамі: дакладнымі, прыродазнаўчымі і гуманітарнымі. Прычым гэтая сувязь двухбаковая. Археалогія дае гэтым навукам вытокі іхняй гісторыі, а пералічаныя вышэй навукі дапамагаюць археолагам выяўляць, даследаваць і атрыбуціраваць артэфакты з археалагічных помнікаў.

Археалогія і дакладныя навукі. Да ліку дакладных навук адносіцца матэматыка. Роля гэтай навукі сярод астатніх навук бясспрэчна важная. Таму тут да месца будзе нагадаць словы Імануіла Канта: «Навука толькі ў той ступені навука, у якой у яе ўваходзіць матэматыка».[11]

І сапраўды, без элементарных арыфметычных падлікаў немагчыма падысці да статыстычнай апрацоўкі колькасных даследаванняў археалагічнага матэрыялу, найперш масавых знаходак: керамікі, астэалагічных і батанічных рэшткаў, з тым, каб пасля гэтай апрацоўкі колькасныя паказчыкі перавесці ў працэнтныя, якія больш наглядна ілюструюць узровень і дынаміку развіцця гаспадаркі. Напрыклад, каб зрабіць выснову, што на гэтым паселішчы ў пэўны час у гаспадарцы насельніцтва жывёлагадоўля пераважала над паляваннем, нам трэба зрабіць падлік — статыстычную апрацоўку ўсяго археазаалагічнага матэрыялу з гэтага помніка, падлічыць, колькі костак належыць свойскай жывёле, а колькі дзікай, і перавесці гэтыя колькасныя паказчыкі ў працэнтныя, што і дасць нам яскравы малюнак больш ці менш праўдзівай карціны тагачаснай гаспадаркі. Так, на Замкавай гары ў Гродна на долю дзікіх жывёл прыпадае 55 % костак ад агульнага астэалагічнага матэрыялу, а ў старажытным Навагрудку на долю дзікіх жывёл прыходзіцца ўжо 33 %, што наглядна ілюструе, якое месца займала паляванне ў гаспадарцы тагачасных жыхароў Гродна і Навагрудка.

Лічбавыя паказчыкі не на эмацыйным, а на рэальным успрыняцці могуць праілюстраваць ступень абароненасці ўмацаванняў некаторых помнікаў. Так, паводле элементарных падлікаў устаноўлена, што агульная даўжыня перашкоды (адлегласць ад грэбня вала па яго знешнім схіле да дна абарончага ірва) для дзядзінца летапіснага Капыля складала з улікам вышыні вастракола недзе 23 — 24 м. Пры стромкасці схілаў капыльскага гарадзішча ў 60–70°гэта сапраўды выглядае як унушальная перашкода для ворага. Для параўнання зазначым, што агульная даўжыня перашкоды для гарадзішча Замэчак у Заслаўі складае толькі 6,5 м.

Матэматычныя падлікі могуць праліць святло на ўяўленне адносна выкарыстання прыродных рэсурсаў і энергазатрат на ўзвядзенне тагачасных абарончых збудаванняў. Так, паводле нашых падлікаў на ўзвядзенне абарончага вала дзяцінца Віцебска 1136 — 1140 гг. было высечана 2772 м³ лесу або 46216 ствалоў дрэва, якія маглі займаць плошчу ў 12 — 14 га. Аб'ём грунту на ўзвядзенне насыпу гэтага вала склаў не менш як 17748 м³. Для рэалізацыі гэтых работ было выкарыстана 20361 чалавека-дзён, або 100 — 140 чалавек на працягу 200 – 150 працоўных дзён на працягу чатырох гадоў.

А для таго, каб праілюстраваць інтэнсіўнасць жыцця на якімсьці з помнікаў у пэўны прамежак часу, складаюцца карэляцыйныя табліцы знаходак, размеркаваных па раскопачных пластах ці стратыграфічных слаях.

Слова карэляцыя — лацінскага паходжання, ад corralatio і азначае суадносіны, суадносіны прадметаў, іх адпаведнасць адзін да аднаго. На падставе дадзеных карэляцыйных табліц можна скласці графікі-дыяграмы распаўсюджанасці тых ці іншых знаходак у раскопачных пластах помніка, што наглядна праілюструе дынаміку развіцця гаспадаркі ці гандлёвага абмену, калі гаворка ідзе пра рэчы іншаземнага паходжання.

Матэматычныя метады выкарыстоўваюцца і ў археалагічных рэканструкцыях, камп’ютэрным мадэліраванні. Кампп’ютэрнае мадэліраванне пашырана ў замежнай археалогіі. Яно выкарыстоўваецца для праверкі гіпотэз, успаўнення тых працэссаў, якія цяжка обо немагчыма назіраць непасрэдна. Напрыклад мадэліруюцца размнажэнне і рассяленне чалавечых калектываў на працягу тысячагоддзяў, каб выявіць доўгатэрміновыя вынікі і заканамернасці гэтага працэсу. Так, беларускаму навукоўцу Вячаславу Насевічу ўдалося змадэляваць працэс рассялення чалавека ў эпоху ніжняга палеаліту. На гэту тэму ім была нават абаронена ў 1991 г. дысертацыя ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

А ўвогуле матэматычныя дадзеныя — лічбавыя паказчыкі – гэта тое, з чаго ўласна пачынаецца дэманстрацыя крыніцазнаўчай базы археолага-даследчыка: колькасць абследаваных ім помнікаў, у тым ліку і ўпершыню выяўленых, ускрытая плошча раскопу на помніку, колькасць артэфактаў, на якіх аўтар даследавання будуе свае высновы.

Несумненна, археалогія ілюструе і зваротную сувязь — вытокі матэматычнай навукі. Гэта можна заўважыць па гіганцкіх збудаваннях эпохі энеаліту і бронзы: мегаліты-Стоўхендж і піраміды Егіпта, узвесці якія без матэматычных падлікаў было б проста немагчыма. А на прыкладзе храмавага дойлідства гарадоў таражытнай Русі, у тым ліку Полацка, Віцебска, Гродна, Мінска, Турава можна прасачыць развіццё тагачаснай матэматычнай думкі. З дзесяткаў вядомых гістарычнай навуцы храмаў ХІІ ст. ні адзін з іх не мае цалкам паўтарэння архітэктурных формаў і канструкцыйнага вырашэння. Устаноўлена, што будаўніцтва гэтых храмаў вялося з дапамогай складаных матэматычных разлікаў. Дойліды Старажытнай Русі добра ведалі прапорцыі, «залатое сячэнне», якое ім было вядома з формулы Архімеда. Таму, закладваючы падмурак сабору і выцягваючы ўгору яго сцены з пілястрамі, калонамі, апсідамі, тагачасны архітэктар выкарыстоўваў своеасаблівы графік — «вавілон», якім мадэліравалася збудаванне[12]. Праўда, на думку некаторых даследчыкаў у будаўніцтве асобных храмаў існавалі матэматычныя пралікі (напрыклад, мінскі храм пачатку ХІІ ст.)[13], але гэта тым больш ілюструе, што матэматыка была вядома тагачасным дойлідам.

Археалогія і прыродазнаўчыя навукі. Да ліку прыродазнаўчых навук адносяцца тыя з іх, якія вывучаюць прыродныя з'явы. Гэта фізіка, хімія, біялогія, медыцына, геаграфія, астраномія і вытворныя адгалінаванні гэтых навук.

Археалогія і фізіка. Супрацоўніцтва археалогіі і фізікі пачынаецца ўжо на стадыі пошукавых, палявых работ. З дапамогаю фізічных прыбораў ажыццяўляюцца электраразведка і магнітная разведка.

Метад электраразведкі. Кожная рэч, як вядома з курсу фізікі, мае сваю ступень праводнасці электрычга току. У нашым выпадку розную ступень электрычнай праводнасці маюць пясок, гліна, вапна, камень і гумусаваны, насычаны рэшткамі арганікі культурны пласт. Менавіта на гэтую акалічнасць і звярнулі ўвагу фізікі. Цяпер застаецца на абраным вамі для даследавання ўчастку, па вуглах умоўнага чатырохкутніка заглыбіць электроды і прапусціць па іх пераменны ток. І на экране манітора з'явяцца абрысы помніка: рэшткі жытла, камяніцы — рэшткаў храма ці абарончай сцяны замка.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.009 сек.)