АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Алгарытм напісання даклада

Читайте также:
  1. Алгарытм працы над рэфератам

1. Выбар тэмы, вызначэнне мэты, задач, аб’екта і прадмета даследавання.

2. Падбор і вывучэнне асноўных крыніц па тэме (як і пры напісанні рэферата, рэкамендуецца выкарыстаць не менш за 10 — 12 крыніц).

3. Складанне бібліяграфіі.

4. Апрацоўка і сістэматызацыя матэрыялу. Падрыхтоўка высноў і абагульненняў.

5. Распрацоўка плана даклада.

6. Напісанне ўступа, асноўнай часткі, заключэння.

7. Рэдагаванне.

8. Публічнае выступленне з вынікамі даследавання.

þ Звычайна даклады ацэньваюцца па наступных асноўных крытэрыях:

— актуальнасць тэмы і зместу, тэарэтычны ўзровень, глыбіня і паўната аналізу фактараў, з’яў, праблем, якія адносяцца да тэмы;

— навуковая абгрунтаванасць і ступень рэалізацыі пастаўленай мэты даследавання;

— завершанасць і поўнасць рашэння ўсіх задач, пастаўленых аўтарам у працы;

— арыгінальнасць падыходаў да вырашэння задач;

— уменне карыстацца спецыяльнай літаратурай, інфармацыйная насычанасць;

— навуковасць выкладу матэрыялу, здольнасць да самастойнай навукова-даследчай працы;

— глыбіня тэарэтычнага аналізу, уменне разабрацца ў асноўных праблемах вылучанай тэмы;

— кампазіцыйная стройнасць і логіка пабудовы даклада;

— пісьменнасць; выразнасць і вобразнасць мовы;

— пераканаўчасць, аргументаванасць, практычная значнасць і тэарэтычная абгрунтаванасць высноў, зробленых у дакладзе;

— сфарміраванасць аналітычных і маўленчых уменняў;

— якасць афармлення работы.

13. УРОКІ ПА РАЗВІЦЦІ ПІСЬМОВАГА МАЎЛЕННЯ ВУЧНЯЎ. МЕТОДЫКА НАВУЧАННЯ САЧЫНЕННЯМ НА ЎРОКУ ЛІТАРАТУРЫ.

Развіццё вуснага і пісьмовага маўлення цесна ўзаемазвязана. Гэта адзначаецца як у Канцэпцыі літаратурнай адукацыі, так і ў вучэбных праграмах.

Асноўныя жанры творчых прац па літаратуры класіфікуюцца па наступных групах:

* пераказ, эцюд, эсэ, сачыненне;

* анатацыя, водгук, рэцэнзія;

* казка, апавяданне, верш;

* нататка, замалёўка, рэпартаж, інтэрв’ю, нарыс;

* канспект, рэферат, даклад;

* ліст, дзённік.

Такі жанравы падзел абумоўлены адрозненнем зместу і спосабам яго выкладання. Падлічана, што чалавек за жыццё выкарыстоўвае каля 800 жанравых тэкстаў у сваёй маўленчай практыцы. Такім чынам, навучанне розным жанрам як відам творчага афармлення мовы з’яўляецца практычна неабходным.

Праграма прадугледжвае разнастайныя віды пісьмовых работ: пісьмовыя адказы на пытанні па тэкстах вывучаных твораў з выкарыстаннем фактычнага матэрыялу і цытат, падрабязныя пераказы зместу невялікіх сюжэтных твораў або ўрыўкаў па складзеных планах, сачыненні тыпу апісання і апавядання, сачыненні-разважанні на літаратурную тэму, па творах іншых відаў мастацтва і г. д. Усе яны як важныя віды вучэбнай дзейнасці, актыўная форма праверкі ведаў вучняў садзейнічаюць больш глыбокаму засваенню імі літаратурнага матэрыялу, замацаванню навыкаў пісьма, удасканаленню моўнай граматнасці, развіцця камунікатыўнай культуры.

Пісьмовыя работы бываюць класныя і дамашнія. Яны адрозніваюцца не толькі ўмовамі, месцам напісання і колькасцю часу на іх выкананне, але і мэтай і методыкай падрыхтоўкі да іх. Мэта класных работ – выявіць якасць набытых ведаў, праверыць глыбіню засваення праграмнага матэрыялу, узровень граматнасці школьнікаў. Да іх выканання вучань павінен быць падрыхтаваны як практычна (ведаць фактычны матэрыял, па якім праводзіцца пісьмовая работа), так і тэарэтычна (умець правільна і грунтоўна асэнсаваць пастаўленую праблему). Мэта дамашніх работ – пашырыць і замацаваць навыкі і ўменні, набытыя ў класе. Рыхтуючыся да дамашніх заданняў, вучань мае магчымасць пашыраць і паглыбляць веды па канкрэтнаму матэрыялу за кошт накаплення новых фактаў і доказаў, мяняць кампазіцыйную структуру работы, удакладняць яе план і г. д.

Па сваіх вучэбных мэтах пісьмовыя работы могуць быць навучальныя і кантрольныя. Задача першых–азнаямленне вучняў з новым тыпам пісьмовых работ, паступовая выпрацоўка ўменняў і замацаванне практычных навыкаў іх выканання. Задача другіх – выяўленне якасці набытых ведаў, глыбіні засваення праграмнага матэрыялу, узроўню моўнай граматнасці школьнікаў, накапленне адзнак.

Кожны жанр творчай працы мае сваю адметнасць, але тэхналогія навучання розным жанрам засноўваецца на агульнай структуры ці можна сказаць этапах, асабліва калі навучанне адбываецца непасрэдна на ўроках развіцця маўлення.

Першы этап – гэта ўвядзенне паняцця. Ён прадугледжвае азнаямленне з азначэннем жанру, які абраны для вывучэння, яго відамі і асаблівасцямі. Засваенне сутнасці паняцця пачынаецца з увядзення тэрмінаў, іх асэнсавання. Тэрміны неабходна абавязкова запісваць на дошцы. Па-першае, наяўнасць зрокавага раду павышае эфектыўнасць успрымання інфармацыі, па-другое, ажыццяўляецца слоўнікавая праца, прывіваецца элементарная пісьменнасць.

Другі этап – гэта азнаямленне і аналітычнае назіранне.

Вучням лягчэй скласці аб нечым уяўленне, засвоіць матэрыял, калі яны маюць магчымасць звярнуцца да адпаведных прыкладаў, узораў. Але мэта аналітычнага назірання – не магчымасць калькавання, а сродак самастойнай выпрацоўкі своеасаблівага алгарытму, які адлюструе асноўныя патрабаванні і жанравыя прыкметы, дапаможа фармаваць неабходныя ўменні.

Неабходна ўлічваць, што праца над адным жанрам вядзецца ў адпаведнасці са вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры ў розных узроставых групах, а значыць, і матэрыялы для аналітычнага назірання, і складзеныя на аснове іх алгарытмы павінны быць зарыентаваны на ўзроставыя асаблівасці.

Напрыклад, малодшыя падлеткі, разгледзеўшы з дапамогай настаўніка некалькі ўзораў анатацый, змогуць скласці план-алгарытм наступнага зместу:

1. Хто аўтар, якая назва і жанр твора?

2. Аб чым гаворыцца ў творы (скарыстаць элемент зацікаўлення)?

3. Каму адрасуецца твор?

Настаўніку неабходна паказаць вучням, дзе ў кнізе змяшчаюцца анатацыі, зачытаць іх. Напрыклад, варта звяртацца да розных відаў анатацый на адзін і той жа твор, папярэдняе знаёмства з якім не праводзілася.

Трэці этап – гэта планаванне і назапашванне матэрыялу. Гэты прадтэкставы этап найбольш дыферэнцыраваны, бо кожны жанр творчай працы ў сілу сваёй адметнасці патрабуе і адметнай, спецыфічнай падрыхтоўкі. З найбольш агульных можна вызначыць вывучэнне і адбор матэрыялу, ключавых слоў, прыкладаў, занатоўка тэзісаў, аргументаў. Асноўныя намаганні скіроўваюцца на выпрацоўку ўмення ўявіць у думках, «спраектаваць» вобраз будучай працы (рэцэнзіі, эсэ, сачынення ці інш.), а затым зафіксаваць, запісаць план-накід. Важна таксама прывіць уменне занатоўваць. Практыка паказвае, што калі вучань прачытае матэрыял прыкладна ў тысячу слоў, а ў працэсе чытання або адразу пасля яго напіша пяцьдзесят, у якіх падагуліць прачытанае, то справіцца з працай больш якасна, чым калі прачытае дзесяць тысяч слоў і не запіша нічога. Сам працэс занатовак абвастрае ўвагу, дапамагае вучню чытаць або абдумваць матэрыял асэнсавана. Калі звяртацца да абранага намі канкрэтнага прыкладу працы з малодшымі падлеткамі над анатацыяй, то для яе мэтанакіраванага, лагічнага і паслядоўнага правядзення выкарыстоўваецца наступны план.

1. Чытанне і асэнсаванне твора.

2. Вызначэнне зместу і афармленне яго перадачы некалькімі сказамі.

3. Вызначэнне сэнсавых частак тэксту твара.

4. Выбар сказаў, у якіх перададзена галоўная думка кожнай часткі.

5. Назапашванне ключавых слоў.

6. Адбор і афармленне інтрыгуючых момантаў (не дагаварыць, спыніцца на самым цікавым месцы).

Чацвёрты этап – тэкставы. Гэта праца над стварэннем уласнага тэксту. На гэтым этапе актуалізуюцца веды па тэорыі літаратуры, узгадваюцца паняцці – тэкст, тып тэксту, стыль, логіка-кампазіцыйная структура. Гэтыя веды даюць магчымасць паглыбляць уменні фармуляваць тэму, ідэю, тэзісы ў адпаведнасці са зместам; уменні звязваць кампаненты працы, улічваючы заканамернасці маўленчай камунікацыі; уменні выкарыстоўваць сродкі выразнасці, характэрныя жанру, над якім вядзецца праца.

За аснову кампазіцыйнай будовы бярэцца традыцыйнае трохчасткавае дзяленне: пачатак, асноўная частка, заключэнне.

Практыка паказвае, што даволі складаным для вучняў з’яўляецца падбор, пабудова першага, пачатковага сказа, а таму настаўніку варта ўдзяліць гэтаму належную ўвагу. Эфектыўны метад – калектыўная праца над пачатковымі сказамі, асабліва тады, калі настаўнік прапануе вучням прааналізаваць некалькі ўзораў адной творчай працы.

Апроч таго, што кожны пачатак індывідуальны, вучні павінны з дапамогай настаўніка вылучыць пэўную тыповасць. Яна заключаецца ў тым, што творчая праца можа пачынацца з вызначэння тэмы, асабістай думкі, цытаты, рытарычнага пытання, параўнання, заінтрыгоўваючай фразы, міні-экскурсу і г.д. Такім чынам, наступным этапам працы будзе калектыўная пабудова пачатковых сказаў па зададзеных накірунках. Адразу ж зазаначым, што аналагічным чынам будуецца праца і над заключэннямі.

Пры пабудове асноўнай часткі вучні выпрацоўваюць навыкі фармавання тэксту са зместавым напаўненнем адпаведна жанру, спосабаў арганізацыі і сувязі тэкставых кампанентаў. Найперш пры стварэнні тэксту вучні павінны арыентавацца на чатыры асноўныя правілы:

– падпарадкоўваць увесь матэрыял тэме і асноўнай думцы;

– вытрымліваць паслядоўнасць, не дапускаць пераскоквання думкі;

– адбіраць словы і сказы, якія найбольш дакладна перадаюць думкі;

– лагічна звязваць часткі, абзацы.

Пяты этап – паслятэкставы, або рэдагаванне. Пры стварэнні тэксту, нават маючы адпаведны вопыт, складана пазбегнуць пэўных пралікаў. Рэдагаванне дапамагае дабіцца неабходнай дасканаласці. Выпрацоўку навыкаў рэдагавання мэтазгодна праводзіць, першапачаткова азнаёміўшы вучняў з наступнымі патрабаваннямі:

– прааналізуйце, ці рэалізавана ваша задума;

– адкіньце лішняе;

– узмацніце малавыразныя моманты;

– абдумайце сродкі выразнасці;

– прасачыце стылёвую вытрыманасць;

– прааналізуйце звязнасць і лагічную завершанасць;

– зрабіце неабходныя папраўкі: замяніце слова, словазлучэнне, сказ; памяняйце паслядоўнасць, зрабіце перастаноўку сказаў, частак тэксту там, дзе гэта неабходна.

Асаблівасці падрыхтоўкі да напісання эсэ і сачыненняў. Удасканаленне літаратурнай адукацыі ўзмацняе акцэнт на ўкараненне сінтэзаванага навуковага і творчага элемента ў працэсе навучання маўленню, скіроўвае ўвагу на культурнафарміруючы аспект.

Класіфікацыя сачыненняў. Па мэтах навучання школьныя сачыненні бываюць навучальныя і кантрольныя, па месцу выканання – класныя і дамашнія. У залежнасці ад жанравых асаблівасцей вылучаюцца такія віды сачыненняў, як апавяданне, апісанне, разважанне, анатацыя, рэцэнзія, водзыў, рэпартаж і інш.

Надзвычай распаўсюджаным з’яўляецца сачыненне-апавяданне, якое мае на мэце паслядоўную падачу падзей: пачатак іх, развіццё і канец. Работа над такім сачыненнем пачынаецца з авалодання ўменнем напісання самага простага апавядання, у аснове якога знаходзіцца выпадак, што адбыўся з самім вучнем або яго сябрамі. Паступова работа над сачыненнем-апавяданнем ускладняецца: у ім усё большае месца займае творчы вымысел.

Больш складаным тыпам вучнёўскіх сачыненняў з’яўляецца сачыненне-апісанне. Яно патрабуе аналітычнага падыходу да раскрыцця тэмы: умення выявіць характэрныя прыметы прадмета, акрэсліць іх важнасць і зрабіць пэўныя вывады. Гэтыя сачыненні пішуцца як на матэрыяле літаратурных твораў, так і на аснове спецыяльна арганізаваных назіранняў, асабіста перажытага, творчага ўяўлення, таму патрабуюць фарміравання ўменняў і навыкаў адбору і сістэматызацыі матэрыялу.

Цікавай формай работы, якая набывае выключнае значэнне ў развіцці навыкаў звязнага маўлення, з’яўляецца сачыненне-разважанне. Яно ўяўляе сабой ланцуг пэўных вывадаў па тэме, выкладзеных у адпаведнай паслядоўнасці і ў згодзе з той задумай, якую ажыццяўляе аўтар сачынення. Яно можа заключаць у сабе адказы на пытанні па тэме, разважанні па дыскусійных праблемах, раскрыццё пэўнага паняцця. Пры рабоце над такім сачыненнем неабходна памятаць, што яно як адна з разнавіднасцей вучнёўскіх пісьмовых работ цесна звязана з папярэднімі, што ў пэўнай меры заключаюць у сабе элементы разважання.

Практыкуюцца ў школе і сачыненні-нарысы – пісьмовае паведамленне пра пэўныя падзеі рэчаіснасці. Назапашваючы неабходны для сачынення-нарыса матэрыял, варта прадумаць план яго збору і групіроўкі: біяграфія героя, яго знешні выгляд, абставіны, у якіх ён жыве (жыў) і працуе (працаваў), самы цікавы эпізод з жыцця героя, яго ўчынкі. Для таго каб больш наглядна паказаць мэты і задачы такога тыпу сачынення, настаўнік знаёміць вучняў з газетнымі нарысамі, акрэслівае іх спецыфіку.

Сачыненне-рэцэнзія ўяўляе сабой крытычны аналіз, меркаванне, водзыў аб мастацкім творы, прагледжаным кінафільме, спектаклі. Аналіз робіцца звычайна ў такой паслядоўнасці: час з’яўлення твора і яго аўтар, месца выдання твора: тэма, ідэя, асноўныя праблемы і іх раскрыццё; характарыстыка вобразаў і вызначэнне іх ролі ў творы; мастацкае ўвасабленне пісьменніцкай задумы, значэнне твора, грамадская каштоўнасць яго праблем і г. д.

Сачыненне-рэпартаж – гэта водгук на найбольш важныя падзеі часу. Работу над ім таксама неабходна пачынаць з акрэслівання яго спецыфікі і задач. Мэта яго – узнавіць тую ці іншую падзею ва ўсёй яе паўнаце, каб зрабіць чытача яе саўдзельнікам.

Адна з дамінуючых роляў у развіцці пісьмовага маўлення належыць такім жанрам, як пераказ, эцюд, эсэ, сачыненне. Мы дазволім сабе не спыняцца на тэхналогіі навучання пераказу, бо на сённяшні дзень гэта тэхналогія добра распрацавана.

Настаўніку важна ўлічваць, што перш чым прыступіць непасрэдна да навучання гэтым жанрам, неабходна выкарыстоўваць цэлую сістэму практыкаванняў, якія падрыхтоўваюць да напісання звязанага тэксту.

Такімі практыкаваннямі могуць быць:

· тлумачэнне загалоўка тэксту або падбор яго і матываванне;

· выдзяленне абзацаў у тэксце, устанаўленне логікі пабудовы;

· выдзяленне ў тэксце апавядання, апісання, разважання і тлумачэнне мэтазгоднасці іх;

· адказы на пытанні, складанне сказаў, аб’яднаных тэмай;

· аднаўленне дэфармаванага тэксту, скарачэнне частак тэксту ці перастаноўка іх;

· выяўленне непаўнаты тэксту і дапаўненне яго неабходным матэрыялам;

· дапісванне пачатку ці заканчэння тэксту;

· замена ў тэксце няўдалых выразаў, падбор больш яркіх і вобразных планаў;

· складанне планаў, пераказаў;

· аналіз ключавых слоў, слоў-арыенціраў, якія нясуць найбольшую сэнсавую і вобразную нагрузку і інш.

Зразумела, што такія практыкаванні выконваюцца ў сярэдніх класах. Такім чынам рыхтуецца база для больш складанай працы ў старшых класах.

Апошнім часам у якасці падрыхтоўчай працы ў 6-7 класах настаўнікамі выкарыстоўваецца такі жанр, як эцюд.

Эцюд называюць малой формай творчай працы вучняў, які дазваляе ім усвядоміць сябе як асобу, паспрабаваць разабрацца і паразважаць над нейкай з’явай, фактам, падзеяй. Слова “эцюд” абазначае першапачатковы накід (звычайна з натуры) будучага твора або яго часткі. У плане развіцця творчых здольнасцей вучняў гэта навучанне замалёўцы з натуры нейкага эпізода жыцця, які можа быць статычным, як фотаздымак, або дынамічным, як кінафільм. Самае ж важнае, на чым настаўнік павінен акцэнтаваць увагу вучняў, – гэта перадача ўласных уражанняў і перажыванняў ад убачанага.

Выпрацоўка ўмення пісаць эцюды арганічна падводзіць вучняў да больш складанага жанру – эсэ.

Эсэ ў перакладзе з французскай мовы абазначае вопыт, накід. Яшчэ можна сустрэць такія назвы, як спроба, узважванне, разважанне, нарыс. Падаецца і некалькі азначэнняў гэтага жанру. Вучняў якраз і мэтазгодна знаёміць з некалькімі, даючы ім магчымасць параўнаць, паразважаць.

Спынімся на трох прыкладах.

1. Эсэ – гэта суб’ектыўнае разважанне, якое трактуе філасофскія, сацыяльныя, літаратурныя праблемы не ў сістэматызавана-навуковым выглядзе, а не ў вольнай форме.

2. Эсэ – празаічнае сачыненне, якое прадстаўляе ў нязмушанай форме агульныя або папярэднія меркаванні па канкрэтным пытанні і не прэтэндуе на яго вычарпальную трактоўку.

3. Эсэ – суб’ектыўнае успрыняцце, уражанне, суб’ектыўная ацэнка, незвычайны пункт погляду на прадмет размовы, выкладзены ў адвольнай форме.

Для больш грунтоўнага ўсведамлення сутнасці жанру эсэ вучняў варта пазнаёміць з некалькімі ўзорамі-прыкладамі і падвесці да наступных высноў:

· эсэ перадае індывідуальнае бачанне і ацэнку, расказвае аб нечым праз сябе;

· эсэ можа ўтрымліваць як апісанне з’яў, падзей, так і разважанні аўтара, яго роздум;

· эсэ мае свабодную кампазіцыю, успрымаецца як плынь свядомасці, думак;

· эсэ пішацца вобразнай, арыентаванай на размоўную мовай;

· эсэ мае невялікі аб’ём.

Па жанрава-стылістычнай форме эсэ падзяляюцца на некалькі відаў:

- эсэ-нататка; блізкая да газетнага жанру;

- эсэ-мастацкая замалёўка, лірычная мініяцюра, эскіз з натуры;

- эсэ-партрэт;

- эсэ-біяграфія або аўтабіяграфія;

- эсэ-ўспамін;

- эсэ-дзённікавы запіс;

- эсэ-водгук (ён выказвае меркаванне, роздум, але не прэтэндуе на разгорнутую і аргументаваную ацэнку) і інш.

Вучняў неабходна знаёміць з імі, заахвочваючы да самастойнай расшыфроўкі, дапаўняючы і ілюструючы ўрыўкамі-прыкладамі.

Поспех і добрыя вынікі пры напісанні эсэ залежаць, па-першае, ад таго, наколькі трывала і асэнсавана вучні ўсвядомілі асноўныя прыкметы гэтага жанру. настаўніку варта падрыхтаваць і выкарыстоўваць наступную памятку.

Асноўныя патрабаванні да эсэ:   Вучню неабходна:  
1. Канкрэтная тэма. Дакладна вызначыць, сфармуляваць і абдумаць тэму.
2. Навукова-канкрэтная аснова. Азнаёміцца і прааналізаваць матэрыял па тэме.
3. Падкрэсленая суб’ектыўнасць выказвання. Выявіць асабістую пазіцыю.
4. Арыентаванасць на жывую гутарковую мовы. Выкарыстоўваць вобразныя сродкі.
5. Права на дадумванне, фантазію, вымысел. Спраецыраваць уласны вымысел на тэму, прытрымлівацца рэальнага, гістарычнага або іншага кантэксту.
6. Свабодная кампазіцыя. Выбраць форму, структуру.
7. Камунікатыўнасць, адрасаванасць другому чытачу. Уявіць адрасата.
8. Праблемнасць. Пры магчымасці ўбачыць праблему ў тэме і раскрыць яе.
9.Арыентацыя на мэту. Падзяліцца роздумам, перажываннямі, расказаць пра пэўную з’яву, твор, аўтара і інш. праз сябе.

Авалоданне школьнікамі ўменнем пісаць эсэ з’яўляецца добрай асновай да напісання сачыненняў.

З мэтай навучання і ўдасканалення маўленчай дзейнасці вучняў у праграме па беларускай літаратуры прадугледжана навучанне такому жанру працы.

Сачыненне – гэта развагі таго, хто піша аб прачытаным і прааналізаваным мастацкім творы або ўрыўку з яго, ствараючы ўласны тэкст.

Ідэя сачынення самастойна вызначаецца вучнем ў выніку роздуму над мастацкім тэкстам пасля вывучэння крытычнай і навукова-папулярнай літаратуры.

Сачыненне мае сваю адметную кампазіцыю, якая самастойна выбіраецца вучнем ў адпаведнасці з тэмай.

Сачыненні па літаратуры дзеляцца на 2 віды: сачыненні на літаратурную тэму, сачыненні на вольную тэму

Паводле будовы кожнае сачыненне павінна мець тры асноўныя часткі: уступ, галоўную частку, заключэнне.

Уступ – гэта своеасаблівая прадмова, падрыхтоўка да ўспрыняцця разважання вучня. Ён (уступ) не павінен быць расцягнутым, перагружаным непатрэбнымі фактамі, якія не маюць дачынення да тэмы. Аб'ём уступа – 1/6 частка ўсяго сачынення, або 1/4 галоўнай часткі. Ва ўступе можна сказаць пра час, калі жыў аўтар, паведаміць біяграфічныя звесткі, адзначыць асноўныя творы аўтара, падаць абгрунтаванне выбару тэмы

Галоўная частка – гэта сістэма тэзісаў і аргументаў, само разважанне. Гэта частка самая важная ў рабоце, тут кожная думка аргументуецца, падцвярджаецца прыкладамі з мастацкага тэксту, а таксама тэзісамі з крытычнай літаратуры. Прычым меркаванні даследчыкаў вучань можа параўноўваць, можа згаджацца з імі, а можа і абвяргаць.

У заключэнні робяцца вывады з усяго напісанага, робяцца абагульненні назіранняў. Яно надае разважанню закончанасць, указвае, для чаго напісана сачыненне.

Сучасная методыка выдзяляе 7 этапаў працы над сачыненнем.

1. Уменне ўдумацца ў тэму, асэнсаваць яе, вызначыць яе мэты (абмежаваць сябе пэўнымі рамкамі).

2. Уменне падпарадкоўваць сваё сачыненне пэўнай ідэі.

3. Адбор матэрыялу для сачынення.

4. Сістэматызацыя сабранага матэрыялу.

5. Праца над кампазіцыйнай будовай сачынення.

6. Выбар стылю і тыпу маўлення.

7. Рэдагаванне тэксту сачынення (стылістычная папраўка напісанага).

Урокі навучання сачыненням тыпу разважання з’яўляюцца эфектыўным сродкам фарміравання творчых здольнасцей вучняў, іх уменняў самастойна выказваць уласныя думкі, адстойваць пэўныя погляды, ацэньваць жыццёвыя і літаратурныя з’явы, аналізаваць іх, рабіць абагульненні і вывады.

У старшых класах, акрамя таго, калі яны выконваюцца на заключных занятках па вывучэнні канкрэтнай тэмы ці твора, то даюць магчымасць пракантраляваць, наколькі свядома засвоены вучнямі пройдзены матэрыял, сістэматызаваць усю работу па ўдасканаленні навыкаў вуснага і пісьмовага выказвання, самастойнай ацэнкі пэўнай літаратурнай з явы.

Разважанне найбольш складаны спосаб перадачы думак, выяўлення пачуццяў, бо ў яго аснове раскрыццё прычынна-выніковых адносін паміж пэўнымі жыццёвымі ці літаратурнымі з’явамі, іх аналіз і сінтэз, доказ і абгрунтаванне. Іх можна класіфікаваць наступным чынам: 1) характарыстыка літаратурнага героя; 2) параўнальная характарыстыка двух герояў; З) групавая характарыстыка герояў; 4) праблемныя тэмы; 5) тэмы абагульняльнага характару. Сачыненні на абагульняльныя тэмы ў сваю чаргу падзяляюцца на сачыненні аб ідэйным змесце твора, аб мастацкіх вартасцях твора, аб значэнні пэўнага твора або ўсёй творчасці пісьменніка.

Работа настаўніка над гэтым тыпам сачыненняў пачынаецца з акрэслівання тэмы, вызначэння яе аб’ёму і зместу. Важна так сфармуляваць тэму, каб яна стымулявала актыўны, творчы падыход вучняў да сачынення, абуджала думкі і пачуцці, мела на мэце аргументацыю, доказы, лагічныя сцвярджэнні і абгрунтаванні, каб, абапіраючыся на атрыманыя веды, школьнікі выяўлялі больш глыбокае разуменне ідэйна-мастацкага зместу твора, яго герояў, аўтарскай эстэтычнай пазіцыі. Тэма сачынення шмат у чым прадвызначае мэты выкладання і арганізацыю матэрыялу: у адных выпадках патрабуецца даць характарыстыку літаратурнага героя; у другіх напісаць сачыненне-разважанне ў форме параўнальнай характарыстыкі герояў, у трэціх даць групавую характарыстыку або авалодаць методыкай напісання сачынення-разважання абагульняльнага ці праблемнага характару.

Пры вывучэнні аднаго і таго ж твора варта прапаноўваць некалькі раўназначных тэм сачынення-разважання на выбар. Гэта павышае цікавасць вучняў да напісання сачыненняў, дае магчымасць выбіраць адну з тэм у адпаведнасці з набытым вопытам работы над літаратурным матэрыялам, з асабістымі схільнасцямі і густамі. Але любая з прапанаваных тэм сачынення-разважання мае на мэце аргументацыю, доказы, абгрунтаванні пэўнай літаратурнай з’явы ці праблемы з захаваннем лагічнай паслядоўнасці ў выкладзе думак, калі наступнае выказванне выцякае з папярэдняга і дае пачатак новай думцы.

Калі тэма абрана, пачынаецца наступны этап падрыхтоўкі да напісання сачынення. Ён уключае выяўленне мэт і задач сачынення, адбор неабходнага фактычнага матэрыялу. Не менш важна ўмець прывесці сабраны матэрыял у сістэму, скласці план, падабраць цытаты з тэксту, аформіць тэзісы. Навучанне гэтым уменням ажыццяўляецца ў працэсе аналізу падзей і эпізодаў твора, тлумачэння ўчынкаў і паводзін герояў, правядзення разнастайных вусных і пісьмовых заданняў.

Падрыхтоўка да сачынення-разважання пачынаецца з 5 класа, калі вучні авалодваюць майстэрствам вуснага выказвання ў выглядзе разгорнутых адказаў, адказаў на пытанні настаўніка і паведамленняў пра герояў. Для паспяховага правядзення такой работы неабходна ўлічваць наступнае: абраны тэкст павінен несці вялікую сэнсавую нагрузку, адказам на пытанні па ім павінна папярэднічаць чытанне і каменціраванне яго вузлавых эпізодаў, выкананне лексіка-фразеалагічных практыкаванняў, складанне плана. Улічваецца і дыферэнцыраванасць падыходу да адбору матэрыялу па ступені цяжкасці.

Так, для фарміравання ў пяцікласнікаў навыкаў работы над характарыстыкай літаратурнага героя неабходна выявіць матывы ўчынкаў героя (ідэю вобраза) і акрэсліць мэту характарыстыкі; скласці план-характарыстыку вобраза з пералікам асноўных рыс яго характару; падрыхтаваць разгорнутыя адказы-разважанні па пунктах плана, якія заключаюць у сабе тэзіс (асноўную думку, ацэнку той ці іншай з’явы, той ці іншай рысы.героя, якая акрэслена ў плане) і доказы (прыклады ў форме цытат ці ўласнага аналізу асобных сцэн і эпізодаў).

Адказы на пытанні з’явяцца своеасаблівым вусным уступам да характарыстыкі літаратурнага героя, бо ў іх фармулююцца зыходная думка і асноўныя палажэнні, неабходныя для раскрыцця тэмы, пададзена яе асабістае разуменне школьнікамі.

Сачыненні на літаратурную тэму займаюць адно з асноўных месцаў у школьнай праграме. Такія працы прадугледжваюць разважанне вучня па прапанаванай тэме з уласнай інтэрпрэтацыяй твора, з выяўленнем сваёй асобаснай пазіцыі, ацэнак.

У залежнасці ад выбару віду сачынення на літаратурную тэму перад вучнямі павінны быць пастаўлены адпаведныя задачы:

Віды сачыненняў Асаблівасці віду і задача вучняў
Характарыстыка літаратурнага героя перадаць істотныя рысы; перадаць асаблівасці характару героя; паказаць яго адметнасць і непаўторнасць; прасачыць прычыны яго ўчынкаў; раскрыць яго ўзаемаадносіны з асяроддзем; даць апісанне знешняга выгляду; паказаць сацыяльнае становішча; паходжанне героя; выявіць асаблівасці мастацкага ўвасаблення аўтарам яго характару.
Параўнальная характарыстыка герояў выявіць у герояў агульнае і адрознае; засяродзіць увагу на сувязі герояў з жыццём, на сацыяльных вытоках характараў, на выяўленні абставін, якія ўплывалі на іх фарміраванне.
Групавая характарыстыка асэнсаваць, якую сацыяльную з'яву хацеў паказаць пісьменнік з дапамогай калектыўнага вобраза; шляхам аналізу вызначыць герояў, якія належаць да адной сацыяльнай групы, маюць агульныя рысы; пры дапамозе сінтэзу даць групавую характарыстыку персанажаў, у якой акцэнтуецца ўвага на агульнасці іх светапогляду, ідэйных перакананняў і жыццёвых пазіцый.
Паказ гістарычнай асобы з сённяшняга пункту гледжання раскрыць значэнне дзейнасці гістарычнай асобы.
Праблемныя тэмы самастойна асэнсаваць праграмны матэрыял; вырашыць пастаўленую праблему; вылучыць тое, што складае сутнасць праблемы; зрабіць пэўныя вывады.
Тэмы абагульняльнага характару раскрыццё ідэйнага зместу твора; раскрыццё мастацкіх вартасцей твора;абагулены аналіз твора ў цэлым; аналіз мастацкай формы; разбор асобных эпізодаў і частак твора; раскрыццё значэння пэўнага твора або ўсёй творчасці пісьменніка;аналіз крытычнай літаратуры, даследаванняў па пэўным мастацкім творы ці па творчасці пісьменніка.

Сачыненне на вольную тэму – гэта від сачынення, пры напісанні якога вучань самастойна выбірае матэрыял, што кладзецца ў аснову творчай працы. Такім матэрыялам можа быць асабісты вопыт вучня, уражанні і факты як з жыцця, так і з мастацкіх твораў, з газет, радыё-, тэлепарадач, з кінафільмаў, спектакляў і да т.п.

Галоўнай асаблівасцю сачыненняў на вольную тэму з'яўляецца тое, што, незалежна ад таго, якая тэма абрана вучнем, абавязкова павінен быць зварот як мінімум да двух мастацкіх твораў.

Сачыненні на вольную тэму маюць прыкладна наступную класіфікацыю:

Віды сачыненняў на вольную тэму Асаблівасці віду
Сачыненні на патрыятычныя тэмы Патрабуюць асэнсавання праблем Радзімы, народа і яго гераічных спраў, вайны і міру.
Сачыненні на маральна-этычныя тэмы Маюць на мэце раскрыццё такіх праблем, як чалавечнасць, гуманізм, праца, сяброўства і пад.
Сачыненні на экалагічныя тэмы Адлюстроўваюць найбольш вострыя пытанні стаўлення, адносін чалавека да прыроды.
Сачыненні на матэрыяле сучаснай літаратуры Прадугледжваюць раскрыццё любой названай тэмы на матэрыяле твораў сучаснай літаратуры.
Сачыненні на тэмы сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д. Патрабуюць раскрыцця любой тэмы, праблем сучаснага мастацтва, кіно, тэлебачання і г.д.
Сачыненні, звязаныя з выбарам будучай прафесіі Патрабуюць асэнсавання сваёй будучай прафесіі.
Сачыненні асобасна-ацэначнага характару Пішуцца ад імя першай асобы (“Я”), прадугледжваюць асабістую ацэнку падзей, з’яў, і г.д.

Эфектыўна прапаноўваць вучням самім фармуляваць тэмы сачыненняў на аснове вышэй пададзеных класіфікацый.

Існуюць тыповыя патрабаванні да вучнёўскіх сачыненняў:

1. Адпаведнасць зместу сачынення зададзенай тэме.

2. Доказнасць выказанай думкі, агрументаванасць палажэнняў, якія выказваюцца.

3. Змястоўнасць, паўната ахопу тэмы, завершанасць.

4. Лагічнасць і паслядоўнасць у выкладанні матэрыялу.

5. Самастойнасць у раскрыцці тэмы.

6. Дакладнасць, яснасць, вобразнасць мовы, адзінства стылю.

7. Карэктнасць цытавання.

8. Рацыянальнае спалучэнне матэрыялу мастацкага твора, літаратурнай крытыкі з уласнымі разважаннямі аўтара працы.

9. Адсутнасць фактычных памылак і недакладнасцей.

10. Пісьменнасць (захаванне арфаграфічных, граматычных і пунктуацыйных норм сучаснай беларускай мовы).

Тыповымі прыёмамі працы на ўроках навучальнага сачынення з’яўляюцца супастаўленне фармулёвак тэм, расшыфроўка фармулёвак, складанне планаў, выбар эпіграфаў, падбор тэкставага матэрыялу, абмеркаванне асноўных тэзісаў і доказаў.

Пры праверцы перакладаў, водгукаў, пераказаў, сачыненняў, творчых работ, якiя разлiчаны на цэлы ўрок або два ўрокі, на наступным радку пасля тэксту дробам запiсвае колькасць памылак у змесце i колькасць моўных недахопаў (лiчнiк), а ў назоўнiку дробу ўказвае колькасць арфаграфiчных, пунктуацыйных i граматычных памылак.

Напрыклад:

З – М 2-2

I — V — Г 2-2-1

14. ПАЗАКЛАСНАЯ ПРАЦА ПА ЛІТАРАТУРЫ – АРГАНІЧНАЯ ЧАСТКА ВУЧЭБНА-ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ Ў ШКОЛЕ. УРОКІ САМАСТОЙНАГА ЧЫТАННЯ, ІХ ЗМЕСТ І МЕТОДЫКА ПРАВЯДЗЕННЯ.

Пазакласная праца дапаўняе ўрокі літаратуры, замацоўвае і пашырае тыя веды, якія атрыманы на ўроках, дазваляе вучням больш грунтоўна і дасканала засвойваць матэрыял па літаратуры. Каб сістэматызаваць і сканцэнтраваць у патрэбных кірунках працу, неабходна: 1) на пачатку навучальнага года стварыць творчую групу з зацікаўленых літаратурай вучняў; 2) распрацаваць канкрэтныя задачы дзейнасці, галоўнымі кірункамі якой з'яўляюцца:

• паглыбленне ведаў па беларускай літаратуры;

• выпрацоўка камунікатыўных уменняў і навыкаў;

• развіццё пошукавай і даследчай работы вучняў.

Для развіцця інфармацыйна-пошукавых і арганізатарскіх здольнасцей прадугледжваюцца асобныя кірункі. Абапіраючыся на ўменні і навыкі, набытыя на ўроках, у пазакласнай рабоце плануецца іх значнае пашырэнне і ўдасканаленне. Вучні скіроўваюцца да:

• ажыццяўлення бібліяграфічнага пошуку, працы са слоўнікамі, даведнікамі, іншымі крыніцамі інфармацыі;

• складання рознага роду табліц, наглядных дапаможнікаў, ілюстравання, распрацоўкі і афармлення газет, вітрын, выстаў, куткоў;

• падрыхтоўкі мерапрыемстваў для школ, выступленняў перад бацькамі;

• інсцэніравання літаратурных твораў, паказу моўных сітуацыйных эцюдаў.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.022 сек.)