|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Уводзіны. Вучэбны прадмет “Беларуская літаратура” – адзін з прадметаў, з дапамогай якіх рэалізуецца галоўная мэта навучання і выхавання: фарміраванне гарманічнай асобы
Вучэбны прадмет “Беларуская літаратура” – адзін з прадметаў, з дапамогай якіх рэалізуецца галоўная мэта навучання і выхавання: фарміраванне гарманічнай асобы, інтэлектуальна развітой, здольнай усведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым і грамадскім жыцці, адчуваць і ацэньваць прыгожае, дасканала валодаць мовай. Спецыфіка літаратуры як прадмета навучання вызначаецца тым, што яна цесна звязана з іншымі формамі пазнання рэчаіснасці і чалавека (навукай, філасофіяй, рэлігіяй і інш.). Вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне мастацтва слова абумоўлена ў першую чаргу тым, што яно дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра прыроду і месца ў ёй чалавека, жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асоб. Дзякуючы змястоўным сувязям з гуманітарнымі навуковымі дысцыплінамі, літаратура вучыць успрымаць і разумець з’явы, пераўвасобленыя ёю ў вобразы, адначасова ў планах агульначалавечым і нацыянальным, канкрэтна-гістарычным. Усё гэта ў літаратуры раскрываецца своеасабліва, праз мастацкую вобразнасць, экспрэсіўна, эмацыянальна. Як усякае мастацтва, літаратура вызначаецца поліфункцыянальнасцю: апрача пазнання жыцця, выконвае і камунікатыўную, эстэтычную, геданістычную функцыі. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі беларуская літаратура належыць да сацыяльна-гуманітарнага цыкла прадметаў, які ўключае ў сябе яшчэ і прадметы “Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”. З апошнімі двума вучэбнымі прадметамі беларускую літаратуру збліжае тое, што яна фарміруе эстэтычныя густы і ідэалы вучняў, задавальняе іх патрэбы ў эстэтычнай дзейнасці. Разам з тым мастацкае слова спалучае ў сабе пэўныя магчымасці жывапісу і музыкі, яно здатнае ствараць зрокавыя і слыхавыя вобразы. Беларуская літаратура далучае вучняў да духоўнага жыцця і культуры народа, выяўляе светаўспрыманне этнасу, яго ўяўленні пра рэчаіснасць, узаемаадносіны чалавека з прыродай, маральныя і эстэтычныя ідэалы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў. Літаратура – крыніца чалавеказнаўства, грамадазнаўства. Літаратурна-мастацкія творы выступаюць дзейсным сродкам спасціжэння прыроды, грамадскага жыцця ў яго разнастайных праявах, дыялектычных зменах, зрухах. Знаёмячыся з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам, іх ідэаламі, вучні праецыруюць пазнанае на сябе і такім чынам глыбей усведамляюць сваю індывідуальнасць; у іх фарміруюцца ўласныя адносіны да высокага і нікчэмнага, добрага і благога. Паступова ў іх складваецца разуменне вечнага і часовага ў чалавеку, сутнаснага і вызначальнага ў яго жыцці. Выразная аўтарская пазіцыя, увасобленая ў мастацкіх творах, аказвае на вучняў, што знаходзяцца ў працэсе пошуку асабістага “я”, выхаваўчае ўздзеянне. Біяграфіі пісьменнікаў і створаныя імі мастацкія тыпы пры пэўных умовах могуць стаць ідэалам ці антыідэалам, з улікам якіх вучні будуць канструяваць сваю мадэль асобы і імкнуцца рэалізаваць яе ў жыцці. Літаратура развівае ўяўленне, фантазію чытача, яго творчыя магчымасці, з’яўляецца дзейсным сродкам развіцця культуры асобы вучня, яго мастацка-эстэтычнага і маральнага выхавання. Дапамагаючы глыбей пазнаваць жыццё, літаратура адначасова спрыяе маральнаму, эмацыянальнаму і эстэтычнаму развіццю, духоўнаму самасцвярджэнню вучня як асобы, што адчувае сябе часткай прыроды, грамадства, здольная творча і актыўна рэалізоўваць сябе ў соцыуме. Пры пазнанні мастацкага твора надзвычай важную ролю адыгрываюць не толькі інтэлект і эмоцыі вучняў, але і іх уяўленні, густы, што плённа ўплывае на асэнсаванне матэрыялу пры вывучэнні прыродазнаўчых, фізіка-матэматычных прадметаў у агульнаадукацыйных установах. Літаратура як від мастацтва здольная спасцігаць свет універсальна, усёабдымна, у самых розных яго вымярэннях: сучасным, гістарычным, перспектыўным, адлюстроўваючы жыццё свайго народа і жыццё народаў іншых краін. Пісьменнікі ствараюць мастацкі летапіс гісторыі сваёй радзімы, раскрываюць нацыянальныя характары, адлюстроўваюць асаблівасці менталітэту беларусаў, народны побыт, лад жыцця, адносіны ў сям’і. Беларуская літаратура паказвае чалавека ў пэўным сацыяльна-культурным асяроддзі, уздымае важныя філасофскія, маральна-этычныя, экалагічныя і іншыя праблемы сучаснасці, мінулага, будучыні. Народ Беларусі – гэта складовая частка агульначалавечай супольнасці, таму ў творах беларускіх пісьменнікаў выявіліся агульназначныя ідэалы і каштоўнасці. Далучэнне да іх мае выключна важнае значэнне, паколькі спрыяе гуманізацыі асобы, духоўна ўзбагачае яе. Арыентацыя на гуманістычныя і культурныя каштоўнасці, краіназнаўчы аспект пры вывучэнні літаратуры набываюць асаблівае значэнне ў наш час, калі кантакты паміж людзьмі розных дзяржаў сталі рэаліямі жыцця. Такім чынам, літаратура ў агульнаадукацыйнай установе – гэта прадмет, які адыгрывае культуратворчую і нацыятворчую функцыі, садзейнічае гуманітарызацыі мыслення. Многае яднае беларускую літаратуру з літаратурай сусветнай, арганічнай часткай якой яна і з’яўляецца. Таму беларуская літаратура вывучаецца ў кантэксце сусветнага мастацкага слова. Рэалізацыя падобнага падыходу пераконвае вучняў у тым, што нацыянальнае прыгожае пісьменства – годны складнік агульначалавечай мастацкай культуры. Паралельна вывучаючы творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, вучні пераконваюцца ў тым, што людзей свету яднаюць агульныя праблемы, памкненні, радасці і трывогі, што за час свайго існавання чалавецтва выпрацавала агульныя духоўныя каштоўнасці. Вывучэнне рускай літаратуры, знаёмства з сусветна значнымі мастацкімі набыткамі падмацоўваюць гэтую выснову і спрыяюць фарміраванню глыбокага разумення вучнямі эстэтычнай вартасці з’яў мастацтва, грамадзянскіх перакананняў, гуманістычнага светапогляду вучняў, разумення таго, што яны – прадстаўнікі свайго народа і чалавецтва, захавальнікі набыткаў нацыянальнай і агульначалавечай культуры. Нарэшце, літаратура як мастацтва слова з’яўляецца сродкам фарміравання і развіцця моўнай культуры, індывідуальнага самавыяўлення вучня праз слова, у слове. З дапамогай мастацкіх тэкстаў ён спазнае багацце лексікі, адметнасць марфалагічнага, сінтаксічнага складу беларускай мовы, яе мілагучнасць. Чытанне і вывучэнне літаратурных твораў развівае камунікатыўныя здольнасці вучня, узбагачае выяўленчыя, экспрэсіўныя магчымасці яго мовы, лексічны, фразеалагічны, слоўнікавы запас, фарміруе маўленчыя нормы, развівае маўленчую культуру, а праз яе і агульную культуру асобы. Развіццё мастацтва слова неад’емнае ад гістарычнага развіцця чалавецтва. Невыпадкова мастацкую літаратуру называюць гісторыяй у вобразах. У працэсе навучання беларускай літаратуры на канкрэтных прыкладах можна выхаваць у вучняў пачуцці гонару за Радзіму, народ, адданасці роднаму краю, павагу да тых, хто змагаўся за яе свабоду, незалежнасць і росквіт. Беларускія пісьменнікі раскрылі глыбокія, тонкія чалавечыя перажыванні, выявілі сябе таленавітымі псіхолагамі, педагогамі. Чытаючы мастацкія творы, вучні адчуваюць боль іншых людзей, асэнсоўваючы жыццёвыя з’явы, падзеі, канфлікты і характары, яны выказваюць свае адносіны і меркаванні, сталеюць, духоўна ўзбагачаюцца, вучацца рабіць сумленны выбар. Такім чынам, навучанне прадмету “Беларуская літаратура” ў агульнаадукацыйных установах павінна забяспечыць: – фарміраванне ў вучняў сістэмы літаратурных (тэарэтыка-літаратурных і гісторыка-літаратурных) ведаў як кампанента гуманітарнага светаадчування і мыслення; – развіццё чытацкіх і камунікатыўных уменняў – сродку самавыяўлення і самавыхавання, найпершай умовы для ўступлення ў сацыякультурны дыялог; – выпрацоўку ўмення аналізу мастацкага тэксту ў аспекце творчай індывідуальнасці пісьменніка, што, у сваю чаргу, развівае ў вучняў здольнасць адчуваць сапраўднае мастацтва, выяўляць прыгожае і агіднае ў свядомасці і паводзінах чалавека, гарманічнае і стыхійнае ў прыродзе; – разуменне вучнямі грамадскага значэння нацыянальнай літаратуры – складовай часткі агульначалавечай культуры і мастацтва, сродку раскрыцця духоўнага свету і гістарычнага лёсу народа, дасягнення ўзаемаразумення і ўстанаўлення кантактаў паміж людзьмі, цэласнага адчування свету; – развіццё асобы вучняў: іх пачуццяў, мыслення, самасвядомасці, знешняй і ўнутранай (духоўнай) культуры, мастацка-эстэтычнага густу. Навучанне літаратуры ў агульнаадукацыйных установах забяспечвае самавызначэнне і самарэалізацыю асобы ў сучасным зменлівым свеце. Беларуская літаратура – тое спалучальнае звяно, якое перадае ад папярэднікаў да сучаснікаў назапашаны на працягу стагоддзяў духоўны і эстэтычны вопыт. На аснове гэтага духоўнага вопыту разгортваецца выхаванне гарманічна развітой, цэласнай асобы, здольнай самараскрывацца, дастаткова поўна рэалізоўваць сябе ў грамадстве ў працэсе творчай дзейнасці. Паказчыкамі якасці літаратурнай адукацыі з’яўляюцца наступныя: агульны культурны ўзровень вучня, яго эрудыцыя, начытанасць, асобаснае засваенне зместу праграмнага літаратурнага твора, характар, ступень самастойнасці, доказнасці эстэтычных меркаванняў вучня і ўзровень развіцця яго маўлення. Пад паняццем “начытанасць” разумеецца веданне вучнямі твораў беларускіх, замежных аўтараў, іх асноўных мастацка-стылявых асаблівасцей; уменне чытаць мастацкі і іншыя віды тэкстаў, карыстаючыся рознымі спосабамі і відамі чытання; уменне самастойна ставіць мэту чытання і выбіраць кнігу ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай; уменне характарызаваць кнігу па такіх паказчыках, як назва, жанр, кампазіцыя і інш.; дастаткова высокі ўзровень культуры чытання. Асобаснае засваенне зместу літаратурнага твора выяўляецца ва ўменні вучня выказаць уласнае эмацыянальна-эстэтычнае ўражанне ад прачытанага мастацкага твора, перадаць яго змест, увесці гэты твор у культуралагічны кантэкст, г. зн. ацаніць яго праз параўнанне са з’явамі жыцця, іншымі творамі літаратуры або сумежных мастацтваў. Характар эстэтычных меркаванняў і ацэнак сведчыць пра ўзровень развіцця культуры асобы. Пры разглядзе твора вучань карыстаецца тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і тэрмінамі, і настаўнік можа меркаваць, наколькі глыбока яны засвоены, ці актуалізуюцца яны ў працэсе спасціжэння і выяўлення эстэтычнай вартасці твора. Літаратура – сродак эстэтычнага асваення жыцця, таму недастаткова ведання, нават і зацікаўленага, вучнем толькі зместу твора. Важна высветліць, наколькі сугучныя эстэтычнае ўспрыманне і ўяўленні вучня аўтарскай канцэпцыі, ці поўна перадае ён разнастайнасць праблем, з’яў, што знайшлі ўвасабленне ў мастацкім творы, ці стаў прыцягальным для яго маральна-эстэтычны ідэал, свет думак і пачуццяў пісьменніка. Узровень развіцця маўлення – паказчык літаратурнай і маўленчай пісьменнасці вучня. Вучань павінен умець складаць розныя віды планаў, выкарыстоўваць розныя функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення (апісанне, апавяданне, разважанне), дакладна адказваць на пытанні, самастойна разважаць, рабіць вусныя і пісьмовыя паведамленні, даклады, пераказы ці сачыненні на вольныя (па асабістых жыццёвых уражаннях) ці літаратурныя тэмы, водгукі на мастацкія творы, кнігі, спектаклі і інш. Найважнейшым паказчыкам развіцця маўлення, чытацкай эрудыцыі, эстэтычнага густу з’яўляецца творчая дзейнасць вучняў: складанне загадак, казак, вершаў, напісанне невялікіх п’ес, эсэ і інш. Акрэсленыя паказчыкі на кожнай ступені літаратурнай адукацыі павінны карэкціравацца ў адпаведнасці з узростам вучняў. Прапанаваная канцэпцыя мае на мэце даць уяўленне аб прынцыпах пабудовы зместу літаратурнай адукацыі, складзе і структуры вучэбнага прадмета, акрэсліць мэты навучання, паказаць асаблівасці прад’яўлення зместу літаратурнай адукацыі на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Канцэптуальныя падыходы да навучання беларускай літаратуры – аснова для распрацоўкі адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, вучэбна-метадычных комплексаў. Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.004 сек.) |