АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы зместу вучэбнага прадмета

Читайте также:
  1. Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу літаратурнай адукацыі па ступенях навучання
  2. АНАЛІЗ МАСТАЦКАГА ТВОРА. ПРЫНЦЫПЫ І ШЛЯХІ АНАЛІЗУ МАСТАЦКАГА ТВОРА.
  3. Беларуская літаратура як вучэбны прадмет. Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”.
  4. Люблінская унія. Яе перадумовы і вынікі.
  5. МЕТОДЫКА ВЫКЛАДАННЯ ЛІТАРАТУРЫ ЯК НАВУКОВАЯ ДЫСЦЫПЛІНА. БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ЯК ВУЧЭБНЫ ПРАДМЕТ. АДУКАЦЫЙНЫ СТАНДАРТ І КАНЦЭПЦЫЯ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА “БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА”.
  6. Мэты вучэбнага прадмета
  7. Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.
  8. Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.
  9. Прынцыпы сацыяльнага выхавання.
  10. Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Пабудова зместу літаратурнай адукацыі ў сучасных умовах ажыццяўляецца з пазіцый культурастваральнага, асобасна арыентаванага падыходаў да навучання, на аснове прынцыпаў эмпатыйнай педагогікі, педагогікі супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў. У якасці галоўных арыенціраў выбраны наступныя прынцыпы.

1. Арыентацыя на засваенне набыткаў нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі.

Беларуская літаратура належыць да ліку прадметаў, якія традыцыйна вывучаюцца ў школах Беларусі (пачынаючы з 20-х гг. ХХ ст.). Менавіта нацыянальнае мастацкае слова скіроўвае на засваенне асноў беларускай культуры, яе вытокаў, этапаў станаўлення. Таму нацыянальным мастацкім набыткам (у першую чаргу творам класікі) у курсе літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе належыць галоўнае месца. Творы замежнай класікі пры гэтым разглядаюцца перад усім у суадносінах з беларускай літаратурай, гэта дасць магчымасць вучням успрыняць нацыянальнае прыгожае пісьменства часткай – арыгінальнай і самабытнай – сусветнай літаратуры.

2. Фундаментальнасць.

Прынцып фундаментальнасці ў літаратурнай адукацыі разглядаецца як грунтоўнае авалодванне сістэмай літаратурных ведаў, уменняў і навыкаў, сфарміраванасць чытацкай і камунікатыўнай культуры асобы. Беларуская літаратура як адзін з відаў мастацкага мадэліравання рэчаіснасці мае вялікае значэнне для набыцця вучнямі ведаў у іншых галінах, для авалодвання універсальнымі спосабамі дзейнасці, выпрацоўкі ўменняў аналізу і інтэрпрэтацыі разнастайных фактаў і з’яў. Курс беларускай літаратуры скіраваны на развіццё праблемнага, крытычнага ўспрымання з’яў рэчаіснасці, садзейнічае фарміраванню сістэмы гуманістычных, маральна-этычных поглядаў і арыентацый асобы вучня.

3. Практычная накіраванасць.

Навучанне беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе скіравана на выхаванне асобы і яе сацыялізацыю ў грамадстве. Таму для вывучэння прапануюцца мастацкія творы, што ў найбольшай ступені адпавядаюць патрэбам і інтарэсам як вучняў, так і грамадства, адлюстроўваюць тыповыя канфлікты і сітуацыі, выклікаюць у іх роздум “пра час і пра сябе”. Менавіта ў працэсе аналізу мастацкага твора раскрываецца асабістае “я” вучня.

Прынцып практычнай скіраванасці ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі вымагае надання важнага значэння развіццю не толькі вуснага і пісьмовага маўлення, але і камунікатыўнай культуры вучняў. Эфектыўнае вырашэнне гэтай праблемы спрыяе павышэнню агульнакультурнага ўзроўню вучняў.

4. Гуманітарызацыя і гуманізацыя навучання.

Гуманітарызацыя скіроўвае настаўніка і вучня да ўспрымання цэласнай карціны свету і чалавека ў ім, да “ачалавечвання” ведаў, што ў выніку павінна прывесці да фарміравання гуманістычнага светаадчування, маральнай адказнасці чалавека за сябе, грамадства, прыроду. Беларуская літаратура як адзін з вядучых вучэбных прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла – надзейны сродак увядзення вучня ў культуру як сістэмнае цэлае, бо менавіта яна спалучае ў сабе элементы культуры мастацкай, культуры мыслення, дзейнасці і ўзаемаадносінаў, культуры выяўлення думак і пачуццяў у слове (або філалагічнай культуры) і, нарэшце, уплывае на фарміраванне светапогляду асобы. У працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучні набываюць этыка-філасофскія, сацыяльна-гістарычныя і эстэтыка-культурныя веды.

5. Завершанасць літаратурнай адукацыі.

Літаратурная адукацыя ў агульнаадукацыйных установах у выніку павінна даць вучням цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру, яе ідэйна-мастацкае багацце, сфарміраваць сістэму ведаў, уменняў, каштоўнасных арыентацый, вопыт эмацыянальнай і творчай дзейнасці. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай установы не кожны з выпускнікоў будзе мець магчымасць пашыраць свае веды пра беларускую літаратуру, таму літаратурнае навучанне ў агульнаадукацыйных установах павінна мець завершаны характар.

6. Рэгіяналізацыя літаратурнай адукацыі.

Сучасныя рэгіёны Беларусі вызначаюцца паводле дзялення краіны на вобласці. Варта мець на ўвазе, што гэты падзел не заўсёды супадае з прыродна-гістарычнымі зонамі Беларусі. Для выхавання патрыятычных пачуццяў вельмі важна, каб у працэсе вывучэння беларускай літаратуры вучань пераканаўся, што і яго родны кут ці край (пэўныя мясціны, горад і інш.) натхняў пісьменнікаў, што яго землякі ўнеслі пэўны ўклад у развіццё беларускага мастацтва слова. Вельмі важнай паўстае неабходнасць актыўнага развіцця мясцовага краязнаўства, што дапаўняла б звесткі, атрыманыя вучнямі на ўроках беларускай літаратуры. Вырашэнню гэтай праблемы спрыялі б факультатыўныя курсы літаратурна-краязнаўчай скіраванасці, падрыхтаваныя знаўцамі роднага краю, настаўнікамі, навукоўцамі.

3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі адбору ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі

Пры адборы вучэбнага матэрыялу, вызначэнні метадаў і прыёмаў арганізацыі дзейнасці вучняў галоўную ролю адыгрываюць наступныя метадычныя і літаратуразнаўчыя прынцыпы.

1. Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання вучнямі мастацкага тэксту.

Гэты прынцып абумоўлівае адбор і прэзентацыю мастацкіх тэкстаў з улікам узростава-псіхалагічных асаблівасцей вучняў на розных ступенях навучання літаратуры. Неабходна ўлічваць інтэлектуальна-пазнавальныя магчымасці вучняў, іх здольнасць да рэпрадуктыўнай дзейнасці, засваення аб’ёму інфармацыі.

2. Прынцып адпаведнасці задачам выхавання і развіцця асобы вучня.

Беларуская літаратура садзейнічае фарміраванню светапогляду вучня як цэласнай сістэмы ўяўленняў пра чалавека, прыроду, навакольнае жыццё. Спецыфіка літаратурнай адукацыі абумоўлена педагагічнай накіраванасцю навучання ў агульнаадукацыйнай установе. Змест курса беларускай літаратуры дазваляе ў розных аспектах станоўча ўздзейнічаць на асобу вучня, дае ўдзячны матэрыял для фарміравання трывалых маральна-этычных асноў, выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, адданасці агульначалавечым ідэалам.

3. Прынцып эстэтычнага падыходу да аналізу і ацэнкі мастацкага твора.

Адна з задач навучання беларускай літаратуры – далучэнне школьнікаў да мастацтва слова праз эстэтычнае ўспрыманне літаратурнага твора. Мастацкая творчасць выклікае эмацыянальныя перажыванні, прыносіць асалоду, фарміруе эстэтычны густ, уяўленні пра прыгажосць жыцця і інш. Разгляд літаратурнага твора вымагае эстэтычнага падыходу, г. зн. яго аналізу і ацэнкі з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, ведання асноўных эстэтычных катэгорый і тэрмінаў (прыгожае – агіднае, узнёслае – нізкае, трагічнае – камічнае). Фарміраванне і развіццё эстэтычнай культуры – важны складнік літаратурнай адукацыі.

4. Прынцып адзінства зместу і формы, часткі і цэлага ў спасціжэнні мастацкага твора чытачом.

У курсе беларускай літаратуры асноўнае месца адведзена вывучэнню мастацкіх твораў. У працэсе аналізу разглядаюцца ўнутраныя (мастацкі сэнс, характары, абставіны і інш.) і знешнія (арганізацыя тэксту, асаблівасці мовы і інш.) кампаненты твора. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб вучань авалодаў уменнем характарызаваць твор цэласна, у адзінстве яго зместу і формы.

Азначаны прынцып не можа рэалізавацца без азнаямлення вучняў з тэарэтычнымі паняццямі. Без іх ведання нельга вырашыць адну з найважнейшых мэтаў навучання літаратуры – выхаванне культуры чытання. Засваенне тэарэтычных паняццяў ажыццяўляецца з улікам мастацкай прыроды твора. У такім выпадку тэарэтычнае паняцце стане своеасаблівым інструментам пазнання твора, літаратурнай з’явы, і вучні ўсвядомяць практычную неабходнасць яго ведання. Увядзенне тэарэтыка-літаратурнага матэрыялу ў змест літаратурнай адукацыі павінна адбывацца ў адпаведнасці з прынцыпамі даступнасці, паслядоўнасці і пераемнасці.

5. Прынцып гістарычнага падыходу ў асэнсаванні твораў і з’яў літаратуры і мастацтва.

Гісторыка-храналагічны прынцып выступае галоўным у пабудове зместу адукацыі ў курсах беларускай літаратуры ІХ–ХІ класаў. Азначаны прынцып рэалізуецца ў працэсе знаёмства з творамі, фарміравання ўяўленняў пра заканамернасці і найважнейшыя асаблівасці гісторыі развіцця мастацтва слова. Вучні павінны атрымаць агульнае ўяўленне пра развіццё беларускай літаратуры, яе ідэйна-эстэтычную вартасць, каб у іх свядомасці беларускае і замежнае мастацтва ўяўлялася не простай сумай твораў, а цэласным працэсам.

6. Прынцып міжпрадметных сувязей.

Беларуская літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла (“Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”) утварае аснову культурацэнтрычнай сістэмы адукацыі. Міжпрадметныя сувязі актуалізуюцца на ўсіх этапах навучання, іх рэалізацыя ў адукацыйным працэсе ўзбагачае дыялог літаратуры з іншымі відамі мастацтва (жывапіс, музыка, фотамастацтва, кіно, тэатр і інш.), эфектыўна ўздзейнічае на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы.

7. Прынцып пастаяннай увагі да мовы ў яе эстэтычнай і камунікатыўнай функцыях.

Беларуская літаратура як вучэбны прадмет істотна ўплывае на агульную гуманітарна-філалагічную падрыхтаванасць вучня, яго камунікатыўную кампетэнцыю. Пастаянная праца па развіцці маўлення спрыяе засваенню вучнямі багацця беларускай мовы, яе літаратурных нормаў, навыкаў вуснага выказвання, разважання, дыялогу, у выніку ўсё гэта фарміруе культуру мыслення і камунікатыўную культуру асобы.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.004 сек.)