АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг

Читайте также:
  1. Вопрос 7. Союз 17 октября в 1905-1907 гг.
  2. Вопрос № 34 «Революция 1905-1907гг. Изменения в политической системе»
  3. Деятельность профсоюзов России по защите прав и интересов рабочих в 1905-1907гг.
  4. Зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы зместу вучэбнага прадмета
  5. Люблінская унія. Яе перадумовы і вынікі.
  6. Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.
  7. Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.
  8. Программные установки и тактика большевиков в 1905-1907 гг.
  9. Программные установки и тактика меньшевиков в 1905-1907 гг.
  10. Профсоюзное движение России в период первой русской революции 1905-1907 годов.
  11. Расстановка политических сил в стране в ходе революции 1905-1907 гг.

На пачатку 20 ст. Расійская імперыя апынулася ў стане сістэмнага грамадскага крызісу, які выклікаў рэвалюцыю 1905-1907 гг. Асноўнымі прычынамі рэвалюцыі былі глыбокія сацыяльныя праблемы:

1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. Дзяржаўна-палітычны лад Расійскай імперыі вызначаўся як абсалютная манархія. Пры фарміраванні і функцыянаванні органаў дзяржаўнай улады адстунічалі элементы выбарнасці, адкрытасці і галосносці. У дзяржаве амаль адсутнічалі грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды; панавала паліцэйска-бюракратычнае самавольства; захоўваўся саслоўны падзел грамадства з рознымі правамі і абавязкамі для прадстаўнікоў розных саслоўяў. Станаўленне элементаў грамадзянскай супольнасці ў выніку капіталістычнай мадэрнізацыі (стварэнне грамадскіх арганізацый у эканамічнай і культурнай сферах, узнікненне элементаў сістэмы мясцовага і гарадскога самакіравання, фарміраванне рабочага руху) патрабавала дэмакратызацыі састарэлай сацыяльна-палітычнай сістэмы.

2) Аграрная праблема. Пераважная большасць насельніцтва пражывала ў вёсцы. Пазямельныя адносіны характарызаваліся перавагай буйнога памешчыцкага землеўладання. Сялянскае малазямелле і звязаныя з ім феадальныя перажыткі, захаванне абшчыны і кругавой парукі, вялікія выкупныя плацяжы і дзяржаўныя падаткі тармазілі развіццё прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы і замаруджвалі развіццё прамысловасці. Патрэбы мадэрнізацыі грамадства дыктавалі неабходнасць глыбокіх пераўтварэнняў у аграрнай сферы.

3) Нацыянальная праблема. Па меры фарміравання нацый абвастраліся супярэчнасці паміж вялікадзяржаўнай русіфікатарскай палітыкай царызму і залежнымі ад яго народамі, якія цярпелі дыскрымінацыю з боку імперскіх уладаў у розных сферах (палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, рэлігійнай, моўнай і г.д.). Сярод іх у 19 – пачатку 20 стст. фарміруюцца самастойныя нацыянальныя рухі, што патрабавалі стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі або поўнай незалежнасці (польскі, фінскі, украінскі, літоўскі, латышскі, грузінскі і інш.).

4) Рабочая праблема. Вытворчыя адносіны ў сферы прамысловасці і гандлю суправаджаліся кепскімі ўмовамі жыцця і працы рабочага класа (нізкая аплата працы, працяглы працоўны дзень, дрэнныя бытавыя ўмовы, грамадзянскае бяспраўе). Дадзеныя ўмовы садзейнічалі развіццю рабочага руху і яго паступовай палітызацыі, што патрабавала карэнных пераўтварэнняў у сферы адносін паміж рабочымі і наймальнікамі.

На пачатку 20 ст. дадзеныя сацыяльныя праблемы асабліва абвастрыліся пад уплывам двух фактараў:

1) Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг. і эканамічная дэпрэсія 1904-1908 гг., якая наступіла пасля яго. Крызіс стаў наступствам перавытворчасці ва ўмовах прамысловага ўздыму 1890-х гг. Яго праявамі сталі спыненне або скарачэнне вытворчасці на многіх прадпрыемствах, рост беспрацоўя, скарачэнне зарплаты рабочых. Усё гэта садзейнічала ўзрастанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве.

2) Вайна Расійскай імперыі з Японіяй 1904-1905 гг. за перадзел сфер уплыву на Далёкім Усходзе. Ваенныя няўдачы расійскага войска, шматлікія чалавечыя ахвяры садзейнічалі нарастанню грамадскай незадаволенасці.

У 1901-1904 гг. назіраецца сацыяльна-палітычны крызіс царскага рэжыму. Пра гэта сведчаць наступныя з’явы:

1) Развіццё рабочага руху. На працягу 1901 – 1904 гг. значна ўзрасла колькасць рабочых выступленняў; на тэрыторыі Беларусі, у стачках, звязаных з эканамічнымі прычынамі, прыняло ўдзел 20 тыс. чалавек. Адметнай рысай рабочага руху ў 1901 – 1904 гг. становіцца яго палітызацыя: у стачках, звязаных з палітычнымі прычынамі, у 1901 – 1904 гг. на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел 34 тыс. чалавек.

2) Актывізацыя рэвалюцыйнага палітычнага руху. У 1901 – 1904 гг. узрастае ўплыў рэвалюцыйных партый і арганізацый. Ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках дзейнічалі арганізацыі ПСР, РСДРП, Бунда, ППС на Літве, БСГ, групы анархістаў. Рэвалюцыйныя суполкі актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі стачак, палітычных дэманстрацый і маніфестацый; узрасла іх прапагандысцкая актыўнасць.

3) Палітыка лавіраванняў з боку царскай улады. Царызм з мэтай змяншэння грамадскай незадаволенасці пайшоў на правядзенне некаторых рэформ у розных сферах сацыяльнага жыцця: увядзенне рабочага заканадаўства ў дробнай і рамеснай прамысловасці, скасаванне кругавой парукі сялян пры спагнанні падаткаў 1903 г., адмена цялесных пакаранняў для сялян 1904 г. З мэтай нейтралізаваць уплыў рэвалюцыйнага руху ажыццяўлялася падтрымка кантралюемых ўладамі грамадскіх рухаў, да якіх належыць залічыць “паліцэйскі сацыялізм” і сіянізм.

Паліцэйскі сацыялізм ” уяўляў з сябе арганізацыю некаторымі прадстаўнікамі ўлады рабочых саюзаў, якія ставілі сваёй задачай забеспячэнне элементарных эканамічных і культурных патрабаванняў рабочых, каб тым самым ізаляваць іх ад палітычнай барацьбы. Паколькі ў Беларусі колькасна пераважаў яўрэйскі пралетарыят, “паліцэйскі сацыялізм” укараняўся перадусім сярод яўрэйскіх рабочых. У 1901-1903 гг. у Мінску, Вільні і Адэсе ў дадзеным накірунку дзейнічала Яўрэйская незалежная рабочая партыя, якая на кароткі час атрымала дастаткова значны ўплыў.

Сіянізм узнікае ў канцы 19 ст. і уяўляе з сябе сусветны рух яўрэяў за вяртанне ў Палесціну і ўтварэнне там яўрэйскай дзяржавы. Сіяністы прапагандавалі ідэі аб богаабранасці яўрэйскага народа і шкоднасці для яго нацыянальных інтарэсаў удзелу ў грамадска-палітычным руху краін дыяспары. У сувязі з гэтым царызм не перашкаджаў дзейнасці сіяністаў і спрабаваў яго выкарыстаць для пераадолення ўплыву рэвалюцыйных арганізацый сярод яўрэйскіх рабочых. У 1902 г. з дазволу ўлад у Мінску адбыўся усерасійскі сіянісцкі з’езд. Аднак колькасны рост сіянізму прывёў да фарміравання ў ім радыкальных плыняў. У сувязі з гэтым прапаганда сіянізму ў Расійскай імперыі летам 1903 г. была забаронена.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. на землях Беларусі назіралася сітуацыя грамадска-палітычнага крызісу, выкліканага цэлым шэрагам сацыяльных праблем, які прывёў да рэвалюцыі 1905-1907 гг.

 

15.2. Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Непасрэдным пачаткам рэвалюцыі сталі падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”). У гэты дзень адбылося 140-тысячнае мірнае шэсце рабочых да царскага палаца па ініцыятыве лідэра рабочай арганізацыі, створанай першапачаткова ў духу “паліцэйскага сацыялізму”, Г. Гапона з патрабаваннямі дэмакратычных рэформ, спынення вайны з Японіяй і паляпшэння матэрыяльнага становішча пралетарыяту. Паводле загаду царскіх улад шэсце было расстраляна, у выніку чаго загінула звыш 1 тыс. чалавек. Вестка пра гэтыя падзеі выклікала шырокае грамадскае абурэнне, якое стала пачаткам масавых рэвалюцыйных дзеянняў.

Рэвалюцыя 1905-1907 гг. у Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, у сваім развіцці прайшла праз некалькі этапаў:

Першы этап працягваўся са студзеня па верасень 1905 г. Ён характарызаваўся паступовым нарастаннем рэвалюцыйнага руху, галоўнай формай якога з’яўляліся палітычныя стачкі і вулічныя выступленні (дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі).

На тэрыторыі Беларусі рэвалюцыя пачынаецца ў студзені 1905 г. з правядзення забастовак салідарнасці з пецярбургскімі рабочымі, што ахапілі 30 гарадоў і мястэчак і суправаджаліся масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі. У забастоўках салідарнасці ў Беларусі прынялі ўдзел каля 34 тыс. чалавек. У лютым-сакавіку 1905 г. хваля палітычных выступленняў рэзка знізілася, але ў красавіку-чэрвені назіраецца новы ўздым, звязаны са святкаваннем 1 Мая, а таксама з пратэстамі супраць рэпрэсій царскага ўрада. У палітычных стачках у гэтыя месяцы ўдзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У Пінску ў красавіку 1905 г. палітычная забастоўка набыла ўсеагульны характар. У антыўрадавых палітычных выступленнях у гарадах Беларусі прымалі ўдзел прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў: рабочыя, служачыя, рамеснікі, дробныя гандляры, інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь.

Адначасова з палітычнымі выступленнямі назіраўся ўздым эканамічных стачак рабочых з патрабаваннямі скарачэння працоўнага дня, павелічэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы, дапушчэння ўдзелу сваіх прадстаўнікоў у вырашэнні пытанняў, звязаных з устанаўленнем расцэнак, прыёмам і звальненнем з працы і інш. У выніку забастовак, праведзеных вясной і летам 1905 г., рабочыя Беларусі ў многіх выпадках дамагліся істотнага павышэння заробкаў, скарачэння працоўнага дня да 9-10 гадзін, абмежавання самавольства ўласнікаў прадпрыемстваў і г.д.

Паступова рэвалюцыйныя хваляванні перакінуліся ў вёску. У студзені-чэрвені 1905 г. у Беларусі адбылося 290 сялянскіх выступленняў. Паводле прыкладу прамысловых рабочых арганізоўваюцца забастоўкі сельскагаспадарчых рабочых у памешчыцкіх маёнтках з патрабаваннямі павелічэння зарплаты і скарачэння працоўнага дня. Найбольш значнай сярод іх была забастоўка сялян-падзёншчыкаў і батракоў у чэрвені 1905 г. у маёнтках Навагрудскага павета.

Летам 1905 г. рэвалюцыйны рух ахапіў амаль усе рэгіёны Расійскай імперыі. У некаторых гарадах адбыліся масавыя антыўрадавыя выступленні (Варшава, Лодзь, Іванава-Вазнясенск, Адэса). У чэрвені выбухнула паўстанне матросаў Чарнаморскага флота на браняносцы “Пацёмкін”. Дадзеныя падзеі вымусілі царскі ўрад дэклараваць пэўныя саступкі. 6 жніўня 1905 г. цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест аб заснаванні Дзяржаўнай думы, праект якой быў распрацаваны міністрам унутраных спраў А.Р. Булыгіным (адсюль назва “булыгінская дума”). Дзяржаўная дума павінна была стаць прадстаўнічым органам, прызначаным для абмеркавання праектаў законаў, бюджэту і г.д. і падачы рэкамендацый, аднак яна не мела права самастойнага прыняцця законаў, што заставалася прэрагатывай імператара. Выбары ў думу былі шматступеннымі, а прадстаўніцтва розных сацыяльных слаёў непрапарцыянальнае; большая частка насельніцтва наогул была пазбаўлена выбарчых правоў. Усе рэвалюцыйныя і частка ліберальных арганізацый заклікалі да байкоту выбараў у “булыгінскую думу”. У цэлым хваля рэвалюцыйных выступленняў у жніўні-верасні 1905 г. значна зменшылася.

Другі этап прыходзіўся на кастрычнік-снежань 1905 г. Для яго характэрны найвышэйшы ўздым рэвалюцыі, адзначаны масавымі антыўрадавымі выступленнямі. 7-17 кастрычніка па ўсёй імперыі разгарнулася Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У межах усёй дзяржавы спыніліся чыгункі, большасць прамысловых прадпрыемстваў, амаль не працавала сувязь. Стачка адбывалася пад лозунгам ліквідацыі самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакратычнай рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі стачка распаўсюдзілася на 32 населеныя пункты; у ёй удзельнічала толькі ў прамысловасці каля 66 тыс. чалавек. На ўзроўні асобных буйных прадпрыемстваў і некаторых чыгуначных вузлоў стачкай кіравалі выбраныя рабочымі стачачныя камітэты. Рэвалюцыйныя арганізацыі для каардынацыі дзеянняў на ўзроўні гарадоў ўтваралі кааліцыйныя саветы і камісіі. Стачка суправаджалася масавымі мітынгамі і дэманстрацыямі.

Ва ўмовах нарастання рэвалюцыйнага руху цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест 17 кастрычніка, паводле якога Дзяржаўная дума надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі, пашыраўся кантынгент выбаршчыкаў, абвяшчалася ўвядзенне дэмакратычных свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў, сумлення і г.д. Пасля абвяшчэння маніфеста наступіла некаторая лібералізацыя грамадскага жыцця: адбывалася стварэнне новых палітычных партый і грамадскіх арганізацый, былі легалізаваны некаторыя нізавыя арганізацыі рэвалюцыйных партый, пачалі легальна выходзіць апазіцыйныя друкаваныя выданні. У той жа час царызм спалучаў палітыку саступак рэвалюцыйнаму руху з рэпрэсіямі. Так, 18 кастрычніка 1905 г., паводле распараджэння мінскага губернатара Курлова, у Мінску быў расстраляны масавы 20-тысячны мітынг, у выніку чаго загінула каля 100 чалавек.

Нягледзячы на спыненне ўсеагульнай стачкі рэвалюцыйныя выступленні ў краіне працягваліся. У снежні 1905 г. адбылася новая Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася зноў з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У Маскве і некаторых іншых расійскіх гарадах яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У Беларусі стачка ахапіла 17 гарадоў і мястэчак; у ёй удзельнічалі каля 44 тыс. чалавек. На чале стачкі знахадзіліся чыгуначныя камітэты і кааліцыйныя саветы рэвалюцыйных арганізацый. Найбольш значныя выступленні ў гэты час адбыліся ў Баранавічах і Гомелі. У кастрычніку-снежні 1905 г. назіраўся значны ўздым сялянскага руху: за два месяцы ў Беларусі былі зафіксаваны 494 сялянскія выступленні. У Гродне, Брэсце і Бабруйску адбываліся хваляванні салдат.

Царызму ўдалося задушыць снежаньскія выступленні ў гарадах і сялянскія хваляванні з дапамогай войска і паліцыі. Былі праведзены жорсткія рэпрэсіі, зачынены многія апазіцыйныя выданні. У той жа час царскія ўлады, імкнучыся ўмацаваць сваё становішча, ішлі на некаторыя саступкі рэвалюцыйнаму руху. У снежні 1905 г. была адменена крымінальная адказнасць за ўдзел у стачках; у сакавіку 1906 г. дазволена дзейнасць прафесійных саюзаў рабочых. 11 снежня 1905 г. быў абвешчаны закон аб выбарах у першы расійскі парламенцкі орган улады – Дзяржаўную думу.

Трэці этап рэвалюцыі працягваўся са студзеня 1906 г. да чэрвеня 1907 г. Яго адметнасцю сталі дзве тэндэнцыі: паступовае затуханне стачачнага руху і вулічных выступленняў і перанясенне палітычнай барацьбы ў парламент.

Пасля разгрому рэвалюцыйных выступленняў канца 1905 г. галоўная ўвага грамадскасці была засяроджана на выбарах у І Дзяржаўную думу, з якой многія звязвалі надзеі на правядзенне грамадскіх рэформ. Паводле закона аб выбарах, шматлікія катэгорыі ніжэйшых слаёў насельніцтва, а таксама жанчыны, былі пазбаўлены выбарчага права. Выбары былі няроўныя і шматступеньчатыя. Усе выбаршчыкі ў залежнасці ад саслоўнай прыналежнасці падзяляліся на курыі; прадстаўніцтва ад курый было арганізавана такім чынам, што фактычна 1 голас двараніна быў роўны 3,5 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых.

На пачатак 1906 г. у грамадска-палітычным жыцці Беларусі выразна былі выяўлены 3 палітычныя блокі: правы (кансерватыўны), цэнтрысцкі (ліберальны), левы (рэвалюцыйна-дэмакратычны).

Да правага блоку належалі ў першую чаргу Саюз рускага народа (чарнасоценцы) і Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). У Беларусі арганізацыі дадзеных партый узніклі амаль ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках. На чале іх знаходзіліся рускія чыноўнікі-дваране і праваслаўнае духавенства. У той жа час у склад арганізацый уваходзілі і манархічна настроеныя прадстаўнікі ніжэйшых слаёў грамадства. У аснове ідэалогіі дадзеных партый знаходзіліся манархізм і рускі нацыянал-шавінізм, які культываваў варожасць да нярускіх народаў, у першую чаргу яўрэяў (галоўны лозунг “Расія для рускіх”). На землях Беларусі правыя сілы лічылі сваёй апорай праваслаўнае насельніцтва, якое абвяшчалася рускім. Ва ўсіх сацыяльных праблемах, з якімі сутыкалася “рускае” насельніцтва вінаватымі абвяшчаліся яўрэі і католікі-палякі, з імі ж атаясамліваліся і рэвалюцыйныя сілы. Пад уплывам чарнасоценнай агітацыі адбыліся яўрэйскія пагромы ў Мінску (загінулі 54 чалавекі), Гомелі, Беластоку, Оршы, Рэчыцы; ажыццяўляліся напады на антыўрадавыя дэманстрацыі і мітынгі, забойствы рэвалюцыйных дзеячоў.

Галоўнай сілай цэнтрысцкага, ліберальнага блоку з’яўлялася Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя народнай свабоды (кадэты), якая ўзнікла ў кастрычніку 1905 г. У аснове ідэалогіі дадзенай партыі знаходзіўся лібералізм. У праграме кадэтаў змяшчаліся наступныя асноўныя ідэі:

- эвалюцыйная трансфармацыя Расійскай імперыі ў канстытуцыйную манархію;

- станаўленне і развіццё дэмакратычных грамадзянскіх і палітычных свабод; ліквідацыя саслоўных і нацыянальных абмежаванняў;

- развіццё мясцовага самакіравання, наданне народам імперыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі (права на дзяржаўную аўтаномію прызнавалася толькі за Фінляндыяй і Польшчай);

- вырашэнне аграрнай праблемы шляхам частковага пераразмеркавання памешчыцкай зямлі на карысць сялян.

У Расіі аснову кадэцкай партыі складалі дзеячы земстваў і акадэмічная інтэлігенцыя. У Беларусі з-за адсутнасці земстваў і вышэйшых навучальных устаноў невялікія групы кадэтаў узніклі толькі ў Маглёве і Пінску. Аднак кадэтаў падтрымлівалі тут яўрэйскія ліберальныя арганізацыі (Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі і інш.), сіяністы. Да ліберальнага блоку належала таксама Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы, створаная ў пачатку 1906 г. па ініцыятыве каталіцкага духавенства. Яе дзейнасць разгортвалася пераважна ў Віленскай губерні. Праграма партыі была блізкай да кадэцкай, аднак упор у ёй рабіўся на неабходнасці шырокага мясцовага самакіравання на землях Беларусі і Літвы, абароне свабоды каталіцкага веравызнання; у адрозненне ад кадэтаў абвяшчалася непахіснасць памешчыцкага землеўладання. Усе ліберальныя арганізацыі лічылі неабходным для дасягнення сваіх мэт актыўна ўдзельнічаць у парламенцкай дзейнасці.

Рэвалюцыйна-дэмакратычны блок прадстаўлялі левыя партыі і арганізацыі (РСДРП, ПСР, Бунд, ППС на Літве, БСГ, анархісты). Нягледзячы на ідэйныя адрозненні паміж імі, усе яны выступалі за рэвалюцыйнае звяржэнне самадзяржаўя і правядзенне карэнных грамадскіх рэформ у духу ідэй сацыялізму. Будучае паслярэвалюцыйнае дзяржаўна-палітычнае ўладкаванне большасць рэвалюцыйных арганізацый бачыла як федэрацыю раўнапраўных дэмакратычных рэспублік. Паводле аграрнага пытання левыя сілы выступалі за поўную ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам. Выбары ў І Дзяржаўную думу яны байкатавалі, адзначаючы недэмакратычнасць выбарчага заканадаўства і спадзеючыся на новы ўздым масавых выступленняў.

На выбарах у І Дзяржаўную думу ад Беларусі было абрана 36 дэпутатаў, сярод якіх было 29 прадстаўнікоў ліберальных сіл. Ва ўмовах байкоту выбараў левымі гэта сведчыла пра апазіцыйнасць грамадскіх настрояў у Беларусі ў цэлым. І Дума пачала працаваць у красавіку 1906 г. Буйнейшай фракцыяй у ёй стала кадэцкая. Група сялянскіх дэпутатаў ўтварыла больш левую фракцыю трудавікоў. Многія дэпутаты ад нацыянальных ускраін імперыі, у тым ліку ад Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, далучыліся да фракцыі аўтанамістаў. Правыя сілы апынуліся ў яўнай меншасці. У цэнтры думскіх дэбатаў паўстала аграрнае пытанне. Былі прадстаўлены два асноўныя законапраекты: кадэцкі, які прадугледжваў частковую перадачу памешчыцкіх і дзяржаўных зямель сялянам, і фракцыі трудавікоў, згодна з якім памешчыцкае землеўладанне скасоўвалася, праводзілася перадача зямлі ў грамадскі фонд, з якога яна размяркоўвалася паміж сялянамі паводле ўраўняльнага прынцыпу. Для царызму падобныя праекты былі непрымальныя. Дэпутаты Думы абвясцілі недавер царскаму ўраду і патрабавалі яго адстаўкі. У адказ цар 9 ліпеня 1906 г. разагнаў Думу, абвясціўшы пры гэтым аб новых выбарах.

Падчас працы І Думы вясной-летам 1906 г. назіраецца некаторы ўздым рэвалюцыйнага, рабочага і сялянскага руху. Спадзеючыся на яго рост, частка дэпутатаў разагнанай Думы 10 ліпеня 1906 г. выдала адозву да народа (“ Выбаргская адозва ”), у якой заклікала да масавага грамадзянскага непадпарадкавання. Аднак масавага руху не адбылося, галоўнай прычынай чаго стала палітыка рэпрэсій, якую стаў актыўна праводзіць царскі ўрад на чале з П.А. Сталыпіным. Паводле яго распараджэнняў, ствараліся ваенна-палявыя суды, якія ў паскораным парадку вялі справы супраць удзельнікаў рэвалюцыйных выступленняў; шырока практыкавалася пакаранне смерцю. Падвяргаліся пераследам апазіцыйныя партыі, прафсаюзы, незалежныя перыядычныя выданні.

У падобных умовах праходзілі выбары ў ІІ Дзяржаўную думу. Левыя сілы з-за правалу байкоту ў І Думу таксама ўдзельнічалі ў іх. На вынікі выбараў істотна паўплывалі адміністрацыйны націск і шырокая прапаганда з боку правых. Сярод 36 дэпутатаў, абраных ад Беларусі, 15 належалі да правага блока, 11 – да аўтанамістаў, 2 – да кадэтаў, 8 былі беспартыйнымі. Ніводзін кандыдат ад левых сіл у Думу не трапіў.

Аднак у цэлым у ІІ Дзяржаўнай думе, якая пачала працу 20 лютага 1907 г., пераважалі левыя; кадэты і аўтанамісты ўтваралі ўплывовыя цэнтрысцкія фракцыі; правыя знаходзіліся ў меншасці. У такіх умовах Дума спрабавала вырашыць тыя пытанні, якія стаялі і перад І Думай, што хутка прывяло дя яе канфлікту з царскім урадам. Улічваючы істотны спад рэвалюцыйнага руху, цар 3 чэрвеня 1907 г. разагнаў Думу і выдаў новы выбарчы закон. Паводле гэтага закону шматступенчатая сістэма выбараў была перапрацавана такім чынам, што надавала яўную перавагу дваранскаму прадстаўніцтву (1 голас двараніна фактычна быў роўны 4 галасам гарадской буржуазіі, 260 галасам сялян, 543 галасам рабочых). Гэтая падзея азначала канец рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Такім чынам, рэвалюцыя 1905-1907 гг., паводле меркавання большасці гісторыкаў, з’яўлялася буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі была накіравана на стварэнне ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі грамадска-палітычнай сістэмы.

У цэлым рэвалюцыя 1905-1907 гг. пацярпела паражэнне, паколькі не здолела змяніць асновы сацыяльна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу, не змагла вырашыць галоўныя сацыяльныя праблемы, якія з’яўляліся прычынамі рэвалюцыі. Аднак у выніку рэвалюцыі царызмам былі праведзены некаторыя пераўтварэнні, накіраваныя на змякчэнне дадзеных праблем:

- стварэнне агульнадзяржаўнага органа парламенцкай улады, які некалькі абмяжоўваў царскі абсалютызм;

- абвяшчэнне грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод – слова, друку, правядзення сходаў, стварэння палітычных партый і грамадскіх арганізацый (аднак не ў поўным аб’ёме і без гарантый іх захавання);

- адмена з 1907 г. выкупных плацяжоў для сялянства; некаторае абмежаванне чыноўніцкага і памешчыцкага самавольсва ў вёсцы;

- паляпшэнне рабочага заканадаўства; дазвол на дзейнасць прафсаюзаў;

- дазвол на выкарыстанне ў друку і часткова ў сферы адукацыі моў нацыянальных меншасцяў Расійскай імперыі.

Аднак дадзеныя мерапрыемствы здолелі толькі часткова зменшыць грамадскія супярэчнасці, якія ў цэлым заставаліся нявырашанымі і стваралі глебу для будучых сацыяльных канфліктаў.

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 | 58 | 59 | 60 | 61 | 62 | 63 | 64 | 65 | 66 | 67 | 68 | 69 | 70 | 71 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.007 сек.)