|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у канцы 16 – першай паловеСтст. Рэч Паспалітая на момант яе ўтварэння была адной з самых вялікіх дзяржаў Еўрапейскага кантынента. Яе суседзямі з’яўляліся Маскоўская дзяржава, Крымскае ханства (васал Асманскай імперыі), Свяшчэнная Рымская імперыя, Шведскае каралеўства, Малдаўскае і Трансільванскае княствы. Пасля смерці апошняга караля і вялікага князя з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста першым абраным усёй шляхтай Рэчы Паспалітай каралём стаў французкі прынц Генрых Валуа (1573 – 1574). Аднак у хуткім часе ён з’ехаў у Францыю, дзе заняў каралеўскі трон. Наступным каралём быў абраны трансільванскі князь Стэфан Баторый (1576–1586). Ва ўнутранай палітыцы ён імкнуўся да ўмацавання цэнтральнай дзяржаўнай улады і войска перадусім для паспяховага завяршэння Інфлянцкай вайны 1558 – 1582 гг. Стэфан Баторый аказваў шырокую падтрымку каталіцкай царкве і асабліва ордэну езуітаў; у той жа час, аднак, прытрымліваўся прынцыпаў рэлігійнай талеранцыі, пацвярджаў правы праваслаўнай царквы, караў удзельнікаў антыпратэстанцкіх пагромаў. У знешняй палітыцы галоўным накірункам дзейнасці С. Баторыя была барацьба з Маскоўскай дзяржавай за кантроль над Інфлянтамі і адваяванне занятых маскоўскімі войскамі ў 1563 г. зямель ВКЛ. Ваенныя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй аднавіліся ў 1577 г., калі маскоўскія войскі захапілі большую частку Інфлянтаў. Швецыя выступіла ў вайне на баку Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння сойма 1578 г., было сабрана вялікае войска, пераважна наёмнае (немцы і венгры). У 1579 г. войскі РП занялі Полацк, а ў наступным годзе – Усвят, Вялікія Лукі, Холм, Старую Русу; у 1581 г. быў узяты ў аблогу Пскоў. Паводле Ям-Запольскага перамір’я 1582 г. ВКЛ вярнула Полаччыну. Пад супольнае кіраўніцтва ВКЛ і Польскага каралеўства адышла большая частка Інфлянтаў, толькі поўнач Эстоніі быў далучаны да Шведскага каралеўства. У выніку вайны насельніцтва Полацка скарацілася да 3 тыс. чалавек, а ў рэгіёне пуставала да 2/3 двароў. Пасля смерці С. Баторыя (1586) у выніку жорсткай палітычнай барацьбы каралём і вялікім князем быў абраны шведскі прынц Жыгімонт Ваза (1588–1532), які па задумцы магнатэрыі павінен быў аб’яднаць пад сваёй уладай Рэч Паспалітую і Шведскае каралеўства, стварыць дынастычную унію і далучыць паўночную Эстонію да Рэчы Паспалітай. У 1594 г. ён быў каранаваны каралём Швецыі, аднак у выніку змовы на чале з будучым каралём Карлам ІХ Сундэрманландскім у 1598 г. быў пазбаўлены шведскага трона. Гэта прывяло да дынастычнай вайны паміж прыхільнікамі Жыгімонта Вазы і Карла Сундэрманландскага ў Швецыі, якая потым перарасла ў вайну Швецыі і Рэчы Паспалітай. Унутраная палітыка Жыгімонта Вазы ў першыя дзесяцігоддзі была накіравана на ўмацаванне інстытутаў цэнтральнай улады. Гэта выклікала шырокую незадаволенасць шляхты ВКЛ і Польшчы, вынікам якой стаў узброены рокаш М. Зэбджыдоўскага – Я. Радзівіла 1606 – 1609 гг. Рокаш быў падаўлены, аднак, Жыгімонт Ваза адмовіўся ад планаў цэнтралізацыі ўлады. Падчас каралявання Жыгімонта Вазы праводзілася актыўная падтрымка каталіцкай царквы і ордэна езуітаў. На сенатарскія пасады прызначаліся толькі асобы каталіцкага веравызнання; дзякуючы падобнай палітыцы і езуіцкай прапагандзе большая частка пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты перайшла ў каталіцызм. Паводле ініцыятывы Жыгімонта Вазы, была ажыццёўлена Берасцейская царкоўная унія 1596 г., якая прадугледжвала далучэнне праваслаўнай царквы да каталіцкай, што выклікала востры праваслаўна–уніяцкі канфлікт. У той жа час свабода веравызнання для шляхты была захавана. Ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ падчас каралявання Жыгімонта Вазы абазначаюцца некалькі значных сацыяльных праблем: - рэлігійныя канфлікты паміж католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі; - грабежніцкія дзеянні вайсковых наёмнікаў падчас вядзення войнаў і атрадаў казакаў (найбольш значная падзея – казацкае паўстанне Налівайкі 1594-1596 г.); - праблема арганізацыі фінансавай, падатковай сістэмы, фарміравання, укамплектавання і забеспячэння войска падчас правядзення войнаў. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас каралявання Жыгімонта Вазы: 1) Барацьба са Швецыяй за кантроль над Інфлянтамі. Яе адлюстраваннем сталі войны са Швецыяй 1600 – 1611 і 1617 – 1629 гг. У 1600 – 1611 гг. войскі ВКЛ на чале з Крыштофам Радзівілам і Янам Каралем Хадкевічам сумесна з польскімі войскамі праводзілі паспяховую барацьбу супраць шведскіх войскаў; Інфлянты засталіся пад кантролем РП. Найбольш значнай падзеяй гэтай вайны была перамога войска на чале з Я. К. Хадкевічам пад Кірхгольмам (Саласпілс) у 1605 г. Аднак у выніку вайны 1617–1629 гг. шведскія войскі захапілі Рыгу і большую частку Інфлянтаў. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 г., да Швецыі адышла частка Інфлянтаў на ўсход ад Зах. Дзвіны з Рыгай і прускія порты. Рэч Паспалітая пазбавілася магчымасці развіваць ваены флот на Балтыцы. У складзе Рэчы Паспалітай заставаліся паўночна-усходняя Лівонія (Латгалія) і васальнае Курляндскае герцагства. 2) Барацьба з Маскоўскай дзяржавай за геапалітычны кантроль ва Ўсходняй Еўропе і за ўладанне сумежнымі тэрыторыямі. У 1600 г. ва ўмовах барацьбы са Швецыяй кіруючыя колы РП прапаноўвалі ідэю палітычнага саюзу з Масковіяй, накіраванага супраць Швецыі і Турцыі, аднак гэты праект быў адхілены маскоўскімі ўладамі. На пачатку 17 ст. у Маскоўскай дзяржаве пачынаецца грамадзянская вайна (“Смута”), у якой удзельнічалі розныя групоўкі баярства, дваранства, казацтва, мяшчанства. У дадзеных умовах шляхта, мяшчане і казакі Рэчы Паспалітай з мэтай уласнага ўзбагачэння актыўна прымаюць удзел у гэтай вайне на баку Ілжэдмітрыя І (1605–1606), а ў 1608–1609 г. удзельнічалі ў паходзе на Маскву Ілжэдзмітрыя ІІ (Ілжэдзітрыі абвяшчалі сябе цудоўнавыратаваным царэвічам Дзмітрыем Іванавічам, які загінуў пры нявысветленых абставінах у дзіцячым узросце) і змагаліся за трон. Карыстаючыся з відавочнай слабасці Маскоўскай дзяржавы, Рэч Паспалітая пачала вайну супраць яе 1609-1618 гг. Ва ўмовах грамадзянскай вайны большасць маскоўскіх баяр у 1610 г. абвясцілі царом Уладыслава, сына Жыгімонта Вазы. У 1610-1612 гг. войскі Рэчы Паспалітай занялі Маскву. Аднак ва ўмовах унутранай барацьбы ў Масковіі войскі Рэчы Паспалітай былі выдалены ў 1612 г. з Масквы. У 1617-1618 гг. войска на чале з Уладыславам Вазам і казацкім гетманам П. Сагайдачным ажыццявіла паход на Маскву, але ён скончыўся беспаспяхова. Паводле Дэўлінскага перамір’я 1618 г. да ВКЛ адыйшла Смаленская зямля, а ў склад Польшчы ўключаны Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі. 3) Барацьба сумесна з Польшчай супраць Крымскага ханства і Асманскай імперыі за кантроль над тэрыторыямі Ніжняга Падняпроўя і за ўплыў у наддунайскіх княствах (Малдавія, Валахія). Найбольш значнай падзеяй з’яўлялася вайна з Турцыяй і Крымскім ханствам 1620-1621 гг. Кульмінацыйным момантам вайны была Хацімская бітва 1621 г., у якой войскі ВКЛ і Польскага каралеўства атрымалі перамогу. 4) Саюз з Габсбургскай Аўстрыяй. Рэч Паспалітая аказвала дыпламатычную падтрымку Габсбургскаму блоку ў Трыццацігадовай вайне (1618 – 1648), у які ўваходзілі Аўстрыя, Іспанія і шэраг каталіцкіх княстваў Германіі, што супрацьстаялі Швецыі, Францыі, Даніі, Галандыі і пратэстанцкім княствам Германіі. Новым каралём пасля смерці Жыгімонта Вазы быў абраны яго сын Уладыслаў Ваза (1632 – 1648). Ва ўнутранай палітыцы Ўладыслаў спрабаваў вырашыць асноўныя сацыяльныя праблемы, якія існавалі ў дзяржаве. У 1632 – 1635 гг. адбылася легалізацыя праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай і аднаўленне яе іерархіі, што некалькі змякчыла рэлігійную праблему. Аднак рэлігійныя супярэчнасці не былі цалкам вырашаны. Абвастраецца казацкая праблема; казакі, выступаючы за пашырэнне сваіх прывілеяў, выкарыстоўвалі рэлігійнае пытанне, абвяшчаючы сябе абаронцамі праваслаўя. У знешняй палітыцы РП падчас каралявання Ўладыслава Вазы найбольш значнай падзеяй стала вайна з Маскоўскай дзяржавай 1632 – 1634 гг. Мэтай вайны была спроба Масковіі вярнуць сабе Смаленскую зямлю. Маскоўскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск, аднак войска ВКЛ здолела зняць асаду. Паводле Палянаўскага міру 1634 г. былі захаваны ранейшыя межы паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Такім чынам, у апошняй трэці 16 – першай палове 17 стст. Рэч Паспалітая, і ў яе складзе ВКЛ, з’яўлялася адной з найбольш уплывовых дзяржаў у Еўропе. Аднак у той жа час унутраныя сацыяльна-палітычныя праблемы (барацьба паміж шляхецкімі групоўкамі, міжканфесійныя канфлікты, казацкая праблема) сталі перадумовамі палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай у сярэдзіне 17 ст. Асноўныя паняцці: Люблінская унія, Рэч Паспалітая, элекцыйная манархія, кароль, “пакта канвента”, “Генрыкавы артыкулы”, Вальны сойм, Сенат, Пасольская ізба, лібэрум вета, канстытуцыя (ухвала), бескаралеўе, канвакацыйны сойм, элекцыйны сойм, соймік, Галоўны соймік ВКЛ, Трыбунал ВКЛ, Статут ВКЛ 1588 г., шляхецкая дэмакратыя, палітычны народ, магнацкая алігархія, кліентэла, канфедэрацыя, рокаш.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Укажыце асноўныя прычыны заключэння Люблінскай уніі. 2. Якім чынам розныя групоўкі пануючага саслоўя ў ВКЛ успрымалі ідэю уніі з Польшчай? Чым можна растлумачыць падобныя пазіцыі. 3. Якія тэрыторыі адышлі да Польшчы ў 1569 г.? Падумайце, чаму шляхта дадзеных тэрыторый пазітыўна ўспрыняла дадзеныя змены? 4. Якія асноўныя палажэнні прадугледжвала Люблінская унія? 5. Які статус ВКЛ мела ў складзе Рэчы Паспалітай? Якія з’явы сведчылі пра захаванне дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ? 6. Што такое элекцыйная манархія? Як Вы лічыце, чаму менавіта ў Рэчы Паспалітай склалася такая сістэма дзяржаўна-палітычнага ладу? 7. Падумайце, чаму на каралеўскі трон у Рэчы Паспалітай абіраліся пераважна прадстаўнікі замежных дынастый? 8. Што такое “пакта канвента” і “Генрыкавы артыкулы”? Якім чынам гэтыя дакументы абмяжоўвалі каралеўскую ўладу? 9. Што такое канфедэрацыя і рокаш? 10. Вызначце асноўныя функцыі вальнага сойму? Якой была структура дадзенага органа ўлады? 11. Якія функцыі выконваў Сенат? Якім чынам ён фарміраваўся? 12. Якім чынам фарміравалася Пасольская ізба? Што такое пасольскія інструкцыі? 13. Апішыце ў асноўных рысах ход пасяджэнняў вальных соймаў Рэчы Паспалітай? Што такое канстытуцыі сойму? 14. Што такое лібэрум вета? Якія наступствы выкарыстанне гэтага права мела для развіцця парламенцкай сістэмы Рэчы Паспалітай? 15. Якую ролю ў грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай мелі бескаралеўі? 16. Што такое Галоўны соймік ВКЛ? Калі ён склікаўся і якія меў функцыі? 17. Вызначце характар фарміравання і кампетэнцыю Трыбунала ВКЛ? 18. Якія дасягненні палітыка-прававой думкі зафіксаваў Статут ВКЛ 1588 г.? Якія палажэнні Статута падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ? 19. Што такое шляхецкая дэмакратыя? Якія правы і прывілеі шляхты падкрэслівалі яе выключнае месца ў сацыяльна-палітычным жыцці РП? 20. Якім чынам у сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ сфарміравалася магнацкая алігархія? 21. Назавіце імёны каралёў Рэчы Паспалітай апошняй трэці 16 – першай паловы 17 стст.? 22. Вызначце асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі ВКЛ падчас каралявання Стэфана Баторыя. 23. Ахарактарызуйце ўнутраную палітыку Жыгімонта Вазы. Якія сацыяльныя праблемы выявіліся ў ВКЛ у канцы 16 – першай палове 17 стст.? 24. З якімі краінамі Рэч Паспалітая вяла войны падчас каралявання Жыгімонта Вазы? 25. Паспрабуйце вызначыць месца і ролю Рэчы Паспалітай у сістэме міжнародных адносін канца 16 – першай паловы 17 стст.
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Соймікі ВКЛ: гісторыя фарміравання, сістэма функцыянавання. 2. Статут ВКЛ 1588 г.: агульная характарыстыка. 3. Генеральныя з’езды шляхты ВКЛ: фарміраванне і эвалюцыя інстытуту. 4. Сістэма кліентэлы ў шляхецкім асяроддзі ВКЛ. 5. Палітыка ВКЛ у Інфлянтах (канец 16 – пачатак 17 стст.). 6. Паўстанне казакаў пад кіраўніцтвам С. Налівайкі. 7. Рокаш 1606-1609 гг. М. Зэбжыдоўскага – Я. Радзівіла. 8. Удзел шляхты ВКЛ у “Смуце” ў Маскоўскай дзяржаве.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.006 сек.) |