АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг

Читайте также:
  1. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.
  2. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.
  3. Рэлігія і культура беларускіх зямель у 9 – 13 ст.
  4. Рэлігія і культура беларускіх зямель у 9 – 13 стст.

Напярэдадні і падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. галоўным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху з’яўлялася Беларуская Сацыялістычная Грамада. У ходзе рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гг. дзеячы БСГ выступалі сумесна з прадстаўнікамі іншых рэвалюцыйных партый у Беларусі, удзельнічалі ў антыўрадавых выступленнях. У студзені 1906 г. у Мінску адбыўся ІІ з’езд БСГ, на якім была прынята новая праграма партыі, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса. У праграме БСГ абвяшчалася неабходнасць рэвалюцыйнага звяржэння самадзяржаўя сіламі ўсіх працоўных Расійскай імперыі і пераўтварэнне імперыі ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку. Для Беларусі БСГ патрабавала дзяржаўнай аўтаноміі са сталіцай у Вільні. Абвяшчалася неабходным адчужэнне памешчыцкіх, дзяржаўных і царкоўных зямель на карысць сялян.

У склад БСГ падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. уваходзіла каля 2 тыс. чалавек. Структурна яна падзялялася на 2 краёвыя камітэты з цэнтрамі ў Вільні і Мінску; таксама ў складзе БСГ дзейнічалі Мінскі рабочы камітэт, Віленская група рабочых, Віленская арганізацыя вучнёўскай моладзі, Пецярбургская арганізацыя, мясцовыя арганізацыі ў Лідскім, Дзісненскім і Бельскім паветах. Па ініцыятыве БСГ, а таксама ПСР быў арганізаваны Беларускі сялянскі саюз.

У цэлым уплыў беларускага нацыянальнага руху на палітычнае жыццё ў ходзе рэвалюцыі 1905-1907 гг. быў нязначны. Гэта тлумачыцца адсутнасцю трывалай сацыяльнай базы: у гарадах, якія з’яўляліся цэнтрамі палітычнага руху, беларускае насельніцтва было вельмі нешматлікім, а сяляне ў асноўнай масе заставаліся малапісьменнымі і не мелі выразнай палітычнай і нацыянальнай самавядомасці.

Падчас спаду рэвалюцыі, згодна з рашэннем канферэнцыі БСГ, была заснавана першая легальная беларускамоўная газета – “ Наша доля ” (выдавалася ў Вільні з 1 верасня 1906 г., падрыхтавана 6 нумароў). Публікацыі газеты мелі радыкальны характар; у сувязі з гэтым большасць нумароў газеты ці былі канфіскаваны, ці на іх быў накладзены арышт. А ў студзені 1907 г. рашэннем Віленскай судовай палаты выданне “Нашай долі” было назаўсёды спынена.

У выніку паражэння рэвалюцыі БСГ фактычна самараспусцілася, яе дзеячы адмовіліся ад падпольнай дзейнасці. Кіраўніцтва БСГ засяродзіла сваю дзейнасць у нацыянальна-культурным руху. Яго цэнтрам становіцца новае легальнае перыядычнае выданне – газета “ Наша ніва ”, якая пачала выходзіць з 10 лістапада 1906 г. да 1915 г. у Вільні лацінкай і кірыліцай (рэдактарам у 1906-1914 гг. з’яўляўся А. Уласаў, у 1914-1915 гг. Янка Купала).

У мэтах захавання газеты “Наша ніва” пазбягала радыкальных палітычных дэкларацый, па агульнапалітычных і сацыяльна-эканамічных пытаннях займала ў асноўным ліберальна-асветніцкія пазіцыі. Яе дзеячы засяродзілі сваю публіцыстычную дзейнасць на наступных накірунках:

- тэарэтычнае абгрунтаванне факту існавання самастойнага беларускага этнасу са сваёй самабытнай мовай і культурай;

- крытыка русіфікатарскай палітыкі царызму і паланізатарскай палітыкі польска-каталіцкага руху;

- патрабаванні ўвядзення беларускай мовы ў сістэме адукацыі, грамадскіх і рэлігійных установах;

- прапаганда беларускай нацыянальнай самасвядомасці, беларускай культуры.

У перыяд паміж рэвалюцыяй 1905-1907 гг. і Першай сусветнай вайной “Наша ніва” пераўтварылася ў своеасаблівы цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага руху. Пад яе эгідай пачалі выдавацца “Беларускі каляндар”, сельскагаспадарчы часопіс “Саха”, літаратурны месячнік для моладзі “Лучынка”, літаратурны і грамадска-палітычны альманах “Маладая Беларусь”, дзейнічалі беларускія выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Наша ніва”, “Наша хата” і інш. У нашаніўскім руху ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі пераважна сялянскага або дробнашляхецкага паходжання.

Разам з “Нашай нівай” фарміруецца другі цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага руху – газета “ Беларус ”, якая выдавалася на беларускай мове лацінкай са студзеня 1913 г. (рэдактары – А. Бычкоўскі і Б. Пачобка). Газета была арганізавана галоўным чынам прадстаўнікамі каталіцкага духавенства, якія далучыліся да беларускага нацыянальнага руху. У публікацыях выдання вырашэнне нацыянальна-культурных задач беларусаў звязвалася з абаронай каталіцкага веравызнання.

Намаганнямі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху адбывалася станаўленне беларускай літаратуры. У 1908-1914 гг. было выдадзена 77 кніг на беларукай мове. Вялікі ўнёсак у развіццё мастацкай беларускай літаратуры зрабілі звязаныя пераважана з “Нашай нівай” паэты і пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Карусь Каганец, Алесь Гарун, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі і інш. У 1910 г. быў сфарміраваны першы беларускі нацыянальны прафесійны тэатр у мястэчку Празарокі Дзісенскага павета на чале з Ігнатам Буйніцкім, які выступаў у розных гарадах і мястэчках Беларусі, а таксама ў Пецярбургу і Варшаве. У 1910 г. была выдадзена ў Вільні “ Кароткая гісторыя БеларусіВацлава Ластоўскага, у якой упершыню была адлюстравана нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. назіраўся прыкметны рост беларускага нацянальнага руху як у палітычнай, так і ў культурнай форме. Адбывалася фарміраванне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая кіравала дадзеным рухам. Аднак уплыў беларускага нацыянальнага руху на шырокія народныя масы быў нязначны з-за шэрагу спецыфічных фактараў станаўлення беларускай нацыі.

 

Асноўныя паняцці:

Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг, “паліцэйскі сацыялізм”, сіянізм, рэвалюцыя 1905-1907 гг., “Крывавая нядзеля”, забастоўкі салідарнасці, “булыгінская дума”, Усерасійская палітычная стачка, стачачныя камітэты, кааліцыйныя саветы і камісіі, маніфест 17 кастрычніка, Дзяржаўная дума, Саюз рускага народа, Саюз 17 кастрычніка, Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя народнай свабоды, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы, выбарчы закон 3 чэрвеня 1907 г., прафсаюзы, сталыпінская аграрная рэформа, водруб, хутар, прамысловы ўздым 1909-1914 гг., канцэнтрацыя вытворчасці, канцэнтрацыя капіталу, манаполіі, Краёвая партыя Літвы і Беларусі, земская рэформа 1911 г., земствы, настаўніцкія інстытуты, ІІ з’езд БСГ, “Наша доля”, “Наша ніва”, “Беларус”.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Вызначце асноўныя прычыны рэвалюцыі 1905-1907 гг. Дайце іх разгорнутую характарыстыку.

2. Якія падзеі пачатку 20 ст. садзейнічалі абвастрэнню сацыяльных праблем у Расійскай імперыі і прывялі да пачатку рэвалюцыі?

3. Якія з’явы ў грамадскім жыцці Беларусі сведчылі пра набліжэнне рэвалюцыі? Дайце кароткую характарыстыку дынамікі рабочага, сялянскага і рэвалюцыйнага руху напярэдадні рэвалюцыі 1905-1907 гг.

4. Што такое сіянісцкі рух? Падумайце, чаму царызм, нягледзячы на антысеміцкую скіраванасць яго палітыкі, першапачаткова не перашкаджаў развіццю сіянісцкага руху?

5. Калі пачалася рэвалюцыя 1905-1907 гг.? Якія падзеі сталі пачаткам рэвалюцыі?

6. Ахарактарызуйце спецыфіку рэвалюцыйнага руху ў Беларусі са студзеня да верасня 1905 г. Назавіце асноўныя звязаныя з ім падзеі.

7. Якія сацыяльныя групы ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху 1905- 1907 гг.? Якія пераважалі формы рэвалюцыйнай барацьбы?

8. Што такое “булыгінская Дума”? Якая была рэакцыя грамадскасці на маніфест пра яе ўвядзенне?

9. Растлумачце, чаму кастрычнік-снежань 1905 г. лічыцца перыядам найвышэйшага ўздыму рэвалюцыі?

10. Якія пераўтварэнні ў дзяржаўна-палітычным ладзе Расійскай імперыі абвясціў маніфест 17 кастрычніка?

11. Растлумачце сутнасць выбарчага заканадаўства, паводле якога ажыццяўляліся выбары ў І і ІІ Дзяржаўную думу. Ці можна лічыць яго дэмакратычным?

12. Ахарактарызуйце расстаноўку грамадска-палітычных сіл падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Назавіце асноўныя палітычныя партыі і арганізацыі, якія ўзніклі ў гэты час і вызначце іх палітычныя пазіцыі.

13. Дайце параўнальную характарыстыку дзейнасці І і ІІ Дзяржаўных дум. Растлумачце, чаму іх дзейнасць скончылася няўдачай.

14. Якая падзея лічыцца датай завяршэння рэвалюцыі 1905-1907 гг.? Ахарактарызуйце новае выбарчае заканадаўства Расійскай імперыі.

15. Падумайце, чаму рэвалюцыя 1905-1907 гг. пацярпела ў цэлым паражэнне? Якія змены адбыліся ў грамадстве ў яе выніку?

16. Чым было абумоўлена правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы? Назавіце яе асноўныя накірункі.

17. Да якіх вынікаў прывяло правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі? У чым была спецыфіка правядзення рэформы на беларускіх землях?

18. Ці можна сцвярджаць, што сталыпінская аграрная рэформа прывяла да развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

19. Якімі фактарамі быў выкліканы прамысловы ўздым 1909-1914 гг.?

20. Што такое манапалістычныя аб’яднанні ў прамысловасці? У якіх галінах прамысловасці Беларусі яны найперш складваліся? Што перашкаджала хуткай манапалізацыі прамысловасці ў Беларусі?

21. Ахарактарызуйце структуру беларускай прамысловасці на пачатку 20 ст.? Якімі фактарамі яна абумоўлена?

22. Паспрабуйце вызначыць агульны ўзровень развіцця эканомікі Беларусі на пачатку 20 ст.

23. Якія асноўныя працэсы адбываліся ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў 1907-1914 гг.?

24. Падумайце, з чым было звязана ўзмацненне палітыкі русіфікацыі з боку царызму ў 1907-1914 гг.

25. У чым сутнасць земскай рэформы 1911 г.? Якія яна мела вынікі? Падумайце, чаму царызм не адважыўся ўвесці земствы ў заходніх беларускіх губернях?

26. Якія змены адбываюцца ў адукацыйнай сферы Беларусі ў пачатку 20 ст.?

27. У якіх галінах адбываліся навуковыя даследаванні ў Беларусі ў пачатку 20 ст.? Назавіце вядомыя Вам навуковыя арганізацыі.

28. Ахарактарызуйце дзейнасць Беларускай Сацыялістычнай Грамады падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.

29. Якая Вам вядомая першая беларускамоўная легальная газета? Чым абумоўлены кароткі тэрмін яе існавання?

30. Якую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху адыграла газета “Наша ніва”? Вызначце асноўныя накірункі яе дзейнасці.

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Сіянісцкі рух на тэрыторыі Беларусі.

2. Уплыў падзей “Крывавай нядзелі” на развіццё грамадскага руху ў Беларусі.

3. Сялянскі рух ў Беларусі падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.

4. Дэпутаты ад беларускіх губерняў у І і ІІ Дзяржаўных думах.

5. Станаўленне хутарской сістэмы ў Беларусі.

6. Развіццё крэдытна-банкаўскай сістэмы на тэрыторыі Беларусі ў 1900-1914 гг.

7. Рух “краёўцаў” на тэрыторыі Беларусі ў 1907-1914 гг.

8. Фарміраванне ідэалогіі беларускага нацыянальнага руху ў публікацыях газеты “Наша ніва”.

 

 

Модуль 4. Беларусь у перыяд сусветных войнаў і рэвалюцый

1914 – 1945 гг. Фарміраванне беларускай савецкай дзяржаўнасці.


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 | 58 | 59 | 60 | 61 | 62 | 63 | 64 | 65 | 66 | 67 | 68 | 69 | 70 | 71 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.007 сек.)