АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Адукацыя і навука

Читайте также:
  1. Адукацыя і культура.
  2. Адукацыя і культура.
  3. Адукацыя і навука.
  4. Адукацыя, навука, культура.
  5. Адукацыя, навука, культура.
  6. У.1. Гісторыя як навука. Прадмет і аб’ект гісторыі.

У развіцці адукацыі і навукі на землях Беларусі можна вылучыць некалькі этапаў.

Першы этап з канца 18 ст. да канца 1820-х гг. вызначаўся захаваннем пераемнасці з папярэдняй эпохай. Навучальныя ўстановы ў гэты перыяд падзяляліся на свецкія і рэлігійныя. Сістэма свецкай адукацыі была ўпарадкавана паводле рэформы 1803 г., згодна з якой уся тэрыторыя Расійскай імепрыі падзялялася на некалькі навучальных акруг, якія падпарадкоўваліся Міністэрству народнай асветы. На тэрыторыі былога ВКЛ была ўтворана Віленская навучальная акруга. Былі вызначаны некалькі ўзроўняў адукацыйнай сістэмы: аднакласныя пачатковыя школы (навучанне, якое прадугледжвала засвойванне элементарных ведаў і практычных навыкаў), чатырохкласныя павятовыя вучылішчы (пачатковая адукацыя), сямікласныя гімназіі ў губернскіх гарадах (сярэдняя адукацыя), Віленскі ўніверсітэт (вышэйшая адукацыя). Прадугледжвалася пераемная сувязь паміж адукацыйнымі ўстановамі розных ступеняў; адукацыя фармальна з’яўлялася ўсесалоўнай. Нягледзячы на тое, што афіцыйнай мовай у гэты перыяд становіцца руская, навучанне, асабліва ў гімназіях і ва ўніверсітэце, ажыццяўляецца пераважна на польскай мове.

Акрамя свецкіх дзейнічалі таксама шматлікія рэлігійныя навучальныя ўстановы, найперш каталіцкія. Да 1820 г. на паўночных і ўсходніх землях Беларусі працягвае функцыянаваць сетка езуіцкіх калегіумаў; іх цэнтрам становіцца створаная ў 1812 г. Полацкая езуіцкая акадэмія. Таксама дзейнічалі калегіумы піяраў, дамініканцаў і іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай адбываецца хуткае развіццё праваслаўных рэлігійных адукацыйных устаноў. Дзейнічалі таксама уніяцкія адукацыйныя ўстановы. У гэты перыяд былі арганізаваны прыватныя пансіёны і школы.

Цэнтрамі развіцця навукі ў гэты перыяд з’яўляліся вышэйшыя навучальныя ўстановы – Віленскі універсітэт (1803-1832) і Полацкая езуіцкая акадэмія (1812-1820).

Віленскі універсітэт узнікае ў 1803 г. шляхам пераўтварэння Галоўнай Віленскай школы (былой Галоўнай школы ВКЛ). У ім былі ўтвораны 4 факультэты: фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычны (выкладалася пераважна тэалогія), літаратурны. Колькасць студэнтаў узрасла з 290 у 1804 г. да 1130 у 1830 г. Пры ўніверсітэце дзейнічалі батанічны сад, абсерваторыя, анатамічны музей, клініка, фізічная і хімічная лабараторыі, вялікая бібліятэка. Сярод галоўных накірункаў навуковых даследаванняў можна адзначыць наступныя:

- матэматыка і логіка (асноўныя прадстаўнікі: Ян Снядэцкі, Анёл Доўгірд);

- прыродазнаўчыя навукі: фізіка, хімія, астраномія (асноўныя прадстаўнікі: Ян Снядэцкі, Анджэй Снядэцкі, Вінцэнт Карчэўскі, Мікалай Глушневіч);

- медыцынскія навукі (асноўны прадстаўнік – В. Пелікан).

- гістарычныя навукі (асноўныя прадстаўнікі: Іахім Лелявель, Міхаіл Баброўскі, Ігнат Даніловіч).

Навуковыя даследаванні ў цэлым абапіраліся на традыцыі Асветніцтва. Прапаганда асветніцкіх ідэй ажыццяўлялася праз часопіс “ Віленскі дзённік ”.

Полацкая езуіцкая акадэмія ўзнікае ў 1812 г. на базе раней існаваўшага калегіума. У ёй дзейнічалі 3 факультэты: моўны, філасофіі і вольных навук, тэалагічны. У акадэміі навучалася каля 700 студэнтаў. Шырока праводзіліся навуковыя даследаванні ў сферы фізікі, хіміі, біялогіі, грамадскіх навук. Да ліку буйнейшых навукоўцаў, якія працавалі ў Полацкай акадэміі належаць Ю. Цітовіч (хімія), Ф. Брандэнбург (хімія), В. Бучынскі (філасофія, рыторыка). У адрозненне ад Віленскага ўніверсітэта навуковыя даследаванні тут базіраваліся на традыцыйнай каталіцкай ідэалогіі. Праз часопіс “ Полацкі штомесячнік ” (1818 – 1820 гг.) адбывалася палеміка з ідэямі Асветніцтва. Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі ў 1820 г. Полацкая акадэмія разам з усімі езуіцкімі калегіумамі былі распушчаны, маёмасць прададзена альбо перавезена ў Пецярбург.

Другі этап ахоплівае перыяд з канца 1820-х гг. да пачатку 1860-х гг. Ён характарызуецца ліквідацыяй створанай у часы Рэчы Паспалітай сістэмы адукацыі, у тым ліку класічнай вышэйшай адукацыі, узмацненнем русіфікацыі, умацаваннем дзяржаўнага кантролю, прынцыпу саслоўнасці ў сферы адукацыі.

У 1824 г. была скасавана Віленская навучальная акруга. Тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі далучаны да Пецярбургскай навучальнай акругі. На астатняй тэрыторыі была ўтворана Беларуская навучальная акруга. У 1828 г. быў уведзены новы статут навучальных устаноў, паводле якога прадугледжваліся дзве сістэмы атрымання адукацыі, якія грунтаваліся на саслоўным прынцыпе. Спецыяльны царскі ўказ 1827 г. абмяжоўваў магчымасць атрымання вышэйшай і сярэдняй адукацыі для прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў.

Пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг. па ініцыятыве царскага ўрада пачаўся актыўны працэс русіфікацыі ў сферы адукацыі. Былі зачынены Віленскі універсітэт, ліквідаваны ўсе рэлігійныя каталіцкія і уніяцкія навучальныя ўстановы. Многія мясцовыя настаўнікі высылаліся з Беларусі. Узмацніўся кантроль над адукацыяй з боку праваслаўнай царквы.

На базе распушчанага Віленскага універсітэта былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Віленская духоўная рымска-каталіцкая акадэмія. Аднак у 1842 г. першая з іх была пераведзена ў Кіеў і далучана да Кіеўскага універсітэта, а другая – пераведзена ў Пецярбург. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі была ліквідавана сістэма класічнай вышэйшай адукацыі. Разам з тым у 1840 г. у Горках была адчынена Горы-Горацкая земляробчая школа, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў інстытут і стала першай у Расійскай імперыі вышэйшай агранамічнай навучальнай установай.

Нягледзячы на складаную сітуацыю, адукацыйная сістэма ў Беларусі развівалася. У 1860-я гг. дзейнічала 576 навучальных устаноў, сярод іх 453 – пачатковыя школы. Ва ўсіх школах навучалася каля 17 тыс. чалавек.

Пэўную ролю ў развіцці асветы адыграла ўвядзенне афіцыйнага перыядычнага друку (з 1838 г. усе губернскія праўленні пачынаюць выдаваць газеты “ Губернскія ведамасці ”), адкрыццё публічных бібіліятэк.

Цэнтрамі навуковых даследаванняў у дадзены перыяд з’яўляліся Віленская медыка-хірургічная акадэмія (да 1842 г.) і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У першым атрымалі развіццё біялагічныя і медыцынскія навукі (асноўныя прадстаўнікі: А. Адамовіч, І. Каржанеўскі, С. Горскі); у другім – хімічныя навукі (асноўныя прадстаўнікі: І. Цютчаў, К. Шміт). У дадзены перыяд у значных беларускіх гарадах узнікаюць метэаралагічныя станцыі. Істотным элементам у развіцці навукі сталі даследаванні ў галінах археалогіі і этнаграфіі (Т. Нарбут, К. і Я. Тышкевічы, А. Кіркор, П. Шпілеўскі, Р. Падбярэзскі).

Трэці этап ахоплівае апошнюю трэць 19 ст., у перыяд пасля паўстання 1863-1864 гг. Ён характарызаваўся ўзмацненнем русіфікацыі ў сферы адукацыі, замацаваннем перыферыйнага статусу Беларусі ў агульнаімперскай сістэме адукацыі, пра што сведчыла поўная ліквідацыя тут устаноў вышэйшай адукацыі. У той жа час для дадзенага перыяду ўласцівае пашырэнне пачатковай адукацыі, аслабленне саслоўных пачаткаў у адукацыйнай сферы на тэрыторыі Беларусі, што адпавядала патрэбам капіталістычнай мадэрнізацыі.

Адзіная вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі Беларусі, якая існавала дагэтуль – Горы-Горацкі земляробчы інстытут – была зачынена ў 1864 г. Таксама былі зачынены некалькі сярэдніх навучальных устаноў: Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. З навучальных устаноў Беларусі і Літвы было выключана каля 2 тыс. чалавек. Акрамя таго, у 1866 г. ва ўніверсітэтах і навучальных інстытутах Расійскай імперыі ўводзілася працэнтная норма для студэнтаў каталіцкага веравызнання. Пасля паўстання 1863-1864 гг. узмацнілася русіфікацыя школ; адбываліся масавыя звальненні са школ настаўнікаў каталіцкай веры.

У 1864 г. у Расійскай імперыі была праведзена адукацыйная рэформа. Адукацыйная сістэма набывала ўсесаслоўны характар (у 1880-я гг. саслоўныя абмежаванні ў галіне асветы былі часткова адноўлены ў выніку контррэформ). Асновай сярэдняй адукацыі станавіліся гімназіі, якія дзейнічалі на платнай аснове. Яны былі двух тыпаў: класічныя і рэальныя (тэрміны навучання – 7 і 6 год адпаведна). Першыя рыхтавалі сваіх выхаванцаў для паступлення ва ўніверсітэты, другія – да тэхнічных інстытутаў і працы ў прамысловасці і гандлі. У сістэме пачатковай адукацыі грамадскім арганізацыям і прыватным асобам дазвалялася па ўзгадненні з уладамі адкрываць народныя 4-класныя вучылішчы, а з 1872 г. і гарадскія вучылішчы, якія падпарадкоўваліся Міністэрству народнай адукацыі.

У Беларусі народныя вучылішчы адкрываліся не за кошт дзяржавы, а на сродкі сялян і збораў з землеўладальнікаў за ўдзел у паўстанні. Таму іх колькасць была тут адносна невялікай. У сістэме пачатковай адукацыі колькасна пераважалі царкоўнапрыходскія школы, якія ўтрымліваліся на сродкі праваслаўнай царквы. Іх на тэрыторыі Беларусі дзейнічала некалькі тысяч. Царкоўнапрыходскія школы мелі выразную рэлігійна-русіфікатарскую накіраванасць.

Ва ўмовах развіцця пачатковай адукацыі была створана сістэма падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў для пачатковых школ. Для гэтага служылі настаўніцкія семінарыі. Першая настаўніцкая семінарыя была адчынена ў Маладзечне ў 1864 г. Затым такія ж установы з’явіліся ў Нясвіжы, Свіслачы і Полацку. На вучобу ў семінарыі трапляла шмат дзяцей сялян.

Пэўную ролю ў развіцці асветы мела распаўсюджанне перыядычных выданняў. Амаль усе яны належалі дзяржаве або праваслаўнай царкве. Толькі ў канцы 19 ст. адбываецца выданне адзінай у Беларусі незалежнай літаратурна-палітычнай газеты “Минский листок” (1886-1902).

Нягледзячы на некаторыя поспехі ў развіцці народнай асветы ў 1860-1890-я гг., яе ўзровень заставаўся невысокім. На канец 19 ст. каля ¾ насельніцтва Беларусі было непісьменным. Асабліва нізкай была пісьменнасць у сельскай мясцовасці.

Ліквідацыя вышэйшых навучальных устаноў на тэрыторыі Беларусі змяніла характар навуковых даследаванняў. Навуковая дзейнасць у Беларусі ў другой палове 19 ст. вылучалася, па-першае, палітызаванасцю, па-другое, развіццём пераважна гуманітарных навук. Пасля паўстання 1863-1864 гг. царскі ўрад мабілізаваў афіцыйную навуку для абгрунтавання канцэпцыі заходнерусізму. Дадзенай мэце падпарадкоўваліся даследаванні ў галіне гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, мовазнаўства.

Зборам і выданнем гістарычных дакументаў, звязаных з мінулым “Паўночна-Заходняга краю”, з 1864 г. актыўна займаліся Віленская археаграфічная камісія і ўпраўленне Віленскай навучальнай акругі. Былі выдадзены значныя навуковыя працы, прысвечаныя гісторыі беларускіх зямель (М. Каяловіч, М. Доўнар-Запольскі, М. Любаўскі, М. Уладзімірскі-Буданаў, А. Сапуноў і інш.).

У 1867-1874 гг. у Вільні дзейнічаў аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, па ініцыятыве якога праводзіліся археалагічныя экспедыцыі, збіраліся старадаўнія рэчы і гістарычныя дакументы. У апошняй трэці 19 ст. з’яўляюцца прысвечаныя Беларусі фундаментальныя этнаграфічныя і мовазнаўчыя працы. У 1870 г. быў выдадзены першы “Слоўнік беларускай гаворкі”, створаны I. Насовічам. Таксама вялікі ўнёсак у развіццё беларускай этнагарафіі і мовазнаўства ўнеслі П. Шэйн, М. Нікіфароўскі, Е. Раманаў, М. Федароўскі, П. Уладзіміраў, Я. Карскі і інш. Нягледзячы на афіцыйную скіраванасць большасці сацыяльна-гуманітарных навуковых даследаванняў, іх вынікі мелі вялікае значэнне ў вывучэнні гістарычнага мінулага, мовы, побыту, фальклору беларускага народа.

Пэўныя дасягненні меліся ў апошняй трэці 19 ст. і ў межах навуковага вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прырода Палесся вывучалася Заходняй экспедыцыяй па асушэнню балот (1873-1898), якую ўзначальваў І.І. Жылінскі. Даследаванне асобных азёр на тэрыторыі Беларусі было ажыццёўлена ў 1894-1895 гг. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Д. Анучына.

Аднак, нягледзячы на пэўныя навуковыя дасягненні апошняй трэці 19 ст., развіццё навукі ў Беларусі істотна стрымлівалася з-за адсутнасці ў краі вышэйшых навучальных устаноў і спецыялізаваных навуковых цэнтраў.

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 | 58 | 59 | 60 | 61 | 62 | 63 | 64 | 65 | 66 | 67 | 68 | 69 | 70 | 71 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.004 сек.)