|
|||||||||||||||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Палітычны крызіс у апошняй трэці 18 ст. Падзелы Рэчы Паспалітай
Пасля абрання на пасаду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 – 1795) у 1764 – 1766 гг. кіруючая магнацкая групоўка Чартарыйскіх правяла шэраг рэформ па ўмацаванню дзяржаўнай улады: - адмена права лібэрум вета ў вырашэнні эканамічных пытанняў; - рэарганізацыя адміністрацыйнага апарату (была створана Скарбавая камісія – спецыяльны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем); - адмена ўнутраных гандлёвых пошлін; - праведзенне рэвізіі дзяржаўных маёнткаў; - устанаўленне адзіных для краіны мер вагі, аб’ёму і даўжыні. Дадзеныя рэформы сутыкнуліся з супрадзеяннем большасці магнатаў, якія пабачылі ў іх замах на шляхецкія прывілеі, што адлюстравалася ў дзейнасці Радамскай канфедэрацыі 1767 г. на чале з К.С. Радзівілам “Пане-каханку”. Іх падтрымалі Расія і Прусія. Замежныя дзяржавы актыўна выкарыстоўвалі таксама рэлігійнае пытанне як зачэпку да ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. З ініцыятывы Прусіі і Расіі ўзнікаюць Торуньская пратэстанцкая і Слуцкая праваслаўная канфедэрацыі. Сойм 1768 г. пад націскам расійскіх войскаў прыняў пастанову аб ураўнаванні ў правах некаталіцкай шляхты з каталіцкай; былі пацверджаны непарушнасць дзяржаўнага ладу, прывілеі шляхты, права лібэрум вета. Расія абвяшчалася гарантам захавання гэтай сістэмы. Але патрыятычна настроеная частка шляхты і каталіцкае духавенства рашуча выступілі супраць умяшання Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай і згодніцкай палітыкі каралеўскай улады. У 1768 г. яны ўтварылі Барскую канфедэрацыю, якая пры падтрымцы Францыі і Турцыі збірае 12-тысячнае войска. У 1768-1772 гг. у ВКЛ і Польшчы адбываліся баявыя дзеянні паміж канфедэратамі, з аднаго боку, і ўрадавымі і расійскімі войскамі, з другога. Рашаючая бітва на тэрыторыі ВКЛ адбылася ў верасні 1771 г. каля Сталовічаў, у якой расійскае войска на чале з А. Суворавым разбіла 3-тысячны атрад канфедэратаў на чале з М.К. Агінскім. Прыхільнікі Барскай канфедэрацыі пацярпелі паражэнне. Па прапанове Фрыдрыха ІІ, караля Прусіі, адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыйскай і Расійскай імперыямі, які быў замацаваны Пецярбургскім дагаворам ад 5 жніўня 1772 г.:
Сойм 1773 – 1775 гг., нягледзячы на супраціўленне часткі шляхты, найбольш яркім прадстаўніком якой быў новагародскі шляхціц Т. Рэйтан, зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай. Палітычная эліта Рэчы Паспалітай успрыняла першы падзел як нацыянальную трагедыю. Таму актывізавалася дзейнасць па рэфарміраванні дзяржаўнай сістэмы. Сойм 1773 – 1775 гг. зацвердзіў шэраг рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю грамадскага ладу ў Рэчы Паспалітай: - перадача маёмасці забароненага рымскім папам ордэна езуітаў Адукацыйнай камісіі – першаму ў Еўропе свецкаму міністэрству адукацыі; - абмежаванне права лібэрум вета па гаспадарчых пытаннях; - увядзеннне (паўторна) адзінай генеральнай мытнай пошліны, абавязковай для ўсіх, хто займаецца знешнім гандлем – у тым ліку і шляхты; - увядзенне адзінай працэнтнай стаўкі па пазыках; - дазвол шляхце займацца гандлем; - дазвол мяшчанам набываць зямельную маёмасць. У 1775 г. быў створаны орган пастаянна дзеючай дзяржаўнай адміністрацыі – Пастаянная рада, якая складалася з 5 дэпартаментаў (замежных спраў, паліцыі, абароны, юстыцыі, фінансаў). Пастаянная рада складалася з караля, 18 сенатараў і 18 дэпутатаў сойма. Членаў Рады выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у Радзе кароль, які меў права заканадаўчай ініцыятывы і вырашальнага голасу пры нязгодзе астатніх членаў. Пастаянная рада вырашала пытанні склікання соймаў, прызначэння на дзяржаўныя пасады, кантролю над дзяржаўным скарбам. Кандыдатаў у Раду кароль узгадняў з расійскім паслом, што змяншала яе самастойнасць. Найбольш паслядоўныя рэформы звязаны з дзейнасцю Чатырохгадовага сойма 1788-1792 гг. На ім пераважалі рэфарматары на чале з Г. Калантаем і І. Патоцкім, якіх пэўны час падтрымліваў кароль. Сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй, імкнучыся правесці істотныя дзяржаўныя рэформы і тым самым пазбавіцца залежнасці ад Расіі. Асноўныя рэформы чатырохгадовага сойму: - скасаванне Пастаяннай рады як сімвалу залежнасці ад Расіі; замест яе створана Стража правоў, якой падпарадкоўваліся камісіі (міністэрствы); - стварэнне ў ваяводствах і паветах цывільна-вайсковых камісій, выбіраемых шляхтай на два гады, як пастаянных органаў мясцовай выканаўчай улады; - увядзенне ў Сенат уніяцкага мітрапаліта; - стварэнне асобнай праваслаўнай мітраполіі ў Рэчы Паспалітай, падначаленай Канстанцінопальскаму патрыярху (паводле рашэння Пінскай кангрэгацыі 1791 г.), што пазбаўляла Расійскую імперыю магчымасці ўмешвацца ў жыццё праваслаўных краіны. Дзейнасць Чатырохгадовага сойму супала па часе з пачаткам Вялікай Французкай рэвалюцыі ў 1789 г., якая прывяла да ўстанаўлення ў Францыі канстытуцыйнай манархіі, а затым рэспублікі, скасавання феадальных перажыткаў і саслоўных прывілеяў. Частка рэфарматараў з Чатырохгадовага сойма сімпатызавала ідэям Французкай рэвалюцыі. Кульмінацыяй рэформ Чатырохгадовага сойма стала прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 г. Яна была другой канстытуцыяй у свеце (пасля ЗША) і першай у Еўропе. Канстытуцыя 3 мая прадугледжвала наступныя палажэнні: - ліквідацыя выбарнасці караля і ўвядзенне спадчыннай манархіі; - павелічэнне інтэграцыі паміж Каронай і ВКЛ, пры захаванні за каралём тытулу вялікага князя літоўскага і асобных судаводства і фінансаў ВКЛ; прадугледжвалася роўнае прадстаўніцтва ВКЛ і Польшчы ў сойме, камісіях Стражы правоў і іншых дзяржаўных інстытутаў (узаемаадносіны паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам былі зацверджаны ў канстытуцыйным акце “ Узаемнае заручэнне абодвух народаў ” у кастрычніку 1791 г.); - устанаўленне заканадаўчай улады за пастаянна дзеючым двухпалатным соймам, паслы якога выбіраюцца на 2 гады мясцовымі соймікамі. Пасольская ізба складалася з 204 дэпутатаў (з іх 24 – прадстаўнікі гарадоў з правам дарадчага голасу); Сенат – з 132 чыноўнікаў, уключаючы караля. Сенат быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. - устанаўленне ўзроставага і маёмаснага цэнзу для шляхты на сойміках: права выбарчага голасу атрымлівалі асобы ва ўзросце ад 19 год, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых; - выканаўчая ўлада надавалася каралю і Стражы правоў. Міністры са Стражы правоў маглі быць звольнены 2/3 галасоў дэпутатаў сойма; - адмена права лібэрум вета, забарона шляхецкіх канфедэрацый і рокашаў; разам з тым гарантавалася непахінасць усіх шляхецкіх правоў і прывілеяў, карпаратыўнасць і адзінаўладдзе шляхецкага саслоўя; - скасаванне пажыццёвага займання дзяржаўных пасад; выбарнасць мясцовай адміністрацыі на сойміках; - абвяшчэнне свабоды веравызнання з захаваннем пануючага статусу каталіцызму, перавод епіскапату на дзяржаўнае ўтрыманне; - павышэнне грамадска-палітычнага статусу мяшчанства: гарантыя асабістай недатыкальнасці, права на набыццё зямлі, займанне ніжэйшых адмінстрацыйна-судовых і царкоўных пасад, атрыманне шляхецтва за дзяржаўную і ваенную службу; 24 прадстаўнікі дзяржаўных гарадоў атрымлівалі прадстаўніцтва ў сойме з правам дарадчага голасу; - дэклараванне апекі права і дзяржавы над сялянамі. Такім чынам, Канстытуцыя 3 мая 1791 г. прапанавала мадэль канстытуцыйнай манархіі замест элекцыйнай у Рэчы Паспалітай, некалькі абмяжоўвала шляхецкую дэмакратыю, стварала ўмовы для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у грамадстве. Прыняцце Канстытуцыі выклікала хвалю патрыятызму сярод значнай часткі грамадства. 27 з 34 соймікаў ВКЛ віталі рашэнні Чатырохгадовага сойма і Канстытуцыю 3 мая 1791 г. У Лявонпалі, Глыбокім і Бездзежы шляхта пабудавала помнікі–калоны з гэтай нагоды. У той жа час частка магнатэрыі выступіла супраць Канстытуцыі, углядаючы ў ёй пагрозу магнацкай алігархіі і аналаг Французкай рэвалюцыі. Рэзка негатыўна дзейнасць Чатырохгадовага сойма была ўспрынята ў Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія не былі зацікаўлены ва ўзмацненні дзяржаўных інстытутаў у РП, а таксама баяліся магчымага развіцця рэформ у духу Французкай рэвалюцыі. Група незадаволеных рашэннямі сойма магнацкіх груповак (Жавускія, Браніцкія, Патоцкія, Касакоўскія) стварыла т.зв. Таргавіцкую канфедэрацыю, якая выступіла супраць Канстытуцыі ў абарону “шляхецкіх вольнасцяў” і звярнулася за дапамогай да Расіі. Гэта стала зачэпкай да пачатку вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай. На працягу мая – ліпеня 1792 г. расійскім войскам пад камандаваннем А. Суворава была захоплена ўся тэрыторыя ВКЛ і большая частка Польшчы. Пад абаронай расійскіх войскаў Таргавіцкая канфедэрацыя, да якой далучыўся кароль, захапіла ўладу; лідэры рэфарматараў эмігрыравалі. Абвясціўшы лозунг аб “недапушчэнні Французкай рэвалюцыі”, расійскія рэгулярныя ваенныя гарнізоны былі размешчаны ў гарадах ВКЛ. У дадзеных умовах Расія і Прусія ініцыіравалі другі падзел Рэчы Паспалітай, замацаваны Пецярбургскім пагадненнем у студзені 1793 г.:
Гарадзенскі сойм 1793 г., скліканы пад наглядам расійскіх войскаў, зацвердзіў акт падзелу, а таксама афіцыйна абвясціў скасаванне Канстытуцыі 3 мая і ўсіх рэформ Чатырохгадовага сойму. Апошняй спробай захаваць незалежнасць Рэчы Паспалітай стала паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (ураджэнца Берасцейшчыны). Паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 г. 24 сакавіка ў Кракаве быў абвешчаны акт паўстання. “Кракаўскі акт паўстання” абяцаў вярнуць Канстытуцыю 3 мая 1791 г., вызваліць тэрыторыю дзяржавы ад іншаземных войскаў і замацаваць суверэнітэт Рэчы Паспалітай. Вясной 1794 г. большая частка Польскага каралеўства была занята паўстанцамі. Быў створаны паўстанцкі ўрад – Нацыянальная рада на чале з Т. Касцюшкам. У сярэдзіне красавіка 1794 г. паўстанне пачалося ў ВКЛ. 22–24 красавіка 1794 г. паўнцы занялі Вільню, мясцовы расійскі гарнізон быў разгромлены. Для кіраўніцтва паўстаннем у ВКЛ ствараецца Найвышэйшая Літоўская Рада на чале з Якубам Ясінскім, які таксама ўзначальвае ўзброеныя сілы ВКЛ. У маі 1794 г. яго атрад разбівае каля в. Паляны пад Ашмянамі расійскія сілы, якія выводзяцца з ВКЛ на лінію другога падзела. Паўстанцы выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. пад лозунгам: “ вольнасць, цэласць, незалежнасць ”. Сярод паўстанцаў можна вылучыць дзве асноўныя плыні: - памяркоўныя – прыхільнікі рэформ Чатырохгадовага сойма і Канстытуцыі 3 мая 1791 г.; лічылі галоўнай рухаючай сілай паўстання шляхту; пераважалі ў кіраўніцтве паўстаннем у Польшчы; - радыкалы – прыхільнікі сацыяльных і палітычных рэформ у духу Французкай рэвалюцыі (пераўтварэнне манархіі ў дэмакратычную рэспубліку; адмена прыгоннага права і прызнанне права ўласнасці сялян – удзельнікаў паўстання на зямлю, якую тыя апрацоўвалі; адмена саслоўных абмежаванняў для мяшчан); выступалі за прыцягненне да паўстання шырокіх мас насельніцтва; пераважалі ў кіраўніцтве паўстаннем у ВКЛ. Паміж гэтымі дзвюма плынямі адбывалася ўнутрыпалітычная барацьба. Пад націскам памяркоўных Т. Касцюшка ў чэрвені 1794 г. распусціў Найвышэйшую літоўскую раду; замест яе была створана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ на чале з М. Вяльгорскім. Пераважную масу паўстанцаў складалі прадстаўнікі дробнай і сярэдняй шляхты. Каб прыцягнуць на свой бок сялян, Т. Касцюшка 7 мая 1794 г. выдаў “ Паланецкі ўніверсал ”, згодна з якім сяляне атрымлівалі асабістую свабоду; скарачалася на 33-50% паншчына (поўная адмена для тых, хто ўдзельнічаў у паўстанні); за сялянамі замацоўвалася права на тую зямлю, якую яны апрацоўвалі. Прадугледжвалася заключэнне паміж землеўладальнікамі і сялянамі дагавораў аб наёмнай працы. У паўстанцкіх атрадах былі групы сялян, узброеных пераважна сякерамі і перакаванымі косамі, якія атрымалі назву касінераў. Але ў цэлым шляхта насцярожана ставілася да “Паланецкага ўніверсала” і фактычна сабатавала яго. Таму большасць сялянства займала пасіўную пазіцыю падчас паўстання. Найвялікшага ўздыму паўстанне дасянула ў чэрвені – жніўні 1794 г., калі ў паўстанцкіх узброеных сілах ВКЛ налічвалася да 25 тыс. чалавек. Рабіліся спробы пашырыць паўстанне за межы тэрыторыі другога падзелу. У чэрвені і жніўні атрады М.К. Агінскага і С. Грабоўскага ажыццяўлялі рэйды на тэрыторыю Меншчыны. У чэрвені 1794 г. атрад на чале з М.К. Агінскім спрабаваў заняць Дынабург. У ліпені 1794 г. ініцыятыва пераходзіць да расійскіх войскаў. Пасля працяглай аблогі (18 ліпеня – 12 жніўня 1794 г.) была занята Вільня. У верасні з тэрыторыі Ўкраіны ў ВКЛ прыбывае корпус А. Суворава. Буйнейшая бітва падчас паўстання на тэрыторыі ВКЛ адбылася 19 верасня 1794 г. каля в. Крупчыцы, у якой корпус А. Суворава нанёс паражэнне паўстанцам. 1 кастрычніка 1794 г. паўстанцы пакінулі Гародню; баявыя дзеянні перайшлі на тэрыторыю Польшчы. Тут на дапамогу расійскім войскам прыйшлі прускія і аўстрыйскія. 10 кастрычніка ў Мацяёвіцкай бітве расійскія войскі разбілі асноўныя вайсковыя сілы паўстанцаў (Т. Касцюшка быў узяты ў палон). 6 лістапада 1794 г. расійскія войскі пасля крывавага штурма (падчас яго загінуў Я. Ясінскі) захапілі Варшаву. Канчаткова паўстанне на тэрыторыі Польшчы было падаўлена 16 лістапада 1794 г. Прычынамі паражэняя паўстання 1794 г. былі: - істотная перавага ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах кааліцыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі; - недастаткова выокі ўзровень арганізацыі паўстання; унутрыпалітычная барацьба сярод кіраўніцтва паўстаннем; - вузкасць сацыяльнай базы (сялянства ў асноўнай масе абыякава паставілася да паўстання, паколькі паўстанцкія ўлады не ажыццявілі істотных крокаў да паляпшэння становішча сялян). Па выніках ваенных дзеянняў, Прусія, Расія і Аўстрыя канчаткова ліквідавалі Рэч Паспалітую як дзяржаву. У кастрычніку 1795 г. у адпаведнасці з Пецярбургскай канвенцыяй быў зацверджаны трэці падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Паводле якога пераможцы атрымалі:
Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25 лістапада 1795 г. адрокся ад кароны на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і праз некалькі год памёр у Гародні. Рэч Паспалітая (Польскае каралеўства і Вялікае княства Літоўскае) спыніла сваё існаванне. Такім чынам, сацыяльна-палітычны крызіс, які ахапіў Рэч Паспалітую к сярэдзіне 18 ст., вымусіў кіруючыя колы дзяржавы ажыццявіць шэраг рэформ, накіраваных на цэнтралізацыю дзяржаўнай улады і мадэрнізацыю грамадскага ладу. Вяршыняй дадзенага працэсу стала абвяшчэнне Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Аднак умяшанне замежных дзяржаў і барацьба супраць рэформ магнацкай алігархіі прывялі да паглыблення палітычнага крызісу і ліквідацыі Рэчы Паспалітай як дзяржавы ў выніку трох падзелаў. Асноўныя паняцці: Казацкая вайна 1648 – 1653 гг., Запарожская Сеч, вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654 – 1667 гг., вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1655 – 1660 гг., Кейданская унія, Аліўскі мір 1660 г., шышы, Магілёўскае паўстанне 1661 г., Андрусаўскае перамір’е 1667 г., “Вечны мір” 1686 г., рокаш 1665 – 1666 гг., Саксонкая дынастыя, грамадзянская вайна 1697 – 1704 гг., “сапежынцы”, “рэспубліканцы”, Паўночная вайна 1700 – 1721 гг., “дысідэнты”, Радамская канфедэрацыя, Слуцкая канфедэрацыя, Барская канфедэрацыя, першы падзел Рэчы Паспалітай, Пастаянная рада, Чатырохгадовы сойм, Стража правоў, Канстытуцыя 3 мая 1791 г., Таргавіцкая канфедэрацыя, другі падзел Рэчы Паспалітай, паўстанне 1794 г., Найвышэйшая літоўская рада, Паланецкі ўніверсал, касінеры, трэці падзел Рэчы Паспалітай. Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Назавіце асноўныя прычыны сацыяльна-палітычнага крызісу ў Рэчы Паспалітай ў другой палове 17 ст. 2. Якія фактары абумовілі казацкую вайну 1648 – 1653 гг. Якія мэты ставіла перад сабой казацтва ў гэтай вайне? 3. Калі казацкая вайна закранула тэрыторыю ВКЛ і якія рэгіёны? Якім было стаўленне мясцовага насельніцтва да казакаў? 4. Што стала прычынай пачатку вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 г.? 5. Растлумачце, якія прычыны абумовілі перамогу маскоўскіх войскаў на першым этапе вайны 1654 – 1667 гг.? 6. Якія найбольш значныя бітвы вайны 1654 – 1667 гг. вы можаце назваць? 7. Якім было стаўленне насельніцтва ВКЛ да маскоўскіх уладаў падчас вайны 1654 – 1667 гг.? Хто такія шышы? 8. Ахарактарызуйце асноўныя падзеі вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1655 – 1660 гг. Што такое Кейданская унія? Якія яна мела вынікі? 9. Як змяніліся межы Рэчы Паспалітай пасля вайны 1654 – 1667 гг.? 10. Ахарактарызуйце ўнутрыпалітычнае жыццё ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ў другой палове 17 ст. Падумайце, чаму скончыліся правалам спробы дзяржаўных рэформ Яна Казіміра Вазы ў 1660-я гг.? 11. Якім быў галоўны накірунак знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай ў апошняй чвэрці 17 ст.? 12. Чаму перыяд 1697 – 1763 гг. у гісторыі Рэчы Паспалітай называецца перыядам Саксонскай дынастыі? 13. Вызначце асноўныя прычыны, ход і вынікі грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1697 – 1704 гг. 14. Якія дзяржавы ўдзельнічалі ў Паўночнай вайне? Ахарактарызуйце асноўныя падзеі, звязаныя з дадзенай вайной, у ВКЛ. 15. Якія асноўныя бітвы перыяду Паўночнай вайны на тэрыторыі ВКЛ Вы ведаеце? 16. Якія страты панеслі землі ВКЛ у выніку войнаў другой паловы 17 – пачатку 18 стст.? 17. Назавіце асноўныя прычыны і фактары ўнутрыпалітычнага крызісу Рэчы Паспалітай у сярэдзіне 18 ст.? 18. Якія асаблівасці дзяржаўна-палітычнага ладу Рэчы Паспалітай прадвызначылі сацыяльна-палітычны крызіс у 18 ст.? 19. Якія дзяржавы ўмешваліся ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у 18 ст. і якім чынам? 20. Дайце агульную характарыстыку рэформ у Рэчы Паспалітай 1760-х гг. Якім чынам гэтыя рэформы былі ўспрынятыя ў магнацкіх колах і ва ўрадах суседніх дзяржаў? 21. Якія канфедэрацыі былі створаны напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай? 22. Якія землі страціла Рэч Паспалітая ў выніку першага падзелу? 23. У чым заключалася рэфарматарская дзейнасць Чатырохгадовага сойму? 24. Вызначце і ахарактарызуйце асноўныя палажэнні Канстытуцыі 3 мая 1791 г.? Якія змены ў грамадска-палітычным ладзе Рэчы Паспалітай яна прадугледжвала? 25. Якую ролю ў грамадска-палітычных падзеях Рэчы Паспалітай адыгрываў уплыў Французкай рэвалюцыі? 26. Укажыце асноўныя прычыны другога падзелу Рэчы Паспалітай і яго вынікі. 27. Ахарактарызуйце перадумовы і ход паўстання 1794 г. у ВКЛ. 28. Якія грамадска-палітычныя плыні вылучаліся ў межах паўстання 1794 г.? 29. Ці можна сцвярджаць, што паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі мела рэвалюцыйны характар? 30. Вызначце асноўныя прычыны паражэння паўстання 1794 г. Калі адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай?
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Казацкая вайна на тэрыторыі ВКЛ у 1648 – 1651 гг. 2. Кейданская унія: перадумовы заключэння і вынікі. 3. Землі ВКЛ пад уладай Маскоўскай дзяржавы падчас вайны 1654 – 1667 гг. 4. Барацьба магнацкіх груповак за ўладу ў ВКЛ ва ўмовах Паўночнай вайны. 5. Расійская дыпламатыя і Рэч Паспалітая ў 18 ст. 6. “Дысідэнцкае пытанне” ва ўнутрыпалітычным жыцці Рэчы Паспалітай у 18 ст. 7. Канстытуцыя 3 мая 1791 г.: агульная характарыстыка. 8. Гродзенскі сойм 1793 г.: апошні сойм Рэчы Паспалітай.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.012 сек.) |