|
||||||||||||||||||||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Гарады, гандаль, транспартная сістэма
Істотным фактарам развіцця гарадоў, прамысловасці і гандлю на землях Беларусі ў другой палове 19 ст. стала шырокамашабнае чыгуначнае будаўніцтва. Яно ажыццяўлялася па ініцыятыве царскага ўрада, а таксама буйнога расійскага і мясцовага капіталу. Галоўнымі матывамі будаўніцтва з’яўляліся патрэбы інтэнсіфікацыі гандлёвых сувязяў, а таксама ваенна-стратэгічныя мэты. У 1860-1890-я гг. праз тэрыторыю Беларусі праляглі наступныя чыгункі: Пецярбургска-Варшаўская (праз Гродна); пабудавана ў 1862 г.; Рыга-Арлоўская (праз Дзвінск, Полацк, Віцебск); пабудавана ў 1866 г.; Маскоўска-Брэсцкая (праз Смаленск, Оршу, Мінск, Баранавічы); пабудавана ў 1870-я гг.; Лібава-Роменская (праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Бабруйск, Жлобін); пабудавана ў 1871-1874 гг.; Гомельска-Бранская; пабудавана ў 1877 г.; Палескія: Пінск-Гомель, Беласток-Баранавічы; пабудаваныя ў 1882-1886 гг.; Пецярбургска-Адэская (праз Віцебск, Оршу, Магілёў); пабудавана з канца 19 ст. да 1902 г. На пачатку 20 ст. Беларусь сярод рэгіёнаў Расійскай імперыі была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы. З пачаткам будаўніцтва чыгунак пачала хутка памяншацца роля кірмашовага гандлю. Усё большае значэнне набываў стацыянарны гандаль у крамах і лаўках. Гэта сведчыла пра тое, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі станавіліся больш трывалымі. У гэты час тэрыторыя Беларусі інтэгруецца ў сістэму агульнарасійскага рынку. Спецыялізацыя гандлю Беларусі ў дадзенай сістэме характарызавалася перавагай вывазу сельскагаспадарчай і лясной сыравіны. Разам з тым Беларусь выступала рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі. Захоўваліся знешнегандлёвыя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы, асабліва з Германіяй. Структура экспарту і імпарту прадукцыі ў цэлым не змянілася ў параўнанні з папярэднім перыядам. У другой палове 19 ст. назіраецца рост гарадоў у Беларусі. З 1860 па 1900 гг. колькасць гарадскога насельніцтва ўзрасла з 350 да 650 тыс. чалавек. Прычынамі дадзенага росту з’яўляліся развіццё прамысловасці і гандлю, хуткае чыгуначнае будаўніцтва, ліквідацыя прыгоннай залежнасці сялян у выніку рэформы 1861 г. Значнымі гандлёва-прамысловымі цэнтрамі сталі найперш гарады, якія выступалі галоўнымі чыгуначнымі вузламі. Буйнейшым горадам на тэрыторыі Беларусі становіцца Мінск, насельніцтва якога на 1897 г. налічвала 90 тыс. жыхароў. Узнікаюць новыя формы транспартных камунікацый: З’явіліся конна-чыгуначныя дарогі (конкі) у Мінску і Магілёве (1890-я гг.), трамвай у Віцебску (1898). У той жа час у Беларусі не сфарміраваліся буйныя прамысловыя цэнтры з сотнямі тысяч насельніцтва, якія ў гэты час складваюцца ў Еўропе. Галоўная прычына гэтага – спецыялізацыя беларускай прамысловасці на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне ў асноўным ў сельскай мясцовасці і невялікіх мястэчках. К канцу 19 ст. толькі 31% усёй прамысловай прадукцыі выраблялася ў гарадах. У гарадах і мястэчках у гэты перыяд пачынае фарміравацца новая сацыяльная структура, у якой дамінуючае месца займалі сацыяльныя класы індустрыяльнага грамадства: буржуазія і пралетарыят (рабочы клас). Клас буржуазіі складаўся з уласнікаў гандлёвых і прамысловых капіталаў. Яго фарміраванне адбывалася з ліку дваран-прадпрымальнікаў, разбагацеўшых купцоў і мяшчан. Спецыфіка буржуазіі на беларускіх землях заключалася ў тым, што сярод яе пераважалі дробныя і сярэднія прадпрымальнікі. Буржуазія была неаднароднай па нацыянальнай прыкмеце: асноўная маса дваран-прадпрымальнікаў дэкларавала сябе рускімі або палякамі; большасць капіталістаў з ліку купцоў і мяшчан былі яўрэямі. Клас пралетарыяту ўяўляе з сябе вольнанаёмных рабочых, якія пазбаўлены ўласнасці на сродкі вытворчасці і працуюць на прадпрыемствах рознага тыпу за акрэсленую заработную плату. Яго фарміраванне адбывалася за кошт збяднелых сялян, рамеснікаў і дробных гандляроў. Асаблівасцямі структуры рабочага класа Беларусі былі распыленасць па дробных прадпрыемствах, нязначная ўдзельная вага занятых на буйных фабрыках, невялікая колькасць пастаянных і кваліфікаваных рабочых. Пралетарыят таксама з’яўляўся неаднародным па нацыянальнай прыкмеце: сярод кваліфікаваных кадраў чыгуначных майстэрань і дэпо, тэлеграфістаў пераважалі рускія; у дробнай і рамеснай прамысловасці, гандлі, сферы абслугоўвання – яўрэі; на будаўніча-рамонтных работах, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці – беларусы. У той жа час у сацыяльнай структуры гарадскога насельніцтва вялікую ўдзельную вагу складалі дробныя рамеснікі і гандляры, якія не належалі да асноўных класаў капіталістычнага грамадства. Гэта было вынікам панавання ў гарадах дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці. Такім чынам, у эканоміцы беларускіх зямель у другой палове 19 ст. адбываецца працэс развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак да пачатку 20 ст. Беларусь заставалася аграным краем; сельская гаспадарка мела ў значнай ступені натуральны характар; у прамысловасці дамінавала дробнакапіталітычная і рамесная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Гэта стала вынікам захавання значных фаедальных перажыткаў у сельскай гаспадарцы, адсутнасці на тэрыторыі Беларусі значных рэсурсаў і капіталаў для развіцця буйной прамысловай вытворчасці, каланіяльнай палітыкі царызму.
Асноўныя паняцці: Адмена прыгоннага права 1861 г., часоваабавязаныя сяляне, адрэзкі, выкупныя плацяжы, воласць, рэформа дзяржаўных сялян 1867 г., адпрацовачная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг., фабрычна-заводская прамысловасць, акцыянерныя кампаніі, камерцыйныя банкі, эканамічны крызіс, прамысловы ўздым, чыгуначнае будаўніцтва, агульнарасійскі рынак, буржуазія, пралетарыят.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Якія прычыны штурхнулі царскі ўрад на правядзенне аграрнай рэформы 1861 г.? 2. Растлумачце, чаму царскі ўрад вырашыў пачаць правядзенне аграрнай рэформы з губерняў Беларусі і Літвы? 3. Якія асноўныя накірункі змяшчала ў сабе аграрная рэформа 1861 г.? 4. Што азначае паняцце “часоваабавязаныя сяляне”? Чаму царскі ўрад імкнуўся павялічыць тэрмін залежнасці сялян ад памешчыкаў? 5. Растлумачце, з якой мэтай падчас рэформы 1861 г. ажыццяўляліся адрэзкі сялянскай зямлі на карысць памешчыкаў? 6. На якіх умовах ажыццяўляўся выкуп сялянамі зямлі ва ўласнасць? З якой мэтай дзяржава выступіла пасярэднікам паміж памешчыкамі і сялянамі падчас выкупной здзелкі? 7. Які характар мела створаная ў выніку рэформы 1861 г. сістэма сялянскага самакіравання? Наколькі значнай была ступень яе самастойнасці? 8. Растлумачце, чаму адмена прыгоннага права ў Беларусі прайшла на больш выгадных для сялянства ўмовах у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Якія саступкі ў адносінах да сялянства былі праведзены царызмам у 1863-1864 гг.? 9. Вызначце сутнасць і характар аграрнай рэформы 1861 г. Паразважайце над тым, якія яна змяшчала ў сабе наступствы для далейшага эканамічнага развіцця краю. 10. Якую структуру мела землеўладанне на землях Беларусі ў другой палове 19 ст.? Растлумачце значную перавагу тут буйнога памешчыцкага землеўладання. 11. Якія фактары спрыялі развіццю рыначных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове 19 ст.? У чым выяўлялася дадзенае развіццё? 12. Параўнайце асаблівасці капіталістычнай і адпрацовачнай форм гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях. Якая з гэтых форм у большай ступені спрыяла ўцягванню сельскай гаспадаркі ў рыначныя адносіны? 13. Якую ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі меў сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг.? Якім чынам змянілася ў выніку крызісу спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі? 14. Растлумачце, чаму ў выніку аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. адбываецца разарэнне значнай колькасці памешчыцкіх гаспадарак, якія выкарыстоўвалі адпрацовачныя формы гаспадарання і ўмацоўваецца капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыціх маёнтках. 15. Укажыце фактары, якія тармазілі працэс развіцця капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы. 16. Растлумачце прычыны хуткага развіцця фабрычна-заводскай вытворчасці ў канцы 19 ст. Чаму большасць фабрык на тэрыторыі Беларусі былі адносна невялікімі? 17. Назавіце найбольш буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ўзніклі ў Беларусі ў другой палове 19 ст.? 18. Што такое акцыянерныя кампаніі? Якую ролю яны мелі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў другой палове 19 ст.? 19. Які характар мела структура прамысловасці Беларусі другой паловы 19 ст.? Паспрабуйце вызначыць абумоўленасць такой структуры. 20. Якую ролю ў эканамічным развіцці Беларусі адыгрывалі банкі? Растлумачце, чаму банкаўскі капітал лічыў за лепшае ўкладваць сродкі ў гандаль і першасную апрацоўку сыравіны, а не ў развіццё прамысловасці. 21. Паспрабуйце растлумачыць, чаму царскі ўрад не быў зацікаўлены ў развіцці буйной прамысловасці на землях Беларусі. 22. Якую ролю ў развіцці прамысловасці і гандлю Беларусі мела чыгуначнае будаўніцтва другой паловы 19 ст.? Назавіце асноўныя пабудаваныя чыгункі. 23. Якім чынам і чаму будаўніцтва чыгунак абумовіла змены ў структуры гандлю на тэрыторыі Беларусі? 24. Які характар мела спецыялізацыя Беларусі ў сістэме агульнарасійскага рынку? 25. Вызначце прычыны росту гарадскога насельніцтва ў другой палове 19 ст. Якія гарады развіваліся найбольш значнымі тэмпамі? 26. Ці можна весці гаворку пра фарміраванне на землях Беларусі буйных індустрыяльных цэнтраў? Чым можна патлумачыць дадзеную сітуацыю? 27. Якія новыя сацыяльныя класы фарміруюцца ў беларускіх гарадах і мястэчках у другой палове 19 ст.? 28. Паспрабуйце вызначыць узровень развіцця эканомікі Беларусі ў другой палове 19 ст. у цэлым і растлумачце прычыны гэтага.
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Падрыхтоўка і ажыццяўленне аграрнай рэформы 1861 г. у Беларусі. 2. Сялянскае пытанне і паўстанне 1863-1864 гг. 3. Фарміраванне сістэмы сялянскага самакіравання. 4. Рэгіянальная спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст. 5. Сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг. і Беларусь. 6. Развіццё фабрычна-заводскай прамсловасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст. 7. Чыгуначнае будаўніцтва ў Беларусі ў другой палове 19 ст. 8. Змены ў беларускім горадзе другой паловы 19 ст.
Тэма 13: Сацыяльна-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 19 ст. 1. Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі. 2. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. 3. Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст. 4. Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст. 13.1. Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі. З сярэдзіны 19 ст. у палітыцы царызму выявіліся некаторыя змены. Паражэнне Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг. абазначыла эканамічную і тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з развітымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі. Кіруючыя колы імперыі ўсведамляюць неабходнасць правядзення рэформ у розных сферах грамадскага жыцця, накіраваных на мадэрнізацыю грамадства, вынікам чаго стала адмена прыгоннага права ў 1861 г. Правядзенне рэформ выклікала некаторую лібералізацыю грамадска-палітычнага жыцця ў Расійскай імперыі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Яна звязвалася з пачаткам царавання новага імператара Аляксандра ІІ (1855 – 1881). У першыя гады яго праўлення была праведзена амністыя палітычных зняволеных, якая распаўсюджвалася на былых дзекабрыстаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. і г.д., былі некалькі паслаблены цэнзура, абмежаванні ў адносінах да нацыянальных і канфесійных меншасцяў. Падобныя мерапрыемствы выклікалі ўздым грамадскай актыўнасці ў былым Каралеўстве Польскім і на землях былога ВКЛ. Пачынаючы з 1860 г. у Варшаве і іншых польскіх гарадах перыядычна адбываюцца патрыятычныя маніфестацыі, прысвечаныя памяці знакамітых палякаў ці прымеркаваныя да нацыянальных памятных дат. У хуткім часе падобныя акцыі праводзяцца і ў гарадах на землях былога ВКЛ. Асноўнымі ўдзельнікамі маніфестацый былі інтэлігенцыя, студэнцкая і вучнёўская моладзь, каталіцкае духавенства, прадстаўнікі сярэдніх слаёў польскамоўнага гарадскога насельніцтва. У грамадскай думцы ўзнікаюць спадзяванні на аднаўленне аўтаноміі Каралеўства Польскага. На мяжы 1850-1860-х гг. аўтанамісцкія настроі актывізуюцца і сярод грамадскай эліты на землях былога ВКЛ. Цэнтрам руху за аўтаномію дадзеных зямель сталі Віленскі музей старажытнасцяў і створаная пры ім Археалагічная камісія (створаны ў 1855 г.). Найбольш актыўнымі дзеячамі названага руху з’яўляліся Адам Кіркор, Яўстахій і Канстанцін Тышкевічы, Міхал Балінскі, Тэадор Нарбут. Ідэйным выразнікам руху стаў часопіс “ Віленскі партфель ” (рэдактар – А. Кіркор), які выдаваўся з канца 1850-х гг. Палітычным адлюстраваннем дзейнасці дадзенага руху сталі праекты рэфармавання грамадства, адрасаваныя расійскаму імператару Аляксандру ІІ. Аднак царскі ўрад адмаўляў ідэю палітычнай аўтаноміі як зямель былога ВКЛ, так і Польшчы. На мяжы 1850-1860-х гг. палітыка частковых саступак мясцовым элітам спалучалася з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў польскага нацыянальнага руху. Так, у красавіку 1861 г. у Варшаве была расстраляна дэманстрацыя, у выніку чаго загінула больш за 100 чалавек. Няздольнасць царскага ўрада вырашыць “польскае пытанне” садзейнічала радыкалізацыі грамадскага руху ў Польшчы і на землях былога ВКЛ, у выніку чаго ў 1861-1863 гг. адбываецца фарміраванне сеткі падпольных арганізацый польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якія ставілі сваёй мэтай аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай шляхам паўстання. У межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў гэты перыяд вылучаліся дзве плыні: белыя і чырвоныя.
Летам 1862 г. у Вільні з мэтай падрыхтоўкі да паўстання ў краі быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК). Фармальна ён быў падначалены Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве. У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як “чырвоных” так і “белых”, аднак перавага належала “чырвоным” на чале з Канстанцінам Каліноўскім. ЛПК займаўся стварэннем мясцовых падпольных арганізацый, зборам грошай і зброі для арганізацыі паўстання, правядзеннем прапаганды сярод насельніцтва. Друкаванымі выданнямі ЛПК былі падпольныя газеты “ Мужыцкая праўда ” (на беларускай мове, выйшла 7 нумароў) і “ Сцяг свабоды ” (на польскай мове, выйшлі 3 нумары). Выданне беларускамоўнай “Мужыцкай праўды” было абумоўлена імкненнем “чырвоных” да шырокага прыцягнення беларускага сялянства да паўстання ва ўмовах уздыму сялянскага руху пасля аграрнай рэформы 1861 г. На старонках дадзенага выдання шырока асвятлялася сацыяльная праблематыка, асуджаліся метады правядзення аграрнай рэформы царскім урадам. У студзені 1863 г. у Польшчы пачалося ўзброенае паўстанне. Цэнтральны нацыянальны камітэт 22 студзеня 1863 г. абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і выдаў Маніфест, у якім змяшчаўся заклік да паўстання, абвяшчаліся аднаўленне Рэчы Паспалітай, свабода і роўнасць усіх грамадзян незалежна ад сацыяльнага і нацыянальнага паходжання. Да Маніфеста далучаліся два зямельныя дэкрэты, паводле якіх прадугледжваліся скасаванне ўсіх феадальных павіннасцей для сялян, пераход ва ўласнасць сялян надзелаў, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, надзяленне беззямельных сялян невялікімі надзеламі за кошт дзяржаўных маёнткаў. У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася на землі Беларусі і Літвы. 1 лютага 1863 г. ЛПК выдаў адозву да насельніцтва з заклікам падтрымаць паўстанне, абвясціў аб падпарадкаванні Часоваму нацыянальнаму ўраду ў Польшчы і аб падтрымцы яго праграмы. ЛПК быў пераўтвораны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім. Да вясны 1863 г. на тэрыторыі Літвы, а таксама заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі былі створаны падпольныя органы ўлады і паўстанцкія атрады. Пачаліся сутычкі паўстанцкіх атрадаў з царскімі войскамі і паліцыяй. Асноўную масу паўстанцаў складалі прадстаўнікі дробнай і сярэдняй шляхты, студэнцкая і вучнёўская моладзь. Каля 20% паўстанцаў складалі касінеры. Арганізатары паўстання спрабавалі пашырыць яго геаграфію на ўсход і поўнач: у красавіку 1863 г. паўстанцкі атрад на чале з Л. Звяждоўскім пры падтрымцы студэнтаў мясцовага земляробчага інстытута на адзін дзень заняў Горкі; напрыканцы красавіка атрад на чале з З. Серакоўскім спрабаваў ажыццявіць рэйд на тэрыторыю Латвіі, аднак быў разбіты расійскімі войскамі ў бітве каля Біржаў. Вясна 1863 г. стала часам найбольшага ўздыму паўстання. 8 мая 1863 г. каля в. Мілавіды адбыўся буйнейшы бой паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі. Ход паўстання суправаджаўся суперніцтвам у лагеры паўстанцаў паміж “чырвонымі” і “белымі”. У студзені-сакавіку 1863 г. перавага ў кіраўніцтве паўстаннем належала “чырвоным”. У сакавіку 1863 г. вядучая роля пераходзіць да “белых”. Адлюстраваннем гэтага стала замена Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім Аддзелам кіравання правінцыямі Літвы на чале з прадстаўніком “белых” Якубам Гейштарам. З чэрвеня 1863 г. перавага ізноў пераходзіць да “чырвоных”; у ліпені Аддзел кіравання правінцыямі Літвы ўзначальвае К. Каліноўскі. На падаўленне паўстання царскія ўлады накіравалі 200-тысячнае войска. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.Мураўёў, які атрымаў за сваю жорсткасць мянушку “Вешальнік”. Адміністрацыя М. Мураўёва праводзіла, з аднаго боку, рэпрэсіі супраць паўстанцаў, з другога, шырока выкарыстоўвала сацыяльную дэмагогію з мэтай прыцягнення на свой бок сялянства. Афіцыйная прапаганда сцвярджала, што паўстанне арганізавалі польскія паны з мэтай аддзялення ад Расіі, каб аднавіць прыгоннае права. Таксама шырока выкарыстоўваўся рэлігійны фактар: абвяшчалася, што паўстанцы-католікі імкнуцца знішчыць праваслаўе ў краі. Па ініцыятыве адміністрацыі М. Мураўёва былі перагледжаны ўмовы аграрнай рэформы 1861 г. на карысць сялян. Дадзеная палітыка прынесла свае вынікі. Да восені 1863 г. паўстанцкія атрады на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны; да канца года спынілася партызанская дзейнасць на тэрыторыі Літвы. Летам 1864 г. паўстанне было задушана на тэрыторыі Польшчы. На тэрыторыі Беларусі апошняя падпольная арганізацыя была ліквідавана летам 1864 г. у Навагрудку. Некаторыя ўдзельнікі паўстання эмігравалі. Падаўленне паўстання суправаджалася жорсткімі рэпрэсіямі супраць яго ўдзельнікаў. У Літве і Беларусі 128 чалавек, у тым ліку К. Каліноўскі, былі пакараны смерцю, больш як 850 сасланы на катаргу, больш як 760 аддадзена ў арыштанцкія роты, 12,5 тыс. чалавек выселена. Сядзібы рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання разбураліся, а маёмасць канфіскоўвалася. Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць: 1) Слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання; адсутнасць скаардынаванага кіраўніцтва паўстаннем і наяўнасць сур’ёзных рознагалоссяў у межах паўстанцкай улады. 2) Істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай. 3) Вузкасць сацыяльнай базы паўстання. Асноўную масу паўстанцаў складала дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства пераважна было настроена ў адносінах да паўстання індыферэнтна або варожа, што тлумачылася абмежаванасцю аграрнай праграмы паўстанцкіх уладаў. 4) Неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы. Характар паўстання выклікае розныя ацэнкі гісторыкаў. Сярод іх можна вылучыць два асноўныя падыходы: 1) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі было накіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгонніцтва і саслоўнай няроўнасці, тым самым імкнулася да стварэння ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі палітычнай сістэмы; 2) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было шляхецкім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, галоўнай мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у форме або нацыянальнай польскай дзяржавы або федэрацыі Польшчы і Літвы-Беларусі; планы сацыяльных пераўтварэнняў, хаця і прысутнічалі ў праграмах паўстанцаў, аднак не мелі ў іх вызначальнай ролі.
13.2. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. у палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі ўзмацняецца рэпрэсіўная скіраванасць. Галоўнай мэтай мерапрыемстваў, праводзімых царскімі ўладамі з’яўляецца паслядоўная русіфікацыя краю. Можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму ў апошняй трэці 19 ст.: 1) Русіфікацыя землеўладання: Адбылася канфіскацыя зямельных уладанняў удзельнікаў паўстання, якія па сімвалічных коштах прадаваліся расійскім чыноўнікам. У той жа час землеўладальнікам каталіцкага веравызнання забаранялася купляць і арандаваць землю, а для сялян-католікаў устанаўлівалася максімальная норма зямельнай мёмасці – 60 дзесяцін на адну гаспадарку. У выніку ў структуры памешчыцкага землеўладання істотна ўзрасла ўдзельная вага расійскіх уладальнікаў. Хаця ў цэлым па-ранейшаму колькасна пераважала мясцовае “польскае” землеўладанне. 2) Русіфікацыя адміністрацыйнай сістэмы: Пасля паўстання адбылася “чыстка” мясцовага адміністрацыйнага апарату. Многія мясцовыя кадры пераводзіліся на працу ў цэнтральныя расійскія губерні, а на іх месца запрашаліся расійскія чыноўнікі. 3) Аднаўленне палітыкі “разбору шляхты”. 4) Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні рымска-каталіцкай царквы: Былі зачынены ўсе каталіцкія кляштары, а таксама многія касцёлы. Некаторыя касцёлы пераўтвараліся ў праваслаўныя храмы. У некаторых мясцовасцях адбываліся спробы прымусовага пераводу католікаў у праваслаўе. Адначасова разгарнулася масавае будаўніцтва праваслаўных храмаў. Праваслаўная царква атрымлівала ад дзяржавы вялікую матэрыяльную і маральную падтрымку. 5) Дыскрымінацыйная палітыка ў адукацыйнай сферы: У 1864 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут за падтрымку студэнтамі паўстання. Скарацілася колькасць сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў. За тымі адукацыйнымі ўстановамі, што засталіся, быў узмоцнены паліцэйскі і царкоўны кантроль. Адзінай мовай выкладання ў школах прызнаецца руская. 6) Узмацненне ідэалагічнай працы сярод насельніцтва: Умацоўваецца ідэалогія заходнерусізму, цэнтрамі прапаганды якой выступаюць праваслаўная царква, школа і афіцыйны друк. З мэтай абгрунтавання “гістарычных правоў” Расіі на беларускія землі ажыццяўляюцца шматлікія археаграфічныя, этнаграфічныя, археалагічныя і інш. даследаванні. У выніку праведзеных мерапрыемстваў узмацніўся рэпрэсіўны характар дзяржаўнай улады, умацаваліся пазіцыі рускага дваранства і чыноўніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця Беларусі. Уплыў польскай шляхты значна зменшыўся ў сістэме адміністрацыі і культуры, аднак яна захавала дастаткова моцныя пазіцыі ў сферы землеўладання. У агульнаімперскім маштабе палітыка ўрада цара Аляксандра ІІ была накіравана на захаванне абсалютысцкай сістэмы; аднак, пры гэтым лічылася неабходным некалькі прыстасаваць яе да новых сацыяльна-эканамічных умоў. У сувязі з гэтым у 1860-1870-я гг. быў праведзены шэраг рэформ у розных сферах грамадскага жыцця. На тэрыторыі Беларусі, улічваючы абставіны, якія там склаліся пасля паўстання 1863-1864 гг., дадзеныя рэформы былі праведзены са спазненнем і не ў поўным аб’ёме. Сярод рэформ вылучаюцца наступныя: 1) Земская рэформа 1864 г. Паводле яе ў губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання – губернскія і павятовыя земствы з прадстаўнікоў розных саслоўяў, якія займаліся пытаннямі мясцовай гаспадаркі, аховы здароўя, народнай адукацыі і г.д. На тэрыторыі Беларусі дадзеная рэформа не была праведзена да 1911 г. 2) Гарадская рэформа 1870 г. На тэрыторыі Беларусі праведзена ў 1876 г. Паводле яе, у гарадах ствараліся ўсесаслоўныя органы грамадскага самакіравання – гарадскія думы і гарадскія ўправы. Выбары праходзілі на аснове маёмаснага цэнзу. У беларускіх гарадах, дзе большасць насельніцтва складалі “іншаверцы” – яўрэі, былі ўведзены абмежаванні для гэтай катэгорыі гараджан. Яны мелі права займаць толькі 1/3 частку месцаў у органах гарадскога самакіравання, а паводле Гарадавога палажэння 1892 г. – толькі 1/10 частку. У распараджэнні гарадскіх дум і ўпраў былі пытанні развіцця прамысловасці і гандлю; арганізацыі адукацыі і медыцынскага абслугоўвання; утрымання пажарнай аховы, паліцыі і казармаў. Думы і ўправы не мелі органаў выканаўчай улады і падпарадкоўваліся губернатарам і міністру ўнутраных спраў. 3) Судовая рэформа 1864 г. Паводле яе, ліквідаваліся саслоўныя суды і ствараліся новыя ўсесалоўныя органы судовай улады: судовыя палаты – разглядалі апеляцыі і займаліся палітычнымі справамі, абслугоўвалі некалькі губерняў; акруговыя суды – дзейнічалі на ўзроўні губерні; міравыя суды – дзейнічалі на ўзроўні павета. Суд станавіўся адкрытым, публічным і незалежным ад урада. Ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, а для засведчання розных юрыдычных актаў уводзілася пасада натарыуса. Усе справы разглядаліся ў прысутнасці абвінавачанага, сведкаў і публікі, друкаваліся ў газетах. На тэрыторыі Беларусі судовая рэформа пачалася ў 1872 г. з увядзеннем міравых судоў. Акруговыя суды, пракуратура і інстытут прысяжных засядацеляў былі створаны толькі ў 1882 г. У адрозненне ад расійскіх губерняў, дзе суддзяў выбіралі земствы, на беларускіх землях яны прызначаліся міністэрствам юстыцыі. 4) Ваенная рэформа 1874 г. Паводле яе, адмянялася сістэма рэкруцкіх набораў. Была ўведзена абавязковая вайсковая павіннасць для ўсіх асоб мужчынскага полу, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся. 5) Адукацыйная рэформа 1864 г. Адукацыйная сістэма набывала ўсесаслоўны характар. Асновай сярэдняй адукацыі станавіліся гімназіі, якія дзейнічалі на платнай аснове. У сістэме пачатковай адукацыі грамадскім арганізацыям і прыватным асобам дазвалялася па ўзгадненні з уладамі адкрываць народныя 4-класныя вучылішчы. Рэформы 1860-1870-х гг. у пэўнай ступені садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін і фарміраванню элементаў грамадзянскай супольнасці. На тэрыторыі Беларусі яны мелі абмежаваны эфект у выніку дзеяння тут рэжыму выключных законаў. Падчас царавання наступніка Аляксандра ІІ Аляксандра ІІІ (1881-1894) і ў першыя гады царавання Мікалая ІІ (1894-1917) у палітыцы расійскіх улад узмацняецца рэакцыйны накірунак. У 1880-1890-я гг. ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне абсалютысцкай дзяржаўнай улады і прывілеяванага становішча дваранства. Дадзеныя мерапрыемствы атрымалі назву контррэформы: 1) Судовыя контррэформы 1887-1889 гг. Паводле іх, быў зменены цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе з мэтай павелічэння колькасці прадстаўнікоў ад дваран. Заканадаўча замацоўваліся канфіскацыя шэрагу судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) з вядзення суда прысяжных і абмежаванне публічнасці судоў. 2) Закон аб земскіх начальніках 1889 г. Паводле яго, скасоўваўся інстытут міравых судоў. Замест іх судовая ўлада ў паветах у адносінах да сялянства ажыццяўлялася земскімі начальнікамі, якія прызначаліся з ліку мясцовага дваранства. Інстытут земскіх начальнікаў быў уведзены ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях у 1900 г. У Віленскай і Гродзенскай губернях ён не ўводзіўся, паколькі сярод мясцовага дваранства пераважала каталіцкая шляхта, якой царскі ўрад не аказваў даверу. 3) “Цыркуляр аб кухарчыных дзецях” 1887 г. Паводле яго, аднаўляліся элементы саслоўнасці ў сярэдняй школе. Забараняўся прыём у гімназіі дзяцей асобных катэгорый насельніцтва: фурманаў, прачак, дробных крамнікаў і г.д. 4) Гарадская контррэформа 1892 г. Паводле яе, ніжэйшыя слаі гарадскога насельніцтва адхіляліся ад удзелу ў выбарах у органы гарадскога самакіравання; абмяжоўвалася прадстаўніцтва ў думах і управах яўрэяў. Такім чынам, у апошняй трэці 19 ст. палітыка царызму была накіравана перадусім на ўмацаванне абсалютысцка-бюракратычнай дзяржаўнай сістэмы. На землях Беларусі спецыфіка дадзенай палітыкі праяўлялася ў арыентацыі на паслядоўную русіфікацыю краю з дапамогай рэжыму выключных законаў, устаноўленага пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг.
13.3. Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст. Падаўленне паўстання 1863-1864 гг. прывяло да заняпаду грамадска-палітычнага руху на тэрыторыі Беларусі. Значна ўзмацняюцца паліцэйскі кантроль у грамадскім жыцці і цэнзура. На тэрыторыі Беларусі адсутнічалі незалежныя ад дзяржавы грамадскія арганізацыі і перыядычныя выданні (да 1886 г.). У асяроддзі каталіцкай шляхты адбываецца заняпад ідэй польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Пануючымі становяцца погляды аб неабходнасці супрацоўніцтва з царызмам. У першае дзесяцігоддзе пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі адсутнічалі арганізацыі, якія б дэкларавалі барацьбу з царызмам. Іх адраджэнне адбываецца з сярэдзіны 1870-х гг. У аснову ідэалогіі гэтых арганізацый былі пакладзены ідэі сацыяльнай рэвалюцыі. Галоўнымі накірункамі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст. становяцца народніцтва і марксізм. Народніцтва – агульнарасійскі грамадскі рух апошняй трэці 19 – пачатку 20 стст. Дадзены рух сфарміраваўся ў асяроддзі апазіцыйна настроенай інтэлігенцыі. Абагульнена вылучаюць два асноўныя тыпы народніцтва: - рэвалюцыйнае народніцтва; - ліберальнае народніцтва. Ідэалогія рэвалюцыйнага народніцтва грунтавалася на палітычных тэорыях расійскіх радыкальных палітычных дзеячаў сярэдзіны – другой паловы 19 ст. – А. Герцэна, М. Бакуніна, М. Чарнышэўскага, П. Лаўрова. Сацыяльны ідэал рэвалюцыйнага народніцтва – сацыялізм, пад якім разумеецца грамадскі лад, заснаваны на панаванні калектыўнай уласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці. Магчымасць пераходу да сацыялізму бачылася ў наяўнасці для гэтага аб’ектыўных сацыяльна-эканамічных перадумоў. Пад гэтым разумелася існаванне такога сялянскай абшчыны, у функцыянаванні якой змяшчаліся элементы сацыялізму (традыцыі абшчыннага самакіравання, перыядычныя перадзелы зямлі). Капіталізм разглядаўся рэвалюцыйнымі народнікамі як штучнае ўтварэнне, якое насаджаецца дзяржаўнай уладай для павелічэння даходаў кіруючай эліты. Пераход да сацыялістычнага грамадства звязваўся з народнай рэвалюцыяй, якая павінна знішчыць самадзяржаўе, устанавіць дэмакратычны палітычны лад і стварыць умовы для вырашэння карэнных сацыяльных пытанняў. У падрыхтоўцы рэвалюцыі галоўнай рухаючай сілай павінна стаць прагрэсіўная інтэлігенцыя. Шырокае распаўсюджанне рэвалюцыйна-народніцкага руху сярод інтэлігенцкай моладзі ў гарадах Расійскай імперыі адносіцца да 1870-х гг. Асноўным метадам дзейнасці рэвалюцыйных народнікаў першапачаткова з’яўлялася “ хаджэнне ў народ ” – правядзенне прапагандысцкай працы сярод народных мас пад выглядам сельскіх спецыялістаў, вандроўнікаў і г.д. з мэтай пазбаўлення народа ад ўкаранёных сацыяльных стэрэатыпаў і забабонаў, распаўсюджання крытычных адносін да рэчаіснасці і такім чынам падрыхтоўкі да рэвалюцыйных дзеянняў. У 1876 г. з некалькіх рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў утварылася арганізацыя “ Зямля і воля ”. У другой палове 1870-х гг. гурткі “Зямлі і волі” ўзнікаюць у буйнейшых гарадах Беларусі. У іх уваходзілі пераважна прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі шляхецкага або мяшчанскага паходжання. “Хаджэнне ў народ” скончылася няўдачай: сяляне не зразумелі ў ідэй рэвалюцыянераў, а царызм узмацніў рэпрэсіі. У выніку сярод рэвалюцыйных народнікаў узніклі рознагалоссі, якія завяршыліся расколам “Зямлі і волі” на дзве арганізацыі – “ Чорны перадзел ” (1879 – 1881 гг.) і “ Народную волю ” (1879 – 1882 гг.). “Чорны перадзел” працягваў традыцыі “Зямлі і волі” (арыентацыя на правядзенне актыўнай асветніцка-прапагандысцкай дзейнасці інтэлігенцыі сярод народных мас). Прадстаўнікі “Народнай волі” імкнуліся наблізіць сацыяльную рэвалюцыю шляхам тэрарыстычных актаў супраць носьбітаў дзяржаўнай улады. На тэрыторыі Беларусі большасць рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў далучыліся да “Чорнага перадзелу”. У Мінску была заснавана цэнтральная друкарня арганізацыі і некаторы час тут знаходзілася кіраўніцтва “Чорнага перадзелу” на чале з Г. Пляханавым і А. Бонч-Асмалоўскім. Аднак у 1881 г. гурткі чорнаперадзельцаў былі выкрыты паліцыяй; многія іх дзеячы зняволены, а кіраўнікі на чале з Г. Пляханавым апынуліся ў эміграцыі. З гэтага моманту ўзрастае ўплыў “Народнай волі”. У 1882 г. была створана “ Паўночна-Заходняя арганізацыя Народнай волі ” з цэнтрам у Вільні. Кульмінацыйным момантам дзейнасці “Народнай волі” забойства цара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 г. Тэрарыстычны акт здзейсніў выхадзец з Беларусі Ігнат Грынявіцкі. У выніку царскіх рэпрэсій на працягу 1881 – 1882 гг. арганізацыі “Народнай волі” былі разгромлены. У 1880-х – першай палове 1890-х гг. рэвалюцыйнае народніцтва перажывала заняпад ва ўмовах узмацнення рэпрэсій. Дзейнічалі нешматлікія гурткі рэвалюцыйна-народніцкай арыентацыі ў беларускіх гарадах, пераважна сярод вучнёўскай моладзі, а таксама сярод беларускіх студэнтаў у Пецярбургскім універсітэце. Сярод апошніх фарміруюцца ідэі аб неабходнасці спалучэння задач сацыяльнай рэвалюцыі з вырашэннем беларускага нацыянальнага пытання. У 1884 г. у Пецярбургу ўзнікае Беларуская сацыял-рэвалюцыйная група “Гоман”, якую ўзначальвалі беларускія студэнты А.Марчанка, Х.Ратнер, М.Стацкевіч, У.Крупскі. Група выдавала часопіс з аднайменнай назвай (выйшлі 2 нумары). Гоманаўцы лічылі неабходным аб’яднаць усе рэвалюцыйныя сілы Расійскай імперыі для звяржэння самадзяржаўя. Яны ўпершыню ў гісторыі Беларусі заявілі аб існаванні самастойнай беларускай нацыі. Зыходзячы з прынцыпу раўнапраўя ўсіх народаў, гоманаўцы абвяшчалі права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць. У сваёй праграме яны лічылі неабходным пераўтварэнне Расійскай імперыі ў федэрацыю самастойных рэспублік, адной з якіх павінна стаць Беларусь. Гоманаўцы спрабавалі абвясціць сябе цэнтрам усіх народніцкіх арганізацый Беларусі, але стварыць адзіную арганізацыю не здолелі. У выніку царскіх рэпрэсій група “Гоман” спыніла сваё існаванне. У другой палове 1890-х гг. назіраецца адраджэнне рэвалюцыйна-народніцкага руху. У 1901 – 1902 гг. у выніку аб’яднання рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў у Расійскай імперыі ўзнікае Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). На працягу 1902 – 1904 гг. арганізацыі партыі аформіліся ў большасці значных гарадоў Беларусі і Літвы. У 1904 г. адбылося іх аб'яднанне ў Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю ПСР. Ва ўмовах крызісу рэвалюцыйнага народніцтва ў 1880-1890-я гг. фарміруецца г. зв. ліберальнае народніцтва. Яго асноўныя ідэйна-тэарэтычныя палажэнні: - ідэя мірнага эвалюцыйнага пераўладкавання грамадства ў дэмакратычным накірунку; - сцвярджэнне ў якасці ідэалу сацыяльнага ўладкавання гарманічнага спалучэння свабоды асобы і грамадскай салідарнасці; - абвяшчэнне інтэлігенцыі галоўнай рухаючай сілай і каталізатарам грамадскага прагрэсу; - тэорыя “малых спраў ”, якая прадугледжвала неабходнасць выканання інтэлігенцыяй “абавязку перад народам” праз сумленныя адносіны да ўласных прафесійных абавязкаў. Тэорыя і практыка “малых спраў” акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці правядзення канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на карысць народных мас, у эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферы. На тэрыторыі Беларусі цэнтрам прапаганды ліберальнага народніцтва становіцца першая легальная недзяржаўная газета “ Минский листок ” (1886 – 1902 гг.). У цэлым газета як легальнае выданне вымушана была выказваць ліберальныя ідэі вельмі асцярожна. У “Минском листке” прапагандуюцца ідэі асветы і распаўсюджання сацыяльна значных ведаў; пры гэтым звяртаецца ўвага на тое, што яны павінны спалучацца з канкрэтнымі дзеяннямі па паляпшэнню жыцця народа. У 1880-я гг. на землях Беларусі складваецца новы накірунак грамадска-палітычнага руху – марксізм. Як накірунак еўрапейскай сацыяльна-палітычнай думкі марксізм пачынае фарміравацца ў сярэдзіне 19 ст. у творчасці нямецкіх грамадска-палітычных дзеячоў і навукоўцаў Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. З другой паловы 19 ст. ён пераўтвараецца ў шырокі грамадска-палітычны рух, які ахапіў большасць краін Еўропы, а затым распаўсюджваецца і на іншых кантынентах. У аснове сацыяльна-палітычнай ідэалогіі марксізму знаходзіліся наступныя ідэі: - сацыяльным ідэалам абвяшчаецца сацыялізм (камунізм), што павінен прыйсці на змену капіталізму як заканамерны вынік развіцця апошняга; - пераход ад сацыялізму да капіталізму павінен адбыцца шляхам абумоўленай аб’ектыўнымі фактарамі сацыялістычнай рэвалюцыі, галоўнай рухаючай сілай якой разглядаецца рабочы клас; у выніку сацыялістычнай рэвалюцыі рабочы клас павінен атрымаць палітычную ўладу і ажыццявіць сацыялістычныя мерапрыемствы. У другой палове 1880 – першай палове 1890-х гг. у буйнейшых гарадах Беларусі ўзнікаюць марксісцкія гурткі, якія першапачаткова мелі асветніцкі характар (у склад гурткоў уваходзілі інтэлігенты, якія займаліся самаадукацыяй у духу ідэй марксізму). Яны падтрымлівалі сувязь з марксісцкімі арганізацыямі ў Расіі, Польшчы і краінах Заходняй Еўропы. Марксісты акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці ажыццяўлення буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, мэтай якой лічылася ліквідацыя абсалютызму і перажыткаў феадалізму, увядзенне дэмакратычнага палітычнага рэжыму, што павінна было стварыць умовы для паскоранага развіцця капіталізму. Капіталізм разглядаўся як неабходная і непазбежная стадыя грамадскага развіцця, якая створыць неабходныя ўмовы для выспявання сацыялізму. У адрозненне ад народнікаў, марксісты адмаўлялі наяўнасць элементаў сацыялізму ў дакапіталістычных грамадскіх структурах. З 1890-х гг. марксісцкія арганізацыі пераходзяць да актыўнай прапагандысцкай дзейнасці сярод рабочых, што садзейнічае іх колькаснаму росту. У гэты час яны сталі называцца сацыял-дэмакратамі. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў канцы 19 – пачатку 20 стст. уваходзяць у склад шэрагу палітычных партый марксісцкай арыентацыі: Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (з 1898 г., І з’езд адбыўся ў Мінску), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз Польшчы, Літвы і Расіі (Бунд, з 1897 г.), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (з 1893 г.), Польская партыя сацыялістычная на Літве (з 1902 г.), Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (з 1896 г.), Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі (1899 – 1900 гг.). Найбольш уплывовай арганізацыяй з’яўляўся Бунд, што тлумачылася перавагай яўрэяў у структуры гарадскога насельніцтва Беларусі. У пачатку 20 ст. сярод палітычных арганізацый рэвалюцыйнага накірунку з’яўляецца партыя, якая належала да беларускага нацыянальнага руху – Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ). Яна ўзнікае ў 1902 –1903 гг. на базе нацыянальна-культурных гурткоў беларускай моладзі ў Мінску, Вільні і Пецярбургу. Заснавальнікамі і лідэрамі арганізацыі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Іваноўскі і інш. У 1903 г. адбыўся І з’езд БСГ, на якім была ўхвалена праграма партыі. Сваёй галоўнай мэтай БСГ абвяшчала пабудову сацыялістычнага грамадства. Да бліжэйшых задач адносіліся звяржэнне самадзяржаўя, фарміраванне дэмакратычнага палітычнага рэжыму, забеспячэнне палітычных і эканамічных правоў чалавека, рэалізацыя правоў народаў, у тым ліку і беларускага на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сацыялізацыя зямлі. У цэлым у праграме партыі сінтэзаваліся элементы ідэй народніцтва і марксізму у спалучэнні з абвяшчэннем задач беларускага нацыянальнага руху. Такім чынам, на працягу апошняй трэці 19 ст. назіраецца працэс паступовага ажыўлення грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым характэрнай з’явай выступае ўзрастанне ўплыву радыкальных сацыяльна-палітычных рухаў, такіх як народніцтва і марксізм, што сведчыла пра наяўнасць перадумоў палітычнага крызісу царызму.
13.4. Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст. Фарміраванне рабочага класа ў выніку развіцця капіталістычных адносін прывяло да з’яўлення новага феномена ў грамадскім жыцці Беларусі – рабочага руху – руху наёмных рабочых за паляпшэнне свайго эканамічнага і палітычнага становішча. У сілу спецыфікі прамысловага развіцця рэгіёну (наяўнасць мноства дробных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю занятых на іх рабочых) становішча пралетарыяту Беларусі было больш цяжкім, чым у Расійскай імперыі ў цэлым. Яго характарызавалі 13-14-гадзінны працоўны дзень, нізкая аплата працы, адвольныя штрафы, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, адсутнасць страхавога і пенсійнага забеспячэння, тэхнікі бяспекі на працы. Першапачаткова (у 1860-1870-я гг.) асноўнай формай супраціўлення рабочых з’яўляліся стыхійныя выступленні, галоўным чынам уцёкі з месца працы. Гэтыя выступленні мелі пераважна абарончы характар, былі выкліканы несвоечасовымі выплатамі заробкаў і іншымі формамі невыканання дамоўленасцяў з боку наймальнікаў. Паступова асноўнай формай рабочага руху становіцца стачка – арганізаванае спыненне працы рабочымі з мэтай выканання наймальнікамі канкрэтных патрабаванняў у сферы вытворчых адносін. У 1870-я гг. на тэрыторыі Беларусі адбылося 7 стачак, у 1880-я – 10, у 1890-я – 59. Найбольш значныя стачкі адбыліся на будаўніцтве чыгуначных дарог Вільня-Баранавічы (1884 г.), Лібава-Ромны (1886, 1894, 1899 гг.), а таксама ў чыгуначных майстэрнях у Пінску (1893 г.), прамысловых прадпрыемствах у Смаргоні (1896 г.), на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гродне (1899 г.). Патрабаванні рабочых былі накіраваны на паляпшэнне матэрыяльнага становішча (павышэнне заработнай платы, скарачэнне працоўнага дня, паляпшэнне ўмоў працы, спыненне адвольнага спагнання штрафаў). З 1880-х гг. пэўны ўплыў на рабочы рух пачынаюць аказваць рэвалюцыйныя палітычныя арганізацыі. У буйнейшых гарадах з’яўляюцца рабочыя гурткі, у межах якіх праводзілася палітычная самаадукацыя рабочых. З другой паловы 1890-х гг. радыкальныя палітычныя арганізацыі, у першую чаргу марксісцкія, пачынаюць актыўна ўдзельнічаць у барацьбе рабочых за свае эканамічныя правы. Пад іх уплывам у некаторых гарадах адбываецца святкаванне рабочымі 1 мая – дня міжнароднай салідарнасці рабочых. Пад уплывам рабочага руху царскі ўрад у 1880-1890-я гг. вымушаны быў абмежаваць выкарыстанне дзіцячай і жаночай працы (1882, 1885 гг.), памеры штрафу (1886 г.), працягласць працоўнага дня 11,5 гадзінамі (1897 г.). Для выканання гэтых і іншых абмежаванняў была ўведзена ў 1882 г. фабрычная інспекцыя. Аднак кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым; да таго ж яны не распаўсюджвалiся на дробную і рамесна-саматужную вытворчасць, якая пераважала менавіта на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, у апошняй трэці 19 ст. у Беларусі ўзнікае новая сацыяльная з’ява – рабочы рух, які паступова становіцца істотным фактарам сацыяльна-палітычнага жыцця.
Асноўныя паняцці: Паўстанне 1863-1864 гг., патрыятычныя маніфестацыі, “белыя”, “чырвоныя”, Цэнтральны нацыянальны камітэт, Літоўскі правінцыйны камітэт, “Мужыцкая праўда”, Часовы нацыянальны ўрад Польшчы, Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, Аддзел кіравання правінцыямі Літвы, буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, шляхецкае нацыянальна-вызваленчае паўстанне, земская рэформа 1864 г., гарадская рэформа 1870 г., судовая рэформа 1864 г., ваенная рэформа 1874 г., адукацыйная рэформа 1864 г., гарадскія думы, гарадскія ўправы, судовыя палаты, акруговыя суды, міравыя суды, контррэформы, земскія начальнікі, рэвалюцыйнае народніцтва, сацыялізм, “хаджэнне ў народ”, “Зямля і воля”, “Народная воля”, “Чорны перадзел”, “Гоман”, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ліберальнае народніцтва, “Минский листок”, марксізм, Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Бунд, Польская партыя сацыялістычная на Літве, Беларуская Сацыялістычная Грамада, рабочы рух.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Якія змены адбыліся ў палітыцы царызму ў другой палове 1850 – пачатку 1860-х гг.? Чым яны былі выкліканы? 2. Чым выкліканы грамадскі ўздым у Польшчы, Беларусі і Літве на мяжы 1850-1860-х гг.? Якія факты сведчаць пра наяўнасць ўздыму? 3. Чым можна патлумачыць радыкалізацыю польскага нацыянальна-вызваленчага руху на пачатку 1860-х гг. у Польшчы і на тэрыторыі былога ВКЛ? 4. Якія плыні сфарміраваліся ў межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху на пачатку 1860-х гг.? У чым паміж імі існавалі адрозненні паводле сацыяльнага складу, праграм нацыянальна-дзяржаўнага і сацыяльна-палітычнага будаўніцтва, метадаў рэалізацыі пастаўленых мэтаў? 5. Укажыце асноўныя падзеі падчас паўстання 1863-1864 гг. Якім чынам на развіццё паўстання маглі паўплываць супярэчнасці сярод кіраўніцтва паўстаннем? 6. Якія асноўныя мерапрыемствы праводзіла адміністрацыя М. Мураўёва для падаўлення паўстання 1863-1864 гг.? Які яны мелі эфект? 7. Паспрабуйце растлумачыць, чаму сяляне беларукіх зямель у асноўнай масе не падтрымалі паўстанне 1863-1864 гг. 8. Да якіх вынікаў прывяло падаўленне паўстання 1863-1864 гг.? Вызначце асноўныя прычыны паражэння паўстання. 9. Якія існуюць асноўныя падыходы ў гістарычнай навуцы пры вызначэнні характару паўстання 1863-1864 гг.? Які з гэтых падыходаў здаецца Вам больш правільным і чаму? 10. Якія адбыліся змены ў палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі пасля паражэння паўстання 1863-1864 гг.? 11. Якія грамадскія рэформы былі праведзены царызмам у 1860-1870-я гг.? Падумайце, якое яны мелі значэнне для капіталістычнай мадэрнізацыі. 12. У чым заключалася спецыфіка правядзення рэформ 1860-1870-х гг. на тэрыторыі Беларусі? Чаму на гэтых землях яны праводзіліся са спазненнем і не ў поўным аб’ёме? 13. Што такое контррэформы? Падумайце, чаму царызм у 1880-я гг. адмовіўся ад працягу рэформ, праводзімых у 1860-1870-я гг. 14. Назавіце асноўныя контррэформы 1880-1890-х гг. Якую ролю яны мелі для далейшага развіцця грамадства? 15. У чым выяўлялася спецыфіка правядзення контррэформ на тэрыторыі Беларусі? Чаму прадваранская палітыка царызму не была на землях Беларусі дастаткова паслядоўнай? 16. Які ўплыў мела падаўленне паўстання 1863-1864 гг. на грамадскае жыццё Беларусі? Якая афіцыйная ідэалогія панавала ў другой палове 19 ст.? 17. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца ажыўленне рэвалюцыйнага руху? У чым адрозненне антыцарскага руху на землях Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. ад антыцарскіх рухаў папярэдніх перыядаў? 18. Якія вылучаюцца асноўныя накірункі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст.? У чым адрозненне паміж імі? 19. Якім быў сацыяльны склад рэвалюцыйных арганізацый на тэрыторыі Беларусі ў апошняй чвэрці 19 ст.? 20. Вызначце асноўныя этапы ў развіцці рэвалюцыйнага народніцтва на землях Беларусі? Назавіце асноўныя арганізацыі? 21. Што такое ліберальнае народніцтва? Якія яго асноўныя ідэі? 22. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца распаўсюджанне марксізму? Якія этапы можна вылучыць у развіцці марксісцкага (сацыял-дэмакратычнага) руху да пачатку 20 ст.? 23. Назавіце палітычныя партыі марксісцкага кірунку, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі на мяжы 19-20 стст. 24. Якая палітычная партыя рэвалюцыйнага кірунку на мяжы 19-20 стст. абараняла задачы беларускага нацыянальнага руху? У чым спецыфіка прагарамы дадзенай партыі? 25. Што такое рабочы рух? Калі ён фарміруецца на тэрыторыі Беларусі? Якімі прычынамі было выклікана яго развіццё? 26. Які характар мела дынаміка рабочага руху ў Беларусі ў 1870-1890-я гг.? Растлумачце прычыны падобнай дынамікі? 27. Якія Вы ведаеце асноўныя формы рабочага руху на тэрыторыі Беларусі? 28. Якія асноўныя нарматыўныя акты складалі рабочае заканадаўства Расійскай імперыі канца 19 ст.? Ці распаўсюджвалася дадзенае заканадаўства на ўсіх рабочых?
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг. 2. “Мужыцкая праўда”: аналіз асноўных ідэй. 3. Адносіны да паўстання 1863-1864 гг. розных сацыяльных груп насельніцтва Беларусі. 4. Каталіцкая царква ў Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. 5. Контррэформы ў Беларусі: спецыфіка правядзення. 6. Газета “Минский листок” і яе ўплыў на ідэалогію ліберальнага народніцтва Беларусі. 7. Станаўленне палітычных партый на тэрыторыі Беларусі на мяжы 19-20 стст.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.036 сек.) |