|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Адукацыя і культура. У 1930-я гг. назіраецца значнае развіццё адукацыйных устаноўУ 1930-я гг. назіраецца значнае развіццё адукацыйных устаноў. Гэта тлумачыцца наступнымі фактарамі: - фарміраванне буйной прамысловасці, што патрабавала стварэння значнага слою кваліфікаваных рабочых і інжынерна-тэхнічных кадраў; - разгортванне афіцыйнай сталінісцкай прапаганды, для засваення якой патрабаваўся пэўны ўзровень пісьменнасці. У сферы агульнаадукацыйнай школы ў 1930-я гг. адбылася ўніфікацыя адукацыі ў межах СССР. З сярэдзіны 1930-х гг. у сярэдняй школе ўводзіцца дзесяцігадовае навучанне. Сямігадовая школа пераўтвараецца ў ступень базавай адукацыі. Да 1940 г. ва ўсходняй частцы БССР дзейнічала звыш 7 тыс. школ, у якіх працавала звыш 40 тыс. настаўнікаў. Актывізавалася праца па ліквідацыі непісьменнасці. Ужо ў 1941 г. ва ўсходніх раёнах БССР каля 85% насельніцтва з’яўляліся пісьменнымі. Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтаваліся ў прафесійных школах, якія ў 1930 г. былі пераўтвораны ў школы фабрычна-заводскага навучання (ФЗН). Хутка развіваліся сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя. У 1939/40 навучальным годзе ва ўсходняй частцы БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя і 102 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, у якіх займалася 49 тыс. студэнтаў і навучэнцаў. На 1941 г. у БССР працавала звыш 27 тыс. спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Аднак забяспечанасць кадрамі ўстаноў гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай. Адмоўную ролю ў галіне адукацыі мелі рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі шматлікія настаўнікі і выкладчыкі ВНУ і тэхнікумаў. 3 другой паловы 1930-х гг. пачала звужацца сфера выкарыстання беларускай мовы ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. З восені 1938 г. руская мова была ўведзена як абавязковы прадмет з першага класа. У пачатку 1940-х гг. у большасці гарадскіх школ беларуская мова ўжывалася толькі ў пачатковых класах. У працэсе адукацыі істотная роля адводзілася выхаванню мас у духу ідэалогіі сталінізму. Акрамя адукацыйных устаноў важнае значэнне ў гэтай справе надавалася клубам, хатам-чытальням, бібліятэкам, разнастайным гурткам, друкаваным выданням, радыё, кіно, мастацкай самадзейнасці і г.д. У 1938 г. у БССР выдавалася 199 газет з агульным тыражом амаль 1 млн. экзэмпляраў. Праводзімая бальшавікамі індустрыялізацыя патрабавала адпаведнага навуковага забеспячэння. Адносіны дзяржаўных улад да навуковай сферы мелі дваісты характар: з аднаго боку, улады выдзялялі значныя сродкі на стварэнне навукова-даследчых устаноў і падрыхтоўку навуковых кадраў; з другога боку, узмацнялася адміністрацыйнае ўмяшанне дзяржаўных органаў у вырашэнне навуковых праблем. У 1930-я гг. назіраецца пашырэнне Акадэміі навук БССР. З 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў. На Акадэмію навук была ўскладзена задача каардынацыі навукова-даследчых прац, іх выканання і ўкаранення ў вытворчасць вынікаў. Навуковыя даследаванні праводзіліся таксама ў ВНУ. Значныя поспехі былі дасягнуты ў гэты час беларускімі навукоўцамі ў галіне біялогіі, хіміі, матэматыкі, фізікі металаў, сельскагаспадарчых навук, археалогіі, этнаграфіі. У 1940 г. у БССР налічвалася 67 навуковых устаноў, у якіх працавала звыш 2200 навуковых супрацоўнікаў. У той жа час на развіццё навукі, асабліва сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, адмоўна ўплываў жорсткі ідэалагічны кантроль, абмежаванне доступу да дасягненняў сусветнай навукі, што нярэдка падмяняла аб’ектыўнае навуковае вывучэнне праблем сцвярджэннем пастулатаў сталінісцкай ідэалогіі. Цяжкія страты беларускай навуцы прынеслі рэпрэсіі 1930-х гг. у адносінах шматлікіх навукоўцаў, у тым ліку кіраўнікоў Акадэміі навук. Напрыканцы 1930-х гг. даследаванні ў галiне сацыяльна-гуманітарных навук практычна былі спынены. Большасць акадэмічных інстытутаў і іншых навукова-даследчых устаноў працавалі выключна над вузкімі прыкладнымі праблемамі. Фарміраванне таталітарнага рэжыму аказала істотны ўплыў на развіццё літаратуры і мастацтва ў БССР. Пэўны плюралізм ідэй, стыляў і накірункаў, які меў месца ў мастацкай культуры 1920-х гг. быў ліквідаваны. Гэта суправаджалася масавымі рэпрэсіямі ў адносінах пісьменнікаў, мастакоў, дзеячоў музыкі і тэатру. Тэматыка і змест твораў ва ўсіх галінах мастацкай культуры строга рэгламентаваўся. Афіцыйным мастацкім стылем становіцца “ сацыялістычны рэалізм ”. Сутнасць яго заключалася ў скіраванасці на ідэалізацыю існуючага ў СССР грамадскага ладу, гераізацыю дзейнасці бальшавіцкай партыі і яе кіраўнікоў. У сферы літаратуры былі ліквідаваны ўсе пісьменніцкія арганізацыі, якія ўзніклі ў 1920-я гг. На іх месцы створаны ў 1934 г. адзіны Саюз пісьменнікаў БССР, цалкам падкантрольны ўладам, які стаў састаўной часткай Саюза пісьменнікаў СССР. У літаратурных творах усіх пісьменнікаў гэтага перыяду пераважала ідэалізаванае адлюстраванне працэсаў барацьбы бальшавікоў за ўладу, індустрыялізацыі, калектывізацыі, змагання з “ворагамі савецкай дзяржавы”. Найбольш значнымі прадстаўнікамі беларускай мастацкай літаратуры 1930-х гг. з’яўляюцца Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва і інш. У 1930-я гг. пашыраецца сетка прафесійных драматычных тэатраў. У 1932 г. узнікае Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр у Гомелі (расфарміраваны ва ўмовах рэпрэсій у 1937-1938 гг.), які ўзначальваў вядомы беларускі тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок. Рэпертуар тэатральных пастановак падлягаў жорсткай цэнзуры з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады. Значнымі падзеямі ў развіцці музычнага мастацтва з’явілася адкрыццё ў 1932 г. Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1933 г. – Беларускага тэатра оперы і балета. У 1937 г. у Мінску пачала працаваць Беларуская дзяржаўная філармонія. У разглядаемы перыяд у БССР з’яўляецца новы від мастацтва – кіно. У 1928 г. у Ленінградзе была створана кінастудыя мастацкіх фільмаў “ Савецкая Беларусь ”, якая напрыканцы 1930-х гг. была пераведзена ў Мінск. Кінематограф становіцца гукавым, з’яўляецца рэспубліканская кінахроніка і фільмы для дзяцей, экранізуюцца літаратурныя творы. Найбольшае значэнне для гэтага перыяду мелі фільмы Ю. Тарыча і У. Корш-Сабліна. У жывапісе разглядаемага перыяду стыль “сацыялістычнага рэалізму” праявіўся перадусім у стварэнні карцін, прысвечаных падзеям, звязаным з устанаўленнем бальшавіцкай улады і індустрыяльнаму будаўніцтву савецкага часу. Да ліку найбольш значных мастакоў 1930-х гг. можна залічыць І. Ахрэмчыка, У. Волкава, І. Давідовіча, Я. Зайцава, У. Кудрэвіча і інш. У архітэктуры ўкараняецца стыль “ савецкага класіцызму ”, для якога характэрныя пампезнасць і гігантаманія, што павінны былі падкрэсліць непарушнасць існуючага рэжыму. Найбольш вядомымі помнікамі дадзенага стылю з’яўляюцца Дамы ўрада, Чырвонай арміі, Акадэміі навук, у Мінску. Такім чынам, у 1930-я гг. ва ўмовах паскоранай мадэрнізацыі грамадства назіраўся працэс развіцця адукацыі, навукі і розных галін культуры. Разам з тым усталяванне таталітарнага рэжыму істотным чынам тармазіла дадзены працэс у выніку правядзення масавых рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, а таксама жорсткага дзяржаўнага кантролю ў духоўнай сферы жыцця грамадства.
Асноўныя паняцці: Індустрыялізацыя, калектывізацыя, “лагерная эканоміка”, ГУЛАГ, “стаханаўская сістэма”, пяцігадовыя планы, урбанізацыя, камандна-адміністрацыйная сістэма, дзяржаўная бюракратыя (наменклатура), інжынерна-тэхнічныя рабочыя, калгасы, саўгасы, раскулачванне, машынна-трактарныя станцыі, “закон пяці каласкоў”, таталітарызм, сталінізм, Канстытуцыя БССР 1937 г., “нацыянал-дэмакратызм”, культ асобы І. Сталіна, масавыя рэпрэсіі, ОГПУ-НКВД, “сацыялістычны рэалізм”, кіно, “савецкі класіцызм”.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Што такое індустрыялізацыя? Чаму бальшавіцкія ўлады СССР былі зацікаўлены ў яе паскораным ажыццяўленні? 2. З якімі палітычнымі падзеямі ў СССР быў звязаны пачатак паскоранай індустрыялізацыі? Падумайце, ці існуе сувязь паміж індустрыялізацыяй і ўстанаўленнем таталітарнага рэжыму ў СССР? 3. Якія аб’ектыўныя фактары садзейнічалі ліквідацыі нэпа ў савецкай эканоміцы? 4. Назавіце асноўныя крыніцы правядзення паскоранай індустрыялізацыі ў СССР і БССР. 5. Вызначце, якім чынам звязаны паміж сабой паскораная індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў СССР? 6. Што такое “стаханаўская сістэма”? З якой мэтай яна ўводзілася на савецкіх прадпрыемствах? 7. Якія галіны прамысловасці вызначылі спецыялізацыю БССР у межах СССР? Якім чынам можна патлумачыць падобную спецыялізацыю? 8. Што такое урбанізацыя? Якім чынам яна ажыццяўлялася ў БССР у 1930-я гг.? 9. Што такое камандна-адміністрацыйная сістэма? Вызначце асноўныя рысы? 10. Якія змены адбыліся ў сацыяльнай структуры насельніцтва БССР ў 1930-я гг.? 11. Ахарактарызуйце матэрыяльнае становішча працоўных слаёў насельніцтва ва ўмовах паскоранай індустрыялізацыі? 12. Падумайце, якім чынам можна ахарактарызаваць у цэлым вынікі індустрыялізацыі 1930-х гг. для мадэрнізацыі беларускага грамадства? 13. Што такое калектывізацыя сельскай гаспадаркі? Калі яна пачалася ў БССР? Якія мэты перад ёй ставіліся? 14. Пры дапамозе якіх метадаў ажыццяўлялася калектывізацыя? 15. Што такое раскулачванне? З якой мэтай яно праводзілася і якія мела вынікі? 16. Якімі былі адносіны сялянства да правядзення калектывізацыі? 17. Назавіце асноўныя вынікі масавай калектывізацыі ў БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку. 18. Якім чынам была арганізавана ўнутраная структура калгасаў? Якім было матэрыяльнае і юрыдычнае становішча калгаснікаў у 1930-я гг.? 19. Падумайце, якім чынам калектывізацыя адбілася ў цэлым на развіцці сельскай гаспадаркі БССР? 20. Што такое таталітарызм? Калі пачынаецца фарміраванне таталітарнага рэжыму ў СССР і БССР? 21. Вызначце асноўныя палажэнні Канстытуцый СССР 1936 і БССР 1937 гг. Наколькі яны адпавядалі існуючай палітычнай рэчаіснасці? 22. Якія з’явы грамадска-палітычнага жыцця БССР 1930-х гг. сведчаць пра фарміраванне таталітарнага рэжыму? 23. Падумайце, чаму партыйна-дзяржаўныя ўлады ў 1930-я гг. адмовіліся ад палітыкі беларусізацыі? Якія гэта мела сацыяльна-палітычныя наступствы? 24. Дайце характарыстыку масавых рэпрэсій 1930-х гг. Якія сацыяльныя групы ў першую чаргу станавіліся ахвярамі рэпрэсій? Падумайце, чым можна растлумачыць факт, што партыйна-дзяржаўныя кіраўнікі ў вялікай колькасці былі рэпрэсіраваны ў гэты час? 25. Якія можна вылучыць асноўныя мэты правядзення масавых рэпрэсій з боку сталінскага рэжыму? 26. Якія фактары спрыялі павелічэнню колькасці адукацыйных устаноў у БССР у 1930-я гг.? 27. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у 1930-я гг.? 28. Што такое “сацыялістычны рэалізм”? Якую ролю ён выконваў у развіцці мастацкай культуры БССР 1930-х гг.?
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай у БССР. 2. Спецыфіка індустрыялізацыі ў БССР: прычыны, вынікі. 3. Матэрыяльнае становішча гарадскога насельніцтва ў БССР у 1930-я гг. 4. Раскулачванне ў БССР: перадумовы, ход, вынікі. 5. Механізмы фарміравання калгасаў у БССР у 1930-я гг. 6. Масавыя рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў БССР. 7. Роля беларускага насельніцтва ў камплектаванні лагераў ГУЛАГ. 8. Беларуская навука ва ўмовах сталінскага рэжыму.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.006 сек.) |