|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
У.2. Метадалогія гістарычнай навукі
Кожная навука мае сваю метадалогію. Метадалогія навукі – гэта сістэма асноўных прынцыпаў і метадаў пэўнай навуковай дысцыпліны. Прынцыпы – зыходныя паняцці навукі, што вызначаюць асноўныя спосабы вырашэння навуковай праблемы. Метады – гэта сукупнасць прыёмаў і аперацый, што рэгулююць дзейнасць даследчыка і забяспечваюць вырашэнне даследчыцкай задачы. Прынцыпы гістарычнай навукі: Гістарызм – прынцып, у адпаведнасці з якім грамадства вывучаецца ў працэсе развіцця, падчас якога адбываюцца якасныя змены ў розных сферах сацыяльнага жыцця. Аб’ектыўнасць – прынцып, які патрабуе разглядаць гістарычныя з’явы аб’ектыўна, г.зн. такімі, якімі яны ёсць незалежна ад волі і жаданняў асобных індывідаў. Сістэмнасць – прынцып, які патрабуе вывучэння гістарычных з’яў у межах пэўнай грамадскай сістэмы, з улікам усёй сукупнасці ўзаемасувязяў і механізмаў іх фунцыянавання. Метады гістарычнага даследавання: Агульнанавуковыя: аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, абагульненне, абстрагаванне, аналогія, лагічны аналіз. Спецыяльна-навуковыя: гісторыка-генетычны метад дазваляе вывучаць з’явы ў працэсе іх развіцця, ад зараджэння да гібелі ці сучаснага стану; гісторыка-параўнальны метад дазваляе параўноўваць гістарычныя аб’екты ў прасторы і часе, выяўляць падабенствы і адрозненні паміж імі; гісторыка-тыпалагічны дазваляе выяўляць агульныя рысы ў прасторавых групах гістарычных падзей і з’яў і вылучаць аднародныя стадыі ў іх развіцці; гісторыка-сістэмны метад дазваляе праводзіць паглыблены аналіз сацыяльна-гістарычных сістэм і раскрываць унутраныя механізмы іх функцыянавання. Крыніцамі інфармацыі для гісторыкаў выступаюць матэрыялы і знаходкі экспедыцый, раскопак, музейных калекцый, архіваў. Тыпы гістарычных крыніц: - пісьмовыя (летапісы, хронікі, карэспандэнцыя і г.д.); - рэчавыя (музейныя і археалагічныя калекцыі); - этнаграфічныя (прадметы побыту этнічных культур); - фальклорныя (легенды, казкі, песні і г.д.); - вусныя (успаміны непасрэдных удзельнікаў падзей); - кінафотадакументы; - фонадакументы (запісы гука).
У.3. Асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі. У сучасных сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах вылучаюць два асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі: - лінейныя (стадыльна-паступовыя); сутнасць іх палягае ў поглядзе на гісторыю як адзіны працэс паступовага, узыходзячага развіцця чалавецтва, у адпаведнасці з якім вылучаюцца стадыі ў гісторыі; - нелінейныя; сутнасць яго ў поглядзе на гісторыю як працэс фарміравання і развіцця некалькіх самастойных грамадскіх супольнасцяў, кожная з якіх мела сваю самастойную гісторыю. У межах лінейных вылучаюцца наступныя падыходы: 1) Гістарычныя канцэпцыі Асветніцтва (І. Гердэр, М.Ж. Кандарсэ, Л. Морган і інш.). У іх гісторыя чалавецтва падзяляецца на тры стадыі: - дзікасць (перыяд панавання прывойваючай гаспадаркі і родавай абшчыны); - варварства (перыяд пераходу ад родавага да класавага грамадства, узнікнення вытворчай гаспадаркі ў выглядзе земляробства і жывёлагадоўлі, рамяства, пачаткаў гандлю, сацыяльнай няроўнасці); - цывілізацыя (перыяд, для якога характэрна фарміраванне сацыяльна-класавай структуры грамадства, дзяржаўнасці, гарадской гаспадаркі і культуры, пісьмовасці). Штуршком да пераходу грамадства ад адной стадыі да другой абвяшчаюцца распаўсюджанне ведаў аб прыродзе і грамадстве. 2) Фармацыйны падыход распрацаваны ў межах марксізму (К. Маркс, Ф. Энгельс і інш.). У аснове яго знаходзіцца матэрыялістычнае тлумачэнне гісторыі, у адпаведнасці з якім галоўнай сферай грамадскага жыцця абвяшчаецца матэрыяльная вытворчасць. Фармацыя – гэта ўстойлівы тып грамадства, у аснове якога знаходзіцца пэўны спосаб вытворчасці. Спосаб вытворчасці, які ўключае ў сябе прадукцыйныя сілы (прадметы, сродкі працы і працоўная сіла) і адпавядаючыя ім вытворчыя адносіны (адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, абмену, размеркавання і спажывання прадуктаў) абвяшчаюцца базісам грамадства, які вызначае яго спецыфіку. Надбудова (сферы палітыкі, культуры, рэлігіі і г.д.) абвяшчаецца залежнай ад базісу. Усё чалавецтва праходзіць праз некалькі сацыяльна–эканамічных фармацый, якія вылучаюцца на аснове пануючых у пэўным грамадтве вытворчых адносін і правоў уласнасці на сродкі вытворчасці (першабытнаабшчынная, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, а затым пасля пралетарскай рэвалюцыі павінна была прыйсці сацыялістычная-камуністычная). Крыніцай пераходу ад адной фармацыі да другой з’яўляюцца ўнутраныя супярэчнасці ў паміж прадукцыйнымі сіламі, якія пастаянна развіваюцца, і вытворчымі адносінамі, што з’яўляюцца стабільным элементам ў кожнай фармацыі. У перыяды найбольшага абвастрэння эканамічных супярэчнасцяў у грамадстве актывізуецца барацьба паміж сацыяльнымі класамі, якая прыводзіць да сацыяльных рэвалюцый, што становяцца непасрэдным штуршком змены фармацый. Да моцных бакоў фармацыйнага падыходу трэба аднесці тое, што ён упершыню ў гісторыі сацыяльна-філасофскіх канцэпцый пераадолеў ідэалістычную метадалогію, сцвердзіў агульнасць чалавечай гісторыі, непазбежнасць агульнасусветнага прагрэсу. Але гэты падыход: а) перабольшваў ролю эканомікі і неадаацэньваў значэнне іншых сфер грамадскага жыцця; б) абсалютызаваў фактар адзінства чалавечай гісторыі (тыпы фармацый вылучаліся пераважна на аснове аналізу еўрапейскай гісторыі, у той час як на іншых кантынентах вылучэнне падобных тыпаў уяўляецца складаным; в) абсалютызаваў класавую барацьбу як фактар сацыяльнай дынамікі; г) галоўную ролю ў аналізе фармацый надаваў аб’ектыўным фактарам і недаацэньваў значэнне суб’ектыўных фактараў. 3) Канцэпцыі тэхналагічнага дэтэрмінізму (Д. Бел, Э. Тофлер і г.д.). У межах дадзенага падыходу вылучаюцца стадыі гістарычнага развіцця ў залежнасці ад панавання на пэўным этапе тых ці іншых тыпаў тэхналогій. У адпаведнасці з гэтым вылучаюць, як правіла, тры тыпы грамадства: аграрнае (даіндустрыяльнае), індустрыяльнае, постіндустрыяльнае. Аграрнае (даіндустрыяльнае) грамадства характарызуюць: - вядучая роля сельскай гаспадаркі ў эканоміцы; - перавага натуральнай гаспадаркі; - непасрэдны прымус як галоўны сродак ажыццяўлення сацыяльнай улады; - наяўнасць саслоўнай іерархіі; - панаванне аўтарытэтаў і традыцый у якасці галоўнага рэгулятара міжасабістых і грамадскіх адносін; - павольнае развіццё тэхнічнага прагрэсу і яго другасная роля ў працэсах сацыяльнай дынамікі. Індустрыяльнае грамадства мае наступныя характарыстыкі: - вядучая роля прамысловасці ў структуры эканомікі; - прыярытэт таварна-грашовых адносін; - пераўтварэнне капітала ў асноўны інструмент ажыццяўлення сацыяльнай улады; - фарміраванне нацый і нацыянальных дзяржаў; - узнікненне дэмакратычных палітычных інстытутаў; - пераўтварэнне права ў асноўны рэгулятар грамадскіх адносін; - урбанізацыя; - пераўтварэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў асноўны фактар развіцця грамадства. Постіндустрыяльнае грамадства характарызуецца наступнымі рысамі: - пераўтварэнне навуковых ведаў і інфармацыі ў галоўную крыніцу развіцця эканомікі і важнейшы вытворчы рэсурс; - пераўтварэнне сферы паслуг у вядучую галіну эканомікі; - стварэнне інтэлектуалізаванай тэхнікі (аўтаматыка, кампутарныя тэхналогіі); - развіццё сацыяльнай мабільнасці, павелічэнне значэння ў сацыяльнай структуры тэхнічных спецыялістаў; - глабалізацыя ў розных сферах грамадскага жыцця. Нелінейныя падыходы ўвасабляе, галоўным чынам, цывілізацыйны падыход. Цывілізацыйны падыход фарміруецца ў еўрапейскай сацыяльна-гуманітарнай думцы ў 19-20 стст. (М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпенглер). У ім у якасці асноўнай адзінкі сацыяльнага быцця вылучаецца цывілізацыя. Цывілізацыя – гэта ўстойлівая культурна-гістарычная супольнасць людзей, якая адрозніваецца агульнасцю эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага, духоўнага жыцця, наяўнасцю агульных геаграфічных межаў. Розныя даследчыкі налічваюць ад 8 да 21 цывілізацыі. Да гэтага часу адсутнічаюць адзіныя крытэрыі вылучэння цывілізацый. У аснову аналізу звычайна ставяцца рысы культуры, а эканамічныя і палітычныя асаблівасці прасочваюцца не толькі колькасна, але і змястоўна. Даследчыкі на прыкладзе жыцця культур адрозніваюць агульныя стадыі, якія праходзяць цывілізацыі: нараджэнне, росквіт, заняпад ці вясна, лета, восень, зіма. Прадстаўнікі дадзенага падыходу вылучаюць, як правіла, два асноўныя тыпы цывілізацый: Усходні, для якога характэрныя: - традыцыяналізм; - вялікі ўплыў рэлігіі на грамадскае жыццё; - вызначальная роля дзяржаўных інстытутаў у розных сферах жыцця грамадства; - калектывізм; - перавага практычных ведаў над тэарэтычнымі. Заходні, для якога характэрныя: - рацыянальнасць, арыентаваная на змяненне свету і чалавека ў адпавведнасці з чалавечымі патрэбамі і інтарэсамі; - спалучэнне інтарэсаў дзяржавы і асобы ў развіцці грамадства; - панаванне прыватнай уласнасці; - індывідуалізм; - арыентацыя на прагрэс грамадства; - спалучэнне тэарэтычных і практычных ведаў ў форме навукі. Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.006 сек.) |