|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Сацыяльнае развіццё
Індустрыялізацыя і значны эканамічны рост прывялі да істотных змен у сацыяльнай структуры грамадства. Хуткімі тэмпамі ажыццяўлялася урбанізацыя. За 1960 – 1985 гг. удзельная вага гарадскога насельніцтва БССР павялічылася з 32% да 62%. Характэрнай з’явай у дынаміцы сацыяльнай структуры грамадства выступае хуткі рост рабочага класа і служачых. Удзельная вага рабочых сярод занятага насельніцтва за 1960 – 1985 гг. павялічылася з 45% да 60%, служачых – з 14,6% да 25,4%. У той жа час удзельная вага калгаснікаў зменшылася за гэты перыяд з 40,4% да 14,6%. Разам з тым павялічваецца грамадскае значэнне партыйна-дзяржаўнай бюракратыі (наменклатуры). Толькі за 1970 – 1987 гг. колькасць партыйна-дзяржаўнага апарату ўзрасла з 435 тыс. да 695 тыс. чалавек; расходы на яго ўтрыманне за 1960 – 1985 гг. павялічыліся ў 3 разы. Абапіраючыся на ўладныя паўнамоцтвы, бюракратычная эліта пашырала свае прывілеі ў сферы медыцынскага, жыллёва-камунальнага абслугоўвання, матэрыяльнага забеспячэння і г.д. На працягу другой паловы 1950-х – першай паловы 1980-х гг. эканамічны ўздым суправаджаўся павышэннем матэрыяльнага ўзроўню жыцця насельніцтва. У перыяд “хрушчоўскай адлігі” быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных на аслабленне эксплуатацыі працоўных: - скасаванне крымінальнай адказнасці за парушэнні працоўнай дысцыпліны і абмежаванняў на свабодную змены месца працы (1956); - пераход на 5-дзённы працоўны тыдзень (1957); - устанаўленне мінімальных памераў пенсій (1956); - адмена абавязковых аблігацыйных займаў (1957); - зніжэнне падаткаў з насельніцтва. Паляпшэнне матэрыяльнага становішча насельніцтва адлюстроўваюць наступныя з’явы: 1) Павышэнне рэальных даходаў насельніцтва за 1960 – 1985 гг. у 3 разы. Пры гэтым характэрнай выступае тэндэнцыя да ўраўнавання даходаў розных сацыяльных груп працоўных (так, калі ў 1970 г. заработная плата калгаснікаў складала 53% ад заробкаў рабочых і служачых, то ў 1985 г. – 89%). Разам з тым сярэдні ўзровень даходаў насельніцтва БССР быў ніжэйшы ў параўнанні з агульнасавецкім (91% на 1985 г.). 2) Фарміраванне сістэмы гарантаванага пенсійнага забеспячэння: з 1967 г. пенсійнае забеспячэнне стала ўсеагульным. 3) Рост грамадскіх фондаў спажывання: дзяржава аплочвала 2/3 выдаткаў грамадзян на жыллё, выплату пенсій, адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, культурную сферу і г.д. 4) Рост жыллёва-камунальнага будаўніцтва: за 1956 – 1985 гг. у БССР пабудавана 120 млн. м² жылля. 5) Развіццё сістэмы сувязі: рост прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона, значнае павелічэнне колькасці персанальных тэлефонных апаратаў, масавае з’яўленне ў быту радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў. 6) Развіццё сістэмы аховы здароўя. Ужо ў сярэдзіне 1960-х гг. працягласць жыцця ў БССР складала 73 гады, значна знізілася смяротнасць, павялічыўся прырост насельніцтва. Паляпшэнне матэрыяльнага становішча насельніцтва, высокі ўзровень рэгулявання дзяржавай сацыяльнага развіцця дазваляюць сцвярджаць пра фарміраванне ў БССР мадэлі “ сацыяльнай дзяржавы ”. Яе ажыццяўленне прывяло да істотнага змяншэння сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. У той жа час узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва ў БССР, як і ў цэлым у СССР, быў ніжэйшы ў параўнанні з развітымі краінамі Захаду. Сітуацыя “застою” ў эканоміцы На мяжы 1970-1980-х гг. у эканоміцы БССР, як і СССР у цэлым, назіраецца ўзрастанне праблем, што прыводзіць да сітуацыі “ застою ”. Яна характарызавалася наступнымі рысамі: - зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту (у СССР у цэлым у першай палове 1980-х гг. ён склаў 3,6%, у БССР – 5% у год); - рост цэн на тавары і паслугі; - рост дэфіцыту прадметаў масавага спажывання. У гэтых умовах адбывалася замаруджванне росту рэальных даходаў насельніцтва, распаўсюдзіліся крадзяжы, карупцыя, схаванае беспрацоўе, “ценявая эканоміка”. Рост прывілеяў партыйна-дзяржаўнай бюракратыі ў дадзеных умовах прыводзіў да нарастання сацыяльнай напружанасці. Асноўныя прычыны ўзнікнення “застою” ў эканоміцы: - узрастанне неканкурэнтаздольнасці прадукцыі савецкай вытворчасці на сусветным рынку ва ўмовах маруднага засваення дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі; - вялікія выдаткі на развіццё ваенна-прамысловага комплексу, “гонка ўзбраенняў” ва ўмовах “халоднай вайны”; - значнае падзенне цэн на нафту і газ на сусветным рынку ў першай палове 1980-х гг. Вынікі Такім чынам, на працягу другой паловы 1950-х – першай паловы 1980-х гг. Беларусь ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. Завяршылася індустрыялізацыя, пачалося выкарыстанне ў вытворчасці дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Эканамічны рост суправаджаўся павышэннем матэрыяльнага ўзроўню жыцця насельніцтва. Разам з тым да сярэдзіны 1980-х гг. стала заўважным нарастанне эканамічных цяжкасцяў, што было выклікана вычарпаннем рэсурсаў камандна-адміністрацыйнай сістэмы для забеспячэння стабільнага эканамічнага росту. 23.3. Адукацыя, навука, культура ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. Развіццё духоўнай сферы беларускага грамадства ў разглядаемы перыяд вызначаецца наступнымі рысамі: - прыстасаванне да ўмоў індустрыяльнага грамадства; - падпарадкаванне афіцыйнай партыйна-дзяржаўнай ідэалогіі; - паслабленне рэпрэсіўнасці з боку дзяржавы; - русіфікацыя адукацыі і культуры. Ва ўмовах хуткай мадэрнізацыі грамадства адбываюцца істотныя зрухі ў сферы адукацыі. У галіне агульнаадукацыйнай школы была праведзена рэформа, у адпаведнасці з якой базавыя сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмігадовыя, а сярэднія – у адзінаццацігадовыя (з 1964 г. дзесяцігадовыя) з вытворчым навучаннем. Базавая агульная адукацыя з’яўлялася абавязковай. Масавы характар стала набываць атрыманне сярэдняй адукацыі: калі ў 1956 – 1960 гг. сярэднюю адукацыю штогод атрымлівала каля 69 тыс. чалавек, то ў 1981 – 1985 гг. – 169 тыс. Адметнымі рысамі ў развіцці агульнаадукацыйнай школы ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. з’яўляліся: - умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ; - павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўніцкіх кадраў: удзельная вага настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй павялічылася за 1958 – 1985 гг. з 22% да 81,4%; - станаўленне сістэмы політэхнічнага навучання на базе цеснага спалучэння ў вывучэнні школьных прадметаў і асноў сучаснай вытворчасці. У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма прафесійна-тэхнічных вучылішчаў (ПТВ). У 1970-я гг. ПТВ пераходзяць да падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых з сярэдняй адукацыяй. У 1985 г. у БССР дзейнічала 233 ПТВ з 151 тыс. навучэнцаў. Істотна ўзрасла ў разглядаемы перыяд колькасць устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі: за 1960 – 1985 гг. – з 102 да 139, а колькасць навучэнцаў у іх – з 62,6 тыс. да 160,4 тыс. чалавек. Развівалася таксама сістэма вышэйшай адукацыі. У 1985 г. у 33 вышэйшых навучальных установах БССР навучалася 182 тыс. студэнтаў. Колькасць выпускнікоў ВНУ павялічылася з 10 тыс. у 1960 г. да 31 тыс. у 1985 г. Па гэтым паказчыку ў разліку на душу насельніцтва рэспубліка займала адно з першых месц у Еўропе. Практычным вынікам развіцця адукацыі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. стаў значны рост адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. За 1959 – 1985 гг. удзельнага вага асоб, якія мелі вышэйшую і сярэднюю адукацыю ў структуры насельніцтва павялічылася з 30% да 66%. У той жа час меліся і пэўныя негатыўныя тэндэнцыі ў развіцці адукацыі: - фармалізм у арганізацыі працэсу навучання; - недастатковае фінансаванне адукацыйнай сістэмы; - русіфікацыя адукацыі: у БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання; у сярэдзіне 1980-х гг. усяго каля 23% школ працавалі на беларускай мове (амаль усе ў сельскай мясцовасці). Значныя зрухі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. адбываюцца ў сферы навукі. Колькасць навуковых устаноў у БССР за 1956 – 1985 гг. вырасла з 76 да 167. Вядучая роля сярод іх належала навукова-даследчым інстытутам Акадэміі навук БССР. Значна павялічылася колькасць навуковых кадраў: лік навуковых работнікаў у БССР за 1956 – 1985 гг. узрос з 4,4 тыс. да 42,4 тыс. чалавек, з іх кандыдатаў навук – з 1,6 тыс. да 13,1 тыс., дактароў навук – са 134 да 1011 чалавек. Станоўчую ролю ў развіцці навукі адыграла спыненне масавых рэпрэсій і рэабілітацыя многіх рэпрэсіраваных у гады сталінізму навукоўцаў. Ва ўмовах хуткай індустрыялізацыі, а таксама пачатку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі асаблівае значэнне набылі прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. Найбольшыя дасягненні меліся ў наступных галінах навукі: - матэматычныя навукі (тэорыя лікаў, алгебра, тэорыя інтэгральных ураўненняў, вылічальная матэматыка і г.д.); - фізічныя навукі (фізіка элементарных часціц, спектраскапія, люмінісцэнцыя, квантавая электроніка, фізіка плазмы, цвёрдага цела, магнітных з’яў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і г.д.); - хімічныя навукі (хімія прыродных і высокамалекулярных злучэнняў, калоідная і аналітычна хімія); - парашковая металургія; - тэхнічная кібернетыка; - геалогія; - біялогія; - сельскагаспадарчыя навукі. Развіццё навукі ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі прыводзіла да ўсталявання цесных сувязяў паміж навукай і вытворчасцю. Да канца 1980-х гг. на прамысловых прадпрыемствах Беларусі налічвалася каля 2 тыс. навуковых лабараторый, у якіх працавала амаль 20 тыс. чалавек. Развіццю інтэграцыі навукі з вытворчасцю спрыяла стварэнне навукова-вытворчых аб’яднанняў. У 1974 г. упершыню ў СССР узнікла аб’яднанне “МАЗ-БПІ”, куды ўвайшлі БелАЗ, МАЗ, Беларускі політэхнічны інстытут. Аднак у цэлым укараненне дасягненняў навукі ў вытворчым працэсе адбывалася павольна. Гэта тлумачылася наступнымі фактарамі: - адсутнасць эканамічных стымулаў з боку прадпрыемстваў і арганізацый ва ўвядзенні новых распрацовак навукоўцаў; - неэфектыўная сістэма ўкаранення навуковых распрацовак у вытворчасці; - недастатковае фінансаванне навуковых даследаванняў. Атрымалі сваё развіццё ў разглядаемы перыяд сацыяльна-гуманітарныя навукі, у першую чаргу філалогія, літаратуразнаўства, гісторыя, філасофія. Аднак яны ў большай ступені былі падпарадкаваны ідэалагічнаму кантролю з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады. У мастацкай культуры захоўваецца панаванне “сацыялістычнага рэалізму”, партыйна-дзяржаўная цэнзура. Разам з тым назіраецца спалучэнне “сацыялістычнага рэалізму” з элементамі іншых мастацкіх накірункаў і стыляў. Спыніліся масавыя рэпрэіі супраць дзеячоў мастацкай культуры, вярнуліся да працы многія рэпрэсіраваныя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Пачалі друкавацца многія раней забароненыя літаратурныя творы. У межах беларускай літаратуры захаванне асноўных прынцыпаў “сацыялістычнага рэалізму” спалучалася з адыходам у дапушчальных межах ад бесканфліктнага адлюстравання рэчаіснасці, сцвярджэннем агульначалавечых маральных каштоўнасцяў, спробамі больш глыбокага пранікнення ў сутнасць сацыяльных працэсаў. Шэрагі Саюза пісьменнікаў БССР за 1959 – 1985 гг. павялічылася з 170 да 364 членаў. Буйнейшымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры дадзенага перыяду з’яўляюцца Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Іван Навуменка, Барыс Сачанка, Максім Танк, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін і інш. Асноўнымі тэмамі літаратурнай творчасці становяцца: - падзеі Вялікай Айчыннай вайны; - гісторыя Беларусі далёкага мінулага; - сучаснае жыццё індустрыяльнага горада і вёскі; - маральна-этычныя праблемы жыцця людзей. У другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. атрымала далейшае развіццё беларускае кіно. Кожны год на кінастудыі “Беларусьфільм” выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Мастацкая кінематаграфія звязана была перадусім з развіццём тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны на аснове твораў беларускіх літаратараў. Разглядаемы перыяд адзначаецца развіццём тэатральнага мастацтва. Колькасць тэатраў у БССР за 1960 – 1985 гг. павялічылася з 11 да 17 (2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных). У рэпертуары тэатраў пераважалі творы беларускіх драматургаў, рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В.Елізар’ева. Музычнае мастацтва адзначаецца перш за ўсё развіццём жанраў сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У.Алоўнікаў, М.Аладаў, А.Багатыроў, І.Лучанок, У.Мулявін, П.Падкавыраў, Я.Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М.Аладава, Дз.Лукаса, Р.Пукста, Дз.Смольскага, Ю.Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да тэматыкі Вяліай Айчыннай вайны, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. У 1970-1980-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”). Выяўленчае мастацтва характарызуеца спалучэннем панавання “сацыялістычнага рэалізму” з выкарыстаннем новых мастацкіх прыёмаў. Дамінуючай з’яўлялася тэматычная карціна. Найбольш вядомымі мастакамі гэтага перыяду былі Г. Вашчанка, В. Волкаў, Ф. Дарашэвіч, А. Малішэўскі В. Стальмашонак, М. Савіцкі, В. Цвірко, Л. Шчамялёў і інш. Асноўнымі жанрамі жывапісу выступалі: - адлюстраванне падзей Вялікай Айчыннай вайны; - гісторыка-рэвалюцыйны; - партрэтны; - гарадскі пейзаж; - бытавы жанр; - нацюрморт. Беларуская графіка прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У.Басалыгі, С.Геруса, В.Шаранговіча). Дасягненнем скульптурнага мастацтва з’явіліся работы З. Азгура, А. Бембеля, А. Глебава, А. Грубэ, С. Селіханава і інш. Найбольш вядомымі помнікамі беларускіх скульптараў сталі мемарыяльныя ансамблі і комплексы (гарэльефы для манумента Перамогі ў Мінску, комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і г.д.). Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва, будаўніцтва буйных прамысловых комплексаў. Пашыраюцца кнігавыдавецтва і перыядычны друк. У той жа час адзначаецца ўзмацненне русіфікацыі ў сферы духоўнай культуры: беларускамоўная друкаваная прадукцыя ў 1985 г. складала ўсяго 32%. Пасля смерці І. Сталіна адбылося некаторае аслабленне рэпрэсій у адносінах да рэлігійных арганізацый розных канфесій. У той жа час на працягу разглядаемага перыяду, асабліва падчас праўлення М. Хрушчова, шырока практыкаваліся закрыццё і нават знішчэнне культавых будынкаў, дыскрымінацыя прадстаўнікоў духавенства. Удзел у дзейнасці рэлігійных арганізацый мог стаць істотнай перашкодай у прафесійнай кар’еры. Такім чынам, у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. былі дасягнуты значныя поспехі ў развіцці адукацыі, навукі і культуры, якія трапілі ў адпаведнасць са стандартамі індустрыяльнага грамадства. У той жа час панаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы істотным чынам замаруджвала далейшае развіццё духоўнай сферы жыцця грамадства, садзейнічала аслабленню элементаў нацыянальнай культуры.
23.4. Перабудова ў БССР (1985-1991 гг.). Перыяд 1985–1991 гг. у БССР, як і ў цэлым у СССР, адзначаны правядзеннем карэнных сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў, якія ў выніку прывялі да ліквідацыі ўлады КПСС, распаду СССР і фарміравання незалежнай беларускай дзяржавы. Дадзены перыяд увайшоў у гісторыю пад назвай перабудовы і супадае па часе з перыядам знаходжання на чале ўлады ў СССР апошняга генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Правядзенне перабудовы было выклікана абвастрэннем шэрагу сацыяльных праблем: 1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. У СССР уся рэальная ўлада належала чыноўнікам партыйна-дзяржаўнага апарату. Былі абмежаваны грамадзянскія і практычна адсутнічалі палітычныя свабоды. Фарміраванне індустрыяльнага грамадства, якое суправаджалася агульным павышэннем матэрыяльнага, адукацыйнага і культурнага ўзроўню насельніцтва, патрабавала дэмакратызацыі сацыяльна-палітычнай сістэмы. 2) Сацыяльна-эканамічная праблема: Ва ўмовах індустрыялізацыі былі створаны новыя развітыя прадукцыйныя сілы. Далейшае іх развіццё патрабавала актыўнага засваення вынікаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Вытворчыя адносіны, заснаваныя на строга цэнтралізаванай камандна-адміністрацыйнай сістэме кіравання эканомікай, не адпавядалі гэтым патрэбам, замаруджвалі развіццё тэхнічнага прагрэсу. 3) Нацыянальная праблема: Па меры развіцця нацый ва ўмовах індустрыяльнага грамадства абвастраліся супярэчнасці паміж імперскай палітыкай саюзнага кіраўніцтва і інтарэсамі асобных рэспублік і рэгіёнаў у складзе СССР. Да сярэдзіны 1980-х гг. адбываецца фарміраванне моцных мясцовых нацыянальных эліт (бюракратычных, гаспадарчых, навукова-культурных), а потым адпаведных нацыянальных рухаў, якія выступалі за павышэнне самастойнасці нацыянальных рэгіёнаў у складзе СССР або за стварэнне незалежных дзяржаў. Ажыццяўленне перабудовы прайшло праз тры асноўныя этапы: Першы этап ахоплівае 1985–1987 гг. Для яго характэрна арыентацыя на частковае ўдасканаленне існуючай сацыяльна-эканамічнай сістэмы пры захаванні манаполіі партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў палітычным жыцці. Дадзены этап перабудовы вызначаўся як “ курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця ”, канцэпцыя якога была ўхвалена на красавіцкім пленуме ЦК КПСС 1985 г. і ХХVII з’ездзе КПСС 1986 г. Яе галоўнай задачай абвяшчалася тэхнічная мадэрнізацыя эканомікі на аснове дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, асабліва ў галіне машынабудавання. На аснове дадзенай канцэпцыі былі праведзены наступныя пераўтварэнні: - павелічэнне фінансавання перспектыўных галін эканомікі; - пашырэнне гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў шляхам увядзення гаспадарчага разліку і самафінасавання. Аднак, нягледзячы на захаванне штогадовага росту аб’ёмаў вытворчасці, істотнага прагрэсу ў эканамічным жыцці ў выніку рэалізацыі дадзенага курсу не адбылося. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын: - рост інфляцыі; - аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. і звязаныя з ёй велізарныя матэрыяльныя страты і выдаткі (радыенуклідамі забруджана каля 20% тэрыторыі БССР, прыйшло ў непрыгоднасць каля 300 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, значная частка насельніцтва была выселена з забруджанай зоны); - падзенне ў 2-3 разы цэн на нафту і газ на сусветным рынку; - няўменне і нежаданне партыйна-дзяржаўнага апарату выкарыстоўваць новыя метады кіравання эканомікай. Другі этап перабудовы ахоплівае 1987 – 1989 гг. Ён характарызуецца радыкалізацыяй сацыяльна-эканамічных рэформ і пачаткам правядзення рэформ у сацыяльна-палітычнай сферы. Абвяшчаецца пераход да т.зв. “ гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму ”. У сацыяльна-эканамічнай галіне ў гэты перыяд праводзіліся наступныя рэформы: - увядзенне элементаў рыначнай эканомікі ў сістэме тавараабмену дзяржаўных прадпрыемстваў (прадпрыемствы пастаўлялі на аснове абавязковага т.зв. дзярзаказу асноўную частку прадукцыі, астатняя частка магла рэалізоўвацца па свабодных цэнах); - умацаванне гаспадарчага разліку, самафінансавання і самакіравання прадпрыемстваў (прадпрыемствы атрымалі магчымасць самастойна вызначаць колькасць работнікаў, узровень заработнай платы, выбіраць эканамічных партнёраў); - увядзенне элементаў саўдзелу рабочых у кіраванні прадпрыемтвамі (права выбараў працоўнымі калектывамі кіраўнікоў прадпрыемстваў, справаздачнасць адміністрацыі перад саветамі працоўных калектываў); - стварэнне недзяржаўнага сектара эканомікі ў форме кааперацыі і арэнды; - канверсія вытворчасці ваенна-прамысловага комплекса. Аднак увядзенне элементаў рыначнай эканомікі праходзіла марудна. Захоўваўся кантроль міністэрстваў і ведамстваў над вытворчасцю. Кааператыўны сектар ва ўмовах высокіх падаткаў і цэн на сыравіну і матэрыялы ўяўляў з сябе пераважна спекулятыўны гандаль дэфіцытнымі таварамі. На працягу дадзенага этапу захоўваўся і нават некалькі павялічыўся рост аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак негатыўныя фактары, якія мелі месца на першым этапе перабудовы, захаваліся і садзейнічалі нарастанню гаспадарчых цяжкасцяў. У сацыяльна-палітычнай сферы адбываецца працэс дэмакратызацыі. Яе пачаткам стала абвяшчэнне палітыкі галоснасці на ХІХ партканферэнцыі ў чэрвені 1988 г. Яна ўключала ў сябе наступныя элементы: - абмежаванне цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі, публікацыя раней забароненых твораў, з’яўленне крытычных матэрыялаў у прэсе; - кампанія па асуджэнні злачынстваў сталінізму, правядзенне масавай рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій; - легалізацыя дзейнасці незалежных грамадскіх арганізацый. Кіраўніцтва СССР на чале з М. Гарбачовым імкнулася выкарыстаць палітыку галоснасці для абмежавання ўплыву той часткі партыйна-дзяржаўнага бюракратычнага апарату, якая выступала супраць правядзення ў краіне сацыяльна-эканамічных рэформ, абвяшчалася “тормазам перабудовы”. У той жа час была абвешчана рэформа сістэмы палітычнай улады. У канцы 1988 г. унесены папраўкі ў Канстытуцыю СССР, у адпаведнасці з якімі вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся з’езд народных дэпутатаў СССР, які фарміраваў Вярхоўны Савет СССР. Тады ж быў прыняты новы выбарчы закон, паводле якога прадугледжваліся свабодныя выбары ва ўсе органы прадстаўнічай улады на альтэрнатыўнай аснове; разам з тым 1/3 месц у дадзеных органах рэзервавалася для прадстаўнікоў дзяржаўных грамадскіх арганізацый. У сакавіку 1989 г. адбыліся выбары ў І з’езд народных дэпутатаў СССР, 60 дэпутатаў якога былі абраны ад БССР. Пашыраюцца ўладныя функцыі Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў; яны паступова вызваляюцца з-пад апекі партыйных органаў. У галіне міжнароднай палітыкі хутка адбываецца адыход ад канфрантацыі з краінамі Захаду да партнёрскіх адносін, што азначала канец “халоднай вайны”. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР на чале з першым сакратаром ЦК КПБ Я. Сакаловым (1987–1990) займала больш кансерватыўныя пазіцыі ў параўнанні з саюзным кіраўніцтвам і крытычна ставілася да хуткіх палітычных пераўтварэнняў. Разам з тым у БССР, як і ў цэлым у СССР, палітыка галоснасці прывяла да імклівага фарміравання грамадзянскай супольнасці: узнікалі грамадзянскія ініцыятывы, ствараліся дыскусійныя і рабочыя клубы, грамадскія арганізацыі. Першапачаткова грамадскі рух развіваўся ў рэчышчы падтрымкі перабудовы. Аднак паступова яго радыкальная частка пераходзіць у апазіцыю да ўлады. Яе прадстаўнікі ў чэрвені 1989 г. стварылі Беларускі народны фронт (БНФ) з мэтай дасягнення нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту і паглыблення дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве. Трэці этап перабудовы ахоплівае 1989–1991 гг., які можна ахарактарызаваць як крызіс перабудовы. У гэты перыяд у СССР пачынаецца глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс. Яго прыкметамі сталі: - значны спад аб’ёмаў вытворчасці ва ўсіх галінах эканомікі (за 1989-1991 гг. у цэлым па СССР падзенне нацыянальнага даходу склала 33%); - хуткі рост цэн, інфляцыя; - узрастанне дэфіцыту на асноўныя тавары (у 1990 г. уводзіцца картачная сістэма на продаж шэрагу прадуктаў); - імклівы рост “ценевай эканомікі”, спекуляцыі. Прычынамі крызісу сталі: - няўменне бюракратычнага апарату спалучаць метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з механізмамі рыначнай эканомікі; - распад традыцыйных гаспадарчых сувязяў; - - працяглае падзенне цэн на нафту і газ на сусветным рынку. Характэрнай рысай эканомікі БССР у гэты перыяд з’яўляецца адносная стабільнасць на фоне агульнасавецкай эканомікі. Спад вытворчасці пачынаецца толькі ў 1991 г. (за гэты год скарачэнне нацыянальнага прадукту склала 3%). Тым не менш ва ўмовах эканамічнага крызісу паўстае пытанне аб неабходнасці новай эканамічнай рэформы. Паглыбленне сацыяльна-эканамічнага крызісу прывяло да ўздыму грамадска-палітычнага руху ў СССР. У розных рэгіёнах краіны адбываюцца масавыя выступленні працоўных (забастоўкі, стачкі), дэманстрацыі, мітынгі, якія паступова пачалі набываць палітычны характар. Папулярнасць палітыкі М. Гарбачова, якая была вельмі высокай у папярэднія гады, у 1989-1991 гг. імкліва змяншалася. На развіццё грамадска-палітычнага руху значны ўплыў аказалі паспяховыя дэмакратычныя рэвалюцыі 1989-1990 гг. у краінах Цэнтральнай Еўропы. У сакавіку 1990 г. ІІІ з’езд народных дэпутатаў прыняў папраўку да канстытуцыі, паводле якой скасоўвалася прывілеяванае становішча КПСС у сістэме дзяржаўнай улады. У дадзеных умовах адбываецца хуткае нарастанне ўплыву нацыянальных рухаў у саюзных і аўтаномных рэспубліках СССР; абвастраюцца супярэчнасці паміж саюзнымі ўладамі і рэспубліканскімі элітамі. На працягу 1990 г. усе рэспублікі СССР прымаюць дэкларацыі аб суверэнітэце, у якіх патрабуюць пашырэння сваёй самастойнасці. У сакавіку – красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі правячага партыйна-дзяржаўнага апарату. Каля 100 дэпутатаў утварылі апазіцыйны Дэмакратычны клуб, які выступаў за паскарэнне рэформ у эканамічным і палітычным жыцці. З яго шэрагаў 30 дэпутатаў увайшлі ў склад апазіцыйнай фракцыі БНФ. Старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны Мікалай Дземянцей. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет міністраў на чале з Вячаславам Кебічам. У 1990 – першай палове 1991 гг. адбываюцца істотныя пераўтварэнні ў палітычным жыцці БССР: - ліквідацыя цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі, з’яўленне новых масавых перыядычных выданняў; - фарміраванне шматпартыйнасці: узнікаюць Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сялянская партыя і г.д.; - стварэнне незалежных прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый; - падзенне аўтарытэту КПСС, узмацненне антыкамуністычных настрояў у грамадстве (у 1990 г. КПСС-КПБ пакінула 63 тыс. чалавек); - пачатак беларусізацыі ў розных сферах грамадскага жыцця, адукацыі, культуры ў адпаведнасці з Законам аб мовах 1990 г., паводле якога адзінай дзяржаўнай мовай у БССР абвяшчалася беларуская. У першай палове 1991 г., у сувязі з эканамічным крызісам і пагаршэннем жыццёвага ўзроўню насельніцтва абвастраецца грамадска-палітычная сітуацыя. У красавіку 1991 г. адбываюцца масавыя забастоўкі рабочых у розных гарадах Беларусі з патрабаваннямі паляпшэння матэрыяльнага становішча. Паступова да эканамічных лозунгаў далучаліся палітычныя: дэмакратызацыя грамадска-палітычнага ладу, нацыяналізацыя маёмасці КПСС-КПБ. Забастоўкі скончыліся кампрамісам. Да сярэдзіны 1991 г. СССР знаходзіўся ў стане глыбокага сістэмнага крызісу. Урад М. Гарбачова выявіў няздольнасць вырашэння сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных праблем. У гэтых умовах частка прадстаўнікоў вышэйшага партыйна-дзяржаўнага апарату 19-21 жніўня 1991 г. зрабіла спробу дзяржаўнага перавароту, абвясціла пра адстаўку М. Гарбачова і ўвядзенне надзвычайнага становішча; імі быў утвораны ў Маскве асобы орган – Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП). Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай жнівеньскі путч. Аднак кіраўніцтва РСФСР на чале прэзідэнтам Б. Ельцыным і дэмакратычныя сілы Расіі рашуча выступілі супраць ГКЧП. У выніку 21 жніўня путч быў ліквідаваны. Падаўленне путчу прывяло да рэвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы: была адменена дзейнасць КПСС і нацыяналізавана ўся яе маёмасць; савецкія рэспублікі абвясцілі пра дзяржаўную незалежнасць, адбыўся распад СССР. Урад М. Гарбачова страціў усякую ўладу і ў снежні 1991 г. спыніў сваё існаванне. Такім чынам, перабудова 1985-1991 гг. прывяла да істотных сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў у БССР. Аднак пралікі ў правядзенні рэфармавання, а таксама негатыўныя знешнеэканамічныя фактары прывялі да глыбокага сістэмнага крызісу, страты улады КПСС-КПБ, распаду СССР і набыцця дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
Асноўныя паняцці: “Хрушчоўская адліга”, ХХ з’езд КПСС, Канстытуцыя СССР 1977 г., Канстытуцыя БССР 1978 г., “развіты сацыялізм”, савецкі народ, “эпоха застою”, індустрыяльная рэспубліка, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, Савет народнай гаспадаркі БССР, эканамічная рэформа 1965 г., гаспадарчы разлік, урбанізацыя, навуковыя лабараторыі, навукова-вытворчыя аб’яднанні, перабудова, “курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця”, аварыя на Чарнобыльскай АЭС, галоснасць, з’езд народных дэпутатаў СССР, Беларускі народны фронт, сацыяльна-эканамічны крызіс 1989-1991 гг., Вярхоўны Савет ХІІ склікання, Дэмакратычны клуб, Закон аб мовах 1990 г., жнівеньскі путч, распад СССР.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Якія факты сведчаць пра працэс паступовай эвалюцыі таталітарнага рэжыму ў СССР да аўтарытарнага пасля смерці І. Сталіна? 2. Што такое “хрушчоўская адліга”? Якія грамадска-палітычныя пераўтварэнні адбываюцца ў СССР і БССР у гэты перыяд? 3. Якія можна вылучыць адрозненні грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг. у параўнанні з перыядам “хрушчоўскай адлігі”? 4. Які сэнс укладваецца ў паняцце “эпоха застою”? Якія адметныя рысы вызначанага перыяду? 5. Якім чынам у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. змяняюцца адносіны да праяў іншадумства ў грамадстве ў параўнанні з эпохай сталінізму? 6. Падумайце, у якой ступені пашырыліся правы БССР на міжнароднай арэне ў параўнанні з часамі сталінізму і ў чым захавалася залежнасць ад саюзнай улады? 7. Якія факты сведчаць пра пераўтварэнне БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. у індустрыяльную рэспубліку? 8. Вызначце адрозненні ў правядзенні індустрыялізацыі ў БССР у перыяд сталінізму і ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 9. Якім чынам змяняецца структура прамысловасці БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Назавіце асноўныя галіны. 10. Вызначце спецыялізацыю прамысловасці БССР разглядаемага перыяду ў агульнасаюзным падзеле працы. Падумайце, чым можа быць абумоўлена менавіта такая спецыялізацыя? 11. Дайце характарыстыку гаспадарчых сувязяў прамысловых прадпрыемстваў БССР у межах СССР і знешнеэканамічных сувязяў. 12. Якія змены адбываюцца ў развіцці транспартнай сістэмы БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 13. Што такое навукова-тэхнічная рэвалюцыя? Якія асаблівасці ажыццяўлення навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР і СССР? Якія можна вылучыць прычыны яе маруднага разгортвання? 14. Ахарактарызуйце асноўныя рэформы ў прамысловасці БССР і СССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 15. Дайце агульную характарыстыку развіцця сельскай гаспадаркі БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг. 16. Якія змены ў развіццё сельскай гаспадаркі прынесла касыгінская эканамічная рэформа? 17. Якія пераўтварэнні адбыліся ў сельскай гаспадарцы БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг.? 18. Што такое ўрбанізацыя? Якія маштабы меў дадзены працэс ў БССР у разглядаемы перыяд? Якія яго прычыны? 19. Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай структуры грамадства ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 20. Якія факты адлюстроўваюць паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 21. Калі ў эканоміцы БССР і СССР з’яўляецца сітуацыя “застою”? Якія яе прыкметы і прычыны? 22. Якія змены адбываюцца ў развіцці агульнаадукацыйнай школы ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 23. Якія рысы мела развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 24. Якія галіны навукі ў БССР дасягнулі найбольшых поспехаў у сваім развіцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Чым можна гэта патлумачыць? 25. Якія тэндэнцыі характарызуюць развіццё мастацкай культуры ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Якія змены адбыліся ў дадзенай сферы ў параўнанні з часамі сталінізму? 26. Што такое перабудова? Якімі фактарамі выклікана яе ажыццяўленне? 27. Якія можна вылучыць этапы перабудовы ў СССР і БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку. 28. Што такое палітыка галоснасці? Якімі фактарамі было выклікана яе ўвядзенне? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў яна прывяла? 29. Калі ў СССР пачынаецца сістэмны сацыяльна-эканамічны крызіс? Якія яго праявы і прычыны? Якім чынам ён паўплываў на актывізацыю грамадска-палітычнага руху ў СССР і БССР? 30. Калі быў сфарміраваны Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання? Ахарактарызуйце яго склад. 31. Якія змены адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці БССР у 1990 – першай палове 1991 гг.? 32. Што такое жнівеньскі путч? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў у СССР і БССР прывяла яго ліквідацыя? Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Рэабілітацыя ахвяр сталінізму ў БССР у перыяд “хрушчоўскай адлігі”. 2. Удзел БССР у міжнародным жыцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 3. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя ў БССР: асаблівасці ажыццяўлення. 4. Касыгінская эканамічная рэформа і яе ўплыў на развіццё народнай гаспадаркі БССР. 5. Урбанізацыя ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 6. Сістэма вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 7. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе вынікі. 8. Станаўленне парламенцкай сістэмы ў БССР у 1989–1991 гг.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.024 сек.) |