|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у 15 – першай палове 16 стстУ выніку Востраўскага пагаднення пачынаецца праўленне ў ВКЛ Вітаўта (1392–1430). Афіцыйна тытул вялікага князя ён атрымаў у 1401 г. пры захаванні ўмоўнай васальнай залежнасці ад польскага караля. Ва ўнутранай палітыцы Вітаўтам праводзілася цэнтралізацыя дзяржавы: была ліквідавана большасць удзельных княстваў (у тым ліку Полацкае), а на іх месцы ўтвараліся ваяводствы і намесніцтвы на чале з прызначанымі вялікім князем ваяводамі і намеснікамі. Пасля канчатковага далучэння да ВКЛ Жамойці ў 1411 г. на чале яе адміністрацыйнага апарату быў пастаўлены прызначаны вялікім князем стараста і стаў ажыццяўляцца масавы прымусовы перавод мясцовага язычніцкага насельніцтва ў каталіцызм. Гэта выклікала паўстанне жамойтаў у 1418 г., якое было жорстка падаўлена войскамі Вітаўта. Палітыка цэнтралізацыі, праводзімая Вітаўтам, выклікалі незадаволенасць княскай арыстакратыі, нашчадкаў Рурыкавічаў і Гедымінавічаў. Гэта выкарыстоўвалі канкурэнты Вітаўта ў прэтэнзіях на пасаду вялікага князя, найбольш значным сярод якіх быў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла. У барацьбе з імі Вітаўт абапіраўся перадусім на сярэдняе баярства, асабліва каталіцкага веравызнання. Паводле Гарадзельскага прывілею 1413 г. пацвярджаліся ўсе іх грамадзянскія прывілеі, а таксама ўказвалася выключнае права каталіцкіх князёў і баяр займаць вышэйшыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання. У адносінах з Польшчай Вітаўт імкнуўся да максімальнай самастойнасці ВКЛ. Аднак па ўнутры- і знешнепалітычных прычынах працягваў прызнаваць афіцыйную васальную залежнасць ад Польшчы, пацвярджэннем чаго былі Віленска-Радамская і Гарадзельская уніі ў 1401 і 1413 гг. Гарадзельская унія замацоўвала перадачу 47 польскіх гербоў 47 шляхецкім родам ВКЛ. Паводле яе, абвяшчалася неадходнасць агульнай згоды прадстаўнікоў Польшчы і ВКЛ на абранне чарговага манарха. Спрабуючы цалкам аднавіць незалежнасць краіны ў 1430 г. Вітаўт паспрабаваў каранавацца як кароль ВКЛ, аднак карону перахапілі ў Польшчы, а сам Вітаўт нечакана памёр. Знешняя палітыка ВКЛ падчас праўлення Вітаўта ўключала наступныя накірункі: 1) Барацьба з крыжакамі: Напрыканцы 14 ст. націск крыжакоў Тэўтонскага ордэна на ВКЛ узмацняўся. Паводле пагадненняў 1398 і 1404 гг. ВКЛ прызнавала ўладу Ордэна ў Жамойці. У 1409-1411гг. адбываецца “Вялікая вайна” паміж ВКЛ і Польшчай, з аднаго боку, і Ордэнам, з другога. Яе кульмінацыяй стала Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г. (буйнейшая па колькасці ўдзельнікаў бітва Сярэднявечча), падчас якой ордэнскае войска было ўшчэнт разгромлена (загінула каля 18 тыс. крыжакоў і ўсё кіраўніцтва Ордэна). Пасля гэтага на працягу двух месяцаў праводзілася аблога сталіцы ордэна – Мальбарка, але Вітаўт, які апасаўся празмернага ўзмацнення Польшчы, адвеў войскі. Паводле Торуньскага міру 1411 г. тэрыторыя Жамойці і Занёманскай Літвы адыходзіла да ВКЛ, што канчаткова замацаваў Мельнскі мір 1422 г. У выніку вайны Тэўтонскі ордэн спыніў агрэсію на ўсход і пераўтварыўся ў другарадную дзяржаву ў рэгіёне. 2) Барацьба супраць Залатой Арды: ВКЛ актыўна падтрымлівае прэтэндэнтаў на ханскі трон ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў Залатой Ардзе. У 1399 г. аб’яднаныя сілы ВКЛ і былога хана Тахтамыша пацярпелі паражэнне ад войскаў Залатой Арды і саюзнага ім цэнтральнаазіяцкага правіцеля Цімура (Тамерлана) на р. Ворскла. У гэтай бітве загінула больш 50 князёў, у т.л. Андрэй Полацкі. Вітаўт запрасіў татараў Тахтамыша ў ВКЛ на правах паселенага войска і дараваў ім правы, аналагічныя шляхецкім, акрамя права валодаць хрысціянамі. Выкарыстоўваючы міжусобіцы ў Залатой Ардзе ў 1420-я гг., ВКЛ атрымала Таўрыду і выхад да Чорнага мора. 3) Усходняя палітыка: У 1404 г. было канчаткова далучана да ВКЛ Смаленскае княства. Палітычная актыўнасць Вітаўта ў 1424 – 1427 гг. прывяла да таго, што васальную залежнасць ад ВКЛ фактычна прызналі Маскоўскае, Разанскае, Пераяслаўскае і шэраг іншых княстваў, а ў 1428 г. пасля кароткачасоай вайны быў узяты выкуп з Наўгародскай рэспублікі. 4) Еўрапейская палітыка: У кантэксце супрацьстаяння Свяшчэннай Рымскай імперыі, якой падпарадкоўваўся Тэўтонскі Ордэн і якому яна аказвала істотную матэрыяльную падтрымку, Вітаўт выступіў у падтрымку паўстання чэшскіх гусітаў (прадстаўнікоў антыкаталіцкага рэлігійнага руху) 1419 – 1434 гг., накіраванага супраць Свяшчэннай Рымскай імперыі і каталіцкай царквы. Вітаўт быў абвешчаны паўстанцамі каралём Чэхіі і даслаў на дапамогу ім у 1422 г. 5-тысячнае войска на чале са сваім намеснікам Жыгімонтам Карыбутавічам. Аднак, дасягнуўшы кампрамісу з імперыяй, у 1423 г. Вітаўт адмовіўся ад чэшскай кароны на карысць Жыгімонта Карыбутавіча, а ў 1424 г. вывеў войскі ВКЛ з Чэхіі. Пасля смерці Вітаўта, у 1430 г. вялікім князем літоўскім становіцца Свідрыгайла. Была скасавана унія з Польшчай і пачаўся ўзброены канфлікт з Польшчай з-за спрэчных тэрыторый на Валыні і Падоллі, для чаго былі заключаны саюзніцкія пагадненні з Ноўгарадам і Лівонскім Ордэнам. У кастрычніку 1432 г. пры падтрымцы Ягайлы групоўка арыстакратыі, якая абапіралася на саюз з Польшчай, ажыццявіла дзяржаўны пераварот, абвясціла вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (малодшага брата Вітаўта) (1432 – 1440), а таксама аднаўленне уніі з Польшчай. У выніку адбыўся раскол дзяржавы: заходняя частка краіны прызнавала ўладу Жыгімонта Кейстутавіча; усходняя (Полацк, Віцебск, Кіеў) – Свідрыгайлы. Паміж абодвума бакамі пачалася грамадзянская вайна 1432-1439 гг. Па сутнасці вайна стала адлюстраваннем канфлікту паміж дзвюма групоўкамі арыстакратыі. У лістападзе – снежні 1432 г. войска Свідрыгайлы ажыццявіла паход на Вільню, але ў бітве пад Ашмянамі (студзень 1433 г.) пацярпела паражэнне. Кульмінацыйнай падзеяй у вайне стала бітва пад Вількамірам 1435 г., у якой перамогу атрымалі войскі Жыгімонта. Перамога Жыгімонта ў значнай ступені была абумоўлена пераходам на яго бок часткі праваслаўнай знаці ў выніку прыняцця прывілеяў 1432 і 1434 гг., якія гарантавалі праваслаўнай шляхце роўныя грамадзянскія правы з каталіцкай (акрамя права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў вялікакняскай радзе). Адыгралі сваю ролю таксама суб’ектыўныя якасці Свідрыгайлы, які быў вельмі нястрыманым чалавекам, у 1435 г. па падазрэнні ў здрадзе спаліў у Віцебску праваслаўнага мітрапаліта Герасіма. У 1436 г. Полацк і Віцебск, а ў 1439 г. Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча. Грамадзянская вайна прывяла да гібелі і заняпаду многіх арыстакратычных родаў, перадзелу ўласнасці. У той жа час яна садзейнічала ўзвышэнню сацыяльна-палітычнага значэння сярэдняга баярства. Падчас свайго праўлення Жыгімонт Кейстутавіч уваходзіць у канфлікт з арыстакратычнымі коламі, праводзячы рэпрэсіўную ўнутраную палітыку. У выніку змовы знаці, Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты, а вялікім князем быў абвешчаны малодшы сын Ягайлы Казімір Ягайлавіч (1440–1492). У 1447 г. Казімір Ягайлавіч стаў адначасова польскім каралём, што азначала пацвярджэнне персанальнай уніі ВКЛ і Польскага каралеўства. Перад сваім ад’ездам на каранацыю ў Кракаў Казімір стварыў рэгенцкую раду з магнатаў, якая пачала кіраваць ВКЛ у адсутнасць вялікага князя. Падчас праўлення Казіміра Ягайлавіча адбываецца ўзвышэнне новай арыстакратыі (фарміруецца часткова за кошт былых удзельных князёў, часткова за кошт баярства), цэнтрам якой становіцца дарадчы орган улады – Паны Рада. Паводле прывілею 1447 г. пацвярджаліся гарантыі асабістай свабоды і недатыкальнасці шляхты, права на свабодны выезд за мяжу, продаж, абмен і перадачу па спадчыне маёнткаў, суд над падданымі сялянамі, абвяшчалася вызваленне шляхецкіх уладанняў ад дзяржаўных павіннасцей і г.д. Частка княскай арыстакратыі была незадаволена спробамі працягу цэнтралізацыі (пераўтварэнне Кіеўскага княства ў намесніцтва ў 1471 г.), падтрымкай пераважна каталіцкай знаці. У яе колах быў падрыхтаваны няўдалы замах на жыццё Казіміра ў 1481 г. (М.Алелькавіч, І. Гальшанскі, Ф.Бельскі). У знешняй палітыцы Казімір арыентаваўся на мірныя ўзаемаадносіны з суседнімі дзяржавамі, буйнейшымі сярод якіх сталі ў гэты час Маскоўскае княства і Крымскае ханства (утворанае у выніку распаду Залатой Арды). У 1470-1480-я гг. Маскоўскае княства падпарадкавала сабе Наўгародскую рэспубліку, Цвярское княства і шэраг больш дробных княстваў ва Ўсходняй Еўропе фактычна без супрацьдзеяння ВКЛ. Ад ВКЛ да Масковіі перайшлі Вярхоўскія княствы. У выніку геапалітычная ініцыятыва ва Ўсходняй Еўропе пераходзіць да Маскоўскага княства. З 1470-х гг. крымскія татары, аб’яднаныя пад уладай дынастыі Гірэяў, пачалі рэгулярна ажыццяўляць рабаўнічыя набегі на землі ВКЛ, нават спалілі Кіеў. Галоўную ўвагу Казімір надаваў польскаму накірунку знешняй палітыкі. У выніку яго дыпламатычных намаганняў прадстаўнікі Ягелонаў сталі венгерскімі (1440-1457, 1490-1526) і чэшскімі (1453–1457, 1471–1526) каралямі. Пасля вайны ў 1453 – 1466 г. у васальную залежнасць ад Польшчы патрапіў Тэўтонскі Ордэн. Пасля смерці Казіміра вялікім князем становіцца яго сын Аляксандр Казіміравіч (1492–1506), з 1501 г. з’яўляўся таксама польскім каралём. Ва ўнутрыпалітычнай сферы падчас яго праўлення адбываецца працэс паслаблення ўлады манарха і ўзмацнення дзяржаўна-палітычнага значэння арыстакратыі – Паноў Рады. Пры абвяшчэнні Аляксандра вялікім князем у 1492 г. адбыўся першы агульны з’езд шляхты ВКЛ (вальны сойм). У спецыяльным прывілеі 1492 г. вялікі князь абяцаў не прымаць рашэнняў па важных унутрыпалітычных пытаннях без згоды Паноў Рады. У знешняй палітыцы адбываецца абвастрэнне адносін з Маскоўскім княствам і Крымскім ханствам. У выніку войнаў 1492–1494 гг. і 1500–1503 гг. з Маскоўскай дзяржавай ад ВКЛ адышлі Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская, Бранская і Гомельская землі на карысць Масковіі. На мяжы 15 – 16 стст. катастрафічныя вынікі набываюць набегі крымскіх татараў, якія даходзілі да цэнтральных тэрыторый ВКЛ (Менск, Слуцк, Новагародак). Часовае прыпыненне татарскіх набегаў наступіла пасля перамогі войскаў ВКЛ на чале з М. Глінскім у бітве пад Клецкам ў 1506 г. Наступным вялікім князем становіцца брат Аляксандра Жыгімонт Стары (1506–1548). Жыгімонт Стары ўвесь час свайго праўлення з’яўляўся адначасова польскім каралём. Тым самым умацоўвалася персанальная унія ВКЛ і Польшчы. На пачатку праўлення Жыгімонта Старога частка арыстакратыі на чале з Міхалам Глінскім у 1508 г. узняла мяцеж. Але ён не атрымаў шырокай падтрымкі і быў падаўлены. У наступныя гады кіравання Жыгімонта Старога ўмацоўвалася роля арыстакратыі (Паноў Рады) ў кіраванні дзяржавай. Праводзілася палітыка рэлігійнай цярпімасці ў яе дачыненні. Праваслаўны магнат Канстанцін Астрожскі насуперак Гарадзельскаму прывілею заняў пасаду віленскага кашталяна (1511) і троцкага ваяводы (1522). Адбывалася кансалідацыя княска-магнацкай эліты як пануючай сацыяльнай групы. У 1540-я гг. пачынаецца фарміраванне руху сярэдняй і дробнай шляхты, які ставіў сваёй мэтай абмежаванне ўсеўладдзя арыстакратыі і саўдзел шляхты ў кіраванні дзяржавай шляхам рэформы заканадаўства (“паправа статутаў”). У знешняй палітыцы ВКЛ падчас праўлення Жыгімонта Старога найбольш востры характар мелі адносіны з Маскоўскай дзяржавай. З гэтай краінай адбываліся войны 1507–1508, 1512–1522, 1534–1537 гг. Іх вынікам стаў адыход да Масковіі Смаленска, Себежа, Ноўгарад-Северскай зямлі. У той жа час да ВКЛ быў вернуты Гомель. Буйнейшай падзеяй падчас войнаў з Масковіяй была бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г., калі маскоўскія войскі пасля захопу Смаленска спрабавалі ажыццявіць рэйд углыб тэрыторыі ВКЛ, аднак былі ўшчэнт разбіты 20-тысячным войскам пад кіраўніцтвам гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага (у маскоўскім войску налічвалася 80 тыс. чалавек). Да канца 1520-х гг. адбываюцца частыя набегі крымскіх татараў, якія заходзілі ўглыб тэрыторыі ВКЛ. Для барацьбы з імі выкарыстоўвалася фартыфікацыі ўкраінскіх магнатаў Вішнявецкіх, Астрожскіх, Чартарыйскіх, а таксама стварэнне пастаяннага памежнага войска з ліку казакаў – узброеных атрадаў, што дзейнічалі ў стэпавай паласе паміж ВКЛ і Крымскім ханствам. У адказ на набегі татараў казакі ажыццяўляюць набегі на Крым. У 1527 г. войска ВКЛ і казакаў атрымала буйную перамогу на р. Альшаніцы, што прывяло да спынення масавых татарскіх набегаў. У якасці польскага караля самым значным знешнепалітычным поспехам Жыгімонта Старога стала пераўтварэнне Прусіі (былога Тэўтонскага Ордэна) ў 1525 г. у свецкага васала Польскага каралеўства. Падчас праўлення Жыгімонта Аўгуста (1548–1572), сына Жыгімонта Старога, які з’яўляўся адначасова польскім каралём, адбываецца актывізацыя руху шляхты за ўраўнаванне ў палітычных правах з арыстакратыяй і саўдзел у дзяржаўным кіраванні на ўзор шляхецкай дэмакратыі ў Польшчы. Вялікі князь і Паны Рада ажыццявілі шэраг саступак шляхецкаму руху, вынікам чаго сталі дзяржаўныя рэформы 1560-х гг.: – Віленскі прывілей 1563 г., паводле якога праводзілася ўраўнаванне ў палітычных правах шляхты ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў; – Бельскі прывілей 1564 г., які санкцыяніраваў стварэнне выбарных шляхецкіх земскіх судоў, абвяшчэнне роўнасці ўсёй шляхты перад законам; – Віленскі прывілей 1565 г., паводле якога ствараліся органы шляхецкага мясцовага самакіравання – соймікі; – рэформа сойма паводле Статута 1566 г. У знешняй палітыцы галоўным вынікам праўлення Жыгімонта Аўгуста стала далучэнне да ВКЛ Інфлянтаў (Лівоніі) у 1559 – 1561 гг. Да сярэдзіны 16 ст. Лівонская канфедэрацыя канчаткова пераўтварылася ў слабую дзяржаву і стала прадметам супрацьборства суседніх дзяржаў. У 1558 – 1559 гг. большая частка яе тэрыторыі была захоплена маскоўскімі войскамі; частку занялі Швецыя і Данія. У 1559 г. Лівонская канфедэрацыя пераходзіць пад пратэктарат ВКЛ. У 1561 г. большая яе частка далучана непасрэдна да ВКЛ; на тэрыторыі заходняй Латвіі ўтворана залежнае ад ВКЛ Курляндскае герцагства. Гэтыя падзеі паклалі пачатак вайны ВКЛ з Масковіяй і Швецыяй у 1561 г., якія таксама прэтэндавалі на землі Лівоніі. У 1562 г. маскоўскія войскі пераносяць ваенныя дзеянні на тэрыторыю ВКЛ. 15 лютага 1563 г. яны захапілі Полацк. Войскам ВКЛ удалося разбіць праціўніка пад Улай (студзень 1564) і Оршай (люты 1564). Да 1570 г. працягвалася пазіцыйная вайна на тэрыторыі Падзвіння. Такім чынам, у 15 – першай палове 16 стст. Вялікае княства Літоўскае знаходзіцца ў межах дзяржаўна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, але пры гэтым захоўвае па сутнасці дзяржаўную самастойнасць. Ва ўнутрыпалітычным жыцці адбываецца паступовае ўзмацненне ролі княска-магнацкай арыстакратыі. У знешняй палітыцы на пачатку 15 ст. былі аслаблены ранейшыя галоўныя праціўнікі ВКЛ – крыжакі і Залатая Арда, з канца 15 ст. галоўную ролю набывае супрацьстаянне з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам. Знешнепалітычная напружанасць у сярэдзіне 16 ст. выклікала неабходнасць умацавання дзяржаўнага саюзу ВКЛ з Польшчай.
3.5. Дзяржаўны лад, органы кіравання ВКЛ. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае на працягу 14-16 стст. эвалюцыянуе ад феадальнай патрыярхальна-вотчыннай да саслоўна-прадстаўнічай манархіі. Феадальная патрыярхальна-вотчынная манархія характарызуецца ўладай манарха згодна з замацаванымі звыячаямі на тэрыторыі, якая з’яўляецца яго спадчыннай вотчынай; падданыя манарха не маюць акрэсленых палітычных правоў. Саслоўна-прадстаўнічая манархія абапіраецца на прынцып сумеснага кіравання дзяржавай манарха і саслоўных прадстаўнікоў, найперш прадстаўнікоў шляхты, якая атрымлівае правы пануючага саслоўя. Пры ўваходжанні асобных зямель у склад ВКЛ удзельныя княствы і асобныя гарады заключалі з вялікім князем дагаворы аб яго вярхоўнай уладзе і захаванні мясцовага самакіравання земляў. Вялікі князь з’яўляўся галавой дзяржавы. У яго функцыі ўваходзілі: - абарона дзяржавы, кіраўніцтва войскам; - кіраванне правядзеннем унутранай палітыкі; - ажыццяўленне вышэйшага суда; - кіраўніцтва адміністрацыйным апаратам дзяржавы; - кіраванне ажыццяўленнем міжнародных адносін; - распрацоўка і выданне заканадаўчых актаў. Улада вялікіх князёў мела спадчынны характар. З 14 ст. кіруючай была дынастыя Гедымінавічаў (Ягелонаў). З канца 15 ст. фарміруецца прынцып выбарнасці вялікіх князёў Панамі Радай і соймам з ліку прадстаўнікоў дынастыі Ягелонаў. Аднак фармальна права спадчыннасці трону захоўвалася да 1564 г. З другой паловы 15 ст. усе свае асноўныя функцыі вялікі князь ажыццяўляў сумесна з Панамі Радай. Паступова ў дзяржаўна-палітычным жыцці ўзрастае роля такога органа ўлады як Паны Рада. Дадзены орган сфарміраваўся на аснове нарад вялікіх князёў у 13-14 стст. з васальнымі князямі і найбольш уплывовымі баярамі.З канца 15 ст. Паны Рада пераўтвараюцца ў пастаянна дзеючы вышэйшы орган цэнтральнай улады ў ВКЛ, што было замацавана прывілеямі 1492 і 1506 гг. Склад Паноў Рады не быў строга вызначаны, у яе ўваходзіла 30-40 асоб. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі і асобныя запрошаныя арыстакраты. Функцыі Паноў Рады: - удзел у выбарах вялікага князя; - кантроль за дзейнасцю вялікага князя; - ажыццяўленне міжнародных адносін; - кіраўніцтва вышэйшымі цэнтральнымі і мясцовымі органамі кіравання; - прызначэнне на вышэйшыя дзяржаўныя пасады; - абмеркаванне і прыняцце законаў; - ажыццяўленне вышэйшага суда. Большасць з гэтых функцый Паны Рада ажыццяўляла з пачатку 16 ст. разам з вялікім князем, а таксама па ўсіх пытаннях яна магла склікаць сойм. Сойм фарміруецца ў 15 ст. як з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. сойм мог склікацца па рапараджэнню вялікага князя ці Паноў Рады па меры патрэбы. На соймавых пасяджэннях мог прымаць удзел кожны шляхціц. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сойма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтавалі вялікі князь ці Паны Рада. Часцей за ўсё соймы вырашалі наступныя пытанні: - пытанні аб вайне ці міры, міжнародных адносінах; - збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы; - прыняцце законаў. У 1566 г. у выніку правядзення т.зв. “паправы статута” была праведзена рэформа сойма. З гэтага часу ўстанаўлівалася вызначаная сістэма выбараў дэпутатаў (паслоў) на соймы. З кожнага павета або ваяводства, якое не падзялялася на паветы, выбіраліся на сходах мясцовай шляхты (сойміках) па два паслы. У той жа час прадстаўнікі буйных арыстакратычных родаў мелі права самастойна прымаць удзел у пасяджэннях сойму. Па сутнасці галоўную ролю на пасяджэннях соймаў мелі Паны Рада, якія вырашалі, якую пастанову ўхваліць сойм. Вышэйшыя пасады дзяржаўнага кіравання: Маршалак земскі – старшыня на паседжаннях Паноў Рады і сойма, кіраўнік вялікакняскай адміністрацыі. Маршалак дворны – загадчык гаспадарчымі справамі вялікакняскага двара. Гетман найвышэйшы – кіраўнік узброенымі сіламі дзяржавы. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска. Канцлер – кіраўнік канцылярыі ВКЛ – ведамства, якое ажыццяўляла дзяржаўнае справаводства, захавальнік дзяржаўнай пячаткі ВКЛ. Намеснік канцлера – падканцлер. Падскарбі земскі – захавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Яго намеснік – падскарбі дворны. Ніжэйшыя служачыя – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў. На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі арыстакратыі пажыццёва вялікім князем са згоды Паноў Рады. Сярод іх – Астрожскія, Гаштольды, Хадкевічы, Радзівілы, Валовічы, Кезгайлы, Гальшанскія, Глябовічы, Збаражскія, Кішкі, Забярэзінскія. Афіцыйнай мовай дзяржаўнага справодства ў ВКЛ была старабеларуская мова. Доўгі час ВКЛ не мела аднастайнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. У склад ВКЛ уваходзілі ўдзельныя княствы, што кіраваліся сваімі княскімі дынастыямі, а таксама намесніцтвы на чале з прызначанымі вялікім князем чыноўнікамі. Паступова ўдзельныя княствы ліквідаваліся, расла колькасць намесніцтваў. У 15 – першай палове 16 стст. буйныя намесніцтвы пераўтвараліся ў ваяводствы. Буйныя ваяводствы ў сваю чаргу падзяляліся на паветы. У першай палове 16 ст. існавалі Віленскае, Троцкае, Полацкае, Віцебскае, Наваградскае ваяводствы. Усяго ў гэты час існавала каля 20 адміністрацыйных акруг, межы іх дакладна вызначаны не былі. Розныя часткі дзяржавы мелі розную ступень падпарадкаванасці цэнтру. Так, Полацкае і Віцебскае ваяводствы мелі спецыяльные граматы, дзе пацвярджаліся значныя правы на самакіраванне. У 1565-1566 гг. праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой тэрыторыя ВКЛ была падзелена на 13 ваяводстваў, а тыя ў сваю чаргу на паветы. Органы мясцовага кіравання Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства. Абавязкі ваяводы: падтрыманне парадку; кіраванне дзяржаўнай і вялікікняскай маёмасцю ў ваяводстве; арганізацыя ўзброеных сіл ваяводства; ажыццяўленне суда ў гродскім (замкавым) судзе. Кашталян – камандуючы ўзброенымі сіламі замка ваяводы і апалчэння ваеннаабавязаных ваяводства. Падваявода – намеснік ваяводы, кіраўнік сцовай канцылярыі. Стараста – кіраўнік адміністрацыі павета. Яго намеснік – падстараста. Харужы – кіраўнік павятовага шляхецкага апалчэння. Дзяржаўцы (цівуны) – кіраўнікі асобных дзяржаўных маёнткаў. Прызначэнні на дадзеныя пасады ажыццяўлялі вялікі князь і Паны Рада пажыццёва (у Полацкім і Віцебскім ваяводствах – са згоды мясцовага баярства). Найбольш прэстыжнымі былі пасады віленскага і троцкага ваяводы і кашталяна, якія разам з віленскім каталіцкім біскупам займалі важнейшыя месцы ў складзе Паноў Рады. Судовая сістэма ВКЛ Агульнадзяржаўныя суды: Вялікакняскі суд, які паступова аб’яднаўся з судом Паноў Рады – вышэйшая апеляцыйная інстанцыя, якая ажыццяўляла разгляд дзяржаўных злачынстваў, скаргі на вышэйшых асоб дзяржавы, пытанні прыналежнасці да шляхты і г.д. Камісарскі суд – разглядаў спрэчкі аб межах феадальных і дзяржаўных зямельных уладанняў. Справы разглядаліся на месцы камісарамі, якіх прызначаў вялікі князь з Панамі Радай. Мясцовыя суды: Гродскі (замкавы) суд (у ваяводствах, паветах, староствах) – разглядаў самае шырокае кола пытанняў, што датычыліся ўсіх саслоўяў. Узначальваў суд кіраўнік мясцовай адміністрацыі. Земскі павятовы суд, створаны паводле Бельскага прывілею 1564 г. – разглядаў справы ў межах шляхецкага саслоўя. У склад суда ўваходзілі выбарныя суддзі, абраныя шляхтай з ліку мясцовых адукаваных шляхціцаў. Падкаморскі суд разглядаў справы аб межах феадальных землеўладанняў у павеце на чале з прызначанымі вялікім князем суддзямі. Існавалі таксама асобныя суды для сялян, мяшчан, яўрэяў і г.д. Прававая сістэма У другой палове 13 – пачатку 16 стст. у розных частках дзяржавы дзейнічалі асобныя нормы звычаёвага права. Перыядычна выдаваліся агульнадзяржаўныя і мясцовыя прывілеі вялікіх князёў. У 1468 г. вялікім князем Казімірам выдадзены Судзебнік. Ён уяўляў з сябе зборнік норм крымінальнага права. Сярод гісторыкаў няма адзінства паводле пытання, ці распаўсюджваўся ён на ўсю тэрыторыю ВКЛ. У дадзеным прававым зборы ўпершыню былі ўведзены прынцып індывідуалізацыі пакарання (абмяжоўвалася адказнасць дзяцей і жонкі за злачынствы мужа), а таксама прынцып неадваротнасці пакарання (раней злачынца мог адкупіцца). Новы этап эвалюцыі заканадаўства звязаны з выданнем Статутаў ВКЛ, у якіх права было сістэматызавана і кадыфікавана. У 1529 г. выдадзены першы Статут ВКЛ – зборнік норм права, якое распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю ВКЛ. У ім было праведзена размежаванне права па асобных галінах (13 раздзелаў, 282 артыкулы). Дзякуючы Статуту ВКЛ увайшла ў кола дзяржаў, у якіх права стала важным элементам рэгулявання грамадскага і дзяржаўнага жыцця. Далейшае развіццё нормы агульнадзяржаўнага права атрымалі ў другім Статуце ВКЛ, які пачаў дзейнічаць у 1566 г. У яго межах былі адлюстраваныя праведзеныя ў 1563 – 1565 гг. дзяржаўныя рэформы (новы парадак дзейнасці сойма, увядзенне соймікаў і земскіх судоў). Такім чынам, на працягу 15 – першай паловы 16 стст. у ВКЛ паступова сфарміравалася саслоўна-прадстаўнічая манархія, у межах якой галоўная роля належала феадальнай арыстакратыі. У гэты час у дзяржаве сфарміравалася адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання і заканадаўства, што сведчыла аб станаўленні ВКЛ як цэнтралізаванай дзяржавы.
Асноўныя паняцці: Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, Новагародскае княства, Літва, жамойты, яцвягі, бітва пад Сінімі водамі 1362 г., Крэўская унія, дынастычная унія, вялікакняскія прывілеі, цэнтралізацыя, намесніцтва, Гарадзельская унія, Грунвальдская бітва 1410 г., грамадзянская вайна 1432 – 1439 гг., Маскоўскае княства, Крымскае ханства, Клецкая бітва 1506 г., Аршанская бітва 1514 г., феадальная патрыярхальна-вотчынная манархія, саслоўна-прадстаўнічая манархія, вялікі князь, Паны Рада, сойм, шляхта, маршалак земскі, маршалак дворны, гетман, канцлер, падскарбі, ваяводства, павет, ваявода, кашталян, стараста, вялікакняскі суд, камісарскі суд, гродскі (замкавы) суд, земскі павятовы суд, падкаморскі суд, Судзебнік 1468 г., Статут ВКЛ 1529 г., Статут ВКЛ 1566 г.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Назавіце асноўныя канцэпцыі стварэння ВКЛ? Як Вы лічыце, якая з канцэпцый найбольш абгрунтаваная? 2. Якія асноўныя прычыны ўтварэння ВКЛ? 3. Якія рэгіёны з’яўляліся цэнтральным ядром фарміравання ВКЛ? Чым гэта можна патлумачыць? 4. Назавіце асноўныя падзеі, звязаныя з узнікненнем ВКЛ? 5. Якія дзяржавы супрацьдзейнічалі стварэнню ВКЛ? Ахарактарызуйце ў цэлым палітыку Міндоўга. 6. Вызначце асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі ВКЛ у апошняй трэці 13 – пачатку 14 стст. 7. З якімі дзяржавамі ВКЛ ваявала ў другой палове 13 – 14 стст.? 8. Пры якіх князях адбываецца набольшы тэрытарыяльны рост ВКЛ? 9. Ахарактарызуйце асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі ВКЛ падчас княжання Гедыміна і Альгерда. 10. Назавіце асноўныя шляхі ўваходжання розных зямель у склад ВКЛ у 14 ст. Якім чынам складваліся адносіны вялікакняскай улады і далучаных рэгіёнаў у ВКЛ? 11. Якія былі асноўныя прычыны Крэўскай уніі? Дайце кароткую характарыстыку грамадска-палітычнай сітуацыі ў ВКЛ напярэдадні уніі. 12. Якія асноўныя палажэнні прадугледжвала Крэўская унія. Падумайце, якая дзяржава мела больш выгады з дадзенага саюзу – Польшча ці ВКЛ? 13. Якія можна вылучыць наступствы Крэўскай уніі для ВКЛ. Якія яна выклікала перамены ў грамадска-палітычным жыцці дзяржавы? 14. Паспрабуйце вызначыць, ці адбылося аб’яднанне ВКЛ і Польшчы пасля Крэўскай уніі ў адну дзяржаву. Абгрунтуйце сваю думку. 15. Дайце агульную характарытыку ўнутранай палітыкі Вітаўта. На якія сацыяльныя слаі абапіраўся ў першую чаргу Вітаўт? 16. Якім чынам складваліся адносіны ВКЛ і Польшчы падчас княжання Вітаўта? 17. Вызначце асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас княжання Вітаўта. 18. Якія можна вылучыць прычыны і наступствы грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1432 – 1439 гг. Чым абумоўлена перамога ў вайне прыхільнікаў Жыгімонта Кейстутавіча? 19. Якія істотныя змены ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ адбываюцца ў другой палове 15 – першай палове 16 стст.? 20. Якія новыя знешнепалітычныя праціўнікі з’яўляюцца ў ВКЛ у канцы 15 – першай палове 16 стст.? 21. Назавіце, якія Вам вядомыя войны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай у канцы 15 – першай палове 16 стст. Да якіх яны прывялі вынікаў? 22. Калі ў ВКЛ фарміруецца шляхецкі палітычны рух? Якія ён выстаўляе патрабаванні? Назавіце асноўныя дзяржаўна-палітычныя рэформы 1560-х гг. 23. Якія факты сведчаць пра тое, што ў ВКЛ ў 14 – першай палове 16 стст. адбываецца эвалюцыя ў бок саслоўна-прадстаўнічай манархіі? 24. Што такое Паны Рада? Якім чынам адбываецца фарміраванне гэтага органа дзяржаўнай улады? 25. Вызначце паўнамоцтвы вялікага князя і Паноў Рады ў дзяржаўна-палітычнай сістэме ВКЛ. 26. Што такое сойм? Прасачыце яго эвалюцыю ў дзяржаўна-палітычнай сістэме ВКЛ. 27. Якім чынам адбываліся змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сістэме ВКЛ у 14 – 16 стст.? 28. Якія Вы ведаеце асноўныя пасады ў сістэме цэнтральнага і мясцовага дзяржаўнага кіравання ВКЛ. 29. Назавіце асноўныя органы цэнтральнай і мясцовай судовай улады ў ВКЛ. 30. Якім чынам адбывалася развіццё прававой сістэмы ў ВКЛ у 15 – першай палове 16 ст. Назавіце асноўныя зборнікі права гэтага перыяду.
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Гістарычныя канцэпцыі ўтварэння ВКЛ: агульная характарыстыка. 2. Уваходжанне Полацкага княства ў склад ВКЛ: перадумовы, вынікі. 3. Дзяржаўна-прававыя ўзаемаадносіны ВКЛ і Польскага каралеўства ў канцы 14 – першай палове 16 стст. 4. Палітыка ВКЛ падчас княжання Вітаўта ў адносінах Залатой Арды. 5. Паўстанне М. Глінскага 1508 г.: прычыны, ход, вынікі. 6. Шляхецкі палітычны рух у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст.: перадумовы, вынікі. 7. Эвалюцыя сістэмы мясцовага дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ у 14 – першай палове 16 стст. 8. Статуты ВКЛ 1529 і 1566 г.: гісторыя стварэння, асноўны змест.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.022 сек.) |