АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Тэма 20: Заходняя Беларусь у складзе Польшчы

Читайте также:
  1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
  2. БЕЛАРУСЬ
  3. Беларусь у Першай сусветнай вайне.
  4. В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ
  5. В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ
  6. В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ
  7. Внешнеэкономическая деятельность предприятий Республики Беларусь
  8. Деятельность международных организаций по поддержке малого предп-ва в Республике Беларусь.
  9. Деятельность органов внутренних дел согласно Закону Республики Беларусь «Об органах внутренних дел Республики Беларусь»: структура, задачи, основные направления
  10. Законодательная база и нормативно-правовое обеспечение системы защиты детей-жертв насилия и жестокого обращения в Республике Беларусь.
  11. Законодательная и нормативно-правовая база, регламентирующая ресурсосбережение в Республике Беларусь.
  12. И ПРОДОВОЛЬСТВИЯ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ

1. Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921-1926 гг.

2. Заходняя Беларусь ва ўмовах “санацыі” 1926-1939 гг.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

4. Адукацыя і культура ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

20.1. Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921-1926 гг.

У выніку Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. заходнія землі Беларусі апынуліся ў складзе Польшчы. Канчаткова межы Польскай Рэспублікі на ўсходзе былі ўсталяваны ў 1923 г., калі ў яе склад ўвайшла тэрыторыя Сярэдняй Літвы з Вільняй. Уся тэрыторыя Польшчы падзялялася на ваяводствы, паветы і гміны. Паняцце “ Заходняя Беларусь ” уключае ў сябе тэрыторыю 4 ваяводстваў: Віленскага, Навагрудскага, Беластоцкага і Палескага з насельніцтвам 3,5 млн. чалавек у 1921 г., 5 млн. – у 1935 г. Усяго Заходняя Беларусь ахоплівала 24% тэрыторыі Польскай Рэспублікі і 13% яе насельніцтва. Афіцыйна з боку ўлад гэтыя землі атрымалі назву “ паўночна-усходнія крэсы (ускраіны)”. Насельніцтва Заходняй Беларусі паводле свайго складу было шматнацыянальным: беларусы, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы і інш. Згодна з афіцыйнымі польскімі дадзенымі, каля паловы яго складалі палякі, паколькі падчас перапісаў атаясамліваліся каталіцызм і польскасць. Аднак аб’ектыўнасць гэтых дадзеных ставіцца пад сумненне.

У палітычным жыцці Польскай Рэспублікі ў 1920-1930-я гг, вылучаюць два перыяды:

- 1921-1926 гг. – парламенцкая дэмакратыя;

- 1926-1939 гг. – аўтарытарны рэжым“санацыі”.

У сакавіку 1921 г. была прынята Канстытуцыя Польскай Рэспублікі. У адпаведнасці з ёй, Польшча абвяшчалася ўнітарнай парламенцкай рэспублікай. Вышэйшым органам заканадаўчай улады з’яўляўся Нацыянальны сход, які складаўся з дзвюх палат: Сената і Сойма. Дэпутаты сойму выбіраліся на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні на 5 гадоў; сенат фарміраваўся прадстаўнікамі мясцовых улад. Нацыянальны сход выбіраў прэзідэнта рэспублікі тэрмінам на 7 гадоў і фарміраваў урад, які быў адказны ў сваёй дзейнасці перад соймам. Прэзідэнт валодаў абмежаванымі паўнамоцтвамі. Гарантавалася незалежнасць судовай улады. У Канстытуцыі абвяшчаліся роўнасць усіх грамадзян перад законам, грамадзянскія і палітычныя свабоды. Замацоўваўся дзяржаўны характар польскай мовы. У той жа час абвяшчалася права нацыянальных меншасцяў на адкрыццё ўласных школ і культурна-асветніцкіх устаноў.

Палітычнае жыццё Польскай Рэспублікі ў 1921-1926 гг. было нестабільным. У выбраным у 1922 г. сойме была прадстаўлена вялікая колькасць грамадска-палітычных сіл. Улічваючы адказнасць выканаўчай улады перад соймам гэта прыводзіла да частай змены ўрадаў (у 1922-1926 гг. дзейнічала 5 урадаў).

Асноўныя намаганні улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі скіраваны на паланізацыю краю, што выяўлялася ў наступных з’явах:

- паланізацыя сістэмы дзяржаўнай адміністрацыі (пры прызначэнні на дзяржаўныя пасады перавага аддавалася асобам польскай нацыянальнасці);

- паланізацыя землеўладання (заахвочванне ў набыцці зямельных надзелаў выхадцаў з польскіх зямель – асаднікаў);

- паланізацыя адукацыі (амаль усе навучальныя ўстановы пераводзіліся на польскую мову навучання);

- шырокая дзяржаўная падтрымка каталіцкага касцёла, які лічыўся галоўным носьбітам польскай культуры; дыскрымінацыйныя дзеянні ў адносінах праваслаўнай царквы (некаторыя праваслаўныя цэрквы пераўтвараліся ў каталіцкія, а іх землі канфіскоўваліся);

- шырокая прапаганда праз дзяржаўныя, рэлігійныя, адукацыйныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі польскага характару краю.

Грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі першай паловы 1920-х гг. характарызуецца барацьбой паміж рознымі палітычнымі партыямі і групоўкамі. Галоўную ролю сярод іх адыгрывалі польскія партыі. Усе дадзеныя партыі можна падзяліць на тры асноўныя блокі:

- правацэнтрысцкі: у яго межах галоўнае месца займалі Партыя нацыянальнай дэмакратыі (эндэкі) і Партыя хрыціянскай дэмакратыі (хадэкі), якія выступалі за захаванне асноў існуючага грамадскага ладу і правядзенне палітыкі жорсткай паланізацыі;

- левацэнтрысцкі: галоўнае месца займалі Польская партыя сацыялістычная (ППС) і “ Вызваленне ”, якія выступалі за правядзенне сацыяльных рэформ ў накірунку дэмакратычнага сацыялізму, дапускалі супрацоўніцтва з беларускім і яўрэйскім нацыыянальнымі рухамі;

- леварадыкальны: галоўнае месца займала Польская камуністычная рабочая партыя; выступала за пераўтварэнне Польшчы ў дзяржаву савецкага ўзору ў саюзе з СССР, прызнавала права БССР на заходнебеларускія землі.

Працягвалі дзейнічаць яўрэйскія палітычныя партыі (Бунд, Паалей-Цыён і інш.). На Палессі функцыяніравалі украінскія палітычныя партыі і групоўкі.

У межах беларускага нацыянальнага руху ў гэты перыяд вызначыліся тры плыні:

1) Плынь, якая выступала за легальныя метады дзейнасці ў накірунку дасягнення аўтаноміі Заходняй Беларусі. Яе прадстаўлялі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Беларускі сялянскі саюз (БСС). У 1922 г. прадстаўнікі гэтай плыні ўдзельнічалі ў выбарах у сойм; у выніку было абрана ў сойм 11, у сенат – 3 беларускія дэпутаты, якія ўтварылі Беларускі пасольскі клуб.

2) Плынь, якая арыентавалася на Раду БНР і выступала за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Яе прадстаўнікі знаходзіліся ў цесным саюзе з дзяржаўна-палітычнымі коламі Літвы, зацікаўленай у падтрымцы антыпольскага руху на тэрыторыі Віленшчыны. Асноўнай партыяй гэтай плыні была БПСР. На пачатку 1920-х гг. яна выкарыстоўвала тактыку ўзброенай барацьбы супраць польскіх уладаў, стварыла шэраг партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Віленшчыны, Гродзеншчыны і Беласточчыны.

3) Плынь, якая арыентавалася на БССР і выступала за далучэнне да яе Заходняй Беларусі. Яна фарміравалася перадусім у межах камуністычнага руху. У 1923 г. у Польскай камуністычнай рабочай партыі афармляецца аўтаномная арганізацыя – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, да якой далучылася левае крыло БПСР. У першай палове 1920-х гг. камуністы пры падтрымцы СССР шырока праводзілі падпольную барацьбу. Пракамуністычныя партызанскія атрады дзейнічалі пераважна на тэрыторыі Палесся, Навагрудчыны і Віленшчыны.

У сувязі з разгортваннем партызанскага руху ў 1923—1924 гг. урад увёў ваеннае становішча на тэрыторыі многіх паветаў, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды. У 1925 г. узброеная барацьба спынілася.

У сярэдзіне 1920-х гг. у сувязі з узбуйненнем БССР 1924-1926 гг. і палітыкай беларусізацыі, стратай надзей на дасягненне аўтаноміі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, разрывам адносін Рады БНР з урадам Літвы ў межах беларускага нацыянальнага руху ўзмацніліся прасавецкія настроі. БССР стала разглядацца як цэнтр беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. У 1923-1924 гг. самараспусціліся БСДП і БПСР. Многія іх дзеячы далучаліся да камуністаў. Некаторыя прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху выязджалі ў БССР. Пераход КПЗБ да легальнай дзейнасці ў 1925 г. зрабіў яе вядучай партыяй у межах беларускага нацыянальнага руху.

Такім чынам, у 1921-1926 гг. адбывалася фарміраванне польскай дзяржаўна-палітычнай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Адметнай рысай праводзімай польскімі ўладамі палітыкі стала паланізацыя заходнебеларускіх зямель. Ігнараванне правоў беларускай нацыі ў Польскай дзяржаве, а таксама поспехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР зрабілі камуністычную плынь вядучай у межах беларускага нацыянальнага руху да сярэдзіны 1920-х гг.

 

20.2. Заходняя Беларусь ва ўмовах “санацыі” 1926-1939 гг.

Слабасць дэмакратычных інстытутаў, а таксама частыя эканамічныя крызісы абумовілі пераход Польскай рэспублікі ад парламенцкай дэмакратыі да аўтарытарнага рэжыму. Пачаткам гэтага пераходу стаў палітычны пераварот 12-15 мая 1926 г., здзейснены групай вайскоўцаў на чале з маршалам Юзэфам Пілсудскім. Ю. Пілсудскі і яго прыхільнікі абвясцілі палітыку “ санацыі ” (“аздараўлення”), афіцыйнымі задачамі якой выступалі дасягненне эканамічнай і палітычнай стабілізацыі ў краіне. У жніўні 1926 г. сойм прыняў папраўкі да Канстытуцыі, накіраваныя на ўзмацненне ролі выканаўчай улады ў дзяржаве. Фармальна дзяржаўна-палітычная сістэма ў цэлым не змянілася: працягвалі дзейнічаць канстытуцыя, парламенцкая сістэма, шматпартыйнасць, легальная апазіцыя. Аднак паступова ўся паўната ўлады пачынае канцэнтравацца ў руках Ю. Пілсудскага, які хаця фармальна на працягу 1926-1935 гг. займаў розныя пасады (прэм’ер-міністр, ваенны міністр і г.д.), фактычна пераўтвараецца ў аўтарытарнага дыктатара.

Супраць “санацыйнага” рэжыму выступілі польскія правацэнтрысцкія і левацэнтрысцкія партыі, а таксама арганізацыі нацыянальных меншасцяў, якія дасягнулі значнага поспеху на выбарах у сойм 1928 г. Аднак у 1930 г. Ю. Пілсудскі разагнаў сойм і распачаў палітыку рэпрэсій у адносінах да апазіцыі. У 1934 г. у Бярозе-Картузскай у Заходняй Беларусі быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных, праз які за 1934-1939 гг. прайшло каля 10 тыс. чалавек. На выбарах у сойм 1930 г. ва ўмовах жорсткага адміністрацыйнага націску перамаглі прыхільнікі Ю. Пілсудскага, што садзейнічала ўзмацненню яго ўлады.

У красавіку 1935 г. па ініцыятыве Ю. Пілсудскага была ўведзена новая Канстытуцыя Польскай рэспублікі. У адпаведнасці з ёй цэнтральнае месца ў сістэме ўлады займаў прэзідэнт, які выбіраўся тэрмінам на 7 гадоў на ўсеагульных выбарах. Ён атрымліваў правы прызначаць членаў урада без узгаднення з парламентам, склікаць і распускаць парламент, аднаасобна прымаць рашэнні і выдаваць дэкрэты, якія валодалі сілай закона; з’яўляўся кіраўніком узброеных сіл, заключаў і ратыфікаваў міжнародныя дамовы. Прэзідэнт атрымліваў права прызначаць трэцюю частку дэпутатаў сената.

Пачатак “санацыйнага” рэжыму супадае па часе з эканамічным уздымам 1926-1929 гг. Гэта абумовіла падтрымку яго ў гэты час значнай часткай насельніцтва. У 1926-1927 гг. рэжым пайшоў на некаторыя саступкі беларускаму нацыянальнаму руху, дазволіўшы стварэнне шэрагу беларускамоўных школ. Аднак у далейшым ён працягвае праводзіць на заходнебеларускіх землях актыўную палітыку паланізацыі.

У другой палове 1920-х гг. назіраецца ўздым беларускага нацыянальнага руху. У 1926-1927 гг. яго буйнейшай арганізацыяй становіцца Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ). На чале БСРГ стала група беларускіх дэпутатаў сойма, якія з сярэдзіны 1920-х гг. схіляліся да супрацоўніцтва з КПЗБ. Яе лідэрам быў Браніслаў Тарашкевіч. У склад БСРГ уваходзілі члены КПЗБ, якая бачыла ў Грамадзе форму ўласнай легальнай дзейнасці. У сваёй праграме БСРГ выступала за аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у “незалежнай рэспубліцы сялян і рабочых”, дэмакратызацыю грамадства, перадачу памешчыцкіх зямель сялянам, увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня, змены у падатковай палітыцы на карысць немаёмных слаёў насельніцтва і г.д. Сацыяльныя лозунгі БСРГ садзейнічалі росту яе папулярнасці і пераўтварэнню ў масавую партыю. На пачатак 1927 г. дзейнічала каля 2 тыс. арганізацый партыі, у якія ўваходзілі каля 120 тыс. чалавек. Радыкальны характар дзейнасці партыі, а таксама сувязі з СССР прывялі да забароны БСРГ на пачатку 1927 г. Лідэры партыі, у тым ліку дэпутаты сойма, былі арыштаваны. У якасці пратэсту супраць ліквідацыі БСРГ у многіх гарадах Заходняй Беларусі адбыліся дэманстрацыі; дэманстрацыя ў Косаве Палескага ваяводства была расстраляна паліцыяй.

На выбарах 1928 г. былі праведзены ў сойм 10, а ў сенат 2 беларускіх дэпутатаў. 5 дэпутатаў сойма ўтварылі радыкальную фракцыю – “ Змаганне ”, якая прэтэндавала на стварэнне вакол сябе масавай арганізацыі па тыпу БСРГ. Пасля разгону сойма ў 1930 г. дэпутаты фракцыі былі арыштаваны. У канцы 1920-х – на пачатку 1930-х гг. было праведзена некалькі судовых працэсаў над дзеячамі прасавецкага беларускага нацыянальнага руху, многія з якіх былі асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення.

У першай палове 1930-х гг. ва ўмовах жорсткага сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. узрастае сацыяльная напружанасць. Адбываецца рост рабочага і сялянскага руху. У 1931-1933 гг. у Заходняй Беларусі адбываецца 151 забастоўка рабочых і каля 460 выступленняў сялян. Для падаўлення сялянскіх выступленняў улады накіроўвалі карныя экспедыцыі з удзелам паліцыі і войска.

Пасля смерці ў маі 1935 г. Ю. Пілсудскага ўлада ў Польшчы пераходзіць да маршала Эдварда Рыдз-Сміглага. Падчас яго праўлення (1935-1939) адбываецца ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму.

У 1935-1937 гг. у Польшчы, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі, назіраецца актывізацыя антыўрадавага руху. Адбываліся шматлікія палітычныя і эканамічныя забастоўкі рабочых, а таксама антыўрадавыя дэманстрацыі і мітынгі. Найбольш значным выступленнем працоўных гэтага перыяду стала забастоўка нарачанскіх сялян і рыбакоў 1935-1939 гг. Назіраецца працэс кансалідацыі розных апазіцыйных груповак. У шэрагу гарадоў Заходняй Беларусі ствараліся камітэты і камісіі адзінага фронту, у якія ўваходзілі прадстаўнікі КПЗБ, ППС, Бунда, Паалей-Цыёна і іншых арганізацый. У межах беларускага нацыянальнага руху адбылося пагадненне паміж дзвюма найбольш уплывовымі партыямі – КПЗБ і БХД (з 1936 г. – Беларускае народнае аб’яднанне) для барацьбы за стварэнне беларускамоўных школ.

У адказ на ўздым грамадскага руху ўзмацняюцца рэпрэсіі з боку ўладаў. У 1938-1939 гг. былі забаронены амаль усе апазіцыйна настроеныя палітычная партыі і грамадскія арганізацыі, зачынены апазіцыйныя газеты, ліквідаваны апошнія беларускія школы. Шматлікія дзеячы апазіцыйнага руху былі зняволены ў лагеры ў Бярозе Картузскай. Аслабленню антыўрадавага руху садзейнічалі таксама жорсткія рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў адносінах да членаў КПЗБ, якія ўцяклі ў БССР. У 1938 г. паводле рашэння І. Сталіна міжнародная камуністычная арганізацыя Камінтэрн абвінаваціла кампартыю Польшчы, у тым ліку і КПЗБ, у супрацоўніцтве з польскімі спецслужбамі і распусціла яе. Многія лідэры КПЗБ былі расстраляны.

Такім чынам, на працягу 1926-1939 гг. на тэрыторыі Беларусі адбывалася фарміраванне аўтарытарнага палітычнага рэжыму, які суправаджаўся ўзмацненнем палітыкі паланізацыі.

 

20.3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

Землі Заходняй Беларусі ў эканамічных адносінах ўяўлялі з сябе слабаразвітую аграрную правінцыю ў складзе Польшчы. Разам з тым на працягу 1920-1930-х гг. у розных сферах яе эканомікі назіраўся паступовы працэс мадэрнізацыі.

Сельская гаспадарка

У 1920-1930-я гг. каля 80% насельніцтва Заходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. У выніку ваенных дзеянняў у 1915 – 1920 гг. значна скараціліся пасяўныя плошчы, аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыі, пагалоўе жывёлы. У структуры землеўладання пераважалі буйныя ўладанні з плошчай звыш 100 га (55% на 1921 г.). Большасць сялянскіх гаспадарак з’яўляліся малазямельнымі.

З мэтай аднаўлення сельскай гаспадаркі, развіцця ў ёй таварна-грашовых рыначных адносін польскія ўлады праводзілі аграрную рэформу, закон аб якой быў прыняты ў 1925 г. Рэформа прадугледжвала наступныя накірункі:

1) Парцэляцыя – продаж з дапамогай зямельнага банку невялікімі надзеламі, ад 2 да 20 га, часткі памешчыцкіх, дзяржаўных і царкоўных зямель. Да канца 1930-х гг. такім чынам у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах было прададзена каля 675 тыс. га. У выніку буйное памешчыцкае землеўладанне скарацілася на 16,5%; адбылося ўмацаванне заможных сялянскіх гаспадарак.

2) Асадніцтва – працэс перадачы часткі парцэляваных зямель былым вайскоўцам. Яны атрымлівалі надзелы ад 10 да 45 га бясплатна або з дапамогай невялікіх ільготных крэдытаў і пасяляліся хутарамі. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі было расселена каля 10 тыс. асаднікаў. Большасць асаднікаў паходзілі з уласна польскіх зямель, выконвалі паліцэйскія функцыі і таму іх рассяленне разглядалася як важны фактар пашырэння сацыяльнай апоры польскай улады і правядзення паланізацыі.

3) Камасацыя – ліквідацыя цераспалосіцы сялянскіх зямель, што, як правіла, суправаджалася высяленнем на хутары. Дзяржава давала сялянам некаторую дапамогу для ўладкавання хутарской гаспадаркі. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі перасяліліся на хутары каля 43% сялянскіх гаспадарак. Сярэдні памер хутарской гаспадаркі складаў 7 – 10 га.

4) Ліквідацыя сервітутаў (права калектыўнага карыстання пашамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і г.д.) і прыватызацыя сервітутнай зямлі. Да 1939 г. сервітуты ў Заходняй Беларусі былі цалкам ліквідаваны; каля ¾ сервітутнай зямлі атрымалі буйныя землеўладальнікі.

Аграрная рэформа спрыяла развіццю сельскай гаспадаркі. Да 1929 г. быў адноўлены даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці. Рэформа садзейнічала развіццю ў вёсцы капіталістычных рыначных адносін, некалькі зменшыла сацыяльную напружанасць.

Разам з тым у цэлым узровень развіцця сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі быў невысокі. На нізкім узроўні знаходзіліся ўраджайнасць і тэхнічная забяспечанасць аграрнага сектара. Прычынамі гэтага былі ў першую чаргу малазямелле большасці сялянскіх гаспадарак, нізкія закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з высокімі на прамысловыя тавары, вялікія дзяржаўныя падаткі для сялянства. У выніку большасць сялян вялі паўнатуральную гаспадарку з дапамогай прымітыўных прылад працы і метадаў гаспадарання, не мелі магчымасці ў значных памерах набываць прадукцыю прамысловасці. Развіццё сельскай гаспадаркі замаруджвалася ў выніку эканамічных крызісаў, асабліва сусветнага крызісу 1929-1933 гг., якія суправаджаліся падзеннем цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю. Значная частка малазямельных і беззямельных сялян наймалася на працу ў якасці сельскагаспадарчых рабочых у памешчыцкія і заможныя сялянскія гаспадаркі, на прамысловыя прадпрыемствы, будаўніцтва. Значныя маштабы набыла працоўная эміграцыя за мяжу (пераважна ў Латвію, Францыю, ЗША, Канаду, краіны Лацінскай Амерыкі). У 1920-1930-я гг. з Заходняй Беларусі выехала за мяжу каля 100 тыс. чалавек.

Прамысловасць і гандаль

Заходняя Беларусь была адным з найбольш прамыслова адсталых рэгіёнаў Польшчы. Удзельная вага прамысловасці Заходняй Беларусі ў агульнай структуры польскай індустрыі складала 3-4%.

Прамысловае развіццё Заходняй Беларусі знаходзілася ў залежнасці ад сусветных эканамічных цыклаў. Пасля Першай сусветнай і савецка-польскай войнаў прамысловасць знаходзілася ў глыбокім крызісе. У 1923-1924 гг. назіраецца пэўны ўздым прамысловай вытворчасці, які потым зноў змяніў крызіс 1924-1926 гг. Значны прамысловы ўздым адбыўся ў 1926-1929 гг., у выніку якога быў адноўлены даваенны аб’ём прамысловай прадукцыі.

Сур’ёзныя страты заходнебеларуская прамысловасць панесла падчас сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. Яго вынікам стала закрыццё каля 17% прадпрыемстваў, скарачэнне амаль напалову колькасці рабочых. Аб’ём прамысловай прадукцыі ў 1930 г. паменшыўся на 30-40% у параўнанні з 1928 г. У другой палове 1930-х гг. у прамысловасці назіраўся ўздым, які дазволіў да 1938 г. наблізіцца да паказчыкаў вытворчасці 1928 г.

На працягу 1920-1930-х гг. назіраецца некаторая канцэнтрацыя прамысловай вытворчасці. У той жа час буйных прадпрыемстваў было няшмат. Сярод іх можна вызначыць шклозавод “Нёман” у Навагрудскім павеце, запалкавую фабрыку “Прагрэс-Вулкан” у Пінску, тытунёвую фабрыку ў Гродне і г.д. Каля 85% усіх прамысловых прадпрыемстваў складалі дробныя і саматужна-рамесніцкія. На нізкім узроўні знаходзілася электрыфікацыя прамысловасці.

У структуры прамысловай вытворчасці Заходняй Беларусі на першае месца выходзіць дрэваапрацоўчая галіна (фанерная, лесапільная, кардонна-папяровая вытворчасць), у якой было занята каля паловы ўсіх рабочых, а аб’ём прадукцыі к 1938 г. у два разы перавысіў узровень 1913 г. Далей па ступені значнасці ішлі харчовая (найперш вытворчасць мяса-малочнай прадукцыі), лёгкая, хімічная.

Цяжкім з’яўлялася матэрыяльнае становішча большай часткі рабочага класа ў прамысловасці: нізкая заработная плата (яна складала каля 30-50% заробкаў рабочых у цэнтральнай Польшчы), дрэнныя ўмовы працы і быту. Высокім было беспрацоўе, якое падчас крызісу 1929 – 1933 гг. дасягала каля 47% працаздольнага гарадскога насельніцтва У той жа час у Польшчы была прынята сістэма працоўнага заканадаўства, згодна з якой устанаўліваліся 8-гадзінны працоўны дзень, сацыяльнае страхаванне ў выніку хваробы і страты працаздольнасці, пенсіі па ўзросту, дапамогі беспрацоўным, аплочваемыя адпачынкі. Але многія палажэнні працоўнага заканадаўства на практыцы часта парушаліся, а сацыяльныя выплаты былі мізэрнымі.

Асноўныя прычыны нізкага ўзроўню развіцця прамысловасці Заходняй Беларусі:

- адсутнасць значных мясцовых капіталаў, неабходных для развіцця і мадэрнізацыі вытворчасці;

- канкурэнцыя з боку больш таннай і якаснай прамысловай прадукцыі з Польшчы і краін замежжа;

- палітыка польскіх уладаў, накіраваная перадусім на эканамічную падтрымку прамысловасці цэнтральнай Польшчы;

- нізкая пакупніцкая здольнасць большай часткі мясцовага насельніцтва;

- абмежаванне магчымасцяў рэалізацыі прадукцыі на знешнім рынку ва ўмовах напружаных палітычных адносін Польшчы з краінамі-суседзямі – СССР, Германіяй, Літвой.

Структура гандлёвых устаноў заставалася амаль нязменнай у параўнанні з даваенным часам. Знешні гандаль ажыцяўляўся наступным чынам: з цэнтральных раёнаў Польшчы і з краін замежжа ў Заходнюю Беларусь імпартаваліся прадукцыя прамысловасці, нафтапрадукты, жалеза, цукар і г.д., на экспарт ішлі пераважна мясцовая сыравіна, асабліва лес і лён, і сельскагаспадарчыя прадукты. У экспарце лесу вялікую ролю выконваў замежны капітал.

Такім чынам, сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг. праходзіла марудна. Абсалютная большасць насельніцтва была занята ў сельскай гаспадарцы, узровень мадэрнізацыі якой быў вельмі нізкі. У прамысловасці пераважала апрацоўка мясцовых сыравінных рэсурсаў. Заходняя Беларусь з’яўлялася па сутнасці аграрна-сыравінным прыдаткам Польшчы.

 

20.4. Адукацыя і культура ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

Адукацыйная сістэма ў Польскай рэспубліцы мела наступную ўзроўневую структуру:

- пачатковыя школы;

- гімназіі (сярэдняя адукацыя);

- прафесійна-тэхнічныя вучылішчы;

- семінарыі і тэхнікумы (сярэдняя спецыяльная адукацыя);

- універсітэты (вышэйшая адукацыя).

На тэрыторыі Заходняй Беларусі адбывалася паступовае развіццё пачатковай адукацыі. У 1937/38 навучальным годзе тут налічвалася 4421 пачатковых школ з 546 тыс. навучэнцаў. Аднак разам з тым усеагульнае пачатковае навучанне не было рэалізавана: каля 13% дзяцей школьнага ўзросту не вучылася ў школе. У той жа час колькасць сярэдніх навучальных устаноў – гімназій – скарачалася (з 85 з 17,8 тыс. навучэнцаў у 1928 г. да 54 з 15,9 тыс. навучэнцаў у 1938 г.). Гэта тлумачыцца высокай платай за навучанне, аддаленасцю гімназій ад многіх населеных пунктаў (яны знаходзіліся толькі ў гарадах і некаторых мястэчках).

Важным накірункам адукацыйнай палітыкі польскіх уладаў з’яўлялася паланізацыя школы. Гэта суправаджалася дыскрымінацыяй беларускіх навучальных устаноў. Калі ў сярэдзіне 1920-х гг. у Заходняй Беларусі дзейнічала 77 беларускіх школ і 4 гімназіі (у Вільні, Радашковічах, Клецку, Навагрудку), то ў 1938 г. не засталося ніводнай.

У цэлым развіццё адукацыі суправаджалася істотнымі цяжкасцямі, такімі як недахоп школ, іх матэрыяльнага забеспячэння, настаўніцкіх кадраў. Узровень пісьменнасці насельніцтва заставаўся невысокім: у 1931 г. у Заходняй Беларусі налічвалася 43% непісьменных, што было значна вышэйшым паказчыкам, чым у цэнтральных раёнах Польшчы.

Важнай падзеяй ў развіцці адукацыі стала аднаўленне ў 1919 г. Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, якія стаў буйнейшым навуковым і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі. Найбольш значныя навуковыя даследаванні ва ўніверсітэце праводзіліся ў галіне філалогіі.

У розных сферах духоўнай культуры (літаратура, тэатр, друк, музыка, выяўленчае мастацтва) дамінаваў польскі ўплыў. Цэнтрамі беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці з’яўляліся Таварыства беларускай школы (1921-1937), Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926-1936), Беларускае навуковае таварыства (1918–1939), Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей (1921-1939), беларускамоўныя газеты, часопісы і выдавецтвы і г.д.

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, у межах якога дамінуюць грамадска-палітычныя, а таксама рамантычна-лірычныя матывы (М.Танк, В.Таўлай, М.Засім, Н.Арсеннева, К.Сваяк, У.Жылка, П.Пестрак і інш.).

Выяўленчае мастацтва было прадстаўлена наступнымі жанрамі:

- гістарычны і сімволіка-алегарычны (Я. Драздовіч);

- бытавы (М.Сеўрук, П.Сергіевіч);

- партрэтны і пейзажны (Г.Семашкевіч);

- карыкатурны (Я.Горыд).

Значны ўнёсак у развіццё музычнай культуры зроблены кампазітарамі К.Галкоўскім, Л.Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М.Забэйда-Суміцкім.

Такім чынам, у 1920-1930-я гг. адбывалася паступовае развіццё адукацыі і розных форм духоўнай культуры ў Заходняй Беларусі. Аднак дадзены працэс істотна стрымліваўся павольнымі тэмпамі эканамічнай мадэрнізацыі, а таксама паланізатарскай палітыкай польскіх улад.

Асноўныя паняцці:

Заходняя Беларусь, “паўночна-усходнія крэсы”, парламенцкая дэмакратыя, Канстытуцыя Польскай Рэспублікі 1921 г., Нацыянальны сход Польскай Рэспублікі, паланізацыя, Партыя нацыянальнай дэмакратыі, Партыя хрысціянскай дэмакратыі, Польская партыя сацыялістычная, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларускі пасольскі клуб, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, “санацыя”, канцэнтрацыйны лагер у Бярозе Картузскай, Канстытуцыя Польскай Рэспублікі 1935 г., Беларуская Сялянска-работніцкая грамада, “Змаганне”, камітэты і камісіі адзінага фронту, Беларускае народнае аб’яднанне, парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя, сервітуты, працоўная эміграцыя, сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гг., Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя, Таварыства беларускай школы, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Якія тэрыторыі, што адышлі да Польскай Рэспублікі ў 1921 г., атрымалі назву “Заходняя Беларусь”? Як афіцыйна называліся гэтыя тэрыторыі ў 1920-1930-я гг.?

2. Якія перыяды вылучаюць у палітычным жыцці Польскай Рэспублікі ў 1920-1930-я гг.?

3. Ахарактарызуйце асноўныя палажэнні Канстытуцыі Польскай Рэспублікі 1921 г. Якія органы ўлады атрымлівалі перавагу ў сістэме дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з дадзенай канстытуцыяй?

4. Што ўяўляла з сябе палітыка паланізацыі на заходнебеларускіх землях? Якія яе асноўныя накірункі?

5. Падумайце, чаму польскія ўлады актыўна падтрымлівалі каталіцкі касцёл у Заходняй Беларусі, а праваслаўная царква, наадварот, падвяргалася дыскрымінацыі?

6. Якія Вы ведаеце асноўныя польскія палітычныя партыі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі? У чым адрозненне іх сацыяльна-палітычных праграм?

7. Якія плыні сфарміраваліся ў межах беларускага нацыянальнага руху ў першай палове 1920-х гг.? У чым адрозненні паміж імі?

8. Якія палітычныя сілы праводзілі ўзброеную партызанскую барацьбу супраць польскіх улад у першай паловы 1920-х гг.? У сувязі з чым гэтая барацьба спынілася?

9. Падумайце, чым можна патлумачыць высокую папулярнасць палітычнай арыентацыі на БССР у межах нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі?

10. Што такое “санацыйны” рэжым”? Калі адбывалася яго ўсталяванне ў Польскай Рэспубліцы? У чым яго спецыфіка?

11. Якія змены ў дзяржаўна-палітычным ладзе Польскай Рэспублікі прадугледжвала Канстытуцыя 1935 г.?

12. Калі ўзнікае Беларуская сялянска-работніцкая грамада? Якія яна ставіла перад сабой задачы?

13. Дайце агульную характарыстыку развіцця рабочага, сялянскага і апазіцыйнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1930-я гг.

14. Чым можна патлумачыць ўзмацненне рэпрэсіўнай палітыкі “санацыйнага” рэжыму напярэдадні Другой сусветнай вайны?

15. Падумайце, чаму сталінскі рэжым ажыццявіў ліквідацыю КПЗБ і яе кіраўнікоў? Абгрунтуйце сваю думку.

16. Якія мерапрыемствы прадугледжвала аграрная рэформа ў Польшчы? Якія мэты яна перад сабой ставіла?

17. Што такое асадніцтва? Якія прычыны абумовілі падтрымку польскімі ўладамі дадзенай з’явы?

18. Растлумачце, наколькі аграрная рэформа спрыяла эканамічнай і тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі?

19. Якія фактары абумовілі нізкі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі?

20. Якія маштабы набыла працоўная эміграцыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі? Чым можна патлумачыць распаўсюджанне дадзенай з’явы?

21. Ахарактарызуйце ўзровень развіцця прамысловасці Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў цэлым.

22. Дайце агульную характарыстыку матэрыяльнага становішча рабочага класа Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

23. Паспрабуйце вызначыць агульны ўзровень эканамічнага развіцця заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы. Выкажыце думку, наколькі польскія ўлады былі зацікаўлены ў хуткай эканамічнай мадэрнізацыі дадзенага рэгіёну?

24. Якія ўзроўні мела адукацыйная сістэма ў Польскай Рэспубліцы? Дайце яе кароткую характарыстыку.

25. Падумайце, які ўплыў на развіццё асветы ў Заходняй Беларусі мела палітыка паланізацыі адукацыі?

26. Параўнайце ўзровень развіцця адукацыі ў Заходняй Беларусі і ў БССР у 1920-1930-я гг.

27. Якую ролю ў развіцці адукацыі, навукі і культуры Заходняй Беларусі мела адкрыццё Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя?

28. Дайце характарыстыку развіцця асноўных відаў мастацкай культуры ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Выбары ў парламенцкія ўстановы Польскай Рэспублікі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

2. Партызанская барацьба ў Заходняй Беларусі ў першай палове 1920-х гг.

3. Палітыка паланізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

4. Беларуская сялянска-работніцкая грамада: стварэнне, дзейнасць, вынікі.

5. Матэрыяльнае становішча рабочых і служачых Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

6. Хутарызацыя заходнебеларускай вёскі ў 1920-1930-я гг.: характар, ход, вынікі.

7. Дзейнасць Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя (1919-1939).

8. Беларускія гімназіі ў 1920-1930-я гг.

 

 

Тэма 21: Беларусь ва ўмовах Другой сусветнай


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 | 58 | 59 | 60 | 61 | 62 | 63 | 64 | 65 | 66 | 67 | 68 | 69 | 70 | 71 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.021 сек.)