|
||||||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я ггПасля вайны 1812 г. на тэрыторыі Беларусі назіраецца ажыўленне грамадскага жыцця. Шырокую актыўнасць праяўляюць арганізацыі масонаў – дзеячоў рэлігійна-філасофскага руху, да якога далучаліся прадстаўнікі розных плыняў інтэлектуальнай эліты грамадства. У другой палове 1810-х гг. сярод масонаў Каралеўства Польскага і былога ВКЛ панавала ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай пад уладай расійскага імператара. У 1819 г. у Каралеўстве Польскім фарміруецца арганізацыя “ Нацыянальнае масонства ”, адгалінаванне якой узнікае таксама ў Вільні. З пачатку 1820-х гг. палітыка царызму набывае яскрава акрэслены рэакцыйны характар. Звужаецца аўтаномія Каралеўства Польскага, парушаюцца дэмакратычныя правы. У 1820 г. з тэрыторыі Расійскай імперыі былі выдаленыя езуіты, зачынены ўсе езуіцкія навучальныя ўстановы, у тым ліку Полацкая акадэмія. Падобная палітыка прывяла да краху спадзяванняў грамадскасці на аднаўленне Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. У межах масонскіх арганізацый узнікаюць радыкальныя плыні, варожа настроеныя да палітыкі царызму. Гэта прыводзіць да забароны дзейнасці масонаў на тэрыторыі Расійскай імперыі ў 1822 г. Рэакцыйныя мерапрыемствы царызму выклікаюць фарміраванне апазіцыйнага руху на тэрыторыі Беларусі. Дадзены рух меў два накірункі: - польскі нацыянальна-вызваленчы рух; - рух расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў – дзекабрыстаў. Абодва дадзеныя рухі аб’ядноўвала крытыка царызму, імкненне да пераўтварэння грамадства на ліберальных пачатках. Польскі нацыянальна-вызваленчы рух на землях Беларусі знаходзіў сацыяльную базу сярод мясцовай апалячанай шляхты і інтэлігенцыі. Галоўным асяродкам яго распаўсюджання з’яўляліся навучальныя ўстановы, у першую чаргу Віленскі універсітэт. У яго межах ў 1817-1823 гг. дзейнічала тайнае студэнцкае таварыства філаматаў (найбольш вядомыя актывісты: А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот). Цесную сувязь з ім падтрымлівалі легальныя студэнцкія аб’яднанні прамяністых (1818-1820) і філарэтаў (1820-1823). Таварыствы прамяністых і філарэтаў, а таксама першапачаткова філаматаў афіцыйна мелі толькі культурна-асветніцкія задачы. Галоўнай мэтай сваёй дзейнасці актывісты студэнцкіх таварыстваў ставілі выхаванне моладзі ў духу польскай культуры. Паступова філаматы сталі выстаўляць палітычныя задачы. Галоўнай з іх абвяшчалася аднаўленне Рэчы Паспалітай як незалежнай польскай дзяржавы. У якасці ідэалу дзяржаўна-палітычнага ўладкавання сцвярджалася канстытуцыйнае кіраванне; прадугледжваліся ліквідацыя прыгонніцтва, верацярпімасць. Галоўнай рухаючай сілай грамадска-палітычных пераўтварэнняў, на думку філаматаў, павінна стаць шляхта (ідэя шляхецкага рэвалюцыянарызму). У 1819 – 1823 гг. тайныя таварыствы падобнага накірунку існавалі сярод вучняў сярэдніх навучальных устаноў у Мінску, Свіслачы, Полацку, Віцебску. У 1823 – 1824 гг. дадзеныя арганізацыі былі выкрытыя паліцыяй, а яе удзельнікі падвергліся рэпрэсіям. Карныя санкцыі закранулі таксама частку прафесарска-выкладчыцкага складу Віленскага універсітэту. Быў узмоцнены паліцэйскі кантроль у навучальных установах. У той жа час у на тэрыторыі былога ВКЛ ўзніклі арганізацыі тайнага польскага “ Патрыятычнага таварыства ”, якое сфарміравалася ў 1821 г. на базе забароненага ўладамі “Нацыянальнага масонства”. На чале гэтых арганізацый знаходзіўся Літоўскі савет, які ўзначальвалі М.Ромер, К.Радзівіл, К.Прозар. Галоўнай мэтай “Патрыятычнага таварыства” з’яўлялася аднаўленне Рэчы Паспалітай. Рух дзекабрыстаў сфарміраваўся ў асяроддзі ліберальна настроенага расійскага дваранства. На тэрыторыі Беларусі ён распаўсюджваўся сярод афіцэрства дыслацыраваных тут частак расійскай арміі. Дзекабрысты выступалі за ліквідацыю самадзяржаўя і правядзенне ў грамадстве шырокіх рэформ (у першую чаргу, ліквідацыя прыгонніцтва). Рухаючай сілай пераўтварэнняў абвяшчалася прагрэсіўнае дваранства. У 1823 г. быў распрацаваны “ Бабруйскі план паўстання ”, паводле якога прадугледжваўся арышт цара Аляксандра І падчас прыезду ў Бабруйскую крэпасць для агляду войска з далейшай рэалізацыяй паходу на Маскву пры адначасовым паўстанні ў Пецярбургу. Аднак з-за няўдалай падрыхтоўкі план не быў ажыццёўлены. Пад уплывам дзекабрыстаў у 1825 г. сярод афіцэраў Літоўскага асобага корпуса на Гродзеншчыне было створана канспіратыўнае " Таварыства ваенных сяброў " на чале з К. Ігельстромам. Пры таварыстве дзейнічалі дзве тайныя арганізацыі: “Згода”, якая складалася з грамадзянскіх асоб (пераважна інтэлігенцыі) і “Заране”, у якую ўваходзілі вучні Беластоцкай і Свіслацкай гімназій. 14 снежня 1825 г., пасля смерці цара Аляксандра І і падчас ўступлення на трон Мікалая І (1825-1855) дзекабрысты паднялі няўдалае паўстанне ў Пецярбургу. У снежні 1825 і лютым 1826 гг. былі спробы ўзняць паўстанне сярод салдат Бабруйскай крэпасці. Усе выступленні дзекабрыстаў былі падаўлены царскімі ўладамі, іх удзельнікі падвергліся жорсткім рэпрэсіям. У першай палове 1820-х гг. мелі месца спробы наладжвання сувязяў паміж польскім нацыянальна-вызваленчым і дзекабрысцкім рухам. Галоўнай праблемай устанаўлення саюзу з’яўляліся дзяржаўна-палітычныя адносіны будучых Польшчы і Расіі. Польскія дзеячы выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Большасць дзекабрыстаў дапускалі незалежнасць Польшчы, але пры захаванні пад уладай Расіі зямель былога ВКЛ і Ўкраіны. Разгром большасці апазіцыйных арганізацый на тэрыторыі Беларусі не спыніў, аднак, далейшага развіцця грамадска-палітычнага руху. Сярод дзеячоў польскага нацыянальна-вызваленчага руху выспявала ідэя неабходнасці ўзброенай барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай.
10.4. Паўстанне 1830-1831 гг. і Беларусь. 28-29 лістапада 1830 г. у Каралеўстве Польскім пачалося паўстанне, якое часткова ахапіла таксама землі Беларусі, Літвы і Ўкраіны. Асноўнымі прычынамі паўстання былі наступныя: - абмежаванне царызмам аўтаноміі Каралеўства Польскага, пастаянныя парушэнні канстытуцыі 1815 г.; - рэпрэсіўная палітыка царызму ў сферах грамадска-палітычнага і культурнага жыцця. Непасрэдным штуршком да пачатку паўстання з’явілася вестка аб намеры цара Мікалая I паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г. Паўстанне пачалося ў польскіх вайсковых частках, размешчаных у Варшаве, да якіх далучылася значная частка насельніцтва Варшавы. Расійскія войскі пакінулі Варшаву, а ў пачатку снежня – і Каралеўства Польскае. 18 снежня 1830 г. польскі сойм абвясціў нацыянальнае паўстанне, а ў студзені 1831 г. афіцыйна пазбавіў польскага трону Мікалая І і дынастыю Раманавых. У якасці органа вышэйшай выканаўчай улады быў створаны Нацыянальны ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім. Урад разлічваў дамагчыся незалежнасці Польшчы шляхам знаходжання падтрымкі з боку буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў, у першую чаргу Англіі і Францыі. Дадзеныя падзеі выклікалі вайну паміж Расіяй і паўстаўшай Польшчай, якая працягвалася з лютага да кастрычніка 1831 г. У яе межах умоўна можна вылучыць два этапы: 1) люты-май 1831 г. – захаванне адноснай раўнавагі паміж ваюючымі бакамі; 2) чэрвень-кастрычнік 1831 г. – наступленне расійскай арміі і разгром паўстання. Сярод удзельнікаў паўстання вызначыліся дзве плыні:
Пануючая роля ў кіраўніцтве паўстаннем належала кансерватарам. Праекты сацыяльных рэформ, прапанаваныя радыкаламі, не былі разгледжаныя. Паўстанцкія ўлады Каралеўства Польскага да самага пачатку вялікую ўвагу надавалі перспектыве распаўсюджання паўстання на землі былога ВКЛ і Правябярэжнай Украіны. 25 студзеня 1831 г. Нацыянальны ўрад у Варшаве абвясціў зварот да жыхароў Беларусі, Літвы і Ўкраіны з заклікам да паўстання. У студзені-лютым 1831 г. для падрыхтоўкі паўстання ствараецца падпольны Віленскі цэнтральны камітэт. Аднак ён не змог забяспечыць адначасовае выступление паўстанцаў і каардынацыю іх дзеянняў у розных раёнах. Таму паўстанне пачыналася ізалявана па асобных паветах. У канцы сакавіка – красавіку 1831 г. паўстанне ахапіла Літву і паўночна-заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Свянцянскі і Дзісенскі паветы); у маі – Гродзенскую губерню, у чэрвені-ліпені – Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы, а таксама Валынь. У маі 1831 г. на дапамогу паўстанцам на Віленшчыне і Гродзеншчыне быў накіраваны 12-тысячны польскі корпус Г. Гелгуда. 19 чэрвеня 1831 г. каля Вільні адбылася буйнейшая падчас паўстання бітва на тэрыторыі былога ВКЛ, у якой перамагло расійскае войска. Падчас паўстання ў кожным павеце шляхта выбірала ўрад і вайсковага камандзіра. Урады ў паветах прыводзілі да прысягі мясцовае насельніцтва, праводзілі наборы ў паўстанцкія атрады, выдавалі адозвы з заклікамі далучыцца да барацьбы. Галоўнай рухаючай сілай паўстання з’яўлялася дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства ў пераважнай большасці ставілася да паўстання індыферэнтна з-за адсутнасці сацыяльных кампанентаў у праграме паўстанцаў. Усяго ў паўстанні на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел каля 30 тыс. чалавек. Царскі ўрад у кантэксце барацьбы з паўстаннем са снежня 1830 г. увёў на тэрыторыі заходняй Беларусі і Літвы ваеннае становішча. Шляхціцы-паўстанцы прыцягваліся да суда, a іх маёнткі канфіскоўваліся. У той жа час з мэтай перацягуць на свой бок сялянства ў красавіку 1831 г. быў выдадзены загад, паводле якога сялянам дараваўся ўдзел у паўстанні, калі яны добраахвотна пакінуць паўстанцкія атрады. У жніўні 1831 г. паўстанне было канчаткова падаўлена на тэрыторыі Беларусі і Літвы, а ў кастрычніку – на тэрыторыі Польшчы. Значная частка паўстанцаў накіравалася ў эміграцыю. Шмат удзельнікаў паўстання было рэпрэсіравана; у Сібір выселены тысячы шляхецкіх сем’яў. Маёмасць рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання падлягала канфіскацыі. Непасрэдным вынікам паўстання было скасаванне аўтаноміі Каралеўства Польскага. Былі ліквідаваны асобнае польскае войска і Літоўскі асобны корпус. Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць: - слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання; - істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай; - адмаўленне паўстанцкіх уладаў вырашаць сялянскае пытанне, што абумовіла вузкасць сацыяльнай базы паўстання; - неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы.
10.5. Палітыка царызму ў Беларусі ў 1830-1850-я гг. Шырокі ўдзел шляхты з тэрыторый Беларусі і Літвы ў паўстанні 1830-1831 гг. абумовіў змены ў палітыцы царызму ў 1830-1850-я гг. У гэты перыяд адбываецца адыход ад палітыкі кампрамісу ў адносінах да мясцовай шляхты і рэалізуецца курс на паслядоўную русіфікацыю краю. У 1832 г. пры ўрадзе Расійскай імперыі быў створаны “ Асобны камітэт па справах заходніх губерняў ” з мэтай распрацоўкі і ажыццяўлення мерапрыемстваў па русіфікацыі краю ў розных сферах сацыяльнага жыцця. Можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму ў разглядаемы перыяд: 1) Русіфікацыя заканадаўства: У 1830–1831 г. была адменена дзейнасць Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. на ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ. Замест яго ўводзілася расійскае заканадаўства. 2) Русіфікацыя адміністрацыйнай сістэмы: На падставе царскіх указаў ад 30 кастрычніка 1831 г. і 11 студзеня 1832 г. усім дзяржаўным установам і пасадам на землях былога ВКЛ былі дадзены расійскія назвы. Паводле указаў ад 1832 г. дзейнасць усіх судовых устаноў пераведзена на рускую мову. У мясцовыя адміністрацыйныя і судовыя ўстановы сталі запрашацца чыноўнікі з уласна расійскіх губерняў, якіх заахвочвалі павышанымі акладамі і хуткім ростам кар’еры, магчымасцю на ільготных умовах набыць зямельныя ўладанні. Указам ад 18 чэрвеня 1840 г. цар Мікалай I забараніў выкарыстоўваць назвы “Беларусь” і “Літва”. Замест іх уводзілася назва “ Северо-Западный край ”. 3) Русіфікацыя землеўладання: Адбылася канфіскацыя зямельных уладанняў удзельнікаў паўстання, якія на ільготных умовах раздаваліся расійскім дваранам. Тым не менш у структуры памешчыцкага землеўладання колькасна пераважала мясцовае “польскае”. 4) Узмацненне палітыкі “разбору шляхты”: Паводле царскіх указаў ад 1831, 1847 і 1857 гг. зрабіліся больш жорсткімі ўмовы пацвярджэння шляхецкага статусу – доказам гэтага маглі быць толькі арыгіналы прывілеяў і граматы вялікіх князёў або каралёў. Тыя, хто іх не меў, пазбаўляліся права валодання маёнткамі з прыгоннымі і пераводзіліся ў падатковыя саслоўі. Усё гэта прывяло да таго, што за некалькі дзесяцігоддзяў колькасць шляхты ў Беларусі скарацілася з 12-13% да 3% ад агульнай колькасці насельніцтва. 5) Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў: Пасля падаўлення паўстання на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны 191 з 304 каталіцкіх кляштараў. Большасць з іх была пераўтворана ў прыходскія касцёлы ці перададзена праваслаўнай царкве. Таксама зачыняліся або пераўтвораліся ў праваслаўныя цэрквы некаторыя каталіцкія касцёлы. У кастрычніку 1836 г. улады забаранілі службовым асобам касцёла ў Беларусі весці публічныя пропаведзі на польскай мове без папярэдняй цэнзуры. У 1836 г. быў выдадзены указ аб забароне духавенству неправаслаўнага веравызнання набываць у прыгоннае ўладанне праваслаўных сялян, а ў 1841 г. адбылася канфіскацыя нерухомасці ў каталіцкага духавенства. У адносінах да уніяцкай царквы была ажыццёўлена яе поўная ліквідацыя. У лютым 1839 г. у Полацку пад кантролем дзяржаўных улад быў скліканы сабор іерархаў уніяцкай царквы, на якім прыняты акт аб далучэнні да праваслаўнай царквы. Усе уніяты, якія складалі на той час большасць насельніцтва Беларусі, прымусова пераводзіліся ў праваслаўе. 6) Русіфікацыя адукацыі: У 1832 г. улады зачынілі Віленскі ўніверсітэт як ачаг вальнадумства і распаўсюджвання польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Таксама былі зачынены ўсе навучальныя ўстановы, арганізаваныя каталіцкімі ордэнамі. Навучанне ў школах цалкам пераводзіцца на рускую мову. 3 1836 г. забараняецца выкладанне польскай мовы ў школах як вучэбнага прадмета. Для працы ў сістэме адукацыі актыўна прыцягваюцца настаўнікі з расійскіх губерняў. 7) Узмацненне ідэалагічнай працы сярод насельніцтва: У 1830-я гг. канцэптуальна фарміруецца афіцыйная дзяржаўная ідэалогія Расійскай імперыі, сутнасць якой засяроджваецца ў формуле “Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць”. Спецыфіка дадзенай ідэалогіі на тэрыторыі Беларусі праяўляецца ў фарміраванні канцэпцыі т.зв. заходнерусізму. Паводле яе карэннае насельніцтва Беларусі абвяшчаецца заходняй часткай адзінага рускага народу, а фундаментам дадзенага адзінства разглядаецца праваслаўе. Цэнтрамі прапаганды дзяржаўнай ідэалогіі становяцца праваслаўная царква, школа і афіцыйны друк, галоўную ролю сярод якіх мелі мясцовыя перыядычныя выданні “Губернские ведомости”, якія пачалі выдавацца з канца 1830-х гг. ва ўсіх губернскіх цэнтрах. У выніку ажыццёўленых мерапрыемстваў узмацніўся рэпрэсіўны характар дзяржаўнай улады, умацаваліся пазіцыі рускага дваранства і чыноўніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця Беларусі. Але разам з тым польская шляхта здолела захаваць значны ўплыў у сістэме землеўладання, у пэўнай ступені таксама ў сістэме адміністрацыі і культуры. Дадзеная сітуацыя з’яўлялася глебай для ўзнікнення новых сацыяльна-палітычных канфліктаў.
Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі ў 1830-1850-я гг. Падаўленне паўстання 1830-1831 гг. прывяло да заняпаду грамадска-палітычнага руху на тэрыторыі Беларусі. Большасць дзеячоў польскага нацыянальна-вызваленчага руху эмігравала. Пераважная частка мясцовай шляхты перайшла на пазіцыі згодніцтва з царскім урадам. У грамадскім жыцці ўзмацняюцца ідэі кансерватызму. Цэнтрамі распаўсюджання кансерватыўных ідэй становяцца польскамоўныя перыядычныя выданні, якія выходзілі як у Вільні (“Рубон”), так і за межамі тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай (“Пецярбургскі штотыднёвік”). Разам з тым у абмежаваных формах працягвалася дзейнасць польскага нацыянальна-вызваленчага руху. На працягу 1830-х гг. ажыццяўляліся спробы засылкі на тэрыторыю былога ВКЛ эмісараў польскіх эмігранцкіх арганізацый, якія павінны былі ствараць з мясцовых жыхароў узброеныя атрады для разгортвання партызанскай барацьбы. Найбольш значнай такой спробай з’яўляецца “Экспедыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага” 1833 г. Аднак істотных вынікаў падобныя акцыі не атрымалі. Большасць эмісараў арыштоўваліся ўладамі. У 1830-1840-я гг. у розных гарадах былога ВКЛ узнікалі падпольныя арганізацыі польскага нацыянальна-вызваленчага руху: “ Садружнасць польскага народа ”, якая мела свае аддзяленні на тэрыторыі былога ВКЛ (1835-1837), “ Дэмакратычнае таварыства ” ў Вільні (1836-1838), “ Брацкі саюз літоўскай моладзі ” (1846-1849) з аддзяленнямі ў Вільні, Ашмянах, Гродне, Лідзе і Мінску, Мінская тайная арганізацыя (1848-1849). Пераважную большасць членаў дадзеных арганізацый складалі прадстаўнікі радыкальна настроенай шляхецкай моладзі. Дадзеныя арганізацыі разам з патрабаваннямі аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай змяшчалі ў сваіх праграмах патрабаванні істотных грамадска-палітычных пераўтаварэнняў у будучай нележнай дзяржаве. Найлепшай формай дзяржаўна-палітычнага ўладкавання абвяшчалася дэмакратычная рэспубліка, у межах якой павінны гарантавацца свабода і роўнасць усіх людзей, падрэслівалася неабходнасць ліквідацыі саслоўных прывілеяў і прыгоннага права. У якасці шляху да рэалізацыі сацыяльна-палітычных ідэалаў сцвярджалася нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя, рухаючай сілай якой павінны былі стаць усе сацыяльныя слаі грамадства, а не толькі шляхта. Аднак істотнага ўплыву на грамадска-палітычныя працэсы на землях Беларусі дадзеныя арганізацыі не мелі. Усе яны былі выкрыты царскімі ўладамі, а іх дзеячы рэпрэсіраваны.
Асноўныя паняцці: Беларускае каталіцкае біскупства, гарадская дума, генерал-губернатарства, губерня, губернскія і павятовыя дваранскія сходы, губерня, мяжа яўрэйскай аселасці, павет, падушны падатак, “разбор шляхты”, рэкруцкая павіннасць, Варшаўскае герцагства, Часовая ўрадавая камісія ВКЛ, Каралеўства Польскае, масоны, польскі нацыянальна-вызваленчы рух, дзекабрысты, філаматы, прамяністыя, філарэты, шляхецкі рэвалюцыянарызм, “Патрыятычнае таварыстыства”, “Бабруйскі план паўстання”, “Таварыства ваенных сяброў”, паўстанне 1830-1831 гг., Віленскі цэнтральны камітэт, “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”, русіфікацыя, “Северо-Западный край”, Полацкі сабор 1839 г., заходнерусізм, “Садружнасць польскага народа”, “Дэмакратычнае таварыства”, “Брацкі саюз літоўскай моладзі”.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Які характар мела сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі Беларусі пасля яе далучэння ў склад Расійскай імперыі? Якія былі сфарміраваны адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі? 2. Дайце характарыстыку сістэмы дзяржаўнага кіравання, якая склалася на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст.? 3. Параўнайце прававое становішча шляхты беларускіх зямель да і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Якія прывілеі былі захаваны за шляхтай і якія былі страчаны? 4. Растлумачце, у чым палягала сутнасць палітыкі “разбору шляхты”? Чаму палітыка царызму адносна дробнай шляхты мела рэпрэсіўны характар? 5. Прааналізуйце, як змянілася становішча гарадскога насельніцтва пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Якія новыя павіннасці былі ўведзены для мяшчанства? 6. У чым адлюстроўвалася ўзмацненне эксплуатацыі сялянства пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі? Якім чынам змяніліся дзяржаўныя павіннасці сялянства? 7. Вызначце асноўныя накірункі палітыкі царызму ў дачыненні яўрэяў? Паспрабуйце растлумачыць, чым было абгрунтавана з боку царскіх улад увядзенне мяжы яўрэйскай аселасці? 8. Параўнайце прававое становішча рымска-каталіцкай і ўніяцкай цэркваў у Расійскай імперыі? Растлумачце, у чым палягае прычына адрозненняў? 9. Растлумачце, чаму царскія ўлады захавалі на тэрыторыі сваёй дзяржавы дзейнасць ордэна езуітаў, нягледзячы на яго роспуск паводле ініцыятывы папства? 10. Якія пазіцыі займалі прадстаўнікі палітычнай эліты былога ВКЛ напярэдадні вайны 1812 г.? 11. Якія характар мелі баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў першы перыяд вайны 1812 г.? Растлумачце прычыны першапачатковых перамог французкага войска? 12. Які характар мелі адносіны розных груп насельніцтва Беларусі да французкіх улад на акупаванай тэрыторыі? Растлумачце прычыны і матывы тых ці іншых адносін? 13. Прааналізуйце асноўныя накірункі палітыкі французкай адміністрацыі на землях былога ВКЛ? Вызначце характар і матывы дадзенай палітыкі? 14. Вызначце характар баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ў апошні перыяд вайны 1812 г.? Растлумачце прычыны паражэнняў французкага войска? 15. Якія вынікі прынесла вайна 1812 г. для розных груп насельніцтва Беларусі? 16. Чым можна растлумачыць ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця на землях былога ВКЛ у другой палове 1810 – пачатку 1820-х гг.? Якія ў гэты час функцыяніруюць грамадскія арганізацыі? 17. Прасачыце, якім чынам змянялася палітыка царызму ў адносінах да “польскага пытання” на працягу другой паловы 1810 – першай паловы 1820-х гг.? Да якіх гэта прывяло палітычных наступстваў? 18. Якія накірункі меліся ў межах апазіцыйнага руху на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 1820-х гг.? Якія паміж імі меліся агульныя рысы і разыходжанні? 19. Ахарактарызуйце сацыяльныя і ідэйныя асновы польскага нацыянальна-вызваленчага руху першай паловы 1820-х гг.? Растлумачце сутнасць ідэі шляхецкага рэвалюцыянарызму? 20. Растлумачце, хто такія дзекабрысты? Дайце характарыстыку ідэалогіі і сацыяльнага складу дзекабрысцкага руху. 21. Вызначце прычыны і перадумовы паўстання 1830-1831 гг. 22. Якія мерапрыемствы ажыцяўляліся паўстанцкімі ўладамі Польшчы ў 1830-1831 гг.? Вызначце характар дадзеных мерапрыемстваў? 23. Якія палітычныя плыні меліся сярод удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг.? 24. Якія тэрыторыі ахапіў паўстанцкі рух у 1830-1831 гг. ў Беларусі? Якія сацыяльныя групы насельніцтва пераважна ўдзельнічалі ў паўстанні? 25. Якія можна вылучыць асноўныя прычыны паражэння паўстання 1830-1831 гг.? 26. Якія можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг.? 27. Абгрунтуйце прычыны ўзмацнення русіфікатарскай палітыкі царызму пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг.? 28. Паспрабуйце вызначыць, якія сацыяльныя групы насельніцтва на тэрыторыі Беларусі найбольш пацярпелі ў выніку рэпрэсіўнай палітыкі царызму ў 1830-1850-я гг. і чаму? 29. Чым можна растлумачыць змены ў канфесійнай палітыцы царызму ў 1830-1850-я гг.? 30. Які характар меў польскі нацыянальна-вызваленчы рух ў 1830- 1850-я гг. на тэрыторыі Беларусі?
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Фарміраванне расійскай сістэмы дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст. 2. Шляхта Беларусі ў пачатку 19 ст. 3. Яўрэі Беларусі ў канцы 18 – першай палове 19 стст. 4. Дзейнасць ордэна езуітаў на тэрыторыі Расійскай імперыі. 5. Землі Беларусі ва ўмовах французкай акупацыі 1812 г. 6. Дзейнасць масонскіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі (другая палова 1810 – пачатак 1820-х гг.). 7. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі падчас паўстання 1830-1831 гг. 8. Ліквідацыя уніяцкай царквы на тэрыторыі Расійскай імперыі.
Тэма 11: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.017 сек.) |