|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Культура ВКЛ у 14 – 16 стст. 5.1. Рэлігійныя адносіны ў ВКЛ у 14 – 16 стст5.1. Рэлігійныя адносіны ў ВКЛ у 14 – 16 стст. Важнейшай часткай жыцця традыцыйнага грамадства з’яўлялася рэлігія. На працягу ўсяго перыяду свайго існавання ВКЛ была шматканфесійнай дзяржавай. На яе тэрыторыі існавала некалькі рэлігійных канфесій, якія ў розны час мелі розны прававы статус і ўплыў у грамадстве. Сярод канфесій, якія дзейнічалі ў ВКЛ, можна вылучыць: - хрысціянскія (каталіцызм, праваслаўе, пратэстантызм); - нехрысціянскія (іудаізм, іслам). Рымска-каталіцкая царква. Да канца 14 ст. у ВКЛ дзейнічалі толькі невялікія абшчыны католікаў. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. каталіцызм становіцца пануючым веравызнаннем у ВКЛ. Ён быў прыняты вялікім князем і значнай часткай арыстакратыі. Прывілеі 1387 і 1413 гг. замацавалі прывілеяванае становішча каталіцкай царквы і каталіцкай шляхты. Каталіцкія біскупы займалі важнейшыя месцы ў складзе Паноў Рады. У канцы 14 – пачатку 15 стст. у каталіцызм было прымусова ахрышчана язычніцкае насельніцтва ВКЛ (пераважна балцкае). У выніку каталіцызм стала вызнаваць большасць насельніцтва ў заходняй, пераважна балцкай, частцы ВКЛ. У той жа час у цэнтры і на ўсходзе ВКЛ да канца 16 ст. колькасць католікаў была нязначнай, нават сярод шляхты. Дзяржаўныя ўлады, а таксама каталіцкая шляхта выдаткоўвалі значныя сродкі на будаўніцтва каталіцкіх храмаў, кляштароў, падаравалі ім землі і іншую маёмасць. Уся каталіцкая царква прызнае вяршэнства рымскага папы. Паводле структуры яна падзяляецца на біскупствы. Усе біскупствы ў ВКЛ падпарадкоўваліся гнезненскаму арцыбіскупу ў Польшчы. На тэрыторыі ВКЛ існавалі наступныя біскупствы: Віленскае (з 1388 г.) Жамойцкае (з 1417 г.) Уладзімірска-Луцкае (з 1425 г.). У каталіцкай царкве вялікую ролю адыгрывалі манаскія ордэны, якія мелі значную аўтаномію ў межах царквы: дамініканцы, францысканцы, аўгусцінцы, бернардзінцы, кармеліты і інш. Праваслаўная царква Праваслаўе да 17 ст. вызнавала абсалютная большасць насельніцтва ва ўсходняй і цэнтральнай частцы ВКЛ, а таксама істотная частка насельніцтва на захадзе ВКЛ. Да праваслаўнай царквы належала значная частка шляхты ВКЛ. Паводле прывілеяў 1432 і 1434 гг. яна ўраўноўвалася ў грамадзянскіх правах з каталіцкай, а ў выніку прывілею 1563 г. – ураўноўвалася таксама ў палітычных правах. Праваслаўная царква мела шматлікія правы і прывілеі, якія гарантавалі яе функцыянаванне ў ВКЛ. Праваслаўная шляхта выдзяляла значныя сродкі на будаўніцтва праваслаўных храмаў, манастыроў і г.д. Да канца 16 ст. уся праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату. На чале праваслаўнай царквы ў ВКЛ знаходзіўся мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, рэзідэнцыя якога з 1458 г. знаходзілася ў Вільні або Новагародку. Кіеўская мітраполія падзялялася да канца 16 ст. на некалькі епархій: Кіеўская (мітрапаліцкая) Полацкая Турава-Пінская Уладзімірска-Берасцейская шэраг епархій на тэрыторыі Украіны (Львоўская, Луцкая, Холмская, Перамышльская). У 16 ст. надзвычай вялікую ролю ва ўнутраным кіраванні праваслаўнай царквы сталі адыгрываць свецкія асобы (шляхта, брацтвы ў гарадах), якія захапілі частку функцый духавенства. Рэфармацыя У 16 ст. на тэрыторыі амаль усёй Еўропы адбываецца Рэфармацыя – масавы рэлігійны рух, накіраваны супраць веравучэння і культу каталіцкай царквы і за аднаўленне прынцыпаў першапачатковага хрысціянства паводле Бібліі. Перадумовай Рэфармацыі стала пераўтварэнне каталіцкай царквы ў магутную сацыяльна-эканамічную арганізацыю ў Еўропе, багацце якой засноўвалася на вялікім землеўладанні, зборы дзесяціны, гандлю індульгенцыямі (граматамі аб адпушчэнні грахоў за грошы), паборамі за выканнне вернікамі абрадаў. Веравучэнне і культ каталіцызму ўсё больш аддаляліся ад першапачатковых прынцыпаў хрысціянства. Гэта выклікала незадаволенасць сярод шырокіх слаёў грамадства, у тым ліку кіруючых колаў шэрагу дзяржаў, якія імкнуліся завалодаць уласнасцю каталіцкай царквы. Фармальным пачаткам Рэфармацыі лічыцца абвяшчэнне германскім манахам Марцінам Лютэрам у 1517 г. у Вітэнбергу “95 тэз”, якія былі накіраваныя на рэформу каталіцкай царквы. Вынікам Рэфармацыі стала фарміраванне шэрагу пратэстанцкіх канфесій (лютэранства, кальвінізм, баптызм і г.д.). Пратэстанты абвясцілі Біблію галоўным аўтарытэтам у справах веры, распрацавалі новыя дактрыны веравучэння і культ, якія, на іх думку, адпавядаюць прынцыпам ранняга хрысціянства, закладзеным у Бібліі. Прадстаўнікі рэфармацыйных канфесій выступалі за танную царкву, супраць індульгенцый, за права свецкіх асоб у рэлігійнай абшчыне выбіраць і кантраляваць дзейнасць духавенства, канфіскацыю царкоўнай маёмасці, выкарыстанне народнай мовы ў набажэнствах, а не лаціны, адмаўлялі культ ікон, святых, большасць каталіцкіх абрадаў. Пратэстанты, асабліва кальвіністы, пастуліравалі прынцып вяршэнства Свяшчэннага Пісання ў царкоўным і свецкім жыцці. Для барацьбы з Рэфармацыяй каталіцкая царква актыўна выкарыстоўвала інквізіцыю, а таксама спецыяльна створаны ў 1540 г. ордэн езуітаў. Аднак на працягу 16 ст. паўночна-германскія княствы, шэраг гарадоў-дзяржаў у Швейцарыі, Швецыя, Данія, Англія, Шатландыя, Прусія афіцыйна падтрымалі пратэстантызм. У 1555 г. імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V у Аўгсбургскім прывілеі юрыдычна замацаваў прынцып “чыя зямля таго і вера”, які дазваляў асобным князям у сваіх уладаннях уводзіць каталіцызм або пратэстантызм паводле ўласнага меркавання. У некаторых еўрапейскіх краінах супярэчнасці паміж католікамі і пратэстантамі прывялі да рэлігійных войнаў (Францыя, Нідэрланды). Рэфармацыя ў ВКЛ пачынаецца ў сярэдзіне 16 ст. Вынікам стала ўзнікненне наступных канфесій: - евангеліцка-аўгсбургская (лютэранская) - евангеліцка-рэфармацкая (кальвінісцкая) - “Польскія і Літоўскія браты” (антытрынітарыі – радыкальная плынь, якая адмаўляла дагматы аб траістасці Бога і боскасці Хрыста). Рэфармацыя ў ВКЛ мела шэраг асаблівасцяў: 1) Яна не была справакавана жаданнем феадалаў атрымаць маёмасць каталіцкай царквы. У ВКЛ царкве належала 5% зямлі, у той час як, напрыклад, у Англіі 40%. Галоўным матывам прыняцця Рэфармацыі шляхтай было імкненне паставіць пад свой кантроль дзейнасць духавенства і абмежаваць уплыў Рыму. 2) Рэфармацыя распаўсюджвалася, галоўным чынам, сярод шляхты (Радзівілы, Валовічы, Пацы і г.д.) і часткі мяшчанства; і амаль не закранула сялянскія масы. У структуры пратэстанцкіх канфесій галоўную ролю адыгрывалі свецкія апякуны (з ліку уплывовай шляхты). 3) Найбольш уплывовымі накірункамі рэфармацыйнага руху сталі кальвінізм і антытрынітарызм, а не лютэранства. 4) На тэрыторыі ВКЛ Рэфармацыя была скіравана не толькі супраць каталіцкай, але і супраць праваслаўнай царквы. Асноўнымі шляхамі распаўсюджання Рэфармацыі былі навучанне шляхты ў пратэстанцкіх універсітэтах Заходняй Еўропы, іміграцыя замежных настаўнікаў і мяшчан, цесныя палітычныя і эканамічныя кантакты з пратэстанцкімі Прусіяй і Інфлянтамі. Першай вядомай абшчынай пратэстантаў ВКЛ лічыцца лютэранская ў Слуцку, якая ў 1535 г. атрымала надзел зямлі ў горадзе ад князя Юрыя Алелькавіча. Найбольшае развіццё рэфармацыйнага руху у ВКЛ пачалося з 1553 г., калі канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл “Чорны” на свае сродкі пабудаваў кальвінісцкі збор і друкарню ў Берасці. У 1550-1560-я гг. у ВКЛ ужо ўзнікла 85 кальвінісцкіх і 7 антытрынітарных абшчын. На 1569 г. у складзе Паноў Рады ВКЛ было 15 пратэстантаў, 2 католікі (біскупы), 5 праваслаўных. Для каардынацыі дзеянняў розных рэфармацыйных груп ВКЛ у 1557 г. быў створаны сінод евангеліцка-рэфармацкіх абшчын у Вільні. Дзейнасць адначасова некалькіх канфесій у ВКЛ прыводзіла да ўсталявання адносна мірных ўзаемаадносін паміж імі, рэлігійнай талеранцыі. Паводле Віленскага прывілею 1563 г. было абвешчана ўраўнаванне ў палітычных правах шляхты ВКЛ усіх хрысціянскіх веравызнанняў. Пасля стварэння Рэчы Паспалітай у 1573 г. быў абвешчаны акт Варшаўскай канфедэрацыі, які прадубліраваў Статут ВКЛ 1588 г., паводле якога ўся хрысціянская шляхта незалежна ад веравызнання атрымлівала роўныя грамадзянскія і палітычныя правы. Злачынствы на рэлігійнай глебе прыраўноўваліся да крымінальных. У большасці самакіруемых гарадоў дзейнічалі прынцыпы рэлігійнай цярпімасці ў адносінах паміж мяшчанамі розных канфесій. У прыватных уладаннях рэлігійная сітуацыя кантралявалася ўладальнікамі. Яны маглі або захоўваць рэлігійную цярпімасць або ствараць перавагі для пэўнага веравызнання або нават праводзіць рэпрэсіі ў адносінах да іншаверцаў нешляхецкага паходжання. Рэлігійная цярпімасць прадугледжвалася ў ВКЛ для прадстаўнікоў нехрыціянскіх веравызнанняў (яўрэяў, мусульман), замацаваная спецыяльнымі прывілеямі. Такім чынам, у 14 – 16 стст. у ВКЛ склалася шматканфесійная сітуацыя. Афіцыйны пануючы статус быў замацаваны за каталіцкай царквой, аднак у грамадскім жыцці мелі таксама моцны ўплыў праваслаўная і пратэстанцкія канфесіі. Гэта прывяло да замацавання рэлігійнай талеранцыі ў міжканфесійных адносінах, пацверджанай на дзяржаўна-прававым узроўні.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.004 сек.) |