|
|||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР
Правядзенне паскоранай індустрыялізацыі з боку дзяржавы ажыццяўлялася пераважна за кошт рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі на знешніх рынках. У перыяд нэпа органы дзяржаўнай улады арганізоўвалі масавыя закупкі збожжа ў сялянства. Аднак дадзеныя закупкі ажыццяўляліся нярэдка з вялікімі цяжкасцямі, прычынамі якіх з’яўляліся беднасць большасці сялянскіх гаспадарак і заніжаныя закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Напрыканцы 1920-х гг., калі адбывалася згортванне нэпа, было прынята рашэнне аб правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Сутнасць яе заключалася ў ліквідацыі дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак і ўключэнні іх у склад буйных адзяржаўленых калектыўных і дзяржаўных гаспадарак – калгасаў. Стварэнне такіх гаспадарак адпавядала спецыфіцы камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай, якая сцвярджалася ў гэты час і дазваляла ўладам манапольна кантраляваць працэс вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. Непасрэднай перадумовай усеагульнай калектывізацыі стаў хлебанарыхтоўчы крызіс 1927-1928 гг., у выніку якога рэзка знізіўся экспарт збожжа. Рэакцыяй на крызіс з боку ўладаў стала правядзенне надзвычайных мер: гвалтоўная канфіскацыя збожжа ў сялян, крымінальныя пераследаванні ў адносінах да ўкрывальнікаў збожжа. Пачатак усеагульнай калектывізацыі быў распачаты зімой 1929/30 г. Асобныя сялянскія гаспадаркі пры іх уключэнні ў калгасы ліквідаваліся; зямля, рабочая жывёла і асноўныя прылады працы пераходзілі ва ўласнасць калгасаў. Фармальна гэта выглядала як аб’яднанне індывідуальных гаспадарак у калектыўныя, фактычна – як дзяржаўная канфіскацыя маёмасці індывідуальных гаспадарак і пераўтварэнне сялян у пазбаўленых уласнасці сельскагаспадарчых рабочых буйных гаспадарак. Сяляне, якія адмаўляліся ўваходзіць у калгасы, абкладаліся надзвычай высокімі падаткамі; для іх ствараліся неспрыяльныя ўмовы гаспадарання, што прыводзіла да разарэння. Дадзены фактар, а таксама адміністрацыйны націск, небяспека рэпрэсій вымушалі сялян да ўваходжання ў калгасы. Паралельна праводзілася т.зв. раскулачванне – прымусовая канфіскацыя маёмасці сялян, якіх улады адносілі да ліку заможных і называлі “кулакамі”. На практыцы да “кулакоў” залічвалі таксама тых сялян, якія супраціўляліся ўступленню ў калгасы. Сем’і раскулачаных сялян вывозілі ў паўночныя раёны Расіі, на Урал, у Казахстан, або пасялялі на спецыяльна выдзеленых тэрыторыях пад адміністрацыйным наглядам у якасці спецпасяленцаў. Частка раскулачаных сялян, перш за ўсё актыўныя праціўнікі калектывізацыі, былі зняволены і накіраваны ў лагеры ГУЛАГ або расстраляны. Пераважная большасць сялянства адмоўна ставілася да масавай калектывізацыі, што прыводзіла да развіцця сялянскага руху. За зіму 1929-1930 г. адбылося 520 узброеных выступленняў сялян, якія былі падаўлены ўладамі. У той жа час частка бяднейшага сялянства падтрымлівала калектывізацыю пад уплывам агітацыі бальшавікоў і спадзяванняў на атрыманне долі падчас падзелу маёмасці “кулакоў”. Усеагульная калектывізацыя прынесла наступныя вынікі: - да 1939 г. было створана звыш 10 тыс. калгасаў, у якія было ўключана звыш 90% сялянскіх гаспадарак; у карыстанні калгасаў знаходзілася каля 96% пасяўных плошчаў; - на працягу 1930-х гг. было раскулачана каля 10-15% сялянскіх гаспадарак; каля 600-700 тыс. чалавек былі вывезены за межы БССР; - былі ўведзены абавязковыя пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з боку калгасаў па цэнах, ніжэйшых ў 10-12 разоў за рыначныя, у выніку чаго дзяржава атрымлівала значныя сродкі для паскоранай індустрыялізацыі; - паскараецца працэс перасялення працоўных з вёскі ў горад; былыя сяляне, якія не жадалі ўваходзіць у калгасы, папаўняюць шэрагі рабочага класа ў прамысловасці; - некалькі паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі; цэнтрамі канцэнтрацыі новай тэхнікі становяцца дзяржаўныя машынна-трактарныя станцыі (на 1940 г. ва ўсходняй частцы БССР іх налічвалася 236 з трактарным паркам да 9,7 тыс. машын); аднак у цэлым тэхнічны ўзровень сельскай гаспадаркі заставаўся невысокі; - узровень сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым заставаўся на ўзроўні да правядзення калектывізацыі, а ў некаторых яе галінах нават назіраецца заняпад (гэта тлумачыцца цяжкім эканамічным становішчам калгасаў, адсутнасцю у калгаснікаў стымулаў да працы). На працягу 1930-х гг. адбылася уніфікацыя ўнутранай структуры калгасаў. У калгасным карыстанні захоўваліся большая частка калектывізаванай зямельнай плошчы, працоўнай жывёлы, асноўныя прылады працы. У карыстанні індывідуальных гаспадарак калгаснікаў заставаліся сядзібы з невялікімі зямельнымі надзеламі, частка жывёлы, некаторыя прылады працы. Кіраўніцтва калгасаў прызначалася партыйнымі і дзяржаўнымі органамі ўлады і пільна кантралявалася з іх боку. Умовы працы калгаснікаў былі цяжкімі. Аплата працы была нізкай (у сярэднім у 3 разы ніжэй, чым у прамысловасці), у многіх калгасах яна мела натуральны або паўнатуральны характар; адсутнічалі абмежаванні працоўнага дня, аплочваемыя водпускі, сацыяльнае страхаванне, пенсіі для састарэлых. Асноўнай крыніцай для існавання калгаснага насельніцтва з’яўляліся прысядзібныя гаспадаркі, хаця іх прадукцыя таксама ўключалася ў планы абавязковых дзяржаўных паставак. У выніку дзяржаўных рэквізіцый сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1932-1933 гг. у многіх рэгіёнах СССР, асабліва ва Ўкраіне, узнік голад, які закрануў таксама некаторыя паўднёвыя раёны БССР. З мэтай недапушчэння крадзяжоў дзяржаўнай і калгаснай маёмасці партыйна-дзяржаўныя ўлады ў 1932 г. прынялі пастанову, вядомую як “ закон пяці каласкоў ”. Яна прадугледжвала крымінальную адказнасць за крадзяжы ў любых памерах у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не ніжэй 10 гадоў або нават расстрэл. У БССР толькі ў 1933-1934 гг. паводле гэтай пастановы было асуджана каля 10 тыс. чалавек. Цяжкія ўмовы жыцця і працы ў калгасах вымушалі калгаснікаў накіроўвацца на працу ў прамысловасць, на будаўнічыя работы, лесараспрацоўкі. У той жа час улады імкнуліся не дапусціць бескантрольнага перамяшчэння рабочай сілы з вёскі ў гарады. З гэтай мэтай сялянам не выдаваліся пашпарты, што фактычна азначала пазбаўленне іх грамадзянскіх правоў. Выхад з калгасаў былі магчымы толькі паводле спецыяльнага дазволу адпаведных улад. Такім чынам, у выніку усеагульнай калектывізацыі 1930-х гг, якая ажыцяўлялася прымысовымі метадамі, была ліквідавана маса дробных сялянскіх гаспадарак, на месцы якіх сфарміраваліся буйныя адзяржаўленыя аграрныя гаспадаркі. Сельская гаспадарка была ўключана ў камандна-адміністрацыйную сістэму кіравання эканомікай; яе рэсурсы выкарыстоўваліся пераважна для ажыццяўлення індустрыялізацыі.
19.3. Усталяванне таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР. Аднапартыйная сістэма ў БССР усталявалася пасля разгрому асноўных небальшавіцкіх сіл на пачатку 1920-х гг. У 1923 г. савецкія улады абвесцілі амністыю дзеячам антысавецкіх рухаў і арганізацый, многія з якіх занялі пачэсныя пасады ў сферы навукі і культуры БССР. Аднак у 1930-я гг. адбылася эвалюцыя аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў СССР і БССР да таталітарнага. Адметнай рысай таталітарызму з’яўляецца жорсткі дзяржаўны кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства. У СССР таталітарны рэжым атрымаў у гістарычнай і палітычнай літаратуры назву сталінізму, паколькі фарміраванне рэжыму суправаджалася ўстанаўленнем асабістай дыктатуры і культу асобы І. Сталіна. Фармальна ў СССР і БССР дэклараваліся дэмакратычныя прынцыпы грамадска-палітычнага жыцця. У 1936 г. была прынята новая Канстытуцыя СССР, а ў 1937 г. у адпаведнасці з ёй новая Канстытуцыя БССР. Згодна з ёй, вышэйшым органам дзяржаўнай улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет БССР, які выбіраўся на 4 гады. Ён фарміраваў урад – СНК БССР. Усе вышэйшыя і мясцовыя органы ўлады ствараліся на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Былі адменены выбарчыя абмежаванні для пэўных катэгорый насельніцтва. У канстытуцыі дэклараваліся шматлікія грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды, якія не выконваліся ў рэальным жыцці. У 1930-я гг. была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой замест акруг у БССР ствараліся вобласці, што адлюстравала тэндэнцыю да ўніфікацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў межах СССР. Характэрнымі з’явамі, якія адлюстроўвалі фарміраванне таталітарызму ў грамадска-палітычнай сістэме БССР, як і ў цэлым у СССР, з’яўляюцца: 1) Зрошчванне партыйнага і дзяржаўнага апарату кіравання. На ўсіх узроўнях цэнтральнага і мясцовага кіравання дзейнасць дзяржаўнай адміністрацыі рэгулявалася і кантралявалася камітэтамі бальшавіцкай партыі. Фарміраванне Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў адбывалася на аснове безальтэрнатыўных выбараў; кандыдаты загадзя вызначаліся адпаведнымі партыйна-дзяржаўнымі органамі ўлады. 2) Пераўтварэнне ВКП(б)-КП(б)Б з палітычнай партыі ў масавую структуру, для кіраўніцтва якой стваралася вялікая бюракратычная іерархія, падначаленная непасрэдна І.Сталіну. У дадзеных умовах прыналежнасць да партыі з’яўлялася абавязковым атрыбутам дзяржаўнай кар’еры і крыніцай атрымання сацыяльных прывілеяў. З мэтай умацавання партыйнага адзінства перыядычна праводзіліся “чысткі” шэрагаў партыі. Выключаліся “старыя” бальшавікі і былыя дзеячы іншых рэвалюцыйных арганізацый, якія маглі стварыць ідэйную апазіцыю ўладзе, а моладзь, якая прыходзіла на іх месца, была асабіста ўдзячная за сваю кар’еру, пазбаўленая палітычнай волі і сувязяў. Самая вялікая хваля чыстак КП(б)Б адбылася ў 1933 – 1937 гг., калі колькасць камуністаў у БССР скарацілася з 65 тыс. да 24,5 тыс., але ўжо ў 1941 г. у шэрагах КП(б)Б знаходзілася звыш 72 тыс. чалавек. 3) Фарміраванне і развіццё масавых дзяржаўных грамадскіх арганізацый, якія ахоплівалі практычна ўсё насельніцтва: прафсаюзы, камсамол, абаронныя таварыствы і г.д. Іх дзейнасць строга кантралявалася і рэгламентавалася з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады; структура будавалася на ўзор ВКП(б)-КП(б)Б. Галоўнай задачай гэтых арганізацый было забеспячэнне кантролю над рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва (ідэалагічная апрацоўка, стварэнне атмасферы ўсеагульнай падазронасці). 4) Згортванне палітыкі беларусізацыі. Адлюстраваннем гэтага стала правядзенне працэсу па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызвалення Беларусі” (1930-1931), у ходзе якога былі асуджаны вядучыя дзеячы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі (В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч, Я. Лёсік і інш.), абвінавачаныя ў імкненні да звяржэння савецкага ладу. Далейшым вынікам сталі рэпрэсіі 1930-х гг., накіраваныя супраць беларускай інтэлігенцыі і часткі партыйна-дзяржаўных дзеячаў, якія праводзілі палітыку беларусізацыі, пад лозунгам барацьбы з т.зв. “ нацыянал-дэмакратызмам ”. У 1933 г. была праведзена рэформа правапісу беларускай мовы, якая наблізіла яе нормы да рускай мовы. Пануючы статус беларускай мовы ў афіцыйным справовдстве, друку, сферы адукацыі ў 1930-я гг. яшчэ захоўваўся, аднак, пераважнай становіцца тэндэнцыя павольнай русіфікацыі адміністрацыйнай і адукацыйнай сістэмы. 5) Культ асобы І. Сталіна, звязаны з гіпербалічным ухваленнем яго дзейнасці ў афіцыйнай прапагандзе і недапушчэнні крытыкі ў яго адрас. 6) Масавыя рэпрэсіі ў адносінах прадстаўнікоў розных сацыяльных груп насельніцтва, уключаючы прадстаўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату, западозраных у нелаяльнасці да існуючага рэжыму. Ажыццяўленне рэпрэсій ускладалася на спецыяльныя карныя органы, назва якіх некалькі разоў змянялася: ЧК, ОГПУ, НКВД. Ахвярамі рэпрэсій станавіліся ў першую чаргу прадстаўнікі былых пануючых сацыяльных груп (дваранства, буржуазіі), сяляне, якія супраціўляліся ўваходжанню з калгасы, інжынерна-тэхнічныя кадры, інтэлігенцыя, духавенства розных канфесій. Пасля 1934 г. следства па палітычных справах спрашчалася і перадавалася нарадам з 3-5 асоб мясцовых кіраўнікоў партыі і НКВД. “Тройкі” без прысутнасці абвінавачаных завочна выносілі прысуды, уключаючы смяротныя. Найбольш масавы характар рэпрэсіі набылі ў 1937-1938 гг. У гэтыя гады былі рэпрэсіраваны большасць кіраўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату БССР, шматлікія кіраўнікі гаспадарчых і грамадскіх арганізацый, вышэйшыя ваенныя кадры, вядомыя навукоўцы і дзеячы культуры. Для абгрунтавання рэпрэсій НКВД праводзілася фабрыкаванне спраў розных “шпіёнска-дыверсійных”, “тэрарыстычных”, “шкодніцкіх” арганізацый, якія нібыта імкнуліся да звяржэння існуючага ладу і супрацоўнічалі з разведкамі замежных дзяржаў. Сярод іх справы “Саюза вызвалення Беларусі”, “Працоўнай сялянскай партыі”, беларускага філіяла “Прампартыі”, беларускага філіяла “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)”, “Аб’яднанага антысавецкага падполля”, “Беларускай аўтакефальнай царквы”, “Беларускага нацыянальнага цэнтра” і інш. Усяго ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у 1920-1950-я гг. стала каля 600 тыс. чалавек. Большасць рэпрэсіраваных накіроўваліся ў лагеры ГУЛАГ; значная частка была пакарана смерцю: толькі на працягу другой паловы 1930-х гг. было расстраляна каля 30 тыс. чалавек. Галоўнымі мэтамі палітычных рэпрэсій з’яўляліся папярэджанне і знішчэнне магчымага супраціўлення таталітарнаму рэжыму, забеспячэнне таннай паднявольнай працоўнай сілай буйных будоўляў індустрыялізацыі. Такім чынам, на працягу 1930-х гг. на тэрыторыі БССР сфарміраваўся сталінісцкі таталітарны рэжым. Стварэнне строга цэнтралізаванай іерархічнай партыйна-дзяржаўнай сістэмы ўлады, а таксама масавыя рэпрэсіі абумовілі стабільнасць дадзенага рэжыму і немагчымасць існавання істотнага антыўрадавага руху.
Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.004 сек.) |