|
|||||||||||||||||||||||||
АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция |
Урокі пазакласнага чытання, іх змест і методыка правядзенняНа правядзенне ўрокаў пазакласнага чытання адводзіцца пэўная колькасць гадзін. Гэтыя заняткі маюць сваю адметнасць і спецыфіку, і пры дакладнай арганізацыі гэтыя нешматлікія ўрокі здольны зрабіць многае. Творы для пазакласнага чытання вызначаны праграмай, аднак настаўнік мае права пашырыць гэты спіс, улічваючы здольнасці і інтарэсы сваіх выхаванцаў. Урокі плануюцца на ўвесь навучальны год. Існуюць розныя падыходы да размеркавання ўрокаў пазакласнага чытання: яны могуць далучацца да ўрокаў асноўнага курса літаратуры, могуць быць прысвечаны асобным тэмам. Урокі пазакласнага чытання ў сярэдніх класах маюць на мэце пашырыць уяўленні школьнікаў пра пісьменнікаў, з творчасцю якіх яны знаёмяцца ў асноўным курсе літаратуры. Часам настаўнікі плануюць урокі пазакласнага чытання адносна з жанрамі твораў, якія вывучаюцца непасрэдна на ўроках літаратуры: народныя казкі, літаратурныя казкі, паэмы, апавяданні і г.д. вызначаны парадак таксама мае права на існаванне, паколькі культура чытання прадугледжвае ўменне ўспрымаць творы пэўнага роду і віду. Мэтазгодна пры планаванні ўрокаў пазакласнага чытання аб'ядноўваць розныя падыходы, маючы на ўвазе тое, што яны павінны адкрываць школьнікам прастору для чытацкай дзейнасці: новыя, яшчэ зусім незнаёмыя бакі дзейнасці пісьменніка, жанравыя формы, стылі. Такім чынам, пры правядзенні ўрокаў пазакласнага чытання настаўніку варта памятаць наступнае: § тэму ўрока пазакласнага чытання, яго змест вызначае сам настаўнік, арыентуючыся на спіс твораў, прапанаваных праграмай, і на з'яўленне цікавых выданняў у друку і сучасную перыёдыку; § творы, вынесеныя на абмеркаванне, разглядаюцца без асаблівай дэталізацыі; настаўнік прагназуе, што можа быць найбольш складаным для ўспрымання вучняў і як падвесці іх да неабходных вывадаў; § па форме правядзення ўрокі пазакласнага чытання павінны быць больш яркія, арыгінальныя, запамінальныя, абсталяваныя цікавай і пазнавальнай нагляднасцю.
На ўроках пазакласнага чытання настаўнік мае магчымасць выкарыстоўваць самыя розныя метады і прыёмы працы: гутарка (праблемная, вольная, з элементамі дыскусіі), семінары, канферэнцыі, лекцыі, віктарыны, конкурсы, турніры і інш. У залежнасці ад абраных настаўнікам метадаў і прыёмаў працы, вызначаюцца віды ўрокаў пазакласнага чытання: урок-лекцыя, урок-гутарка, урок-прэзентацыя, урок-семінар, урок-кансультацыя, урок-конкурс, урок-гульня. Напрыклад, урок-кансультацыя ў дзевятым класе па тэме “Адам Міцкевіч і Беларусь” плануецца напярэдадні абагульняючага ўрока-семінара па дадзенай тэме, які сістэматызуе веды школьнікаў па творчасці Адама Міцкевіча і мае на мэце падрыхтаваць вучняў да ўрока-семінара, прапанаваць ім тэмы і формы работы, даць неабходныя кансультацыі і тлумачэнні, спіс даведачнай і крытычнай літаратуры.
Урокі-кансультацыі ў межах урокаў пазакласнага чытання арыентаваны на навукова-пошукавую дзейнасць, іх змест складаюць тэмы, заданні і пытанні, якія прадугледжваюць самастойную працу вучняў падчас падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў. Пры правядзенні такіх урокаў настаўніку мэтазгодна прытрымлівацца наступнай схемы: - вучням даецца заданне для самастойнай працы; - указваюцца спосабы і прыёмы выканання; - прапаноўваецца ўзор такой працы; - на ўроках-кансультацыях замацоўваецца авалоданне вучнямі ўжо вядомым матэрыялам, спосабамі і прыёмамі працы. Каб праца на ўроках пазакласнага чытання была эфектыўнай, настаўніку неабходна ведаць чытацкая схільнасці, інтарэсы сваіх навучэнцаў, узровень іх начытанасці. Выявіць гэта дапамогуць невялікія сачыненні, водгукі, эсэ (“Мой любімы пісьменнік”, “Самы любімы твор літаратуры”, “Мае меркаванні пра кнігу...”), а таксама дзённікі чытачоў і анкеты, якія настаўніку пажадана правесці з мэтай атрымання інфармацыі пра чытацкія густы і прыхільнасці. Літаратурнае краязнаўства ў школе як культуралагічная праблема. Літаратурнае краязнаўства займае асаблівае месца ў сістэме пазакласнай працы – гэта форма актыўнага дзейснага пазнання Радзімы, яе гісторыі, культуры. Даць вучням грунтоўнае ўяўленне пра літаратуру роднага краю немагчыма толькі на ўроках, зрабіць гэта неабходна шляхам арганізацыі пазакласнай краязнаўчай працы. Змест яе можа быць самы розны: запіс вуснай народнай творчасці, чытанне і аналіз кніг пра родны край, абмеркаванне іх на вучнёўскіх канферэнцыях, перапіска з пісьменнікамі, арганізацыя сустрэч з імі, літаратурна-краязнаўчыя вечарыны і ранішнікі, наведванне літаратурных і краязнаўчых музеяў, паходы па літаратурных мясцінах і інш. Краязнаўчая праца – гэта не толькі экскурсіі, паходы, літаратурныя святы – гэта даследча-пошукавая праца. Вучні самастойна працуюць з тэкстамі мастацкай, мемуарнай і крытычнай літаратуры, збіраюць факты, рыхтуюцца да вуснага або пісьмовага даклада ці выступлення і інш. Заданні для краязнаўцаў павінны быць канкрэтнымі, цікавымі, пасільнымі для іх узросту: назапашванне матэрыялу пра пісьменніка-земляка, прататыпаў яго твораў, апісанне мясцовасці, прыгажосці роднай прыроды і г.д.
Краязнаўчая праца разнастайна не толькі па змесце, але і па форме: - лекцыі настаўніка (уступныя, з элементамі гутаркі, дыскусіі, праблемныя); - абарона вучнёўскіх дакладаў, творчых справаздач, рэфератаў, даследчых прац; - чытанне і аналіз мастацкіх твораў, праца з літаратуразнаўчымі крыніцамі, мемуарамі, перыёдыкай; - канферэнцыя чытачоў; - семінары, дыспуты, дыскусіі; - дэкламацыя вершаў, развучванне песень, інсцэніроўка; - дэманстрацыя мастацкіх і вучэбных кінафільмаў; - перапіска і сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі; - наведванне літаратурных і краязнаўчых музеяў; - экскурсіі і паходы па літаратурных мясцінах роднага краю; - арганізацыя літаратурна-краязнаўчых святаў; - выпуск насценных газет, буклетаў,альманахаў, часопісаў; - афармленне школьных музеяў, літаратурных куткоў. Поспех літаратурна-краязнаўчай працы ў значнай ступені залежыць ад настаўніка-кіраўніка, які сам павінен добра ведаць літаратурныя мясціны свайго краю, творчасць пісьменнікаў-землякоў. Настаўнік-кіраўнік разам са школьнікамі складаюць спіс літаратуры пра пісьменнікаў-землякоў, сістэматычна дапаўняюць яго, збіраюць фатаграфіі і малюнкі, пішуць даклады, дарожныя допісы, эсэ, нататкі, наведваюць музеі, ідуць у паход – толькі пры такой сумеснай працы настаўнік зможа дапамагчы вучням вызначыць межы паняцця “родны край”, навучыць любіць яго і ганарыцца ім. Добра арганізаваная краязнаўчая праца заўсёды дае плённыя вынікі: вершы, апавяданні, водгукі, сачыненні, доследы, што дапамагае ў фарміраванні самасвядомасці вучняў, у знаходжанні пазіцыі сапраўднага грамадзяніна, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны. Экскурсіі (паходы) і экспедыцыі задавальняюць патрэбу вучняў у здаровым актыўным адпачынку, адкрываюць перспектыву самім пазнаваць свет, атрымліваць новыя веды і ўражанні, даюць магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з тым асяроддзем, сустрэцца з тымі людзьмі, якія з’явіліся прадметам мастацкага асэнсавання ў творах пісьменнікаў. Паміж экскурсіяй і паходам істотнай розніцы няма: гэта падарожжы з асветнымі, адукацыйна-выхаваўчымі мэтамі. Калі маюцца на ўвазе мнагадзённыя экскурсіі і паходы, то першыя з іх транспартныя, а другія — пешыя. Акрамя таго, у паходах вырашаюцца і задачы аздараўлення школьнікаў, актыўнага адпачынку. Арганізацыя экскурсіі (паходу) уключае ў сябе тры этапы: падрыхтоўку (знаёмства з тэхнікай бяспекі, арганізацыяй побыту ў час паходу, вывучэнне той літаратурнай праблемы, якой прысвячаецца паход, вызначэнне мэт экскурсіі (паходу). распрацоўка маршруту і карты-схема экскурсіі (паходу), у якіх вызначаюцца аб’екты агляду і паслядоўнасць іх наведвання, калі настаўнік ніколі не праводзіў экскурсіі па пэўным маршруце, то перад тым як весці вучняў павінен прайсці па ім сам, выбар экскурсавода – настаўнік, хто-небудзь з вучняў ці прафесійны экскурсавод), правядзенне экскурсіі і падвядзенне вынікаў. Істотна адрозніваюцца ад экскурсій і паходаў экспедыцыі, якія характарызуюцца праблемнай і даследчай накіраванасцю. У час іх правядзення запісваюцца творы вуснай народнай творчасці, беларускія імёны, назвы паселішчаў, вадаёмаў, урочышчаў, лясных масіваў, ваколіц і г.д., наладжваюцца пошукі нявыяўленых рукапісаў, удакладняюцца літаратурныя мясціны і г.д. Сваю спецыфіку мае падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў экспедыцыі: вызначэнне мэты экспедыцыі (калі школьнікі будуць запісваць творы фальклору, то трэба ведаць яго асноўныя жанры, спецыфіку кожнага з іх, засвоіць, як пашпартызуюцца запісы народных твораў; калі вучні будуць збіраць успаміны родных, сяброў, настаўнікаў або аднавяскоўцаў пісьменніка, то трэба, каб яны пазнаёміліся з тымі матэрыяламі, якія ўжо ёсць у друкаваных крыніцах). Каб экскурсія (паход), экспедыцыя атрымаліся завершанымі, патрэбна абавязкова падвесці вынікі (падагульняльная гутарка, у час якой выяўляецца, што новае адкрылі для сябе вучні, якія ў іх засталіся ўражанні, абмяркоўваецца, што можна было б зрабіць інакш, каб падарожжа мела большы эфект; пісьмова — у форме замалёўкі, нарыса і г.д.; бюлетэнь, фотавыстаўка; правядзенне падагульняльных вечарын; выстава найбольш арыгінальных знаходак, турысцкіх газет, фотарэпартажаў). Карты, стэнды, выставы. Літаратурная геаграфія краю, сувязь пісьменніка з тым або іншым рэгіёнам можа быць паказана на краязнаўчай карце, якую вучні афармляюць пад кіраўніцтвам настаўніка. Яна дае агульнае ўяўленне пра літаратурныя мясціны вобласці або раёна. На карце абазначаюцца мясціны, звязаныя з імем таго ці іншага пісьменніка, пры дапамозе ўмоўных абазначэнняў ці фотаздымкаў мастакоў слова. Калі перавага аддаецца фотаздымкам, карта атрымліваецца больш нагляднай і вучні лягчэй запамінаюць, дзе і які пісьменнік бываў. Сувязь пісьменнікаў з пэўным краем больш шырока і глыбока можна паказаць на стэндзе ці выставе. Гэта аператыўныя формы пазакласнай краязнаўчай працы, якія выкарыстоўваюцца галоўным чынам для папулярызацыі літаратурных і культурных традыцый рэгіёна, для прапаганды твораў пра тую мясцовасць, дзе жывуць і вучацца дзеці, пра іх выдатных землякоў. Стэнды звычайна прысвячаюцца пісьменніку — ураджэнцу вобласці ці раёна, групе пісьменнікаў аднаго ці розных пакаленняў, літаратурнаму жыццю краю ў цэлым. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры кожнай школы час ад часу варта арганізоўваць краязнаўчыя выставы. Пажадана, напрыклад, каб да юбілею пісьменніка-земляка была разгорнута прысвечаная яму кніжная выстава. Яна можа складацца з некалькіх раздзелаў, у першым з якіх паказваюцца творы юбіляра, у другім — даследаванні пра яго, а ў трэцім – вучнёўскія творчыя працы пра знакамітага земляка. Часам побач з кніжнай выставай можа дзейнічаць і такая, на якой сабраны партрэты пісьменніка розных перыядаў яго жыцця, а таксама літаратурнага акружэння, ілюстрацыі да кніг, кадры з фільмаў, сцэны са спектакляў па творах юбіляра, ноты песень, опер, араторый, кантат на яго словы. Пажадана, каб на такой выставе было адведзена месца і творчым працам школьнікаў У наш час, калі грамадства нарэшце прыйшло да ўсведамлення неабходнасці ведаць свае вытокі, нацыянальныя традыцыі, народную культуру, некаторыя настаўнікі пачалі ствараць этнаграфічныя выставы. Куткі, музеі. Вялікі вучэбна-выхаваўчы патэнцыял мае дзейнасць школьнікаў па арганізацыі літаратурна-краязнаўчых куткоў ці музеяў, якія належаць да сінтэтычных формаў пазакласных заняткаў па літаратуры. Далучаныя да музейнай справы, падлеткі шмат працуюць з кніжнымі крыніцамі: чытаюць і перачытваюць мастацкія творы, навуковыя даследаванні, лісты, дзённікі пісьменнікаў, звязаных з родным краем, сустракаюцца з даследчыкамі, краязнаўцамі-аматарамі, працуюць у архівах, вядуць перапіску з літаратурнымі музеямі рэспублікі і краіны, з пісьменнікамі, мастакамі, скульптарамі, з роднымі і блізкімі тых аўтараў, якія ўваходзяць у экспазіцыю. Пошукі экспанатаў патрабуюць арганізацыі экспедыцый. Актыў музея з’яўляецца і зацікаўленым прапагандыстам літаратурных і культурных традыцый краю. У літаратурна-краязнаўчых музеях збіраюцца, зберагаюцца і экспануюцца матэрыялы пра пісьменнікаў, звязаных з той мясцовасцю, дзе жывуць і вучацца дзеці. Школьныя краязнаўчыя музеі могуць адлюстроўваць у сваіх экспазіцыях розныя аспекты літаратурных і культурных традыцый краю. У гісторыка-літаратурных музеях паказваюцца асноўныя перыяды развіцця літаратуры свайго краю. Манаграфічныя гісторыка-літаратурныя музеі адлюстроўваюць жыццё і творчасць выдатных пісьменнікаў. У школах рэспублікі працуюць музеі, якія знаёмяць з жыццём усіх пісьменнікаў краю. Можна вылучыць комплексныя музеі, якія зберагаюць і экспануюць дакументы і матэрыялы не толькі пра пісьменнікаў, але і пра жывапісцаў, грамадскіх дзеячаў, прадметы народнага прыкладнога мастацтва. Дзейнічаюць у школах Беларусі і літаратурна-мемарыяльныя музеі і куткі. Яны створаны ў вёсках, гарадах, дзе нарадзіліся, жылі і працавалі пісьменнікі, і размяшчаюцца ў будынках, якія звязаны з іх імёнамі. Аснова музея — яго фонд. З пошукаў экспанатаў фактычна і пачынаецца яго стварэнне. Фондам музея з’яўляецца ўвесь матэрыял, які знаходзіцца ў экспазіцыі і ў запасніках. У залежнасці ад навуковай і мастацкай значнасці музейны фонд падзяляецца на асноўны і навукова-дапаможны. У першы ўваходзяць дакументальныя крыніцы, якія характарызуюць жыццё і творчасць пісьменніка, літаратуразнаўцы, жывапісц і інш. (рукапісы твораў, лістоў, дзённікаў, запісных кніжак і г д.); арыгінальныя творы жывапісу; фотакарткі, зробленыя з арыгінальных негатываў, іншыя фотаздымкі з аўтографамі пісьменнікаў і іншых выдатных дзеячаў культуры; скульптурныя творы, мэбля, прылады працы, творы прыкладнога мастацтва, плакаты, афішы. У асноўны фонд заносяцца таксама прыжыццёвыя выданні твораў пісьменнікаў мінулых эпох, кнігі з аўтографамі, газеты з першымі публікацыямі твораў мастакоў слова дарэвалюцыйнага, савецкага часу 20-40-х гг. Навукова-дапаможны фонд складаюць усе копіі з арыгіналаў, схемы, макеты, рэпрадукцыі карцін, вучнёўскія рэфераты, альманахі, альбомы. Для захоўвання каштоўных прадметаў трэба мець спецыяльнае сховішча, абавязкова трэба прызначаць адказнага за іх зберажэнне. Усе прадметы, якія паступаюць у музей, дэталёва апісваюцца (паходжанне, сувязь з гістарычнымі падзеямі, памятнымі мясцінамі, выдатнымі асобамі і г.д.). Пры распрацоўцы экспазіцыі ўлічваюцца від музея і інтарэсы яго наведвальнікаў. Адзін з этапаў працы па афармленні музея — стварэнне тэматычна-экспазіцыйнага плана. Вызначаецца, якія экспанаты будуць выстаўлены для агляду і якія подпісы да іх варта зрабіць. Тэксты не павінны быць доўгімі. Лепш за ўсё, каб гэта былі словы пісьменніка: вытрымкі з аўтабіяграфіі, з яго твораў, лістоў і г.д., а таксама аўтарытэтных літаратараў, культурных і грамадскіх дзеячаў. Матэрыялы на стэндах пажадана размяшчаць на адлегласці не ніжэй як 80 см ад падлогі і не вышэй як 200 см. Экспанаты выстаўляюцца з этыкеткамі. На іх пазначаецца назва экспаната, звесткі, кім, дзе і калі ён быў створаны, адзначаецца тэхніка выканання. Рыхтуючы этыкетку на кнігу, трэба запісаць год першага выдання яе, назваць мастака, які яе афармляў (калі вокладка маляўнічая). Тыя звесткі, якія змяшчаюцца на вокладцы, на этыкетку не пераносяцца. Пры экспанаванні раскрытай кнігі або часопіса трэба змясціць іх выпускныя звесткі. Пры музеі можна арганізаваць некалькі секцый — літаратурна-асветную, літаратурна-пошукавую, экспазіцыі і інш. Літаратурна-асветная секцыя наладжвае чытанні па тэматыцы музея, сустрэчы з пісьменнікамі, дзеячамі культуры і навукі, праводзіць экскурсіі, выступае з прапагандай літаратурных і культурных традыцый краю сярод вучняў школы і мікрараёна, рыхтуе разнастайныя конкурсы па краязнаўчай тэматыцы і інш. Члены літаратурна-пошукавай секцыі займаюцца папаўненнем асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў музея і з гэтай мэтай арганізоўваюць экспедыцыі. Асаблівы клопат тых, хто працуе ў такой секцыі, — апісанне паступіўшых экспанатаў, вырашэнне праблемных пытанняў. Секцыя экспазіцыі адказвае за абнаўленне асобных раздзелаў музея і адкрыццё новых, арганізуе знаёмства наведвальнікаў з матэрыяламі, якія захоўваюцца ў запасніках, але па той ці іншай прычыне не выстаўлены ў асноўнай экспазіцыі. 15. ФАКУЛЬТАТЫЎНЫЯ ЗАНЯТКІ ПА ЛІТАРАТУРЫ: МЭТА, СТРУКТУРА, ФОРМЫ НАВУЧАННЯ. Сучасная метадычная навука разглядае факультатыўныя заняткі як эфектыўныя сродкі павышэння якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу (развіцця індывідуальных схільнасцей і здольнасцей, аналітычных уменняў вучняў, абуджэння іх цікавасці да пэўных відаў практычнай дзейнасці, усвядомленага выбару будучай прафесіі). З аднаго боку, факультатыўныя заняткі – заканамерны працяг і развіццё асноўнага школьнага курса літаратуры: «Беларускі фальклор» («Беларускі фальклор: апавядальныя жанры» (V клас), «Беларускі фальклор: каляндарна-абрадавая паэзія» (VI клас), «Беларускі фальклор: сямейна-абрадавая паэзія» (VII клас). З другога боку, яны ўключаюць і зусім новыя тэмы, якія садзейнічаюць фарміраванню вучнёўскіх уяўленняў аб напрамках будучай прафесійнай сама рэалізацыі і сувязях паміж прадметамі канкрэтных прафесіях: «Выразнае чытанне» («Выразнае чытанне» (VІ клас) «Выразнае чытанне і пераказ» (VІІ клас), «Выразнае чытанне і мастацкае расказванне» (VIІI клас); «Вытокі тэатральнага мастацтва» (V клас), «Асновы тэатральнай культуры» (VІ клас), «Беларуская літаратура і тэатр» (VIІ клас), «Тэатры Беларусі» (VIІІ клас); «Юны карэспандэнт» (VIІІ клас). Па сваіх мэтах, арганізацыйна-метадычнай і педагагічнай структуры факультатыўныя заняткі збліжаюцца з вучэбнымі заняткамі. Яны ўключаюцца ў расклад урокаў, усе віды ўдзелу ў іх вучняў фіксуюцца настаўнікам, вядзецца журнал уліку наведвання, даецца ацэнка работы ўдзельнікаў, у атэстаце адзначаецца, які факультатыўны курс праслуханы. Вучні запісваюцца на факультатыўныя заняткі па жаданні, але наведванне з’яўляецца для іх абавязковым. Члены факультатыву ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні канферэнцый, літаратурных вечароў, што збліжае такія заняткі з пазакласнай работай па прадмеце. Складаная і адказная роля настаўніка — кіраўніка факультатыву — абудзіць цікавасць вучняў да наведвання заняткаў, падабраць заданні ў адпаведнасці з індывідуальнымі схільнасцямі і густамі вучняў, параіць літаратуру, дапамагчы школьнікам ад эмацыянальных уражанняў перайсці да вывадаў і абагульненняў, забяспечыць трывалую цікавасць да работы на ўвесь перыяд дзейнасці факультатыву. Жыццяздольнасць факультатыўных заняткаў абумоўлена стабільнасцю складу ўдзельнікаў, іх псіхалагічнай падрыхтаванасцю, агульнакультурным узроўнем, што забяспечваецца сістэмай дзейнасці настаўніка на ўроках, актывізацыяй розных формаў пазакласнай работы, стварэннем у класе атмасферы мастацкай і літаратуразнаўчай цікавасці. Методыка правядзення факультатыўных заняткаў у V – VIII класах агульнаадукацыйнай школы накіравана на абуджэнне і фарміраванне цікавасці, захопленасці мастацтвам, на выхаванне мастацкага густу і развіццё творчых здольнасцей, асабліва літаратурных, яны разлічаны на 18 гадзін. Тут выкарыстоўваюцца розныя віды чытання, праблемныя пытанні і заданні, міні-даследаванні, гульнёвыя сітуацыі. Выбар таго ці іншага факультатыву дыктуецца не толькі інтарэсамі і пажаданнямі вучняў, але і падрыхтаванасцю самога настаўніка, наяўнасцю адпаведнай літаратуры, дапаможнікаў і г.д. Рэалізацыя факультатыўных заняткаў у ІХ – ХІ класах мае на мэце падрыхтоўку вучня да сітуацыі выбару напрамку далейшай адукацыі. Іх правядзенне вымушае выкарыстанне настаўнікам наступных патэнцыйных магчымасцяў павышэння ступені гатоўнасці вучняў да самаадукацыйнай дзейнасці: самастойнае вывучэнне асноўнай і дадатковай вучэбнай літаратуры, а таксама іншых крыніц інфармацыі, спалучэнне аглядных лекцый з семінарамі, дыскусіямі, творчымі сустрэчамі, інфармацыйная падтрымка адукацыйнай дзейнасці вучня з дапамогай навучальных відэафільмаў, электронных тэкстаў, тэлекамунікацыйных сродкаў, правядзенне творчых конкурсаў, публічных абарон праектаў, эўрыстычных кантрольных прац; уключэнне ў навучальную дзейнасць экскурсій на прадпрыемствы і спецыялізаваныя выставы і інш. Факультатыўныя заняткі могуць завяршацца як іспытамі, так і абаронай выкананага праектнага або даследчага задання, асноўная іх функцыя курсаў– прафарыентацыйная. У гэтай сувязі пералік такіх курсаў павінен быць па магчымасці значным, шырокім і варыятыўным. Яны павінны насіць працяглы (35 гадзіны на год) характар, з’яўляцца свайго роду навучальнымі модулямі. Для вывучэння факультатыўных заняткаў ствараюцца групы вучняў, аб’яднаных па інтарэсах, як з аднаго, так і з розных класаў (пры наяўнасці не меней трох вучняў). Фвкультатыўныя заняткі ў старшых класах павінны быць прысвечаны не толькі пашырэнню і паглыбленню асноўнага курсу, але і праблемам сусветнага літаратурнага працэсу, літаратурам суседніх народаў, узаемадзеянню літаратуры і іншых відаў мастацтва, тэарэтычным праблемам (роды і жанры літаратуры, мастацкі напрамак і інш.). 3 асноўныя групы: Поиск по сайту: |
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.009 сек.) |